БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

Часопіс АБАЖУР на старонках  КАМУНІКАТУ

 
 АБАЖУР №№ 52-53

АБАЖУР №№ 52-53Дарога лягчэй, калі побач надзейныя спадарожнікі…

АКТУАЛІІ

Генадзь СУДНІК

У Маніфэсьце, прынятым на нашым апошнім (пастукаем па дрэве) зьезьдзе, зазначана, што журналістыка — прафэсія сумленных і адказных. Тэма гэтая не аднойчы ўздымалася і працягвае абмяркоўвацца на сэмінарах і канфэрэнцыях, у брашурах і кніжках, у кулюарах бажаўскіх імпрэзаў. Але, як пра гэта сьведчыць стан грамадзтва і, адпаведна, журналістыкі, з часоў абвешчаньня сувэрэнітэту дзяржавы адказнасьці і сумленьня не пабольшала — ані ў грамадзтве, ані ў журналістыцы. І гэта пры тым, што ад тых часоў у краіне пасьпела нарадзіцца, вырасьці і ўступіць у самастойнае жыцьцё цэлае пакаленьне. Як, дарэчы, і зьехаць з краіны…

Тыя з маладых, хто застаўся (за выключэньнем пары дзясяткаў юнакоў і дзяўчатаў, чые прозьвішчы ва ўсіх на слыху), не прасякнуліся і не кіруюцца ў сваім жыцьці ніякімі сьветлымі ідэямі нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэньня краіны і яе грамадзтва.

Прычынаў і апраўданьняў гэтаму адшукаць можна шмат: будзе справядліва спаслацца на сучасную дзяржаўную сыстэму; шмат што магчыма сказаць пра апазыцыю і ейныя памылкі; не варта абмінаць і беларускую гісторыю з геаграфіяй. Адсюль рукой падаць да мэнтальнасьці… А ўсё разам гэта сканцэнтравана ў выглядзе нашай сёньняшняй улады, якая ўсё мацнее і мацнее. Ёй, безумоўна, шанцуе. Яна навучылася апярэджваць праціўнікаў — і тутэйшых, і замежных. На гэта ў разгубленасьці паглядае Эўропа, у захапленьні — Вэнэсуэла, з зайздрасьцю — Расея. І, карыстаючыся тым, што дэмакратычны сьвет лічыць Расею (абсалютна беспадстаўна!) ратаўніком Беларусі і ейным першым спадарожнікам на шляху да цывілізацыі, усходняя суседка ахвотна шмат чаго пераймае з паводзінаў беларускай адміністрацыі, тым самым яшчэ больш мацуючы ўладу і забіраючы ў Беларусі ці не апошнюю надзею на выздараўленьне.

І аднак жа, зазначым (паводле нашай мэнтальнай звычкі), што ня ўсё безнадзейна. Тым больш, што на гэткія высновы настройваюць і сёлетнія вясновыя падзеі. Іншым разам нават здавалася, што яшчэ крыху — і перамога! Але ж нечага ўсё ж не хапіла. Чаго ж? Тых самых сумленьня і адказнасьці. Іх жахліва бракуе як усяму грамадзтву, так і пэўным вельмі важкім складнікам, якія вызначаюць існасьць і пэрспэктыву, сутнасьць і напрамак, зьмест і нават самы сэнс жыцьця краіны і яе насельніцтва.

Пагаворым пра наш складнік — журналістыку. На тым баку, дзяржаўным, яна, журналістыка, перастала такой быць увогуле — гэта ідэалягічны сродак, прапагандысцкі мэханізм, а апошнім часам — яшчэ й інфармацыйны інструмэнт спэцслужбаў. На нашым, дзе журналістыка захоўваецца як «чыстая» прафэсія, гэта канал (які ўсё больш перасыхае, аднак пакуль што жывы!) фармуляваньня і перадачы грамадзтву інфармацыйнага сыгналу аб тым, што вартае ўвагі.

Відавочна, што на тым баку ніякія этычныя праблемы не існуюць. Бо там усё вызначае адзін вядомы нам чалавек, які ці ня першае, што зрабіў, калі прыйшоў да ўлады, — адсунуў грамадзтва ад друку і ад радыё з тэлебачаньнем. Ён учэпіста і ўважліва (іншым разам падаецца, што без дапамогі адпаведных службаў, а сапраўды непасрэдна сам) глядзіць-слухае-чытае тое, пра што сам жа і загадаў, каб было надрукавана, агучана, зьнята-паказана (і ня сумна ж яму!). Журналістам сыстэмы застаецца толькі дэманстраваць стараньне, спрыт, імпэт. Што яны, нашы калегі (а апошнім часам сярод іх усё часьцей сустракаюцца і нашыя нядаўнія паплечнікі па вольнай прэсе), і робяць. Ні пра іх талент, ні пра творчыя адкрыцьці гаварыць не даводзіцца — іх няма і, зразумела, быць ня можа.

У пераважнай большасьці тут ёсьць шэрая, руцінная, нецікавая праца, дзе цешыць адзінае — яе высокая аплата. Ёсьць спэкуляваньне і жангліраваньне пэўнымі прафэсійнымі формамі. Ёсьць улюбёны прыём — замоўчваньне таго, што сапраўды адбываецца навокал. У сталіцы, дарэчы, дзяржаўныя журналісты актыўна выкрываюць ворагаў рэжыму з прэзыдэнцкіх тэлеэкранаў і з бачынаў прэзыдэнцкага друку. У рэгіёнах жа прэса і эфір непараўнальна больш ціхія і сьціплыя. Гэта мэтад такі ў іх — нічога ня ведаць, нічога ня чуць, ні пра што не хвалявацца і, адпаведна, ні пра што недазволенае не паведамляць. Загаварыце зь імі, дык яны хорам загалосяць — якая цэнзура, няма яе ў нас! І праўда — няма, бо ўжо непатрэбная. Яны самі лепш за цэнзуру ведаюць, што іх чытачам-гледачам-слухачам цікава, а што — не, што ім трэба ведаць, а што неабавязкова.

Як ні называй газэту ці тэлебачаньне — прэзыдэнцкімі, выканкамаўскімі, галіновымі, рэдакцыйна-калектывісцкімі, нават і прыватнымі — уся журналістыка насамрэч грамадзкая. Бо за кошт грамадзтва жыве, на грамадзтва працуе. Грамадзтва ж самое і разьбярэцца, як быць з тым ці іншым фактам. Аднак, калі ты журналіст, дазнайся пра яго і паведамі! Нават калі сам (з уласных палітычных, грамадзянскіх ці іншых меркаваньняў) і не вітаеш той падзеі, таго здарэньня, таго мерапрыемства. Тым больш — паведамі, бо ўтойваньне ад грамадзтва таго, што ёсьць, — найпершая яму здрада і найпершая здрада самой сутнасьці журналісцкай прафэсіі. А гэтая сутнасць — зусім ня ў тым, каб умець правільна расстаўляць на паперы словы, спрытна карыстацца Microsoft Word альбо націскаць на гашэтку сучаснай відэакамэры, якая ледзь не выдае гатовы сюжэт яшчэ да таго, як апэратар навёў яе на аб’ект. Грамадзтва, як можна меркаваць па нефармальнай і незарэгістраванай малой прэсе, што ізноў пачала адраджацца ў рэгіёнах высілкамі ня надта пісьменных у журналісцкім рамястве людзей, даруе прафэсійныя недарэчнасьці, калі зьмест выданьня сапраўды актуальны.

Ты, калега мой дзяржаўны, паведамі пра тое, што ў Магілёўскую папраўчую ўстанову прыбыў асуджаны «на хімію» за патрыятычныя графіці Артур Фінькевіч і што яго штовечар наведваюць мясцовыя паплечнікі і грамадзкія актывісты. Наведваюць, каб падтрымаць юнака, які на два з паловай гады адарваны ад дому, сям’і, сяброў за тое, што ня любіць цяперашніх беларускіх парадкаў. Ты можаш пры гэтым дадаць, што сам любіш гэтыя парадкі і нават ганарысься імі, але пра існаваньне Артура Фінькевіча — тым больш, што палітычны вязень у Магілёве ўтрымліваецца ўпершыню за ўсе гады найноўшай гісторыі, — паведамі! Ты можаш непрыхільна паставіцца да настырнасьці пярвічнай магілёўскай арганізацыі Вольнага прафсаюзу, якая больш за год безвынікова дамагаецца дазволу на рэгістрацыю, і спачувальна падтрымаць прынцыповасьць гарвыканкаму, які ў гэтым ёй упарта адмаўляе, але — паведамі! Ты можаш таксама, як Круглянскі выканкам і райсавет, не любіць актыўную мясцовую дэпутатку Зінаіду Мілешчанка, якой ужо некалькі гадоў перашкаджаюць уладкавацца на працу, але паведамі пра гэта! Ты можаш не падзяляць мэтаў магілёўскай моладзевай інфармацыйна-віншавальнай акцыі, якая адбылася 27 ліпеня, у чарговую гадавіну з Дня прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, і якая скончылася затрыманьнем некалькіх актывістаў, але паведамі аб ёй!.. Вось тады, калега, і пагаворым пра журналістыку.

На жаль, сумленнай, шчырай і праўдзівай наша журналістыка была ў найноўшай гісторыі зусім кароткі час. І трэба сказаць, што шмат у чым тут сваю адмоўную ролю адыгралі модныя тэорыі, якія былі ў навінку для маладой незалежнай прэсы, — «бізнэс-пляны», «арыентацыя на акрэсьленыя групы чытачоў», «адмаўленьне ад публіцыстыкі на карысьць факталёгіі»… Яно і праўда, такой павінна быць журналістыка ў краінах дэмакратычных (дзе няма дзяржаўных СМІ), у дзяржавах з рынкавай эканомікай (дзе канкурэнцыя пабудаваная на пэўных правілах, абавязковых для ўсіх), у разьвітых грамадзтвах (дзе ўмеюць адрозьніваць журналістыку ад прапаганды і камэрцыі). Калі ж гэтага няма, то не ўдаецца беспакарана для прафэсійнай і грамадзкай маралі пераскочыць праз час, не чакаючы вынікаў настойлівага і ўпартага выхаваньня насельніцтва. Трэба, каб спачатку людзі з дапамогаю СМІ зразумелі сваю ролю і сваю адказнасьць за стан рэчаў у краіне. Ранавата, здаецца, пабегла наша незалежная журналістыка ў напрамку «высокай прафэсійнай цывілізаванасьці», не давёўшы да канца чарнавую працу па загартоўцы грамадзтва ад ілжы і прапаганды, ад нявер’я ў сілу і правільнасьць згуртаваньня на нацыянальна-патрыятычных прынцыпах. Ранавата засаромелася ад самапапрокаў у так званай палітычнай заангажаванасьці. Улада ж тым і скарысталася, бесцырымонна і брутальна зруйнаваўшы асобныя выспы вольнай журналістыкі. Некаторыя выданьні імкнуліся выжыць коштам (неацэненым, дарэчы, уладай) саступак у мове, зьмесьце і напрамку сваіх публікацыяў. У выніку гэтыя газэты зрабіліся практычна неадрознымі ад дзяржаўных. Мо таму грамадзтва і не заступілася за іх, калі ўлада распачала кампанію па перасьледу рэдакцыяў і журналістаў. Мо таму без імпэту абараняў іх беларускі палітычны бамонд, бо ня бачыў у незалежнай рэгіянальнай прэсе паплечнікаў у дасягненьні агульных мэтаў. Мо таму заходнія сябры і спонсары абмежаваліся выказваньнем «занепакоенасьці», бо з такой нашай журналістыкай, відаць, страцілі веру ў хуткія перамены ў Беларусі. Ну, а тыя з журналістаў, пазбаўленых працы ў вольнай прэсе, хто вярнуўся ў дзяржаўныя газэты, на тэлебачаньне і радыё, схавалі свае прафэсійныя навыкі. Здаецца, кола замкнулася…

Але ж заўсёды можна выправіць сытуацыю, калі распачаць зноў казаць праўду. Пра гэта БАЖаўскі зьезд і нагадаў усім калегам, не падзяляючы іх паводле месцаў працы і палітычных сымпатыяў. Пра тое, што журналістыкі без сумленьня і адказнасьці не бывае. Пра тое, што не бывае краіны без незалежнасьці. Што не бывае грамадзтва без нацыянальнага Адраджэньня… І што журналістыка абавязаная па факце самога свайго існаваньня служыць такой краіне і такому грамадзтву. Нават калі іх яшчэ і няма ў клясычным выглядзе. Яна абавязаная і апярэджваць рэальны час, і ламаць распаўсюджаныя ў канкрэтны момант стэрэатыпы грамадзкай сьвядомасьці. Бяз гэтага час ніколі ня зьменіцца на лепшы, і сьвядомасьць грамадзтва ня зрушыцца ў патрыятычным напрамку. Як толькі дазволяць момант і сытуацыя, трэба абавязкова працягваць сваю прафэсійную справу. Кіруючыся менавіта сумленьнем і адказнасьцю — нашымі адзінымі вартымі даверу дарадцамі.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

АБАЖУР - часопіс Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster