30 студзеня 1999 г. у Гародні адбыліся навуковыя чытанні, прысвечаныя 115-м угодкам з дня нараджэння Антона Луцкевіча. Чытанні былі арганізаваныя Гарадзенскай філіяй БСДГ пры падтрымцы грамадскага аб’яднання “Ратуша”. Цікавасць гісторыкаў да асобы Антона Іванавіча Луцкевіча цалкам зразумелая. Гэта адна з ключавых постацей беларускай гісторыі 20 ст. Без грунтоўнага аналізу ягонай дзейнасці немагчыма прэтэндаваць на разуменне многіх праблем гісторыі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння пачатку 20 ст. і гісторыі барацьбы за беларускую дзяржаўнасць.
З уступным словам выступіў Уладзімір Хільмановіч, сябра Гарадзенскай філіі БСДГ. Алесь Смалянчук (Гародня) прысвяціў сваё выступленне малавядомым аспектам адносін Антона Луцкевіча да краёвай ідэалогіі, якая займала прыкметнае месца ў грамадска-палітычным жыцці “гістарычнай Літвы” пачатку 20 ст. Ігар Трусаў (Гародня) распавёў пра сяброўства братоў Луцкевічаў з дзеячам літоўскага нацыянальнага руху Ёнасам Басанавічусам. Уладзімір Ляхоўскі (Менск) спыніўся на праблеме “А.Луцкевіч і беларускі нацыянальны асяродак у Гародні ў канцы 1918 - пачатку 1919 г.”
Не ўсе з прысутных пагадзіліся з даволі рэзкімі і катэгарычнымі ацэнкамі некаторых дзеячаў беларускага руху, якія прагучалі ў цікавым рэфераце Андрэя Чарнякевіча (Гародня) “Беларускае жыццё ў Гародні вачыма Антона Луцкевіча”. У выступленні вядомага беларускага даследчыка з Беластока Алега Латышонка знайшлі асвятленне сустрэчы аднаго з лідараў беларускага руху з Юзафам Пілсудскім. Рэферат Яўгена Мірановіча (Беласток) быў прысвечаны беларускаму палітычнаму і нацыянальнаму жыццю пасля разгрому Грамады. Янка Трацяк (Гародня) узняў праблему “Антон Луцкевіч (БСГ) і Адам Станкевіч (БХД): на перакрыжаванні думак”. Матэрыялы чытанняў будуць выдадзены асобным зборнікам.
Алесь Смалянчук (Гародня)
16-21 мая 1999 г. у Палянчыку (Польшча) адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя “Праблемы геапалітыкі Цэнтральна-Усходняй Еўропы”. У працы канферэнцыі ўдзельнічалі географы, палітолагі і гісторыкі Польшчы, Украіны, Літвы, Беларусі, Латвіі, Расіі, Венгрыі, Славакіі, Балгарыі і Германіі. Найбольш прадстаўнічымі былі навуковыя дэлегацыі Польшчы і Украіны. Сярод удзельнікаў канферэнцыі трэба назваць імёны прафесараў Пятра Эберхардта і Марціна Расцішэўскага (Варшава), Святланы Пісарэнка і Сцяпана Трахімчука (Львоў), Адама Елонка (Кракаў) і Гешо Гешава (Сафія). Беларуская навука была прадстаўлена географамі з Бярэсця Сяргеем Арцёменка і Канстанцінам Красоўскім і гісторыкамі з Гародні Алесем Краўцэвічам і Алесем Смаленчуком.
Цэнтральнае месца ў выступленнях і дыскусіях займаў аналіз геапалітычнай сітуацыі Польшчы і постсавецкіх дзяржаў у кантэксце працэсу еўрапейскай інтэграцыі. Таксама разглядаліся праблемы рэгіянальнай палітыкі, памежнага супрацоўніцтва, гаспадарчага развіцця краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы і інш. Уздымалася праблема месца Рэспублікі Беларусь у сучаснай еўрапейскай геапалітычнай сітуацыі. Практычна ўсе навукоўцы разглядалі беларускія перспектывы толькі на шляху ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту краіны. Рыхтуецца выданне матэрыялаў канферэнцыі.
Алесь Смалянчук (Гародня)
24-25 верасня 1999 г. у г. Рэчыца адбыліся Міжнародныя Доўнараўскія чытанні. Другі раз горад, які шануе памяць свайго земляка, вядомага беларускага гісторыка Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага, сустракаў навуковыя дэлегацыі з Беларусі, Украіны, Расіі. Чытанні з’явіліся лагічным працягам канферэнцыі “Жыццё і дзейнасць М.Доўнар-Запольскага”, якая праводзілася ў Рэчыцы 1-2 ліпеня 1997 г. Яе ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, у якой адзначылі, што “вывучэнне багатай творчай спадчыны М.Доўнар-Запольскага яшчэ не адпавядае яе вялікаму актуальнаму значэнню і тым задачам, якія стаяць у галіне духоўнага развіцця беларускага, украінскага і рускага народаў”. Таму яны прапанавалі, улічваючы навуковае і грамадскае значэнне канферэнцыі, праводзіць рэгулярныя Доўнараўскія чытанні з перыядычнасцю 1 раз у 2 гады.
Слушнасць гэтай прапановы яскрава пацвердзілася ў верасні мінулага года. 25 навукоўцаў з Менска, Гомеля, Гародні, Кіева, Бранска абмяркоўвалі розныя праблемы навуковай спадчыны, а таксама асабістага лёсу М.Доўнар-Запольскага.
Працу канферэнцыі адкрылі выступленні М.Шумейкі (Менск) і І.Мацяш (Кіеў), якія былі прысвечаны дзейнасці М.Доўнар-Запольскага як археографа і архівіста. Даследчыца з Украіны звярнула ўвагу на Кіеўскі і Харкаўскі перыяды архіўнай дзейнасці вядомага навукоўца.
У некалькіх дакладах закраналася праблема разумення М.Доўнар-Запольскім рэлігійных пытанняў: “Царква і духавенства канца 10-13 стст. у працах М.В.Доўнар-Запольскага” (Г.Штыхаў з Менску), “Рэлігія як фактар ідэнтыфікацыі беларускага этнасу” (С.Лях з Гомеля), “М.Доўнар-Запольскі аб уніяцкай царкве і сучасны стан вывучэння праблемы” (З.Яцкевіч з Менску).
Шмат пытанняў і навуковую дыскусію выклікаў даклад А.Кіштымава (Менск), які тычыўся дзейнасці М.Доўнар-Запольскага як заснавальніка і кіраўніка Кіеўскага камерцыйнага інстытута. Аўтар ахарактарызаваў сістэму адукацыі ў гэтай навучальнай установе, адзначыў, што найбольш здольныя студэнты атрымлівалі даволі высокую стыпендыю і мелі магчымасць стажыравацца за мяжой. Даследчык З Бранка (Расія) С.Міхальчанка выступіў з пасведамленнем “М.Доўнар-Запольскі і Я. Ляцкі: гісторыя ўзаемаадносін”. Ён адзначыў, што за вывучэннем навуковай дзейнасці вядомага даследчыка нельга забываць пра яго як пра чалавека, паколькі характар моцна ўплывае на навуковую дзейнасць. Такой жа думкі прытрымліваўся Ю.Мыцык (Кіеў), які распавёў пра перапіску Доўнар-Запольскага з Грушэўскім і адзначыў, што гэты пласт матэрыялаў яшчэ чакае свайго даследчыка.
Цікавасць выклікалі даклады В.Мазеца, В.Лебедзевай і В.Скалабана, якія ўтрымлівалі новыя факты пра дзейнасць Доўнар-Запольскага ў час станаўлення дзяржаўнасці (1918–1920 гг.). Актуальнымі і змястоўнымі былі таксама паведамленні Э.Іофе, В.Новак, І.Кітурка, Т.Ліцвінавай, Д.Казлова, І.Вербы, І.Нямкевіча, К.Казака.
Ірына Кітурка (Гародня)
28-30 верасня 1999 г. у Гародні адбыліся паседжанні міжнароднага круглага стала “Беларусы і палякі: дыялог народаў і культур. 10-20 стст.”
Круглы стол быў ініцыяваны Заходнебеларускім гуманітарным цэнтрам даследаванняў Усходняй Еўропы. Менавіта Цэнтр выканаў галоўную арганізацыйную працу. Апроч яго ў падрыхтоўцы канферэнцыі ўдзельнічала Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку (старшыня Алег Латышонак) і факультэт эканомікі і кіравання Гарадзенскага універсітэту.
Падчас круглага стала працавалі тры секцыі: “Беларусы і палякі ў эпоху сярэдніх вякоў і ранняга новага часу (9-18 стст.)”, “Беларусы і палякі ў складзе Расійскай імперыі (канец 18 ст.-1917 г.)”, “Беларусь і Польшча ў перыяд найноўшай гісторыі (1918-1990 гг.)”. Прадметам абмеркавання сталі пытанні, звязаныя з праблемамі этнагенезу беларусаў і палякаў, беларуска-польскім палітычным і культурным узаемадзеянням у часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай, нацыянальна-дзяржаўнай палітыкі ўраду Расійскай імперыі адносна народаў Беларусі, сацыяльна-культурнымі, канфесійнымі і этнічнымі працэсамі на беларускіх землях напрыканцы 18-пачатку 20 ст., беларуска-польскіх палітычных і культурных кантактаў і сувязяў у 20 ст. і інш. Варта адзначыць удзел у канферэнцыі вядомых беларускіх навукоўцаў Георгія Галенчанкі, Генадзя Сагановіча, Андрэя Кіштымава, Язэпа Янушкевіча, Мікалая Сташкевіча (усе Менск), Святланы Марозавай, Мікалая Сільчанкі (усе Гародня), Рыгора Лазько (Гомель) ды інш. З польскага боку ўдзельнічалі Рышард Радзік (Люблін), Ежы Крупе, Іеранім Граля, Ежы Мейснер, Эльжбета Смулкова (усе Варшава), Адам Даброньскі, Міхал Гнатоўскі, Ян Мілеўскі (усе Беласток) ды інш.
Дыялог спецыялістаў, не абцяжараных пэўнымі ідэалагічнымі задачамі, паспрыяў выпрацоўцы панарамнай карціны польска-беларускіх узаемадачыненняў за перыяд з Х па ХХ ст. Безумоўным поспехам канферэнцыі стала збліжэнне пазіцый навукоўцаў Польшчы і Беларусі па многіх актуальных і вельмі вострых праблемах узаемаадносін блізкіх славянскіх народаў. Можна меркаваць, што вераснёўскі дыялог будзе спрыяць фармаванню новага пакалення інтэлігенцыі, пазбаўленага варожых стэрэатыпаў.
Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваныя ў выглядзе кнігі 8 “Нашага радаводу” (37 д.а.) у першай палове 2000 г.
Правядзенне міжнароднага круглага стала было б немагчымым без фінансавай падтрымкі Фонда імя Стэфана Баторыя (Варшава) і турыстычнай фірмы “Грыта” (Гародня).
Заходнебеларускі цэнтр гуманітарных даследаванняў Усходняй Еўропы плануе ў 2000 г. правесці ў Гародні міжнародную канферэнцыю “Традыцыі язычніцтва, хрысціянства і антычнасці ў культуры народаў Вялікага Княства Літоўскага. 13-20 стст.”
Дзмітры Караў (Гародня)
20-21 кастрычніка 1999 г. у Вільні адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя “Асобы, нацыі, грамадства ў Літве на рубяжы 19-20 ст.” Канферэнцыю арганізаваў Інстытут гісторыі Акадэміі Навук Літвы. Яна прысвячалася памяці вядомага дзеяча літоўскага руху Вінцаса Кудзіркі і разглядала праблемы гісторыі Літвы і Польшчы на пераломе стагоддзяў. Цікавасць літоўскіх даследчыкаў да падзей стогадовай даўніны цалкам зразумелая. Менавіта ў той час выпрацоўваліся тэарэтычныя асновы літоўскай дзяржаўнасці і рабіліся першыя практычныя крокі на шляху яе пабудовы.
Першы праблемны блок, які стаў прадметам абмеркавання, быў прысвечаны расійскай імперскай палітыцы ў адносінах да “гістарычнай Літвы”. З паведамленнямі выступілі Тэд Вікс (ЗША), аўтар кнігі “Nation and State in late Imperial Russia. Nationalism and Russification on the Western Frontier, 1863-1914” (DeKalb 1996), Дарюс Сталюнас (Літва) і Леанід Гарызонтаў (Расія). Апошні з’яўляецца аўтарам грунтоўнага даследавання “Парадоксы имперской политики: поляки в России, русские в Польше” (Москва, 1999).
Л.Гарызонтаў звярнуў увагу на тое, што, ствараючы супрацьвагу палякам, імперскія ўлады фактычна давалі шанс з’яўленню “трэцяй сілы” – развіццю літоўскага і беларускага рухаў. Спробу ўладаў на пачатку 20 ст. знайсці ў літоўцах саюзнікаў у барацьбе з польскімі ўплывамі адзначыў таксама амерыканскі даследчык. Дыскусія закранула праблему суадносін палітыкі цэнтра і палітыкі рэгіянальнай адміністрацыі. На думку Д.Сталюнаса, уплыў рэгіёнаў на выпрацоўку палітычнага курса цэнтра быў нязначным. Л.Гарызонтаў прытрымліваецца іншага пункту погляду. У якасці прыклада значнай ролі рэгіянальнай адміністрацыі ён адзначыў канфлікт паміж генерал-губернатарам Мураўёвым і міністрам унутраных спраў Валуевым. Усе выступаючыя прызналі палітыку Расіі па нацыянальным пытанні неэфектыўнай. Аднак трэба звярнуць увагу на тое, што яна была ўсё ж такі даволі паспяховай у дачыненні да беларусаў. Расійскія ўлады здолелі ізаляваць “піянераў” беларускага Адраджэння ад народнай масы.
Другі тэматычны блок закранаў праблемы літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў. З дакладамі выступілі Владас Сірутавічус, Вілма Жалтаўскайтэ, Чэсловас Лаўрынавічус і Рымас Мікныс (усе Літва), Эрык Екабсонс (Латвія) і Алесь Смалянчук (Беларусь). Апошні паспрабаваў прааналізаваць ролю палітычнай ідэалогіі ў беларускім нацыянальна-культурным Адраджэнні. Асобныя тэзісы рэферата (існаванне польскіх і беларускіх краёўцаў у перыяд 1907-1915 гг., дамінаванне ў беларускім руху амаль да 1917 г. ліберальнай ідэалогіі) выклікалі ажыўленую дыскусію. На феномене літоўскага нацыяналізму засяродзіў увагу Антанас Кулакавічус (Літва).
Апошні тэматычны блок (літоўскія даследчыкі Вітаўтас Меркіс і Эльвіра Усачовайтэ, польскі гісторык Бронюс Макаўскас) быў прысвечаны жыццю і дзейнасці Вінцаса Кудзіркі.
Завяршыла канферэнцыю выступленне кіраўніка літоўскага сейма Вітаўтаса Ландсбергіса. Вядомы палітык адзначыў вялізарную ролю Вінцаса Кудзіркі, назваўшы літоўскі рух “рухам Кудзіркі”. На прыкладзе біяграфіі “піянера” літоўскага Адраджэння В.Ландсбергіс засяродзіў увагу прысутных на праблеме: асоба – грамадства.
Алесь Смалянчук (Гародня)
12-13 лістапада 1999 г. у Гародні адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Культура Гарадзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа”. Арганізавала яе кафедра беларускай культуры Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. У рабоце канферэнцыі ўзялі ўдзел 86 навукоўцаў, сярод іх 9 замежных. На пленарным паседжанні выступілі з дакладамі, прысвечанымі канцэптуальным праблемам вывучэння полікультурнага сумежжа, такія вядомыя даследчыкі, як прафесар А.Пяткевіч (Гародня), доктар хабілітаваны А.Баршчэўскі (Беласток), прафесар А.Станкевіч (Гомель), доктар А.Глагоўская (Беласток). Усе дакладчыкі падкрэслівалі асаблівую практычную значнасць і актуальнасць вынесенай на абмеркаванне канферэнцыі праблематыкі ў сучасных палітычных і культурных рэаліях. У далейшым работа канферэнцыі праходзіла па 4 асобных секцыях.
На секцыі “Археалогія, этнаграфія, фалькларыстыка” было прачытана 20 дакладаў. Больш за палову з іх склалі выступленні, прысвечаныя пытанням археалогіі і старажытнай гісторыі Гарадзеншчыны. Прычым прысутнічалі практычна ўсе вядучыя ў гэтай галіне беларускія спецыялісты – А.Краўцэвіч, М.Чарняўскі, Я.Звяруга, А.Мядзведзеў, А.Іоў, С.Піваварчык і інш. Падчас дыскусіі былі абмеркаваны асноўныя палажэнні канцэпцыі гісторыі Гарадзеншчыны ў старажытнасці і сярэднявеччы. Другая палова дакладаў на гэтай секцыі прысвячалася праблемам этнаграфіі і фалькларыстыкі. Вызначыліся высокім тэарытычным узроўнем выступленні Г.Энгелькінг “Этналагічныя і этнаграфічныя даследаванні на Гарадзеншчыне” і І.Крука “Жыллёвая прастора беларусаў у кантэксце міфа-паэтычнай мадэлі свету”.
У рабоце секцыі “Гісторыя культуры” ўзялі ўдзел 22 навукоўцы. Асаблівую дыскусію выклікаў канцэптуальны даклад С.Куль-Сяльверставай “Феномен ліцвінскай культуры як праблема гісторыі і культуралогіі”. Цікавыя праблемы фармавання і развіцця беларускай нацыянальнай свядомасці і ўзаемадзеяння розных нацыянальных культур былі ўзнятыя ў дакладах У.Ляхоўскага, Э.Екабсона, Я.Мірановіча, А.Латышонка, С.Токця, Я.Трацяка, С.Габрусевіча, В.Мазеца, Я.Разенблата.
На секцыі “Мастацтвазнаўства і нумізматыка” працавалі 15 навукоўцаў. Тэматыка тычылася пытанняў архітэктуры, выяўленчага і ўжытковага мастацтва, а таксама нумізматыкі Гарадзеншчыны. Асаблівую цікавасць выклікалі даклады Т.Габрусь, А.Трусава, Г.Барвенавай, В.Рабцэвіча, К.Філіпава. У завяршэннне работы секцыі было прынята рашэнне ўтварыць Беларускае нумізматычнае таварыства.
На секцыі “Мовазнаўства і літаратуразнаўства” было прачытана 17 дакладаў. Аб’ектам абмеркавання сталі мовазнаўчыя і літаратуразнаўчыя аспекты культуры Гарадзеншчыны. З цікавымі дакладамі пра адметнасці ў мове перасяленцаў з паўночна-ўсходніх земляў ІІ Рэчы Паспалітай у Заходнюю Польшчу выступілі даследчыкі са Шчэцына Б.Франкоўска-Козак і А.Белхняроўска. Найбольшая колькасць дакладаў прысвячалася моўным аспектам культуры Гарадзеншчыны.
На пачатак 2000 г. запланавана выданне зборніка матэрыялаў канферэнцыі.
Сяргей Токць (Гародня)
26-27 лістапада 1999 г. у Беластоку адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя “Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ў 1939-1941 гадах”. У яе рабоце ўзялі ўдзел каля 20 беларускіх і польскіх гісторыкаў з Беластока, Бярэсця, Варшавы, Гомеля, Гародні, Кентшына, Менска. Сярод удзельнікаў былі такія вядомыя навукоўцы як Аляксей Літвін, Ігар Кузняцоў, Яўген Мірановіч, Алег Латышонак, Алена Глагоўская і інш.
Адной з цэнтральных і найбольш дыскутаваных праблем стала праблема “саветызацыі” Заходняй Беларусі пасля далучэння да СССР, суадносіны гэтага працэсу з беларусізацыяй і іншымі накірункамі нацыянальна-культурнай палітыкі савецкай улады ў акрэслены перыяд. Вялікая ўвага была нададзена такім пытанням, як беларуская гістарыяграфія падзей 1939 г., прававыя аспекты далучэння Заходняй Беларусі да СССР, прапагандысцка-агітацыйная дзейнасць савецкіх уладаў, рэлігійная палітыка, палітыка ў галіне адукацыі і г.д. Удзельнікі канферэнцыі падчас дыскусіі фактычна пагадзіліся, што беларусізацыя культурнага жыцця, як і іншыя накірункі нацыянальнай палітыкі савецкай улады, былі падпарадкаваны правядзенню саветызацыі мясцовага грамадства, насаджэнню камуністычнай ідэалогіі ва ўсіх сферах культуры і грамадскага жыцця.
Пасля завяршэння работы канферэнцыі 28 лістапада 1999 г. адбылося паседжанне круглага стола, прысвечанага абмеркаванню перспектыў развіцця беларускай гістарыяграфіі. Яго ўдзельнікі пагадзіліся з неабходнасцю правядзення ў наступным годзе тэарэтычнай канферэнцыі па гэтай праблеме, а таксама прыйшлі да агульнай думкі пра патрэбу заснавання таварыства беларускіх гісторыкаў, якія будуць працягваць традыцыі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі.
Сяргей Токць (Гародня)
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"