|
Вакацыі паводле прысуду
ЛІСТЫ ЗДАЛЁК
Павал СЕВЯРЫНЕЦ
в. Малое Сітна Віцебскай вобл.
Лета. Вёска. Вакол — толькі лес ды цудоўныя беларускія азёры. Самы пачатак сэзону грыбоў-ягадаў. Рыба. Птушкі. Фізычная праца на чыстым паветры. Чаго яшчэ застаецца жадаць?..
Хіба толькі свабоды. Бо жывеш у інтэрнаце са «спэцкантынгентам» — асуджанымі да абмежаваньня волі; шторанку а 7-й адзначаесься ў начальніка леспрамгасу, пасьля 22.00 — адбой, а выезд за межы населенага пункту забаронены пад пагрозай пераводу ў «зону».
Гэткім жа сьпякотным летам год таму судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Ясяновіч, які зараз аформіў вырак «вярхоў» у справе «Партнэрства», ад правіў мяне на два гады на «хімію» ў Малое Сітна.
Малое Сітна — занядбаная вёска на мяжы з Расеяй, самае дно сучаснае Беларусі, дзе, як у глыбіні душы ўсяе нацыі, стаіліся ўсё расчараваньне, адчай, зьнявераньне падманутай і згалелай за 12 гадоў краіны. Апошнія калгасы тут разваліліся, фэрмэры задушаныя падаткамі, падсобныя гаспадаркі наваполацкіх прамысловых гігантаў збанкрутавалі, турбазы, збудаваныя за савецкім часам, разбураныя ды раскрадзеныя мясцовым насельніцтвам на цэглу. Адзінае месца, дзе яшчэ можна зарабіць грошы (100–200 тысячаў беларускіх рублёў), — леспрамгас, што ледзь ліпіць на абсталяваньні 1961 г., злачынна высякае нясьпелы лес і вывозіць сырую драўніну (чаго даўно ня робяць у цывілізаваным сьвеце) на экспарт. Каб неяк выжыць, вёска ўвесну масава зьбірае й здае шышкі, улетку — грыбы ды ягады. Тут часта цэлымі сем’ямі езьдзяць у горад здаваць кроў — бо за 400 мл плоцяць 60 тысячаў, ды нараджаюць паболей дзяцей, каб атрымаць «сацыялку»… Калі ў Малое Сітна прывозяць малако, гародніну, бульбу — у сельпо выстройваюцца чэргі. Ад безнадзёгі люд сьпіваецца, прычым п’е ўсё больш тэхнічны сьпірт — шклоачышчальнік, які завозяць сюды з Расеі, «максімку». Вяскоўцы труцяцца, шалеюць, набываюць эпілепсію — але п’юць. І для крыміналу, і для сілавых структураў Малое Сітна — чорная дзірка на фактычна няіснай, але эканамічна і юрыдычна рэальнай мяжы з Расеяй. Кантрабанда, «левы» лес, міграцыя нелегальшчыны ідзе празь Сітна.
Вёска, якая магла б стаць цэнтрам азёрнага й ляснога турызму, зарабляць грошы на мытным кантролі, транзыце, камэрцыйным паляваньні, дрэваапрацоўных майстэрнях і ягадна-грыбным бізнэсе, на экскурсіях па мясьцінах «Шляхціца Завальні», вёска, якую маглі б упрыгожваць ня дымныя кацельні, а экалягічна чыстыя ветракі, вымірае, разьяжджаецца, сьпіваецца.
Але нават Малое Сітна ў гэтую гарачую вясну пачало ствараць мясцовай вэртыкалі вялікія праблемы. На выбарчым участку, куды не дапусьцілі назіральнікаў, камісія налічыла 22 бюлетэні за Мілінкевіча, хаця ў вёсцы (дзе ведаюць адзін аднаго як аблупленых) гавораць пра 120–125 галасоў. Вяскоўцы адкрыта распавядаюць, што палова Сітна галасавала супраць Лукашэнкі — і што іх галасы кудысьці зьніклі. Таму пасьля «выбараў» многія пачалі насіць значкі «За свабоду». Трое сіценцаў выпісалі на чэрвень «Народную Волю», яшчэ двое далучыліся да іх у ліпені. Незалежную прэсу чытаюць усёй брыгадай. У вёсцы зьявіліся суполка ТБМ і два маладафронтаўцы. Рабочыя, якіх раней начальства прымушала працаваць у выходныя (уключна зь нядзелямі й сьвятамі),
ужо ў красавіку пісьмова ў поўным складзе адмовіліся выходзіць на працу нават у суботу.
Жывучы жыцьцём звычайнага рабацягі, шмат чаму вучысься. За без малога год мне ўдалося папрацаваць тут штабэлёўшчыкам (перакладаньне штабэляў дрэва ўручную), грузчыкам (пагрузка дроваў ды дошак), рознарабочым (уборка сьмецьця, чыстка мэханізмаў, падсыпка трасаў), сукарубам (абсяканьне ды ўладкаваньне ў волак сукоў на лесапавале), стропальшчыкам (чапляньне ды страхоўка грузаў пад кранам). Заробак — ад 40 да 100 даляраў у эквіваленце, мінус харчаваньне ў сталоўцы, пражываньне ў інтэрнаце, падаткі, прафсаюзныя складкі — і, як той казаў, ні ў чым сабе не адмаўляйце.
Жытло — пакой у вясковым інтэрнаце, які дзеліш звычайна яшчэ з двума «хімікамі». Выгоды, натуральна, на вуліцы, мыесься ўлетку на рэчцы, узімку трэба дамаўляцца з суседзямі на лазьню. Тазік, вядро, электраплітка — вось і ўвесь быт.
Пад’ём пасьля 6-й ранку, у 7.30 — выезд на працу на чыгуначную станцыю Алешча ў 5 кілямэтрах ад вёскі, працоўны дзень з 8-мі да 17-ці. Вольнага часу (некалькіх гадзінаў да адбою) ледзьве хапае на працу над кнігамі, адпісваньне лістоў, малітву ды Біблію. Рыхтую да друку зборнік апавяданьняў ды артыкулаў, перавыданьне па-расейску «Нацыянальнае ідэі», нататкі ў «Нашу Ніву», распрацоўваю дакумэнты для Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. На волі мяне прэзэнтуе пэрсанальны сайт, падараваны на дзень народзінаў маладафронтаўцамі, — www. seviarynets. net, таму падбіраю тэксты і для інтэрнэту. Колькасьць лістоў, на кожны зь якіх пастанавіў адказваць, на 25 чэрвеня складала 397. 43% пішуць зь Менску, 17% — зь Віцебшчыны, 25% — зь іншых рэгіёнаў, 15% — з замежжа (14 краінаў, у асноўным прадстаўнікі дыяспары). 42% адрасатаў — мужчыны 30–55 гадоў, 16% — мужчыны, старэйшыя за 55, 15% — дзяўчаты да 30-ці, 12% — жанчыны пэнсійнага ўзросту. Хто сказаў, што ў беларусаў няма салідарнасьці? За 11 месяцаў у Малым Сітне пабывала 238 наведнікаў. Часьцей за ўсё прыяжджалі хрысьціяне, маладафронтаўцы ды журналісты. На дэлегацыю БАЖ у Алешчы зьбеглася глядзець уся брыгада: рабочыя яшчэ доўга прыгадвалі добрым словам Аляксандра Старыкевіча, які прывёз цэлы стос незалежных газэтаў, і Тацяну Мельнічук з дыктафонам (пры сварках з начальствам дагэтуль раз-пораз згадваюць: «Вось пачакайце, зараз Паша галоўнай беларускай журналістцы пазвоніць!»).
Сіценцы ўвогуле людзі цікаўныя. Недзяржаўную прэсу, якую мне прывозяць наведнікі ці дасылаюць бацькі, разьмятаюць імгненна. Праўда, заўважаецца характэрная акалічнасьць: «цэнтральныя» выданьні толькі праглядаюць, а вось нешта бліжэйшае, як, прыкладам, полацкую газэту незалежнага прафсаюзу «Стекляшка», перадаюць з рук у рукі й зачытваюць да дзірак. Не сумняюся: сіценскую газэту ў дэмакратычнай Беларусі насельніцтва акругі будзе чытаць ад «а» да «я». У паштовым аддзяленьні Малога Сітна, якое абслугоўвае ўсё навакольле (каля 500 чалавек), выпісваюць усяго газэтаў 20, у асноўным «СБ», «раёнку» ды колькі «садоў-гародаў» з «крыжаванкамі». Тым часам колькасьць незалежнай прэсы, якая распаўсюджваецца ў Сітне штотыдня праз пошту й ходзіць па руках (асобнікаў 25–30 зь дзясятка найменьняў), параўнальная. Такім чынам, калі паставіць сабе за мэту, нават без падпісных каталёгаў можна выйграць інфармацыйную бітву ў рэжыму «зьнізу», маючы пэўныя грошы й аднаго-двух актывістаў у кожным сельсавеце ці гарадзкім квартале.
Пасьля «выбараў» вяскоўцы рэгулярна цікавяцца лёсам Мілінкевіча ды Казуліна й раз-пораз запытваюць мяне, калі ўжо зьявіцца беларуская спадарожнікавая тэлевізія (у Сітне на 8 хатах стаяць «талеркі»). Некалькі тыдняў галоўнай палітычнай тэмай была маладафронтаўская галадоўка. Тыя, хто раней казаў: «Вы ўсё за грошы робіце!» — былі проста ўражаныя ахвярнасьцю моладзі ды змоўклі; тыя, хто падтрымлівае Мілінкевіча, хорам спачувалі й перажывалі.
Галоўнае пытаньне, якое зараз задаюць у Малым Сітне: «Колькі яшчэ?»
Да прэзыдэнцкай кампаніі такое пытаньне з пытаньняў гучала цалкам рытарычна й суправаджалася безнадзейным уздыхам: «Ну колькі ж яшчэ…»
Пасьля сакавіцкіх падзеяў пытаньне пачалі задаваць нават часьцей. Але цяпер пытаюцца патрабавальна, чакаючы канкрэтнага адказу. Маўляў, гэй, хлопцы, калі там ужо?... Колькі яшчэ апазыцыя будзе наступаць на адныя й тыя ж граблі? Колькі яшчэ чакаць ясных і зразумелых дзеяньняў? Каманды кожнаму? Вырашальнага закліку? У рэшце рэшт, перамогі?
Зыходзячы з простага сіценскага пытаньня, можна сфармуляваць і ўсю стратэгію дзейнасьці дэмакратычнага руху. Колькі яшчэ грамадзянаў Беларусі прынялі ўдзел у акцыях салідарнасьці? (Увогуле, хто-небудзь лічыў?..) Колькі яшчэ беларусаў пачалі размаўляць па-беларуску й запісаліся ў ТБМ? Колькі вернікаў далучыліся да Нацыянальнага посту й малітвы за Беларусь? Колькі чытачоў пачалі выпісваць незалежную прэсу? Колькі новых сябраў уступілі ў структуры дэмакратычнага руху?.. Калі мы зможам адказваць на кожнае з гэтых пытаньняў у кожным горадзе, раёне, мястэчку штодня, штотыдня, штомесяца — тады й здолеем з дакладнасьцю да дня адказаць на пытаньне N 1: КОЛЬКІ ЯШЧЭ.
Сядзіш у Малым Сітне, чытаеш пра трохмесяцовыя дыскусіі: ці трэба назва «За свабоду», ці рух гэта мусіць быць, ці кампанія, ці праводзіць наноў Кангрэс «За свабоду»… — і такімі дробязямі здаецца гэта адсюль, здалёк!
Калі вельмі прагнеш свабоды, для сварак, пыхі, дзяльбы не застаецца месца. За год «абмежаваньня волі» самая дакладная, ёмістая й надзённая фармулёўка сучаснага становішча трапілася мне на саколках маладафронтаўскіх галадоўцаў: «Дзе Дух Гасподні — там СВАБОДА!» (II да Карынцянаў 3:17).

Павал Севярынец у сваім цяперашнім «кабінэце» піша ў тым ліку для «Абажура»
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Беларускай Асацыяцыі Журналістаў
|