БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

Часопіс АБАЖУР на старонках  КАМУНІКАТУ

 
 АБАЖУР №№ 46-47

АБАЖУР №№ 46-47Нямыя выбары

Палітолагі падкрэсліваюць: любыя выбары, нават пры аўтарытарным рэжыме, які заўжды імкнецца зрабіць з іх імітацыйнае мерапрыемства, тояць у сабе момант крызы. З набліжэннем "крытычных дзён" вярхі пачынаюць нервавацца. А тут яшчэ нагналі страху каляровыя рэвалюцыі!

ЖУРНАЛІСТ - ПАЛІТЫКА

Аляксандр КЛАСКОЎСКІ
кіраўнік аналітычнай службы інфармацыйнай 
кампаніі БелаПАН

У дэмакратычных краінах перадвыбарчая кампанія ставіць грамадства на вушы. Кандыдаты агітуюць за свае праграмы з кожнага праса. Электрызуецца нават той, хто зазвычай цікавіцца толькі півам ды футбольнай суперлігай.

Гэтая часіна - раздолле для прэсы. Журналіст купаецца ў інфармацыйных нагодах, рыхтуе вострыя інтэрв'ю, перадае чытачам ці гледачам энергетыку мітынгаў - карацей, пачуваецца ў сваёй стыхіі.

Так - усюды, але не ў нас.

Бо нам гэтага не трэба. Няма чаго псаваць стабільнасць нездаровымі жарсцямі. Хіба і без таго не зразумела, хто самы дастойны? А хто сумняваецца ды яшчэ, крый Божа, звягае пра нейкую джынсавую рэвалюцыю, таму амон хутка мазгі ўставіць.

Палёты з пагрозаю жорсткіх разборак

Зрэшты, трэба аддаць належнае нашым уладным стратэгам: з урокаў Майдана яны сёе-тое наматалі на вус. Пратэставыя імпульсы вырашана душыць у зародку.

Праўду кажучы, і ў 2001 годзе апазіцыйным прэтэндэнтам не давалі асабліва разгуляцца, але гэтым разам заціснулі ўвогуле - так, што ні дыхнуць ні вохнуць.

Улада здолела стварыць вакол патэнцыйных сапернікаў дзейнага кіраўніка амаль што суцэльны інфармацыйны вакуум.

Цяпер выразна бачна, як прадумана ды метадычна ўсё рабілася. Выкінулі незалежную прэсу з шапікаў і каталогаў. Наладзілі фільтраванне інтэрнету (асабліва ў ВНУ ды інтэрнатах). Узбагацілі крымінальнае заканадаўства шэрагам грозных артыкулаў, у тым ліку - за дыскрэдытацыю дзяржавы (за савецкім часам гэта называлася "научим Родину любить").

Асобныя назіральнікі "суцяшаюць", мяркуючы, што гэтыя заканадаўчыя навелы ўведзеныя найперш дзеля застрашвання і наўрад ці будуць ужывацца. Маўляў, усё ж не 37-ы год.

Але, па-першае, дамоклаў меч так ці іначай робіць сваю справу. Праклятая самацэнзура становіцца яшчэ болей неадчэпнай спадарожніцай кожнага, хто публічна выкладае думкі, адрозныя ад пастулатаў афіцыйнай ідэалогіі.

Па-другое, згадайма зноў 2001 год. Тады да выбараў улада таксама лічыла за лепшае не будзіць ліха, не торгаць паказальнымі рэпрэсіямі і без таго палітызаваную публіку. Хаця ў заканадаўства ўжо былі прадбачліва ўбудаваныя артыкулы за абразу найвышэйшай асобы. А "разбор палётаў" наладзілі потым, пасля "элегантнай перамогі". На фоне татальнай грамадскай апатыі і песімізму спакойна прапісалі "хімію" журналістам Міколу Маркевічу, Паўлу Мажэйку ды Віктару Івашкевічу.

Дык дзе гарантыя, што чарговая "хімічная" рэакцыя не распачнецца пасля 19 сакавіка?

Так што шматкроць бітыя журналісты і рэдактары недзяржаўнай прэсы на ўсялякі пажарны працэджваюць кожную фразу праз сіта новых заканадаўчых фармулёвак: ці не занадта?..

Ну а сваім, "чэсным" журналістам зверху проста загадалі прыглушыць гучанне перадвыбарчай тэматыкі. Каб бальшыня шараговых суайчыннікаў нават і не падазравала, што можа існаваць нейкая альтэрнатыва дзейнаму кіраўніку.

Але ж трэба неяк прабіваць гэтую сцяну маўчання!

"Парытэт" ля гумавай лялькі

З пачаткам цяперашняга электаральнага марафона кіраўніцтва інфармацыйнай кампаніі БелаПАН прапанавала мне рэдагаваць адмысловы сайт "Выбары" (дарэчы, каму цікава, калі ласка - www.elections.belapan.com). Сярод іншых завялі на ім рубрыку "Маніторынг". Вырашылі даваць найбольш цікавыя публікацыі на гэтую тэму з дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы. І каб па магчымасці было фіфці-фіфці, без аднабаковасці.

Дык вось, вытрымліваць парытэт аказалася практычна немагчыма. У дзяржаўных медыях тэма праслізвала зрэдчас, прычым зазвычай даводзілася сустракаць або прымітыўны пераказ афіцыйных тэкстаў (кшталту пастаноў ЦВК), або пасквілі.

Дый пасквілі, так бы мовіць, недапечаныя. Ваяўнічыя публіцысты з дзяржаўных медыяў мусілі круціцца як той гад на патэльні. Бэсціць "адмарозкаў" - справа звыклая, але ж гэтым разам рукі звязаныя. Каб не ўводзіць народу ў вушы прозвішча вылучэнца Кангрэса дэмакратычных сіл, наверсе ўвогуле забаранілі яго згадваць. Майстрам прапагандысцкага "мачылава" давялося мясіць нейкую гумавую ляльку.

Начытаешся паводле абавязку службы такіх атрутных твораў - дык хоць ты ідзі да кіраўніцтва па малако за шкоднасць. Праўду казаў прафесар Прэабражэнскі з "Сабачага сэрца": не чытайце перад абедам савецкіх газет! Зрэшты, доктар Барменталь таксама слушна зазначаў, што іншых жа няма…

Ну а што ж застаецца рабіць апазіцыянерам, якія вырашылі кінуць пальчатку цяперашняй сістэме?

Вылучэнец Кангрэса дэмакратычных сіл абвясціў, што разлічвае на самвыдат ды інтэрнет.

Страта

Сапраўды, сёння палітычныя апаненты рэжыму засталіся амаль што без публічных трыбун. З аднаго боку, гэта логіка эвалюцыі самой сістэмы, якая ўсё мацней закручвае шрубкі. З іншага боку, кладучы руку на сэрца, варта зазначыць, што палітыкі-дэмакраты ў свой час не надта шчыравалі дзеля абароны незалежных медыяў. Лідэрам партый здавалася, што іх бясконцыя каардынацыйныя палітрады - справа найважнейшая. Яшчэ і крыўдзіліся, калі недзяржаўная прэса трохі скубала за перманентную кансалідацыю з нязменна нулявым эфектам.

Тым часам улада паслядоўна глушыла неўпадабаныя СМІ. Сёння засталася жменька, ды і тыя ледзьве дыхаюць.

Вядома, гісторыя не церпіць умоўнага ладу. Але, грэшны, паддаюся іншым разам спакусе ўзвялічвання нашага медыйнага рамяства. І думаю, што калі б айчынныя дэмакраты адразу пасля распаду Савецкага Саюза трохі болей паклапаціліся пра разняволенне прэсы, можа, уся найноўшая беларуская гісторыя склалася б іначай.

На пачатку 90-х быў перыяд, калі аўтар гэтых радкоў рэгулярна ладзіў дыялогі ў жывым эфіры беларускай тэлевізіі з тагачасным старшынёй Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам. Падкрэслю: ён тады быў найвышэйшай службовай асобай краіны. Ідэю прэзідэнцтва толькі яшчэ песцілі ў Кебічавым атачэнні (як потым высветлілася - на сваю галаву!).

Дык вось, прызнаюся: у кулуарах БТ, калі мы заставаліся сам-насам, чакаючы эфіру, я некалькі разоў даводзіў высокаму суразмоўцу: трэба тэрмінова раздзяржавіць СМІ! Абсталяваць інфармацыйную сферу на цывілізаваны ўзор. Іначай маладой беларускай дэмакратыі хутка будзе капец. Хіба не бачыце, як падграбаюць пад сябе медыі Кебічавы палітрукі?

Тут трэба нагадаць, што айчынныя СМІ пасля путча 1991 года і забароны КПСС на нейкі час страцілі звыклых куратараў ды плылі "без руля і без ветразяў". Многія маскоўскія выданні ў аналагічнай сітуацыі былі хутка прыватызаваныя, сталі ўласнасцю журналісцкіх калектываў. Яны рашуча баранілі дэмакратыю і Ельцына ад саўковага рэваншу.

А ў нас усё элементарна праспалі…

Мусіць, і ў іншых прагрэсіўных дзеячаў, і персанальна ў Шушкевіча было шмат клопатаў, акрамя прэсы. Не дайшлі рукі. А шкада. Бо калі пачалася кампанія дыскрэдытацыі старшыні Вярхоўнага Савета, у краіне амаль што не знайшлося медыяў, гатовых стаць на абарону спікера-дэмакрата.

Самі гонім, самі п'ем - самапалам аддае!

Пазней трыумфатар выбараў-94 скажа на першай прэсавай канферэнцыі, што ад сённяшняга дня СМІ могуць пачувацца вольнымі. Праз дванаццаць гадоў - як тут выказацца далікатна? - маем тое, што маем.

Вось і каманды апазіцыйных прэтэндэнтаў міжволі мусілі зрабіць стаўку на ўлёткі, бюлетэні, адмысловыя выпускі - іначай кажучы, "баявыя лісткі". Але ж, кладучы руку на сэрца, прызнаем: гэта не сапраўдная прэса.

Больш за тое, рызыкну выказаць думку, што "падпрацоўка" ў такіх праектах па вялікім рахунку псуе незалежных журналістаў, пагражае дэфармацыяй прафесійных крытэраў. А калі адпаведным чынам пачынаюць "падпрацоўваць" цэлыя выданні - гэта дыскрэдытуе самі брэнды.

Не хачу выглядаць гэткім ужо маралістам у белых пальчатках. Натуральна, тым журналістам, што не кормяцца ад бюджэтнага пірага, таксама трэба неяк зарабляць на жыццё. Недзяржаўным медыям неабходна выжываць у нялюдскіх умовах. І калі ў каманды палітыка Ікс ёсць такі-сякі рэсурс, дык чаму б не скарыстацца нагодаю і пралетарыям пяра?

Але будзьма шчырымі: гэта таксама патыхае кан'юнктуршчынай, што здольная ржою раз'ядаць прафесійныя прынцыпы аналагічна таму, як раз'ядае іх прыстасаванства афіцыёзнікаў. Калі, напрыклад, газета, што заўжды гучна пазіцыянавала сябе як незалежная, пачынае заўважна падгульваць аднаму прэтэндэнту, нават яе адданыя чытачы пачуваюцца ніякавата.

Да таго ж і робіцца такі перадвыбарчы піяр часцяком абы-як, неахайна, кандова. Вушы тырчаць. Асобныя справаздачы пра хаджэнне дэмакратычных лідэраў у народ мала чым адрозніваюцца ад публікацый у дзяржаўных СМІ пра візіты дзейнага кіраўніка ў рэгіёны. Тая самая саладжавасць, такія самыя "раялі ў кустах" (кшталту "выпадковых" сустрэч былога рэктара з удзячнымі выпускнікамі ў нейкай кавярні).

Дубова, сумна выглядаюць і велізарныя інтэрв'ю з прэтэндэнтамі, калі тыя гавораць з ненатуральным пафасам ды выглядаюць свяцейшымі за Папу рымскага. Карацей, адразу адчуваецца, што "ключніца гарэлку рабіла", як казаў герой культавай савецкай кінакамедыі.

Такім чынам, калі журналісты, згодна з ленінскай схемай, становяцца "памагатымі партыі", "колцамі ды шрубкамі" рэвалюцыйнай справы, гэта ў многіх выпадках падкошвае пад корань прафесійныя крытэры і апускае ўзровень публікацый "ніжэй за калена".

Для паўнаты малюнка варта дадаць, што перадвыбарчая тэматыка сяк-так пульсуе ў незарэгістраваных сеткавых медыях. Паколькі інтэрнет яшчэ не ахоплены законам аб друку, тут зазвычай пішуць больш смела. Зрэшты, ведаючы, што ў нашае улады рукі доўгія, сеткавыя аўтары пераважна хаваюцца за псеўданімамі.

Падобная ананімнасць - таксама, скажу я вам, палка з двума канцамі. Асабіста я лічу, што калі адказваеш за кожны радок уласным прозвішчам, гэта дысцыплінуе думкі і пачуцці, вымагае гранічнай самааддачы. Так сярэднявечныя майстры шчыравалі над вырабамі з персанальным кляймом.

Уперад - да існага

Зрэшты, адкінем пафас. Варта пагадзіцца: наша рамяство ў нашай краіне мае сваю спецыфіку. У аўтараў, што чапляюць уладу за жывое, бываюць сапраўды важкія прычыны замаскавацца. Кепска хіба тое, што ананімнасць спакушае каго-кольвек "адцягнуцца па поўнай праграме". Адпомсціць за ўсе прыніжэнні і страхі.

Згодны, "там" - далёка не анёлы. Але калі артыкул занадта зласлівы, калі пярэсціць ярлыкамі ды лабавымі лозунгамі - асабіста мне чытаць нецікава. Фактычна гэта капіяванне стылю афіцыйнай прапаганды, толькі мішэні - з іншага боку.

Я перакананы, што журналістыка - адна. І прынцыпы павінны быць адзіныя, універсальныя. Яны простыя, як біблейскія запаветы. Праблема ў тым, каб утрымацца ад спакусы трошкі адсунуць іх убок - дзеля "рэвалюцыйнай мэтазгоднасці". Прынцып "мэта апраўдвае сродкі" - вельмі небяспечны.

Але ж мы змагаемся пад дэмакратычным сцягам, запярэчаць мне. Мы - не раўня "тым цемрашалам", наша справа справядлівая.

Гэта асобная складаная тэма. Дарэчы, хто-ніхто з дэмакратычных змагароў настойліва даводзіць тэорыю, згодна з якой недзяржаўнай прэсе крытыкаваць апазіцыю ўвогуле амаральна, бо гэта - нож у спіну.

Я згодны, што подла біць ніжэй за пояс. Прыёмы афіцыйнай прапаганды часцяком проста па-за межамі прыстойнасці. Але і рабіць з прадстаўнікоў апазіцыйнай эліты ідалаў, пляскаць у ладкі кожнай іх думцы - не на карысць самой гэтай эліце. Ды і ўвогуле - хіба яны манапалізавалі дэмакратычную ідэю?

Так, ім нясоладка. Але тое, што рэжым цісне, бярэ за гарляк - гэта толькі адзін бок медаля. З іншага боку, за мінулыя гады і сама апазіцыя нарабіла шмат глупстваў, іншы раз - фатальных. Калі незалежная прэса заўважае хібы і недарэчнасці апазіцыйнай тактыкі, нават кпіць з няўдалых хадоў - гэта проста горкія лекі.

Безумоўна, медыі могуць і павінныя працаваць на дэмакратычныя змены, але гэтыя механізмы куды танчэйшыя, далікатнейшыя, чым тыя, што некалі абмаляваў Ленін у творы "Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура". На жаль, з нашых дэмакратычных лідэраў толькі адзінкі маюць уяўленне пра камунікацыйныя тэхналогіі, пра сучасныя методыкі ўзаемадзеяння з прэсай. Перадвыбарчай кампаніі апазіцыянераў, ва ўсякім разе на першых стадыях, надта ж бракавала крэатыву, умення ствараць моцныя інфармацыйныя нагоды.

Ну а ўлада асэнсавана ўзяла на ўзбраенне менавіта бальшавіцкія прынцыпы жорсткага кіравання прэсай. У выніку мы маем у цэнтры Еўропы ХХІ стагоддзя такі аксюмаран як нямыя выбары. Амаль што нямыя. Бо ёсць купка журналістаў ды СМІ, што і ў гэтых вар'яцкіх умовах упарта працягваюць рабіць сваю справу - ствараць прафесійны медыя-прадукт.

Хай сабе ў грамадскі арганізм, што ўчадзеў ад прапаганды, трапляе толькі мізэрнае каліва альтэрнатыўнай інфармацыі. Але ж іншым разам менавіта гомеапатычныя дозы здольныя рабіць цуды.

ВРЕЗКА В ТЕКСТ:

Маразы, якіх "не памятаюць старажылы" (мо яны ўжо ўвогуле мала што памятаюць?)… Хакены матч з удзелам першай асобы… Падрыхтоўка тэхнікі да сяўбы… Вось вам тыповая тэматычная палітра беларускіх дзяржаўных медыяў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Між тым падзея, што здараецца раз на пяць гадоў (ва ўсялякім разе, пакуль у нас яшчэ не ўкаранілі прагрэсіўны досвед усходніх дэспатый - пажыццёвае кіраванне), падзея, што мусіць быць у прэсе па-за канкурэнцыяй, апынулася ў цені, на заднім плане, па-за сумнымі вытворчымі справаздачамі ды рознымі забаўкамі.

Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, 
кіраўнік аналітычнай службы інфармацыйнай 
кампаніі БелаПАН


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

АБАЖУР - часопіс Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster