БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

Часопіс АБАЖУР на старонках  КАМУНІКАТУ

 
 АБАЖУР №№ 48-49

АБАЖУР №№ 48-49Пінскі фарватэр

У гэтай праўдзівай гісторыі пазнавальныя, але змененыя імёны герояў - тым аўтар, на меркаванне рэдакцыі "А", узняў асэнсаванне неахайнай рэчаіснасці да чысціні мастацкага твору.

ВЕК - ГРАМАДСТВА - СІСТЭМА

Павел ЛЯХНОВІЧ

Прысьвячаю Людміле Ляхновіч, маёй жонцы

***
Ноччу прысьнілася, сорамна сказаць, дзярмо. Быццам іду я недзе, а навокал… аж няма куды ступіць.

- Харошы сон, - сказала раніцай Люда. - Гэта на грошы. Можа, працу дзе знойдзеш.

- Калі ты кінеш ўсе гэтыя прыкметы? Фігня ўсё. - Ну ня веру я ў сувязь соннага дзярма з грашыма. - Лепей сьняданкам займіся.
Цокаючы па падлозе кіпцюрамі, зайшоў Рой, сямігадовы эстонскі ганчак, "гарачы эстонскі хлопец", як жартуе Люда. Замахаў хвастом і стаў заглядаць у вочы. Ясна - на вуліцу просіцца.

- Зараз ідзём, пачакай, толькі зубы пачышчу, - папрасіў я Роя. - Не махай так хвастом, задніца адламаецца.
Зразумеў. Уздыхнуў і паплёўся на сваю "канапу" з паралону - чакаць.

Ужо сярэдзіна сакавіка, а на вясну нешта не падобна. Сьнег, марозік. Хоць днём даволі добра прыпякае і гракі дражняцца ўсімі гарадзкімі гукамі.

Аблазілі з Роем пляцоўку, выдзеленую гарадскімі ўладамі для выгулу сабак. Пляцоўка на апошнім некранутым будоўляй археалягічным помніку Пінска. На рэштках гарадскога валу, што ўпіраецца ў агароджу сударамонтнага заводу. Жыхары "прыватнага сэктару" не-не ды ськідалі тут употай пакет-другі сьмецьця. Змагаючыся зь імі, гарадзкія ўлады прыбілі да дрэва шыльду: "Мусор не бросать. Штраф…". Нягледзячы на пагрозу, сьмецьце зрэдку ўсё адно зьяўлялася. Тады шыльду зьнялі і прывезьлі жалезную скрыню. Сьмецьця адразу пабольшала разоў у сто. Зараз скрыні няма, на помніку археалёгіі сапраўдная звалка і стаіць новая шыльда: "Господом Богом молим. Не сорите!"

Роя я са шворкі не спускаю. Раней было - адпускаў пабегаць, дык згубіў пад машынамі двух сабак. Ідзем дадому. Ён ужо зрабіў усе свае справы, але не прапускае ніводнага дрэва і кута, усё яму трэба абнюхаць і "расьпісацца". Цікава, што ён там чытае? Пабыць бы пару дзён сабакам…
…Мы ўжо падымаліся па прыступках ганку, як я пачуў вокліч: "Павел Андреевич! Подождите!" Да нас беглі двое ў аднолькавых чорных куртках і вязаных шапачках-"менінгітках". Мянты. Мода ў іх такая, ці што, апранаюцца ў цывільнае, як дзетдомаўцы - ўсё аднолькавае. На днях я дапамагаў арганізаваць сустрэчу з "электаратам" аднаму з альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыідэнты і быў упэўнены, што расплата надыдзе. Вось яна і наступае. Пад лыжачкай непрыемна засмактала. Спакойна. Не трэба, каб яны ўбачылі хваляваньне.

"Дзетдомаўцы" за пяць крокаў выхапілі пасьведчаньні і працягнулі ў мой бок. Быццам з такой адлегласьці нешта можна прачытаць.

- Мы из милиции. Нужно поговорить.

Можаце не цягнуць свае "корачкі". І так за кілямэтар відаць, хто вы. А як вы мяне пазналі? Я што, карыстаюся такой папулярнасьцю ў вашай канторы, што мяне ўсе ў твар ведаюць?

- Работа такая… - з усяе сілы паказваючы, які ён "круты", вымавіў адзін. - Павел Андреевич, наше начальство хочет с вами побеседовать. Давайте съездим. Мы вас на машине доставим.

- Вы мяне затрымліваеце?

Ясна, затрымліваюць. Можа, адмовіцца, запатрабаваць позву? Не, пачнуць круціць рукі, давядзецца выпусьціць сабаку, сыдзе за сучкамі і прападзе.

- Нет-нет! Что вы! Просто побеседовать!

Значыць, можна зайсьці ў пад'езд. Можна схавацца ў суседзяў: абшукаць семдзесят тры кватэры яны наўрад ці здолеюць. Але… Мярзотна ўсё. Хавацца, не зрабіўшы нічога процізаконнага. І жонку будуць дапякаць тэлефанаваньнямі… І па горадзе трэба будзе перамяшчацца "кароткімі перабежкамі". А-а! Зьежджу. Паглядзім, што там за "гутарка". Мо і праўда хочуць папярэдзіць перад выбарамі аб выкананьні законаў. Дык я нічога і не парушаю.

- Люда, мяне зараз спынілі на вуліцы мянты, мабыць, будуць садзіць, Зьбяры, калі ласка, пару прасьцінаў, мыла, зубную шчотку і пасту. І ручнік. І дай спартыўны касьцюм пераапрануцца.

Малайчына жонка, вочы крыху акругліліся, але ўвогуле спакойна пачала зьбіраць "турэмную торбу". Так. Што зараз? Трэба патэлефанаваць знаёмым журналістам. І пашпарт не забыцца.

- Сядзь пасьнедай! Зараз можна не сьпяшацца.

Можна то можна, але не хацеў бы, каб у дзьверы пачалі ламацца.

- Ведаеш што, не вельмі хочацца.

Сапраўды, не хочацца, хоць апошні раз еў учора вечарам.

У "Пінскім часе" спалоханая Надзя паведаміла, што рэдактар пайшоў у міліцыю даведацца, чаму з працы забралі актывіста з групы падтрымкі адзінага кандыдата ад дэмсілаў, і раптам зьнік. І "мабільнік" ягоны змоўк. Ага, значыць аблава. Рана. Да выбараў яшчэ чатыры дні…

…Да пастарунку ехалі хвілін пяць. Прымусіў сябе супакоіцца не толькі зьнешне. Узгадаў лёзунг старых, сталінскіх яшчэ вязьняў: "Ня вер, ня бойся, не прасі".

Прынамсі, што да першай часткі мудрасьці - "Ня вер…". Толькі ўвайшлі ў пастарунак, адзін зь "дзетдомаўцаў" некуды зьнік, а другі з выразам твару "обманули дурака на четыре кулака" паведаміў мне: "А вот сейчас - задержание!" І сеў за столік у фае, разьдзеленым кратамі на дзьве часткі, пісаць паперу.

- Ну, і ў чым вы мяне будзеце абвінавачваць?

- Потом узнаете…

- А зараз я хачу "узнать" ваша прозьвішча, пасаду і званьне.

Зноў, як і каля дому, тыцнуў мне ў твар пасьведчаньнем.

- Не, я так нічога не разьбяру. Дайце прачытаць.

Неахвотна аддае "корачкі" ў рукі. Казьлюк Сяргей, старшы лейтэнант міліцыі, апэрупаўнаважаны. Шкада, забыўся ўзяць паперу і аловак. Ну, нічога, запомню. А зараз, пакуль ён піша, трэба прымусіць сябе адкаснуцца ўнутрана ад усяго, што застаецца па-за гэтым будынкам. Усё, ніякіх плянаў, нічога на бліжэйшыя тыдзень альбо два не існуе. Нічога, акрамя гэтых сьценаў, няма…
…Доўгі калідор зь дзьвярыма налева-направа. Адны дзьверы адчыненыя, там маленечкі маёрчык крычыць па тэлефоне, відаць, размаўляе з босам: "Майор Гринёк слушает! Есть! Так точно! Сейчас разберёмся с демократами - и сразу!.. Есть!"
У кабінэце лейтэнант, апрануты ў пакамячаную форму, прымушае Казьлюка перапісваць рапарт нанава. Нешта там не зрастаецца. Потым, заглядаючы ў Казьлюковую паперу, запаўняе нейкі блянк. Пытаецца, зьвяртаючыся да мяне:

- Фамилия, имя, отчество?

Я моўчкі лезу ў кішэнь, дастаю пашпарт і аддаю яму. Гартае, піша.


- Дети есть?

- Навошта вам мае дзеці?

- Положено…

Вам "паложана" - вы і капайце. А я не бачу прычыны вам аб усім дакладваць. Вы мяне чаго сюды зацягнулі, на якой падставе пытаецеся? Усё, што вам патрэбна, ёсьць у пашпарце.

- Где работаете?

- Адказ ранейшы - капайце самі.

Засоп, але змаўчаў.

- Распишитесь. Вот здесь.

- А што гэта?

- Это протокол административного задержания. Чисто формальная штука. Вам нужно только расписаться.

- Здаецца, я маю права пазнаёміцца з гэтымі паперамі? Дык я зьбіраюся гэтым правам скарыстацца…

- Пожалуйста… - абыякава паціснуў плячыма. - Знакомьтесь. Только моё и своё время зря тратите…

- Да вашага "врэмені" мне няма ніякай справы. А што да майго часу, то, здаецца, вашымі клопатамі мне няма куды сьпяшацца.
Паводле рапарту Сяргея Казьлюка, я выгульваў сабаку без намызьніка, а сабака "падаваў голас" (от жа дэбільная мова! Чаму не "брахаў" ці там "гавкал", "лаял"?) на пінчукоў і гасьцей гораду. А калі Казьлюк з напарнікам зрабілі мне заўвагу, я нецэнзурна вылаяўся і на заўвагі не рэагаваў (калі вылаяўся, значыць, зрэагаваў. Ну і тупыя!). За гэта быў затрыманы і дастаўлены ў пастарунак. Куды дзеўся сабака, у рапарце не паведамлялася.

Пратакол затрыманьня быў вытрыманы ў стылі рапарту. Графа "час затрыманьня" не запоўненая. Прымусіў запоўніць. Каля месца для майго роспісу - пару радкоў для тлумачэньняў. Пачаў пісаць тлумачэньні: "Правапарушэньне, выкладзенае ў рапарце ст. л-та Казьлюка, у прыродзе не існавала, і рапарт, і пратакол сфабрыкаваныя…"

- Что вы там пишете? - занепакоіўся пакамечаны лейтэнант. - Вы должны написать только, согласны или не согласны с протоколом!

- Не "сагласны" я! Пішу, што вы з Казьлюком сфабрыкавалі на мяне гэтыя паперы. Тут, на блянку, мала месца, я напісаў, што працяг - на дадатковым аркушы. Дайце мне, калі ласка, аркуш паперы…

- Ар… Что? - выгляд лейтэнанта быў такі, што я ледзьве не разрагатаўся.

- Ну, я зьбіраюся напісаць тлумачэньні, а месца на пратаколе не хапае, то я прашу даць мне, на чым працягнуць гэтыя тлумачэньні.

- Вы будете расписываться или нет?! Если не будете, то и не надо!

- Буду, буду. Толькі я не скончыў тлумачэньні, месца не хапіла, дык я напісаў, што працяг тлумачэньняў - на дадатковым аркушы. Так што ў судзе, мабыць, спытаюцца, дзе працяг. Дык я маю намер дапісаць тлумачэньні, а потым падпішу.

Лейтэнант са злосьцю выхапіў пратакол.

- Покажите, что у вас в пакете!

- Глядзіце самі. Калі гэта ваш абавязак - то выконвайце яго. Я да вас у памочнікі не наймаўся.

Лейтэнант вываліў зьмесьціва на стол і пачаў запісваць, прыгаворваючы:

- Простыни - две, зубная паста - одна, зубная щётка - одна, мыло - одно, мыльница - одна, полотенце - одно. Поднимите руки.
Спрытна злазіў у мае кішэні, дастаў ужываную насоўку і сьцізорык - іх таксама запісаў. Абмацаў усяго, нават у шкарпэткі злазіў.

- Подпишите. Это протокол досмотра. Чтобы потом не говорили, что у вас что-то забрали…

- Тут вось запісана, што прысутнічалі панятыя. А іх не было. Як гэта разумець?

- Понятые были, - лейтэнант нахабна глядзіць мне ў вочы. - Они потом распишутся.

Шлях да турмы зусім блізкі. Тут яе называюць "ізалятар урэменнага садзяржанія". Крыху па калідоры, потым дзясятак прыступак уніз, дзьверы зь металічных прутоў, зноў уніз - і пашарпаны стол пасярэдзіне калідору. За сталом пузаты старшына з тварам жанчыны-алькагалічкі і пустымі заплылымі вачыма. Абмацвае, забірае шапку і прасьціны, пакет з ручніком, мылам, шчоткай, пастай аддае мне.

- Руки за спину! - Што добра гучыць па-расейску, дык гэта каманды. Раблю выгляд, што не зразумеў.

Вядзе налева па калідоры. У калідоры нечым сьмярдзіць, крыва атынкаваныя сьцены пафарбаваныя ў цёмна-зялёны колер. Зьлева і справа зачыненыя дзьверы. На некаторых прастакутныя амбразуры зь дзьверцамі. Яшчэ ўздоўж сьцен нейкія тоўстыя трубы. У канцы калідора закратаванае вакно. Паўпадвал.

Спыняемся ля дзьвярэй пад нумарам дванаццаць з круглым зашклёным акенцам і адчыненай "амбразурай". Вось зараз я ўвайду туды і скажу… Што сказаць, каб ня трапіць у няёмкае становішча? Там жа свая, невядомая мне субкультура. А! Проста паздароўкаюся і спытаюся, дзе мне разьмясьціцца.

Дзьверы са страшэнным шоргатам адчыняюцца, і я ступаю ў змрок. У нос б'е нясьцерпны смурод застаялай мачы і тытунёвага дыму. Гэткае, толькі нашмат слабейшае, можна ўнюхаць у прыбіральнях несталічных беларускіх вакзалаў. Спыняюся. Дзьверы з такім жа шоргатам зачыняюцца. Нічога ня бачу, але чую моцны рогат. Чым гэта я расьсьмяшыў вязьняў камэры нумар дванаццаць?
Вочы прызвычайваюцца, і са змроку выплывае памяшканьне памерамі прыкладна чатыры на тры мэтры. На процілеглай сьцяне - прастакутнік з бляхі, у блясе нароблена крыху дзірак. Відаць, за ёю вакно. Над дзьвярыма цьмяная лямпачка ў брудным шкляным пляфоне. (Разьбівай пляфон - і хоць рэсься сам, хоць рэж іншых.) Уваходныя дзьверы ля левай сьцяны. Адразу ля дзьвярэй прастакутнік падлогі, недзе мэтар дваццаць на паўтара. На гэтым прастакутніку ля сьцяны алюмініевы бак, такія служылі ў савецкім войску для гатаваньня. Бак накрыты плітой ДСП.

Астатняя падлога камэры сантымэтраў на шэсьцьдзесят-семдзесят паднятая і ўтварае нейкае падабенства сцэны. На ёй варушыцца ў змроку чалавечае месіва і рагоча. Так, досьвед начлегу ў мурманскай афіцэрскай гаўптвахце мяне падвёў, з прасьцінамі я пасьпяшаўся. Добра, што здагадаўся апрануць старую куртку, ёсьць што кінуць на дошкі.

- А я думаў - цябе першага тут сустрэну! А ты толькі зараз! Цябе дзе ўзялі? - гарлае Яршук, рэдактар "Пінскага часу", і я бачу яго ў атачэньні знаёмых з групаў падтрымкі кандыдатаў у прэзыдэнты Мілінкевіча і Казуліна. Ляжаць яны ля бляхі зь дзіркамі - ля сьвяжэйшага паветра, значыць. - А Аўсея ня бачыў? Яго таксама ловяць! Але ён як убачыў, што мяне павялі, то задам-задам - і ходу! Мабыць, ужо недзе ў дызэлі да Лунінца пад'яжджае!

- Зараз раскажу. Дзень добры, спадары сядзельцы. Куды мне тут уладкавацца?

Уся "сцэна" занятая целамі, і я не ўяўляю, што магу разьмясьціць тут яшчэ і сябе.

- Разувайся і кладзіся вось тут, - Віця Яршук і зь ім яшчэ трое палітычных падціскаюць ногі. - Гігіена, браце! Параша - толькі для малой патрэбы. Тут вось, - паказвае на поліэтыленавае вядро з бруднай эмаліраванай накрыўкай, на якой стаіць амаль чорны эмаліраваны ж кубак, - вада для піцьця. У прыбіральню выпускаюць два разы на дзень - пасьля пад'ёму і перад адбоем. Ну, цябе за што затрымалі?

- Сабака брахаў… Мацюкаўся на мянтоў…

Зноў выбух рогату:

- Што?! Сабака брахаў мацюкамі на мянтоў?!

- Ну, блин! Менты совсем оборзели! Ладно, этих, - сталы ўжо, сівы хударлявы мужчына зь няўлоўнай пячаткай хранічнага зэка (чамусьці я іх, а яшчэ міліцыянтаў і вайскоўцаў, амаль беспамылкова ўгадваю - шмат разоў праверана) кіўнуў на сваіх суседзяў, - напились, подрались, жену поколотили, тёщу там… Но вас! Вы же ничего против ихних же долбаных законов не сделали! Это же беспредел! Это что ж? Вас всех за мелкое хулиганство замели? "Нецензурно выражались, на замечания работников милиции не реагировали?" Падлы, хоть бы для приличия формулировки разные придумали!

- Им по всей Беларуси приказано перед выборами изолировать тех, кто "засветился" и гарантированно будет против Лукашенко… И этим же приказом доведена формулировка… - "перахапіў мікрафон" лідэр мясцовых сацыял-дэмакратаў Касьцевіч. Сяргей любіць пагутарыць з электаратам.

Аказалася, што раніцай на працу да Зьміцера Базевіча, 22-гадовага сябра групы падтрымкі Малінкевіча, прыехалі два міліцыянты. Выходзіў ён з паднятымі ўгору рукамі. У пастарунку склалі пратакол - "нецэнзурна лаяўся, на заўвагі не рэагаваў".

Даведацца, што ж гэта робіцца, у пастарунак сунуўся з журналісцкай цікаўнасьцю Віця Яршук, чым вельмі ашчасьлівіў "праваабаронцаў". Сьледам за Яршуком сунуліся Сяргей Касьцевіч і Саша Аўсенка, але Саша своечасова адчуў непярэліўкі і зьнік. А Сяргей зь Віктарам у фае пастарунку "пачалі нецэнзурна лаяцца"… Кастуся Чавука схапілі ў пракуратуры, куды ён прынёс нейкую скаргу. Заяву аб тым, што ён "нецэнзурна лаяўся і не рэагаваў…", напісала нейкая тамтэйшая сакратарка.

Зарыпелі дзьверы, і ў сьветлым прастакутніку ўзьнік пузаты старшына.

- Базевич, Яршук, Чавук, Костевич, Ляхно! Приготовиться к выходу! На суд поедете.

- Ни фига себе! - зьдзівіўся хударлявы зэк Мікола. - Я здесь, может, пятнадцатый раз, но никогда не было, чтобы к концу рабочего дня на суд возили! Сейчас сколько? Думаю, часов пять? Ну, ребята, видимо, вас приказали конкретно гасить! Такая спешка!

Выводзілі па адным. У двары пастарунку - проста ля дзьвярэй - стаяў "чорны воран", праўда, быў ён шэры, без вокнаў, з аднымі дзьвярыма. Падобны да хлебавозкі. З бакоў, перакрываючы шлях, два прапаршчыкі. Унутры "воран" абсталяваны маленечкімі выгарадкамі-клеткамі зь дзьвярыма-кратамі. Віця паспрабаваў загаварыць з прапаршчыкам, але той грозна закрычаў: "Не разговаривать!" - І Віця змоўк.

Першым на суд вывелі з "ворану" Чавука. Я знайшоў у сваёй клетцы некалькі гарэлых запалак і ледзьве пасьпеў напісаць імі на сьцяне: "Жыве Беларусь!" - як Кастусь ужо вярнуўся: "Пяць сутак!"…

…Вывелі мяне і ў атачэньні двух прапаршчыкаў завялі на другі паверх у маленькі кабінэцік. "Рукі за сьпіну!" не гыркалі. Паказалі, куды стаць, адзін засланіў шлях да дзьвярэй, другі - да судзьдзі. Судзьдзя - мажны, сыты мужчына ў чорнай мантыі, абшытай па краях залацістым кантам і падобнай да папоўскай рызы, спытаў прозьвішча, імя, імя па-бацьку. Побач, на краі стала, шчыравала сакратарка.

- В протоколе задержания записано, что вы, находясь по улице Завальная, четыре, нецензурно выражались, на замечания работников милиции не реагировали… Вы согласны с протоколом?

Калі гэтыя, пшэпрашам, "праваабаронцы" бессаромна лгуць, робячы нашмат большае злачынства, чым тое, якое спрабуюць "навесіць" на мяне, то зараз салгу і я. Цікава, каманда ізаляваць праціўнікаў рэжыму дадзеная толькі мянтам ці і судзьдзям таксама? Пракуратуры дадзена, гэта відаць з захопу Чавука. Паглядзім, як гэты гладкі дзядзька будзе выкручвацца зараз, ці паспрабуе разабрацца ў нестыкоўках?

- Пан судзьдзя! - О! Перасмыкнула ад "пана"! Але і "ваша честь" ты ад мяне не дачакаесься. - Там яшчэ запісана, што мяне затрымалі, калі я выгульваў сабаку. - Судзьдзя кіўнуў. - Дык вось, таго правапарушэньня, у якім мяне абвінавачвае пратакол, насамрэч не існавала ў прыродзе. Старшы лейтэнант Казьлюк свой рапарт пра правапарушэньне папросту высмактаў з пальца. Там усё - мана. Мяне забралі з кватэры. Доказам гэтага можа быць мая вопратка - бачыце, я апрануты ў спартыўнае, я так па вуліцы не хаджу. Апрача гэтага я ўзяў з сабою мыла, зубную пасту, ручнік. Як вы думаеце, браў бы я гэтыя рэчы для таго, каб выгуляць сабаку? Так што забіралі з кватэры. Што, Казьлюк з таварышам ішлі па вуліцы Завальнай і пачулі, як я ў кватэры мацюкаюся? Не, пан судзьдзя! Гэта проста ідзе "зачыстка" электаральнага поля перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Вас, пан судзьдзя, работнікі міліцыі хочуць зьвесьці ў зман!

На мой наіўны погляд, кожны судзьдзя пасьля гэтага павінен быў выклікаць на допыт мянтоў, што мяне затрымлівалі.
- Так вы не выгуливали собаку? - твар судзьдзі выражае гранічную незадаволенасьць.

- Не, пан судзьдзя! Не пасьпеў, позна прачнуўся. Мяне з кватэры…!

- А собака-то! Собака - есть?!

- Сабака ёсьць. Як яны ўваліліся ў кватэру, ён на гэтых міліцыянтаў забрахаў…

- Эх, дурань, не зрэагаваў! Трэба было адказаць, што няма ніякага сабакі. Як бы ён тады выкручваўся?

- Какой породы собака?

- Эстонскі выжлец…

- Ну вот…

Доўгая паўза. Потым рэзка, твар у паперах, ня гледзячы на мяне:

- Шэсьць сутак!

Зноў цесная скрынка "ворана" і камэра. Мне са Зьміцерам далі па шэсьць, Віцьку, Кастусю і Сяргею - па пяць.
- Хлопцы, прапаную аб'явіць галадоўку пратэсту. Думаю, што ў гэтым смуродзе галадаць будзе лёгка, - кажу я, калі мы разьмясьціліся на "сцэне" пад бляхай.

Згадзіліся ўсе, акрамя Касьцевіча: ён пажыцьцёвы дыетнік, перахварэў на гепатыт.

…Рыпяць дзьверы, і раве старшына:

- За пайкой!

Устаюць Мікола і Аляксандар, абодва неаднаразова пазбаўляліся волі за крадзяжы і разбоі. Аляксандра "на суткі" адправіла маці, калі ён п'яны ўзьняў дома вэрхал. Мікола пра сябе нічога не распавёў. Прыносяць малочны бідон, потым - бак, гэтакі ж, як наша "параша".

- О-о! - зьдзіўляецца Мікола, перамяжаючы словы, якія нясуць інфармацыю, мацюкамі. - Так здесь никогда не кормили! Смотрите! Суп! Картошка! О-о, котлеты! Это, что - нас перед выборами покупают или из-за политических?

Спрытна накладае ежу ў алюмініевыя міскі і першым прапаноўвае нам. Мы адмаўляемся, кажам пра галадоўку.

- Ребята! Кому вы что докажете своей голодовкой? Кто узнает? Берите, кушайте - смотрите, какой хавчик классный! Я дома такого не ем!

- Ну і радуйся, - бурчыць Віцька, - табе больш будзе.

Мы ляжым, імкнучыся не глядзець у бок "уркаў", якія сядзяць, заціснуўшы ступакамі міскі і рупліва чэрпаюць лыжкамі. Лыжкі таксама алюмініевыя, з адламанымі ручкамі, і, каб чарпануць, не трапіўшы ў суп пальцамі, трэба быць даволі спрактыкаваным. Відовішча не дадае апэтыту, і гэта добра.

- Похавали? Выносите посуду! - крычыць у дзьвярным праёме старшына. - И составьте аккуратно педали!

Што сукамэрнікаў, што ахоўнікаў я разумею толькі напалову - суцэльная "феня". "Пэдалі" - гэта, аказваецца, наш абутак.

- Старшына! - зьвяртаюся я. - Я аб'яўляю галадоўку пратэсту супраць незаконнага затрыманьня і асуджэньня. Таксама галадоўку аб'яўляюць усе палітычныя вязьні нашай камэры. Прашу далажыць аб гэтым па камандзе. І прашу даць нам паперу для напісаньня адпаведных заяваў.

- Шо? - старшына няўцямна глядзіць на мяне. Здаецца, сапраўды не разумее.

- Паўтараю для асабліва адораных.(Радасны сьмех "уркаў".) Я аб'яўляю галадоўку пратэсту, прашу далажыць аб гэтым вашаму начальству і прашу паперу і аловак, каб напісаць заяву.

…? - глядзіць што той баран, і маўчыць.

- Ляхно просит бумагу и карандаш, будет писать заявление об объявлении голодовки! - не вытрымлівае і пачынае перакладаць Сяргей Касьцевіч.

Паперы мы так і не дачакаліся. Замест гэтага праз паўгадзіны зьявіўся напарнік старшыны, ніжэйшы, не такі рыхлы, са злосным тварам, таксама старшына:

- Яршук, Чавук, Костевич - на выход!

Выйшлі, пакінуўшы нас гадаць, што гэта значыць. Праз пару хвілінаў зноў камандны крык:

- По шесть! На оправку!

Дзьверы камэры адчыненыя, усе выйшлі і стоўпіліся ў канцы калідору. Па шэсьць чалавек заходзяць у прыбіральню, яна ж і ўмывальня. У дзьвярах прыбіральні старшына назірае за тым, што адбываецца. Я не магу пераадолець сябе і садзіцца на кукішкі ў кабінцы пад позіркамі, дый не вельмі хочацца.

З усяе камэры мыла, зубную шчотку і пасту, ручнікі маю адзін я. Аказваецца, гэты факт дадае мне прэстыжу ў вачох "урак".
…Дзірачкі ў блясе, ля якой мы ляжым, падсьцяліўшы пад сябе верхнюю вопратку, даўно пацямнелі. Відаць, на вуліцы ўжо ноч. Большасьць сукамернікаў сьпіць. Ля мяне, крайні ад сьцяны, ціха пасапвае Зьміцер Базевіч. Мы зь ім гадзіны са дзьве гутарылі, і ён здаўся мне вельмі сьветлым, шляхетным і разумным хлопцам. Худы, высокі. Хварэе на варыкознае пашырэньне венаў. Спрабаваў пераканаць яго адмовіцца ад галадоўкі - не пераканаў. Упарты. Відаць, якраз такія і ішлі ў шэрагі Касьцюшкі, Каліноўскага. Нават калі ведалі - заўтра перамогі ня будзе. Працавалі на будучыню. Гіронія гісторыі: працавалі, каб сёньня беларусы маглі мець прэзыдэнта. Зьміцер упэўнены, што справядлівых выбараў ня будзе, але працуе ў групе падтрымкі Мілінкевіча. Кажа: калі ёсьць нехта, хто спрабуе паламаць гэтую лжывую сыстэму, то ён, Зьміцер, будзе яму дапамагаць.
Ад ляжаньня на амаль голых дошках баляць бакі, баляць паясьніца, хвасьцец.

Я ўзгадваю кадры кінахронікі часоў Другой сусьветнай вайны. Канцлягер, барак, двухпавярховыя драўляныя нары, на нарах у адзін рад (!) ляжаць людзі. У нас у камэры зараз пятнаццаць чалавек, легчы здолелі ўсе, але выцягнуць ногі немагчыма, таму іх кладуць адзін на другога. Я спачатку саромеўся, але, калі стала нясьцерпна, асьцярожна паклаў ногі на нейкага урку. Той замармытаў у сьне, заварушыўся і сьпіць далей. Мікола сьведчыў, што летась, у страшэнную сьпёку, сюды кінулі трыццаць чалавек. Немагчыма было не тое што ляжаць, але і сядзець. На скаргі адказ заўжды адзін, відаць, рэкамэндаваны "цэнтралізавана": "Ну, тут жа не санаторый!"

Загрукаталі дзьверы, і ў камэру некага ўпіхнулі. Той пастаяў унізе ля парашы, потым сеў на "сцэну", абхапіў галаву, стаў раскачвацца і ціха енчыць.

- Эй, мужик! Что с тобой? - азваўся са свайго месца Мікола. - Что ты как старый жид у Стены Плача? Крыша едет?

- Не могу! Ломает меня!.. Дозу надо…

- А-а… Ты вот что, ложись пока. Пацаны, подвинулись!

Некалькі "уркаў" пасунуліся, далі месца ля сьцяны, што зь дзьвярыма. Наркаман лёг там, але енчыць не перастаў. Хвілін праз дваццаць гэтага енку Мікола ўстаў, спусьціўся да амбразуры ў дзьвярах.

- Командир! Эй, старшина! Подойди к двенадцатой! - А калі той падыйшоў: - Слышь, командир, тут наркоман кончается. Тебе это надо, чтобы к утру труп был? - І адразу, не мяняючы інтанацыю: - Курить дай…

Хвілін праз дваццаць наркамана выклікалі з камэры, яшчэ празь пяць ён вярнуўся, ушчаміўся на сваё месца і заснуў. Спаў двое сутак, зрэдку прачынаўся, прасіў выклікаць мэдыкаў, выходзіў, зноў вяртаўся. Размаўляць пачаў на трэція суткі.

Да болю ў адляжаных месцах далучыўся галаўны. Відаць, з-за атрутнага паветра. Пачаў ці то засынаць, ці то забывацца. Клаў галаву на руку, прахопліваўся ад таго, што рука зьнямела, пераварочваўся на другі бок, зноў некуды правальваўся.
У калідоры зашумела, і ў камэру заштурхнулі хлопца. Відавочна, на добрым падпітку. З выгляду гадоў васемнаццаць-дваццаць. У яго істэрыка.

- Мойку! Дайте кто-нибудь мойку! Порежусь! - амаль вішчэў ён. - Мрази, суки! Меня едва не ограбили, а они меня же и взяли! А тех уродов даже не попробовали догнать!

Пабудзіў усю камэру. Пачалі распытваць, даведаліся, што нейкія хлопцы хацелі забраць у яго бутэльку гарэлкі, якую ён купіў на апошнія грошы, каб "дагнацца". А ён гэтую бутэльку разьбіў аб галаву аднаго з рабаўнікоў. Тут зьявіліся міліцыянты, крыўдзіцелі разьбегліся, а яго "замялі". Яму васямнаццаць год, ён зь вёскі Марозавічы. Я спытаў, нашто яму мойка, і мне наперабой растлумачылі, што "мойка" - гэта лязо брытвы, ён хоча ўскрыць сабе вены і трапіць у шпіталь.

Урэшце маладзёна ўсе разам супакоілі, хоць гэта было няпроста, паснулі. Заснуў і я, часта прачынаючыся, шукаючы зручную позу або скідваючы зь сябе чыесьці ногі ці разьмінаючы зацёклыя члены. Сон мінулай ноччу быў праўдзівы. А тут, на дошках, сноў не было.

***
Мне ў камэры горача і душна. А астатнія сукамэрнікі чамусьці мерзнуць. У прыбіральню ідуць, захінаючыся ў вопратку, мыюцца, толькі крыху пырскаючы вадой у твар. Часьцей просяць выключыць вэнтыляцыю, чым уключыць. І амаль увесь час паляць цыгарэты, дзелячы адну на трох. Зьміцер Базевіч таксама курыць. Прашу яго на час галадоўкі прыпыніць паленьне, але марна.

Чалавек шэсьць забралі з камэры на працу. Прызначаў Мікола. І сам зьнік. Ён называе сябе "бродягой", гэта, паводле яго тлумачэньня, тое ж, што і "аўтарытэт", перадапошняе "званьне" перад "вором в законе". Як я разумею, ён не павінен быў бы ісьці працаваць. А яшчэ Зьміцер нашаптаў мне на вуха, што чуў, як Мікола распавядаў старшыне: маўляў, палітычныя сапраўды ўчора нічога ня елі. Відавочна, турэмшчыкі імкнуцца стварыць сярод вязьняў уражаньне, што мы тут адарваныя ад усяго сьвету, але насамрэч імкнуцца быць у курсе ўсіх унутрыкамэрных падзеяў. Хутчэй за ўсё, сярод нас нехта падсаджаны для назіраньня. Магчыма, Мікола. Надта ж часта ён зьвяртаецца да турэмшчыкаў з усялякімі просьбамі. "Камандзір", "старшына", часам нават па імені. І тыя ставяцца да яго паблажліва. Можа, я начытаўся ня той літаратуры, але думаю, што прадстаўнік крымінальнага сьвету не павінен так сябе паводзіць. Што дакладна, дык запаведзь "не прасі" Мікола не выконвае.

Наркаман, якога кінулі ў камэру ноччу, сьпіць. Не прачынаецца нават на сьняданак, які праходзіць гэтак жа, як і ўчора вячэра. Зноў Мікола і Аляксандар зьдзіўляюцца высокай якасьці ежы, зноў спрабуюць угаварыць мяне са Зьміцерам паесьці, праяўляючы дзіўны клопат пра наша здароўе.

У Зьміцера пачалі балець варыкозныя ногі. Кажа, трэба нейкі ўкол. Доўга трывае, потым кліча дзяжурнага турэмшчыка. Старшынаў зьмянілі два прапаршчыкі. Тыя выклікаюць "хуткую дапамогу". Укол зрабілі, ды не той. Далі анальгін. Зьміцеру гэта не дапамагае, і ён пакутуе па-ранейшаму. На працягу ўсёй адсідкі яму калолі анальгін яшчэ разы тры. "Тут вам не санаторый".
Мяне выклікаюць у калідор, да століка дзяжурнага. Даюць чытаць правы і абавязкі. Ага, перадачы дазволены. Пра "рукі за сьпіну" нічога няма - то і ня буду. Чытаю доўга, некаторыя пункты - па некалькі разоў. Прапаршчыкам ня церпіцца, але маўчаць. Потым даюць расьпісацца ў нейкім пратаколе, яго я праглядаю бегла. Перш, чым расьпісацца, пішу: "У знак пратэсту супраць адвольнага затрыманьня і асуджэньня аб'яўляю галадоўку". Гэта выклікае сярод прапаршчыкаў сполах, але запіс ужо зроблены. Пасьля мяне тыя ж подпісы бяруць і ў Зьміцера Базевіча. Асуджаных "уркаў" такімі дробязямі не непакояць.
Праз поўгадзіны выклікаюць зноў, і нейкі мужчына ў цывільным, зь лічбавым фотаапаратам, пачынае дапытваць, дзе я працую, ці ёсьць у мяне дзеці і дзе яны, дзе я прапісаны. Па магчымасьці ветліва адказваю, што я тут адбываю адміністрацыйнае пакараньне, што "сьледзтва" і "суд" па маёй справе закончаныя і што адказваць на пытаньні невядома каго і невядома для чаго не зьбіраюся. Мужчына пакрыўджана кажа, што ён работнік крыміналістычнай экспэртызы і выконвае свае абавязкі. Фатаграфуе мяне ў фас і профіль, і я вяртаюся ў камэру.

Толіка, які ноччу зьбіраўся рэзаць вены, звазілі на суд. Прысудзілі пяць сутак. Толік моцна складзены і імкнецца зрабіць уражаньне на сукамэрнікаў. То стукне кулаком у сьцяну, маўляў, вось які я моцны, то пачынае адціскацца ад падлогі. І ўвесь час балбоча пра свае перамогі ў бойках. Слухаюць даволі абыякава.

Адцісканьні Толіка прыводзяць мяне да думкі, што трэба і мне пэрыядычна даваць сабе нагрузку, інакш амаль за тыдзень ляжаньня зусім саслабну. З гэтага дня кожны раз, злавіўшы момант, калі ніхто ня паліць і ў камэры адносна прасторна, я прысядаю, адціскаюся, "качаю" прэс, шыю, раблю статычныя практыкаваньні. Гэта, здаецца, выклікае разуменьне сярод найбольш уплывовых "уркаў". Прынамсі, калі "качаюся", а ў гэты час нехта зьбіраецца запаліць, яго абрываюць: "Что, потерпеть не можешь? Видишь, человек занимается…" І церпяць. Пад канец адсідкі я ўжо і сам прасіў курцоў прыпыніцца на "фізкультпаўзу".
Ніяк не магу прызвычаіцца да рыпу дзьвярэй. Верхняя завеса правіслая, дзьверы ніжнім краем чапляюць за падлогу.

- Ляхно! На выход! - За дзьвярыма на калідоры стаіць прапаршчык з чорным поліэтыленавым пакетам. - Тебе передача!

- Будзьце так ласкавы, - надаю голасу максімальную пяшчоту, - зьвяртайцеся да мяне на "вы". За гэта я таксама буду зьвяртацца да вас на "вы". Мне сёньня давалі чытаць мае правы і абавязкі, там напісана, што я маю права на годныя адносіны з вашага боку. Дамовіліся?

Глядзіць на мяне няўцямна, нават ня ведаю, зразумеў ці не. Празь некалькі імгненьняў ківае.

- І яшчэ, прапаршчык. Мне трэба ў туалет…

- Нет-нет! Здесь порядок! Только утром и вечером.

- Прапаршчык! Беларусь падпісала "Ўсеагульную Дэклярацыю аб правах чалавека". І паводле гэтай Дэклярацыі я тут пазбаўлены толькі права вольна перамяшчацца. І ў прысудзе не напісана, што я ня маю права на сьвежае паветра, права хадзіць у прыбіральню тады, калі гэтага запатрабуе мой кішэчнік, а не па нейкім раскладзе…

- Нет! Не положено! Вам передача. Проверьте наличие, - суне мне ў рукі пакет.

- Як я праверу? Я ж ня ведаю, што перадалі…

- Там внутри бумага…

Расхінаю пакет, зьверху аркуш у клетку. Почырк Люды. О! Як цёпла стала на сэрцы! Ніколі б не падумаў, што праз суткі адсідкі адзін толькі жончын почырк здольны выклікаць столькі эмоцый. Ад замілаваньня ў горле ком. Толькі не паказаць прапаршчыку!
Палка кілбасы, мінэралка, хлеб, плітка шакаляды, сок, бананы, апельсіны і - дзьве кніжкі. Шукшын. І футарал з акулярамі.
- Всё на месте? Пишите: "Передачу получил полностью, замечаний нет". Дата, подпись.

Пішу: "Перадачу атрымаў цалкам і ўсе прадукты падараваў сукамернікам 16.3.05 г.".

Расьпісваюся. Трэба неяк паведаміць ёй, што я галадаю, каб перадавала толькі ваду бяз газу.

- Выбачайце, хлопцы, вада будзе толькі для галадоўцаў, для мяне са Зьміцерам. А на астатняе налятайце, - стаўлю пакет бліжэй да "уркаў".

Яго адразу перахоплівае Мікола:

- Недавно завтракали. Это съедим после ужина.

Пярэчаньняў няма. Зноў грымяць дзьверы, на парозе той самы прапаршчык. Па-змоўніцку падміргвае:

- Ляхно, идите в туалет…

…Камера - тут і сядзельцы, і турэмшчыкі называюць яе "хатай" - вячэрае, мы са Зьміцерам ляжым побач, адвярнуўшыся і заплюшчыўшы вочы. Імкнемся заснуць, але ў нас ня вельмі атрымоўваецца. Мяне зьлёгку штурхае Мікола.

- Паша! Паша! Подвинься, надо нож достать.

Ён адзіны тут кліча мяне на "ты", астатнія "выкаюць". Вымае кавалак плінтусу, да якога я прысланіў галаву, і дастае з-пад яго лязо ад сьцізорыка. Кроіць кілбасу з маёй перадачы і вяртае лязо на месца. Вось дык фокусьнік!

Павячэраўшы, Мікола нахіляецца да амбразуры ў дзьвярах і кліча: "Командир! Кипятку!" Праз пару хвілінаў "камандзір" прасоўвае алюмініевы кубак, Мікола сыпле туды невядома дзе ўзятую заварку. Потым "уркі" садзяцца ў кола і, перадаючы кубак, прыхлёбваюць па глытку. Прапаноўваюць нам са Зьміцерам: "Пацаны, давайте к нам. Это для желудка первое дело!" Мы адмаўляемся, маўляў, акрамя вады - нічога.

Пасьля чыфіру частка вязьняў сьпіць, Мікола з Аляксандрам і яшчэ некалькімі "хранічнымі зэкамі" гутараць пра свае адсідкі. З усяго я разумею, можа, трэць. Словы, здаецца, знаёмыя, але выкарыстоўваюць іх мае сукамернікі ня ў звыклым сэнсе. Большасьць успамінаў старых сядзельцаў - пра выпадкі, калі яны нейкім чынам здабылі добрай ежы, ці заваркі для чыфіру, ці цыгарэтаў. Бедныя… У іхнім жыцьці больш нічога прыемнага не было. Пра жонак - "тварь", пра дзяцей - "спиногрыз". Толькі пра маці - добра. Але Аляксандра здала сюды менавіта маці, калі ён напіўся, прыцягнуў дадому тузін такіх, як і сам, п'яных дзевак і хлопцаў, і месца беднай жанчыне дома не засталося. Аляксандар зараз шкадуе маці, кажа, што, як выйдзе, будзе прасіць прабачэньня. У рэальнасьці ён пасьля вызваленьня недзе напіўся, потым нарабіў дома вэрхалу і праз суткі зноў апынуўся на ранейшым месцы.

…Час у камэры цягучы, цяжкі, цьмяны. Адчуваньне такое, быццам ты, страшэнна зьнясілены, трапіў раптам у густы бруд, у багну, якая і не вада, і не зямля. Плыць субстанцыя не дае, а апускацца - калі ласка… Гадзіньнікаў ні ў кога няма. Колькі часу - ня ведае ніхто. Турэмшчыкі на такія пытаньні не адказваюць.

Дзіркі ў блясе на вакне даўно пачарнелі. У камэру запусьцілі вялікага рыхлага мужчыну са стрыжанай пад нуль галавой і кароценькай бародкай з вусамі. Мужчына ўвайшоў, няўпэўнена пакруціў галавой і сеў на "сцэну". Ад дзьвярынага рыпу большасьць прачнулася, паўзмрок глядзеў на яго восемнаццацьцю парамі вачэй.

У такі час у камэру звычайна кідаюць п'яных, схопленых на вуліцы ці здадзеных роднымі за хатняе хуліганства. Гэты быў цьвярозы.

- Эй, мужик! Тебя за что? - Шляхетным выхаваньнем Толік не вызначаецца.

- Понимаете, я протестовал против использования гипноза для нанесения вреда здоровью людей…

Ого! Гэта нешта незвычайнае. Размаўляе мужчына зь яскравым маскоўскім акцэнтам. Цікава, што гэта за "пратэстант" з Расеі?

- Ты ложись, - пасоўвае бліжэйшага суседа Мікола. - И расскажи, кто ты, откуда, как сюда попал.

Не, усё ж Мікола, відаць, "пастуквае". Інакш навошта гэтыя пытаньні? Захоча - сам распавядзе.

- Спасибо. - Мужчына садзіцца на вызваленае месца. - Если вам интересно, я расскажу… Меня зовут Алексей, я родом из Пинска, художник-скульптор. Молодым уехал в Питер, окончил там художественное училище, работал, имел квартиру. Потом окончил богословский факультет, попал в тоталитарную секту. В секте практиковали гипноз. В результате я потерял все. И квартиру, и семью. Живу у сестры. Мне "проехали по мозгам", и сейчас я болею. Любой человек, даже не гипнотизер, сливает на меня отрицательную энергию…

Здаецца, ён ня вельмі нармальны.

- …Сегодня я написал плакат: "Требую принятия закона, запрещающего использование гипноза во вред здоровью человека", - и пришёл к горисполкому. Стоял минут двадцать перед окнами. Потом ко мне подошёл майор милиции, мы поговорили, и вот - я здесь.

Вось яно што! Дзядзька выбраў няправільны час для свайго пратэсту. Гэты лёзунг перад выбарамі, калі ў чынавенства таксама "абвастрэньне", папросту прачытваецца як закамуфляваны выпад супраць, напрыклад, беларускага тэлебачаньня.
Аляксей яшчэ доўга нешта распавядае, нашы пастаяльцы пэрыядычна выбухаюць рогатам, а мяне агортвае паўсонны стан. Калі і ня сьпіш, здаецца, і няма ніякіх думак, і час ляціць незаўважна. Толькі баляць намятыя аб дошкі косьці, і якім бокам ні кладзіся - там баліць таксама. Імкнуся легчы гэтак, каб тварам трапіць у тоненькі халодны струменьчык паветра з вуліцы, які прасочваецца празь дзіркі ў блясе.

***
З раніцы Аляксея звазілі на суд, і судзьдзя прыпаяў яму пяць сутак. Не, гэта не Аляксей ненармальны, гэта ў дзяржаўных "органах" нешта з галавой. Ён жа як дзіця, наіўны і зусім не агрэсіўны. І з поглядамі, прышчэпленымі доўгім знаходжаньнем у мэтраполіі - абсалютна сугучнымі з афіцыйнай ідэалёгіяй. Шкада яго.
Дзьверы рыкнулі, у праёме тоўсты старшына.

- Пять человек - на работы! Богомаз (гэта мянушка-"паганяла" Міколы), выделяй! Через пять минут - на выход.
Тры чалавекі - Мікола, Аляксандр, і яшчэ адзін - выклікаліся самі. З двума выйшла затрымка. Мікола паспрабаваў вылучыць Толіка, яго ўжо таксама "пахрысьцілі", асудзілі значыць, але той катэгарычна адмовіўся. Падазраю, што гэта з прычыны ўчарашняй Міколавай лекцыі пра "законьнікаў". Толік вельмі зацікавіўся, перапытваў, задаваў пытаньні. Быццам прымяраў на сябе злодзейскую "карону". Вядома, што "воры в законе" ніякай працы выконваць не павінны.

- Где ещё двое?! - зароў старшына, калі тры ахвотнікі выйшлі на калідор. - Вы что, не понимаете, что я могу обидеться?! Даю ещё три минуты!

- Пацаны! - заскочыў у камэру і замітусіўся Мікола. - Вы что, не понимаете? Хотите испортить отношения с охраной?
Мацюкаючыся, зь неахвотай падняліся яшчэ два. Таксама з былых зэкаў.

- Што гэта Мікола так замітусіўся? - спытаўся я ў Івана, зь якім пазнаёміўся ўчора і зь якім, як аказалася, меў шмат агульных знаёмых. Іван, у адрозьненьне ад мяне, "на сутках" сядзеў не ўпершыню.

- Ты ж чуў, што старшына паабяцаў "абідзецца"… - Іван за гэтыя двое сутак у адной камэры зь беларускамоўнымі сам пачаў гутарыць па-беларуску. - Гэта значыць, ня дасьць ні цыгарэтаў, ні кіпеню, ні заваркі. "Варыць-курыць" Міколе з кампаніяй ня будзе чаго. У прынцыпе, прыбіраць вязьні павінны толькі ў камэры. Усё астатняе - гэта рабочае месца турэмшчыкаў, і падтрымліваць яго ў належнай чысьціні яны павінны самі. Але за пару цыгарэтаў, кубак гарачай вады, лыжку сухой заваркі ўсю брудную працу выконваюць вязьні. Тыя, каму цыгарэта і чыфір даражэй за ўласную годнасьць. Гэта яны тут перад моладзьдзю любяць пальцы гнуць, маўляў, "крутыя", а насамрэч за абсьлінены недакурак маму прададуць… Мянты - яны ў прынцыпе такія ж самыя. Калі іх памяняць месцамі - нічога ня зьменіцца, сёньняшнія турэмшчыкі за недакурак будуць драіць прыбіральню, аж гай будзе шумець.

Філязофскія развагі Івана перарваліся грымлівымі дзьвярыма. Вярнулі назад Яршука з астатнімі. Яны сядзелі ўтрох у камэры на процілеглым канцы калідору. Было шмат месца, было чысьцейшае паветра, але халаднавата. Таксама атрымалі ад жонак перадачы. Прынесьлі газэты "Наша Ніва" і "Народная Воля". На палях адной зь іх Надзя, карэспандэнтка "Пінскага часу", напісала запіску: "Пра вас ведае ўся Беларусь. Трымайцеся. Дыктатура згіне. Жыве Беларусь!" Прыемна…

У час абеду я і Зьміцер са шкадаваньнем даведаліся, што Яршук з Чавуком наша агульнае рашэньне галадаць праігнаравалі. Акрыяў і наркаман, якога кінулі заўчора і, здаецца, дагэтуль не вазілі на суд. Ён вырашыў перахапіць ініцыятыву ў разьмеркаваньні ежы і адразу паспрабаваў пакарміць нас са Зьміцерам:

- Кончайте фигней заниматься! Кому вы что докажете своей голодовкой? Вы писали официальное заявление? Нет! Ну и до задницы ваша голодовка! Голодающих должны держать в отдельной камере. А вы же передачи принимаете! Ну и что с того, что раздаете остальным, кто об этом узнает?

Наркаман аказаўся надзвычай гаваркі, занадта абазнаны ў нашых справах, і гаворка яго была вельмі хуткай. А я лічыў, што наркаманы, асабліва пасьля ломкі, размаўляюць павольна, затарможана. Нават і анекдоты пра гэта ёсьць. Я слухаў, слухаў, а потым абарваў:

- Чуеш, хлопец! Калі я захачу парады, я адразу зьвярнуся да цябе. Добра?

Нешта вельмі ён мяне раздражняў. Дарэчы, да таго, што я неяк не заўважыў, калі яго судзілі, я яшчэ не прыкмеціў і таго, як ён зьнік з камэры. Можа, у мяне і паранойя, але разумныя людзі кажуць, што нават калі ў цябе яна ёсьць, то гэта зусім ня значыць, што за табою ня сочаць…

Гэтым днём вельмі хацелася есьці. Відаць, з гэтай прычыны быў я злосны. Вылаяў Чавука, калі ён гэтак жа, як і наркаман, пачаў спакушаць Зьміцера ежай. Мне гэта здалося подлым. Чалавек пакутуе ад голаду і хваробы, трымаецца з усяе сілы, а тут замест таго, каб маральна падтрымаць, у цябе пад носам круцяць кавалкам кілбасы, і робіць гэта не мянтоўскі агент, а твой паплечнік. Забіў бы…

…Скончылася вячэра, вынесьлі посуд, уся камэра патанула ў шызым сьмярдзючым дыме. Потым зноў зароў старшына:
- Всем встать!

А вось і хрэн вам. Ня буду, у правілах не напісана, што я павінен ускокваць перад мянтоўскім начальствам. Ляжу. І Зьміцер побач ляжыць. Малайчына. Астатнія ўскочылі. Малады мужчына ў цывільным. Стаіць ля парашы і косіць вокам у наш са Зьміцерам бок. Хай косіць - мы галадаем, у нас сілы канчаюцца…

- Ну, как обстановка? Жалобы, заявления есть?

Усе адразу загаласілі хорам свае скаргі. Наіўнякі. Ясная ж справа - выконвае фармальны абавязак, каб потым паставіць недзе ў сваёй дакумэнтацыі "птушачку".

- А вы почему не встаёте? - у наш бок.

- А хто вы такі, каб перад вамі ўскокваць?

- Я заместитель прокурора города.

Прозьвішча не назваў.

- Мы аб'явілі галадоўку пратэсту супраць незаконнага затрыманьня і асуджэньня. Ашчаджаем сілы…

- А вы писали заявление об этом?

- Адміністрацыя ізалятару не прадставіла нам па нашым патрабаваньні паперу і аловак. Але аб галадоўцы я пісаў ва ўсіх паперах, якія тут мне давалі падпісваць. Яны абавязаны былі вам аб гэтым далажыць. Ці не так?

Намесьнік пракурора няпэўна хітае галавой.

- Апрача таго, я зараз, карыстаючыся вашай прысутнасьцю, заяўляю вусна: я, Ляхно Павел, і Базевіч Зьміцер трымаем з моманту затрыманьня галадоўку пратэсту. Мы пратэстуем супраць фабрыкацыі ў дачыненьні да нас абвінавачваньня ў адміністратыўным правапарушэньні. Мы не зьдзяйсьнялі правапарушэньняў. Вам дастаткова нашых вусных заяваў?

- Вы можете заявлять только от себя лично, но не от Базевича. Ещё жалобы, заявления есть?

Зноў загаманіў хор:

- Парашу не позволяют выносить, только раз в сутки! Воняет! В туалет не отпускают… Места мало! Лежим друг на друге!
- Вы меня удивляете! Здесь не санаторий!

Круць - і няма пракурорскага намесьніка.

Пасьля гэтага "візыту" сукамэрнікі доўга гудуць, абмяркоўваючы становішча, скардзячыся адзін аднаму. Потым хтосьці з "уркаў" выцягвае аркуш паперы і прапануе мне напісаць скаргу ў пракуратуру на ўмовы ўтрыманьня. Я лянуюся, тады ўсе пастаяльцы пераключаюцца на Віцю Яршука.

Урэшце мы падручнымі сродкамі вымяраем "спальную плошчу", я дыктую, а Віця запісвае скаргу. Вечарам выпускаюць на волю Івана, той паабяцаў заўтра перадаць наш ліст у пракуратуру. У скарзе зазначана, што на дзевяць з паловай квадратных мэтраў плошчы закінулі васямнаццаць вязьняў, што няма каналізацыі, а параша выносіцца толькі раз на суткі, што з гэтай прычыны атмасфэра камэры ўтрымлівае шкодныя для здароўя прымешкі, што нас пазбавілі волі, але насамрэч зьдзекуюцца з нас і катуюць, бо тыя ўмовы ўтрыманьня фактычна зьяўляюцца катаваньнямі. Падпісвае ўся камэра. На разьвітаньне дыктую Івану хатні тэлефон і прашу паведаміць Людзе, каб перадавала толькі ваду бяз газу.

Калі крыху супакоіліся, бяру кніжку Шукшына, падыходжу ўшчыльную да лямпачкі, і ў камэры ўсталёўваецца цішыня. Мабыць, за ўвесь век яе існаваньня тут упершыню гучыць мастацкае слова. Чытаю "Сильные идут дальше". Ад рогату ажно дрыжыць "сцэна", у амбразуры ў дзьвярах зьяўляецца зьдзіўлены твар турэмшчыка.

- Хор-рошая статья… - падсумоўвае адзін з "уркаў".

…Зусім позна, большасьць вязьняў сьпіць. Хтосьці храпе, хтосьці сапе, у розных кутках камэры гучыць невыразнае мармытаньне. Расчыняюцца дзьверы, і злосны голас турэмшчыка вымаўляе:

- Идиоты, научитесь площадь измерять!

Дзверы зачыняюцца. Зразумела: нашу скаргу ў Івана знайшлі. Невядома толькі, чаму турэмшчык пра гэта паведаміў. Таемны прыхільнік?

***
Заўтра прэзыдэнцкія выбары. Якраз тое, з прычыны чаго мы ўпяцёх апынуліся ў гэтай сьмярдзючай яме.

- Дзядзька Павал, вы ня думаеце, што пазаўтра мы прачнемся ў іншай краіне? Можа, нас нават вызваляць на пару дзён раней? - сьмяецца Зьміцер.

Ой, Зьміцер! Твае б словы ды Богу ў вушы. Але не для таго ты тут бязьвінна сядзіш, не таму адсоткаў сорак выбарцаў ужо загнаныя на датэрміновае галасаваньне, не таму ў выбарчых камісіях няма ніводнага прадстаўніка кандыдытаў у прэзыдэнты, альтэрнатыўных дзейнаму, не таму парушаны нават выбарчы Кодэкс… Думаю, што і ніякага падліку бюлетэняў ня будзе. Недарэмна ж не пусьцілі ў краіну назіральнікаў зь Еўразьвязу. А расейскія так званыя назіральнікі абвесьцяць дэмакратычнымі якія заўгодна парушэньні законаў. Таму, Зьміцерка, ты прачнесься са старым новым прэзыдэнтам. Толькі ня думай, што гэтае нашае зьняволеньне - дарэмнае. Думай пра тое, што, калі б не было нацыянальна-вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Касьцюшкі, не было б і паўстаньняў 1831 года, і 1863-га, пад кіраўніцтвам Каліноўскага. А бязь іх не ўтварылася б Беларуская Народная Рэспубліка. Без БНР і гутаркі б не было пра БССР і Рэспубліку Беларусь. Нічога, Зьміцер, не прападае дарэмна. І твае пакуты лягуць у падмуак прыгожага дому, які будзе называцца вольнай, дэмакратычнай Беларусьсю. Над гэтым домам вецер волі расправіць бел-чырвона-белы сьцяг. Так і будзе. Дай Бог толькі дажыць да таго часу. Шкада толькі згубленых нашай нацыяй за апошнія дванаццаць гадоў магчымасьцяў.

Увесь дзень усе палітычныя ўзбуджаныя. Размовы, размовы. Прагнозы. І хоць ніхто ня верыць у хуткую перамогу, недзе глыбока ў душы кожны хавае надзею. А раптам? Бо некалі ж і камуністычны рэжым здаваўся такім моцным, такім "нерушимым", а ляснуў імгненна.

…Сяргей Касьцевіч пачаў скардзіцца на болі ў сэрцы. "Хуткую" турэмшчыкі выклікалі пасьля чацьвертага патрабаваньня. Суправаджаў абмяклага Сяргея лейтэнант, які замкнуў на яго руках кайданкі, спалохана папярэдзіў: "Попробуешь убежать - застрелю", - і калі машыну кідала на калдобінах, хапаўся за кабуру зь пісталетам. У бальніцы Сяргею памералі крывяны ціск, і на гэтым мэдычная дапамога скончылася. Калі вярнулі ў ізалятар - распранулі дагала і абмацалі на вопратцы кожнае шво. Зазірнулі нават у рот і задніцу. Пра тое, што ўладамі арыштаваныя па палітычных матывах людзі і што частка зь іх у знак пратэсту галадае, ведаюць нават бальнічныя мэдыкі.

Праз пару гадзінаў пасьля вячэры ў калідоры пачуўся шум. Турэмшчыкі зацягнулі ў камэру насупраць маладую дзяўчыну. Тая ўпіралася, вішчэла і брудна лаялася.

Празь нядоўгі час у тую ж камэру кінулі яшчэ адну. Мяркуючы па яе крыках - цяжарную:

- Мент! Слышь, мент! Мусор!!! Выпусти меня отсюда! Не видишь, я беременная! Дебил, ты в чем-нибудь соображаешь? Ты знаешь, что такое "воды отошли"? У меня воды отошли! Я рожаю! Уроды, выпустите меня!

Гэта працягвалася ўсю ноч. Наша моладзь спачатку забаўлялася, потым ёй гэты лямант надакучыў. Тым больш што ў камэру да нас кінулі надзвычай яркую асобу, якая на кароткі час заваявала ўсю ўвагу.

Мужчына ў паліто і шыкоўным гарнітуры-тройцы з гальштукам паводзіў сябе як добра п'яны. Назваўся адстаўным палкоўнікам ФСБ Гараглядам і міжнародным назіральнікам ад Расеі за ходам прэзыдэнцкіх выбараў. Кажа, трапіў сюды выпадкова, заўтра раніцай яго адсюль вызваляць, родам ён з-пад Пінску, зь вёскі Ставок. Што праўда - ужо пасьля пад'ёму яго выклікалі, і ў камэру ён больш не вярнуўся.

Апошняй падзеяй гэтага дня быў крык з вуліцы, які данёсься празь дзірачкі ў блясе:

- Эй, суточники! Ляхно у вас?

- У нас! Гэта я! - Я прытуліўся вухам да бляхі.

- Паша, ты?

- Я!

Голас чуваць прыглушана, хто крычыць, пазнаць не магу.

- Ты как? Как здоровье?

Сукамэрнікі, хто спаў, прачнуліся, сьцішыліся, часам шыкаюць адзін на аднаго, каб не заглушалі голас з вуліцы.

- Нармальна! Ты хто?

- Я здесь митинг провожу! В твою поддержку! - І на ўсё горла: - Сво-о-бо-о-ду-у Ля-я-а-хно-о-о!!!

І тупат ног. Толькі б не злавілі! Так і не пазнаў, хто гэта зрабіў такі каштоўны падарунак. Даведаўся пасьля вызваленьня. Юра Дарэцкі, разам зь якім займаемся падводным паляваньнем. Ніколі не чакаў ад яго такога ўчынку!

***
Пасьля апоўдня азадачаны турэмшчык аб'явіў, каб падрыхтаваліся да галасаваньня, прывезьлі пераносную скрынку. Што там рыхтавацца! Віця Яршук зь Сяргеем Касьцевічам апошнія двое сутак толькі і рабілі, што агітавалі камэрных пастаяльцаў да асэнсаванага выбару. Расхвальвалі Казуліна і Мілінкевіча, больш - Казуліна, яны зь ягонай групы падтрымкі.

Дзьверы камэры - насьцеж. Першым выклікалі Аляксея. Я адразу зароў:

- Хлопцы, глядзіце! Прэзыдэнта нам выбіраюць іншаземцы!

Галасаваньне арганізавалі побач, за сьценкай, у камэры для допытаў. Відаць, там пачулі маё абурэньне, бо праз хвіліну Аляксей вярнуўся і паведаміў, што галасаваць яму не дазволілі як нянаскаму грамадзяніну.

Выклікалі мяне. У "катавальні" на стале, прымацаваным да падлогі, маленечкая фанэрная скрынка са шчылінай. Двое ці то са спалоханымі, ці то са зьдзіўленымі вачыма. Дзеля задзёру патрабую паказаць, як скрынка апячатана. Замітусіліся, паказваюць:
- Пал Андреич, Пал Андреич, всё по закону…

Далі расьпісацца ў сьпісе, выдалі бюлетэнь.

- Определяйтесь с выбором… - і выскачылі з камэры, маўляў, даюць магчымасьць для таемнага галасаваньня.
Дарэчы, так яны выскоквалі толькі пяць разоў - калі галасавалі палітзьняволеныя. "Уркі" ж такога "гонару" ня мелі. (Гэта я ўжо потым даведаўся. Але ж ведалі, пры кім выскокваць. Нас у камэры тады было пятнаццаць чалавек.)
Адразу пасьля заканчэньня галасаваньня праводзім у камэры "экзіт пул", і выяўляецца, што Лукашэнка набраў сярод нашых выбарцаў нуль адсоткаў. Гайдукевіч - таксама нуль. "Супраць усіх" не прагаласаваў ніхто. Усе галасы падзяліліся паміж Казуліным і Мілінкевічам.

…Мы са Зьміцерам ляжым і спрабуем заснуць. Толькі што была вячэра, зараз амаль усе вязьні паляць. У камэры не прадыхнуць. Дзьверы гррукаюць:

- Встать!

Узьнікае той маёрчык, што дакладваў начальству наконт "разборок с демократами". Здаецца, Грынчык ці Грынёк?

- Какие будут жалобы, заявления? Как хаванина?

- Хавчик хороший, начальник! Раньше такого не было…

- Все проголосовали? Претензий нет?

- Нет, нет, какие претензии, начальник!

Тут "уркаў" перакрывае добра пастаўлены голас Віці Яршука.

- Виктор Егорыч! - Бач, ведае, як клікаць! І на расейскую перайшоў. - А давайте по случаю президентских выборов сделаем амнистию… Ладно уж, нам, политическим - не надо… Только для этих вот ребят, которые по бытовым правонарушениям…
Камэра зачаравана замаўкае.

- Ха-ха! Нет! Нет! Вор должен сидеть в тюрьме! Слышали такое выражение?

Атрымаў, папуліст хрэнаў.

- Начальник! Ну разрешите хоть парашу на ночь выливать!

- Здесь не санаторий!

Маёрчык сыходзіць, Віцька кладзецца на сваё месца, і я шапчу яму на вуха ўсё, што думаю пра ягоны папулізм, пра мянтоў, пра гарадзкога начальніка і ягоных намесьнікаў, пра "вась-вась" зь імі. Маўчыць. Відаць, згаджаецца.

***
Упэўненыя, што вынікі выбараў будуць фальсыфікаваныя, але ўсё адно з раніцы б'е мандраж: "Ну як там?" Турэмшчыкі ходзяць важныя і на пытаньні не адказваюць. Бліжэй да абеду голас за "вакном", гэта значыць, за бляхай зь дзіркамі:

- У Лукі дзевяноста два адсоткі!

І ўсё. Па голасе вызначылі, што крычаў, відаць, Аўсей. Ня даўся-такі ў лапы "гестапа".

Такой лічбы не чакаў ніхто. І Сяргей Касьцевіч адразу прачытаў лекцыю пра фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Як гэта рабілася на папярэдніх і што рыхтавалася да ўчарашніх. Усе відавочна расчараваныя.

Сёньня шосты дзень ўвязьненьня палітычных, а калі лічыць па сутках, то заканчваюцца пятыя. Яршука, Касьцевіча і Чавука павінны выпусьціць. Нам са Зьміцерам валяцца на падлозе яшчэ суткі. Віця ўголас распавядае, як ён прыйдзе дадому і будзе дзьве гадзіны адмакаць у ваньне.

Віця паляжыць-такі ў ваньне. Але празь дзень будзе схоплены зноў - нібыта за нецэнзуршчыну - і асуджаны на шэсьць сутак. Улады паспрабуюць перашкодзіць выхаду чарговага нумару "Пінскага часу". Але газэта выйдзе і без рэдактара.

…У нас са Зьміцерам заканчваецца вада. Есьці ня хочацца зусім. У целе лёгкасьць. Настрой, нягледзячы на крушэньне надзей, хоць і зусім слабых, прыўзняты. Гэта, відаць эўфарыя ад голаду. Калі ўстаем, то ўваччу мігціць і ўсё навокал здаецца нерэальным, як на экране тэлевізара. Папрасіў Віцю адразу пасьля вызваленьня патэлефанаваць Людзе, каб хуценька перадала вады. Але Віця яшчэ ў камэры, а ваду ўжо турэмшчык прынёс. Малайчынка жонка!

Вечарам доўга і падрабязна распавядаю Зьміцеру, як трэба выходзіць з галадоўкі, каб не нашкодзіць здароўю. У свой час я прачытаў пра гэта даволі літаратуры і тое-сёе ведаю.

***
У адзінаццаць дваццаць заканчваецца тэрмін Зьміцера, у чатырнаццаць нуль пяць - у мяне. Гэта паведаміў мне ў час учарашняй вячэрняй "оправки" дзяжурны турэмшчык. Гадзіньніка ў нас няма, таму пры кожным рыпеньні дзьвярэй Зьміцер ускідвае галаву і з надзеяй пазірае на прапаршчыка. Урэшце яго выклікаюць: "На выход с вещами", - ён падхопліваецца, хуценька разьвітваецца са мной, з астатнімі вязьнямі - і зьнікае.

Ня трэба паказваць турэмшчыкам нецярпеньня. Калі папраўдзе, то яго і няма. Спрабую заснуць, але не магу. Толькі патанаю ў стане нейкай паўпрытомнасьці. Чую ўсе гукі: крокі, гутаркі, шумы машын на вуліцы, чую пах тытунёвага дыму, але не адчуваю часу. Ад учарашняй эўфарыі не засталося нічога.

Хлопцы не вярнуліся, значыць, ёсьць надзея, што іх не пахапалі на выхадзе. Трэба быць гатовым адразу пасьля вызваленьня вярнуцца назад і не ўчыніць істэрыкі. Нельга дастаўляць гэтым - як казаў той хлопец? Бабуінам? - задавальненьня.

- Ляхно! На выход с вещами! - прапаршчык у дзьвярах зьдзіўлена глядзіць на мой пакамечаны, нібыта заспаны твар.

Я пачынаю складаць у агульны пакет рэчы - наўмысна загадзя не зьбіраўся, каб не выявіць перад турэмшчыкам сьпешкі. Прапаршчык не вытрымлівае, хлопнуўшы, зачыняе дзьверы. Спускаю ногі са "сцэны", шукаю чаравікі, абуваю іх. Доўга кешкаюся з "маланкамі" - язычкі на замках даўно абламаныя. У час зьняволеньня я "маланкі" не зашпіляў.

Ля стала ў калідоры два прапаршчыкі і маёр. Здаецца, гэта начальнік ізалятару. У яго літоўскае прозьвішча. І як гэта вольналюбівыя літоўцы нарадзілі асобіну, што можа існаваць ва ўмовах сучаснай Беларусі, ды яшчэ служыць у мянтуры?

Прапаршчык працягвае пакет з рэчамі, што забралі пры арышце:

- Проверьте наличие. А то потом от ваших жалоб не отобьешься…

Расьпісваюся, і маёр вядзе мяне наверх, у фае, і там пакідае. Націскаю на цяжкія жалезныя дзьверы, выходжу на ганак. Галава круціцца ад сьвежага паветра, і мяне крыху хістае. О! Ужо вясна! Прахалодна, але сьнегу няма. Па ходніку бяжыць некуды дзяўчо гадоў васьмі. Ай, і прыгожа ж бяжыць! Імкліва, тэхнічна! Можа, будзе чэмпіёнкай. Можа, праславіць Радзіму.

Праз дарогу, на другім баку вуліцы - грамада, чалавек дваццаць. Махаюць. Пазнаю вызваленых учора паплечнікаў-сукамэрнікаў. Спускаюся па прыступках. Ад грамады аддзяляецца маленькая постаць з кветкай у руках і перабягае вуліцу. Скача на шыю, цалуе:

- Мая ты радасьць! А які ж ты сьмярдзючы!

- А ты ж казала: "Харошы сон! На грошы!", - сьмяюся я.

У горле камяк, і я ніяк не магу яго праглынуць.

15-21 сакавіка 2006 г. Пінск


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

АБАЖУР - часопіс Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster