|
Замест панарамы — амбразура
СМІ - ГРАМАДСТВА
Аляксандр КЛАСКОЎСКІ
рэдактар аналітычнага бюлетэня
"Беларускі тыдзень"
інфармацыйнай кампаніі
БелаПАН
У савецкай міжнароднай журналістыцы была адна дамінанта: «Наш адказ Чэмберлену». Усё было прасякнута пафасам барацьбы супраць сусветнага імперыялізму, і на кожны ягоны паклёп загадзя меўся універсальны адлуп: «А ў вас там неграў лінчуюць!»
Сучасная беларуская ўлада, пайшоўшы ў рожкі з замежнымі настаўнікамі дэмакратыі, і па сёння мусіць культываваць атмасферу аточанай цытадэлі. Таму і асвятленне міжнароднай тэматыкі ў афіцыйных ды паўафіцыйных СМІ збольшага ладзіцца.
Зрэшты, усе мы выйшлі з таталітарнага шыняля (а хто-кольвек і не вылазіў). Недзяржаўныя медыі на гэтым тэматычным абсягу таксама грашаць вузкасцю ды схематызмам. Часцяком яны трымаюцца той жа прымітыўнай антытэзы, толькі з іншага боку, у прыватнасці — рамантызуючы заходніх рыцараў дэмакратыі. Нібыта вось-вось тыя ўратуюць сінявокую Беларусь ад дыктатуры нейкім ашаламляльным дэмаршам на саміце «вялікай васьмёркі»…
Карацей кажучы, ні рознабаковай інфармацыяй пра тое, што робіцца на планеце, ні грунтоўным аналізам «беларускага пытання» ў сусветным кантэксце нашы медыі не вызначаюцца. Рэдкія выключэнні толькі падкрэсліваюць сумны малюнак. Суайчыннікам навязваюць прыжмураны, насцярожаны погляд цераз ідэалагічны прыцэл.
Экскурсанты ў шопе
На пачатку 90-х, пасля падзення «жалезнай заслоны», шмат хто з беларускіх журналістаў змог нарэшце на свае вочы ўбачыць «гнілы Захад». Замежныя амбасады, толькі што адкрытыя ў маладой незалежнай краіне, ахвотна ладзілі розныя азнаямленчыя прэс-туры (потым, калі надзеі на хуткую дэмакратычную трансфармацыю не спраўдзяцца, такіх запрашэнняў рэзка паменее).
Тады, у першыя гады незалежнасці, наша прэса запярэсціла нататкамі па выніках замежных вандровак. Зазвычай яны друкаваліся пад шаблоннымі рубрыкамі кшталту «З нямецкага (французскага, бельгійскага і г. д.) блакнота». Гэта нібы апраўдвала павярхоўнасць ды сумбурнасць матэрыялаў. Спасцігнуць краіну за лічаныя дні немагчыма, вось і апісвалі пераважна шыкоўныя вітрыны. Зрэшты, пры тагачаснай ўбогасці нашых крамаў айчынны чытач прагна глытаў нават немудрагелістыя аповеды пра шматлікія гатункі сыру, кілбасы ды піва.
Сёння і ў Мінску асартымент някепскі, былі б грошы. А па начным асвятленні ды брукаваных ходніках мы і ўвогуле пераплюнулі многія еўрапейскія гарады. Але ж на гэтым фоне яшчэ больш выразна бачна, што галоўны дэфіцыт тут — гэта нястача дэмакратыі, грамадзянскіх правоў. І калі сёння браць заходнюю тэматыку, дык удумліваму чытачу найцікавей тое, як там працуюць дэмакратычныя механізмы, як грамадзянская супольнасць трымае ў аброці дзяржаўнае самавольства, як ладзіцца сапраўдная, а не дэкаратыўная інтэграцыя між краінамі. І нарэшце — ці ёсць у замежнай супольнасці нейкія рычагі ўплыву на беларускую сітуацыю?
Гэтыя пытанні вымагаюць ад журналіста ўжо іншага ўзроўню асэнсавання, а не артыкулаў у жанры «Што я бачыў у шопе». Такіх аўтараў нягуста, таму недзяржаўныя газеты, каб запоўніць замежныя рубрыкі, улягаюць у інтэрнет. Атрымліваецца невыразна і павярхоўна.
Ну а тыя медыі, што кіруюцца ідэалагічнай вертыкаллю, апрыёры ведаюць адказы на ўсе глабальныя пытанні. Гэтаксама, як ведала іх савецкая прапаганда. Госці, што завітваюць да нас, прыкладам, з краінаў Балтыі, кажуць, што тутэйшае тэлебачанне для іх — як вяртанне ў СССР.
«Старыя песні пра галоўнае»
Беларускія незалежныя журналісты, што займаюцца міжнароднай тэматыкай, яе падачу ў айчынных медыях таксама ацэньваюць даволі сурова.
«З нашых медыяў, як дзяржаўных, так і недзяржаўных, — кажа Уладзімір Глод з радыё «Свабода», — нельга скласці ўяўленне, што ж адбываецца ў свеце. Няма сістэмнага асвятлення».
У нейкім сэнсе, лічыць калега, можна казаць нават пра рэгрэс у параўнанні з савецкім часам. Тады выданні мусілі рэгулярна даваць міжнародныя палосы з пэўным наборам рубрык, жанраў — карацей, была нейкая сістэма, хай сабе і прасякнутая ідэалагічнымі канонамі.
А цяпер, канстатуе спадар Уладзімір, многія газеты задавальняюцца выпадковымі, хаатычнымі перадрукамі з інтэрнет-крыніцаў. Ёсць творчыя ўдачы ў «Народнай волі» — напрыклад, тэматычныя палосы, прысвечаныя параўнанню беларускіх рэалій з нямецкімі, польскімі, латвійскімі. Адразу бачна, наколькі прыхарошвае нашу рэчаіснасць прапаганда…
У дзяржаўных медыях марна шукаць аналітыку, лічыць Уладзімір Глод. «Уся канцэпцыя палягае ў тым, каб апяваць нашу «выспу шчасця», якая выклікае зайздрасць ды лютасць у шматлікіх ворагаў», — з іроніяй рэзюмуе ён.
На думку палітолага Андрэя Фёдарава, які шмат піша на міжнародныя тэмы, з дзяржаўных СМІ хіба што «Советская Белоруссия» надае даволі значную ўвагу замежнай інфармацыі. Астатнія друкуюць яе фрагментарна. З недзяржаўных медыяў, на думку спадара Андрэя, вылучалася «БДГ. Деловая газета», якая асвятляла міжнародную тэматыку і шырока (па дзве-тры паласы ў кожным нумары), і прафесійна. У гэтым сэнсе яна нагадвала маскоўскія выданні кшталту «Независимой газеты», «Коммерсанта», «Времени новостей». Адметнасцю «БДГ» было тое, што там імкнуліся пісаць пра ўсе важныя падзеі на планеце, нават калі яны не маюць дачынення да Беларусі. «На жаль, вы ведаеце пра сумны лёс газеты», — кажа Андрэй Фёдараў. Сапраўды, мусіўшы цалкам сысці ў інтэрнет, яна страціла арыгінальныя рысы.
«Што ж да падзеяў, якія так ці іначай тычацца нашай краіны, — працягвае палітолаг, — то ў дзяржаўнай прэсе фактычна толькі перапяваюць тое, што гучыць з высокіх трыбунаў. Незалежныя выданні даюць болей шырокі спектр замежнай тэматыкі. Іншая рэч, што многія нашы суграмадзяне не надта ёю цікавяцца. А няма попыту — няма і прапановы».
«Ці варта дзівіцца, што ва ўмовах палітычнай самаізаляцыі міжнароднай журналістыкі фактычна няма?» — задае рытарычнае пытанне мінскі калега Раман Якаўлеўскі, аглядальнік міжнароднага партала «Wider Europe».
Ён канстатуе, што і ў недзяржаўных СМІ ўзровень падачы міжнароднай тэматыкі не самы высокі. «Але там гэтая галіна слабая не ў апошнюю чаргу з прычыны цяжкага, амаль што маргінальнага становішча саміх журналістаў», — лічыць калега. З іншага боку, адзначае ён, тут дапамагае салідарнасць міжнародных журналісцкіх структураў. Замежныя вандроўкі, стажы, семінары (варта сказаць дзякуй і нашаму БАЖу!) — гэта тое, што сілкуе прадстаўнікоў незалежнай прэсы ўражаннямі і маральнай падтрымкай
«У дзяржаўных жа медыях міжнародная тэматыка зводзіцца да банальнай апалогіі, — лічыць Раман Якаўлеўскі. — Там марна шукаць прафесійны аналіз. Што таксама тлумачыцца элементарна: у гэтай сістэме няма месца аўтарскай думцы. Належыць толькі рэтрансляваць… У гэтым сэнсе беларуская сітуацыя зусім змрочная. Нават у расійскіх СМІ плюралізм застаецца. Добра выглядае ўкраінскі медыя-рынак. А ў нас — шэрасць, шаблон. Прэтэнзіі пэўных дзеячаў з тэлебачання на нейкую арыгінальнасць толькі дыскрэдытуюць краіну».
...Тым горай для фактаў!
Адзін калега пажартаваў: тэлевізійную «Панараму» дакладней было б назваць «Амбразурай». Сапраўды, стэрэатыпы «халоднай вайны» запатрабаваныя там на ўсе сто. Рэй вядзе антыамерыканізм. Няспынныя кпіны з Буша-малодшага нагадваюць стары анекдот пра свабоду слова. «Я магу выйсці да Белага дома і бэсціць прэзідэнта ЗША», — хваліцца амерыканец. «Я таксама магу выйсці да Крамля і бэсціць прэзідэнта ЗША», — зразае яго савецкі патрыёт.
Блізкаўсходні канфлікт, іранская праблема таксама асвятляюцца менавіта з антыамерыканскіх пазіцый. Нашыя дзяржаўныя медыі гарой стаяць за аятолаў і «Хезбалу», робячы з іх нявінных авечак. А вось ізраільцы, як і за савецкім часам, малююцца крыважэрнымі мілітарыстамі, у якіх без дай нагоды свярбяць кулакі.
Між тым на зямлі абяцанай атабарылася мноства колішніх мінчукоў, бабруйчанаў, мазыранаў… Узялі б у іх інтэрв’ю, спыталі, як соладка жыць у атачэнні адмарожаных тэрарыстаў з іхнімі «кацюшамі» ды выбухоўкай за пазухай! Але ж гэта адразу разбурыла б прапагандысцкі біпалярны малюнак: з аднаго боку — «справядлівая справа арабскага народа», з іншага — «сіянісцкая агрэсія», падаграваная дзядзькам Сэмам.
Зрэшты, навошта далёка хадзіць? Зірнеце, як паказваецца жыццё суседзяў. Пануе прымітыўны набор штампаў.
Украіна: глядзіце, людцы добрыя, як дабіла да абуха краіну «аранжавая» ўлада!
Польшча: беспрацоўе, дарагоўля, грамадскае расчараванне.
Літва: пасынкі Еўрасаюза, на былых калгасных палетках буяе пустазелле, хочуць атруціць нас радыяцыйнымі адкідамі.
Латвія: душаць рускамоўных і патураюць былым эсэсаўцам.
Нават «братняя Расія» малюецца пераважна змрочнымі фарбамі: безгаспадарчасць, крымінал, жахі сацыяльнага дна.
І ўсё дзеля таго, каб пераканаць, што беларуская мадэль — найвышэйшае дасягненне чалавецтва.
На жаль, і недзяржаўныя медыі часцяком грашаць поглядам праз амбразуру. Іх бой — гэта няспыннае змаганне з рэжымам. Астатняга нібыта і не існуе. Пачытаеш, паслухаеш — усё прагрэсіўнае чалавецтва дзень і ноч кляймуе тутэйшую дыктатуру і не сёння-заўтра возьме яе за жабры.
Толькі гэтая ўлада жыве сабе ды ў вус не дзьме. І ў шараговых дэмакратаў мацнее пачуццё прыкрасці: ці не вешаюць нам локшыну на вушы, распавядаючы пра рашучыя намеры міжнароднай супольнасці разабрацца нарэшце з «беларускім пытаннем»?
З аднаго боку, можна зразумець цягу айчынных апанентаў улады да ідэалізацыі Захаду. Там сапраўды ўвасоблена многае з таго, што для нас застаецца марай. Але час узнёслага апісання тамтэйшых вітрынаў (у тым ліку і палітычных) ужо сышоў.
Варта бачыць і тлумачыць айчыннай аўдыторыі тое, напрыклад, што брусельская бюракратыя ў пэўных праявах надта нагадвае савецкую, чым выклікае сур’ёзную незадаволенасць у саміх краінах ЕС. Што пры ўсёй гучнасці дэкларацый у падтрымку дэмакратыі заходнія палітыкі не цураюцца і вельмі прагматычных меркаванняў. У прыватнасці, і Брытанія, і Галандыя, і Польшча з задавальненнем купляюць танную салярку, што вырабляецца пад дахам «апошняй дыктатуры Еўропы». Чым дэ-факта падтрымліваюць эканамічны падмурак таго самага рэжыму, які так палка кляймуюць з трыбуны ў Страсбургу. «Сэ ля ві», як у іх там кажуць.
Так, жыццё, у тым ліку і дэмакратычнага замежжа, — рэч складаная, супярэчлівая. Жыццё перыядычна ламае любыя прыгожыя схемы. Але ж мы, грэшныя, так любім трымацца за зручны прынцып: калі факты не адпавядаюць тэорыі, тым горай для фактаў!
Рэанімацыя «саўка»
Мастадонты міжнароднай журналістыкі савецкіх часоў, што арыентаваліся на перадавыя артыкулы «Правды» (і часцяком самі шчыра верылі ў догмы), сёння амаль цалкам саступілі сваё месца новаму пакаленню. На тэлеэкранах — спрэс маладыя твары. Гэтыя каментатары нашмат больш дасведчаныя: самі шнуруюць па свеце, карыстаюцца інтэрнетам — і, пэўна ж, ведаюць, наколькі разыходзяцца з ідэалагічнымі пастулатамі ўлады рэаліі міжнароднага жыцця і сусветнай палітыкі. Але маладая змена збольшага дзьме ў тую самую дуду. Прапагандысцкая машына працуе спраўна.
Колькі б ні іранізавалі вытанчаныя крытыкі, але і прымітыўнае прамыванне мазгоў (ды яшчэ пры слабасці альтэрнатыўных крыніц інфармацыі) дае свой плён. Пра гэта ўскосна сведчаць звесткі незалежных сацыялагічных даследаванняў. Усе прыведзеныя ніжэй лічбы — рэпрэзентатыўныя, апытанні ладзілі аўтарытэтныя адмыслоўцы (якія сёння, на жаль, настолькі абкладзеныя чырвонымі сцяжкамі, што мусяць маскаваць свой брэнд).
Дык вось, даследаванне, праведзенае сёлета ў сакавіку–красавіку, засведчыла, што толькі 36% нашых суайчыннікаў пачуваюцца еўрапейцамі, у той час як 52% — савецкімі людзьмі. У чэрвені на пытанне: «Ці лічыце вы, што Беларусь мусіць стаць сябрам Еўрапейскага саюза?» — станоўча адказалі толькі 31,5%, адмоўна — аж 49,2%.
Беларуская прапаганда спрычынілася да таго, каб і праз 15 гадоў пасля распаду СССР у нас квітнеў тып «гома саветыкус». Гэта рабілася, каб спрытней было трымаць у падпарадкаванні так званы электарат. Але — за што змагаліся, на тое і нарваліся. Сёння кіроўныя вярхі спахапіліся ды сталі заклікаць да мадэрнізацыі. Але з саўковым менталітэтам чым далей, тым цяжэй будзе канкураваць у міжнароднай эканамічнай прасторы. Краіна рызыкуе апынуцца на ўзбочыне глабалізацыі, прайграць спаборніцтва ў сферы высокіх тэхналогій — карацей, назаўжды застацца ва ўчарашнім дні.
Яшчэ болей. Тое самае чэрвеньскае апытанне дало ашаламляльны вынік пры адказах на альтэрнатыўна завостранае пытанне: «Калі б давялося выбіраць паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўрапейскі саюз, што б вы выбралі?» Уявіце сабе: толькі 29,3% выказаліся за ўваходжанне ў ЕС (якое, заўважце, не вымагае здачы незалежнасці). Разам з тым 56,5% выбралі варыянт вяртання ў імперыю!
Вось ён, вынік татальнага замбавання! Аб’яднаная Еўропа, што грунтуецца на каштоўнасцях дэмакратыі і павагі да правоў чалавека, здаецца многім суайчыннікам злом большым за страту незалежнасці.
Прапаганда здольная на нейкі час падоўжыць панаванне той ці іншай кіроўнай эліты. Але, дэфармуючы масавую свядомасць, яна робіць падкоп пад будучыню нацыі. Сёння міжнародная тэматыка застаецца для айчынных медыяў у вялікай ступені менавіта прапагандысцкім матэрыялам. Аўдыторыю не столькі арыентуюць у навакольным свеце, колькі дэзарыентуюць.
Зрэшты, так ужо драматызаваць праблему, бадай, не варта. Часы «жалезнай заслоны», дзякуй богу, канулі ў Лету. Беларусы ўсё болей ездзяць па свеце і бачаць рэчаіснасць на ўласныя вочы. З іншага боку, вестэрнізацыя адбываецца праз экспансію сучасных замежных тавараў, увогуле стандартаў жыцця. Нарэшце, моладзь пра ўсё ведае з інтэрнета.
Так што ўсіх не перазамбуеш. І рана ці позна беларусы вернуцца ў Еўропу. Ці ж яны такія дурні, каб усё жыццё глядзець на свет праз шчыліну амбразуры?
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|