БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

Часопіс АБАЖУР на старонках  КАМУНІКАТУ

 
 АБАЖУР №№ 44-45

АБАЖУР №№ 44-45УСЁ АДНО НЕХТА ВЫГУКНЕ, ШТО КАРОЛЬ ГОЛЫ

Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, 
кіраўнік аналітычнай службы 
інфармацыйнай кампаніі БелаПАН

Абсяг свабоды слова сціснуўся дарэшты. Дабіваюць "Народную волю". Апошнія недзяржаўныя брэнды выкрэсліваюць з падпісных каталогаў. З шапікаў бальшыню незалежных выданняў выкінулі яшчэ раней.

Карацей, умоўнасці цалкам скасаваныя, ужо вядзецца агонь на знішчэнне.

Палітолагі ў звязку з гэтым кажуць, па-першае, пра перадвыбарную "зачыстку", а па-другое, пра заканамерную эвалюцыю гэтай ўладнай сістэмы ўвогуле. Сапраўды, яна можа існаваць толькі пры манаполіі на медыі, пры так званым "ідэалагічным забеспячэнні" (во ўжо і тэрміналогія часоў КПСС адрадзілася!). І каб ніякай "крамолы". Наверсе, відаць, па-свойму асэнсавалі вядомую казку Андэрсена. І пнуцца пазатыкаць раты ўсім, хто можа выгукнуць, што кароль - голы!

Зрэшты, не будзем збівацца на стыль улётак ды вешаць усіх сабак на "гэты рэжым". Ёсць добрая доля горкае праўды ў сцвярджэнні, што кожны народ мае той ўрад, які заслугоўвае.

Ва усялякім разе, несумненна, што ў брутальных захадах, уключна з задушэннем вольнай прэсы, уладам спрыяе абыякавасць значнай часткі грамадства. На тле пэўнага падвышэння дабрабыту просты чалавек (ах, як любяць гэтую катэгорыю ўсе дыктатары!) схільны скрозь пальцы глядзець на тое, як сістэма разбіраецца з "так званымі дэмакратамі".

Для апошніх, бадай што, халодным душам сталі вынікі нацыянальнага апытання, якое правялі ў верасні незалежныя сацыёлагі пад эгідай выціснутага ў Вільню НІСЭПД. Даследаванне засведчыла, што давер да дзяржаўных медыяў вышэйшы, чым да незалежных. Калі першым давяраюць 55,3 % рэспандэнтаў, дык другім - толькі 38,5 %.

Во якая неспадзеўка!

І айчынныя дэмакраты, і прагрэсіўны Захад скрозь паўтараюць, што беларускі народ пакутуе ад недахопу альтэрнатыўнага інфармавання. А тут раптам бачым, што многіх задавальняе тая жуйка, якою шчодра частуе афіцыёз!

Дарэчы, сярод тых, каму цяперашняя ўлада не даспадобы, рэйтынг даверу да недзяржаўных СМІ заўважна вышэйшы - 58,4 %. Інакш кажучы, набываюць з-пад крыса "Народную волю" ды ловяць "Радыё Свабода" праз шоргат эфіру найперш тыя, каму залішне даводзіць, што дэмакратыя і воля - гэта лепей, чым вялікая казарма.

Апанентаў улады, такім чынам, выціскаюць у рэзервацыю, у палітычнае і духоўнае гета. Іх робяць дысідэнтамі.

Натуральна, эканаміст (калі ён не на казённым акладзе) лёгка давядзе, што сённяшні беларускі дабрабыт, па-першае, надзвычай далёкі ад узроўню развітых краін, а па-другое, абрынецца, як толькі скончыцца нафтагазавая дурніца з Расіі.

Але малога чалавека не надта хвалюе гэты макраэканамічны тлум. Абывацелю хочацца ўтульна жыць, смачна есці, карацей - "адцягвацца па поўнай праграме" тут ды цяпер.

Зрэшты, можа, той шараговы грамадзянін і пачухаў бы патыліцу, але дзе ён прачытае гэтыя развагі ліберальных эканамістаў? З якіх крыніц яму ўвогуле даведацца, што ў краіне не толькі той чалавек, які ўвесь час у тэлевізары, мае пэўныя ідэі датычна ўладкавання нашага жыцця?

Разам з вольнай прэсай вынішчаецца разнастайнасць меркаванняў. Замест спаборніцтва ідэй - дырэктывы. Замест праўды - прапагандысцкія міфы. Многія проста забыліся на смак вольнага слова. А іншым нават прыемна спажываць міфалогію, для іх гэта - своеасаблівая псіхатэрапія. Кшталту Кашпіроўскага.

Нядаўна я з жахам асэнсаваў: на постсавецкіх прапагандысцкіх байках ужо вырасла цэлае пакаленне! Сённяшнія юнакі і дзяўчаты яшчэ не цікавіліся вольным друкам, калі ён быў у кожным шапіку. Для іх пачатак 1990-х - сівая даўніна.

Наіўная моладзь цалкам здольная прыняць за чыстую манету фантазіі пра дзікі разгул нацыяналістаў, якія нібыта дарваліся да ўлады на пачатку 90-х, усё развалілі ды прапілі... На нядаўнім з'ездзе БРСМ нейкая дзяўчына звонкім голасам савецкай актывісткі клеймавала "пана Шушкевіча і ягоных міністраў", якія нібыта адабралі імя Ленінскага камсамола ў аднаго з тэатраў. Хаця Шушкевіч, калі быў спікерам, міністрамі не камандаваў. Тады ж яшчэ існаваў які-ніякі падзел уладаў... Прынамсі, урад узначальваў Кебіч, чалавек далёкі ад нацыяналізму, і менавіта ён быў сапраўдным гаспадаром у краіне.

Але гісторыя - і далёкая, і блізкая - перапісваецца пад палітычную кан'юнктуру - зусім як у рамане Оруэла "1984". І, як у той кнізе, многія надзіва лёгка ўсмоктваюць прымітыўную міфалогію, прасякаюцца духам "двуххвілінак нянавісці".

Так зручней. Навакольны свет адразу робіцца простым і зразумелым. Вось - галоўны дабрадзей, ад якога залежыць усё, а вунь - купка здраднікаў, якіх з вантробамі купіў гнілы Захад, дзе скрыгочуць зубамі ад нашых нечуваных поспехаў...

Такі феномен назіраўся і за камуністычным часам. Не маючы магчымасці параўноўваць, многія савецкія людзі шчыра верылі, што яны - "наперадзе планеты ўсёй". Гэта пазней, калі пачалася перабудова, з'явілася іранічнае выслоўе: "Мы нават не ведалі, як кепска мы жылі".

Некалі скончыцца і цяперашняе цемрашальства. Праўда, як цвердзяць эксперты, малаверагодна, што ў сённяшніх адносна лагодных сацыяльна-эканамічных варунках памяркоўныя суайчыннікі раптам масава выйдуць на плошчы паводле рамантычнага сцэнару каляровай рэвалюцыі.

Змены павінны наспець. Магчыма, дзеля гэтага спатрэбіцца яшчэ не адзін год. Але так ці іначай, асаблівая роля тут належыць незалежнай прэсе.

Дарэчы, часцяком кпяць з самога выразу - незалежная прэса. Кпяць акурат тыя, хто, кажучы словамі высокага начальніка, рохкае ля кармушкі. Яны, пэўна, усіх мераюць на свой капыл. Думаюць, што ўсе хлусы ды падлюгі.

Натуральна, і недзяржаўны журналіст хоча есці. І над ім вісяць пагрозы. На жаль, усё мацнейшай становіцца самацэнзура. Можна зразумець аўтара ці рэдактара, што дзесяць разоў узважвае кожную фразу, кожны эпітэт. Гэта - як праца сапёра. Дасі маху - зацягаюць па судах, задушаць штрафамі.

Але ўсё адно ў маральным сэнсе недзяржаўная прэса мае неаспрэчную перавагу - паводле азначэння. І тэрмін "незалежная" звыклы ва ўсім цывілізаваным свеце. Ён азначае не ідэальную бязгрэшнасць, не рафінаваную аб'ектыўнасць (якая сапраўды ёсць міфам), а статусную норму. Тую сітуацыю, калі медыі не прыціснутыя жалезнай пятой дзяржавы. Так - ужо амаль што паўсюль на свеце. Акрамя сінявокай Беларусі, што ў рэйтынгу свабоды прэсы, паводле "Рэпарцёраў без межаў", займае 152-е месца са 167.

У дэмакратычнай краіне ніхто не ставіць пад сумнеў місію рэпарцёра - хутка ды ўсебакова распавядаць пра любыя падзеі (уключна з тымі, што не даспадобы высокаму начальству). У сваю чаргу, задача журналістаў-аналітыкаў ды экспертаў - завастраць увагу на балючых праблемах (і найперш на тых, што сведчаць аб праліках кіроўнай палітыкі). Дарэчы, гэтая місія прэсы да зарэзу патрэбная і самой уладзе. Агульнавядома: незалежныя медыі забяспечваюць зваротную сувязь, сігналізуюць вярхам пра тыя небяспекі, што пагражаюць грамадству, краіне.

Але сённяшняе кіраўніцтва спадзяецца на аналітычныя запіскі з падначаленых структураў. Яно казырае звесткамі нейкіх закрытых сацыялагічных апытанняў. Дарэчы, цікава, чаму гэта ўлада, якая пахваляецца сваёй народнасцю, ладзіць сакрэтныя даследаванні грамадскай думкі і сама вызначае, якія з адпаведных лічбаў народу варта ведаць, а якія - не?

Адметна, што на нядаўняй высокай нарадзе па пытаннях інфармацыйнай бяспекі прагучаў новы тэрмін - "дэструктыўныя звесткі". Сапраўдная перліна аналітычнае думкі! Раней апанентам выстаўлялі абвінавачванні ў хлусні, паклёпе (хай сабе і шытыя белымі ніткамі). Зараз жа можна рабіць ворагам народа кожнага, хто кажа нязручную, небяспечную для гэтай улады праўду!

Зрэшты, праўда насамрэч нагадвае горкія лекі. Выдатна сказаў Анатоль Франс: "Самая рэдкая мужнасць - гэта мужнасць думкі". Не ўсе на яе здольныя. Каліфу на гадзіну зручней думаць: пасля нас - хоць патоп! Абывацелю прасцей разважаць, як таму тлустаму кату з мульціка: на чорта мне Таіці, нас і тут няблага кормяць!

А вось для тых журналістаў, якія не хочуць ахвяраваць перакананнямі за міску поліўкі, рубам паўстае пытанне аб праве на прафесію.

Захад рэгулярна асуджае ў сваіх дэкларацыях наступ рэжыму на вольную прэсу. І за гэтыя заявы, дарэчы, таксама варта сказаць дзякуй. Усё ж пільнае вока міжнароднай супольнасці не дае каму-кольвек расперазацца дарэшты.

Але разам з тым да зарэзу патрэбная рэальная, канкрэтная дапамога недзяржаўным медыям і незалежным журналістам.

Апошняе хацелася б падкрэсліць. Бо адбываецца наступ не толькі на выданні, але і на канкрэтных людзей, якія звязалі свой лёс з незалежнай журналістыкай. Яны ў бальшыні сваёй не пойдуць на паклон у дзяржаўныя медыі. Але ім трэба неяк існаваць і пасля закрыцця сваіх выданняў.

Сістэма фактычна бярэ ў закладнікі сем'і, сваякоў гэтых людзей. Даводзіцца ж думаць не толькі пра высокія прынцыпы вольнага слова. Трэба дбаць і пра жыццёвую прозу. Як пракарміць сябе і дзяцей? Як не патрапіць пад шалёны штраф (ці сплаціць ужо прысуджаны)? Нарэшце, як патлумачыць сыну-школьніку нейкае пытанне нацыянальнай гісторыі ці сучаснае палітыкі: шчыра - або так, каб потым хлопец не займеў непрыемнасцей на ўроку?

А калі сына ці дачку выкідаюць з універсітэта за "палітычную нядобранадзейнасць"? Мы дайшлі ўжо і да такіх зачыстак.

У гэтых цяжкіх - і ў фінансавым, і ў псіхалагічным плане - варунках надзвычай важныя любыя формы матэрыяльнай ды маральнай падтрымкі - нейкія прэміі, гранты, стыпендыі, стажы за мяжой... Дарэчы (і дзякуй тут БАЖу!), вандроўкі за мяжу, магчымасць у літаральным сэнсе падыхаць паветрам дэмакратыі - ці не адзіная прафесійная прывілея, якой могуць ганарыцца недзяржаўныя журналісты, таму што прадстаўнікоў афіцыйнай прапаганды туды не надта запрашаюць.

Сёння ў структурах ЕС, у прыватнасці, модныя праекты вяшчання на Беларусь. Безумоўна, і гэта не зашкодзіць. Але для любога прафесіянала, які працуе тут, у самой краіне, відавочна, што замежныя ініцыятары такіх праектаў значна перабольшваюць іх патэнцыйную эфектыўнасць. Мала кароткахвалевых прыймачоў, небагата энтузіястаў, што будуць ахвяраваць вечары на эфірную шыпучку - карацей, пальцы можна загінаць ды загінаць.

Разам з тым, у планах альтэрнатыўнага інфармавання беларусаў значна меней зважаюць на інтэрнет. Хаця развіццё незалежнай сеткавай журналістыкі, пэўна, магло б стаць болей эфектыўным укладаннем рэсурсаў. Дый газетчыку, чый перыёдык закрыўся, лягчэй напісаць артыкул для інтэрнет-выдання, чым зрабіць радыёрэпартаж (там, вядома ж, адмысловая кухня).

У рэшце рэшт, развіццё інтэрнета ўлада мусіць і сама так ці іначай падтрымліваць, каб не застацца зусім ужо ў каменным веку. Нават калі будуць прымацца (і гэта ужо робіцца!) асобныя захады да крамольных інтэрнет-рэсурсаў, то ўсё адно сайт, які знаходзіцца на замежным серверы, закрыць цяжэй, чым газету, што выдаецца ў Мінску ці Барысаве.

Але, натуральна, пакуль рэшткі незалежнай прэсы тут трымаюцца, трэба найперш ладзіць дапамогу ім. Я цалкам згодны з калегамі, якія кажуць, што сёння, у гэтых нялюдскіх варунках, выданне недзяржаўных медыяў немагчыма разглядаць як бізнес. Хутчэй гэта сацыяльны праект, калі пры адпаведнай дапамозе газета друкуецца вялікімі накладамі ды раздаецца валанцёрамі самай шырокай публіцы.

Так ці інакш, адукоўваць грамадства ў дэмакратычным духу вольныя медыі мусяць яшчэ доўга. Бадай, гэта ілюзія, што нейкія радыёпраграмы ці нават масавыя наклады падпольна аддрукаваных спецвыпускаў здольныя карэнным чынам змяніць грамадска-палітычныя настроі за лічаныя месяцы, радыкальна паўплываць на хуткія ўжо выбары.

Дый не варта, скажу я вам, атаясамліваць недзяржаўную прэсу з палітычнай апазіцыяй ці намагацца зрабіць з журналістаў нейкіх рэкрутаў гіпатэтычнай рэвалюцыі.

Кладучы руку на сэрца, варта зазначыць, што з боку пэўных структур апазіцыі і замежжа іншым разам адчуваецца, такбы мовіць, трохі ўтылітарнае стаўленне да незалежных медыяў. Хтосьці бачыць у іх сродак распаўсюду перадвыбарных праграм, нехта - "прывадныя пасы" нацыянальнага адраджэння, а яшчэ нехта - інструмент падрыву "апошняй дыктатуры Еўропы".

Інакш кажучы, зноў журналістаў, згодна з канцэпцыяй Леніна, разглядаюць як "колцы ды шрубкі" ў нейкай машыне палітычнай барацьбы.

З аднаго боку, наіўна казаць, што недзяржаўная прэса можа існаваць па-за палітыкай. Мы мусім змагацца ўжо таму, што дыктатура нясе пагібель і свабодзе слова. Але разам з тым - нельга ператвараць медыі ў "органы", нават пад самымі высакароднымі лозунгамі. Бо і гэта смяротна для вольнага слова.

Увогуле не варта разглядаць яго толькі як зброю. Яно, вольнае слова - само па сабе звышкаштоўнасць.

Незалежныя журналісты шчыруюць не дзеля апазіцыі і не дзеля Захаду. Яны, калі казаць высокім стылем, - валанцёры вольнага слова. Таму, апякуючыся праблемамі недзяржаўнай прэсы ў Беларусі, зацікаўленыя бакі мусяць бачыць не толькі брэнды выданняў, але і людзей, якія ствараюць гэтыя медыйныя прадукты.

Хаця б таму, што нават калі зарэгістраванай недзяржаўнай прэсы ў краіне зусім не стане, застануцца людзі, якія будуць так ці іначай працягваць справу незалежнага інфармавання.

Нядаўна ад калегі, які някепска ўладкаваўся, давялося пачуць шкадаванне: маўляў, шэраг таленавітых журналістаў перакрэслілі сваю кар'еру, пайшоўшы некалі ў дэмакраты... Маглі б сёння кіраваць найбуйнейшымі медыямі, мець славу ды грошы, а так - перабіваюцца з хлеба на квас у андэграўндзе.

На маю ж думку, найбольш пачэсная для журналіста кар'ера - гэта калі нават у самую подлую часіну не лёкайнічаў, не хлусіў. Калі імкнуўся трымацца праўды. І дажыў да сівых валасоў, не сагнуўшы ні перад кім спіну.

Іх няшмат, такіх вось "кар'ерыстаў". Але перад кожным з іх я здымаю капялюш.

У маральным сэнсе недзяржаўная прэса мае неаспрэчную перавагу - паводле азначэння. І тэрмін "незалежная" звыклы ва ўсім цывілізаваным свеце. Ён азначае не ідэальную бязгрэшнасць, не рафінаваную аб'ектыўнасць (якая сапраўды ёсць міфам), а статусную норму.

Да зарэзу патрэбная рэальная, канкрэтная дапамога недзяржаўным медыям і незалежным журналістам.

Найбольш пачэсная для журналіста кар'ера - гэта калі нават у самую подлую часіну не лёкайнічаў, не хлусіў. Калі імкнуўся трымацца праўды. І дажыў да сівых валасоў, не сагнуўшы ні перад кім спіну.

Наіўна казаць, што недзяржаўная прэса можа існаваць па-за палітыкай. Мы мусім змагацца ўжо таму, што дыктатура нясе пагібель і свабодзе слова. Але разам з тым - нельга ператвараць медыі ў "органы", нават пад самымі высакароднымі лозунгамі. Бо і гэта смяротна для вольнага слова.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

АБАЖУР - часопіс Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster