|
"Пасядзелкі-2006"
Дэмакратычная журналісцкая супольнасць зазвычай ахвотна адзначае ўсе прафесійныя святы. Балазе вясна на іх шчодрая. Сівыя "зубры" па старой завядзёнцы 5 траўня святкуюць Дзень друку, "радыйцы" праз два дні - Дзень радыё. А 3 траўня мы ўсе разам адзначаем сусветны Дзень свабоды прэсы. У гэтыя дні БАЖ дасылае і атрымоўвае з-за мяжы дзесяткі віншаванняў ад міжнародных праваабарончых журналісцкіх арганізацый. Аднак беларуская рэчаіснасць часцяком уносіць у нашу будзённасць нечаканыя карэктывы. Таму Асацыяцыя, апроч святаў, ужо каторы год ладзіць выязныя дні журналісцкай салідарнасці з рэдакцыйнымі калектывамі, якія зазналі прававую, палітычную ды эканамічную дыскрымінацыю. Летась, напрыклад, на беразе Нёмана мы правялі маёўку "Гродзенская зона - тэрыторыя рызыкі для незалежных журналістаў", на якую сабраліся супрацоўнікі часова прыкрытых ці ўвогуле ліквідаваных уладамі СМІ. Сёлета пад Мінскам былі "Пасядзелкі-2006".
ПРЭС - КЛУБ
Раніцай 17 красавіка стала відавочна, што сухім з "Пасядзелак" не выйдзе ніхто. Ачышчальны веснавы дожджык, безумоўна, цешыў - але ж не ў той дзень, калі БАЖ наважыўся "адкрыць сезон" і вывезці ў лес некалькі дзесяткаў сваіх сяброў! Тым не менш адмяняць лясную вандроўку было позна: вырашальным аргументам сталі загадзя закупленыя сала і бульба, а таксама алюмініевыя конаўкі з налепкай "Пасядзелкі-2006" - прэзент, які ніхто, акрамя былых вязняў, не ацэніць…
Ідэя лясной імпрэзы з'явілася ў хуткім часе пасля выхаду на волю апошніх, 15-сутачных, "сядзельцаў". Як вядома, карпаратыўная салідарнасць найвастрэй адчуваецца ў крытычныя моманты, і ўсе разумелі, што момант якраз такі. Гэткай колькасці асуджаных журналістаў у Беларусі ніколі не было і (дай Божа!) не будзе. Пагадзіліся на тым, каб абысціся без афіцыёзу і пафасных прамоваў: проста вырашылі пабыць разам, пагаварыць, кульнуць чарку, паспяваць ля вогнішча…
Стрыжнёвая ідэя імпрэзы была ў тым, каб "раскруціць" былых вязняў на ўспаміны: нават абвесцілі конкурс на лепшы турэмны "прыкол". Кожны з калег-сядзельцаў падыходзіў да імправізаванай сцяны з кратамі і расказваў гісторыю свайго затрымання і зняволення.
Вялікім поспехам у прысутных карысталіся тэксты пісьмовых адказаў з ГУУС Мінгарвыканкома і пракуратуры г. Мінска на скаргі БАЖ пра парушэнні правоў затрыманых журналістаў. Некаторыя вытрымкі з гэтых пасланняў агучыў намеснік старшыні нашай грамадскай арганізацыі Андрэй Бастунец. Гучныя апладысменты выклікаў абзац, дзе гаварылася, што на працягу сутак адміністрацыя спецпрымальніка-размеркавальніка на Акрэсціна паведаміла пра месцазнаходжанне затрыманых іх блізкім, што "матэрыяльна-пабытовыя ўмовы іх утрымання адпавядалі ўстаноўленым нормам" і да таго падобнае.
Рэакцыя на гэта ўчарашніх вязняў-журналістаў стала зразумелай пасля іх уласных расповедаў. Да прыкладу, Таццяна Ваніна (вольны журналіст, 7 сутак) расказала, што сям'я даведалася пра яе лёс і месцазнаходжанне толькі на трэці дзень пасля затрымання. Антон Тарас (вольны журналіст, 11 сутак) узгадаў, што першыя тры ночы на Акрэсціна, пакуль не прымалі перадачы з волі, яму з сукамернікамі давялося спаць на голых жалезных нарах, а першы пакунак з прадуктамі ахоўнікі не аддавалі так доўга, што ўся садавіна ў ім сапсавалася.
Адным з самых моцных уражанняў для Вадзіма Александровіча ("Белорусы и рынок", 10 сутак) сталася годная пазіцыя калегаў-журналістаў, што адбывалі пакаранне разам з ім. "Мабыць, я буду заўсёды ўзгадваць, як спадар Дынько, галоўны рэдактар "Нашай нівы", пісаў уначы пры месяцовым святле свае турэмныя нататкі… Такая адданасць прафесіі не можа не выклікаць шчырай павагі", - прызнаўся Вадзім.
Вадзіма Казначэева (інтэрнет-сайт АГП, 10 сутак) асабліва ўзрушылі фармулёўкі з міліцэйскіх рапартаў, якія агучылі ў судзе: уласна яму, да прыкладу, інкрымінавалі выкрыкванне "антыдзяржаўных лозунгаў кшталту "Жыве Беларусь!". "На мой погляд, больш прадзяржаўнага лозунга ўявіць сабе немагчыма. Я ўжо не кажу пра тое, што журналіст звычайна не выкрыквае лозунгаў на мерапрыемствах…". Па інфармацыі Вадзіма Казначэева, у адным міліцэйскім рапарце нават фігуравала фармулёўка "антыўрадавы лозунг "Не - фашызму!"
З рацыяналізатарскай прапановай выступіў ганаровы госць "Пасядзелак" рэжысёр Валеры Мазынскі, які выказаў жаданне ў наступны раз сядзець у адной камеры з жанчынамі. Ён абгрунтаваў гэта прафесійнымі складанасцямі: падчас працы над турэмнай пастаноўкай п'есы М.Горкага "На дне" сукамернікі рэжысёра наадрэз адмаўляліся выконваць жаночыя ролі…
Бадай, кожны з выступоўцаў звяртаўся да кулінарнай тэмы: відавочна, успаміны пра турэмнае харчаванне дагэтуль цярэбяць душу і страўнікі былых вязняў. Паводле слоў Таццяны Снітко ("Наша ніва", "Прима-news", 4 сутак у Жодзінскім СІЗА, потым - штраф), іх камера знайшла немудрагелісты спосаб узбагачаць свой рацыён, пакуль не было перадач з волі. "Рэч у тым, што на абед нам давалі нармальны суп і шмат кашы, але не давалі нічога піць. А вячэра была з варанай кіслай капусты, якую проста немагчыма было есці, - узгадвае журналістка. - У нашай камеры была дзяўчынка з тусоўкі патрыятычных панкаў, якая прыдумала рабіць так званыя "кашбургеры". Бярэш акраец чорнага хлеба, дастаеш мякіш, кладзеш туды недаедзеную з абеда кашу, потым маскіруеш яе мякішам - і кладзеш на палічку. І ніхто з ахоўнікаў не чапляецца! А ўвечары выкідаеш капусту і ясі гэтыя "кашбургеры" з паўшклянкай гарбаты…"
Менавіта за кратамі нарадзіліся рэцэпты кактэйлю "Жодзінская вязніца" (у шклянку вады з-пад крана дадаць некалькі кропель натуральнага соку), бутэрбродаў "Будні апазіцыянера" (на хлеб пакласці адразу некалькі гатункаў каўбасы, сыру, сала і г. д., прынесеных у перадачах), цыгарэтаў "Чорны бусел" з варыяцыямі "light" i "superlight" (асяродак веніка плюс сінтыпон) і г. д.
А колькі шчымлівых рамантычных гісторый, вартых увасаблення ў творах найноўшага беларускага кінематографа, было назапашана за гэтыя веснавыя тыдні! Белы цюльпан у бутэльцы з-пад мінералкі, які дзяўчаты ўпрасілі ахоўніка перадаць у суседнюю камеру на дзень нараджэння сяброўкі, а потым на ўсю турму спявалі "Happy birthday!"… Лекцыі па скандынаўскай міфалогіі і пераказ "Ладдзі роспачы" Караткевіча перад сном… Кветкі і шахматы, вылепленыя з хлебнага мякішу… Хованкі пад коўдрай падчас турэмнай пераклічкі (першакрасавіцкі жарт)… Ахоўнік, які зачыняе камеру ўвечары і ціхутка кажа: "Дзяўчаты, трымайцеся! Жыве Беларусь!"…
Таццяна Снітко: "Там вельмі адчувалася, што нас даволі шмат: не толькі за кратамі, але і на волі. Калі я выйшла, то адчула, што нават людзі, якія падчас прэзідэнцкіх выбараў галасавалі за Лукашэнку, але ведалі мяне з дзяцінства, не верылі, што я - спонсар наркаманаў альбо злачынца, як пра тое распавядала БТ… Знаёмыя тэлефанавалі мне нават з аддаленых вёсак і выказвалі падтрымку. І таму я лічу, што гэта быў вельмі станоўчы момант як для Беларусі, так і для мяне асабіста…"
Дар'я Кастэнка ("Адукацыя і выхаванне", 10 сутак): "Калі на плошчы мы ўсе селі і счапілі рукі, мне стала не так страшна. І зараз, калі мы выйшлі на волю, у мяне ёсць адчуванне, што мы дагэтуль у гэтай "счэпцы", якая ахапіла ўжо вельмі вялікую частку нацыі, якая пашыраецца з кожным днём. Пакуль мы ў гэтай "счэпцы", нам не страшна…"
Мікалай Тоўсцік ("Прайм-ТАСС", 15 сутак): "Ведаеце, гэта былі далёка не горшыя суткі ў маім жыцці. Такі "канцэнтрат" разумных людзей рэдка можна сустрэць на волі. Адзін мой знаёмы паляк казаў, што ў часы "Салідарнасці" кожны "польскі пан", які паважаў сябе, адсядзеў у турме ў сярэднім па 2 месяцы. Вось і падлічыце, колькі кожнаму з нас засталося!.."
Вольга БАБАК
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|