|
ЖУРНАЛІСТ У БЕЛАРУСІ = ТЭРАРЫСТ?
Алёна АНДРЭЕВА
Чым адрозніваюцца ўмовы працы журналістаў беларускіх і замежных медыяў? "Хіба што магчымасцю трапіць на лукашэнскаўскі пул", - адказаў Юры Свірко, дырэктар інфармацыйнага цэнтра газеты "Камерсант-Украіна", які з 1991 года прадстаўляў у Беларусі розныя замежныя выданні.
Менавіта Юры Свірко стаў адзіным (!) карэспандэнтам з ліку больш чым 20, якіх я прасіла быць героямі майго матэрыялу. Менавіта Юры Свірко дазволіў мне назваць сваё імя ў артыкуле, які вы зараз чытаеце. Адзначу, што зараз сп. Свірко працуе і жыве ў Кіеве. Мажліва, гэта адна з галоўных прычынаў для шчырасці.
Размаўляць са мною адкрыта не пагадзіліся ані беларусы, якія працуюць на замежныя выданні, ані расейцы ці палякі, акрэдытаваныя тут. Нават польскія журналісты, якія не жывуць тут стала, пабаяліся ўзгадвання іх імёнаў на старонках "Абажура". Чаму? Хтосьці казаў, што пры заключэнні дамоваў з працадаўцам падпісаў пагадненне, паводле якога не мае права даваць ніякіх інтэрв'ю, камэнтароў і г. д. адносна сваёй працы ў Беларусі ды агульнай сітуацыі. У некаторых скончыўся тэрмін сталай акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў, і ім "хацелася б атрымаць яе працяг". Некаторыя асцерагаюцца пазбавіцца ўжо атрыманай акрэдытацыі. Хтосьці, як журналісты расейскага канала НТВ, чые калегі неаднаразова дэпартаваліся з Беларусі, раілі па ўсе каментары звяртацца непасрэдна да кіраўніцтва канала ў Маскву. Супрацоўнікі іншага замежнага сродку масавай інфармацыі скіроўвалі мяне ў Прагу ці яшчэ куды... Значная частка з тых, да каго я звярталася з просьбай пагутарыць на тэму "Замежны журналіст у Беларусі", сказалі: "Хочацца яшчэ папрацаваць тут. Пакуль увагу да сябе не прыцягваеш, цябе нібыта не заўважаюць, а выказацца хоць бы і на старонках "Абажура" - гэта ўжо звярнуць на сябе ўвагу".
Першая мая рэакцыя на ўсе гэтыя прызнанні - шок. Я не магла зразумець - чаму.
Чаму маўчаць тыя, чые кватэры падпальваюць невядомыя? (А такое было з карэспандэнтам польскай "Газеты Выборчай" Цэзарыем Галіньскім, які, ратуючы сям'ю, з'ехаў з Беларусі два гады таму.)
Чаму маўчаць тыя, каму разбіваюць камеры і іншую тэхніку пры выкананні прафесійных абавязкаў? А такіх выпадкаў - безліч. Як вядома, у Беларусі няма незалежных электронных СМІ, і таму ўсе разбітыя за апошнія 12 гадоў відэакамеры належалі аператарам замежных меэдыяў.
Чаму маўчаць тыя, хто можа гэтаксама, як Зміцер Завадскі, знікнуць за тое, што напіша ці пакажа штосьці, небяспечнае для беларускіх уладаў?
Чаму асцерагаюцца назваць свае імёны тыя, у чыіх машынах пракалываюць шыны альбо нават паліўныя тросікі???
І толькі адзіны адказ на ўсе гэтыя "чаму?" прыйшоў мне ў галаву. Таму што замежны журналіст у Беларусі - у тых жа ўмовах, што і беларускі: ад доступу да інфармацыі да асабістай бяспекі.
Хто яны і колькі іх?
Прадстаўляць замежны сродак масавай інфармацыі ў нашай краіне можа грамадзянін як Беларусі, так і любой іншай дзяржавы. Але, апроч расейцаў і палякаў, амаль ніхто нават з блізкіх суседзяў не едзе да нас стала жыць і асвятляць тутэйшыя падзеі. Атрымліваюць доўгатэрміновыя акрэдытацыі, але тут увесь час не жывуць. Мяркую, не ў апошнюю чаргу з прычыны ўмоў пражывання і працы у нашай гасціннай краіне (асабліва для журналістаў, што імкнуцца аб'ектыўна асвятляць падзеі ў Беларусі), пра якія гаворка пойдзе пазней. Незалежна ад таго, рэзідэнт Беларусі ці не рэзідэнт збіраецца працаваць на іншаземныя медыі, ён мусіць атрымаць шматразова згаданую ўжо акрэдытацыю.
Дарэчы, ніхто з тых замежных журналістаў, з якімі я размаўляла, рыхтуючы гэты матэрыял, не скардзіўся на праблемы пры атрыманні акрэдытацыі ці немагчымасць яе дамагчыся. Міністэрства замежных справаў своечасова разглядае пададзеныя заяўкі, і практычна кожная з іх ухваляецца. Іншая сітуацыя - з адкрыццем прадстаўніцтваў замежных сродкаў масавай інфармацыі. Дазвол на гэта павінен даць Савет міністраў не пазней, чым праз два месяцы з дня атрымання заяўкі ад кіраўніка зацікаўленага СМІ. Прыкладам складанасці адкрыцця прадстаўніцтва замежнага СМІ ў Беларусі можа быць сітуацыя з расейскім каналам ТВЦ. Генеральны дырэктар гэтага канала атрымаў з вуснаў беларускага прэзідэнта пацверджанне, што да іх працы прэтэнзіяў няма. І пасля гэтага, пэўна, спадзяваўся, што адкрыццю прадстаўніцтва ТВЦ маглі б і паспрыяць. Але цудаў не адбылося.
Увесь час працуючы з журналістамі, карыстаюся шырокім (наколькі гэта магчыма) спектрам даведнікаў для прэс-сакратароў. Ведала, што ніводны даведнік не падае поўнай інфармацыі пра замежныя СМІ, журналісты якіх акрэдытаваныя для працы ў Беларусі. Але абсалютнай нечаканасцю для мяне была інфармацыя прэс-службы таго ж Міністэрства замежных справаў, што сталую акрэдытацыю ў Беларусі маюць журналісты амаль сотні замежных медыяў! Па стане на 13 кастрычніка, калі я правільна палічыла, а супрацоўніца прэс-службы МЗС Вольга ні ў чым не памылілася, у нашай краіне працавалі карэспандэнты 103 замежных СМІ. Наўрад ці вы ведаеце, што цікавасць да беларускіх падзеяў маюць нават йеменскія ды маўрытанскія медыі. Але ў ліку стала акрэдытаваных ёсць журналісты выданняў і гэтых краінаў! Натуральна, працуюць у Беларусі і рэпарцёры такіх монстраў сусветнага медыйнага рынку, як брытанскі "Гардыян", нямецкі "Дер Шпігель", амерыканскія "Таймс" і "Уолстрыт джорнал", "Асошыйтэд прэс" і г. д. Права легальна працаваць у нашых няпростых умовах дадзенае нават журналістам двух каналаў НТВ - японскага і расейскага.
У прэс-службе МЗС мне паведамілі, што камісія па акрэдытацыі павінна сабрацца на тыдні ад 17 па 23 кастрычніка, і па яе выніках сталую акрэдытацыю атрымаюць яшчэ каля 40 асобаў. Такім чынам, агульная колькасць карэспандэнтаў замежных медыяў наблізіцца да 200. А калі ўлічваць і тых, хто на працягу года атрымлівае часовую акрэдытацыю, то лік замежных рэпарцёраў, якія легальна працуюць у Беларусі, можа дасягаць і 1000!
І чаму пры такой колькасці "форэйнаў у журналістыцы" ў свеце так мала інфармацыі пра беларускія падзеі?
Знайдзі 10 адрозненьняў
Вядома, што самая вялікая праблема парэшткаў беларускай журналістыкі (маю на ўвазе тую журналістыку, якая не скацілася да прапаганды ў любым накірунку) - самацэнзура. І гэтая хвароба аказалася заразнай. Прынамсі, у мяне склалася такое ўражанне. Дый нават адмовы калегаў быць узгаданымі ў гэтым артыкуле ёсць, на маю думку, праявай самацэнзуры замежных карэспандэнтаў. Яны хочуць яшчэ папрацаваць тут, ці атрымаць акрэдытацыю, ці яшчэ што. А беларускі журналіст займаецца самацэнзурай дзеля тых жа мэтаў: захаваць уласную бяспеку, хаця б неяк пісаць і заставацца на волі. Краіна здолела навязаць правілы гульні ўсім магчымым яе ўдзельнікам - улада можа цешыцца.
Да чаго павінен рыхтавацца замежны карэспандэнт, накіраваны на працу ў сінявокую краіну ў цэнтры Еўропы? "Да інфармацыйнага балота, - амаль не задумваючыся, адказаў Юры Свірко. - Працуючы ў Кіеве, асабліва добра гэта адчуваю. Калі я сам сядзеў у беларускім інфармацыйным балоце, дык гэтага не адчуваў і нават пратэставаў супраць такіх фармулёвак".
Можа, таму і едуць да нас у асноўным расейцы ды палякі? "Часам прыязджаюць кітайцы, якія пішуць пад дыктоўку амбасады КНР", - паправіў мяне сп. Юры. Ім, кітайцам, нашая інфармацыйная "свабода" даспадобы, відаць, больш чым Каму, бо і расейцы, і палякі ўжо забыліся на савецкія часы і тагачасныя метады і ўмовы працы карэспандэнтаў.
Атрымаўшы акрэдытацыю, журналіст, мяркую, выпраўляецца на пошукі інфармацыі. І тут сітуацыя, паводле прызнанняў амаль усіх, хто сказаў мне па тэме майго артыкула хоць слоўца, можа быць апісаная практычна адным словам - жахліва!
У адпаведнасці з Палажэннем аб побыце і прафесійнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадстаўніцтваў і акрэдытаваных карэспандэнтаў замежных СМІ, журналісты абавязаныя прадстаўляць для публікацыі аб'ектыўную інфармацыю. Але забяспечыць непрадузятасць, прэзентуючы інфармацыю з розных крыніцаў, бывае цяжка. Юры Свірко распавядае, што "стандарт" - гэта калі праз паўгадзіны-гадзіну пасля абвяшчэння мерапрыемства для прэсы ў якой-небудзь дзяржаўнай установе (пачынаючы ад Адміністрацыі прэзідэнта і заканчваючы любой "вертыкальнай прэс-канферэнцыяй"), чуеш: "Вы позна патэлефанавалі", альбо "У нас мала месцаў". Адпаведна, прабрацца на і гэтак нячастыя сустрэчы з прэсай у дзяржаўныя ўстановы становіцца амаль немагчыма. Шэраг маіх суразмоўцаў адзначылі, што патрапіць, напрыклад, у прэзідэнцкі пул могуць толькі тыя, хто вельмі лаяльна піша пра падзеі ў краіне, альбо тыя, у кім зацікаўлены ці не асабіста прэзідэнт.
"Змагаючыся з Жуком у Адміністрацыі прэзідэнта (Дзмітры Жук - колішні кіраўнік прэс-службы першай дзяржаўнай асобы, цяпер - генеральны дырэктар Беларускай тэлеграфнай агенцыі БелТА. - А.А.), я вымушаны быў дасылаць тэлеграмы з просьбай акрэдытаваць мяне, бо мае факсы ўвесь час губляліся, - узгадвае Юры Свірко. - Вынікам гэтага змагання было абнародаванне прэс-сакратаром інфармацыі пра тое, што спіс журналістаў, якія могуць патрапіць на прэс-канферэнцыю да прэзідэнта, вызначае служба бяспекі".
Але калі для газетчыкаў асноўнай праблемай ёсць доступ на прэс-канферэнцыю, то для тэлевізійшчыкаў не менш істотнымі з'яўляюцца пытанні, як здымаць першую асобу Беларусі - і як разумець. Таму што майстэрству трактавання словаў беларускага прэзідэнта замежнікаў не вучаць, у адрозненне ад беларускіх тэлевізійшчыкаў. Відэааператары розных іншаземных тэлеканалаў прыгадвалі выпадак, калі журналістаў аднога расейскага канала пазбавілі акрэдытацыі за тое, што аператар зняў прэзідэнта ззаду, і беларускую патыліцу № 1 пабачыла вялікая замежная аўдыторыя.
Дарэчы, не здымаць прэзідэнта са спіны - не адзіная забарона для відэааператараў замежных СМІ. Сярод іншага - да цяперашняга часу нельга здымаць самалёт на ўзлёце, нібыта з-за таго, што па гэтых кадрах можна вылічыць даўжыню ўзлётнай паласы і некаторыя параметры самалётаў. Забаронена здымаць усе афіцыйныя адміністратыўныя будынкі (неафіцыйныя, відаць, тым болей), нават шыльды на іх. Амаль усе відэааператары ў асабістых размовах узгадвалі пра немагчымасць спакойна працаваць з камерай на цэнтральных вуліцах беларускай сталіцы. Па іх словах, даходзіць да таго, што людзі ў цывільным, якія пільна ахоўваюць парадак на Кастрычніцкай плошчы, называюць Палац рэспублікі спецаб'ектам, здымкі якога забароненыя. Гэтыя самыя асобы, што ніколі не паказваюць сваіх дакументаў, але намагаюцца ледзь не забіраць акрэдытацыйныя карткі ў замежных журналістаў, спрабуюць нават кантраляваць, якія пытанні задаюць мінакам на вуліцах. І гэта пры тым, што і на відэакамеры, і на мікрафоне, з якім працуе журналіст, звычайна размешчаны лагатып афіцыйна акрэдытаванай у Беларусі кампаніі.
Пэўна, адной з прыкметаў замежнага карэспандэнта, які працуе ў Беларусі, зяўляецца тое, што ўсе яны стараюцца насіць спецвопратку і бэдж з пазначэннем назвы СМІ на самым заўважным месцы. "Каб міліцыянты ці амапаўцы нават здалёк бачылі, што маюць справу з журналістамі, тым больш замежнымі", - тлумачылі мне.
Асаблівую ўвагу, мяркую, трэба звярнуць на неабароненасць аўтарскіх правоў карэспандэнтаў замежных СМІ, якія працуюць у Беларусі. Ніхто не мае сумневаў, што тэкставыя файлы, якія перасылаюць адсюль працадаўцу, замоўцу і г. д., супраць жадання копіяй перадаюцца і ў адпаведныя аддзелы беларускіх спецслужбаў. Што праўда, выкарыстоўваць кавалкі гэтых матэрыялаў дзяржаўныя друкаваныя выданні яшчэ не адважыліся. А можа, проста не навучыліся інтэрпрэтаваць на сваю карысць.
Зусім інакш выглядае сітуацыя з падрыхтаванымі відэасюжэтамі. Відэааператары замежных электронных медыяў распавядаюць, што пры перагонцы матэрыялаў у інфармацыйныя цэнтры сваіх кампаніяў ім даводзіцца карыстацца дзяржаўнымі тэлестудыямі і адмысловым абсталяваннем, зноўку ж дзяржаўным. І кожны матэрыял падчас "перагонкі" запісваецца ў суседнім кабінеце. "Я быў абураны, калі пабачыў кавалкі адзнятага мной відэаматэрыялу ў прапагандысцкіх праграмах і роліках на БТ. І я мог бы даказаць, што гэта мой матэрыял. Але каму даказваць?" - скардзіцца відэааператар адной з замежных тэлекампаніяў. Кажа, што ён такі не адзіны: "Неаднаразова беларускае тэлебачанне парушала не толькі мае аўтарскія правы. Менавіта таму мы з калегамі перакананыя, што БТшнікі атрымліваюць копіі нашых сюжэтаў падчас перагонкі матэрыялаў у нашыя цэнтры".
Такім чынам, знайсці 10 адрозненняў паміж беларускім журналістам і карэспандэнтам замежнага СМІ ў Беларусі, калі калі мець на ўвазе ўмовы працы і магчымасці для яе, дастаткова цяжка.
"Беларусы на добрай працы", авантурысты і ваенныя спецкоры
Адзін мой знаёмы, не зусім далёкі і ад журналістыкі, і ад палітыкі, цвёрда перакананы, што журналісты, якія маюць статус замежных карэспандэнтаў у Беларусі, падзяляюцца на тры катэгорыі. Першая - гэта нашыя суайчыннікі, якія добра ўладкаваліся на працу і не атрымліваюць культурнага шоку ад Беларусі. Другая - замежнікі, абсалютныя авантурысты па натуры, якія на ўласнай скуры хочуць выпрабаваць усе сюрпрызы, схаваныя за словазлучэннем "свабода слова ў Беларусі". Да трэцяй катэгорыі мой знаёмы адносіць тых замежных карэспандэнтаў, якія маюць досвед працы ў гарачых кропках свету і ведаюць, як працаваць ва ўмовах вайны.
Мне цяжка з гэтым не пагадзіцца. Выглядае на тое, што ў наступным годзе ў сувязі з выбарамі прэзідэнта і спадзяваннямі розных краінаў свету адносна развіцця беларускіх падзеяў пасля тых самых выбараў, колькасць замежных карэспандэнтаў другой і трэцяй катэгорыі рэзка павялічыцца. Пытаньне толькі ў тым, як скончыцца гэтая камандзіроўка для кожнага з іх. Беларускія ўлады не цырымоняцца ні з кім: ні са сваімі, ні з чужымі.
Кажыце правільна: не дэпартацыя, а выдварэнне
Беларускія ўлады выпрабавалі досыць дзейсны сродак змагання з распаўсюдам непажаданай інфармацыі і такімі ж "нячэснымі", па іх меркаванні, замежнымі журналістамі - дэпартацыя і, натуральна, пазбаўленне акрэдытацыі. Дарэчы, паводле Палажэння МЗС аб акрэдытацыі карэспандэнтаў замежных СМІ, дэпартацыя называецца "выдворением". Найбольш гучна выдвараліся карэспандэнты НТВ Павел Селін, Аляксандр Ступнікаў, карэспандэнт газеты "Время" Міхаіл Падаляк... Літаральна ў жніўні гэтага года ў Гародні спачатку быў затрыманы, а пасля дэпартаваны карэспандэнт часопіса "Пшэкруй" Адам Тухліньскі. Дакладную колькасць пазбаўленых акрэдытацыі раней часу і выдвараных з Беларусі журналістаў ніхто не называе.
Асноўнымі прычынамі, па якіх замежнага карэспандэнта могуць дэпартаваць ці пазбавіць акрэдытацыі, Юры Свірко назваў аб'ектыўнае асвятленне падзеяў у Беларусі ці небеларускае грамадзянства. Тое ж казалі і іншыя мае суразмоўцы. І шматзначна дадавалі: "Падставу для дэпартацыі, калі спатрэбіцца, знойдуць у гэтай краіне максімум за гадзіну".
Замест пасляслоўя
На пытанне, чаму ён больш не працуе ў Беларусі, Юры Свірко адказаў, што тут яму працаваць не даюць.
- Майму ад'езду папярэднічала сутычка з прэзідэнцкім ахоўнікам, імя якога Сяргей. Ён ударыў мяне на адной з акцыяў пратэсту пасля рэферэндуму 2004 года, у той дзень, калі моцна збілі Анатоля Лябедзьку і аператара расейскага НТВ Канстанціна Марозава. Гэты ж самы чалавек не пускаў мяне ў Палату прадстаўнікоў на вачох дэлегацыі АБСЕ. У выніку гэтых непаразуменняў мяне не акрэдытавалі ў беларускі парламент на 2005 год, нягледзячы на тое, што спікер ніжняй палаты парламента падпісаў спіс на акрэдытацыю, у якім было і маё імя. Зразумеў, што працаваць нават у ранейшых умовах мне не дадуць. Таму я вырашыў не дражніць гусей і з'ехаў у Кіеў, - распавядае адзін з першых замежных карэспандэнтаў у Беларусі Юры Свірко.
Усе аповеды пра ўмовы працы і непасрэдную дзейнасць замежнага карэспандэнта ў Беларусі, якія я пачула, рыхтуючы матэрыял, сведчаць, што іншаземны журналіст яшчэ больш не абаронены, чым беларускі, і сутыкаецца са шматлікімі перашкодамі: ад акрэдытацыі да афармлення дакументаў на побыт у нашай краіне. Журналістаў замежных медыяў збіваюць і пераследуюць гэтаксама, як і беларускіх. І да іх працы і асобаў спецслужбы маюць, можа, нават большую цікавасць, бо, як сказаў мне адзін з супрацоўнікаў замежнай тэлекампаніі, карэспандэнт у Беларусі - практычна тое ж, што тэрарыст у ЗША.
У сярэдзіне снежня ў мінскім аэрапорце была затрымана на суткі, а пасля дэпартавана з Беларусі карэспандэнт першага канала Польскага тэлебачання (TVP1) Агнешка Рамашэўская. За некалькі дзён да таго карэспандэнтцы не дазволілі перасекчы беларуска-польскую мяжу аўтатранспартам.
А. Рамашэўская мела дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі. Па сцвярджэнні журналісткі, яна павінна была стварыць карпункт першага канала Польскага тэлебачання ў беларускай сталіцы.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін падцвердзіў, што грамадзянка Польшчы Рамашэўская мела акрэдытацыю, але заявіў, што журналістку дэпартавалі з Беларусі на законных падставах. Па словах Есіна, пытанне аб адмове ва ўездзе не звязана з прафесійнай дзейнасцю А.Рамашэўскай. Афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства сцвярджае, што МЗС Беларусі не разглядае захадаў TVP1 аб стварэнні карпункта ў Мінску.
Пра скандал пісалі шматлікія польскія газеты. Цікава аднак, што прадстаўнік канала TVP1 Яраслаў Шчэпанскі назваў стрыманасць у ацэнцы канфлікту "правільнай тактыкай". Бо рэзкія захады ў адказ могут ускладніць працу ў Беларусі іншых польскіх журналістаў, патлумачыў Шчэпанскі.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|