|
Дрэва свабоды
МЕДЫЯ-ФОРУМ Кожны з нас - лісток на гэтым дрэве, а усяго нас 1 113. Ну вось - на лірыку пацягнула. Хаця трэба расказаць усяго толькі пра VI справаздачна-выбарчы з'езд нашай арганізацыі.
Трэцяе ліпеня. За акном грукоча салют, краіна святкуе Дзень незалежнасці, чарговую гадавіну вызвалення ад фашысцкай навалы. Націснуў кнопку пульта - на тэлеэкране расійская папса: збіраюцца ў Віцебск на "Славянскі базар". На тварах вядучых БТ і спевакоў адчуванне поўнага шчасця і бесклапотнай весялосці…
У мяне ж настрой не надта святочны. Хаця памянуў бацьку-франтавіка і маці, якая багата расказвала пра тую вайну. Успомніў Дзіму Завадскага, бо праз чатыры дні споўніцца роўна шэсць гадоў, як яго няма побач з намі. Чалавек "бясследна" знік сярод белага дня ў "квітнеючай і стабільнай" краіне. І дагэтуль няма адказу, дзе ён і што з ім. Хаця ўлады абяцалі аператыўнае расследаванне. У офісе БАЖа партрэт Дзімы месціцца побач з партрэтам Веранікі Чаркасавай, якую забілі ў кастрычніку 2004 г. ва ўласнай кватэры ў Мінску. Чаму і хто - таксама невядома. А крымінальную справу прыпынілі.
Я думаю пра лёсы сваіх сяброў-паплечнікаў па Беларускай асацыяцыі журналістаў. У іх душах, як і ў маёй, няма прагі помсты ці нянавісці. Ёсць толькі абвостранае пачуццё справядлівасці і няўмольнае жаданне абараніць праўду. Хаця гэтага ў цяперашніх варунках дастаткова, каб сур'ёзна ўскладніць сабе жыццё. Але ж як інакш? Дрэва свабоды - гэта і дрэва нашай памяці. І салодкі плод прызнання, і спакуслівы яблык, і… цярновы вянок - усё на ім…
На вайне - як на вайне
З'езд незалежных журналістаў пачаўся з ушанавання памяці і хвіліны маўчання. За тры гады, што мінулі з апошняга форума, не стала Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава, Анатоля Ярася, Карласа Шэрмана, Віктара Шавялевіча, Алега Дунаеўскага, Дзмітрыя Кісяля, Пятра Нагнібяды.
79 дэлегатаў (з 82 вылучаных) заслухалі справаздачы кіраўніцтва БАЖ, кантрольна-рэвізійнай камісіі, камісіі па этыцы, выступленні прысутных. Шляхам адкрытага галасавання абралі новыя кіраўнічыя органы. Дэлегаты адзінагалосна падтрымалі прапанову пераабраць на пасаду кіраўніка арганізацыі Жанну Літвіну. Зацвердзілі паўнамоцтвы двух намеснікаў старшыні БАЖ - Андрэя Бастунца і Таццяны Мельнічук і абралі на адпаведную пасаду Аляксандра Старыкевіча і Аліну Суравец.
Па выніках працы прынялі некалькі дакументаў. Сярод іх - Маніфест сумлення.
ЖУРНАЛІСТЫКА - ПРАФЕСІЯ СУМЛЕННЫХ І АДКАЗНЫХ
(МАНІФЕСТ СУМЛЕННЯ)
Зварот дэлегатаў VI з'езда ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
У журналісцкай супольнасці краіны адбываюцца надзвычай негатыўныя працэсы. Апошнім часам мы сталіся сведкамі акцый грамадзянскага абурэння працай некаторых дзяржаўных мас-медыя. Замест усебаковай і аб'ектыўнай інфармацыі датычна найбольш істотных падзей і працэсаў, што адбываюцца ў нашым грамадстве, гледачам, слухачам і чытачам прапануецца аднабаковы погляд на беларускую рэчаіснасць. Разам з тым, у канцы мінулага года недзяржаўная прэса была пазбаўлена магчымасцяў шырокага распаўюду, а ў некаторых выпадках - і друку ўнутры краіны. Адзначым, што падставай для скасавання дамоваў на распаўсюд і друк не былі абвінавачванні ў скажэнні інфармацыі ці непрафесійнай дзейнасці недзяржаўных газет. Выдаленне незалежнай прэсы з беларускай інфармацыйнай прасторы насамрэч адбылося з мэтай аблегчыць працу тым, хто блытае журналісцкую прафесію з прапагандысцкай дзейнасцю.
Гэта прымушае нас яшчэ раз звярнуць увагу на сутнасць журналісцкай прафесіі, яе ролю ў грамадстве, а таксама на праблему маральнай адказнасці журналістаў за сваю працу. Мы прапануем усім нашым калегам зрабіць ясны і адназначны выбар на карысць прафесіі, а не абслугі партыкулярных інтарэсаў асобных сацыяльных ці прыўладных груповак. Мы нагадваем, што ад нашай прафесійнай дзейнасці залежыць будучыня нашай краіны. Грамадства, пазбаўленае ўсебаковай, аб'ектыўнай і непрадузятай інфармацыі, нагадвае сляпога чалавека, які не ведае, куды ён рушыць ці куды яго вядуць. Неадэкватнасць інфармацыі пра стан грамадства заўсёды вядзе да неадэкватных ці несвоечасовых рашэнняў. А грамадства, якое не бачыць ці не ўсведамляе сваіх праблем, рана ці позна апынецца ў сітуацыі глыбокага палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага крызісу.
Нарэшце, мы звяртаемся да ўсіх нашых калег з заклікам усвядоміць усю глыбіню адказнасці, якую журналісты нясуць перад грамадствам. Гэта толькі наша роля - пісаць і гаварыць праўду, нават тады, калі гэта не падабаецца ўладам ці самому грамадству. Нават тады, калі тое падаецца амаль немагчымым, журналіст не мае права быць несумленным у сваёй працы.
Да таго ж мы цалкам усведамляем небяспеку дэградацыі прафесіі журналіста і папярэджваем, што за несумленнасць журналістаў і прапагандысцкую працу медыяў грамадству заўсёды, раней ці пазней, даводзіцца плаціць па рахунках тых скажоных і лжывых уяўленняў, якія яму навязваліся.
Мы, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, абвяшчаем сваю адданасць прынцыпам прафесійнай журналістыкі і журналісцкай этыкі і прыкладзем усе намаганні, каб у беларускім грамадстве запанавалі свабода слова, праўдзівая і нескажоная інфармацыя.
Для падтрымкі дзяржаўных медыяў была прынята Комплексная дзяржаўная праграма развіцця СМІ. Акрамя задзейнічання адміністрацыйнага рэсурсу падчас правядзення падпіскі, дзяржаўныя СМІ атрымалі фінансаванне з Рэспубліканскага бюджэту 2006 г. у памеры 130 300 160 тыс. рублёў, што ў эквіваленце складае 60,55 млн. долараў гэта ў паўтара разы больш, чым у 2005 г., і ў два разы больш, чым у 2004 г.
З справаздачы VI з'езда ГА "БАЖ"
Выданняў, што асвятляюць грамадска-палітычныя пытанні, але не маюць у заснавальніках дзяржаўных органаў, фінансавання з дзяржбюджэту альбо іншым чынам не падкантрольных цэнтральным ці мясцовым уладам, што выходзяць перыядычна накладам не менш за 2000 асобнікаў, паводле падлікаў БАЖ, - блізу 30 (у 2003 годзе іх было ў 2 раза больш). Дзве траціны з іх сутыкнуліся з праблемамі друку і распаўсюду.
З справаздачы VI з'езда ГА "БАЖ"
У канцы 2005 г. газет, што вымушаныя былі друкавацца за мяжой, налічвалася ўжо сем. Неўзабаве дамовы з рэдакцыямі пачалі скасоўваць дзяржаўныя прадпрыемствы, якія займаюцца распаўсюдам друкаваных выданняў, - "Белпошта", "Белсаюздрук" ды рэгіянальныя прадпрыемствы "Саюздруку". Паводле дадзеных БАЖ, у падпісныя каталогі "Белпошты" на I квартал 2006 г. не былі ўнесены 16 незалежных выданняў. 19 газет, паводле дадзеных на канец 2005 г., нельга было купіць у кіёсках "Саюздруку". Іскі рэдакцый і чытачоў газет, выкінутых з падпісных каталогаў, суды разглядаць адмаўляюцца.
З справаздачы VI з'езда ГА "БАЖ"
Акрамя палітыка-эканамічнай дыскрымінацыі, недзяржаўныя медыі ўвесь час сутыкаліся з наступнымі пагрозамі:
- закрыццё ці прыпыненне дзейнасці (напрыклад, у 2004 г. загадамі Міністэрства інфармацыі быў прыпынены выхад 25 выданняў, а ў 2005 г. па ініцыятыве дзяржаўных органаў былі закрытыя "Новая газета Сморгони", "Курьер из Борисова", "Молодежный проспект", "Навiнкi", "День", "Згода";
- узмацненне заканадаўчага рэгулявання ў сферы свабоды выказвання (у прыватнасці, унясенне паправак у Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць крымінальную адказнасць за дыскрэдытацыю дзяржавы, спробы стварэння механізмаў кантролю за інтэрнет-прасторай);
- крымінальны пераслед і іншыя факты ціску за публікацыі ў СМІ (у тым ліку шляхам выстаўлення разбуральных іскаў і выклікаў у праваахоўныя органы);
- паўсюднае абмежаванне права на доступ да інфармацыі.
З справаздачы VI з'езда ГА "БАЖ"
У справаздачах міжнародных арганізацый у галіне свабоды выказвання Беларусь штогод апынаецца сярод краін з найбольш небяспечнымі ўмовамі для дзейнасці СМІ і журналістаў. У 2006 г. падставай для такіх высноваў сталі масавыя затрыманні і прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці журналістаў беларускіх і замежных СМІ падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў (45 прадстаўнікоў СМІ прайшлі за гэты перыяд праз судовую сістэму Беларусі, і толькі адзін з іх быў апраўданы). На жаль, стала нормай вынясенне судамі Беларусі палітычна матываваных рашэнняў у дачыненні да журналістаў і рэдакцый недзяржаўных газет.
З справаздачы VI з'езда ГА "БАЖ"
Красамоўным паказчыкам пагаршэння сітуацыі ў галіне СМІ з'яўляюцца назвы кампаній БАЖ у падтрымку свабоды слова:
2002 г. - "Фестываль незалежнай прэсы";
2003 г. - "Дзень закрытых газет";
2005 г. - "Гродзенская зона - тэрыторыя рызыкі для незалежных журналістаў";
2006 г. - "Пасядзелкі -2006" (сустрэча журналістаў, што адбылі дміністратыўныя пакаранні падчас прэзідэнцкіх выбараў).
З справаздачы VI з'езда ГА "БАЖ"
Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, незалежная журналістыка Беларусі змагла захаваць сябе як інстытут грамадзянскай супольнасці, імкнулася выконваць сваё канстытуцыйнае прызначэнне - збіраць і распаўсюджваць аб'ектыўную і своечасовую інфармацыю, быць трыбунай для свабоды выказвання, кіравацца стандартамі і прынцыпамі прафесійнай дзейнасці, даваць усебаковую інфармацыю, якая замоўчваецца дзяржаўнымі СМІ.
З справаздачы VI з'езда ГА "БАЖ"
Юрысты БАЖ бралі ўдзел амаль ва ўсіх гучных справах, дзе фігуравалі незалежныя СМІ. Нягледзячы на вельмі неспрыяльную прававую і палітычную сітуацыю ў краіне, у значнай колькасці працэсаў былі дасягнутыя станоўчыя вынікі. Прыблізна ў 30% выпадкаў суды прымалі рашэнні на карысць журналістаў, альбо бакі заключалі міравыя пагадненні на спрыяльных для СМІ ўмовах.
Юрысты БАЖ падрыхтавалі некалькі аўтарскіх законапраектаў у галіне СМІ: "Аб тэлерадыёвяшчанні", "Аб праве грамадзян на атрыманне інфармацыі".
З справаздачы VI з'езда ГА "БАЖ"
Важным кірункам дзейнасці БАЖ застаецца міжнароднае супрацоўніцтва. Асацыяцыя ўмацоўвае партнёрскія кантакты з замежнымі журналісцкімі і праваабарончымі міжнароднымі арганізацыямі, з'яўляецца ўдзельнікам кампаній у абарону свабоды слова і прафесійных правоў журналістаў…
З 1997 г. БАЖ з'яўляецца асацыяваным сябрам Міжнароднай федэрацыі журналістаў. У чэрвені 2003 г. Міжнародная асацыяцыя газет (WAN) узнагародзіла БАЖ "Залатым пяром Свабоды -2003". У снежні 2004 г. арганізацыя атрымала ад Еўрапарламента прэмію імя А. Сахарава "За свабоду думкі".
З справаздачы VI з'езда ГА "БАЖ" Падрыхтаваў
Уладзімір ДЗЮБА
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|