Наваградак і ягоныя жыхары ў польскай краязнаўчай літаратуры першай трэці 20 ст.
Мікола Гайба
(Наваградак)
Наваградак - адзін з
самых старажытных беларускіх гарадоў. Ён узнік і сфарміраваўся на зямлі, якая
стала радзімай некалькіх народаў. Лёс горада вызначаўся палітычнымі ўплывамі
розных дзяржаўных утварэнняў, у склад якіх ён уваходзіў. Так, на пачатку 20 ст.
Наваградак быў павятовым горадам Расійскай імперыі, а пазней ужо з'яўляўся
цэнтрам ваяводства ў міжваеннай Польшчы.
Аб'ектам аналізу ў
дадзеным артыкуле з'яўляецца адлюстраванне нацыянальнага жыцця і
грамадска-палітычнай дзейнасці наваградчан, якое пакінула нам польская
краязнаўчая літаратура першай трэці 20 ст.
На мяжы 19-20 ст.
Наваградак быў звычайным беларускім
павятовым горадам. Згодна перапісу 1897 г. у ім жыло 7 887 жыхароў. Сярод іх,
як вызначыў перапіс, беларусы (па мове)
складалі каля 21%, яўрэі - каля 63%,
рускія, палякі, татары - прыкладна па
5%.
Польскія аўтары,
зразумела, найперш звярталі ўвагу на праявы ў Наваградку польскага жыцця,
на яго тагачасны стан у параўнанні з мінулымі часамі. Адна з варшаўскіх
падарожніц, якая наведала Наваградак у 1906 г., убачыла яго занядбаным і пустым. У сваіх падарожных
запісках яна са шкадаваннем адзначыла, што "аб яго былой славе нічога не
нагадвае, акрамя замкавых руін і былога доміка Міцкевічаў". Дом гэты,
аднак, быў не толькі гістарычным помнікам, але і месцам, вакол якога групавалася польская грамадскасць.
Адсюль, па словах А.Снежкі, "прамяніліся ідэалы польскага духу".
Яшчэ адной праявай польскага, ці, лепш сказаць, польскамоўнага жыцця на
пачатку 20 ст. быў касцел св. Міхала (былы дамініканскі). Фарны касцёл ужо
некалькі дзесяцігоддзяў стаяў зачыненым з-за дрэннага стану. Эдвард Паўловіч,
які зведаў касцёл, у 1904 г. пісаў, што
гэта адзіны ў Наваградку помнік не
толькі наваградчанам, але і ўсяму польскаму грамадству, з якім многія сем'і наваградчан
звязаны, калі не крывёю, то духам. На яго думку, ужо адзін толькі помнік удзельніку хоцімскай
бітвы Рудаміну Дусяцкаму заслугоўвае, каб быў адноўлены ўвесь касцёл". У сувязі з адкрыццём у Львове помніка Адаму Міцкевічу
той жа аўтар выказаў надзею, што жыхары Наваградка "будуць вартымі слаўных
продкаў", і навіна пра адкрыццё помніка Адаму Міцкевічу будзе спрыяць актывізацыі
польскага грамадска-культурнага жыцця ў горадзе.
У 20-30-я гады, калі Наваградак уваходзіў у склад Польшчы, з'явілася
велізарная колькасць краязнаўчых прац,
у якіх апісвалася гістарычнае развіццё Наваградчыны і яе культурна-этнічныя
асаблівасці. Наваградчане ў гэтых публікацыях звычайна паказваліся са
станоўчага боку, адзначалася багацце гістарычных традыцый і прыгажосць прыроды
края. У адным з даведнікаў можна было прачытаць: "Наваградская зямля, далёкая і забытая, паліта крывёю
польскіх герояў. <...>Край Міцкевіча напоўнены засценкамі і сядзібамі,
якія размешчаны сярод лугоў і пагоркаў, і абмыты сонечнымі промнямі".
Многія аўтары падкрэслівалі талерантнасць наваградчан падчас бурлівых
падзей рэвалюцыі 1905-1907 гг. Яны адзначалі, што "мясцовы люд не чыніў
тут дзікіх эксцэсаў, не пайшоў нішчыць сядзібы, не паддаўся заклікам да
класавай, нацыянальнай і рэлігійнай барацьбы". Тлумачылася гэта, на іх
думку, "уплывамі адвечнай польскай культуры".
У літаратуры тых жа 30-х гадоў мы
знаходзім і апісанне падзей першай святовай вайны. Увага звычайна акцэнтавалася
на адноснай талерантнасці нямецкай улады,
якая сістэматычна нішчыла сядзібы, праводзіла рэквізіцыі і накладвала вялікія
падаткі, але ўсё ж не перашкаджала "жменьцы палякаў, што тут
засталіся" адкрываць свае школы і нават весці грамадскую дзейнасць.
У краязнаўчай літаратуры таго часу Наваградчына трактавалася як частка
спрадвечнай польскай дзяржавы. Зусім не прымалася пад увагу, што на пачатку 20
ст. свае правы на дзяржаўнасць заявіў
і беларускі народ. Мы нідзе не знойдзем згадкі пра абвяшчэнне на этнічна
беларускіх землях БНР, а пазней - БССР. Хаця гэта зразумела, бо беларуская
зямля была падзелена паміж Польшчай і
савецкай Расіяй. Практычна ўсе канцэпцыі, якія закраналі праблему межаў Польшчы
ўключалі ў яе склад і частку тэрыторыі, населенай беларусамі. Па меньшай меры,
такую яе частку, якую ў хуткім часе разлічвалі спаланізаваць. У асяроддзі польскіх землеўласнікаў
(і не толькі іх) бытавала думка, што
ўсё беларускае трэба захаваць толькі ў якасці фальклору.
Як жа характарызаваліся беларусы Наваградскага краю ў краязнаўчай
літаратуры? У прыватнасці, адзначалася пэўная навізна тэрміна
"беларусы". "Люд, які жыве на Наваградчыне, - пісаў адзін з
даследчыкаў, - прынята называць беларускім. Але такая назва паўстала не так
даўно. Раней гэта была Літва або Чорная
Русь. І нават цяпер сярод старых людзей жыве прымаўка: "То што ж ты хочаш
- гэта ж Чорная Русь". Другі аўтар адзначаў, што пад
уздзеяннем агітацыі беларускіх дзеячаў і ўплываў, што ішлі з
Савецкай Беларусі палітычная свядомасць сярод беларусаў Наваградчыны ўзрасла. "Але,
наогул, беларускі народ, - працягваў ён думку, - мала здольны да арганізацыйнай працы, недаверлівы, абыякавы да
нацыянальна-палітычных лозунгаў. Ён больш падатлівы на заклікі сацыяльнага
радыкалізму, не жадае польскай улады і сімпатызуе бальшавікам".
Сімпатыі беларусаў да бальшавізму адзначаліся і іншымі аўтарамі. Так, адзін
з іх паведаміў, што "рускія наваградчане (напэўна, меліся на ўвазе
беларусы - М.Г.) і яўрэі віталі ўваход у горад Чырвонай Арміі ў 1918".
Польска-беларускія адносіны закрануў у сваіх мемуарах Зыгмунт Бечковіч, наваградскі ваявода ў
1926-1931 гг. Ён адзначыў
напружанасць гэтых узаемаадносін. Прычыну былы ваявода бачыў у дзейнасці Беларускай
Сялянска-Работніцкай Грамады, якая знаходзілася пад уплывам камуністаў, і ў
"неразумных дзеяннях" яго папярэдніка, ваяводы Янушайціса. Незадавальненне
беларусаў, па яго словах, выклікала і ваеннае асадніцтва, пад якое адводзіліся
лепшыя землі. Сам З.Бечковіч, калі стаў ваяводам, спрабаваў перавесці
беларуска-польскія адносіны на пазіцыі супрацоўніцтва, імкнуўся далучыць беларусаў
да дзяржаўнага жыцця як грамадзян польскай дзяржавы. З.Бечковіч успамінаў пра
свае спробы прыцягнуць памешчыкаў і асаднікаў да супрацоўніцтва з беларусамі ў
гаспадарчым жыцці.
Былы ваявода спыніўся і на адносінах да польскай улады яўрэйскага і
татарскага народаў. Па яго словах, гэтыя адносіны не насілі канфліктнага
характару. Яўрэі ў Наваградку складалі амаль палову ўсіх яго жыхароў. Яны былі
купцамі, адвакатамі, лекарамі, настаўнікамі. Яўрэі мелі сінагогу, школы,
бібліятэку, шпіталь, прытулак для састарэлых, нават спартыўную каманду. 3
сярэдзіны 1930-х гадоў яны выдавалі дзве газеты "Наваградскае жыццё"
і "Наваградскі тыдзень". Татараў у Наваградку налічвалася каля 400
чалавек. Значная іх частка займалася агародніцтвам, апрацоўкай скур, працавала
ў розных установах. Для сваіх духоўных патрэб татары мелі мячэць, рэлігійную
школу, Народны дом. У паўсядзённым жыцці яны карысталіся пераважна беларускай мовай.
Варта заўважыць, што ў 30-я гады звесткі пра беларусаў Наваградчыны
практычна знікаюць са старонак краязнаўчай літаратуры.
На заканчэнне трэба адзначыць,
што на пачатку 20 ст. у польскай краязнаўчай літаратуры, прысвечанай Наваградчыне,
галоўная ўвага надавалася праявам жыцця польскай грамадскасці. У публікацыях
20-х гадоў польскія аўтары пачалі звяртаць увагу на беларусаў і іншыя народы
краю. Але ў сваіх падыходах да праблем грамадска-палітычнага і культурнага
жыцця Наваградскага краю ўсе яны зыходзілі з пераканання, што гэты край з'яўляецца неад'емнай
часткай польскай дзяржавы.
Moszyński K.
Nowogródzkie pod
względem
etnograficznym // Nowogródzkie. Warszawa,
1926. S. 9.
Lisiewicz
E. Stosunki narodowościowe i
administracyjne w wojew. Nowogródzkim // Nowogródzkie. Warszawa,
1926. S. 16.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"