ГІСТОРЫЯ
Краёвец Антон Луцкевіч
Алесь Смалянчук
(Гародня)
Пра Антона Луцкевiча ў апошняе
дзесяцiгоддзе напісана шмат. Але знаёмства з
новымi для айчыннай гiстарыяграфii крынiцамi па гiсторыi беларускага Адраджэння пачатку 20 ст. дае дадатковыя падставы для сцвярджэння, што
асоба славутага беларуса яшчэ
не атрымала належнай ацэнкi гiсторыкаў.
Гэты артыкул прысвячаецца выдавецкай дзейнасцi Антона Iванавiча Луцкевiча ў 1912-1915
гг. i ягоным адносiнам да так званай "краёвай iдэалогii".
Адной з асноўных крынiц
даследавання з'яўляецца дзённiк Мiхала Ромера, а дакладней, першыя шэсць
тамоў гэтага дзённiка, якiя ахоплiваюць перыяд з
1911 па 1915
г. Міхал Ромер (1880-1945) - вядомы юрыст,
публіцыст, навуковец, грамадскі і палітычны дзеяч як "гістарычнай"
так і "этнаграфічнай" Літвы. На пачатку 20 ст. ён з'яўляўся адным з
галоўных iдэолагаў дэмакратычнай плынi Краёвага руху.
На сутнасцi краёвай iдэалогii трэба спынiцца. Яна мае непасрэдныя адносiны да поглядаў Антона Луцкевiча ў
разглядаемы перыяд i дазваляе зразумець грамадска-палiтычную пазiцыю аўтара дзённiка. Зыходзячы з яе, М.Ромер даваў ацэнкi падзеям i людзям, у т.л. i А.Луцкевiчу.
Краёвая iдэалогiя грунтавалася
на iдэі палiтычнай нацыi. Большасць краёўцаў
лiчыла, што ўсе карэнныя
жыхары гістарычнай Літвы з'яўляюцца,
у першую чаргу, грамадзянамi Краю i тым самым належаць да адзінай нацыі. Этнічнасць, як і
сацыяльнае паходжанне адыгрывалі другарадную ролю. Якраз такой была пазіцыя
М.Ромера. Але сярод краёўцаў сустракалася
i iншае разуменне краёвасцi. Так, большасць сяброў вiленскага
польскага дэмакратычнага кола 1911-1915 гг.,
якое гуртавалася вакол
штотыднёвiка "Пшэглёнд Вiленьскi",
разумела краёвасць толькi як супрацоўнiцтва розных этнасаў краю. У гэтым выпадку этнiчнае паходжанне i, адпаведна, патрабаваннi развiцця культуры ўласнага
этнаса другараднымi не з'яўлялiся. Але i М.Ромера, i прыхiльнiкаў
"Пшэглёнда" аб'ядноўвала
перакананне, што толькi пры дэмакратычным ладзе з'явяцца належныя
ўмовы для культурнага i палiтычнага развiцця ўсiх этнасаў
краю.
Асноўныя прынцыпы краёвасцi былi распрацаваны ў
мясцовым польскiм асяродку. У
пэўным сэнсе краёўцы выйшлi з
грамадскасцi, якую ў адпаведнасці з яе
культурнай арыентацыяй можна называць польскай. Для часткі палякаў
беларуска-летувіскага паходжання краёвасць была не проста сродкам абароны
польскіх пазіцый, а праявай натуральнага імкнення абараняць iнтарэсы сваёй Радзiмы –
гістарычнай Літвы. Яны сапраўды адчувалi сябе "грамадзянамi Краю" і з
гатоўнасцю iшлi на кантакты з прадстаўнiкамi ўсiх этнiчных рухаў. А Вiльня стварала выдатныя магчымасцi для такiх кантактаў. Краёвасць
станавiлася iх iдэалагiчным падмуркам. Дзеячы дэмакратычных
плыняў польскага, беларускага, летувіскага i яўрэйскага рухаў пагаджалiся з яе
асноўнымi прынцыпамi. Хаця зачастую трактавалi iх на карысць уласных этнасаў.
Другой асноўнай крынiцай
даследавання з'яўляюцца публiкацыi двух вiленскiх выданняў краёвага і дэмакратычнага
накiрунку - "Вечерней газеты" i
"Кур'ера краёвага". Справа
ў тым, што вывучэнне запiсаў дзённiка М.Ромера ў спалучэннi з iншымi матэрыяламi дае ўсе падставы сцвярджаць,
што Антон Луцкевiч з'яўляўся фактычным кiраўнiком, рэдактарам і адным з галоўных аўтараў "Вечерней
газеты". Адначасова менавіта ён
вызначаў краёвы i дэмакратычны накiрунак "Кур'ера краёвага"
, у выданнi якога прымаў самы актыўны
ўдзел.
Iмя Антона Луцкевiча ўпершыню згадваецца
ў дзённiку ў запiсу ад 10 (23).05.1911 г. Міхал Ромер апiсаў
польска-беларускi сход, на якiм было
прынята рашэнне пра
арганiзацыю сумеснага краёвага выдання
ў форме т.з.
"аднадзёнкi" ("jednodniówki"), г.зн. аднаразовага
выдання. З беларускага боку ў
сходзе ўдзельнiчалi браты Луцкевiчы. Пазней iдэя сумеснага выдання набыла форму штотыднёвiка, да ўдзелу ў
якiм планавалася прыцягнуць i летувісаў.
Варта адзначыць, што супрацоўнiцтва польскiх, беларускiх, летувіскіх
(i яўрэйскiх ?) дэмакратаў пачалося яшчэ ў часы рэвалюцыi 1905-1907 гг. Можна згадаць пра
публiкацыю артыкула Антона Луцкевiча "Аграрная праграма" ("Program agrarny") ў № 46 ад 13(26).04. 1906 г.
"Газеты Вiленьскай". Артыкул быў надрукаваны пад
псеўданімам "Ян Мялешка" і знаёміў чытачоў польскага дэмакратычнага
выдання з аграрнай праграмай БСГ. З таго часу супрацоўніцтва фактычна не
перапынялася.
Арганізацыю штотыднёвіка ўзяла ў свае рукі польская віленская суполка
краёўцаў-дэмакратаў, у якую ўваходзілі Вітольд Абрамовіч, Міхал Ромер,
Аляксандр Заштаўт, Браніслаў Крыжаноўскі, Зыгмунт Нагродскі і інш. М.Ромер
бачыў кіраўніком сумеснага выдання Яна Яленьскага
, які ў гэты час актыўна працаваў у рэдакцыі "Нашай Нівы". Але Ромера
падтрымаў толькі Аляксандр Заштаўт. Большасць
суполкi выказалася за кандыдатуру Людвiка Абрамовiча. Пры гэтым беларусы i летувісы былi фактычна адхiлены ад арганiзацыi выдання. 12(25).11.1911 г. выйшаў
першы нумар "Пшэглёнда Вiленьскага".
Асоба Л.Абрамовiча не выклiкала даверу ў дзеячаў беларускага i летувіскага рухаў.
У 1906 г. Л.Абрамовiч супрацоўнiчаў з
"Газетай Вiленьскай" (псеўданiм "Licz"), але
пазней перайшоў у рэдакцыю яе iдэйнага працiўнiка кансерватыўнага "Кур'ера Лiтэўскага" (псеўданiм "Alf"). У ягоных артыкулах краёвасць
выглядала як форма абароны польскiх iнтарэсаў.
Прызначэнне Л.Абрамовiча
канчаткова перакрэслiла праект
стварэння міжэтнiчнага дэмакратычнага краёвага выдання. Л.Абрамовiч зрабiў
"Пшэглёнд Вiленьскi" дэмакратычным i краёвым органам польскай грамадскасцi. (А.Луцкевiч пазней характарызаваў гэтую газету як орган польскiх нацыянал-лiбералаў.) Такiм чынам, ідэя мiжэтнiчнага краёвага выдання не была рэалiзавана i па-ранейшаму
хвалявала дэмакратычную грамадскасць Вiльнi. Мiж тым,
задачы барацьбы з этнiчным шавiнiзмам,
прапаганды краёвай iдэалогii, распаўсюджвання
iнфармацыi пра
сапраўдныя iмкненнi дэмакратычных плыняў беларускага, летувіскага
i польскага рухаў станавiлiся ўсё больш
актуальнымi.
На пачатку лiстапада 1911 г. на сустрэчы
з удзелам Iвана Краскоўскага, Антона Луцкевiча, Браніслава
Крыжаноўскага, Зыгмунта Нагродскага і
Міхала Ромера была выказана думка пра выданне
ў Вiльнi рускамоўнага дэмакратычнага штотыднёвiка. Мэтай выдання павінна была стаць прапаганда краёвай
ідэалогіі ў яе ліберальна-дэмакратычным варыянце сярод рускай грамадскасці
Вільні. Аднак непасрэдных вынікаў гэтая размова не мела. Толькі ўвосень 1912 г.
напярэдадні выбараў у Дзяржаўную думу iдэя пачала набываць канкрэтныя формы. На гэты раз iнiцыятыву ўзяў у свае рукi Антон Луцкевiч.
18.09(1.10).1912 г. выйшаў першы нумар
"Вечерней газеты". Падпiсаў яго да друку ў якасцi рэдактара Ф.М.Хатэнка. Але сапраўдным кiраўнiком газеты (i аўтарам большасцi "перадавых" артыкулаў)
быў А.Луцкевiч. Пра гэта сведчаць не
толькi шматлiкiя запiсы ў дзённiку М.Ромера. Сапраўднага
кiраўнiка газеты заўважылi i агенты Дэпартамента палiцыi.
"Вечерняя газета" адразу прыцягнула ўвагу вiленскай
грамадскасцi. Гэтаму спрыяў высокi ўзровень публiцыстыкi лiберальна-дэмакратычнага накiрунку. Дарэчы, гэты накiрунак прымушае задумацца пра магчымыя сувязі выдаўцоў
газеты з Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыяй. На магчымасць такіх сувязяў
указваюць і некаторыя іншыя ўскосныя дадзеныя.
На жаль, амаль усе публiкацыi ў "Вечерней
газете"(у т.л. i перадавыя артыкулы, якiя рэгулярна пiсаў А.Луцкевiч) друкавалiся без подпiсаў. "Вечерняя газета" была досыць таямнiчам выданнем. Толькi праз два месяцы пасля выхаду першага нумара пад некаторымі матэрыяламi пачалi з'яўляцца
псеўданiмы. Сярод iх можна заўважыць
псеўданiмы i крыптонiмы, якiя належалі А.Луцкевiчу - "А.Иванов" i "А.Н.". Да лiку крыптонiмаў беларускага дзеяча можна аднесцi i крыптонiм "Г.Б." Магчыма, ён звязаны з
псеўданiмам "Генрык Букавецкi", пра якi яшчэ будзе гаворка. Але
хто "хаваўся" пад iншымi псеўданiмамi i крыптонiмамi
("Бо-вичъ" , "Б-ов", "С.У.",
"Кий" i iнш.) дакладна пакуль не ўстаноўлена.
Прапаганда лiберальна-дэмакратычнай iдэалогii, якую
разгарнула "Вечерняя газета", адыграла сваю ролю падчас
выбрання ўдзельнiкаў вiленскага
губернскага выбарчага сходу па
"рускай курыi". Газета
сапраўды паспрыяла распаўсюджванню сярод рускай грамадскасцi Вiльнi iдэй лiберальных дэмакратаў. Гэта
паўплывала i на вынiкi выбараў. Адначасова
высветлiлася, што газета знайшла свайго
чытача. I Антон Луцкевiч вырашыў працягваць выданне. Магчыма, ужо ў гэты час у яго ўзнiк план цэнтралiзацыi вiленскага дэмакратычнага друку,
пра якi пазней спамянуў у сваiм дзённiку М.Ромер.
Істотнай часткай гэтага
плана было выданне
штодзённай польскамоўнай газеты.
Гэты праект А.Луцкевiч збiраўся рэалiзаваць у цесным кантакце з польскiмi дэмакратамi.
У сярэдзiне кастрычнiка 1912 г. "група" А.Луцкевiча (Iван Луцкевiч i Язэп Манькоўскi ) звярнулася да польскай вiленскай дэмакратычнай суполкi з прапановай арганiзацыi сумеснага выдання. Тым
больш, што i палякi шукалi сродкi для выдання
штодзённай дэмакратычнай газеты. На пачатку перагавораў беларусы прапанавалi двайное рэдактарства, і нават пагаджалiся на тое, што
беларускi рэдактар будзе мець толькi права дарадчага голасу.
А.Луцкевiч, магчыма, палiчыў для сябе больш важнай працу ў
"Вечерней
газете". Усё ж такi дэмакратычныя элементы сярод польскай грамадскасцi ў параўнаннi з рускай былi значна мацнейшымi. Кампанiю Л.Абрамовiчу павiнен быў
скласцi Я.Манькоўскi. Апроч гэтага
прапанавалася iснаванне двух рэдакцыйных рад або адной супольнай. Аднак палякi вырашылi весці перагаворы
толькi
з мэтай выкарыстання сабраных беларусамi сродкаў. М.Ромер як прыхільнік рэальнага супрацоўніцтва параіў А.Луцкевічу
самастойна распачаць выданне польскамоўнай газеты. Ён разлічваў, што пасля выхаду першых нумароў палякі
далучацца да беларускай ініцыятывы. А.Луцкевіч так і зрабіў. Беларусы выкарысталі
ліцэнзію на выданне "Кур'ера краёвага", выдадзеную ўладамі аднадумцу М.Ромера Юліўшу
Сумароку.
8(21).12.1912 г. выйшаў першы нумар "Кур'ера краёвага". Яго рыхтаваў Язэп
Манькоўскі, але праграмны артыкул напісаў Антон Луцкевіч.
Выйсце першага нумара сапраўды актывiзавала польска-беларускiя перагаворы, але
паразуменне так i не было дасягнута. Галоўнай
прычынай было iмкненне большасцi польскай групоўкi атрымаць газету ў выключна ўласнае распараджэнне. (Так, па
меньшай меры, бачылiся перагаворы
М.Ромеру.) Беларусы з гэтым пагадзіцца не маглі.
М.Ромер досыць высока ацэньваў узровень публіцыстыкі першых нумароў
"Кур'ера краёвага". Ён спадзяваўся на з'яўленне
такога органа дэмакратычнага краёвага друку, пазiцыя якога будзе адпавядаць ягонаму разуменню краёвасцi.
Галоўнай прычынай поспеху новай
"польскай" газеты М.Ромер лiчыў iдэйнае кiраўнiцтва
Манькоўскiм з боку Антона Луцкевiча i непасрэдны ўдзел беларускага дзеяча ў падрыхтоўцы гэтых нумароў да выдання.
У сваiх ацэнках "Кур'ера"
М.Ромер неаднаразова звяртаў увагу на
ролю А.Луцкевiча: "Адным з галоўных, хоць
звонку непрыкметных супрацоўнiкаў газеты з'яўляецца Антон Луцкевiч, адзiн са стаўпоў "Нашай Нiвы". Гэта,
магчыма, самы дзелавiты работнiк i самая
здольная галава беларускага
народнага руху. Адначасова ён рэдагуе "Вечернюю газету". Антон Луцкевiч трымаецца трохi ў ценю, не
становiцца на чале "Кур'ера
краёвага", але фактычна выконвае
"партыю першай скрыпкi". Ён
аказвае рашаючы ўплыў на кiрунак і арганізацыю газеты" .
На пачатку сакавiка 1913
г. М.Ромер прыняў запрашэнне ўвайсцi ў склад рэдакцыi "Кур'ера". Разам з iм увайшоў i А.Заштаўт. Яны павiнны былi ўзмацн