БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

Часопіс АБАЖУР на старонках  КАМУНІКАТУ

 
 АБАЖУР №№ 50-51

АБАЖУР №№ 50-51"Наша Ніва" - стагодзьдзе беларускага друкаванага слова

ГАСЦЁЎНЯ

Сямён ПЕЧАНКО

Першы нумар "Нашай Нівы" пабачыў сьвет 10 лістапада 1906 г.
Газэта адпачатку была разьлічаная пераважна на вясковага чытача і нацыянальную інтэлігенцыю. Галоўнае месца ў ёй адводзілася матэрыялам, якія прысьвячаліся падзеям у Беларусі, нацыянальнаму руху. Спачатку "Наша Ніва" выконвала функцыю друкаванага органу Беларускай сацыялістычнай грамады. Першая газэта, выдаваная БСГ, "Наша доля", была зачыненая царскімі ўладамі. Гэта наклала адбітак на стасункі новае газэты з цэнзураю - дзейнасьць рэдакцыі пільна адсочвалася на розных узроўнях да прыпыненьня выхаду газэты ў 1915 г., некаторыя нумары канфіскоўваліся, а ў часе І-й Сусьветнай вайны выходзілі з купюрамі.

У склад рэдакцыі на пачатку ХХ ст. уваходзілі браты Іван ды Антон Луцкевічы (фактычныя рэдактары газэты), Аляксандар Уласаў, што 8 гадоў быў галоўным рэдактарам, Вацлаў Ластоўскі, Янка Купала, Язэп Драздовіч, Уладзімер Знамяроўскі, Ядвігін Ш. ды іншыя. Газэта мела вялікі аўтарскі калектыў, бо публікавала допісы сваіх чытачоў з усёй Беларусі.Толькі адзін прыклад: на працягу 1910 г. "Наша Ніва" надрукавала 666 допісаў ад 427 карэспандэнтаў з 321 мясьціны Беларусі. Фінансавы бок прадпрыемства быў не такім пасьпяховым: гэтак, паводле зьвестак за 1911 г., прыбытак ад продажу газэты і ад разьмяшчэньня ў ёй рэклямы склаў каля 3600 руб., выдаткі ж перавышалі гэтую суму больш чым у два разы (7300 руб.). Становішча стала выпраўляцца бліжэй да 1914 г., але пачалася І Сусьветная вайна. Яна не магла не адбіцца на працы рэдакцыі: дзейнічала вайсковая цэнзура, была забароненая падпіска для пэўнай катэгорыі грамадзянаў, значна пагоршыўся фінансавы стан прадпрыемства. У канчатковым выніку "Наша Ніва" мусіла спыніць сваё існаваньне, апошні нумар, падпісаны Янкам Купалам, выйшаў 7 жніўня. Спроба аднавіць выхад газэты ў 1920 г. была няўдалай.

"НН" належыць выключная роля ў нацыянальным абуджэньні беларусаў, у разьвіцьці беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы. Газэта сьцьвярджала права беларускага народу на існаваньне, яго роўнасьць сярод іншых народаў. На старонках "Нашай Нівы" публікаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Вацлава Ластоўскага, Каруся Каганца, Зьмітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Сяргея Палуяна, Лявона Гмырака, дзясяткаў іншых пісьменьнікаў і публіцыстаў. Пры рэдакцыі газэты дзякуючы намаганьням Івана Луцкевіча ствараўся Беларускі нацыянальны музэй. На яе базе паўсталі сельскагаспадарчы часопіс "Саха" і часопіс для моладзі "Лучынка", выходзіў вельмі папулярны штогадовы "Беларускі каляндар", дзейнічала кніжнае выдавецтва. Значная роля "НН" у разьвіцьці беларускай літаратуры дазволіла вылучыць асобны "нашаніўскі" пэрыяд у гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства.

Газэта так і не здолела аднавіцца да пачатку 90-х - ні ў часе існаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі, ні за саветамі. Больш за тое, савецкая прапаганда менавала "НН" "нацыяналістычным", "лібэральна-буржуазным" і нават "контаррэвалюцыйным" выданьнем, хаця царская цэнзура вінаваціла рэдакцыю менавіта ў выразнай сацыялістычнай скіраванасьці і рэвалюцыйнасьці. Упершыню падобныя закіды на адрас "НН" прагучалі ў 1931 г. на паседжаньні Таварыства гісторыкаў-марксістаў.

У 1991 г. намаганьнямі беларускага незалежніцкага асяродку "Наша Ніва" была адроджаная і пачала выдавацца ў Вільні. Працягваючы традыцыі пачатку ХХ ст., яна ізноў стала асноўным выданьнем нацыянальнай інтэлігенцыі. Галоўным рэдактарам адроджанай газэты стаў Сяргей Дубавец. Ад 2000 г. на гэтай пасадзе знаходзіцца Андрэй Дынько.

Першы нумар газэты выйшаў у Баранавічах. Вось як апісвае гэтую падзею Сяргей Харэўскі, што працуе ў газэце ад першага дня яе аднаўленьня: "У траўні 1991-га, пасьля цэлага году падрыхтоўкі і адмыслова для гэтага зьдзейсьненых пярэбараў у Вільню, дзе ў пачатку ХХ стагодзьдзя выходзіла газэта-папярэдніца, першы нумар новае "Нашай Нівы" нарэшце быў сабраны. Пісаўся ён у Вільні, Менску і Горадні, макетаваўся ў Менску, а друкаваўся ў Баранавічах.

Пасьля шмат было пераездаў, гарадоў, адрасоў. Безь перабольшаньня газэта рабілася і робіцца на колах.

А тады, сонечным травеньскім днём, Баранавічы сустрэлі нашу брыгаду парадам. Грымеў аркестар, маршавалі дзяўчаты ў трыко й караценькіх спаднічках, порстка выкрочвалі фізкультурнікі. Калі мы пад'ехалі да друкарні, проста на нас зь неба паляцелі парашутысты. Сярод усеагульнага мажору нашыя высілкі выглядалі амаль блюзьнерствам. Баранавічам - 120 гадоў!

З таго часу агульны мажор не супадае з танальнасьцю нашае працы.

Частку здымкаў у нумар давялося занесьці ў бліжэйшае фотаатэлье, каб зь іх зрабілі пазытывы, якіх не рабілі ў друкарні. Супрацоўнікі атэлье былі, мякка кажучы, зьдзіўленыя. Друкар-украінец прыняў нас за палякаў і моцна напінаўся гаварыць па-польску.

Баранавічы праводзілі нас сьвяточным салютам, які грымеў аднекуль з-пад Літоўскага лесу.

У Менску ў Доме літаратара тымі днямі адбываўся першы міжнародны кангрэс беларусістаў. Упершыню за доўгія гады ў Беларусь прыехалі тыя, хто ўсё жыцьцё насіў Беларусь у сэрцы. Мы сьпяшаліся. Спэцыяльна для прэзэнтацыі тысяча асобнікаў выйшла на адмысловай белай паперы.

Раніцою мы прывезьлі газэту ў зусім яшчэ тады новы будынак музэю Багдановіча.

Першыя асобнікі былі раздадзеныя каля помніка Багдановічу, дзе адбылася ўрачыстасьць з нагоды ўгодкаў ягонае сьмерці. Пасьля газэту пабачылі ў Доме літаратараў. 27 траўня 1991 году "Наша Ніва" адрадзілася…"

Працягам традыцыяў сталася кнігавыдавецкая дзейнасьць. З удзелам Фонду выданьня "Нашай Нівы" выходзілі кнігі Васіля Быкава, Зьмітра Бартосіка, Адама Глёбуса. Выдадзена факсымільная вэрсія "Нашай Нівы" пачатку ХХ ст.
З прыходам да ўлады ў 1994 г. першага прэзідэнта для недзяржаўнай прэсы пачаліся нялёгкія часы: незалежныя выданьні зачыняюцца, "нячэсныя" журналісты зазнаюць перасьлед.

Вось некаторыя прыклады пільнага інтарэсу дзяржавы канкрэтна да "Нашай Нівы".

У 1998 г. "НН" у судзе абараніла сваё права выдавацца на "тарашкевіцы".

Напрыканцы 2005 г. "Наша Ніва" разам з іншымі незалежнымі выданьнямі не патрапіла ў каталёг "Белпошты", што аўтаматычна пазбавіла яе магчымасьці распаўсюджвацца праз падпіску. У пачатку 2006 г. адпаведныя захады зрабілі іншыя дзяржаўныя ўстановы - "Белсаюздрук", "Менаблсаюздрук". Рэдакцыя мусіла наладзіць уласную сыстэму распаўсюду і зьвярнуцца па дапамогу да сваіх чытачоў.

Падчас сёлетніх сакавіцкіх акцыяў пратэсту былі затрыманыя галоўны рэдактар газэты Андрэй Дынько, фотарэдактар Арцём Лява і аўтарка Тацяна Сьнітко. Пазьней іх асудзілі на 10, 15 і 3 сутак адпаведна.

Вясною гэтага году ў рэдакцыю зь ідэалягічнага аддзелу Менгарвыканкама за подпісам Міхаіла Ціцянкова прыйшоў ліст, паводле якога знаходжаньне выданьня на тэрыторыі Менску лічыцца немэтазгодным. Прычына - затрыманьне галоўнага рэдактара "НН" на Кастрычніцкай плошчы і наступны арышт на 10 сутак. Фактычна газэта пазбаўляецца права на існаваньне з абсурдных і юрыдычна неабгрунтаваных прычынаў.

Зважаючы на сытуацыю, што склалася вакол "НН", калектыў рэдакцыі падрыхтаваў адпаведны зварот.

"Нашу Ніву" цынічна зачыняюць напярэдадні яе 100-годзьдзя. У 1915 г. выхад "НН" прыпыніўся пасьля акупацыі Вільні кайзэраўскімі войскамі. У 2006 г. тое самае ажыцьцяўляе лукашэнкаўская адміністрацыя.

Раней улады імкнуліся захоўваць бачнасьць юрыдычнай працэдуры. Газэты закрываліся ці часоваперапынялі існаваньне паводле рашэньняў судоў і Міністэрства інфармацыі. Цяпер досыць простага загаду "ідэалягічнага аддзелу". Зь юрыдычнага пункту гледжаньня гэта абсурд. Закон аб друку не прадугледжвае ніякіх дазволаў на разьмяшчэньне газэты ні ад якіх ідэалягічных аддзелаў. І тым больш дзейнасьць прадпрыемства ніяк ня можа залежаць ад адміністрацыйнага пакараньня яго кіраўніка.

"Наша Ніва" не парушала закону. Паказальна, што за апошнія чатыры гады газэта ня мела нават папярэджаньняў ад Міністэрства інфармацыі.

Зачыняюць першую беларускую газэту, знак нашае самабытнасьці. Зачыняюць апошнюю незалежную газэту, якая выходзіла цалкам на беларускай мове. Замах на "Нашу Ніву" - сымбалічны пачатак трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Зачынены апошні беларускамоўны ліцэй. Беларускамоўным рок-гуртам забаронены доступ да этэру. Распачалі працэдуру ліквідацыі Саюзу пісьменьнікаў. Зачыненыя дзясяткі газэтаў, забаронена ствараць прыватнае радыё і ТБ на беларускай мове. Вынішчэньне ўсіх культурных альтэрнатываў узьведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі, грамадзянам навязваецца аднавымерная савецкая ідэнтычнасьць. Гаворка сёньня ідзе ўжо не пра ўратаваньне адной "Нашай Нівы" ці незалежнай прэсы. Мусім бараніць беларускую культурную ідэнтычнасьць як такую.

Не павінна ў Эўропе ХХІ ст. зьнікаць спрадвечная культурная традыцыя цэлага народу. У гэткай сытуацыі просім Міністэрства культуры Летувы хадайнічаць перад ЮНЭСКА пра ўнясеньне газэты "Наша Ніва" ў "Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва". Літва мае маральнае права на гэта, бо "Наша Ніва" ў 1906-1915, 1991-1996 г. г. выдавалася ў Вільні. 100-годзьдзе газэты, якая спрычынілася да стварэньня беларускай літаратурнай мовы, беларускай клясычнай літаратуры, беларускай дзяржаўніцкай ідэі, - добрая для таго нагода. Мы просім урады іншых краінаў, міжнародныя і недзяржаўныя інстытуцыі, што маюць такое права, падтрымаць гэтае хадайніцтва перад ЮНЭСКА. Гэты сымбалічны крок - магчыма, апошняе, што сьвет можа зрабіць для беларускай прэсы.

Зьвяртаем таксама да сусьветнай супольнасьці просьбу пра неадкладнае ўзмацненьне падтрымкі ўсіх незалежных беларускіх СМІ, якія яшчэ існуюць. Заклікаем чытачоў да вытрымкі і аптымізму. Працэс абскарджваньня і іншыя працэдуры могуць доўжыцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Нягледзячы на такі падвешаны стан, газэта будзе выходзіць у цяперашнім фармаце, дакуль існуе такая магчымасьць. Спрагназаваць, як доўга яшчэ гэта будзе, немагчыма. Напрыклад, мы ня ведаем, ці будзе друкарня працягваць выпускаць газэту. Пасьля будзе нешта іншае.

Найперш, інтэрнэт. Нават ліквідацыя прадпрыемства "Наша Ніва" ня зьнішчыць інтэрнэт-сайт газэты.

Для працягу нацыянальнай культурнай традыцыі важна захаваць газэту на паперы.

Калі ў Беларусі выхад "Нашай Нівы" "немэтазгодны", лягічна было б разгледзець пытаньне аб пераносе выданьня за мяжу. Аднак пры такіх варыянтах узьнікаюць складаныя юрыдычныя і фінансавыя калізіі. "Наша Ніва" ў сытуацыі забароны на распаўсюд выдаецца пераважна за кошт матэрыяльнай падтрымкі ад прыватных асобаў. Ад пачатку году мы атрымалі з розных куткоў Беларусі каля 4000 ахвяраваньняў. Між тым пры ліквідацыі прадпрыемства, нават пасьля рэгістрацыі газэты "Наша Ніва" за мяжой, няма простага шляху пераводу сродкаў на выпуск газэты. Пакуль "НН" выдаецца ў звычайным парадку, калі ласка, працягвайце перадаваць ахвяраваньні - хіба меншымі порцыямі. Пасьля будзем шукаць выйсьце зыходзячы з сытуацыі.

Варта нагадаць, што нават пры ліквідацыі прадпрыемства грошы з рахунку газэты не губляюцца, а выкарыстоўваюцца на статутныя мэты. "Нашу Ніву" зачыняюць, але "Наша Ніва" мусіць захавацца. Як выданьне, што чытаюць тысячы людзей, як нацыянальны сымбаль".

Поруч з такімі знакамі "ўвагі" з боку ўлады "НН" атрымлівае і якасна іншыя: гэтак, у 2003 г. былы чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл уручыў галоўнаму рэдактару прэстыжную прэмію Гано Эленбоген.

Незалежнае грамадзтва не пакідае па-за ўвагай праблемы, што абрынуліся на газэту напярэдадні сьвяткаваньня яе 100-годзьдзя.

26 красавіка ў Менску пачалася сэрыя акцыяў у падтрымку "Нашай Нівы": каля 300 чалавек прайшлі маршам у цэнтры гораду з разгорнутымі асобнікамі газэты. Хваля акцыяў пракацілася па ўсёй краіне: Салігорск, Берасьце…

Як і сто гадоў таму, "Наша Ніва" існуе ў няпростых варунках: уціск з боку ўладаў, афіцыйная прэса атрымлівае субсідыяваньне зь бюджэту, недзяржаўныя ж выданьні, якім канстытуцыя гарантуе роўныя ўмовы, вымушаныя існаваць на ахвяраваньні сваіх чытачоў. Але нягледзячы на ўсе цяжкасьці і выпрабаваньні, абсалютна відавочна, што сто гадоў гісторыі незалежнага друкаванага слова не прайшлі марна. А маладыя аўтары адроджанай газэты маюць усе шанцы стаць клясыкамі нацыянальнае літаратуры. "Наша Ніва" выхоўвае новыя і новыя пакаленьні беларусаў, якім, дасьць Бог, пашчасьціць зьдзейсьніць запаветныя мары стваральнікаў першай беларускай газэты.

Сямён ПЕЧАНКО


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

АБАЖУР - часопіс Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster