|
АРХЕАЛОГІЯ
Класіфiкацыя познясярэднявечных шпор
Вялiкага Княства Літоўскага другой паловы 14 - 16 ст.
Юры Бохан
(Менск)
Сярод прыстасаванняў для кіравання канём, шпоры ("астрогі") з'яўляліся
адзіным элементам, які ўваходзіў непасрэдна ў экіпіроўку вершніка. Разам з тым,
форма і канструкцыя шпор былі цесна звязаны і з рыштункам каня, асабліва з
даўжынёй путлішчаў і тыпам сядла (кожны тып вымагаў іншай пасадкі вершніка).
Шпоры з Вялікага Княства другой паловы
14-16 ст. можна падзяліць на некалькі груп, зыходзячы з формы дужак і шыпа. Аднак
патрэбна зазначыць, што ў шэрагу выпадкаў класіфікацыя паводле гэтых крытэрыяў
выглядае даволі ўмоўнай па прычыне наяўнасці пераходных варыянтаў.
Як сведчаць археалагічныя матэрыялы, шпоры самага ранняга тыпу, што
ўжываліся на працягу разглядаемага
перыяду (група І), сустракаліся ўжо ў
13 ст. Яны мелі дужку з плаўным альбо
каленчатым выгінам. Канцы дужкі забяспечваліся зачэпамі ў
выглядзе адзінарных ці двайных петляў простакутнай альбо круглай формы. Шпора прышпільвалася да нагі з
дапамогай двух рамянёў, пры гэтым адзін рамень праходзіў пад ступнёй, а другі паверх
яе. На пятачнай частцы дужкі маецца пашырэнне, часам у выглядзе язычка. Яно
прадухіляла коўзанне шпоры па пяце. Шып, які служыў непасрэдна для прышпорвання
каня, скіраваны ўніз. Ён мае кароткую шыйку і вілку - раздвоены канец, які
ўтрымліваў зоркападобнае колка. У цэлым шпоры гэтай групы адпавядаюць тыпу V паводле класіфікацыі А.М.Кірпічнікава.
У 14-15 стст. гэтыя шпоры падвергліся пэўнай трансфармацыі. Яна праявілася
найперш у павелічэнні даўжыні шыпа, а ў шэрагу выпадкаў і ў яго плаўным
выгінанні ўверх. Найбольш тыповымі ўзорамі позніх шпор групы І з'яўляюцца
экзэмпляры, знойдзеныя ў Гародні (Мал.1:1-2), на тэрыторыі былога
Пераяслаўскага павета Уладзімірскай губерні (Мал.1:3), у могільніку Круміняй у
Літве (Мал.1:7) і ў могільніку ля в. Вензаўшчына Шчучынскага раёна (Мал.1:8). Разам з тым, аб магчымасці пазнейшага ўжывання шпор з кароткім шыпам сведчаць знаходкі ў
Заслаўі. Тут у слаях 15-16 стст. былі знойдзены шпоры, даўжыня шыпа якіх
складала 2,7 - 3,3 см (Мал.1:4-6). Увогуле ж, як можна меркаваць, шпоры групы І
выкарыстоўваліся ў Вялікім Княстве Літоўскім найбольш інтэнсіўна да 15 ст., што
супадае з іх датаваннем на тэрыторыі суседняй Польшчы[6].
У 15 ст. у Еўропе распаўсюдзіўся спецыфічны тып шпор, сфармаваны на базе
ўзораў першай групы, які характарызуецца вельмі доўгім шыпам і зорачкай з нешматлікімі
спічастымі промнямі. Лічыцца, што на кшталтаванне падобных экзэмпляраў аказала
ўплыў адмысловая рыцарская пасадка ў сядле на выпрастаных нагах, якая абмяжоўвала
згінанне ног у каленах (каб не губляць стрэмя). Аднак, улічваючы, што такая пасадка была распаўсюджана
ў Еўропе яшчэ да 15 ст., можна выказаць меркаванне, што на павелічэнне даўжыні
шыпоў паўплывала і гатычная мода з яе імкненнем да спічастых і выцягнутых форм.
У сувязі з гэтым вышэйзгаданыя шпоры (група ІІ) можна назваць, праўда, ўмоўна,
"гатычнымі". У класічных "гатычных" шпораў, якія былі
распаўсюджаны ў Польшчы з сярэдзіны 15 ст. (час найбольшага ўвасаблення
гатычных рысаў у вытворчасці ўзбраення), дужка не толькі мела пашырэнне ў
пятачнай частцы, але забяспечвалася шырокім месяцападобным напятачнікам[8]. Шып такіх шпор мог
быць скіраваны ўніз, мог размяшчацца гарызантальна і нават уздымацца
ўверх. Найбольш яскравым узорам шпор групы II з'яўляецца экзэмпляр 15 ст. са Шклова. Даўжыня ягонага шыпа, злёгку
ўзнятага ўверх, складала каля 9 см, дыяметр васьміпрамянёвай зорачкі - каля 5
см. Дужка з каленчатым выгінам ля канцоў забяспечвалася гарызантальна
размешчанымі падвойнымі петлямі, якія пераходзілі ў шырокі напятачнік і
ўтваралі з ім адну гарызантальную лінію
(Мал.2:3). Шыйка шыпа аформлена ў выглядзе
перакручанага стрыжня[9].
Шпора, канструкцыйна блізкая да шклоўскай, была знойдзена ў Менску[10]. Яна знаходзілася ў слаі з матэрыяламі 17 ст., аднак, хутчэй
за ўсё, была выраблена ў больш раннія часы. Дужка гэтай шпоры мае каленчаты
выгін у апошняй трэці даўжыні. Падвойныя петлі і шырокі напятачнік размяшчаюцца
гарызантальна, аднак не ўтвараюць адной лініі. Даўжыня шыпа складае 6,3 см. На
шыйцы шыпа, непадалёк ад месца яго злучэння з дужкай, маецца аздабленне ў
выглядзе вузкага падвоенага паяска (Мал.2:4). Шпора з надзвычай доўгім шыпам
(каля 15,2 см) і шасціпрамянёвай зорачкай выяўлена ў Наваградку (Мал.2:1). Фрагмент шпоры з шыпам даўжынёй каля 8 см і васміпрамянёвай
зорачкай знойдзены ў слаях 15-16 стст. у Крычаве (Мал.2:5).
Цікавы ўзор "гатычнай" шпоры знаходзіцца ў зборах Гарадзенскага
гісторыка-археалагічнага музея (інв. № 8904). Ён быў знойдзены ў маёнтку Бацікі
былога Бельскага павета Гарадзенскай губ. Шпора мае дужку без напятачніка і
нават без пашырэння ў пятачнай частцы, але
з каленчатым выгінам у апошняй трэці даўжыні. Па канцах дужкі зверху
размешчаны дзве пары раздзельных вушкападобных петляў. Доўгі, каля 9 см, шып
мае на шыйцы ўпрыгожанне ў выглядзе вузкага спіральнага жгута і злёгку
скіроўваецца ўніз (Мал.2:2). Не выключана, што гэтая шпора належыць да ранніх
варыянтаў "гатычных" шпор, у якіх яшчэ назіраліся рысы, характэрныя
для ўзораў групы І.
Яшчэ адной тэндэнцыяй у эвалюцыі познясярэднявечных шпор было выпростванне
іх дужак. Найбольш інтэнсіўна гэты працэс адбываўся ў 15-16 стст., калі распаўсюдзіліся
экзэмпляры з абсалютна простай у бакавой праекцыі дужкай[13]. Падобная дужка, у цэлым, значна карацейшая, чым ва
ўзорах папярэдніх груп, характэрна для шпораў групы ІІІ. Іх шып, найчасцей
змадэляваны ў выглядзе простага стрыжня чатырохвугольнага сячэння, размяшчаўся
ў адной плоскасці з дужкай альбо быў скіраваны пад нязначным вуглом уніз. Даўжыня
шыпоў вагаецца досыць значна: ад кароткіх, супаставімых па памерах з шыпамі
шпор групы І, да доўгіх.
У рамках трэцяй групы можна выдзеліць два варыянты. Для шпор варыянта А
ўласцівы вузкі ці звужаны ў накірунку зорачкі шып, тады як дужка можа быць
вузкай альбо шырокай (адносна шырыні шыпа). Экзэмпляр з шырокай дужкай і шыпам
даўжынёй каля 7,5 см знойдзены ў пахаванні канца 15-пачатку 16 ст. у могільніку ля в. Грэжэ Мажэйкскага раёна
Летувы[14]. Асаблівасцю гэтай шпоры з’яўляецца доўгі адагнуты
язычок у пятачнай частцы дужкі, нетыповы для шпор групы ІІІ (Мал.3:1). Фрагмент
шпоры варыянта А, з шырокай дужкай і звужаным шыпам даўжынёй 4,2 см выяўлены
разам з матэрыяламі 16 ст. у Заслаўі (Мал.3:4). Дзве шпоры гэтага ж варыянта былі выпадкова знойдзены ў
могільніку Бячай ля воз. Вяпрай у Летуве[16]. Адна з іх мае адносна шырокую дужку і звужаны да
шасціпрамянёвай зорачкі шып даўжынёй каля 5,8 см (Мал.3:2). На канцах дужкі
маюцца па тры акруглыя пятлі. Дзве з іх знаходзяцца ў верхняй частцы дужкі,
адна - ў ніжняй. Другая шпора забяспечана кароткім (3 см) шыпам з васьміпрамянёвай
зорачкай, вузкай дужкай і здвоенымі акруглымі петлямі на яе канцах, якія размешчаны гарызантальна (Мал.
3:3). У абодвух экзэмпляраў шып нязначна адагнуты ўніз. Шпора з простай вузкай
дужкай і гарызантальным шыпам даўжынёй каля 4 см, які завяршаецца
шасціпрамянёвай зорачкай, выяўлены таксама на гарадзішчы Пуня ў Летуве[17].
Да ўзораў групы ІІІ (А) набліжаецца шпора з Ліды, знойдзеная ў слаях
16-пачатку 17 ст. Разам з тым канец шыпа ў яе плаўна загінаецца ўніз і, што
галоўнае, не мае зорачкі, а завяршаецца толькі вастрыём. Апошняе наогул не
характэрна для шпор 14-16 стст. Не
выключана, што падобнае арыгінальнае завяршэнне шыпа, даўжыня якога складае 17
см, стала вынікам пераробкі пашкоджанага (напрыклад, абламанага) экзэмпляра.
Да варыянта В групы ІІІ адносяцца шпоры з шырокай
дужкай і роўным ёй па шырыні шыпам, змадэляваным у выглядзе больш ці меньш
доўгай паласы. Шпоры падобнага кшталту былі выяўлены ў Віцебску (Мал.3:6-7) і
Крычаве (Мал.3:5).
Для ўсіх іх характэрныя простакутныя двайныя петлі на канцах дужак і зорачкі ў
выглядзе зазубранага колка.
Экзэмпляры
трэцяй групы, асабліва варыянт В, канструкцыйна набліжаюцца да шпораў, якія
выкарыстоўваліся ў 16 ст. гусарамі.
У Рэчы Паспалітай гусарскія шпоры бытавалі да сярэдзіны 17 ст., пасля чаго былі
выцеснены шпорамі заходнееўрапейскага кшталту, набліжанымі да райтарскіх і
кірасірскіх, якія мелі кароткія выгнутыя шыйкі.
Апошнія, па ўсёй верагоднасці, фігуруюць у пісьмовых крыніцах Вялікага Княства
Літоўскага другой паловы 16 ст. як "астрогі нямецкія", побач з
"гусарскімі" і "казацкімі" шпорамі.
Яны прадстаўлены і археалагічнымі знаходкамі (група IV). Для шпор гэтай групы
апроч кароткага шыпа, плаўна ці каленчата выгнутага ўніз, характэрны простыя ці
слабавыгнутыя ў бакавой праекцыі дужкі, што набліжае іх да экзэмпляраў групы
ІІІ. У большасці выпадкаў шыпы шпор
чацвёртай групы маюць каля дужкі аздабленне ў выглядзе аднаго ці
некалькіх патаўшчэнняў альбо паяскоў. Найбольш характэрныя ўзоры такіх шпор
знойдзены ў Лідзе (Мал.4:1), Друцку (Мал.4:2), Крэве (Мал.4:4), Крычаве
(Мал.4:3) і Міры[23].
Шпоры групы
IV былі сканструяваны, верагодна, у 15 ст.
на базе шпор групы І. На цесную сувязь экзэмпляраў абодвух груп указвае
наяўнасць пераходных варыянтаў са значна выгнутымі дужкамі і з шыйкай, якая
мела каля дужкі характэрныя патаўшчэнні ці паяскі. Шып такіх шпор можа быць як просты, так і выгнуты[24]. Цікавы ўзор, які мае ўсе прыкметы групы I, але з паясковым аздабленнем шыйкі простага шыпа,
выяўлены ў Заслаўі ў слаях канца 15-першай паловы 16 ст. (Мал.1:6).
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|