|
"МЫ НЕПЕРАМОЖНЫЯ, КАЛІ БУДЗЕМ РАЗАМ"
Падрыхтаваў
Уладзімір ДЗЮБА
10 гадоў « з лейкай і блакнотам » кожны з нас крочыў сваім шляхам. Мінаючы цэнзурныя пасткі, самавольства чыноўнікаў, арышты, суды, галадоўкі,, ссылкі на « хімію » . Але ўсе разам мы ішлі да свабоды. Не губляючы прафесійнай годнасці і веры, захаваўшы памяць пра Дзіму Завадскага і Вераніку Чаркасаву. Напярэдадні 10-годдзя ГА « Беларуская асацыяцыя журналістаў » мы гутарым з яе кіраўніком Жаннай Літвіной. 
Цырымонія ўручэння прэміі імя Сахарава "За свабоду думкі". Прэзідэнт Еўрапарламента Йозэп Борэл Фантэль віншуе Беларускую асацыяцыю журналістаў і Жанну Літвіну. Страсбург. 12 снежня 2004 г. — Дзесяць гадоў для жыцця чалавека — надта вялікі тэрмін. Для дзейнасці няўрадавай праваабарончай грамадскай арганізацыі, асабліва ў сённяшніх варунках, гэта таксама вельмі значны адрэзак часу. Хацелася б пачуць пра найбольш выбітныя, знакавыя падзеі ў жыцці незалежнай журналісцкай супольнасці.
— Ёсць такі выраз — год за тры. Як у паўночных рэгіёнах, у « гарачых » кропках... Думаю, мае калегі з поўным правам могуць сказаць, што мы святкуем не дзесяцігоддзе, а нават трыццацігоддзе нашай прафесійнай арганізацыі.
Узгадваю 1995 год. Гэта быў год вяртання палітычнай цэнзуры і пачатку дыскрымінацыі незалежнай прэсы. Стварэнне арганізацыі было прадыктаванае разуменнем таго, што трэба бараніць не толькі свае прафесійныя правы, але і канстытуцыйнае права грамадскасці на атрыманне ўсебаковай і праўдзівай інфармацыі.
Дзесяць гадоў таму спрагназаваць, што нас чакае наперадзе, было вельмі складана. Тады такіх жорсткіх механізмаў уплыву на дзейнасць рэдакцыйных калектываў яшчэ не было. Сёння ж мы бачым цэлы арсенал метадаў і прыёмаў удушэння свабоды слова, знішчэння нашай прафесіі.
Напярэдадні юбілею я ўсё часцей вярталася ў тыя часы, калі ўсё пачыналася. І нават для сябе са здзіўленнем адзначыла, што самай першай, можна сказаць, акцыяй БАЖа была заява ў кастрычніку 1995 года. Гэта была наша рэакцыя на адмову « Белсаюздруку » распаўсюджваць незалежныя газеты « Имя », «БДГ», « Народную волю » і на забарону гэтым выданням друкавацца ў Беларусі. Тады мы зрабілі першыя крокі па наладжванні міжнароднага супрацоўніцтва. Сёння нашы партнёрскія сувязі можна лічыць адной з самых яскравых старонак гісторыі Асацыяцыі. Таму што ўсе праблемы, звязаныя са свабодай слова, з існаваннем незалежнай прэсы, выйшлі за межы асобнай дзяржавы. Мы з'яўляемся аднадумцамі і знаходзім разуменне нашых праблем, спачуванне і дапамогу, у першую чаргу, з боку Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў, сябрамі якой мы з'яўляемся, і я гэтым шчыра ганаруся, « Артыкула – 19 » , « Рэпарцёраў без межаў » , Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, іншых арганізацый. Вельмі важна, што ў сённяшняй крызіснай сітуацыі мы не застаемся ў адзіноце.
А радасныя вехі... Іх можна ўзгадваць бясконца. Гэта арганізаваныя намі фестывалі незалежнай прэсы, калі мы збіраліся разам, падсумоўвалі зробленае, ладзілі выставы. Усё было проста шыкоўна.
Але ўжо два гады таму мы, на жаль, замест фестывалю, праводзілі Дзень закрытых газет .
— Тады прыехала багата журналістаў з далёкага і блізкага замежжа, сяброў грамадскіх арганізацый, маладзёжных суполак. Але, што называецца, патэнцыйных чытачоў было няшмат...
— Я лічу, што адна з праблем жыцця беларускага грамадства — гэта адсутнасць традыцый свабоды слова. На працягу дзесяці гадоў мы вучыліся гэтым традыцыям і даўно зразумелі, што такое стандарты журналісцкай дзейнасці, што такое правы грамадзянаў нашай краіны на атрыманне неадцэнзураванай інфармацыі. З гэтай прычыны мы ладзілі шматлікія міжнародныя канферэнцыі, дзе пра ўсё гаварылі адкрыта і разам шукалі выйсце са складанай сітуацыі.
— Апроч усяго, былі неаднаразовыя захады, каб знайсці паразуменне з афіцыйнымі ўладамі адносна заканадаўства ў сферы СМІ.
— У самым першым варыянце нашага Статута было адзначана, што адным з асноўных кірункаў дзейнасці арганізацыі з'яўляецца абарона юрыдычных, палітычных, сацыяльных, матэрыяльных правоў, свабодаў і інтарэсаў журналістаў і рэдакцыйных калектываў. Тады наша дзейнасць пачыналася з вельмі цеснага супрацоўніцтва з беларускімі парламентарыямі, мы разам імкнуліся зрабіць заканадаўства дасканалым . І нашы прапановы самым сур'ёзным чынам разглядаліся ў Вярхоўным Савеце. На жаль, зараз гэтага няма. Сёння я магу толькі засведчыць, што два гады запар мы афіцыйна звяртаемся да Нацыянальнага сходу, Міністэрства інфармацыі з просьбамі даць нам магчымасць азнаёміцца з новым законапраектам альбо папраўкамі ў Закон аб СМІ. Аднак гэты законапраект дапрацоўваецца абсалютна келейна, за зачыненымі дзвярыма. Гэта азначае, што нічога добрага пасля прыняцця гэтага дакумента чакаць не выпадае. Хаця ён павінен быць надрукаваны для агульнага абмеркавання. Тут ужо няма розніцы — дзяржаўная прэса ці незалежная, — гэта наша агульная журналісцкая справа. Мы павінны прааналізаваць законапраект і накіраваць дэпутатам нашы прапановы да таго, як ён будзе разглядацца ў Авальнай зале.
— Зразумела, што цалкам святочным гэта інтэрв'ю не атрымаецца. Хаця ў гісторыі БАЖа было дастаткова цікавых падзей і нават перамог. Дзяржаўным чыноўнікам, якія кантралююць дзейнасць СМІ, вельмі не падабаецца тэрмін « зачыстка » інфармацыйнай прасторы. Хаця, на маю думку, ён цалкам адпавядае таму, што зараз адбываецца ў Беларусі.
— У рэшце рэшт улада дамаглася свайго. З многіх рэгіёнаў краіны цалкам выціснутыя альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. Гэта неверагодная сітуацыя і свайго роду злачынства ў дачыненні не толькі незалежных журналістаў, але і грамадзянаў маёй краіны, якіх пазбаўляюць адкрытай, зразумелай і неадцэнзураванай інфармацыі. З гэтай праблемай, відаць, мы не хутка справімся. Аднак, азіраючыся на пройдзенае намі дзесяцігоддзе, я ў чарговы раз пераканалася, што мы, як маглі, стрымлівалі гэта ганебнае вяртанне ў феадальныя часы. І ў маёй памяці застаюцца людзі, з якімі мы пачыналі змаганне за нашую прафесію і прынцыпы дэмакратычнай журналістыкі. Я з удзячнасцю ўзгадваю намеснікаў кіраўніка Асацыяцыі Уладзіміра Глода, Сяргея Давыдавіча Ваганава, Алеся Ліпая. На самым пачатку шмат працаваў Ігар Рынкевіч, які займаўся арганізацыйнымі пытаннямі. Я памятаю развіццё арганізацыі і яе прыход у рэгіёны, дзе над стварэннем першых філіяў самаахвярна, з энтузіязмам працаваў Анатоль Гуляеў. Усё было скіравана на яднанне журналістаў.
Тагачасны журналісцкі корпус пачалі расколваць на дзве палавіны, менавіта тады і нарадзіліся паняткі «чэсныя» і «нячэсныя» журналісты .
Я з усмешкай узгадваю моманты, калі падчас пасяджэнняў праўлення мы абмяркоўвалі прапанову стварыць суд журналісцкай годнасці. Але цікавай знаходкай была ідэя заснаваць дыплом « Ганаровы крумкач », які, дарэчы, быў уручаны Дудзінаву, Зімоўскаму, Чайцы ды іншым.
— Разам з тым БАЖ уручаў ганаровыя дыпломы « За прафесійную мужнасць », « За адданасць прафесіі » .. . У сваю чаргу, праваабарончая дзейнасць Асацыяцыі атрымала прызнанне даволі аўтарытэтных і ўплывовых міжнародных арганізацый. І гэта заслуга кожнага яе сябра.
— Безумоўна! Маё жыццёвае крэда — ніколі не здраджваць сабе, сваім жыццёвым прынцыпам. І я глыбока перакананая, што калі ты аднойчы не здрадзіў гэтым прынцыпам, то за гэта табе ўсё вяртаецца ўзнагародай. Я ведаю, што гэта перакананні і большасці маіх калег. Хаця жыць ім вельмі складана. Сёння адна з самых балючых для нас праблем — адсутнасць рынка працоўных месцаў. Журналісты незалежных выданняў альбо ўжо беспрацоўныя, альбо заўтра з кожным з іх гэта можа здарыцца. І мне вельмі хочацца, каб мае калегі пачулі і зразумелі наступнае. Нават калі разбураюць рэдакцыйныя калектывы, ліквідуюць газеты, закрываюць незалежныя радыёстанцыі, а ты застаешся адданым сваёй прафесіі, то цябе нельга яе пазбавіць, як нельга пазбавіць веры ў Бога.
Я глыбока перакананая, што на сённяшні дзень дэмакратычныя беларускія журналісты ў чаканні. Бо вельмі хутка надыйдзе момант чарговага рэнесансу незалежнай журналістыкі, запатрабаванасці незалежнай прэсы і інфармацыі. Бо хутка людзі будуць шукаць адказу на пытанні: « Што ж гэта з намі адбывалася? Што рабілі з нашай свядомасцю? » Прафесіяналізм журналістаў, як ніколі, будзе запатрабаваны.
У чаканні гэтага мы проста непераможныя, калі будзем разам.
Мы павінны берагчы адзін аднаго, умець своечасова падтрымаць адзін аднаго. Мы ўсё адно дачакаемся моманту свайго прафесійнага росквіту.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|