БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

Часопіс АБАЖУР на старонках  КАМУНІКАТУ

 
 АБАЖУР №№ 48-49

АБАЖУР №№ 48-49Вяртанне братняга пляча

Турма спрыяе філасофскім роздумам, на якія ў мітусні будзённага жыцця нестае часу. На нарах жа нішто не замінае. Дэфіцытны стан, які трэба цаніць.

ГРАМАДСТВА - СІСТЭМА 

Мікалай ТОЎСЦІК

Выбар
- Божухна! Бацька! А ты як з гэтымі адмарозкамі да нас патрапіў?! - перавёўшы позірк з пашпарта на сівыя рэшткі маіх валасоў, здзіўлена зароў дзяжурны маёр.

Па яго вырачаных вачах было відаць, што ён напружана шукае нейкае зразумелае для сябе тлумачэнне, як мажны 55-гадовы дзядзька апынуўся ў начной кампаніі скрываўленых маладзёнаў, якіх прывезлі ў спецпрымальнік на Акрэсціна. Некаторыя з іх былі апранутыя ў разадраныя курткі, на якіх выразна шарэлі брудныя адбіткі цяжкіх амапаўскіх чаравікаў. Ага, пэўна, маёр усё ж нешта змікіціў.

- Ты, мусіць, вырашыў з жонкай падзарабіць, цягаючы на плошчу рыззё для гэтых лайдакоў? - па-змоўніцку падміргнуў ён мне. - Ну вось і зарабіў на старасці гадоў. Сутак пяць, не меней…

Ён памыліўся, гэты шматвопытны акрэсцінскі дзяжурны. Суд Ленінскага раёна Мінска адмераў мне не пяць, а пятнаццаць сутак знаходжання на нарах. "Вышэйшая мера" пакарання паводле Адміністрацыйнага кодэкса. Але я не крыўдую. Галоўнае, што не патрапіла за краты мая жонка Тамара. Сярод ночы яе з "бамжатніка" выпусцілі. Праўда, пасля выклікалі ў суд і ўлупілі 620 тысяч рублёў штрафу.

Пытанне таго маёра я потым часта ўспамінаў у камеры. Турма спрыяе філасофскім роздумам, на якія ў мітусні будзённага жыцця нестае часу. А тут, на нарах, нішто не замінае. Дэфіцытны стан, які трэба цаніць.

Я даўно заўважыў, што для здзяйснення ўчынку і адмовы ад яго розныя людзі часта выкарыстоўваюць аднолькавыя аргументы.

- Вось ты пайшоў з жонкай на плошчу, а я не мог. У мяне ж дзеці!.. - вырашыў чамусьці пакаяцца даўні знаёмы, патэлефанаваўшы пасля майго вяртання.

Ну, не пайшоў, дык і не пайшоў. Як кажуць, не судзіце…

Што ж тычыцца мяне, дык я 19 сакавіка з'явіўся на Кастрычніцкай плошчы з той жа прычыны, якая майго знаёмага ўтрымала дома на канапе: у мяне дзеці!

Дакладней, 16-гадовы сын. Да вундэркіндаў-кніжнікаў ён не належыць, больш рок-музыкай цікавіцца, але ж і не ёлуп. Тры гады таму раптам захапіўся беларускай мовай, гісторыяй і паступіў у коласаўскі ліцэй, які ўлады тады якраз зачынялі. З таго часу там і вучыцца, туляючыся разам з сотняй іншых ліцэістаў па мінскіх кватэрах. Гэтыя нязручнасці - невысокая плата за магчымасць адукоўвацца ў нацыянальнай і еўрапейскай эліты. У свае хлапечыя гады сын вучыўся ў Лявона Баршчэўскага і Пятра Садоўскага, Васіля Сёмухі і Андрэя Хадановіча, сустракаўся з Анджэем Вайдам, Лехам Валенсам і Кшыштафам Занусі, жыў у час выязных ліцэйскіх сесіяў у Вільні, Варшаве і Гданьску, бачыў Берлін, Парыж і Ліён. Воля і дэмакратыя для яго - не абстракцыя, а абавязковая ўмова жыцця. Прэзідэнт краіны - не ўсемагутны бацька нацыі, а менеджэр, наняты грамадзянамі на строга вызначаны тэрмін для выканання пэўных кіраўніцкіх абавязкаў і грамадству ж падпарадкаваны.

Карацей кажучы, у хлопца ёсць усе падставы, каб яго выстаўлялі ў сучаснай Беларусі "белай варонай", а ў перспектыве залічылі ў "адмарозкі". Адзін немалы начальнік неяк раіў мне пакласці сына на лаву і ўдосталь пачаставаць папругай, каб не перашкаджаў бацьку рабіць кар'еру. Але, як на мой розум, дык добрай лупцоўкі даўно вартыя менавіта многія начальніцкія дупы - за зацятую прыхільнасць да дубовых прынцыпаў і заімшэлых тэхналогіяў кіравання краінай. Гэтыя прынцыпы і тэхналогіі разам з іх носьбітамі паставілі будучыню Беларусі ў залежнасць ад дабрадзейнасці чужога дзядзькі, які захоча - падтрымае таннымі энергарэсурсамі, а не захоча, дык за лічаныя месяцы ператворыць нас у жабракоў.

Адчуванне спыненага жыцця і неабходнасці пераменаў - вось што штурхала 19 сакавіка на плошчу тысячы людзей. Ідэя нязменнасці, стабільнасці, якая культывуецца цяпер у Беларусі, - гэта ідэя старэчага эгацэнтрызму. Дзецям, моладзі ў ёй месца няма. Людзі майго веку мо і ў стане дажыць свае дні па законах архаічнага вясковага патэрналізму. Але тым, хто ідзе за намі, патрэбна іншае грамадскае паветра. Па сутнасці гэта канфлікт дзвюх цывілізацыяў у адной краіне.

Новы пляц, новыя імёны
Вырашылі ісці ўсёй сям'ёй. Апрануліся ў старое - на выпадак "хапуна". Паклалі ў кішэні бутэрброды. Узялі бутэлькі з вадой і чыстыя насоўкі, каб ратавацца ад газаў. Пакуль дабіраліся да Кастрычніцкай плошчы, напаткалі знаёмых - сям'ю вядомага журналіста. Яны таксама ішлі ўсе разам - бацькі і сын.

Ого, колькі нас сабралася на плошчы! Тысяч трыццаць, не менш. Лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Ледзь не ўсе машыны, што едуць міма, сігналяць "Жы-ве Бе-ла-русь!". Атмасфера прыўзнятая, сяброўская, аптымістычная.

Асабіста я ўпэўнены, што ўлада, сама таго не жадаючы, вельмі дзейсна папрацавала над тым, каб сабраць велізарны натоўп у цэнтры Мінска. Рана ці позна гэта павінна было здарыцца. Бо калі апазіцыі няма ў парламенце і ў прэсе, яна абавязкова з'явіцца на вуліцы. І няхай яшчэ ўлада (а мо і ўсе мы) падзякуе Богу, што на плошчу вываліла ў асноўным інтэлігентнае кампутарнае пакаленне: у шматтысячнай гурме нават нагу нікому не адціснулі. Хаця напярэдадні за выхад на дэманстрацыі народ палохалі магчымымі тэрактамі і вышэйшай мерай пакарання. Але разумны інтэрнетаўскі люд, жвава прааналізаваўшы сітуацыю падчас сваіх форумаў, прыйшоў да высновы: усё гэта правакацыі і лухта. Калі збяромся разам і нас будзе шмат - прымяняць сілу не адважацца. Так яно і здарылася.

Аднаго не мог улічыць "народ тутбаеўскі": што ні ў "Мілі", ні ў "Козі", ні ўвогуле ў "апаў", як яны называюць Мілінкевіча, Казуліна і старую апазіцыю, не было плану дзеянняў на выпадак выхаду на вуліцы дзесяткаў тысяч людзей. Не верылі кіраўнікі структураванай апазіцыі ў такое развіццё падзей, хаця напярэдадні выбараў палохалі ўладу і падбадзёрвалі сябе менавіта абяцаннямі наладзіць масавыя акцыі пратэсту.

Назаўтра на Кастрычніцкай плошчы я не ўбачыў ужо многіх праграмістаў і менеджэраў, якіх сустракаў у вялікім офісным будынку, дзе працаваў. Затое касяком пайшла моладзь са студэнцкімі і вучнёўскімі плецакамі. Мусіць, прыходзілі проста з урокаў і лекцыяў. Хутка рос намётавы гарадок свабоды на плошчы, перайменаванай хлопцамі і дзяўчатамі ў Пляц Волі імя Кастуся Каліноўскага. Яго стварэнне было актам нябачанай дагэтуль грамадскай самаарганізацыі моладзі. Пасадзіўшы перад выбарамі ў турмы многіх дзеячаў ленаватай і не дужа паваротлівай "традыцыйнай" беларускай апазіцыі, улада расчысціла палітычную прастору для новых, больш сучасных і дынамічных лідэраў супраціву. Яны ўжо з'явіліся і сказалі сваё слова. І, упэўнены, не аднойчы скажуць яшчэ.

Супрацьстаянне
Маладзёны звярнуліся да прысутных на плошчы з просьбай дапамагчы насельнікам намётавага гарадка харчам і цёплымі рэчамі. Многія людзі кінуліся ў бліжэйшыя крамы. Сын таксама некуды знік, сустрэўшы гурму сябрукоў і сябровак. Мы з жонкай зазбіраліся дадому, дзе ў балконных шафах ляжала яшчэ ладная старая зімовая вопратка - акурат каб падсцяліць на брук.

Мех напакавалі вялікі і цяжкі. Давялося выклікаць таксоўку. Калі разгружаліся каля будынка "Белтэлекома", нас і затрымаў амапавец. Хутка падляцеў міліцэйскі "ўсюдыход", які далёка не павёз, завярнуўшы за Палац рэспублікі. Там зеўраў адчыненымі дзвярыма аўтобус з зацененымі вокнамі.

Мы з жонкай, пэўна, былі ці не першымі ахвярамі спецаперацыі, скіраванай на пазбаўленне Пляца Волі жыццёвых рэсурсаў. Яе апафеозам стала заварванне камунальшчыкамі люка, прыстасаванага насельнікамі намётавага гарадка пад прыбіральню. Але, як потым мне са смехам распавядалі ўдзельнікі тых падзеяў, люк маладзёны хутка адчынілі зноў. Туды ў цемрадзі ледзь не ўваліўся нейкі замежны карэспандэнт, які казаў, што лепей бы яго пабілі міліцыянты. З голаду і ад смагі таксама ніхто не памёр. Дазнаўшыся пра начны "хапун", кемлівыя менчукі знайшлі спосабы, каб забяспечыць намётавы гарадок усім неабходным. Нават мангалы туды прыцягнулі. Харчаванне было па раскладзе. Таму паласавацца прыходзілі і "ціхары", якія палявалі на сваіх ахвяр вакол плошчы.

З цікаўнасцю аглядаю начны амапаўскі "ўлоў", з якім мне бавіць час на акрэсцінскіх нарах. Знаёмыя ўсе твары! Спрэс "адмарозкі", "наркаманы", "п'яніцы" і "лайдакі", як характарызуюць усіх, хто выйшаў на плошчу, дзяржаўныя СМІ. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, галоўны рэжысёр культавага тэатра "Вольная сцэна" Валеры Мазынскі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Сяргей Міхноў… А гэта хто там дыміць цыгарэтай у куце камеры? Няўжо Іван? Так і ёсць - ён! Бацька і дзядзька ў яго - прафесары Маскоўскай кансерваторыі, сусветна вядомыя музыканты. Ды і сам ён, нягледзячы на маладыя гады, ужо перамагаў у вельмі прэстыжных міжнародных конкурсах піяністаў. Знакаміты дырыжор Курт Мазур нават прысылаў ягонай маці, якую я ведаю з дзяцінства, адмысловы ліст, дзе ўхваляў майстэрства тады яшчэ малога Івана.

- Пашэнціла мне, спадар Мікалай, сустрэць вас тутака, - пажартаваў хлапчына. - Хоць маці не будзе дужа сварыцца…

Замест міжнароднага музычнага конкурсу ў Польшчы, у якім ён меў намер паўдзельнічаць, Іван патрапіў у акрэсцінскі "бамжатнік".

Раніцой нас чакаў суд.

"Не сведчы ілжыва"
Не аднойчы на ўласныя вочы бачыў іконы ў кабінетах высокіх міліцэйскіх начальнікаў. Некаторыя з іх ганарацца ўзнагародамі, атрыманымі ад патрыярха Маскоўскага і ягонага экзарха ў Беларусі. Міліцыянтаў, амапаўцаў і рознага кшталту сілавікоў стала модна шэрагамі вадзіць на набажэнствы і споведзі. Але ў пабудаваных для іх цэрквах і малітоўных пакоях Бог не жыве. Атрымаўшы адпушчэнне грахоў, многія з іх паводле загаду ўсё тых жа начальнікаў ідуць грашыць ізноў. Смяротна, пякельна, на згубу ўласнай душы.

У Бібліі сказана: "Не сведчы лжыва". Гэты запавет роўны вялікім маральным прынцыпам "не забі" і "не скрадзі". Але ў запушчанай уладай судовай сячкарні, мэта якой - адбіць ахвоту ў тысяч людзей да іншадумства і выяўлення сваёй грамадзянскай пазіцыі, шараговым міліцыянтам адведзена менавіта ганебная роля лжэсведкаў. Аднаму дзіўлюся: няўжо яны не разумеюць, што рэжысёры гэтых прымітыўных, далёкіх ад правасуддзя спектакляў не лічаць іх годнымі людзьмі? Бо прыстойнаму чалавеку хлусіць і паклёпнічаць не загадаеш. Для прыстойнага чалавека такая прапанова невыносна абразлівая. Нашыя ж міліцыянты маняць у судах нахабна, цынічна, з нейкім зухаватым блюзнерскім выклікам, не зважаючы ні на Бога, ні на Крымінальны кодэкс, які таксама карае лжэсведкаў.

За тое, што чалавек нёс мех старых рэчаў, яго нельга пасадзіць за краты нават па беларускіх законах. Але тут, каб забяспечыць вам "неба ў клетку", бяруцца за справу "сведкі" з міліцыі. Сяржант і старшына, якія мяне бачылі ўпершыню, звыкла распавядалі ў судзе, як я размахваў на Кастрычніцкай плошчы рукамі і крычаў: "Жыве Беларусь!", - не зважаючы на неаднаразовыя патрабаванні спыніць несанкцыянаваны мітынг.

Праблемы ў "сведкаў" пачаліся, калі я папрасіў іх патлумачыць, як гэта можна размахваць рукамі, трымаючы вялікі напакаваны рэчамі мех. Яго таксама даставілі ў суд, і невялікі эксперымент правесці было б зусім не цяжка. Але, відаць, гэта не ўваходзіла ў планы суддзі. Як і высвятленне, дзе ж сержант са старшыной мяне затрымалі. Адзін паведаміў, што каля Палаца рэспублікі, а другі - што каля Палаца прафсаюзаў. Майго ж сведку, шафёра таксі, які бачыў, як нас з жонкай ухапіў за плечукі амапавец на подступах да плошчы, а значыць, у той момант удзельнічаць у мітынгу мы ніяк не маглі, у суд было вырашана не выклікаць. Суддзя вельмі не ўхваліла маё нежаданне публічна пасыпаць галаву попелам пакаяння. Ваўком глядзеў і малады канваір.

- Трэба было табе сутак дваццаць прыпаяць, а то дужа разумны, шмат размаўляеш, - злосна прасіпеў ён у калідоры, калі вёў мяне ў так званую "шклянку" - цесную камеру без вокнаў, дзе ўтрымліваюць усіх, каго пад канвоем прывозяць у суд.

У той дзень "прыпаялі" не толькі мне і маім новым знаёмым-сукамернікам. Як расказвалі на Акрэсціна, "прыпаялі" бабулі, якая паехала ўначы купіць лекі для хворага сабачкі, а разам з ёй і таксісту, які яе падвозіў да аптэкі.

"Прыпаялі" яшчэ аднаму шафёру, які сядзеў са мной у адной камеры. Знаёмыя дзяўчаты папрасілі "падкінуць" да цырка. Там іх разам і ўзялі.

Нават былому амапаўцу "прыпаялі". Ен нёс курыцу з крамы і спыніўся каля Кастрычніцкай плошчы, каб павыскаляцца з сябрукамі па ранейшай службе. Але ў той вечар і ноч у амапаўцаў сябрукоў не было. Яны забяспечвалі судовую сячкарню людской масай.

Беларусаў уратуюць беларусы
Галоўнае ў турме - умець ператварыць мінусы ў плюсы. Ежа неядомая? Затое нарэшце можна скінуць лішнія кілаграмы. Спаць даводзіцца ў цеснаце і на голых дошках? Радуйся, што твая постаць набывае стромкасць. Няма штодня звыклага цёплага душа? Дык недарэмна ж ты ўжо сем год кожную раніцу куляеш на сябе вядро халоднай вады. Вядра ў камеры, праўда, няма, але пустых пластыкавых бутэлек хапае. А прыбіральня ў счарнелым куце якраз прыдатная для водных працэдураў.

Праўда, давялося крыху павыхоўваць асобных акрэсцінскіх міліцыянтаў. Увогуле хлопцы яны неблагія, лютасцю не вызначаліся. Але, пэўна, ад доўгіх стасункаў з бамжамі і алкаголікамі хто-ніхто з іх папсаваў свае свецкія манеры. Вось і з намі спрабавалі кантактаваць з дапамогай вокрыкаў і мацюкоў. Такім фізік і стары змагар за нацыянальную ідэю Сяргей Міхноў даволі рашуча раіў памыць рот і пасля гэтай гігіенічнай працэдуры звяртацца да нас па-людску. Звычайна дапамагала.

Напачатку акрэсцінская варта, відаць, атрымала загад не дужа з намі валэндацца. Перадачу ў маёй жонкі прынялі толькі на пяты дзень, хоць яна разам з сотнямі родных і сяброў іншых вязняў штодня ездзіла пад муры "бамжатніка" - як на працу. Яны гадзінамі марна таўкліся ля высокай агароджы на пранізлівай халадэчы. Не спяшаліся ахоўнікі і паведамляць у сем'і "сядзельцаў" аб тым, што тыя асуджаныя на адміністратыўны арышт, хоць гэта прадугледжана законам. Да таго ж у камеру нас напхалі ўдвая больш, чым належыць па турэмных нормах, а ў душ не вадзілі.

І тады мы вырашылі дзейнічаць. Маўчалі, калі ахоўнік выгукваў нашыя прозвішчы на штовячэрняй праверцы. Адмаўляліся падпісваць ведамасці за спажыты казённы харч. Кожны спеў "Пагоні" завяршалі магутным воклічам: "Жыве Беларусь!"

Думаю, што не толькі наш пратэст паўплываў на турэмную адміністрацыю. Па начах шнырылі па камерах нейкія дзецюкі ў цывільным. Выбіралі маладзейшых арыштантаў і выводзілі на размову. Цікавіліся, ці не раскаяўся хто, палохалі карамі пасля выхаду на волю. Але тых, хто б шкадаваў, што выйшаў на пляц імя Каліноўскага, так і не знайшлі. Спадзяванне ўладаў на страх зноў не спраўдзілася. Не было ў тыя дні і ночы страху ў турме на Акрэсціна. Да таго ж, каля яе зачыненых дзвярэй віраваў натоўп. Там раздаваліся інтэрв'ю сусветнай прэсе, кветкамі і шампанскім сустракалі выхад з вязніцы Вінцука Вячоркі і іншых апазіцыянераў, затрыманых яшчэ да выбараў. Сюды прыязджалі Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, замежныя дыпламаты, праваабаронцы, проста неабыякавыя людзі з розных гарадоў Беларусі і нават з іншых краін.

Карацей кажучы, сваёй прагай наладзіць нам у "бамжатніку" добрую прачуханку ўлады стварылі праблемы, перш за ўсё, для саміх сябе. Па сутнасці, на Акрэсціна ўзнік яшчэ адзін Пляц Волі.

Варта збавіла тон, набыла ветлівасць. Асобныя міліцыянты раптам успомнілі беларускую мову і звярталіся да нас не інакш, як "панове". Урэшце яны патэлефанавалі сваякам і павялі нас у душ. І надта папацелі, цягаючы па камерах шматкілаграмовыя перадачы.

Жонка потым казала, што і не падазравала аб наяўнасці ў нас з ёй такой колькасці сяброў і родзічаў. І кожны імкнуўся дапамагчы добрым словам, кроўным рублём, патрэбнай рэччу, лепшым кавалкам, своечасовай паслугай.

19-25 сакавіка да нас, беларусаў, зноў вярнулася доўгачаканае пачуццё братняга пляча.

Золак пад "месяцам"
Тое былі зусім не горшыя 15 сутак у маім жыцці. Жылі мы ў камеры N 4 цеснавата, але весела і дружна. Праводзілі спартовыя спаборніцтвы, дзе ўсіх, нават крамяных хлопцаў з аховы апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, перамог Анатоль Лябедзька, адціснуўшыся на кулаках ад падлогі ажно 78 разоў. Сяргею Міхнову не было роўных у шашачным турніры. Яно і зразумела: матэматычны розум. Кружэлкі для гульні мы зрабілі з хлеба, а шахматныя клеткі расчырылі на нарах "сядзельцы"-папярэднікі. Мы шмат чыталі, дыскутавалі на розныя тэмы. З вязніцы я выйшаў з адчуваннем, што скончыў калі не яшчэ адзін універсітэт, дык добрыя асветніцкія курсы. Такую канцэнтрацыю разумных, адукаваных і таленавітых людзей я сустракаў хіба што на леташнім Усебеларускім сходзе інтэлігенцыі, які адбыўся ў лесе пад Радашковічамі. Але там былі ў асноўным людзі сталага веку. А тут ледзь не спрэс - моладзь…

Яны шапталіся кожную ноч, клапатліва зацяніўшы для тых, хто спіць, "месяц" - запыленую лямпачку, прымацаваную ў закратаваным паглыбленні ў сцяне. Размовы былі канкрэтныя: як ладзіць супраціў далей, з'яднаўшы маладзёвыя сілы. Але потым гутарка абавязкова пераходзіла на нешта ўзвышанае, духоўнае: як вярнуць беларусам іхнюю гісторыю і мову, што трэба зрабіць, каб Бог жыў у кожнай чалавечай душы…

Тут абсалютным аўтарытэтам быў студэнт-філолаг Лявон. Выдатны знаўца беларускай мовы, фальклору, ён да таго ж, здавалася, трымаў у галаве і сэрцы ўсе біблейскія казанні і запаветы, каноны хрысціянскай веры. Тое, мусіць, у яго ад бацькі - вучонага-псіхолага і адначасова уніяцкага святара. У хлопца ёсць мара: вывучыць яшчэ латынь, старагрэцкую і старажытнагабрэйскую мовы, прыняць пострыг і стварыць у Беларусі манастыр, які б займаўся асветай народа. Вось толькі бацькам цяжка яго вучыць. У сям'і сямёра дзяцей. Але Лявон свята верыць, што Бог не пакіне яго сваёй міласцю. Як і бацькоў з братамі і сёстрамі. Як і ўсю Беларусь.

Цьмянае святло "месяца" адкідвае густыя цені ад стромкіх юнацкіх постацяў. Здаецца, малады прарок прапаведуе ля вогнішча дзе-небудзь у Сінайскай пустыні. Толькі паважлівыя слухачы яго - не непісьменныя пастухі і рыбакі, а маладыя інтэлектуалы, звыклыя спадзявацца не на правадыра, а на ўласны розум і дзеянні. У акрэсцінскіх камерах, як і на пляцу волі імя Каліноўскага, гуртавалася будучая Беларусь.

- Эх, якія хлопцы! - у захапленні шэпча рэжысёр Валеры Мазынскі, з якім мы ляжым на мулкіх нарах па суседстве і штоноч разам услухоўваемся ў сцішаныя філасофскія дыспуты маладых. - Каб у мяне былі такія акцёры!.. Які б я тэатр стварыў!..

Ён усё ж паспрабаваў здзейсніць сваю задуму, гэты няўрымслівы Мазынскі. Аднойчы ў камеру ўляцеў збянтэжаны ахоўнік, які непадалёк прымаў перадачы для арыштантаў, і аберуч затрос у паветры таўшчэзным стосам нейкіх папераў:

- Няўжо вам і сапраўды гэта патрэбна? - каршуном наляцеў ён на майго суседа.

Той толькі што прачнуўся і спрасонку залыпаў вачыма. Але прынесеныя аркушы схапіў імгненна.

- Ну, нарэшце! А то ж выпусцяць хутка…

Аказваецца, галоўны рэжысёр "Вольнай сцэны" вырашыў паставіць спектакль у акрэсцінскай камеры. Выбар спыніў на п'есе Максіма Горкага "На дне", для якой у турэмных умовах не спатрэбіліся б і дэкарацыі. Але ўсё ж ад канонаў рэалізму яму давялося вандраваць у свет японскага тэатра "Кабукі", дзе мужчыны выконваюць і жаночыя ролі. Хлопцы, якім належала ўвасобіцца ў вобразы Насты ці Квашы, былі гэтым незадаволеныя.

- Мала таго, што беларускае тэлебачанне ўсіх апазіцыянераў у "блакітныя" залічыла, дык і Мазынскі яго справу працягвае, - бурчэлі абдзеленыя ролямі Ваські Попела і Барона маладзёны.

Мне дасталася роля Акцёра. Таму я актыўна заклікаў хлопцаў часова ахвяраваць у імя высокага мастацтва сваім іміджам дамскіх угоднікаў.

Творчы працэс быў груба парушаны нормай Адміністрацыйнага кодэкса. Аднойчы усё той жа ахоўнік загадаў рэжысёру хутчэй збіраць манаткі і неадкладна сыходзіць з камеры.

- Чортаў суд! - лаяўся Мазынскі, пакуючы клункі. - Не мог ужо і мне 15 сутак адмераць, як усім прыстойным людзям!..

Яму ўсё ж не хапіла тэрміну зняволення, каб давесці спектакль да прэм'еры.

У турме востра адчуваецца і найбольш цэніцца каштоўнасць простых рэчаў: кубка гарачай гарбаты, цёплай коўдры, глытка свежага паветра…

Сышлі з "бамжатніка" тыя, хто атрымаў па дзесяць сутак. А нас, трох пятнаццацісутачнікаў, перавялі з першага на другі паверх у камеру N 11. Прасторы там болей, а вязняў - меней. І можна было ўрэшце вольна разлегчыся на нарах і нават раскінуць ушыркі рукі. Вялікае арыштанцкае шчасце!

Людзі побач усё таго ж гарту: адукаваная, разумная, цвёрдая ў сваіх перакананнях, гатовая да дзеянняў моладзь з розных гарадоў Беларусі. З выкладчыкам універсітэта і студэнтам-гісторыкам разам пашукалі нейкія аналогіі ў мінуўшчыне і дружна прыйшлі да высновы, што цяперашняя сітуацыя ў грамадстве нечым нагадвае часы паўстання 1863 года. Тады таксама было шмат моладзі, гатовай рабіць нават безнадзейную справу калі не дзеля неадкладнага выніку, дык хаця б дзеля самапавагі. І яшчэ адна гістарычная паралель прасочваецца вельмі выразна: Польшча пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У нас цяпер таксама ў кіраванні дзяржавай вядуць рэй палкоўнікі і генералы. Гэтыя людзі робяць тое, што найлепей умеюць: ціснуць, душаць, закручваюць гайкі… Іхнія дзеянні ўсё часцей нагадваюць спробу рамантаваць далікатны гадзіннік кувалдай. Узмацненне рэпрэсіўнасці ўлады цяпер ці не галоўны мабілізавальны фактар для прыхільнікаў пераменаў. А іх усё больш і больш.

Напярэдадні майго выхаду на волю ўся камера весела адзначыла важную падзею ў жыцці маёй сям'і. Трыццаць год таму мы з жонкай пабраліся шлюбам. Мая Тамара нейкім цудам умудрылася перадаць на Акрэсціна гарачую бульбу ў мундзірах і чатыры пакункі селядцоў. Знайшліся ў камеры брус добрага сала, зялёная цыбуля, агуркі.

У добрай грамадзе за сяброўскай размовай неўпрыкмет праляцеў час. І вось ужо канваір гукае мне: "З рэчамі на выхад!"

Сыходжу пад воплескі тых, хто застаецца. Гэтак тут праводзяць на волю.

Бывайце, хлопцы! Мы яшчэ не аднойчы сустрэнемся. Беларусь напярэдадні вялікіх пераменаў. І вам наканавана перамагчы. Бо маладосць і будучыня заўжды перамагаюць.

Мікалай ТОЎСЦІК


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

АБАЖУР - часопіс Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster