|
ЗАДАЧКА ДЛЯ ПРЭСЫ
Чытаючы сённяшнія газеты, часам лаўлю сябе на банальнай думцы: а пра што, уласна кажучы, яны пішуць? У сто разоў цікавей чытаць газеты 10 --12-гадовай даўніны...
Юрка КОПЦІК, г. Орша
Помніцца, на апошнім з'ездзе Беларускай асацыяцыі журналістаў я ўсё чакаў, што будуць гаварыць сярод іншага і пра гэта - што пісаць і як пісаць. Не дачакаўся. Хаця адзін малады калега пачаў прапагандаваць заходнюю мадэль друкаванай прэсы. Маўляў, трэба даваць чытачу толькі "голую" інфармацыю без усялякіх уласных каментароў і думак. Чытач сам мусіць аналізаваць ды рабіць высновы...
Мадэль знаёмая. Сцісла яе можна сфармуляваць прыкладна так: што, дзе, калі і хто. Аднак калі жорстка трымацца гэтай схемы, то гэта ўжо будзе не журналістыка, а статыстыка. А статыстыка - рэч мёртвая, цікавая дастаткова абмежаванаму колу чытачоў. Што збольшага і паказваюць лёс і наклады газет, якія строга прытрымліваліся гэтай канцэпцыі. Прычым без розніцы - ці то дзяржаўныя, ці то недзяржаўныя. А журналістыка, як мне здаецца, увасабляе ўсё ж нешта іншае, чым пастаўку ў СМІ інфармацыйнай жуйкі ў фармаце "што, дзе, калі і хто"...
Прамінула нямала часу з БАЖаўскага з'езду, а праблема менш актуальнай не стала: пра што пісаць (гаварыць, паказваць) і як. Больш як за дзесяцігоддзе з нашай прэсы пад уздзеяннем розных "перадавых" тэхналогій ды мадэляў, запазычаных у цывілізаванага Захаду, амаль цалкам знік такі жанр як публіцыстыка. Сёння нават тыя журналісты, якія маглі б пісаць у гэтым жанры, амаль не пішуць, а тое, што цяпер выдаецца пад шыльдай "публіцыстыка", чытаецца з сумным пазяханнем. Цяпер тэхніка ў рэдакцыях збольшага адпавядае часу, а вось з колішняй жанравай разнастайнасці мала што засталося. Разам з заакіянскай мадэллю прэсы нават тэрміны цяпер з'явіліся заакіянскія - "калумніст" і г. д. Найбольш яскравы прыклад - газета "Время" і ўсе яе наступныя пераўвасабленні, дзе публіцыстыка падмянялася аналітыкай, - прычым, за рэдкімі выключэннямі, вельмі невысокага ўзроўню. Так што мушу пагадзіцца з рэдактарам "СБ" (ці "БС"?) Паўлам Якубовічам, калі ён гаворыць, што сёння яго найбольш трывожыць стан публіцыстыкі ў беларускіх СМІ. Што б ні казалі пра Якубовіча, яго грамадзянскую пазіцыю, але ён і зараз застаецца адным з найбольш яскравых нашых публіцыстаў, таму тут яму можна даць веры.
Строга кажучы, усё, ці амаль усё, што можна сёння прачытаць у газетах ці пачуць на радыёхвалях, падзяляецца на дзве вялікія катэгорыі: апалагетыка ўлады і яе крытыка. Паводле аднаго гэтага крытэрыю, не зважаючы на "шапку" газеты ці назву радыёстанцыі (ТV тут не бярэцца пад увагу з прычыны яго выключнай манапалізаванасці дзяржавай), можна беспамылкова вызначыць - дзяржаўны ці недзяржаўны "сродак" ты чытаеш ці слухаеш. Прычым у абодвух гэтых катэгорый прэсы ёсць тэмы, на якія накладзена жорсткае табу. У дзяржаўных СМІ забароненая не тое што крытыка, а нават намёк на незадаволенасць палітыкай прэзідэнта, дзеяннямі афіцыйных структур і ўсім тым, што падпадае пад вызначэнне "дзяржаўная вертыкаль". Асобнае табу - на крытыку савецкага мінулага. Недатыкальным фетышам з'яўляецца афіцыйная гістарычная версія таго, што адбывалася ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
У незалежнай (той, якая не атрымлівае сродкаў з дзяржбюджэту) прэсе не вітаецца крытыка апазіцыйных палітыкаў і структур, але асабліва непарушнае табу накладзена на любыя размовы пра крыніцы і формы іх фінансавання. Што, зразумела, з'яўляецца адной з любімых і бясконцых тэм дзяржаўных СМІ, якія бязлітасна ганьбяць апазіцыю і "нячэсных" журналістаў.
Між іншым, у апазіцыйных палітыкаў чамусьці склалася цвёрдае ўяўленне, што ўся дэмакратычная прэса павінна безумоўна падтрымліваць іх ва ўсім і паўсюль. Яскравае сведчанне - праграмныя заявы Анатоля Лябедзькі ды іншых лідэраў "Пяцёркі +" у час апошняй выбарча-рэферэндумнай кампаніі. Прычым гэтыя палітыкі ўжо лічаць падтрымку недзяржаўных СМІ адным з галоўных складнікаў перамогі. І вось тут дарэчы задаць пытанне: а чаму яны вырашылі, што гэта абавязковая ўмова існавання незалежнай прэсы? Чаму яны павінны мець імунітэт ад крытыкі? Скажу больш: наша няздарная апазіцыя першага прызыву даўно заслужыла ўшчування, што называецца, па ўсім фронце менавіта ад дэмакратычнай прэсы. Бо крытыка з боку дзяржаўных СМІ - зласлівая, здзеклівая - ужо не выклікае ў палітыкаў ніякіх заўважных эмоцый. Яны прызвычаіліся да гэтага, нічога іншага ад улады і не чакаючы. І нічога не зменіцца, пакуль незалежная прэса не пачне крытычным вокам пазіраць на нашу апазіцыю, якаяпатанула ва ўласных прэтэнзіях ды разборках.
Нарэшце апошнім часам гаць прарвала, і крытыка апазіцыі актывізавалася, прычым не без скандалаў і крыўдаў. Здаецца, Юрый Дракахруст першы нясмела прызнаў: у 2001 годзе Лукашэнка без "нацяжак" сваёй вертыкалі набіраў 56 - 58 % галасоў выбаршчыкаў. Крытыка, якая спачатку зводзілася да такіх "бронетанкавых" прапаноў, як, напрыклад, у "Народнай волі" - хлопцы, давайце аб'ядноўвацца! - нарэшце "дастала" адрасата. Лідэры апазіцыі ўцямілі: трэба сапраўды нешта рабіць. Не буду нічога казаць пра апошнюю спробу зноў аб'яднацца і вылучыць адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах. Важна іншае: неазаангажаваныя ў гэты палітычны праект журналісты пачалі нарэшце выказваць свае крытычныя развагі. І гэта нармальна. Гэтак і павінна быць. Бо варта ўзгадаць, што наша палітычная апазіцыя практычна ад самага свайго станаўлення прыўлашчыла манапольнае права на ісціну ў апошняй інстанцыі, права на крытыку ўлады, затое абсалютна не пераносіла крытыкі ў свой адрас.
Нагадаю лёс аднаго даволі вядомага ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя выдання, бюлетэня "Навіны БНФ". Тады ў газеце абсалютна слушна распісалі надта непрыстойную і абсалютна беспадстаўную выхадку дэпутаткі Вярхоўнага Савета ад фракцыі БНФ у дачыненні адной дзяржчыноўніцы. Скончылася гэта тым, што рэдакцыю бюлетэня выклікалі "на дыван" і наладзілі разбор палётаў у лепшых традыцыях савецкай партыйнай наменклатуры, якую так зацята крытыкавала парламенцкая фракцыя БНФ. Пасля чаго журналісты вырашылі: калі так, то рабіце газету без нас. І сышлі. "Навіны БНФ" надоўга зніклі з медыйнага поля краіны. І цяпер, калі пасля некалькіх спробаў аднавіць бюлетэнь, ён нарэшце зноў пачаў перыядычна выходзіць, то не мае і дзесятай долі таго ўплыву і аўдыторыі, што некалі былі…
Лічу, што адна з найактуальнейшых задач сённяшняй дэмакратычнай прэсы - крытыка нашай палітычнай апазіцыі і яе намаганняў зноў адшукаць апірышча дзе заўгодна, толькі не ў тым народзе, сярод якога яна збольшага і жыве. Мець такі фатальна нізкі рэйтынг сярод насельніцтва пры надта невысокім узроўні даверу да ўлады - гэта як жа трэба было пастарацца! І што цікава: ніхто не жадае прызнаваць дапушчаных памылак. Наадварот, кожны са сваіх чарговых палітычных правалаў наша апазіцыя ўпарта абвяшчае маральнай перамогай. А вывесці на вуліцы больш за 3 тысячы чалавек на любое шэсце яна ўжо не ў стане. Даходзіць да абсурду, калі часам замежных удзельнікаў ледзь не болей за мясцовых… Пры гэтым апазіцыя патрабуе ад незалежнай прэсы безумоўнай інфармацыйнай падтрымкі, разглядаючы СМІ амаль як частку сваёй вотчыны. Міжволі задумаешся: а што, калі гэтыя палітыкі перамогуць, -- правіць краінай будуць гэтаксама? Чым жа тады наша апазіцыя адрозніваецца ад цяперашніх уладаў?
Але рэч у тым, што не перамогуць. Занадта багата шанцаў змарнавала апазіцыя, занадта шмат даверу людзей страціла. А крэдыт даверу, як вядома, самая дэфіцытная рэч, і сёння гэта відавочна, як ніколі. Калі ты хочаш прыйсці да ўлады, то ты змагаешся за яе. А калі не хочаш - то імітуеш змаганне.
Садзейнічаць хутчэйшаму сыходу са сцэны дзеячоў нашай сённяшняй-учарашняй палітычнай эліты, якая прайграла ўсё, што толькі можна было прайграць, і спрыяць з'яўленню ў вялікай палітыцы новай генерацыі, плыні людзей, здольных узняць страчаны давер народа, - гэта вельмі складаная, але і самая важная сёння задача дэмакратычнай прэсы.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|