|
Асноўныя незалежныя інфармацыйныя і аналітычныя сайты,
што асвятляюць сучасную сітуацыю ў Беларусі
ОНЛАЙН - РЕСУРС Разам з тым відавочныя і няспешнасць абнаўлення, нястача ўласнай інфармацыі, слабая зваротная сувяз, недасканаласць альбо адсутнасць пошукавых сістэм унутры некаторых сайтаў, часцяком невыразны дызайн.
На сайтах няма рэгіянальных рубрык (ці выпускаў), а гэта сведчыць пра тое, што здабыццё (прадукаванне) інфармацыі - адна з галоўных цяжкасцяў незалежнай інтэрнет-супольнасці. Вырашэнне гэтай праблемы вымагае стварэння інфармацыйных "міні-агенцый" ці разгалінаванай карэспандэнцкай сеткі ва ўсіх буйных гарадах краіны, прафесійнай журналісцкай працы на месцах.
Мэта гэтага агляду - сцісла ахарактарызаваць асноўныя незалежныя інфармацыйныя і аналітычныя сайты, што асвятляюць сітуацыю ў краіне, а таксама вызначыць некаторыя асаблівасці іх інфармацыйнай палітыкі.
Сайт Хартыі' 97
Сайт www.charter97.org
у падачы адметных унутрыпалітычных беларускіх навінаў часта апярэджвае іншыя недзяржаўныя крыніцы інфармацыі. Акрамя ўласных матэрыялаў актыўна выкарыстоўвае заходнюю, беларускую і расейскую незалежную прэсу, радыё "Свабода", "Нямецкую хвалю" і інш. У рубрыцы "Палітыка" шырока рэпрезентуецца міжнародны кантэкст палітычнай сітуацыі ў краіне.
Рубрыка "Эканоміка і соцыум" больш сціплая, падаваная ў ёй інфармацыя даволі часта ўспрымаецца як працяг рубрыкі "Палітыка".
Інфармацыйная палітыка сайта - спалучэнне ўласна журналісцкай (нейтральнай) манеры падачы матэрыялаў з выразна апазіцыйнай ацэнкай шмат якіх падзей, што адбываюцца ў Беларусі ці тычацца яе. Відавочная таксама акцэнтацыя ўвагі на дзейнасці маладзёвых рухаў. Шэраг матэрыялаў мае праваабарончы характар.
Сайт з'яўляецца таксама прамотарам некаторых грамадзянскіх ініцыятываў. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ён рэпрэзентаваў ініцыятыву джынсавай салідарнасці. А падчас прэзідэнцкай кампаніі актыўна асвятляў дзейнасць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў краіны. Аператыўнасць асвятлення палітычных падзей унутры краіны, а таксама апазіцыйнасць сайта - прычыны яго блакавання з боку ўладаў падчас апошняй выбарчай кампаніі і падзей на Кастрычніцкай плошчы. Сайт мае форумы для абмеркавання падаваных матэрыялаў.
Інфармацыя сайта даступная на беларускай, расейскай і ангельскай мовах.
Белорусские новости. Интернет-газета БелаПАН
Сайт www.naviny.by належыць недзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі БелаПАН. Мае "газетную" структуру. У ліку рубрык: "Навіны", "Палітыка", "Эканоміка", "Грамадства", "Культура" ды іншыя. Тыпова "газетнай" з'яўляецца і некаторая інфармацыя, напрыклад, пра надвор'е ці курсы валют. Матэрыялы сайта рыхтуюцца журналістамі, што працуюць у агенцыі.
Манера падачы матэрыялаў - пераважна нейтральная. У асвятленні падзеяў і тэмаў дамінуе прафесійны журналісцкі падыход: інфармацыя аддзелена ад каментара, матэрыялы ўтрымліваюць розныя пункты гледжання, крытычныя меркаванні абгрунтаваныя. Даволі часта для ацэнкі падзеі ці абмеркавання праблемы інтэрнет-выданне запрашае экспертаў.
Інтэрнет-газета дастаткова поўна адлюстроўвае беларускую рэчаіснасць у розных яе праявах. Разам з тым яна практычна ніколі не размяшчае "нежурналісцкіх" матэрыялаў, артыкулаў, напісаных спецыялістамі ў той ці іншай галіне, грамадскімі дзеячамі.
Матэрыялы публікуюцца на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай.
Сайт радыё "Свабода"
Сайт www.svaboda.org падае пераважна друкаваную версію перадач жывога эфіру, але мае і свае адметнасці. Тут пакрысе пачынаюць выкарыстоўваць формы, увогуле немагчымыя ў радыйным эфіры. Найбольш яскравы прыклад - конкурс "Фота Свабоды".
Апошнім часам усё болей актывізуецца зваротная сувязь са слухачамі (чытачамі). Акрамя даўняй рубрыкі "Агляд пошты", з'явіліся "Онлайн-канферэнцыя" і зусім нядаўна - перадача "Начны госць". Навінныя рубрыкі досыць аператыўныя і поўнафарматныя: радыё мае сетку сваіх карэспандэнтаў у краіне.
Увага сайта скіраваная пераважна на палітычныя падзеі незалежніцкага (апазіцыйнага) дыскурсу, з чаго даволі часта ствараецца агульная карціна залішняй палітызаванасці і канфрантацыйнасці сітуацыі ў краіне.
Значная ўвага надаецца культурным падзеям, што сёння ёсць досыць рэдкай з'явай для грамадска-палітычнага інфармацыйнага рэсурсу.
Абсалютная бальшыня матэрыялаў друкуецца на беларускай мове, і толькі невялікая частка - па-ангельску.
TUT.BY
Сайт http//tut.by належыць "Беларускаму парталу TUT.BY". Прынцып арганізацыі матэрыялаў перадусім улічвае патрэбы рэкламадаўцаў і спажыўцоў паслугаў. Разам з тым, грамадска-палітычны блок гэтага сайта не саступае інфармацыйным рэсурсам, якія адмыслова асвятляюць названую праблематыку. Форумы не падлягаюць ніякай сістэматызацыі, хоць на іх перманентна прысутнічаюць палітычныя тэмы.
Штодня фіксуецца колькасць наведнікаў, якая досыць заўважна розніцца ў працоўныя і выходныя дні. У апошнім выпадку яна амаль напалову меншая (прыкладна 120-140 тысяч супраць 240-280). Абсалютныя рэкорды былі зафіксаваныя 19 і 20 сакавіка (263 200 і 356 980 тысяч). Відавочна, што гэта было звязана з выбарамі прэзідэнта РБ і падзеямі на Кастрычніцкай плошчы.
Сайт досыць актыўна выкарыстоўвае матэрыялы (перадусім аналітычныя) розных друкаваных СМІ і іншых інфармацыйных рэсурсаў.
Адзначым аператыўнасць і поўнафарматнасць падаванай інфармацыі. Амаль усе "топ-навіны" свету і краіны адразу з'яўляюцца на сайце.
Мова сайта - расейская, на форумах досыць актыўна выкарыстоўваецца і беларуская мова.
Акавіта
Гэтак сама, як і TUT.BY, http://akavita.by
з'яўляецца інтэрнет-серверам, які на сваёй галоўнай старонцы размяшчае навіны ды іншыя інфармацыйныяматэрыялы. Мае чатыры раздзелы: "Навіны Беларусі", "Эканоміка", "У свеце" і "Навіны высокіх тэхналогій". Практычна ўсе матэрыялы, размешчаныя на сайце, паходзяць з беларускіх ці расейскіх незалежных інтэрнет-крыніц. Інфармацыя абнаўляеюцца ў онлайнавым рэжыме, часта ў інтэрвале некалькіх хвілін.
Матэрыялы публікуюцца на дзвюх мовах: беларускай і расейскай.
Еўрамост
Сайт www.euramost.org прадстаўляе "Беларускую інфармацыйна-аналітычную газету" і нават сваім пазіцыянуе сябе як інтэрне-рэсурс, які падтрымлівае ўлучэнне Беларусі ў агульнаеўрапейскі дыскурс. Падкрэслівае гэтую мэту і адметная рубрыка "Еўразвяз".
Інфармацыйная палітыка сайта ў асноўным гэткая ж, як і ў іншых так званых "апазіцыйных" выданнях. Выразна акцэнтуюцца дэмакратычныя каштоўнасці і еўрапейскі цывілізацыйны выбар.
Пазіцыю сайта нельга назваць нейтральнай. Крытыка ўлады дамінуе на ўсіх узроўнях: ад палітыкі да культуры. І нават рэгіянальныя падзеі інтэрпрэтуюцца пераважна з пазіцыі супрацьстаяння ўладзе.
Сайт дастаткова аператыўна адгукаецца на падзеі, але ягоная аналітыка не вылучаецца адметнасцю. Зрэшты, на старонках "газеты" ўвогуле не сустракаецца нічога гэткага, з чым нельга было б пазнаёміцца на іншых інтэрнет-рэсурсах.
Мова сайта пераважна руская. Але сустракаюцца і матэрыялы на беларускай мове.
Белорусский партизан
Сайт http://www.belaruspartisan.org/forte
падае галоўным чынам палітычную інфармацыю датычна сітуацыі ўнутры і па-за межамі краіны. Паведамленні зазвычай сціслыя, добра апрацаваныя. Пэўную адметнасць сайту надаюць некаторыя эксклюзіўныя матэрыялы пра беларуска-расейскія стасункі (сайт робіцца ў Маскве журналістамі беларускага паходжання) ці інфармацыя, здабытая, так бы мовіць, "у калідорах улады". Сайт мае выразную крытычную да беларускіх уладаў пазіцыю.
Мова сайта - расейская. Сайты некаторых недзяржаўных выданьняў
БДГ
Сайт www.bdg.by - сеткавы аналаг беларускай незалежнай газеты - "БДГ. Деловая газета".
Да апошняга часу абнаўленне сайта ажыццяўлялася за кошт двух рэсурсаў - аўтарскіх матэрыялаў штатных журналістаў, напісаных для чарговага нумара выдання (раз у тыдзень, разам з выхадам друкаванага нумара), і стужкі навінаў з іншых крыніц, пераважна беларускіх і расейскіх. У сувязі з прыпыненнем выпуску друкаванай версіі колькасць аўтарскіх матэрыялаў значна скарацілася. Сёння сайт працуе фактычна ў форме стужкі навінаў, не маючы асабістых інфармацыйных рэсурсаў.
Структура сайта збольшага паўтарае асноўныя раздзелы друкаванай версіі "БДГ".
Даступны таксама архіў публікацый за 1997-2006 гады, раздзел "Праекты" (спецрэпартажы, раследаванні, онлайнавыя прэс-канферэнцыі розных гадоў), рэсурс "Хто ёсць хто ў Беларусі" (не абнаўляўся з 2003 года) і "Карыкатуры БДГ".
Матэрыялы друкуюцца на расейскай мове.
Наша ніва
Сайт www.nn.by належыць першай беларускай газеце "Наша Ніва", заснаванай у 1906 г. Ён пераважна люструе фармат газеты, яе перыядычнасць (тыднёвік) і рубрыкацыю. Асноўныя рубрыкі ("Фокус", "Каментары", "Люстра дзён", "Рэакцыя" і інш. імкнуцца ахапіць палітычнае, сацыяльнае і культурнае жыццё краіны, але ў адмысловай праекцыі, скіраванай на запыт нацыянальна заангажаванага чытача.
Разам з тым сайт мае і пэўныя адрозненні ад газеты. Па-першае, ён раз-пораз публікуе (і перадрукоўвае з іншых інфармацыйных рэсурсаў) матэрыялы, якія не патрапляюць на старонкі тыднёвіка. А па-другое, некаторыя тэксты з'яўляюцца на сайце яшчэ да выхаду газеты.
Нават у сваіх "адступленнях" сайт следам за тыднёвікам дэманструе адданасць еўропацэнтрызму ды спрабуе палагодзіць міжсобку ідэі нацыяналізму і дэмакратыі. Тое ж тычыцца актыўнай грамадзянскай і праваабарончай палітыкі.
Пазіцыя сайта - выразна апазіцыйная.
У звязку з тым, што цяпер газета "Наша Ніва" можа распаўсюджвацца толькі праз рассылку поштай, роля сайта значна ўзрасла, як і колькасць яго наведвальнікаў.
Мова сайта - беларуская.
Беларусы і рынак
Сайт www.belmarket.by (і яго люстэрка www.br.minsk.by) належыць аднаму з першых (выдаецца з 1990 года) і найбольш уплывовых беларускіх недзяржаўных выданняў "Белорусы и рынок" (да 2005 года - "Белорусский рынок"). Выданне пазіцыянуе сябе як "штотыднёвая аналітычная газета для дзелавых людзей".
Галоўная старонка сайта структураваная наступным чынам: асноўныя матэрыялы нумара "выкладзеныя" адпаведна друкаванай версіі. У асобным слупку - спіс тэм нумара і колькасць матэрыялаў па кожным раздзеле. Асноўныя блокі - "Палітыка", "Дзяржава і бізнес", "Фінансы і банкі" і інш. Асноўная частка аб'ёму выдання (таксама і сайта) прысвечана спецыялізаванай эканамічнай аналітыцы, аўтары - штатныя журналісты і запрошаныя незалежныя эксперты. На другім месцы - унутраная і знешняя палітыка. Культурніцкі блок займае мінімальнае месца.
Сайт адметны ўзважанай крытычнай пазіцыяй у дачыненні да цяперашняй палітычнай і эканамічнай сістэмы. Дастаткова дакладна адлюстроўвае сацыяльна-эканамічныя працэсы ў краіне. Разам з тым, арыентаваны на эканамічную аналітыку, сайт (газета) з'яўляецца прадуктам, разлічаным на дастаткова абмежаваную (падрыхтаваную) аўдыторыю.
Матэрыялы публікуюцца на расейскай мове.
Салідарнасць www.gazetaby.com
Сайт паўстаў пасля прыпынення выхаду газеты "Салідарнасць" - выдання незалежных прафесійных саюзаў. У значнай ступені ён захаваў як рубрыкацыю, так і "дух" газеты. Як і раней газета, сайт спалучае сур'ёзную прафесійна пададзеную інфармацыю (у гэткіх рубрыках, як "Прафсаюзы", "Палітыка", "Эканоміка", Грамадства" і "У свеце") з матэрыяламі, якія паводле свайго зместу і стылю падпадаюць пад фармат "жоўтай прэсы" (у рубрыках "Твары", "Радасці жыцьця", "Скандалы"). Значная колькасць матэрыялаў рыхтуецца журналістамі выдання.
Асноўная мова інтэрнет-выданьня - расейская.
"Комсомольская правда в Белоруссии"
Сайт www.minsk.kp.ru належыць газеце "Комсомольская правда в Белоруссии". Ён прадстаўляе газету перадусім як інфармацыйна-забаўляльнае "сенсацыйнае" выданне. Аналітычныя матэрыялы адсутнічаюць.
На сайце працуюць форумы па абмеркаванні артыкулаў чытачамі. Ёсць архіў публікацый.
Інфармацыя даступная на расейскай мове.
"Белгазета"
Cайт www.belgazeta.by, як і друкаваная версія "Белгазеты", арыентаваны ў асноўным на аўтарскія матэрыялы з выкарыстаннем мясцовых і расейскіх крыніц.
Інфармацыйная палітыка сайта - максімальная (але выбіральная) увага да ўнутраных падзей (якія падаюцца зазвычай у іранічнай форме), актыўны зварот да расейскіх экспертаў у любых галінах, мінімальнае адлюстраванне ўсяго, што адбываецца за заходняй мяжой Беларусі. Праваабарончая тэматыка адсутнічае ўвогуле, акцыі сацыяльнага пратэсту асвятляюцца вельмі рэдка.
Пры фармальным статусе "незалежнага выдання" сайт рэальна займае стрымана-кампрамісную пазіцыю ў дачыненні да ўлады, згодна з прынцыпам "гэта рэальная сіла, і альтэрнатывы ёй пакуль няма".
Мае архіў матэрыялаў за мінулыя гады і чытацкія форумы па ўсіх асноўных тэмах і публікацыях.
Мова сайта - руская.
ARCHE
Сайт http://arche.home.by належыць літаратурна-мастацкаму часопісу "Arche Пачатак". Самастойнай ролі сайт не адыгрывае. Гэта толькі тэхнічны сродак "каналізацыі" нумароў выдання (ці асобных тэкстаў) тым, хто не можа падпісацца на часопіс альбо набыць яго. Перадусім гэта чытачы з іншых краінаў. Адзіная рубрыка, якая адрознівае сайт ад часопіса, - гэта "Форум".
Заяўлены як "літаратурна-мастацкі", часопіс "Arche" насамрэч такім не ёсць. Сёння тут дамінуюць аналітыка і рэфлексія, якія ў першую чаргу ахопліваюць сферы палітыкі (геапалітыкі), соцыума, культуры і нацыянальнага будаўніцтва. Сайт (часопіс) шырока репрэзентуе заходнюю паліталагічную аналітыку.
Мова часопіса (і сайта) - беларуская. Аналітычныя сайты
Наше мнение
Сайт www.nmnby.org існуе са студзеня 2003 года і да сённяшняга дня фактычна з'яўляецца сайтам незалежнага экспертнага саветау Беларусі. Сярэдняя колькасць наведвальнікаў - ад 700 да 1000 у дзень.
Асноўны аб'ект даследавання - актуальныя працэсы ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным жыцці Беларусі. Структура не капіруе навінавыя і газетныя рэсурсы, набліжаючыся да вольнай формы альманаха. Асноўныя рубрыкі - "Актуальный текст", "Дискуссионный клуб", "Монологи: на этой неделе", "Живой журнал".
Стыль матэрыялаў прынцыпова неакадэмічны: прафесійныя эксперты пішуць у вольнай манеры, аператыўна аналізуюць сучасныя працэсы.
Акрамя аўтарскіх тэкстаў, якія складаюць аснову сайта, "Наше мнение" змяшчае "Web-мониторинг", што адсылае да найважнейшых публікацый па беларускай і сумежнай тэматыцы з рускамоўных і беларускамоўных рэсурсаў, а таксама лістынг найбольш значных сайтаў навін. Існуе архіў аўтарскіх матэрыялаў і спасылак навін.
Інфармацыя даступная пераважна на расейскай мове, частка аўтарскіх матэрыялаў напісаная па-беларуску.
Інтэлектуальная супольнасць Беларусі
Сайт www.belintellectuals.com
створаны з прыватнай ініцыятывы некалькіх беларускіх інтэлектуалаў і разлічаны на падрыхтаванага чытача.
Асноўныя рубрыкі: "Інтэлектуалы", "Дыскуіі", "Блогі", "Праекты", "Падзеі". Мае сваю "Бібліятэку", выстаўляе на "палічку" пераклады кніг замежных філосафаў. Сайт размяшчае аналітычныя матэрыялы, аб палітычнай сістэме Беларусі, стане грамадскага супраціву і рэпрэсіўных тэхналогіях улады.
Матэрыялы падаюцца пераважна на расейскай мове. Некаторыя сайты няўрадавых арганізацый
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Сайт http://baj.ru рэпрэзентуе незалежную журналісцкую супольнасць краіны і абараняе інтарэсы беларускіх журналістаў і недзяржаўных выданняў. Паведамляе пра парушэнні свабоды выказвання ў галіне СМІ (рубрыкі "Юрцэнтр" і "Маніторынг"). На сайце можна знайсці таксама нумары часопіса БАЖ "Абажур", прысвечанага прафесійным ды іншым праблемам незалежнай журналістыкі ў краіне. Падчас выбарчых кампаній сайт шырока рэпрэзентуе матэрыялы маніторынгу асвятлення выбараў у дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ, а таксама ў незалежнай прэсе. Сайт мае добры архіў.
Асноўныя мовы - беларуская і ангельская.
Асамблея няўрадавых арганізацый
На сайце www.belngo.info, "парасонавай" структуры для большай часткі беларускіх недзяржаўных установаў (якіх яшчэ не так даўно было болей за 500), паведамляецца аб дзейнасці Асамблеі і каардынуецца праца яе сябраў. Інфармацыйны блок сайта складаецца з кароткіх паведамленняў актывістаў аб падзеях вакол арганізацыі і яе сябраў (нярэдка рэпрэсіўнага з боку ўладаў характару), пераследзе розных асоб (у тым ліку кандыдата ў прэзідэнты А. Казуліна) і падтрымцы іх рознымі НДА, а таксама з аператыўнай стужкі навінаў, дзе паведамляецца пра розныя НДА-ініцыятывы дзейнасць "трэцяга сектара".
Даступны архіў паведамленняў (пачынаючы з траўня 2003 года), база дадзеных замежных структураў, якія падтрымліваюць беларускія НДА, а таксама штоквартальныя аналітычныя матэрыялы "Тэндэнцыі развіцця "трэцяга сектара" на Беларусі" (пачынаючы з 2005 года). Цікавым дапаўненнем да "афіцыйнай" хронікі з'яўляюцца нефармальныя "грамадскія каментарыі" - зводкі меркаванняў актывістаў мінскіх і рэгіянальных НДА па разнастайных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця.
Матэрыялы даступныя на беларускай і ангельскай мовах.
Вясна 96
Сайт www.spring96.org прадстаўляе праваабарончы цэнтр "Вясна" (першапачаткова "Вясна-96"), у 2004 г. пазбаўлены рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Функцыянальная зададзенасць цэнтра цалкам адлюстроўваецца ў фармаце сайта, публікацыі якога прысвечаны пераважна праваабарончай праблематыцы.
Асноўныя рубрыкі сайта: "Пра Вясну", "Архіў навінаў", "Бюлетэнь "Права на Волю", "Аналітыка. Палітычныя справы", "Парады праваабаронцаў".
У рубрыцы "Галоўнае" падаецца спіс затрыманых і арыштаваных 19-25 сакавіка. А ў падрубрыцы "Суддзі" сайт друкуе хадайніцтва праваабарончага цэнтра "Вясна" перад Еўразвязам аб уключэнні недобрасумленных суддзяў у спіс тых асобаў, якім мусіць быць забаронены шлях у краіны дэмакратыі.
Матэрыялы друкуюцца на беларускай, рускай і ангельскай мовах.
Мяркуючы па апошніх заявах міністра інфармацыі Беларусі, у найбліжэйшай перспектыве дзяржава паспрабуе ўзяць пад кантроль свабодны распаўсюд інфармацыі праз інтэрнет. Зрабіць гэта тэхнічна надзвычай складана, а значыць, юрыдычныя абмежаванні могуць быць скіраваныя толькі супраць стваральнікаў адваведных інтэрнет-рэсурсаў і журналістаў, якія "прадукуюць" незалежную інфармацыю. Між тым, добра вядома, што ступень ананімнасці збору інфармацыі і свабоды яе распаўсюду, якую гарантуе інтэрнет, істотна вышэйшая, чым у іншых медыях. Падрыхтаваў
Алесь АНЦІПЕНКА
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|