|
Усходнееўрапейкі Ліван
Цікавы матэрыял з'явіўся на старонках "Абажура" (N 5-6, 2005 г.). Інтэрв'ю, а дакладней дыялог вядомага літаратара, культуролага і філосафа Валянціна Акудовіча ды журналіста Аляксандра Коктыша. Матэрыял "Архіпелаг Беларусь" ёмісты: закранае і гісторыю адраджэнскага руху канца 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, і пытанні сацыяльнай і нацыянальнай псіхалогіі беларусаў, і перспектывы пераўтварэння "Архіпелага" ў мацярык, што ёсць стварэннем нацыянальнай дзяржавы. "Але падобнае ніколі не станецца верагодным, пакуль мы карэнным чынам не перайначым тыя ментальныя ўстаноўкі, што былі сфармаваныя цягам цэлай эпохі супраціву каланізацыі і русіфікацыі, якая трымалася на веры ў будучую магчымасць Беларусі як нацыянальнай унітарнай дзяржавы".
ПАЗІЦЫЯ
Юрый ХАДЫКА
прафесар
І гэтая сумная выснова, якую зрабіў В. Акудовіч, і выклікала ў мяне жаданне ўзяцца за пяро. Бо надта ж балюча закранае яна ментальнасць той самай эпохі. І хаця я разумею, што аўтары стварылі хутчэй эмацыйнае філасофскае эсэ, а не "крытычную аналітыку" нацыянальна-дэмакратычнага руху, бо любая аналітыка абапіраецца на факты, а не на ўражанні, іх аўтарытэт сам па сабе пераўтварае ўражанні ў факты. Таму я адкідаю сціплыя словы Валянціна пра тое, што ён не прэтэндуе на ролю палітолага ці ідэолага. Кожны з нас, хто піша пра стан нацыянальна-культурнага Адраджэння, становіцца і палітолагам, і ідэолагам. Калі ідэалогію не разумець паводле А.Лукашэнкі.
І першы тэзіс, які мушу аспрэчыць, гэта параўнанне нацыянальна-дэмакратычнага руху ў яго пачатковай і найбольш слаўнай стадыі са стыхійнай паводкай, якая прарывае запруду. У такіх выпадках імклівая плынь змывае ўсе перашкоды. У нашым жа выпадку рупліўцы хутка паднавілі запруду і ўзвялі яе вышэй за ранейшую. З гэтага не зусім удалага параўнання вынікае і вельмі спрэчная характарыстыка З. Пазьняка, які "…ачоліўшы нацыянальна-дэмакратычны рух, які фармаваўся літаральна на маршы, на ўсе сто адсоткаў скарыстаўся плёнам расейскай дэмакратычнай публіцыстыкі, прыбалтыйскіх народных франтоў і палітычнай энергіяй уласнай дэмакратычнай і ліберальна настроенай інтэлігенцыі".
У гэтай цытаце бясспрэчным здаецца толькі сцверджанне аб фармаванні нацыянальна-дэмакратычнага руху "на маршы". Сапраўды, да кастрычніка 1988 г. адраджэнскія асяродкі існавалі паасобна, не аб'яднаныя ні ідэйна, ні арганізацыйна. Сведчу пра гэта з поўнай адказнасцю, бо быў адным з тых, хто стварыў у Акадэміі навук яшчэ ў 1969 г. "Семінар па вывучэнні старажытнабеларускай культуры", які браў практычны ўдзел у заснаванні "Збору помнікаў гісторыі і культуры" і Музея старажытнабеларускай культуры. Нас у гэтай дзейнасці натхняў бядотны стан помнікаў і адсутнасць іх вывучэння менавіта ў выніку прадуманай і бязлітаснай палітыкі каланізацыі і русіфікацыі. Мы ведалі пра гурток "мастакоў-нацыяналістаў" на "паддашку" Яўгена Куліка, але ўзаемадзеянне абмяжоўвалася падпісаннем лістоў у Маскву са скаргамі на заняпад беларускай мовы і культуры.
Мы ведалі і пра артыкул З. Пазьняка ў абарону старой Нямігі, які ён надрукаваў летам 1970 г. у "Праўдзе", і пра першую акцыю непадпарадкавання, арганізаваную ім жа ў канцы лета на Нямізе. Ведалі і пра тое, што ён разам з некалькімі гісторыкамі ў пачатку 1974 г. быў звольнены з Акадэміі і мусіў выконваць любую чорную працу, каб пражыць. І дысертацыю ён здолеў абараніць толькі праз пяць год, і не ў Мінску, а ў Ленінградзе. Хваля барацьбы з "нацыяналістамі", што пракацілася ў 1974-м, не закранула мяне і маіх калег толькі таму, што мы былі "аматарамі" і многія працавалі на "абаронку".
У пачатку 80-х утварыліся маладзёвыя арганізацыі - "Талака" ў БДУ і "Тутэйшыя" ў пісьменніцкім асяродку. З пачаткам Перабудовы пачаўся і працэс аб'яднання. Натуральна, што ўвесь нефармальны рух тычыўся нацыянальна-культурнага адраджэння і не меў аналагаў у Маскве. Расейская дэмакратычная публіцыстыка прывяла да стварэння ў Мінску шэрагу дыскусійных клубаў, і то толькі ў канцы 80-х гадоў. Яны, праўда, хутка распусціліся ў магутнай нацыянальна-дэмакратычнай плыні, якую і ўзначаліў восенню 1988 г. З. Пазьняк. І не толькі дзякуючы сваім ранейшым заслугам, а таксама і сваёй публікацыі "Дарога на Курапаты" ў чэрвені гэтага ж года. Публікацыя такога кшталту была першай у СССР. Яна выклікала гэткі выбух у грамадстве, што пасля яе не мог не ўтварыцца БНФ "Адраджэньне".
Аднак З.Пазьняку давялося вытрымаць і канкурэнцыю, і шалёны супраціў улады. Таму Устаноўчы З'езд БНФ адбыўся толькі 24-25 чэрвеня 1989 г. На год пазней за Прыбалтыку і пры дапамозе "Саюдзіса", які ў той час меў сталую перадачу на нацыянальнай тэлевізіі, дзе В.Ландсбергіс і Р.Озалас вялі гутаркі з народам.
Я згодны з В. Акудовічам, калі ён называе Зянона Станіслававіча "геніяльным палітыкам". Хаця поспехі БНФ былі звязаныя не з адным Пазьняком. Калі ў красавіку 1991 г. нечакана выбухнулі грандыёзныя страйкі, Пазьняк быў у ЗША. Першы сцяг над цёмна-шэрым натоўпам 2 красавіка ўзняў Сяржук Сокалаў-Воюш. А страйкамы стваралі В. Івашкевіч, С. Антончык, Г. Быкаў, В. Вячорка, Г. Мухін, М. Собаль і многія іншыя. Сапраўды, ужо пачынаючы з другога мітынгу над галовамі рабочых уздымалася ўсё больш бел-чырвона-белых палотнішчаў.
Але і геніяльныя палітыкі - толькі людзі, якія могуць рабіць памылкі. Такая істотная памылка была дапушчаная восенню 1992 г., калі мы не паднялі народ супраць рашэння ВС не праводзіць рэферэндум, за які выказалася больш за палову мільёна людзей. Я прысутнічаў на тым паседжанні фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, якое адбылося адразу пасля таго, як Булахаў, Ганчар і Лукашэнка дамагліся пераносу рэферэндуму на няпэўны час. В. Голубеў, С. Навумчык, Л. Зданевіч і іншыя прапанавалі скласці свае мандаты, актыўна супраціўляцца незаконнаму рашэнню. Але перамагла пазіцыя З. Пазьняка, які лічыў, што больш карысным будзе далей працаваць у вярхоўным заканадаўчым органе. Ужо летам наступнага года адбыўся апошні мітынг на прыступках "белага" дома, да якога сёння і падысці без дазволу нельга. А папулярная тады журналістка Г. Айзенштадт абвесціла пра канец "вулічнай дэмакратыі" і заклікала працаваць "прафесійна".
Праўда, асабіста для мяне істотныя перамены ў настроях грамадства сталі відавочнымі ў красавіку 1995 г., калі былі збітыя і выкінутыя з парламента дэпутаты БНФ і міліцыя ўжыла сілу супраць людзей, што выйшлі бараніць іх на плошчу Незалежнасці. З таго часу прастора "вулічнай дэмакратыі" бесперапынна сціскаецца. І не зусім мае рацыю В. Акудовіч, калі, прыгадваючы перажыты ім страх ля Маскоўскіх могілак у 1988 г., лічыць яго сёння, пасля многіх распраў над дэманстрантамі, "крыху дзіўнаватым". Супрацьстаяць брутальнай, безразважнай сіле заўсёды страшна.
Я таксама належу да тых, хто не лічыць перамогу А.Лукашэнкі ў 1994 г. наканаванай нам звыш. Зразумела, што галоўнай прычынай паразы дэмакратыі быў раскол. Саступіць павінны быў С. Шушкевіч. З чыста псіхалагічных прычын. Тады А. Лукашэнка толькі апранаўся ў тогу "тэрмінатара". А З.Пазьняк быў ім. Толькі ён мог ачысціць аўгіевы стайні ўлады. Да таго ж ён лепш адукаваны і гэткі ж артыст, таму мог перамагчы ў двубоі. Трэба было толькі апярэдзіць В. Кебіча.
І нарэшце пра тое, за што я ўдзячны В. Акудовічу. У пачатку інтэрв'ю ён мімаходзь заўважае, "што сама сацыякультурная сітуацыя Беларусі не мела ў сабе таго патэнцыялу, які гэты рух (БНФ) мог бы падтрымліваць у заяўленым напачатку маштабе". А ў канцы з сумам канстатуе: "Беларусь ніколі не будзе спрэс беларускай". І прапануе "сканцэнтраваць супольны патэнцыял нашых партый, рухаў, таварыстваў і т. п. на тых асяродках, справах ды праектах, дзе беларускасць прысутнічае ў натуральных і жывых формах". Тады зачараваныя беларушчынай змогуць надалей утульна і плённа ладзіць сваё быццё ў згодзе і побач з тутэйшымі, рускімі, палякамі ды ўсімі іншымі". Здаецца, усё слушна. Як кажуць, у самую сярэдзіну. Але…
Ёсьць на свеце краіна невялікая, але цікавая. Яе плошча меней плошчы любой нашай вобласці. А насельніцтва толькі ў тры разы меней. 90% жыхароў - арабы. Але мусульман меней за 50%. Большасць хрысціян, сярод якіх праваслаўныя, каталікі і уніяты. Сярод мусульман пароўну шыітаў і сунітаў. Усё ёсць у гэтай краіне, няма толькі міру. Гэта - Ліван. Дваццаць год таму там палала грамадзянская вайна. Дваццаць год там стаялі сірыйскія войскі. Год назад там забілі прэм'ер-міністра, і злачынца не знойдзены.
У Беларусі больш за 80% беларусаў. 70% - праваслаўныя, добрая палова з якіх "праваслаўныя атэісты". 15% - каталікі. Ёсць паслядоўнікі двух дзесяткаў пратэстанцкіх цэркваў, а таксама іудзеі, мусульмане, стараверы. Акрамя таго, беларусы падзяляюцца на "заходнікаў" і "ўсходнікаў". "Зачараваных беларушчынай" і "тутэйшых". Дэмакратаў і прыхільнікаў прэзідэнта. Гэтыя кантрастныя вызначэнні можна працягваць бясконца. У Ліване, "каб не было вайны", існуе арыгінальная сістэма ўлады. Прэзідэнтам там можа быць толькі хрысціянін, а прэм'ерам і спікерам - толькі мусульманін. Але вайна ўсё адно часам пачынаецца. Станоўчы праект В. Акудовіча, які накіраваны на стварэнне выспаў нутрана замкнёных супольнасцяў, ёсць праектам ліванізацыі Беларусі. З апораю на войскі суседняй "Сірыі", якія толькі кансервуюць расколы.
Прапануючы гэткую палітычную канцэпцыю, В. Акудовіч ігнаруе адну цікавую гістарычную заканамернасць. Ні адзін перыяд барацьбы за незалежнасць, волю і дэмакратыю ў Беларусі не пачынаўся без змагання за нацыянальна-культурнае Адраджэнне. Толькі ў нашай гісторыі, у нашай культурнай традыцыі можна знайсці тое духоўнае апірышча, той клей, што мусіць ператварыць натоўп у нацыю. БНФ дзейнічаў заўсёды строга ў адпаведнасці з гэтай парадыгмай. Калі мы змагаліся за адзіную дзяржаўную мову, то змагаліся за справядлівасць, а не за сваё права. Калі не пайшлі на захоп улады ў 1991 г., хоць у ЦК КПБ палілі паперы, то лічылі, што любы гвалт рана ці позна выкліча ў талерантнага беларуса пратэст. На жаль, не ўсе беларусы талерантныя. Я адчуваю сваю віну за тое, што не ўлічваў гэтага.
Скончыць я хачу вялікай цытатай з вялікага расіяніна. У 1988 г. акадэмік А. Сахараў пісаў: "Прежде всего я хочу подчеркнуть, что убежден в абсолютной исторической необходимости перестройки. Это как на войне. Победа необходима. Но неизбежны большие трудности и препятствия экономического, психологического, организационного характера. Народ проходил на протяжении развращающую "антишколу", приучавшую многих не работать, а только создавать видимость работы, приучавшую к лицемерию, лжи, эгоизму и приспособленчеству (говоря "народ", я имею в виду и интеллигенцию).
Сохранились ли в нем достаточные внутренние нравственные силы? Если этих сил мало, то наш путь будет медленным, противоречивым, с отступлениями и падениями. Но я верю, что в народе всегда, в особенности в молодежи, под наносной оболочкой горит живой огонь. Он должен дать о себе знать. Это зависит от нас всех. Нужна нравственная и материальная мотивация перестройки, заинтересованность каждого в ее успехе! И еще - чувство большой общей цели, такое по заказу и уговорам не получается, но без этого все повиснет в воздухе. Народ должен поверить, что ему говорят правду, - а для этого нужно одно - говорить только правду и всю правду и всегда подтверждать слова делами".
Здаецца, што Андрэй Дзмітрыевіч глядзеў у нейкае чароўнае люстэрка і на шмат гадоў наперад прадбачыў шлях не толькі Расіі, але і Беларусі. А ён быў такі "далёкі ад народа", як ніякі БНФ. Таму я веру, што праект унітарнай нацыянальнай Беларусі лепшы за архіпелаг Беларусь, бо гэта - вялікая агульная мэта.
Юрый ХАДЫКА
прафесар
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|