|
Час ляціць...
ТВОРЧАЯ БРАМА
Аляксей БЕЛЫ
Час ляціць, а ўсё няма палёгкі,
Бэсцяцца святыні і забыты…
Мова нашых прашчураў далёкіх
Стала зараз моваю эліты.
Шмат каму няма ў ёй патрэбы -
Іншы вецер над краінай вее.
Ёсць у плебса хлеб, і ёсць да хлеба.
Хто з іх, еўшы, зараз не пацее?..
А мая душа не адбалела
Аб пакутным лёсе Беларусі.
Усё адно манкуртам не скаруся,
Бо працую Аляксеем Белым
І пасаду страціць не баюся.
***
Каб рушыць у свет, нам хапае прычын, -
Такі, пэўна, лёс чалавечы…
І мы, бы на крылах, кудысьці імчым,
Чакаючы новай сустрэчы.
Для нас і кароткі прыпынак - турма,
Ізноў абарвалася рэха…
А ўсё вельмі проста - бо часу няма,
І трэба транзітам праехаць.
Сябры адыхозяць: то лёс іх, то час,
Хто раптам памёр, хто забыты.
А што застанецца на свеце ад нас -
Ад тых, хто ўсюды транзітам?
Ад тых, хто пазбыўся тугі і бяды,
І ў вочы глядзіцца, бы ў бездань,
І бачыць вялікія ўсе гарады
Здалёку ці толькі праездам.
За кожнай хвілінай ляціць наўздагон,
Пакуль не стары і не хворы.
Але дасягне калатлівы вагон
Хіба што паўночнага мора.
А недзе ёсць Прага і нават Парыж.
І там гэта ж самае неба…
І толькі калі ты ля крыжа стаіш -
Спяшацца не трэба.
…Усё ж нешта зрабілі і мы на вяку,
І месціцца ва ўспамінах:
Каханая, ціхі дамок у садку…
І вось ён, супынак!
Пераможцы
Ліпень выкіне белых язмінаў сцягі,
У неба ўздымаецца жаўранак звонкі…
Не ідуць па вадзе ад асколкаў кругі,
Зараслі бур'янамі варонкі.
Менш і менш ад вайны і турбот, і слядоў,
Смерш не ўзгадваюць болей і Стаўку.
Вызваліцелі вёсачак і гарадоў -
Хто застаўся - прыселі на лаўках.
У нядзелю на лаўцы. А так - баразна,
Што і кроўю, і потам паліта.
"Камунізма цяпер і здалёк не відна,
Засталіся хіба зампаліты…"
Час цячэ. І рачулка ля лесу цячэ.
Ну а ён, пераможца, пры зорках,
Возьме коску-сямерку ды ціха таўчэ
Парыжэлую траўку на ўзгорку.
Косіць. Гнецца памалу да цёплай зямлі -
Ёсць на вёсцы ў сене патрэба.
"Дзякуй богу, кароўку пакуль не звялі,
Так што будзе і хлеб, і да хлеба".
Ёсць і пенсія. Нават няблага даюць -
Не дванаццаць рублёў, як калісьці.
Але ж трэба ўнукаў адзець і абуць,
Іх бацькам гэта пенсія - выйсце.
Колькі ў гэтым "калхозе" заробіш цяпер?
Сорак тысяч? Куды ты іх кінеш?
Кажуць, што чалавек чалавеку - не звер,
А глядзі - той тлусцее, той гіне.
…У святы з раніцы самай чакаюць гасцей,
Сельсавет іх даставіць да пляцу.
Медалёў усё больш. А жыццё карацей,
Але ж трэба і жыць, і трымацца.
Трэба повязі часу навекі злучыць
Справай, а не прамоваю кідкай.
Унучцы трэба было б памагчы, давучыць,
А пасля і памерці не брыдка…
***
Палахлівых свечачак рад
(Бог ім тут каравул прызначыў).
І нязграбна хрысціцца брат,
І пляменнік сцішана плача.
Двор бацькоўскі - нібы цвінтар,
Пахне ладанам і марозам.
І малітву цягне святар.
І ніяк не схаваеш слёзы.
Што было - у нябыт уцякло,
Ды не ўсё прайшло стараною…
Апусцела ў вёсцы жытло…
Быццам вымерла ўсё сяло -
Усё сяло ідзе за труною.
***
Ну вось і Хрыстос уваскрэс,
І дзень падаецца бясконцым,
Паедзем, каханая, у лес,
Дзе рэчка і сонца.
Там птушкі дзівосна пяюць,
І ў трэлях - такія адценні!
І дрэвы яшчэ не даюць
Амаль аніякага ценю.
І недзе на пятай вярсце,
Ля самага небакраю,
Чаромха яшчэ не цвіце -
Чакае…
Аляксей БЕЛЫ
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|