|
ТАМ НЕМАГЧЫМА ЗАСТАЦЦА САМ-НАСАМ
Павел МАЖЭЙКА
Сёння, гледзячы на памеры і сур'ёзнасць тых прысудаў, якія ў Беларусі выносяцца па «палітычных» артыкулах крымінальнага кодэкса, разумееш, што ў свой час усё для цябе яшчэ ўдала скончылася. Толькі сем месяцаў у самай лепшай спецкамендатуры Беларусі (ёсць адпаведны дыплом, на ўласныя вочы бачыў). Пад несупынным кантролем тэле-радыё-газет-калегаў літаральна з цэлага свету. У сённяшніх умовах гэта ўсяго толькі « ma l e piwo », як кажуць палякі. Гэта шмат у чым надзвычай запамінальны час, яго, безумоўна, можна было выкарыстаць нейкім іншым чынам, але ж…
Упершыню за два «постхімічныя» гады перагарнуў свае нататкі з тых часоў і з тых месцаў. Раней не адчуваў ані патрэбы, ані жадання. Першае, на што трапляю ў нататніку:
«Начальнік «хіміі» Кузьміч, адпускаючы перад Новым годам дахаты, сказаў геніяльна мянтоўскае: «Тое, што ў цябе няма парушэнняў, — гэта не твая заслуга, гэта нашая недапрацоўка».
Ізноў з размовы: « Маё знаходжанне на асуджэнні начальнік параўнаў з лесапільняй, дзе працую. Калі бервяно заганяюць у варштат, выйсці яно можа альбо роўным цэльным брусам, альбо дзесяткам тонкіх дошак. Ведаю, што хачу выйсці адсюль цэльным брусам, а не складзенем рознага памеру крывалячча без сэрца і галавы…»
З усіх дзён наймацнейшыя і найяскравейшыя ўражанні пакідае, безумоўна, першы.
…Сяджу за белым доўгім сталом, на якім ляжыць белы крыж і стосы пратэстанцкай літаратуры, на сценах — цытаты з Евангелляў. Гэта я ў пакойчыку-малельні евангельскіх баптыстаў. Мае новыя суседзі, вымушаныя жыццёвыя спадарожнікі, цягаюць штангу, круцяць тэлевізар ці проста пайшлі на вакзал сустракаць «кешары» ад бацькоў. У малельні адзінае месца, дзе можна спакойна і ўважліва азірнуцца на першы дзень майго гадавога абмежавання волі. Пазней выразна зразумею, што найгоршае ў зняволенні — нават не ўласна фізічная няволя, не антычалавечыя ўмовы і твая бяспраўнасць, а адчуванне таго, што ты ніколі і нідзе не можаш застацца адзін, ты ўвесь час пад наглядам, увесь час адчуваеш прысутнасць калі не міліцыянтаў, дык калегаў-сядзельцаў.
Будынак «хіміі» звонку нічам асаблівым не ўражвае — звычайны інтэрнат, хіба што краты на вокнах. Усё, што адбываецца да самага вечара, праходзіць нібы ў нейкім тумане. Запаўняю нейкія карткі. Зачытваюць нейкія абавязкі і нават правы…
«Адразу за ўваходам з шыльдачкай « ИОУТ № 1 Жлобинского района » (побач— выява на сцяне: буслы ляцяць) невялічкі хол, месца для сустрэчаў. Тут, за кратаванымі дзвярыма, і ёсць тэрыторыя «хіміі». Праваруч зашклёная «дзяжурка» — выхад за краты толькі з дазволу дзяжурнага. Выхад у горад — абавязковы запіс з адзнакай, куды ідзеш, прозвішча, нумар пакоя. Дзяжурны на свой густ вызначае, на які час дазволіць выхад… «Хімікі» займаюць увесь другі паверх. Блокаў — 16. У нашым блоку са мной шасцёра. У кожным блоку па два пакоі, рукамыйнік, прыбіральня, куханка. Умовы жыцця трапна ахарактарызаваў сусед: «Іншыя і такіх не маюць». Дарэчы, заўважыў: тут амаль ніхто не гаворыць «мне далі два ці тры гады». Кажуць: мне засталося два ці тры гады».
…Размаўляю з начальнікам «хіміі» Юрыем Кузьмічом. Той раіць «спусціцца на зямлю», бо, маўляў, жыць тут мне цэлы год. Кажа, што аніякіх распараджэнняў адносна мяне з Менску не паступала — таму жыць буду «як усе». Запытваюся, а што будзе, калі паступяць? Начальнік адказвае, што знойдзе годны адказ. Верыцца з цяжкасцю, але размова з Кузьмічом неяк супакойвае. Праўда, своечасова бяру сябе ў рукі, бо ўсё ж усведамляю: перада мной міліцыянт, начальнік, а я асуджаны, крымінальнік, і балбатаць са мной ён будзе толькі дзеля сваёй карысці. Так і атрымліваецца. На прыканцы размовы Кузьміч, пачынаючы здалёк, запрашае да «супрацоўніцтва»: ты, маўляў, не падумай, што гэта стукацтва, проста, як што будзеш бачыць, у нашых агульных інтарэсах, каб ты пра гэта паведаміў. «Так шмат хто робіць!» Біць сябе ў грудзі і крычаць «ды я не такі» я не стаў, прапанову выслухаў моўчкі…
«На лесапільні ўзгадваю словы аднаго журналіста-паляка. Ён, шчыра імкнучыся падтрымаць, апавядаў пра сваю гадавую адсідку ў польскай турме яшчэ за ваенным становішчам. Сказаў, што яму было горш, бо на працягу года ён штодня з маленькага акенца камеры бачыў вершаліны соснаў, але не мог да іх дакрануцца. Не ведаю, што лягчэй. Штодня ТОЛЬКІ (!!!) бачыць сосны і марыць пра волю ці ўсё ж, як на беларускай «хіміі», мець магчымасць дакранацца рукамі да дрэваў, адчуваць іх водар і гарачыню, адчуваць свабоду і… пасля САМАСТОЙНА вяртацца ў камеру. У гэтым увесь здзек «хіміі».
…А 15-й гадзіне выходжу на сваю першую праверку. Усе асуджаныя на пранізлівы — выдзерывушы — званок, сыходзяцца на першым паверсе. У мой заезд па спецкамендатуры дзяжурыў малады самазадаволены і самазамілаваны старшына Васіліч. Седзячы ў дзяжурцы, Васіліч — у адной руцэ цыгарэта, другой дзелавіта ганяў прусака па стале — тлумачыў мне быт «хіміі». Дзяжурны напаўголасу называе прозвішчы па пакоях. Яго амаль не чуваць, але сістэма праверкі адпрацавана. Трэба сачыць за старэйшым твайго блоку: ён пайшоў — цяпер чакай свайго прозвішча.
«Учора «хімікі» набылі мне «Нашу Ніву» з маім здымкам, дзе я на тартаку. Носяцца сёння з газетай па ўсіх «хатах». Раблю выгляд, што для мяне гэта звыкла, хаця сам ад сэрца ўдзячны калегам, што не забываюць».
…У маім блоку 208 старэйшы 39-гадовы аліментшчык Вася, мужык ніштаваты, пад ягоныя байкі засынае ўся «хата». Дзіўна, але ў блоку мяне чакалі. Хтосьці пачуў па «Свабодзе», што нейкага журналіста накіравалі ў Жлобін. Ігар (другі мой сусед, нібыта хабарнік, са Светлагорска) нават дамаляваў яшчэ адну вольную клетку на графіку дзяжурных па блоку. Мой трэці сусед — Коля-Колька, яшчэ адзін аліментшчык. На вечаровы жарт Ігара, маўляў, давайце пяройдзем на беларускую мову (гэта дар у мой бок!) хаця б з 24 гадзінаў да 6-й раніцы, Коля-Колька, не зразумеўшы, адказаў: «Я рускі», — і дадаў: «Праўда, напалову»…
«Сёння быў «шмон». «Шманалі» ўсю спецкамендатуру. Вярнуўся з працы — у «хаце» ўсё папераварочвана, ложкі параскіданыя, з шафаў і торбаў усё павыкідана. У нас у блоку яшчэ больш-менш. У іншых «мянты» нават замкі зрывалі, узломвалі шафы, проста на падлогу ўсё з паліцаў вытрасалі. Паразбівалі нават слоікі з гуркамі. Знайшлі ў адной з «хатаў» бутэльку «кампоту» і два касякі з траўкай. А я зранку на лесапільні, каб заняць чым галаву, думаў, што яшчэ не ўсё спазнаў на «хіміі» — шмону яшчэ не было. Насурочыў…»
Першы сон: прысніў, што спазніўся на праверку і атрымаў нарад: міліцыянты са спецкамендатуры страляюць на палігоне, а я мушу хавацца і ўцякаць ад куляў. Прачнуўся задаволены: уцёк!..
У сакавіку 2005 нечакана атрымліваю ліст з «зоны». Піша Вася, той самы «хімік»- аліментшчык, з якім сем месяцаў прасядзелі разам у адным блоку папраўчай установы адкрытага тыпу № 1 г . Жлобіна:
«Здравствуй, Павел. Пишу тебе из Могилева. Снова устроил себе и родным эконом. Снова отбываю наказание… Вспоминаю нашу белорусскую суполку. Правда и газет, каких хотелось бы, не хватает, ты научил особенные читать. Хотя должен скоро выписать «Народную Волю»… Часто здесь сборник стихов, подаренный тобой, вспоминаю… Напиши, как работа и коллеги по журналистскому цеху — Гена из Минска и моя землячка журналистка и, конечно, почитал бы, как и прежде, газеты из Глубокого, Слонима и, конечно, Гародні…»
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|