|
Аляксей БЕЛЫ
Паром
Затхнуліся за вёскаю баяны,
І вераб'і прыснулі ў страсе.
Ах, прыгажуня, вы такая п'яная.
Куды, скажыце, вас на ноч нясе?!
Над гэтай пераправаю паромнаю
Ліхтар да розных рознасцяў ахвочы.
Такія вашы вочы бессаромныя,
Ну хто ў іх сёння зазірнуць захоча?
Таполі ў ваду глядзяцца вежамі.
Давайце вашу тонкую руку.
Вы ж не адсюль, я бачу, вы прыезджая,
У джынсіках і модным світарку.
Як добра тут збягаюцца дарогі,
Як мы далёка ад жыццёвай прозы.
Я б адпусціў і вас, і вашы ногі,
Але ж і я таксама нецвярозы!
Нічым не будзе гэты час азмрочаны,
Кругі не разыдуцца па вадзе.
Паромшчыку за ўсё ўжо заплочана,
Ён далікатна вочы адвядзе.
Як добра, што запал душы не згас,
Што сёння нам і мора па калена!
Але нашто, скажы, дурны калгас
Пакінуў тут пад восень столькі сена?
***
Мілавідская бітва
Ні салоўкі, ні шолаху траў, ні агню,
Ні на ямінах стуку фурманак.
Ціхі травеньскі ранак
сцярог цішыню,
Прадчуваючы стогны
і лямант.
Уздымаўся туман ад
настылай зямлі,
Залацелі пад сонейкам
росы.
І калі сюды карнікі
ўсё ж падышлі —
Слова мовілі стрэльбы
і косы.
Касінеры! Да брата
становіцца брат,
Не да страху цяпер
і самоты,
Ад казацкіх клінкоў,
ад шрапнелі гармат
Уратоўвалі лес і балота.
У Дабромыслі Богу
ўзнеслі хвалу,
Ну а сёння стаяць
тут шыхтамі.
Гэта страшная зброя —
каса на калу,
Што ўчора тачылі
аб камень.
Крык «Жыве Беларусь!» —
бы апошні ўздых —
Ды не скардзіліся
на нядолю.
Нават шыбеніца
не палохала іх,
Бо душа вельмі
прагнула волі.
Пахла кроўю і бэзам
ад роднай зямлі,
І, спытаўшы парады ў Бога,
Касінерскія сотні
далей адышлі,
Адышлі з перамогай.
***
...А летняй парою так спіцца, так сніцца,
І лёгкай рукою махаеш вясёлцы.
Цалую цябе праз тваю завушніцу
У выглядзе колца.
Падманлівы погляд такі і спакусны,
І ўсё ж застаецца ў ім месца даверу,
І прагна цалую гарачыя вусны,
І шчыльна ў Сусвет зачыняюцца дзверы.
...І летняя ўзрушанасць сэрца, і цнота.
Смяецца і плача салоўка ў садзе...
О, гэта кахання высокая нота,
З якою ўжо і пацалункі не зладзяць!
***
Чаго яшчэ адчайна захацець?!
Заблытацца ў нераці ажыннай,
За птушкамі ў вырай паляцець,
Кіруючыся зорнаю сцяжынай.
Убіцца ў іх тугую чараду
На ноч. А ў ранні, выслізнуўшы з кліна,
Закінуць вуду ў ціхую ваду,
Зайздросцячы адвазе жураўлінай.
Задумацца ў самоце і ў журбе
Аб тым, што час даўно ляціць няспынна...
І дзеўку каб сасватаць. Не сабе,
А сыну.
***
Сябру
Набліжаўся зноў яблычны спас,
Час, зусім неспрыяльны журбе...
Ты завітваў часамі да нас,
А цяпер мы прыйшлі да цябе...
Не пагутарым больш за віном
Аб жыцці, дарагім і
пастылым...
Пахне жнівеньскі дзень
палыном,
Асыпаецца жвір у магілу.
...Праз акенца дарога відна,
Жураўлі пацягнуліся клінам...
Жоўты клён падступіў да акна,
Навявае ўспаміны.
***
...Штрыхі то ўпоперак, то ўздоўж,
І лёгкая ў душы трывога...
Калі над Амстэрдамам дождж —
Іду на вуліцу Ван Гога.
А кроплі, быццам напаказ,
Б'юць па жалезе пругкім гулка,
І так цудоўна ў гэткі час
Хадзіць па брукаваных вулках.
Нашто тут плашч ці парасон —
Дождж сёння цёплы і лагодны...
Як добра, што ўсё — не сон,
Бляск ліхтара, трамвая звон...
І бурбалачкі, цуд прыроды,
Па лужах водзяць карагоды!
***
...Знак вяртання: лёгкі сум і асалода,
І валошкі разбрыліся зноў па жыце,
А ў лясах на Беларусі пахне мёдам.
І таму ў чужых мясцінах нам не жыці...
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|