|
Пакуль ёсць людзі - газета жыць будзе
ПРАКТЫКУМ Пятро ГУЗАЕЎСКІ Нам цяпер не патрэбныя ні пошта з яе падпіскаю, ні кіёскі "Брэстаблсаюздрукау", ні гандлёвыя кропкі дзяржаўных і прыватных крамаў - бо нікуды нашу газету не пускаюць.
"Чэсная вертыкаль" робіць усё магчымае і немагчымае, каб спыніць існаванне выдання. Журналісты працуюць амаль у падпольных умовах.
Хочаш выжыць - ствары сваю сістэму
У ліку газет-"ізгояў" "Ганцавіцкі Час" прайшоў праз "вертыкальнае чысцілішча" перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года і атрымаў адмову ў распаўсюджванні праз РУП "Белпошта", са студзеня быў пазбаўлены магчымасці прадавацца праз кіёскі "Брэстаблсаюздрука". Браць "Ганцавіцкі Час" адмовіўся нават прадпрымальнік, які да гэтага прадаваў каля 350 асобнікаў газеты на рынку. У крамах раённага спажывецкага таварыства нашу газету і да "чысткі" не бралі. Аднак ні банкруцтва нашай газеты, ні спынення яе выхаду ўлады не дачакаліся.
Канешне, без страт не абыйшлося, але толькі першыя паўтара месяца, калі наклад зменшыўся на 700 асобнікаў. Спрацаваў механізм, які быў падрыхтаваны загадзя. У большасці буйных вёсак і горадзе сваімі сіламі мы наладзілі альтэрнатыўную падпіску і дастаўку на дом. Наклад газеты пасля ўсіх пературбацый з забаронай падпіскі і прадаж не толькі не зменшыўся, але паступова павялічваецца. Зараз гэта штотыдзень 2400-2470 асобнікаў. Мы маем каля 1800 падпісчыкаў. Астатняе прадаюць дзве бабулькі на рынку.
Насельніцтва раёна, дзе распаўсюджваецца "Ганцавіцкі час", складае каля 35 тысяч жыхароў, з іх амаль 60% жывуць у вёсках, некаторыя з якіх аддалены ад райцэнтра на 40-50 км. Малавата прасторы, каб развярнуцца. Бо Ганцаўшчына на Брэстчыне, быццам апендыкс, акружана лясамі ды балотамі, таму тэрыторыя распаўсюджвання газеты абмежавана межамі раёна, суседнія раёны адносна далёка.
Арганізаваная намі сістэма распаўсюду дастаткова складаная, але ў дадзеных умовах гэта лепш, чым нічога. Па-мойму, і кіраўніцтва ААТ "Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс" (газета "Ганцавіцкі час" з'яўляецца яго рэгіянальным выданнем) разумее, штогэта адна з рэальных магчымасцей выжыць і развівацца падобным на нашую газетам у невялікіх гарадах. Чым мы зараз і займаемся - спрабуем выжыць.
Зарэгістравана ў Міністэрстве інфармацыі, а жыве ва ўмовах рэзервацыі
Не ведаю, як іншым, а газеце "Ганцавіцкі час" з кіраўніцтвам раёна пашанцавала. Старшыня райвыканкома Уладзімір Столяр, якога прыслалі з суседняга Ляхавіцкага раёна ў 2001 годзе (у той жа год на Ганцаўшчыне пачала выходзіць і наша газета), не пакідае карэспандэнтаў без працы. Да газеты ён неабыякавы і з самага пачатку да сённяшняга дня не можа змірыцца з яе існаваннем. Хранічныя каверзнікі, напэўна, не пішуць столькі скаргаў, сколькі іх панапісваў У. Столяр у розныя інстанцыі. Дарэчы, раён па сацыяльна-эканамічных паказчыках самы адсталы ў Брэсцкай вобласці, целяпаецца ў канцы і рэспубліканскага спісу. І хіба што ў райвыканкоме толькі і праблем, як з недзяржаўнай газетай!
У такіх маленькіх гарадках, як Ганцавічы, законы свае. Для "нячэснай" прэсы тут прыдумалі свой закон аб рэгістрацыі газеты пры райвыканкоме (!). Праўда самога "закону" на паперы няма. Гэта вуснае распараджэнне галоўнага раённага вертыкальшчыка. Няўжо не ведае пра такое "перакройванне" дзяржаўных нормаў міністар інфармацыі, які, дарэчы, быў кіраўніком Ганцавіцкага райвыканкома ў свой час?
Газету "Ганцавіцкі час" улады чамусьці ўспрымаюць як варожую. Спачатку называлі яе "бэнээфаўскай", але ярлык не прыжыўся. Затым для "ГЧ" падабралі новы ярлык - "рэзыдэнты захаду", але таксама няўдачна. Людзі бачылі, у якіх цяжкіх умовах, у тым ліку і фінансавых, працуюць супрацоўнікі газеты, не верылі і не вераць ў гэтую лухту. Цяпер на начальніцкіх нарадах цвердзяць, што задача "ГЧ" - "дестабилизировать обстановку в районе". Куды ўжо болей!
Чыноўнікі на "прыцэле" фотакамеры
У недзяржаўных газетах зараз сітуацыя і праблемы прыкладна аднолькавыя, але ў Ганцавічах, як мне здаецца, ёсць асаблівасці. Кваліфікаваныя работнікі могуць страціць пасады, бо пра іх… добра напісаў "Ганцавіцкі час".
Калі "ГЧ" удаецца размясціць ў газеце фота якога-небудзь супрацоўніка міліцыі, МНС ці райвыканкома ды яшчэ напісаць (прытым толькі праўду) пра яго добрыя справы, то раённы кіраўнік праводзіць з падначаленым такую "прафілактычную размову", што небараку, каб застацца на пасадзе, трэба "даказаць", што ён "не супрацоўнічае з "ГЧ". А два здымкі на старонках "ГЧ" - гэта ўжо прысуд, у выніку чаго пераводзяць на іншую пасаду альбо, у лепшым выпадку, пазбаўляюць прэміяльных. Гэтак ужо "развіталіся" са сваімі пасадамі і пераведзены на ніжэйшыя начальнік інспектар ДАІ, дваіх пазбавілі прэміі, супрацоўнік МНС у званні капітана ўвогуле застаўся без кантракта і адпраўлены на вольныя хлябы, а другі афіцэр МНС, які выпадкова трапіў у кадр пры выратавальнай аперацыі, кажа, што ўжо мае вуснае папярэджанне. Таму баяцца карэспандэнтаў "Часу" супрацоўнікі розных інстанцый, як чорт ладану.
Канешне, у афіцыйных паперах людзей караюць за іншае, падставу можна знайсці заўсёды. Але гарадок у нас маленькі, мы тут адзін аднаго добра ведаем. На вуліцы вітацца з карэспандэнтамі "ГЧ" суседзі "пры пасадах" не рызыкуюць, асабліва каля райвыканкома - раптам атрымаеш папярэджанне!
Старшыні Ганцавіцкага райвыканкома У. Столяр на публікацыі ў "ГЧ" рэагуе вельмі хваравіта. Прытым як на крытычныя, так і на станоўчыя артыкулы.
І мы грашым, здараецца, выкарыстоўваючы гэтую сітуацыю. Пра чыноўнікаў, якія адмаўляюць у інфармацыі ці "ўключаюць дурня", маўляў, не ведаюць такой газеты, нашыя карэспандэнты знойдуць нагоду напісаць нешта станоўчае. І, пачуўшы, колькі чыноўнік "адгроб" за "супрацоўніцтва" ад раённага начальства, ловіш сябе на думцы: "Люблю я сваю работу!" Галоўнае - гэта дзейнічае. Некаторыя ўжо зразумелі, што лепш гаварыць.
Канешне, большаць кіраўнікоў цудоўна разумеюць абсурднасць сітуацыі і ў прыватных размовах характарызуюць нашу газету як аб'ектыўны сродак інфармацыі, падтрымліваюць добрым словам (падпісвацца, праўда, баяцца і таму афармляюць падпіску на сваякоў ці купляюць "ГЧ" на рынку). Інфармацыю таксама даюць, неахвотна, але даюць! Толькі вельмі-вельмі просяць не называць іх прозвішча.
Журналісты-канатаходзцы
Выданне для многіх жыхароў Ганцаўшчыны стала ледзьве не адзінай інстанцыяй, куды можна звярнуцца і атрымаць дапамогу ў вырашэнні нейкіх праблем ці рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду слова. Вядома, мы не рамантуем дахі ці дарогі, але прыцягваем да праблем увагу. Рэдакцыйная палітыка газеты простая - пісаць праўду, асноўваючыся на фактах, працаваць у межах закону і ў гэтыя законы, калі ёсць патрэба, "тыкаць" чыноўнікаў, якія зарваліся.
Толькі, каб дабіцца праўды, трэба змагацца. І ў той жа час трэба быць абачлівым. Але як ні займаюцца рэдактары самацэнзурай, а штатныя "чыталы" ідэалагічных аддзелаў знаходзяць да чаго прычапіцца. Тут узнікае актуальнае пытанне для многіх недзяржаўных газет: як газеце заставацца аб'ектыўнай, а гэта значыць пісаць востра, крытыкаваць негатыўныя з'явы і чыноўнікаў, ды ў той жа час пазбегнуць папярэджванняў, вынішчальных іскаў і закрыцця? Супрацоўнікі, якім удаецца гэта рабіць, на маю думку, падобныя на канатаходцаў. Адчуваючы на сабе тысячы зоркіх поглядаў, яны павінны не дапусціць памылак і ўтрымацца. Толькі з той хіба розніцай, што канатаходцы-цыркачы ходзяць па гарызантальным тросе з падстрахоўкай, а прынцыповым журналістам даводзіцца рухацца па лязе па правілах "вертыкалі" і без страхоўкі. Што лягчэй - можна паспрачацца.
У пошуках інфармацыі праз кардоны стражнікаў
Вядома, што з адмовамі ў інфармацыі многія журналісты розных газет сустракаюцца досыць рэгулярна. Але ў Ганцавічах журналістаў не пускаюць нават на… святочныя дзіцячыя ранішнікі, каб напісаць пра дзетак, якія там старанна пяюць і расказваюць вершы. Як заявіла дырэктар раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, у іх - "учреждение закрытого типа". Начальства з райвыканкома прыдумала геніяльную сістэму, пры якой нават культурныя святы і ўрачыстасці ў памяшканнях праводзяцца закрытымі. Для двухсот-трохсот чалавек друкуюцца на прынтарах, ксераксах запрашальныя білеты. Праўда, на мерапрыемствы пускаюць і без гэтых білетаў, але толькі не карэспандэнтаў "ГЧ". Установамі "закрытого типа" сталі і школы, і дамы культуры. "ГЧ" не пускаюць на конкурсы "Выпускнік года", "Настаўнік года", урачыстыя раённыя сходы калгаснікаў і прафсаюзаў. Для гэтага выстаўляюць па некалькі кардонаў аховы з работнікаў РАА (раённага аддзелу адукацыі) і міліцыянераў.
Аднойчы супрацоўнікі "ГЧ" дасталі запрашальныя білеты на раённае мерапрыемства "Выпускнік года", прад'явілі квіткі на ўваходзе спецыялісту РАА Івану Іванавічу Цыгану, які сваім мажным тулавам засланяў праход… Бачылі б вы выраз яго твару і вочы… Вырваўшы білет з рук, ён скамячыў паперчыну і схаваў ў кішэню, растапырыўшы рукі, засланіў уваход.
Міліцыянты, якіх выклікалі карэспандэнты "ГЧ", панапісалі кучу папер, тлумачальных, трэба аддаць ім належнае, разабраліся, "хто врот, а хто не врот". Толькі іх начальнік парушэнняў "не ўбачыў". І галоўнае ў адказе на нашую скаргу грунтавалася не на "букве" закону, а на цытаце з сустрэчнай скаргі начальніка РАА Уладзіміра Мухі: "…Сотрудник газеты "Ганцавіцкі час" Гузаевский П. П. вносит нервозность в мероприятия, проводимые районным отделом образования". Дарэчы, раённая пракуратура "не ўбачыла" парушэння, хоць факты, што работнік РАА перашкаджаў рабоце журналістаў, былі запісаныя ў пратаколе.
Як, маючы няшмат грошай, стаць папулярным?
Адказ на гэтае пытанне вельмі просты - стаць журналістам рэгіянальнай газеты. Грошай шмат вы не атрымаеце, гэта дакладна! Заробкі карэспандэнтаў "ГЧ" вельмі сціплыя, не хочацца нават называць, але гэта значна меней сярэдняй зарплаты па рэспубліцы. Да таго ж той, хто адважыўся працаваць у недзяржаўнай рэгіянальнай газеце, павінен разумець, што, калі выданне спыніць сваю дзейнасць, на прыстойную пасаду яго ўжо не возьмуць. Праўда, бываюць выключэнні: былы карэспандэнт "Ганцавіцкага часу" - зараз галоўны рэдактар рупара райвыканкома - газеты "Савецкае Палессе". Аднак кожны мае права на свой выбар, і журналісты таксама.
Але грошы і пасады - дробязі жыцця. Затое ўсяго праз некалькі месяцаў вас будуць ведаць амаль ва ўсіх установах, людзі будуць пазнаваць на вуліцы, вітацца, расказваць, куды і калі трэба прыехаць, каб сфатаграфаваць штосьці і пакрытыкаваць. Некалькі вострых публікацый у газеце - і пры з'яўленні карэспандэнта ў магазінах ці на рынку хваляванне, як пры з'яўленні падатковага інспектара! Цікавейшай працы, чым быць журналістам, знайсці ў правінцыяльным горадзе наўрад ці магчыма. Кожны дзень новыя падзеі, новыя людзі… А як кранае, калі незнаёмая бабулька, спыняючы вас на вуліцы, называе "сынок" ці "дачушка", цісне руку, дзякуючы, што газета дапамагла ў іх вёсцы вырашыць нейкую праблему…
Такое не вымяраецца ў грашовым эквіваленце. Гэта можна вымераць толькі прасторай душы.
Прызнаюся, іншым разам ахінае расчараванне. Не ад таго, што душаць улады, а ад нікчэмнасці і зацюрканасці людзей, якія ператварыліся ў зомбі і баяцца нават свайго ценю. Хочацца ім сказаць: як жа вы, людцы, апусціліся да такога стану, дзе ж ваша годнасць чалавечая?
Але, гледзячы на людзей бедных, бездапаможных, якія апошнюю надзею ўскладаюць на цябе, зноў напаўняешся энергіяй і жаданнем дапамагчы. І ўсё адразу даруеш тым, каму Бог не даў сілы быць стойкімі і моцнымі.
Пэўна, не кожнаму гэткі лад жыцця падыходзіць. Таму ў такіх раёнах, як Ганцавіцкі, працаваць у газету не хочуць ісці нават з біржы працы. А чалавека з прафесійнай адукацыяй не знойдзеш днём з агнём. Энтузіястаў і барацьбітоў за справядліваць зараз таксама стала значна менш.
Таму вакансія карэспандэнта ў "Ганцавіцкім часе" свабодная і зараз. А тут, у Ганцавічах, такая школа для журналістаў, якія любяць экстрым!
Мары і рэальнасць
Калі распачаць гаворку пра перспектывы развіцця газет у рэгіёнах, то, напэўна, самым лёгкім было б памарыць, паразважаць, што вось, маўляў, былі б сапраўды роўныя ўмовы, і мы (недзяржаўныя газеты) хутка абскакалі б розныя там раёнкі і ў тыражах, і ў прыбытках.
Толькі б дачакацца тых роўных умоваў гаспадарання, дзе ў канчатковым выніку чытач будзе вырашаць, якой газеце жыць, а якой - не. Дачакацца, калі не будзе падзялення СМІ на "сваіх" (рупараў ідэалогіі ўладаў) і "чужых" (тых, на каго навешваюць ярлыкі "адшчапенцаў і адмарозкаў"). Калі людзі атрымаюць права выбіраць самі, ў тым ліку што ім чытаць, а не афармляць падпіску на выданні пад прымусамі і пагрозамі застацца без працы, без надзелу зямлі і сена, ці нажыць праблемы дзецям, якія вучацца ў ВНУ. Калі ва ўладзе не будзе цынікаў, якія бесцырымонна зацвярджаюць незаконныя пастановы і загады, стварылі сістэму таталітарнага страху і ператварылі людзей у маўклівых рабоў. Калі не будзе дзяржаўных датацый і прывілей адным выданням і ціску на іншыя.
Калі, калі… А жыць трэба цяпер і працаваць трэба цяпер. Толькі нялёгкая гэта задача, бо настаў такі час, што заставацца чэсным і справядлівым чалавекам стала цяжэй, чым гады вайны стаць героем.
Спадзявацца на тое, што працаваць газетчыкам стане лягчэй, не даводзіцца. Таму трэба шукаць нетрадыцыйныя падыходы для забеспячэння жыццядзейнасці газет. Але гэта праблема патрабуе дэталёага разбору і выпрацоўкі агульнай стратэгіі для недзяржаўных СМІ, якія пакуль засталіся.
Замест эпілога
Ганцаўшчына - гэта Палессе, край лясоў, балот і партызанаў. У нас дагэтуль кажуць: "Партызаны не здаюцца!" Калі ўладам не падабаюцца зарэгіставаныя газеты і напісаныя законы, то замест газет могуць з'явіцца лістоўкі. Выбар ёсць заўсёды. Толькі тады барацьба будзе іншай…
Пятро ГУЗАЕЎСКІ
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|