Дынастыя Ягелонаў - міф ці рэальнасць?*
Аляксандр Краўцэвіч
(Гародня)
Праблема, якая лягла ў аснову гэтага паведамлення, хутчэй не кур'ёз, а драма многіх людзей. Яна некалькі гадоў запар бударажыла цэлую краіну (нават не адну). Кур'ёзам гэта падзея можа здацца толькі людзям, якія адчуваюць задавальненне ад абмеркавання дэталяў чужога прыватнага жыцця. З другога боку гісторыя ёсць гісторыя, і мы, яе чорнарабочыя павінны займацца ўсімі яе праявамі, наколькі гэта магчыма.
31 кастрычніка 1424 г. у Пярэмышль прыбыў ганец з Кракава. Ён прывёз каралю Уладзіславу Ягайле, які ў гэты час знаходзіўся на набажэнстве ў касцёле, вестку пра нараджэнне першынца - сына Уладзіслава. Гэта была вельмі важная навіна для двух саюзных дзяржаў: Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. На момант нараджэння першынца каралю Ягайле, сыну вялікага князя Альгерда Гедымінавіча, было 76 гадоў. Мы не ведаем, якой была першая рэакцыя караля на гэтую навіну і ўвогуле, што ён пра ўсё гэта думаў. Вядома затое, што Ягайла развіў бурную дзейнасць, каб забяспечыць хлопчыку каралеўскі трон, а сабе гонар пачынальніка новай дынастыі польскіх каралёў. Гэты энергічны, прагны да жыцця і ўлады чалавек дасягнуў вяршыні свае асабістае кар'еры і адзіным магчымым крокам яшчэ далей угору было заснаванне дынастыі. Гэтай справе Ягайла прысвяціў апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця.
Адразу з Пярэмышля ён шле ліст да папы рымскага: "У мяне нарадзіўся сын, які з Божай дапамогай возьме кіраванне каралеўствам і ўсімі маімі землямі як нашчадак і спадкаемца". Магчыма, гэтым афіцыйным лістом Ягайла хацеў адразу адсекчы ўсе нават нязначныя сумненні наконт яго запозненага бацькоўства. А падобныя сумненні, як пазней аказалася, мелі месца нават сярод блізкага каралеўскага атачэння.
Са з'яўленнем на свет гэтага немаўляці дынастычная сітуацыя ў Польшчы змянілася карэнным чынам. Паводле ўмоваў Гарадзельскай уніі 1413 г. польскі трон павінны былі заняць законныя нашчадкі Ягайлы і толькі ў выпадку іх адсутнасці маглі адбыцца выбары. Польскія магнаты тады ж прызналі спадкаемцай кароны Ядзвігу - дачку Ягайлы ад шлюба з Ганнай Цылейскай (з Пястаў). Пасля нараджэння Уладзіслава яна губляла ўсе правы на трон і ў магнатэрыі выплывала з рук мажлівасць уплываць на выбар ёй мужа з усімі выцякаючымі выгодамі: гандлем сваімі галасамі ўзамен за прывілеі, землі, грашовыя падарункі і да т.п. У сваіх адносінах да каралевіча магнатэрыя падзялілася на дзве партыі, адныя адразу прызналі яго спадкаемцай кароны, другія патрабавалі папярэдне ад Ягайлы пацвярджэння ўсіх сваіх ранейшых прывілеяў.
Для зацвярджэння правоў сына на польскі трон Ягайла сабраў 25 красавіка 1425 г. вальны сойм у Брэсце (Куяўскім). Яшчэ да яго пачатку кароль пачаў браць у гарадоў і шляхты пісьмовыя пацверджанні вернасці каралю, а пасля яго смерці - каралевічу і яго апекунам (каралеве Соф'і і вялікаму князю Вітаўту). У выпадку ж смерці сына гарады і шляхта павінны былі захаваць вернасць каралеўне Ядзвізе. Аднак на з'ездзе магнатэрыя запатрабавала ад караля пацвярджэння вольнасцяў і прывілеяў, прычым асобнымі дакументамі для кожнай зямлі. Польскія паны выдалі свой асобны акт, паводле якога каралевіч мог быць каранаваны толькі калі стане паўналетнім і падцвердзіць усе ранейшыя прывілеі. Каралеве Соф'і і вялікаму князю Вітаўту гэтым дакументам апякунства адмаўлялася. Магнаты абышлі маўчаннем пытанне, хто будзе кіраваць дзяржавай пасля смерці Ягайлы, чалавека ўжо далёка не маладога. Кароль быў змушаны на нейкі час саступіць. 1 траўня 1425 г. ён асобным дакументам даў згоду на ўсе ўмовы магнатаў, але ў наступным годзе на з'ездзе ў Ленчыцы ад яго адмовіўся.
У 1426 г. каралева Соф'я нарадзіла яшчэ аднаго хлопчыка - будучага вялікага князя і караля Казіміра. У чэрвені 1427 г. яшчэ да яго з'яўлення на свет уся русінская шляхта Галіцкай зямлі згадзілася без усялякіх умоваў на патрабаванні караля. Гэта быў буйны палітычны поспех Ягайлы.
І тады, магчыма, як рэакцыя на гэтую перамогу паўстала справа па абвінавачванні каралевы ў нявернасці мужу. Ход гэтай справы дэталёва апісаны Янам Длугашам. У канцы верасня 1427 г. праходзіла сустрэча ў Гародлі вялікага князя літоўскага і караля польскага. Вітаўт у давяральнай размове расказаў Ягайле, што да яго дайшлі чуткі быццам каралева "звязалася пачуццём нязгодным з правам з некаторымі польскімі рыцарамі". Былі названыя імёны апошніх: Гіньча з Рогава, Пётр Куроўскі, Ваўжынец Зарэмба , Ян Краска, Ян з Канецполя і браты Пётр ды Дабеслаў са Шчэкоціна. Вітаўт параіў сваяку схапіць названых рыцараў, адаслаць кабет са двара каралевы ў Літву, а за самой Соф'яй пільна сачыць. Пакаёвак вывезлі, а рыцараў схапілі, аднак не ўсіх. Браты Пётр і Дабеслаў са Шчэкоціна і Ян з Канецполя паспелі ўцякчы. Уся справа атрымала пагалоску (для гэтага яна, відаць, і задумвалася). Ужо немагчыма было завяршыць яе па-ціхаму. Стварылася напружаная сітуацыя. Ворагі Ягайлы маглі скарыстаць скандал і адным ударам разбурыць усе дынастычныя планы караля. Можна сабе ўявіць, як у Польшчы людзі ўсіх станаў ад паноў да сялян перашэптваліся і кпілі са старога караля. Пакаёўкі каралевы пад катаваннем пацвердзілі яе віну, саму Соф'ю Ягайла накіраваў у Кракаў, дзе тая ў канцы лістапада нарадзіла Казіміра.
Узнікае пытанне, а як жа было ўсё на самой справе ? Наўрад ці ў бліжэйшы час мы пра гэта даведаемся, але паразважаць можам. Здавалася б, сумнівы ў бацькоўстве Ягайлы маюць пад сабой падставу. Па-першае, надта ўжо паважны ўзрост для такой дзетанараджальнай актыўнасці - 76-79 гадоў. Па-другое, былі паказанні пакаёвак і сам факт ледзь не судовага працэсу над каралевай, маладзейшай за мужа на 57 гадоў. Як кажуць, дыму без агню не бывае.
З другога боку, можна паразважаць каму быў выгодны гэты скандал з каралевай. Тут усё больш-менш ясна - магнацкай групоўцы, якая не хацела ўмацавання дынастыі як пагрозы яе вольнасцям і палітычнаму значэнню ў каралеўстве. Распачаў усю справу як быццам Вітаўт, але адназначна ацаніць яго ролю тут не ўяўляецца магчымым. Ян Длугаш няпэўна выказваецца на гэты конт, маўляў, "дакладна невядома, ці гэта князь Вітаўт, здаўна загневаны на каралеву, вырашыў выставіць яе на смех".
Даволі спакусліва паглядзець на справу праз прызму даўніх адносінаў паміж вялікім князем і каралём. Пасля жорсткай канфрантацыі ў 1382 г., калі страціў жыццё бацька Вітаўта Кейстут, а сам Вітаўт ратаваўся ўцёкамі, месца сяброўству між стрыечнымі братамі саступіла вострае суперніцтва. Спачатку змагаліся між сабой за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім, потым супернічалі як кіраўнікі суседніх дзяржаў за славу, за будучыню. Дазволю сабе выcунуць наступны тэзіс: поспех у такой справе як змаганне за ўладу прыходзіў да таго, хто быў гатовы да большых дзеля яе ахвяраў. Вітаўт забіваў, супрацоўнічаў з ворагам, пераступаў клятву, змяняў веру. Ягайла таксама праз усё гэта прайшоў, але акрамя палітычных ахвяраў ён дзеля ўлады прынёс у ахвяру яшчэ і мужчынскую годнасць. Так было ў гісторыі з яго шлюбам з каралевай Ядзвігай, калі каханага каралевы аўстрыйскага прынца магнаты выкінулі з яе ложка і ўклалі туды Ягайлу. Доўгі час Ягайла мусіў цярпець свой статус "мужа каралевы". Цяпер жа на схіле жыцця, каб забяспечыць працяг дынастыі, ён дабіваецца фармальнага апраўдання жонкі праз суд.
Вітаўт афіцыйна выступае як абаронца гонару каралевы. Па просьбе Соф'і ён шле лісты да польскіх паноў, заклікае не даваць веры нагаворам і патрабуе афіцыйна прыняць ад каралевы ачышчальную клятву. У лісце з 1430 г. ён патрабуе ад хохмайстра Тэўтонскага ордэна тлумачэнняў, ці праўда, што ад імя хохмайстра каралю Ягайле данеслі быццам ён, Вітаўт, распаўсюджваў плёткі пра пазашлюбнае паходжанне каралеўскіх сыноў. Напэўна, у справе была замешана дыпламатычная гульня, але застаецца фактам, што імя Вітаўта фігуруе ў справе Соф'і на адным з першых месцаў.
Сама каралева Соф'я баранілася як магла. Яна прынесла ачышчальную клятву, пацверджаную сям'ю вартымі даверу дзяўчатамі перад лідэрам магнацкай партыі кардыналам Збігневам Алесьніцкім і іншымі вышэйшымі саноўнікамі каралеўства. Акрамя таго ў 1431 г. яна сама абвінаваціла рыцара Яна Страша з Бялчова ў абгаворванні яе перад Вітаўтам і літоўскімі панамі. Сведкамі з боку каралевы выступалі два малойцы са слаўнай сямёркі: Гіньча з Рогава і Пётр Куроўскі. Ян Страш кляўся і бажыўся, што ніколі не ганіў каралеву, але гэта не дапамагло яму пазбегнуць турмы. Кагосьці ж трэба было пакараць. Абвінавачванне каралевы было афіцыйна скасавана, справу закрылі. Сямёра рыцараў, якія фігуравалі ў справе ніколькі не пацярпелі і засталіся на прыдворнай службе.
Толькі ў 1432 г. на з'ездзе ў Сераддзе Ягайла дамогся згоды часткі магнатаў прызнаць карону пасля смерці караля ягонаму старэйшаму сыну Уладзіславу. Аднак гэтая перамога была нядоўгай, урэшце Ягайла быў змушаны прызнаць умовы магнатаў і да канца жыцця не быў упэўнены ў працягу сваёй дынастыі. У Гарадку, лежачы на смяротным ложы, 86-гадовы кароль упрошваў прысутных паноў прызнаць каралём свайго сына Уладзіслава, які "з твару быў на яго падобны".
Ягайла дамогся свайго. Ад таго часу каралі і вялікія князі з дынастыі Ягелонаў амаль паўтары стагоддзі кіравалі Польскім каралеўствам, Вялікім Княствам Літоўскім, а таксама Чэшскім ды Венгерскім каралеўствамі. Ягайла перамог, праўда, сваімі ўступкамі магнатам і шляхце ён прычыніўся да стварэння палітычнай сістэмы "шляхецкай дэмакратыі", якая ўрэшце прывяла да пагібелі і Польскае каралеўства, і Вялікае Княства Літоўскае.
Такім чынам, справу па абвінавачванні каралевы Соф'і ў нявернасці мужу варта лічыць хутчэй палітычнай чым этычнай праблемай. Яна з'явілася на свет у выніку чыста палітычных разлікаў. Праўду пра бацькоўства Ягайлы панеслі за сабой у магілу людзі тых часоў і, напэўна, не хутка дойдзе да яе высвятлення, хоць дасягненні сучаснай навукі даюць для гэтага падставы.
Не так важна ад каго пайшлі ягайлавы дзеці, гісторыя ў сваіх аналах замацавала менавіта яго імя. Ягайла перамог Вітаўта і свой лёс. Дынастыя Ягелонаў - рэальнасць, наколькі можа быць рэальнасцю сама гісторыя.
* Гэты тэкст уяўляе сабой паведамленне, зробленае на міжнароднай канферэнцыі "Усмешкі спадарыні Кліо", якая адбылася 1-2 красавіка 1995 г. у Гародні.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"