БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

Часопіс АБАЖУР на старонках  КАМУНІКАТУ

 
 АБАЖУР №№ 52-53

АБАЖУР №№ 52-53Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пеюна

НЯЗГУБНАЕ

Уладзімір ДАВЫДОЎСКІ

Неяк на пачатку года я натрапіў на старую папку часін радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Убачыў пажоўклыя аркушы радыёэсэ «Асуджаны на зімовую сцюжу» і інтэрв’ю з пісьменнікам, паэтам і музыкантам Сяргеем Новікам-Пеюном. Гэтая споведзь існуе цяпер толькі ў адным экземпляры — зусім нядаўна, на сумежжы вякоў, апантана знішчаліся надзвычай каштоўныя і ўнікальныя архіўныя матэрыялы Дзяржтэлерадыё, па сутнасці, летапіс ХХ стагоддзя. Летась напрыканцы жніўня адзначаўся 100-гадовы юбілей Новіка-Пеюна. І, магчыма, усё сказанае ім тады, падчас аднаго з апошніх інтэрв’ю, павінна было прагучаць менавіта зараз — як зварот да нашчадкаў, як яго пасмяротны запавет…

Але, хоць знішчаны голас, — засталася, на шчасце, прынамсі раздрукоўка сказанага.

Калі я ішоў на сустрэчу з Сяргеем Новікам-Пеюном, то чакаў убачыць зморанага пакутлівым лёсам старога. Але дзверы мне адчыніў надзвычай ветлівы чалавек з не па-старэчаму жывымі вачыма. І хаця перасоўваўся ён пры дапамозе мыліц, імкнуўся ніякім чынам не паказаць сваёй бездапаможнасці. Толькі вось шкадаваў, што праз хваробу не здольны працаваць на поўную сілу.

Пачалася гаворка. І першае, што ўразіла, — ягоны позірк, захопленасць, нават аптымізм надта ўжо кантраставалі з жорсткай рэчаіснасцю і ягонай нялёгкай доляй. Цяжка было ўявіць, што гэты чалавек 20 гадоў правёў у лагерах і ссылках.

— Вы напісалі шмат паэтычных і празаічных твораў, але сапраўдную славу вам прынесла песня «Зорачкі»…

— Гэта мая першая песня. «Зорачкі» я напісаў 28 сакавіка 1929 года. Цікавая гісторыя яе стварэння. Былі ў ссылцы паляк Фелікс Балінскі і ўкраінка Галя Парыдкіўна. Мы сябравалі. Галя закаханая была ў Фэльку. Яна на піяніна грала, а я — на скрыпцы. Я скрыпач і мандалініст, але цяпер не магу граць, бо мне папсавалі ў лагеры смерці пальцы. Таму ствараю толькі ў памяці і запісваю на магнітафон. І вось аднойчы мы ідзем з Фэлькам, а Галя выскоквае нібыта неспадзявана:

— Пойдзем разам.

— Не, — кажу, — там, дзе двое, трэці лішні.

— А што будзеце рабіць?

— Можа, напішу ліст да бацькоў.

— А можа, верш?

— Можа, і верш.

Прыйшоў дадому, стварыў і музыку, і тэкст.

Потым песня «Зорачкі» друкавалася ў беларускай «Крыніцы», «Зорцы», «Сцягу і паходнях», «Беларусі». Шырма апублікаваў яе як песню выгнаннікаў. Ён ведаў, што я на Калыме…

— Відаць, з гэтае прычыны песня і была пазначана як народная. Зрэшты, такой яна стала пазней. Цяпер «Зорачкі» спяваюць не толькі на беларускай мове…

— На ўкраінскай, рускай, польскай, таджыкскай, татарскай і на мове эсперанта.

— Я нават чуў, што ўкраінцы ніяк не хочуць прызнаць, што песня была напісана беларусам.

— А Данчык паказаў ім кніжачку маю, якая адкрываецца «Зорачкамі». Тады заткнуў іх… «Зорка» друкавала — толькі тады без «Новік», проста «Пяюн». Гэта мой псеўданім. А чаму пішу цяпер Новік-Пяюн? Гэта мне Янка Купала параіў…

Я сядзеў у кабінеце інспектара райана. Нехта пастукаў. Зайшоў. У чорным паліто, у шэрым капелюшы, з блакітным гальштукам. Здымае галошы.

— Добры дзень.

— Добры дзень, — я аслупянеў.

— Я — Янка Купала.

Па фатаграфіі ведаю, а вось так… Божа мой!

— Тут некалі жыў, — кажа, — мой сябар Гальяш Леўчык. Ці жывы? Калі жывы, дык дайце адрас.

— Жывы дзядзька Гальяш.

Зірнуў на стол.

— О, вершы! А вы хто?

— Сяргей Новік.

Прачытаў мой верш «Мая песня».

— Як вы сказалі?

— Сяргей Новік.

— А тут напісалі — Пяюн.

— Гэта мой псеўданім. Дваццаць гадоў пісаў пад гэтым псеўданімам.

— Ну, а цяпер можаш пісаць пад сваім прозвішчам.

Я гавару:

— Мяне ўжо дваццаць гадоў ведаюць як Пеюна…

— Тады пішы праз злучок: Новік-Пяюн.

— А цяпер, — кажу, — пойдзем да Гальяша.

— Не пойдзем, а паедзем. Бачыш, якая машына ў мяне!

Пад’ехалі мы да доміка. Гэта будачка была, як чыгуначная. Выходзіць дзядзька Гальяш. Я да яго:

— Прымай госця. Народны паэт Беларусі — Янка Купала!

— Ой, — кажа Купала, — які ж ты, Гальяш, бландзін зрабіўся, — і пагладзіў шавялюру.

— У Савецкім Саюзе не сівеюць! — усміхнуўся дзядзька.

— Ну як жывеш, Гальяш?

— Бульба ёсць, запалка ёсць — вось так і жыву. Ну а ты?

— Вось як прыедзеш да мяне ў госці, тады пабачыш. Выбачай, я спецыяльна ехаў з Беластока, каб цябе пабачыць. А сёння ўвечары мушу быць яшчэ на мітынгу ў Мінску.

Сваю фатаграфію я падпісаў Янку Купалу.

— А я табе сваю дам тады, калі прыедзеш да мяне ў госці. І прышлю запрашэнне на з’езд пісьменнікаў.

У маім блакноце Янка Купала напісаў: «Міламу Сяргею Пеюну падчас сустрэчы ў Слоніме, 14 лістапада 1930 года». Потым ён прыслаў мне пісьмо, але яго забраў той самы чалавек, які потым прадаў мяне пры немцах… І сам паехаў па маім запрашэнні.

— Вы сядзелі ў польскім астрозе, у высылцы былі… За што?

— Я на самай мяжы арганізаваў хор, тэатр, гурток Таварыства беларускай школы, аркестр, ансамбль танца. Перадусім нам забаранялі называцца беларусамі, а называлі тутэйшымі.

— А чаму забаранялі?

— Ну, няма беларусаў, няма такога народа… Як трэба было пашпарт атрымаць, дык у анкеце напісаў: нацыянальнасць — беларус, родная мова — беларуская. Тады мяне выклікаюць: «Такі малады кавалер… Запішыся палякам — пашлюць у акадэмію». Я гавару: «Я сваёй нацыяй не гандлюю!» І ведаеце, што зрабілі? Ніякай нацыянальнасці не паставілі. Прочырк. Да 39-га года — ніхто. Я на ўсё жыццё запомніў прозвішча таго начальніка дзяржбяспекі — Тадэвуш Юрэнтзайц.

— У вас вельмі шмат твораў для дзяцей. Гэта вашы дзіцячыя ўспаміны ці ўжо нататкі паводле таго, што бачыце сёння?

— Я ўсё жыццё люблю дзяцей. Жывёл розных, птушак і дзяцей. Для мяне гэта — жыццё маё.

— Вось я трымаю ў руцэ вашу кніжку, якая выдадзена ў Вільні. Гэта п’еса «Ёлка Дзеда Мароза». Як тут пазначана, «калядны абразок у адной дзеі, які напісаў Малады Дзядок…»

— Гэта таксама мой псеўданім.

— А калі ён узнік і з якой прычыны?

— Тады, як быў у ссылцы, я мяняў імёны. Я і Алесь Бярозка, і іншыя… Каб ніхто не ведаў, я адсылаў свае творы не з горада, а адносіў на вакзал у цягнік. Нехта нават напісаў: «У Слоніме жывуць паэты Сяргей Пяюн, Малады Дзядок…» Слонім — гэта другая мая ссылка. Я там пяць гадоў адбыў… 31 ліпеня 1931 года прыехаў дадому. Паспаў толькі чатыры гадзіны, і мяне зноў забралі — бунтаўшчык прыехаў. І вось сядзеў я ў адзіночцы.

— У 1939 годзе, калі Заходнюю Беларусь прыядналі да савецкай, ці змянілася што-небудзь?

— 27 сакавіка 1939 года адчувалася нешта такое неспакойнае. Ноччу палякі забралі мяне ў баранавіцкую турму. А ўжо 14 верасня Баранавічы бамбілі. Цэнтральная турма была беларусамі перапоўнена. Дык нас трымалі ў бараках чыгуначных. Суседні барак разбамбілі, а ў нашым узрыўной хваляй вырвала акно з кратамі, і мы ўцяклі ў лес. Я быў паранены. Мяне падабрала ваенная санітарная машына. А як прывезлі ў Слонім: «Во, — кажуць, — наш Пяюн прыехаў!»… Мяне тады прызначылі інспектарам райана. Там працаваў год, а пасля, па просьбе Стаўроцкага Іосіфа Іосіфавіча, заснавальніка Слонімскага краязнаўчага музея, мяне назначылі дырэктарам.

— Напэўна, тады вам падалося, што жыццё ўсіх беларусаў палепшыцца?

— Напачатку і палякаў усе віталі… Ад савецкай улады чакалі нечага добрага, а пасля, як пачаліся арышты (за ноч па 10 тысяч), тады ўжо неспакойна на душы было. Ну а потым, як немцы прыйшлі, трэба было з’явіцца на рэгістрацыю…

Тым часам мы разам са Стаўроцкім ратавалі музейныя экспанаты. У падвале зрабілі фальшывую сценку і там хавалі іх. Там у нас быў склад паперы і медыкаментаў для партызан.

25 лістапада 1943 года мяне арыштавалі. Я захварэў на сыпны тыфус. Так загадалі вылечыць. Як толькі змог хадзіць, забралі ў турму і ў лагер смерці адправілі. Асуджаны на кару смерці, седзячы ў адзіночнай камеры, я стварыў «Белы снег»…

— 4 ліпеня 1944 года нас гналі ад Баранавіч на Слонім. На дзевятым кіламетры слонімскай шашы нам загадалі: «Па пяць чалавек пад рукі!» І мы бачым, што ў канвоі на аднаго немца прыпадае двое рускіх (чырвонаармейцы, якія пайшлі да Уласава, ваенныя злачынцы). Яны папярэдзілі партызан, што будуць весці вялікую групу — шэсцьсот чалавек. Тут немцы шнапціць гарэлку пачалі.

Адзін з арыштантаў кажа: «Во паразіты, здзекуюцца з нашага народа, — і крыкнуў: — Партызаны!» А партызаны ўжо засаду зрабілі. І ўсе ўласаўцы перабеглі да іх і давай біць немцаў. Тады я скамандаваў: «Хлопцы, альбо цяпер, альбо ніколі! Родны айцец не выдасць!» Усе пабеглі, а я стаю. Насупраць, метрах у пяцідзесяці, стары немец трасецца. Ён адгарнуўся, а я — у кювет. Мне трапіла касацельнай. Немцы пачалі крычаць: «Ляжысь! Ляжысь!» Хто лёг, таго прыстрэлілі, а я не варушыўся — прыкінуўся мерцвяком…

…10 ліпеня прыйшлі савецкія войскі. Я разам з партызанамі рушыў у горад Слонім. Адразу пачалі аднаўляць разбураны музей, бібліятэку. А 14 снежня мяне без ордэра малодшы лейтэнант Колаў арыштаваў і павёў…

— 20 мая 1945 года нас ужо везлі на Калыму. З нямецкага лагера ў савецкі. Мяне не судзілі, вечную ссылку аб’явілі ўжо там. Спачатку быў на лесапавале. Пасля мы ў шахце золата дабывалі, а потым у ноч забралі на берлаг — берагавы лагер Аляксіты. Мой нумар быў 17393 — на шапцы і на спіне. Прабыў я там да канца 1953 года. Потым перавялі працаваць у бальніцу ў Магаданскай вобласці… Потым частку нашую кінулі ў сусветны полюс холаду, дзе маразы па семдзесят градусаў. Затым перавялі да Амікона. І нарэшце — амністыя! Мне далі «супрацоўніцтва з немцамі». «Як? — кажу. — Я сядзеў у лагеры смерці. Я не супрацоўнічаў!» Усе пачалі ад’язджаць, а я — не: «Пакуль мяне не рэабілітуюць — нікуды не паеду!»

Нарэшце мяне рэабілітавалі. Поўнасцю! Надавалі грамат ганаровых і на курорт паслалі.

— Калі пасля ссылак, лагераў, Калымы вы вярнуліся на радзіму, як да вас ставіліся людзі?

— Добра. Яны памяталі, якім я быў. Такім я і застаўся. Турма псуе слабых. А ў мяне сіла волі вялікая. Я верыў у збаўленне.

— А ці не было азлаблення супраць людзей?

— Я вам шчыра скажу — дагэтуль не ведаю, за што я там сядзеў. А калі быў трыбунал, хто быў на судзе? Той самы здраднік са сваёй каханкай, гестапавец, што загнаў нас у камеру, і следчы, якога потым арыштавалі, бо адпускаў усё за золата. І ён павесіўся ў камеры… Я азлаблення ні да каго не адчуваў, бо мяне згубіў адзін толькі чалавек. І пры немцах, і пасля. Цяпер ён ходзіць з ордэнам Айчыннай вайны, заслужаны пенсіянер.

— Ці часта вы вяртаецеся ў думках да мінулага?

— Ведаеце, я аптыміст. Я паміраў ад голаду, пад бамбёжкай, ад хваробы. Вытрымаў! Мне заўсёды радасна, і я ніколі не падаю духам. Я ніколі нікому не помсціў, нават ворагам. І тыя самыя, якія мне шкоду рабілі, да мяне пасля звярталіся па дапамогу.

Неяк быў у мяне Данчык. «Божа мой! — кажа. — І пасля ўсяго перажытага вы ўсміхаецеся?!» А я гавару: «Ведаеш, у мяне невылечная хвароба — каханне да бацькаўшчыны Беларусі».


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

АБАЖУР - часопіс Беларускай Асацыяцыі Журналістаў

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster