БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

Часопіс АБАЖУР на старонках  КАМУНІКАТУ

 
 АБАЖУР №№ 46-47

АБАЖУР №№ 46-47Быць першым!

Найлепшымі рэпарцёрамі свету цэлы тыдзень былі нашыя Юрась Карманаў і Сяргей Грыц, якія асвятлялі для агенцтва "Associated Press" экалагічную катастрофу на рацэ Амур.

НАШЫ ЗОРКІ НА ЧУЖЫМ НЕБАСХІЛЕ

У сённяшнім "Абажуры" яны зноў выступаюць зорным тандэмам - Сяргей з выбітнымі фотаздымкамі, Юрась - з расповедам, у якім нават "мэтры" знойдуць шмат карыснага.

- "Аssociated Press" (АР) - самае буйное і найстрэйшае ў свеце інфармацыйнае агенцтва, навінамі якога штодня карыстаецца больш за 1 млр. чалавек. Кожны тыдзень рэдактары са штаб-кватэры ў Нью-Йорку вырашаюсь, хто ў агенцтве лепш працаваў. Журналісты АР працуюць у 121 краіне свету. Таму атрымаць тыднёвую прэмію лічыцца вельмі прэстыжным. У краінах СНД за ўвесь мінулы год толькі асвятленне крывавых падзеяў у Андыжане (Узбекістан) было адзначана прэміяй "Beat of the Week" ("Лепшы матэрыял тыдня АР"). У Хабараўску, на кітайскай бензольнай пляме, я і мой калега Сяргей Грыц выйгралі "Beat of the Week" - мы былі прызнаныя лепшымі журналістамі АР у свеце на тым тыдні.

- Звычайна гэтую прэмію атрымліваюць журналісты з заходніх краінаў?

- Гэта залежыць ад падзеі. На прэмію зазвычай намінуюцца адразу некалькі краінаў. На сваім "прызавым тыдні" мы канкуравалі з Вашынгтонскім бюро і з Ізраільскім, якое пісала пра стан здароўя Арыэля Шарона.

- Гэта такая завядзёнка ў буйных агенцтвах - пасылаць людзей у невядомы край? Чаго вас панесла ў Хабараўск? Не было пра што пісаць у Беларусі?

- Згадзіцеся, пра расейскі Далёкі Усход беларусу пісаць лягчэй, чым рэпарцёру, напрыклад, са Швецыі ці Афрыкі… АР - міжнароднае агенцтва, і калі дзесьці штосьці здараецца, то журналісты з бліжэйшых бюро скіроўваюцца для асвятлення падзей. Я ў АР пяты год і за гэты час папрацаваў, напрыклад, у Варшаўскім бюро на выбарах і на пахаванні Папы Рымскага Яна Паўла Другога. У час украінскай "памаранчовай рэвалюцыі" я на два месяцы "пасяліўся" ў бюро ў Кіеве і быў намінаваны на прэмію "Beat of the Week" за інтэрвью з Віктарам Юшчанкам, у якім ён распавёў, калі і дзе быў атручаны. Увесь час мы асвятляем аператыўныя падзеі ў розных краінах. Мой калега Сяргей Грыц працаваў і ў Афганістане, і ў Іраку, і ў Чачні.

- Як гэта звычайна адбываецца? Табе тэлефануюць і даюць загад: "Спадар Карманаў, збірайце рэчы і наперад"?

- Звычайна адбываецца так: альбо з ранку, альбо ў дзень тэлефануе кіраўніца Маскоўскага бюро Джудзіт Інграм і кажа: "Юрась, добра табе дома? Напэўна, я твой спакой парушу. Ёсць такая сітуацыя (альбо ў Хабараўску, альбо ў Польшчы, альбо ва Украіне), ці не хацеў бы ты паехаць? Мы якраз абмяркоўваем тваю кандыдатуру з Еўрапейскім бюро ў Лондане (яно адказвае за краіны СНД, Еўропу, Азію і Блізкі Усход, туды сцякаецца ўся інфармацыя)". Я кажу: "Згода". Пасля гэтага праходзіць гадзіна-паўтары, мне зноў тэлефануюць: рашэнне прынята - за працу.

Так здарылася і тым разам. Калі ў Кітаі на бензольным заводзе адбыўся выбух, то ў прыток Амура - рэчку Сунгары - вылілася сто тон бензолу, і гэтая пляма пайшла на Хабараўск. Катастрафічнасць сітуацыі была ў тым, што Хабараўск не мае сваёй артэзіянскай свідравіны. Горад бярэ ваду з Амура. Хабараўску, у якім пражывае семсот тысяч насельніцтва, пагражае экалагічная катастрофа, бо бензол і нітрабензол горшыя за радыяцыю. За год шкодныя рэчывы назапашваюцца ў арганізме і выклікаюць рак крыві і печані. Акрамя таго, на Сунгары, якая ўліваецца ў Амур, стаяць яшчэ 18 хімічных прадпрыемстваў, а стварэннем ачышчальных збудаванняў кітайцы сябе не абцяжарваюць.

- Ну, атрымаў ты гэтую прапанову. Мяркую, што многія пасля такога рэдакцыйнага задання разгубіліся б. Не ўсе валодаюць "хімічнай" інфармацыяй пра бензольную пляму, яе шкоду. Што ты робіш далей? Бяжыш у бібліятэку, да кампутара ці ўсё ж збіраеш рэчы?



- Усе падзеі ў свеце адбываюцца знянацку, таму рэпарцёры вымушаныя заўсёды быць напагатове. Я часам зранку прыязджаю з адной камандзіроўкі, а ўвечары накіроўваюся ў іншую. Тэхнічна гэта выглядае так: у мяне ёсць гэтак званы палявы набор, альбо "нечапайка" - металічны кубак, кіпяцільнік, кава, цукар, прылады гігіены. Гэта заўсёды напагатове: можа ляжаць месяц-два, а можа спатрэбіцца за гадзіну. У Хабараўск мы выехалі праз тры гадзіны. Спачатку дабраліся да Масквы, а потым 8 гадзінаў ляцелі на самалёце да месца прызначэння. За доўгі час дарогі я паспеў улезці ў інтэрнет і пачытаць, што пішуць пра аварыю расейскія агенцтвы, патэлефанаваў калегам у Хабараўск і распытаў пра сітуацыю ў горадзе. Таму ехаў больш-менш падрыхтаваны.

Тваё кіраўніцтва не цікавіць, валодаеш ты сітуацыяй альбо не. Ты - прафесійны журналіст, і ты мусіш знайсці кантакты, крыніцы інфармацыі, спраўдзіць яе надзейнасць і гэтак далей.

Калі мы прыляцелі ў Хабараўск, па мінскім часе ўжо была глыбокая ноч, а тут - яшчэ раніца. Розніца ў часе 8 гадзінаў, і я доўга блытаў дзень з ноччу. Схема працы звычайная, многім калегам вядомая: пасля засялення ў гатэль звязваешся з мясцовымі органамі ўлады, каб атрымаць афіцыйную інфармацыю. Дамаўляешся на інтэрв'ю. Я пагутарыў з прадстаўнікамі ўрада Хабараўскага краю і ратавальнікамі з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Потым знайшоў незалежных эколагаў з Сусветнага Фонда дзікай прыроды. Яны манітораць сітуацыю на Амуры, і я ўзяў у іх інтэрв'ю. Праз іх выйшаў на Інстытут водных рэсурсаў Расейскай Акадэміі навук, які працуе ў Хабараўску. У інстытуце я знайшоў надзейную крыніцу інфармацыі, бо ўсе пробы вады, якія бярэ МНС, тэстуюцца ў гэтым інстытуце. Мне параілі звярнуцца да прафесара Кандрацьевай - і атрымалася "інфармацыйная бомба". Прафесар сказала, што кітайцы ашукалі расейцаў, паведаміўшы толькі пра зліты ў Амур бензол і нітрабензол. Насамрэч сітуацыя была значна горшая, бо ў ваду патрапілі таксама поліараматычныя вадароды і хлораўтрымальная арганіка. Вынікала, што, калі вада паступае ў ацяпляльную сістэму, пачынае расці грыбок - і гэта яшчэ больш катастрафічныя наступствы для Хабараўска. Пра гэта я і зрабіў адзін з першых матэрыялаў.

Пасля губернатар Хабараўскага краюя казаў: "Нас ашукалі. Спадары кітайцы, афіцыйна адкажыце, што за падарунак да Новага года вы нам даслалі?" Гэтак інфармацыя пачала распаўсюджвацца.

- Дазволь цябе перапыніць. Вось ты звяртаўся да губернатара, незалежных эколагаў, у інстытут. Але першы матэрыял выдаў пасля размовы з прафесарам Кандрацьевай? Ці ўвесь час ты павінен быў выдаваць інфармацыю?

- Сітуацыя гэткая: мы прыехалі і чакалі пляму. Яна дайшла да горада праз 9 дзён. Але я павінен быў выдаваць матэрыялы кожны дзень. І не проста кароткія інфармацыі, а паўнавартасныя агляды таго, што адбываецца ў горадзе і рэгіёне. Матэрыял павінен уключаць у сябе каментар прадстаўніка ўлады (афіцыйную інфармацыю), пункт гледжання незалежнага эксперта. Абавязковаі размўляць з людзьмі на вуліцах, распавядаць пра тое, як яны рыхтуюцца да прыходу плямы. Бо ў амерыканскім друку патрабуецца максімальная набліжанасць да "простага чалавека". Неабходна распавесці, як сітуацыя адбіваецца на звычайных людзях. З гэтага кожны матэрыял пачынаецца і гэтым заканчваецца. Кватэры жыхароў Хабараўска ператвораныя ў склады для захоўвання вады - бутэлькі, рондлі, вёдры і нават ванны напоўненыя вадой. Гэта асноўныя сюжэты любога матэрыялу.



Гатэль, у якім я жыў, стаяў на беразе Амура. І першае, што я пабачыў, - рыбакоў, якія сядзелі з вудамі ля лунак. Я пайшоў да гэтых людзей і пачаў распытваць, ці не баяцца яны атруты. Яны распавялі мне пра народны тэст: "Калі кот рыбу з'есцьі і не памрэ, то і нам можна". Гэтыя цікавыя эпізоды сталі падмуркам маёй першай гісторыі.

Шчыра скажу, працаваць было цяжка. Калі мы выляталі, у Маскве быў нуль і дождж, а ў Хабараўску - мінус 30. Але гэта нікога не цікавіць: змерз - не змерз, спаў - не спаў, а збірай інфармацыю далей, каб быў запас на наступны дзень.

- Колькі такіх гісторый вы з Грыцом зрабілі за хабараўскую камандзіроўку?

- Вялікіх гісторый - штук дзесяць. І штодня ты не можаш пісаць адно і тое ж. Пакуль чакалі пляму, сітуацыю ў Хабараўску мы апісалі, пачалі шукаць іншыя аспекты тэмы. Уздоўж Амура жывуць малыя народы, якія харчуюцца выключна рыбай. Мы паехалі ў вёску Джары за 300 км ад Хабараўска - да нанайцаў. Уся іх культура, традыцыі звязаныя з рыбай. Экалагічная катастрофа закранула іх у першую чаргу. Рыбу яны ўжываюць на сняданак, на абед і на вячэру і гавораць, што старыя людзі без рыбы пачынаюць хварэць і паміраць. Першы раз у сваім жыцці, дарэчы, я пабачыў боты з рыбінай скуры. З лускай, сшытыя спецыяльнай ніткай! Ёсць у іх і вопратка - таксама з рыбінай скуры. І гэта не ў музеі, а ў звычайным паселішчы, не экспанаты, а звыклыя побытавыя рэчы! Адна гэтая дэталь дапамагла выразна перадаць сувязь гэтага народа з рыбай.

З прычыны кітайскага выбуху на два гады ўведзена забарона на лоўлю рыбы ў Амуры, а ў той вёсцы няма ніякай іншай працы, людзі займаюцца толькі гэтым. Мы, натуральна, пыталіся, як яны будуць жыць далей? Яны казалі: "Альбо нам паміраць з голаду, альбо паміраць ад гэтай рыбы. Якая нам розніца? Напэўна, ад рыбы мы памром пазней, чым з голаду".

Таксама наведалі вёску Ніжняспаскае - там знаходзіцца лагер МНС, выратавальнікі і навукоўцы бяруць пробы вады з Амура. Дарэчы, мой калега Сяргей Грыц там абмарозіў сабе нос. Ён шукаў цікавы ракурс і вымушаны быў ляжаць на амурскім лёдзе ў мароз -30°. Напісалі пра працу МНС і пра вясковых жыхароў. Тыя схавалі сваіх кур у хаты "ад атруты" і вельмі эмацыйна распавядалі пра тое, што "кітайцы атруцілі ім усё жыцце".

- Якія медыі ў свеце надрукавалі вашыя гісторыі? Ты адсочваў, ці не было часу гэтым займацца?

- Кожная тэма мае свайго падпісчыка. Хабараўск быў гарачай і топавай тэмай, і ў інтэрнеце штодня было звычайна ад 1000 да 1500 спасылак на мой матэрыял.

- Вы атрымалі прэмію за колькасць альбо за якасць матэрыялаў?

- Я думаю, што і за колькасць, і за якасць. Але важна было тое, што мы значна апярэдзілі - здаецца, на гадзіну - усе расейскія інфармацыйныя агенцтвы. Ёсць такі прафесійны тэрмін - NewsAlert (маланка). NewsAlert для агенцтва вельмі каштоўная рэч: хто першы дасць інфармацыю пра падзею ці з'яву, у таго больш падпісчыкаў купяць гісторыю. Нашая маланка - вынік упартай і крыху манатоннай працы. На працягу сутак мы чакалі прыходу плямы, кожныя 15 хвілінаў я тэлефанаваў у МНЗ і цікавіўся пробамі вады. Як толькі першыя пробы бензолу і нітрабензолу далі станоўчы вынік, адразу патэлефанаваў у АР - і мы паведамілі пра гэтае першымі! Усе астатнія агенцтвы былі пасля нас, у тым ліку і расейскія, якія мелі значную перавагу, бо працавалі ў сваім асяродку.

- Пэўна, у вас адмысловы лад жыцця ў сувязі з тым, што вы заўсёды павінны быць гатовыя да аператыўнай работы. Як гэта ўсё дасягаецца? Ці дасягальна гэта ўвогуле для звычайнага журналіста? Шмат хто з калегаў ведае цябе менавіта як звычайнага журналіста, перад якім не стаялі такія экстрэмальныя задачы.

- Я лічу сябе нармальным чалавекам, сапсаваным цікавай працай. Абраная прафесія вымагае ненармальнага рытму. Аднак з цягам часу я прызвычаіўся і пачаў атрымліваць задавальненьне ад такой працы. Чаго не магу сказаць пра сваю каханую жонку - яна ўвесь час хвалюецца і перажывае.

Ёсьць некалькі правілаў, якімі я імкнуся карыстацца ў небяспечнай сітуацыі. Універсальная мадэль паводзінаў журналіста ў экстрэмальных умовах выглядае прыблізна так: не лезці ў пекла без асаблівай патрэбы, сабраць максімум інфармацыі і як мага хутчэй яе перадаць. Справа журналіста - убачыць падзею панарамна, калі ёсць канфлікт - адлюстраваць два пункты погляду, ніколі не далучацца да аднаго з варожых бакоў. Гэта так званыя "падушкі бяспекі", якія дазваляюць журналісту пазбегнуць непрыемнасцяў. Гэта, дарэчы, занатавана ў правілах працы АР.

Ёсць некаторыя "чалавечыя" асаблівасці працы ў экстрэмальных умовах. Ты, напрыклад, не можаш дазволіць сябе расслабіцца. Табе забаронена ўжываць алкаголь. Ты ведаеш, што ў любы час табе могуць патэлефанаваць. Адсылаеш сваю гісторыю і не ведаеш, калі яе выставяць на стужку, калі яна патрапіць да падпісчыка. Можа, праз 15 хвілін, а можа - праз гадзіну. І ў любую хвіліну можа патэлефанаваць рэдактар, каб удакладніць нейкую дэталь, нейкі незразумелы сказ, папрасіць дадатковыя звесткі.

- Як захаваць працаздольнасць, нармальны стан пры гэткай напружанай працы?

- Ты проста працуеш і імкнешся не думаць, лёгка гэта ці цяжка. Гэта галоўная парада. Я не магу параўнаць нашую працу з працай выратавальнікаў, якія напружваюцца фізіычна. Наша праца вымагае больш разумовых здольнасцяў, хаця, канешне, дакладная інфармацыя таксама выратоўвае людзей у пэўных сітуацыях. Для мяне найлепшы адпачынак - гэта сон і кубак кавы. Калі няма працы, магу дзень праляжаць з кніжкай на канапе.

Значна цяжэй фотакарэспандэнтам. Сяргей Грыц працаваў у Іраку, Афганістане, там дадатковыя меры перасцярогі - выдаюць бронекамізэлькі, каскі. У Лондане ёсць спецыяльная школа экстрэмальнай журналістыкі, і ўсе карэспандэнты перад паездкай у гарачыя кропкі праходзяць там навучанне і атрымліваюць сертыфікат, што яны падрыхтаваныя да працы ў небяспечных умовах. Мне падаецца, зрабіць фота ў напружанай сітуацыі - гэта значна цяжэй, чым напісаць добры тэкст.

- Наколькі наша прафесія вымагае сталага набыцця ведаў? У сучасных умовах яна вельмі шпарка развіваецца. Як сучасны журналіст, які працуе на замежнае агенцтва, ты павінен мець устойлівы навык працы з дыктафонамі, фотаапаратамі, інтэрнетам… Ці дастаткова сёння ўмець толькі добра пісаць?

- Галоўнае - мець журналісцкі позірк на падзею. Усе тэхнічныя прылады неверагодна дапамагаюць знайсці і перадаць тое, што ты ўбачыў. Аднак галоўнае - умець убачыць падзею. Усе астатняе - толькі прылады працы журналіста. ХХІ стагоддзе - эпоха інфармацыі і камунікацыі. Мяркуючы па гэтым, наша прафесія будзе ўсё больш папулярнай. Час вымагае ад журналіста ўсё большай і большай колькасці тэхнічных ведаў.

Напрыканцы студзеня ў Маскве адбылася вялікая канферэнцыя "Associated Press", да нас прыязджаў спецыяльны трэнер з Нью-Йорка. Нас вучылі працаваць у новых умовах. Рэч у тым, што газеты на паперы пачалі паміраць. Асабліва грамадска-палітычныя папяровыя выданні. І ўсё больш і больш увагі надаюць развіццю інтэрнет-старонак. Чалавек не купляе газету, а плаціць грошы за карыстанне інтэрнет-старонкай і штораніцы чытае сваё выданне праз інтэрнет. У звязку з гэтым АР вырашыла, што мы павінны ісці на крок наперад і не чакаць, калі папяровыя выданні сканаюць. Да апошняга часу пад дахам АР існавалі тры асобныя структуры. Адна з іх займалася выключна журналістамі, якія пішуць тэксты. Асобная структура адсочвала фотасправу. Асобна існавала тэлебачанне - APTN. Цяпер прынятае рашэнне зрабіць чацвёрты так званы "дэск", які называецца мультымедыя. Мяркуецца, што чалавек, які зойдзе на старонку інтэрнет-выдання, прачытае не толькі мой тэкст. Ён зможа клікнуць на спецыяльнае акенца, у якім пабачыць слайд-шоў: не тэлевізійную версію таго, што адбывалася, не фотаздымак, а каля 30 фотаздымкаў, якія "плывуць" у гэтым акенцы. Адначасова з гэтым чалавек павінен пачуць пра тое, што адбывалася ў часе падзеі, і акрамя гэтага паслухаць мой расповед пра гэтую падзею. Новы фармат падачы матэрыялаў спарадзіў шмат кпінаў сярод журналістаў, бо нас абавязалі акрамя тэксту і фота рабіць і гукавыя файлы. Паміж сабой мы пачалі называць гэта "чалавек-аркестр".

- Ты рабіў нешта падобнае?

- Пасля згаданага семінара мяне чамусьці першага паслалі рабіць гэтую мультымеды-гісторыю. Мы паехалі ў горад Алчэўск (Усходняя Украіна), дзе 60 тысяч чалавек засталіся без цяпла. Гэта сапраўдная катастрофа. У студзені там маразы былі да -38°, у лютым - -32°. Жудасная сітуацыя: у шматпавярховых дамах у кватэрах +3°. Пасярод горада стаяць вайсковыя намёты. У іх паляць буржуйкі, і людзі прыходзяць туды грэцца. У штабе па эвакуацыі і ліквідацыі наступстваў нам распавялі, што 11 тысяч дзяцей эвакуявалі з горада. Нам казалі: "Мы нічога не можам зрабіць, бо 30 гадоў камуналка не рэмантавалася, а за два тыдні мы не аднавім падачу цяпла". Мы знайшлі цётачку, якая жыве адна. У яе ў кватэры + 3, яна ходзіць у паліто і кожную ноч баіцца памерці ад холаду. Пасярод пакоя ляжаць спіленыя батарэі, бо іх разарвала ад маразоў. Гэткая ж сітуацыя ў іншых кватэрах. Цётка сядзіць і плача, а мой матэрыял пачынаўся словамі: "Слязамі і бутэлькамі з гарачай вадой абаграваецца жыхарка Алчэўска…". Гэта зняў фатограф і наша тэлебачанне. Запісалі гук. Потым мы паехалі ў шпіталь. Там яшчэ больш жудасная карціна, у чатыры разы больш людзей з адмарожанымі рукамі і нагамі, з ампутаванымі пальцамі на руках і нагах…

Я, Яфрэм Лукацкі, фатограф з Кіева, аператар АРTN Тобі Мэцью - утрох рабілі мультымедыйную гісторыю пра гэты Алчэўск. Атрымалася цікава.

- Увогуле, наша праца заўседы калектыўная. Ці маеш ты ў АР права выбраць сабе партнёра? З кім табе лягчэй працаваць - з незнаёмым чалавекам ці з тым, каго ты добра ведаеш?

- Ты нікога не выбіраеш, і цябе ніхто не пытае. Маецца на ўвазе, што ў калектыве не можа быць кепскіх стасункаў паміж калегамі. Каго табе прызначаць, з тым і едзеш у камандзіроўку. Акрамя таго, у кожнага свая праца. Фотакарэспандэнта можа цікавіць тое, што мне абсалютна не цікава. І наадварот - напрыклад, інтэрв'ю з афіцыйнай асобай абсалютна не цікава фотакарэспандэнту. Тэлебачанне - зусім аўтаномны кірунак. APTN працуе паводле сваіх правілаў - увесь час вельмі доўга выбіраюць ракурс, выстаўляюць святло і г. д. Але ў выніку мультымедыйная гісторыя павінна спалучыць гэтыя розныя працы ў адно цэлае. У гэтым цяжкасць.

- Такая праца вымагае псіхалагічнай сумяшчальнасці, пэўных чалавечых якасцяў - каб калегам было зручна з табой і табе з імі…

- У замежных агенцтва - свае атмасфера і стыль паводзінаў. У АР - павага адзін да аднаго. Калі ў цябе папрасілі дапамогу, ты не можаш сказаць: "Не, твая праца - займайся ёю сам". Ты ўвесь час мусіш быць з усмешкай, не маеш права дэманстраваць ці, крый Божа, распаўсюджваць свой дрэнны настрой. Не можаш абразліва размаўляць са сваімі калегамі, пераказваць чуткі. Ты абавязаны да ўсіх ставіцца паважліва. Мне падаецца, гэта ёсць залогам таго, што ў любой сітуацыі, дзе б ты ні апынуўся, ты атрымаеш дапамогу. Бо сістэма стасункаў паміж супрацоўнікамі гэткая, што ўсе імкнуцца дапамагчы адзін аднаму і не абцяжарваць іншага сваімі праблемамі. Ці сумяшчальныя ў цябе з кімсьці рысы характару - гэта абсалютна нікога не цікавіць. Кожны робіць сваю справу і працуе для аднаго агенцтва, разуменнне гэтага дапамагае пазбягаць канфліктаў.

- Можа, ужо ведаеш, куды цябе "кіне" наступным разам? Пра якія падзеі, у якіх кутках блізкага ці далёкага свету будзеш пісаць?

- 16 снежня я з'ехаў у Хабараўск. Мы планавалі вярнуцца 26-га, каб сустрэць Новы Год дома. Але да апошняга часу было невядома, прыедзем мы на святы ці не. Вярнуліся мы ў Менск 30-га, Новы Год сустракалі дома. А ўжо 2 студзеня я паехаў у Кіеў. Пасля Кіева быў невялікі перапынак, потым нас выклікалі ў Маскву на гэты семінар-канферэнцыю. Праз дзень пасля семінара паехаў у Алчэўск. Вярнуўся - і адразу ж на тэнісны Кубак Дэвіса. Адзінае ў мяне жаданне - пару дзён нічога не рабіць, а проста адпачыць і выспацца. Разумею, што да 19 сакавіка - прэзідэнцкіх выбараў - гэтага не адбудзецца. Але я пакуль малады чалавек, і гэтая інтэнсіўнасць мне падабаецца.

Гутарыла Таццяна МЕЛЬНІЧУК


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

АБАЖУР - часопіс Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster