|
ГІСТОРЫЯ
Да пытання аб планіроўцы Гародні ў другой палове 13 - пачатку 15 ст.
Юры Гардзееў (Кракаў - Гародня)
Сярэдзіна-другая палова 13 ст. была часам радыкальных перамен на палітычнай
карце Усходняй Еўропы. Паўднëвыя і ўсходнія землі Кіеўскай Русі моцна пацярпелі ад
татарскага нашэсця. Пагроза з боку ваяўнічых орд, а таксама небяспека крыжацкіх
нападаў адыгралі ролю вонкавага імпульса, які падштурхнуў працэс фарміравання ў
Панямонні новай балта-славянскай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ адным з
вынікаў палітычных змен у рэгіëне было часовае ўзвышэнне Галіцка-Валынскага княства. У
канцы 40-х гадоў 13 ст. адносіны паміж г этымі двумя дзяржавамі пагоршыліся і
перараслі ў ваенны канфлікт, які працягваўся да 70-х гадоў стагоддзя. Стратэгічнай мэтай
галіцка-валынскіх князëў, якія
арганізавалі некалькі паходаў на землі Панямоння (у тым ліку на Гародню ў 1253, 1259, 1274, 1277), было поўнае падпарадкаванне гэтай тэрыторыі.
Пачынаючы з 1283 г. Гародню чакалі новыя выпрабаванні, бо з'явіўся новы вораг - крыжакі. У выніку пяцідзесяцігадовай экспансіі
яны канчаткова захапілі землі прусаў і яцвягаў. Чарговай мэтай крыжацкай агрэсіі
стала авалоданне тэрыторыяй Панямоння і ўстанаўленне кантролю над галоўнай
воднай артэрыяй рэгіëна - Нëманам. З 80-х гадоў 13 і да пачатку 15 ст. Гародня, якая была
"ключом" да кантролю над сярэднім цячэннем ракі, каля дваццаці разоў
падвяргалася іх
нападам. Часам найбольш крывавых сутыкненняў з ордэнскімі рыцарамі стала мяжа 13 і 14
ст. Крыжакі некалькі разоў (1284, 1296, 1305, 1306, 1311, 1328 гг.) палілі і рабавалі пасады і ваколіцы
Гародні. Крыжацкія напады адбываліся і ў 60-70-я гады 14
ст. (1361, 1363, 1375, 1377). 13 верасня 1379 года князі Ягайла і Кейстут падпісалі
мірны дагавор з крыжакамі на дзесяць год, які павінен быў запэўніць для ВКЛ, а
значыць і для гарадоў Панямоння, хаця б кароткачасовы спакой.
Пачатак 90-х гадоў 14 ст. быў перыядам
новых ваенных сутыкненняў, якія непасрэдна
закранулі Гародню. За валоданне гарадзенскім замкам змагаліся Ягайла і Вітаўт. У 1392 і 1393
гадах замак спалілі крыжакі. Так яны адпомсцілі Вітаўту за
разрыў ранейшых добрых адносін. У 1394 і 1402 г. рыцары яшчэ двойчы спрабавалі захапіць
гарадзенскі замак[8].
Такім чынам, палітычныя прычыны (працэс дзяржаваўтварэння, частыя ваенныя канфлікты) непасрэдна абумовілі новы этап
горадабудаўнічага развіцця Гародні. Фармальным пачаткам гэтага этапа была сярэдзіна-другая палова 13 ст.,
а яго верхняй мяжой, як лічыць Аляксандр Краўцэвіч, быў 1410 г., год Грунвальда[9]. Варта ўдакладніць гэтыя храналагічныя рамкі, "прывязаўшы" верхнюю
мяжу да няўдалага крыжацкага нападу 1402 г.
Аргументам на карысць прапанаванай храналогіі з'яўляецца факт стылістычнай пераарыентацыі архітэктуры беларускіх зямель на
ўзоры і мастацка-будаўнічыя асаблівасці заходнееўрапейскага дойлідства,
што адбывалася якраз у другой палове 13 ст. Гарадзенская архітэктура -
добры прыклад такой пераарыентацыі.
Новае архітэктурнае аблічча горада было вынікам спалучэння пануючых у тыя часы
культурна-мастацкіх традыцый з выгадным
геаграфічным становішчам горада.
Нестабільная палітычная сітуацыя стала галоўнай прычынай пэўнай затрымкі працэсаў гарадскога будаўніцтва. У другой палове 13-пачатку 15 ст. тэрыторыя горада не выходзіла за межы забудовы 12-першай
паловы 13 ст., а, магчыма, нават
зменшылася[11]. Застой у развіцці Гародні ў разглядаемы перыяд
пацвярджаюць матэрыялы археалагічных раскопак на дзядзінцы[12]. Падобныя вынікі далі даследаванні і ў іншых гарадах
Панямоння[13].
Планіроўка Гародні ў другой палове 13-пачатку 15 ст. застаецца невядомай. Першую спробу яе рэканструкцыі
зрабіў Юзаф Ядкоўскі, які вызначыў верагодную тэрыторыю горада з сеткай вуліц і
плошчаў[14]. Аднак гэтую спробу нельга лічыць удалай. У
сярэднявечнай Гародні не складаліся гарадскія дакументы, якія б датычылі яе
ўнутранага жыцця. Гэтая акалічнасць ускладніла працу Ядкоўскага. Ягоная рэканструкцыя, выкананая на падставе крыніц 16
ст., насіла вельмі гіпатэтычны характар. Акрамя таго ў храналагічныя
межы гэтага перыяду даследчык уключыў фактычна тры этапы горадабудаўнічага
развіцця Гародні, якія выразна адрозніваліся адзін ад другога: 1) пачатак-сярэдзіна 13 ст. (пачаўся ў 11-12 стст.) - этап дынамічнага развіцця, 2) другая палова 13 ст.-пачатак 15 ст. - стагнацыя
гарадскога жыцця, 3) 15 ст. - час адраджэння Гародні і фарміравання новай планіровачнай структуры.
Адрывачнасць і агульнасць дадзеных негатыўна паўплывала на рэканструкцыю планіроўкі сярэднявечнай Гародні Мікалая Вароніна [15].
Спецыяльнай увагі заслугоўвае план-рэканструкцыя горада канца 14-пачатку 15 ст., якую зрабіў Аляксандр Краўцэвіч.
На ягоную думку, гарадскі ўрбаністычны комплекс складаўся з Верхняга замка,
Ніжняга замка на тэрыторыі вакольнага горада, пасадаў на ізаляваным ад асноўнай
часткі горада Каложскім узвышшы і пасадаў на Падоле, што мясціліся на тэрасе ўздоўж Нëмана. Абарончую ролю выконвалі натуральныя ўмовы рэльефу: узвышшы, водныя артэрыі (Нëман і Гараднічанка), якія агіналі Гародню з поўдня, захаду і поўначы, яр ля
ўсходняй мяжы горада[16]. Рэкі і яр, магчыма, выконвалі ролю гарадскіх межаў.
Рэканструкцыя познясярэднявечнай вулічнай сеткі Гародні стала мажлівай дзякуючы
картаграфічным матэрыялам 18 ст. Дэталёвая рэканструкцыя планіровачнай
сеткі 16 ст. была праведзена Аленай Квітніцкай, якая абапіралася на план
Гародні 1780 г. і валочную памеру горада сярэдзіны 16 ст. Аналіз планаў Гародні 1780 і 1795 гг. паказаў істотную розніцу прасторавай кампазіцыі заходняй
(падзамкавай) і ўсходняй часткі горада, што, зрэшты, не аднаразова
падкрэслівалася даследчыкамі[19]. Планіроўка заходняй часткі горада 11-пачатку 15 ст. характарызавалася нерэгулярнай сеткай вуліц, якая сфарміравалася стыхійна. Некалькі
паўкруглых кольцаў шчыльна забудаваных вуліц
акружалі Стары (Верхні) замак. Галоўнымі фактарамі, якія абумовілі фарміраванне радыяльна-кальцавога
"малюнка" кампазіцыі, былі фізіяграфія рэльефу, існуючыя ў тыя часы гарадскія ўмацаванні, а таксама
восі паўночнага, паўднëвага і ўсходняга гандлëвых шляхоў. Крыжацкія
хронікі 14 і 15 ст. упамінаюць дарогі, якія злучалі Гародню з Салечнікамі, Крэвам, Наваградкам,
Візнай, Наравам і Райградам[20]. Гэтыя дарогі ў межах горада станавіліся вуліцамі. Асноўнымі восямі горада былі
вуліца Замкавая, якая з'яўлялася працягам усходняга тракту, і вуліцы, што ішлі ўздоўж
Гараднічанкі ў паўночным віленскім напрамку. На месцы іх перакрыжавання, па ўсёй верагоднасці, была заснавана першапачатковая гандлëвая плошча горада - Рынак.
Месцазнаходжанне гэтага найважнейшага планіровачнага элемента горада
дакладна не ўстаноўлена. Паводле Юзафа Ядкоўскага і Ванды Рэвеньскай[21] галоўная плошча знаходзілася паблізу Гараднічанкі і займала тэрыторыю Нямецкага рынка[22]. Аднак размяшчэнне галоўнай гандлëвай плошчы горада ў даволі аддаленым ад замка месцы выклікае пэўныя сумненні.
Лакалізацыю першапачатковага гарадскога Рынку трэба звязаць з найбліжэйшым да
замка пунктам перакрыжавання паўночнага і ўсходняга трактаў. У аналагічным
месцы, г.зн. блізка замка, знаходзіліся першыя гандлëвыя плошчы ў Вільні і Наваградку[23]. На месцазнаходжанне
Рынку можа ўказаць і першы каталіцкі храм у Гародні - Фара Вітаўта, які заняў
пляц у яго ўсходняй частцы. Зрэшты, агульна вядомым з'яўляецца факт цеснай
сувязі паміж лакалізацыяй Рынка і парафіяльнага касцëла[24]. В.Рэвеньская, аналізуючы праблему самага старажытнага
гродзенскага Рынку, адзначыла, што Фара ў Гародні сваëй апсідай звернута да сучаснага Рынку (плошча Савецкая), і дадала: "<...>калі б сучасны Рынак існаваў у часы Вітаўта,
цяжка сабе ўявіць, каб будаваны тады фарны касцëл мог быць пастаўлены да яго тылам. Ён павінен быў стаяць
фасадам да Рынку так, як праз некалькі стагоддзяў стала езуіцкая фара". Пацвярджэннем гіпотэзы размяшчэння Рынку паблізу замка з'яўляецца
факт знаходжання ў тым месцы Прачысценскай і,
верагодна, Малой царквы. Вядома, што, напрыклад, у сярэднявечным Кіеве,
Ноўгарадзе ці Чарнігаве цэрквы стаялі якраз каля Рынка[26]. Магчыма, што ў 15 ст., калі на ўсход ад замка і старога
горада пачала фарміравацца новая ўжо неабмежаваная ўмацаваннямі сетка вуліц,
старажытны Рынак на гэтым месцы знік. Працэс
пераносу рынкаў у сувязі з пашырэннем гарадской тэрыторыі быў звычайнай з'явай у Заходняй Беларусі[27].
Крыніцы не дазваляюць вызначыць межы Гародні ў другой палове 13-пачатку 15 ст. Гэтую праблему
можна вырашыць толькі з дапамогай супастаўлення вынікаў археалагічных
даследаванняў і пазнейшых іканаграфічных матэрыялаў. Застаюцца адкрытымі і шматлікія іншыя пытанні: ці ўваходзіла ў гарадскія межы левабярэжжа Нëмана? Ці існавалі пасяленні па-за межамі шчыльна забудаванай падзамкавай часткі горада ўздоўж Гараднічанкі? Якую плошчу займаў Падол? Ці не было на яго тэрыторыі храма яшчэ ў старажытнарускі час?
Дамінуючым элементам часткі Гародні, якая цягнулася па-над р.
Гараднічанкай, мог быць Нямецкі р. Рынак выконваў ролю другога гандлëвага асяродка Гародні. У
адпаведнасці з мірным дагаворам 1379 г.
паміж ВКЛ і Ордэнам мяжа праходзіла
паблізу Гародні ў раëне вëскі Пералом. Дагавор пералічваў шэраг гарадоў рускага краю, якія ляжаць часткова над Нëманам у бок
прускі. У адрозненні ад іншых гарадоў Гародня названа краінаю Гародня, а гарадзенскі народ ці гарадзенцы
вылучаюцца сярод насельніцтва памежнай зоны. Усё гэта мела
ўплыў на заснаванне Рынку з назвай "Нямецкі" яшчэ ў перадмагдэбургскі перыяд гісторыі
Гародні. На карысць гэтага меркавання сведчыць знойдзены тут ў час раскопак посуд
мазавецкага тыпу 11-12 стст.
На працягу ўсяго 15 ст. Нямецкі рынак заставаўся важным
планіровачным элементам горада. Перад 1494 г. тут быў заснаваны кляштар і касцëл св. Тройцы[31]. Аднак у сярэдзіне 16 ст. Нямецкі
рынак страціў ролю гандлёвага цэнтра. Валочная памера 1560-1561 гг. адзначыла, што на ім
"<...> ніякага гандлю
не бывае <...>". Прычынай стаў
перанос акцэнту гарадскога жыцця пасля атрымання магдэбурскага права ў
1496 г. на тэрыторыю новага горада з новым вялікім
Рынкам.
На фарміраванне архітэктурнага аблічча Гародні ў другой палове 13 і на
працягу ўсяго 14 ст. значны ўплыў аказалі ваенныя падзеі. У гэты перыяд крыжакі неаднаразова нападалі на драўляны гарадзенскі
замак. Падчас раскопак 80-х гадоў на Старым замку,
якімі кіраваў Алег Трусаў, часта сустракалася
гарэлае дрэва і попел[33]. У 1971 г. Яраслаў Звяруга і Міхась Ткачоў на паўднёвым схіле Замкавай гары
знайшлі рэшткі дубова-сасновай канструкцыі абарончых сцен замка 14 ст. У той час замак меў рубленыя сцены з бярвенняў. На
верхняй іх частцы знаходзіліся баявыя пляцоўкі[35]. У канцы 13-пачатку 14 ст. мураваная
абарончая сцяна 12 ст. была знішчана[36]. Аб нападах і знішчэннях замка
ўзгадваюць таксама крыжацкія хронікі. Яны ж зафіксавалі рамонт замка ў 1393 г.
У 1398 г. драўляны замак згарэў, і Вітаўт узвëў новы
мураваны гатычны замак з каменя і цэглы. Дзеля гэтага з боку ракі была пашырана
пляцоўка дзядзінца. Замак атрымаў форму няправільнага трохвугольніка. Сцены ў ніжняй частцы былі
выкладзены з валуноў, у верхняй - з цэглы, якая з пачатку 14 ст. стала галоўным матэрыялам у замкавым будаўніцтве. Прасла
сцяны з боку Нёмана мела 120 м даўжыні, з боку Гараднічанкі - 90 м. На сценах, прарэзаных радамі бойніц, знаходзіліся крытыя галерэі. Таўшчыня сцен, умацаваных
контрафорсамі, складала 2,5 - 3 м. У паўночна-ўсходняй частцы замка быў пабудаваны
двухпавярховы палац. Замак меў чатыры
квадратныя вежы памерамі 12´12 м (з боку горада, на гараднічанскім мысе, з боку Нëмана, уязная вежа-брама з пад'ёмным мастом) і круглы данжон, злучаны з
двухпавярховым княскім палацам. Невялікія фрагменты сцен і вежаў замка канца 14 ст. захаваліся да нашых дзён[38].
Умацаванне абарончага комплекса гарадзенскага замка было звязана са складанай палітычнай сітуацыяй і пераменамі ў ваеннай тактыцы. Пасіўная аблога, як асноўны сродак захопу замка, усё больш саступала месца штурму з выкарыстаннем каменекідальных машын[39]. Гэтыя перамены прывялі да будаўніцтва веж-данжонаў (ці стаўпоў). Яны выконвалі функцыю галоўнага
пункта абароны і адначасова былі месцам апошняга выратавання насельніцтва замка
і горада. Тут захоўваўся рыштунак і правіянт. Вежы-данжоны
былі даўно вядомыя ў Заходняй Еўропе, на
Каўказе і на арабскім Усходзе. У 13 ст.
яны будаваліся на Валыні, адкуль трапілі на беларускія землі[40]. Не выключана аднак, што гатычныя мастацка-будаўнічыя прыëмы маглі быць запазычаны непасрэдна з Прыбалтыкі, Польшчы ці нямецкіх
зямель[41].
Аб данжоне ў Гародні ўпамінае Іпацьеўскі летапіс у 1277 г.: "Столп бо бе камен высок стоя перед вороты города, и бяху
в нем заперлися Прузи, и не бысть им мимо он пойти к городу, побивахут бо со
столпа того; и тако приступиша к нему и взяша и, страх же велик и ужасть паде
на город, и быша аки мертв стояще на
заборалех города, о взятьи столпа, зане то бысть упование их". Данжон, які выступаў па-за лінію замкавых умацаванняў і
стаяў побач з уязной брамай, быў адной з нешматлікіх мураваных пабудоў
гарадзенскага замкавага комплекса фактычна да канца 14 ст. Пазней ëн быў уключаны ў склад гатычнага замка Вітаўта. У час перабудовы замка ў
80-я гады 16 ст. вежу разабралі. На жаль, археалагічныя даследаванні не выявілі
рэшткаў данжона. Культурны слой 13-16 стст. каля ўсходняга фасада Старога замка быў знішчаны падчас земляных работ, якія
праводзіліся ў міжваеннае дваццацігоддзе[43].
Дакладны час узвядзення гарадзенскага данжона, як і імёны
ініцыятараў будаўніцтва невядомыя. Па меркаванні Паўла
Рапапорта данжон быў пабудаваны ў 1259 ці 1276
г., калі гарадзенскі замак часова захапілі валынскія князі[44]. Аднак гэтая думка выклікае сумненні. Летапісы
адзначаюць толькі намеры, а не факт правядзення пахода на Гародню князям Даніілам у 1260 г. Што
тычыцца пахода 1274 г. (не 1276 г.), то татары разам з галіцка-валынскімі князямі Львом, Уладзімірам і
Мсціславам сапраўды " <...> пойде <...> на Тройденя князя
Литовского, и много зла в его сотвориша,
потом же под градом Городном, за свое лукавствие и несогласие, зле поражены
быша <...>".
Узвядзенне гaрaдзенскага данжона цяжка звязаць з мэтанакіраванай дзейнасцю галіцка-валынскіх князёў.
Фрагмент гравюры Адэльхаўзэра-Цюндта 1568 г.
Выяву гарадзенскага "стаўпа", які быў дамінантай замкавага
комплексу, захаваў медзярыт Адэльхаўзэра-Цюндта 1568 г. Данжон уяўляў сабой мураванае
круглае шмат’яруснае (мабыць 4-х'яруснае[47]) збудаванне. На гравюры выразна відаць тры верхнія паверхі, сцены якіх праразалі
вокны-бойніцы. Уваход у данжон знаходзіўся на
прылягаючым да яго другім паверсе замка. Канструкцыю збудавання ў ніжняй надземнай частцы
ўмацоўвалі контрафорсы, а завяршала вежу баявая галерэя з масіўным зубчатым атыкам і
шатровым дахам. Згодна меркавання Міхася Ткачова вышыня данжона была каля 20 м, дыяметр
збудавання - 12 м, а таўшчыня муроў - 3 м[48]. Як відаць, гарадзенскі "стоўп" узводзіўся з улікам
канструкцыйна-тэхнічных традыцый раманскай і гатычнай эпох (масіўнасць канструкцыі, спічастыя вокны, атык).
Планіроўка Гародні ў другой палове 13-пачатку 15 ст.
1.
Верхні (Стары) Замак; 2. Верхняя
царква; 3. Ніжні Замак; 4. Васкра-сенская царква; 5. Барысаглебская царква; 6.
Прачысценская царква; 7. Малая царква;
8. Фарны касцёл; 9.
Першапачатковы Рынак; 10. Ня-мецкі Рынак;
11. Магчымыя ўмацаванні і гарадскія межы; 12. Тракт ва ўсходнім
накірунку; 13. Тракт у паўночным
накірунку.
Суседняе з Замкавай гарой узвышша было заселена ў 11 ст. Тут знаходзіўся рамесна-гандлёвы пасад. З поўдня яго
бараніў высокі бераг Нëмана, з усходу - яр (пазней штучна паглыблены), з
паўночнага боку - абарончы роў, які
аддзяляў пасад ад дзядзінца. Міхась Ткачоў выказаў здагадку, што пасад быў
умацаваны ў першай палове 12 ст., г. зн. ён стаў вакольным горадам[49]. У гэтым жа стагоддзі тут быў
узведзены мураваны храм. Як
мяркуецца, гэта была Васкрасенская царква.
Яна функцыянавала да пажару 1613 г., пасля якога была перанесена на тэрыторыю
пасада. У канцы
14 ст. на вакольным горадзе знаходзіўся Ніжні замак.
Акрамя двух гарадзенскіх замкаў на пачатку 90-х гадоў 14 ст. пад Гародняй
быў пабудаваны яшчэ адзін замак. Яго ўзвялі крыжакі з дазволу Вітаўта. Фактычна
гэта была плата за крыжацкую ваенную дапамогу. Драўляны замак Нойгартэн (Neugarten) паўстаў на левым беразе Нëмана насупраць Ніжняга замка. Хутчэй за ўсё, яго збудавалі на тым
самым месцы, дзе спрабаваў паставіць драўляны замак Вітаўт у 1390 г. падчас
вайны з Ягайлам. У тым самым годзе Ягайла з трох бакоў аблажыў Стары (у летапісу: Вышшы) гарадзенскі замак. Каб дапамагчы замкаваму
гарнізону, узмоцненаму крыжакамі, Вітаўт "<...>над
Немном против замку обозом положился, новый
замок на копцу будовати казал <...>". Але калі "<...>Ніжні замок кролевские
жолнере <...> взяли были <...> Витолт переставши нового замку будовати
<...>".
Пасля
прымірэння Вітаўта і Ягайлы замак ордэнскіх рыцараў у 1392 г. быў разбураны.
Акрамя Нойгартэна ў ваколіцах горада знаходзіліся яшчэ два - Рытэрсвэрдэр і Мітэнбург.
Адным з цікавейшых культавых помнікаў Гародні разглядаемага перыяду была т.
зв. Верхняя царква. Для яе архітэктуры, як зрэшты і для архітэктуры іншых тагачасных культавых
помнікаў рэгіëна, было характарна спалучэнне прыëмаў усходнееўрапейскага і заходнееўрапейскага дойлідства.
Да апошняга часу даследчыкі разыходзіліся ў пытанні датавання помніка[52]. Аднак у выніку апошніх археалагічных і архітэктурных пошукаў на падставе
аналізу тэхнікі муроўкі, складу рошчыны, фарматаў цэглы і асаблівасцяў
планіроўкі храма акрэслены час яго ўзвядзення. Алег Трусаў вызначыў, што царква
была пабудавана на мяжы 13 і 14 стст. Галоўным
аргументам у ягоных разважаннях сталі вынікі супастаўляльнага аналізу параметраў цэглы, з якой быў пабудаваны храм на
гарадзенскім дзядзінцы з аналагамі цэглы замкаў у Крэве і Лідзе, мураваных збудаваняў у Вільні і Наваградку[53]. Аляксандр Кушнярэвіч удакладніў гэтыя храналагачныя рамкі. На яго думку, царква была ўзведзена ў канцы
13-першай палове 14 ст[54]. З гэтым
удакладненнем можна пагадзіцца.
Не выключана, што непасрэднае дачыненне да пабудовы Верхняй замкавай царквы меў славуты гарадзенскі кашталян Давыд. Па-першае, час яго
кіравання супаў з часам узвядзення храма. У 1314 г. Давыд упершыню ўпамінаецца ў хроніцы Пятра Дзюсбурга як castellanus de Gartha. У 1326 г. гарадзенскі кашталян быў забіты[55]. Варта адзначыць, што кашталян
фактычна з'яўляўся
вялікакняскім намеснікам цэлай воласці, у якую ўваходзіў гарадзенскі замак і сам горад. Усе
адміністрацыйныя, судовыя і ваенныя справы знаходзіліся пад ягоным кантролем. Па-другое,
дзякуючы кашталяну Давыду, ваенныя здольнасці якога былі добра вядомыя крыжакам
яшчэ з часоў ягонага намесніцтва ў Пскове[56], унутранае жыццё гарадзенскага замка стабілізавалася. Гарадзенцы
хутчэй за ўсё выкарысталі магчымасць пабудовы праваслаўнага храма на дзядзінцы,
якая з'явілася ў гэты час.
Верхняя царква была аднанефным, амаль квадратным (8,8×8,9 м) будынкам з паўкруглай апсідай. У архітэктуры храма спалучаліся
мастацка-будаўнічыя рысы гарадзенскай архітэктурнай школы 12 ст. (абрэзаныя
вуглы храма, шліфаваныя камяні ў сценах, рошчыны з напаўняльнікам з таўчонай
цэглы) і гатычныя элементы (крыжовыя скляпенні ўнутранай прасторы, гатычны
дах). Будынак не быў атынкаваны. Знаходкі дахоўкі, якая выкарыстоўвалася на
Беларусі ў канцы 15-16 стст., сведчаць аб функцыянаванні храма яшчэ ў першай
палове 16 ст. Царкву разабралі ў канцы 16 ст. падчас перабудовы замка Стэфанам Баторыям[57] |