БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 2 / 1999

ДЫСКУСІЯ

Да праблемы генезісу Вялікага Княства Літоўскага


Беларуская гістарычная навука сёння перажывае складаны этап станаўлення ўласнай нацыянальнай школы. Адметнасцю гэтага працэсу з’яўляецца тое, што ён праходзіць у неспрыяльных умовах крызісу сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Цяперашняя ўлада імкнецца змусіць гісторыкаў да абслугі ідэалагічных патрэбаў пануючага антыбеларускага па сваёй сутнасці рэжыму. Сярод гісторыкаў пазначыўся выразны падзел на тых, якія разглядаюць Беларусь як суб’ект уласнай гісторыі і тых, хто працуе на замову ўлады. Сітуацыя ўскладняецца тым, што абсалютная большасць гісторыкаў-прафесіяналаў занята ў дзяржаўных установах і так ці інакш залежыць ад улады. Акрамя таго ўсе мы родам з Савецкага Саюза. Спадчына савецкіх часоў дае пра сябе знаць мноствам састарэлых метадалагічных і ацэначных стэрэатыпаў, якімі перагружана гістарычная свядомасць беларускай нацыі.

Дыскусыйныя матэрыялы, змешчаныя ў гэтым нумары, датычацца адной з ключавых праблемаў беларускай гісторыі, менавіта, утварэння ВКЛ. Яны звязаны з палемікай, якая распачалася вакол працы Аляксандра Краўцэвіча “Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага” падчас абароны яе ў якасці доктарскай дысертацыі (афіцыйная назва дысертацыі “Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове 13-пачатку 14 ст.: Генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах”) у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі 4 снежня 1998 г. Акрамя трох афіцыйных апанентаў (двое з іх ацанілі працу станоўча – С.Александровіч з Універсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні і Я.Юхо з БДУ, адзін - Л.Побаль з Інстытута гісторыі НАН Беларусі – адмоўна) выступілі яшчэ сем вядомых гісторыкаў і археолагаў: М.Спірыдонаў, Л.Казлоў, В.Насевіч, Ю.Бохан, Г.Штыхаў, П.Лысенка, У.Палуян. Адны з іх падтрымалі станоўчую ацэнку працы (Л.Казлоў, Ю.Бохан, Г.Штыхаў), астатнія выступілі з рэзкай крытыкай.

Дыскусія працягнулася на старонках часопіса “Беларускі гістарычны агляд”, дзе В.Насевіч апублікаваў крытычную рэцэнзію на названую працу (БГА, т. 5, сш. 1(8), с. 210-226), тэкст якой блізкі па змесце ягонаму выступу пад час абароны. У наступным нумары БГА быў змешчаны адказ А.Краўцэвіча і заключная рэпліка В.Насевіча (БГА, т. 5, сш. 2(9), с. 448-454 і 455-456).

Вядомы спецыяліст па гісторыі Беларусі часоў ВКЛ М.Спірыдонаў згадзіўся прадоўжыць дыскусію ў нашым часопісе і перадаў у рэдакцыю пісьмовы тэкст свайго выступу 4 снежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі. Нам падаецца, што змест, аргументацыя апанентаў і сам характар спрэчкі па праблеме пачаткаў беларуска-літоўскага гаспадарства з’яўляецца ў нейкім сэнсе адлюстраваннем сённяшняга становішча беларускай гістарычнай навукі.

Матэрыялы пададзены ў наступным парадку: спачатку змешчаны тэкст даклада дысертанта на абароне, які ўяўляе сабой сціслы канспект манаграфіі, потым выступ-рэцэнзія М.Спірыдонава (з захаваннем аўтарскага стылю) і адказ на яе, падрыхтаваны А.Краўцэвічам.

Д А К Л А Д
А.К.Краўцэвіча на пасяджэнні савета па абароне дысертацый 4 снежня 1998 г.

На сённяшні дзень у свеце вядомыя дзве канцэпцыі ўтварэння ВКЛ. Першая, якую можна назваць яшчэ агульнапрынятай, сягае сваімі вытокамі ў легендарную частку беларуска-літоўскіх летапісаў 16 ст. Гэтая легенда, канчаткова аформленая ў першых дзесяцігоддзях 16 ст., апавядае пра рымскае паходжанне кіруючай у ВКЛ дынастыі, прадстаўнікі якой прыбылі да Нёмана з Рыма і пачалі кіраваць у Літве. Пазней яны занялі спустошаныя татарамі рускія землі, адбудавалі на іх гарады і паспяхова абаранілі ад татараў.

Навуковае афармленне названая канцэпцыя атрымала ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст. у працах расійскіх і польскіх даследчыкаў Уладзіміра Антановіча, Юлюша Ляткоўскага, Мацея Любаўскага і інш. Распрацаваная і дэталізаваная польскімі гісторыкамі ў міжваенны перыяд, найперш у працах Генрыка Пашкевіча і Генрыка Лаўмяньскага, гэтая канцэпцыя (т. зв. балцкая) была мадыфікаваная ў 50-я гады савецкім расійскім гісторыкам Уладзімірам Пашутам і дажыла да нашага часу, перацярпеўшы нязначныя змены.

Знамянальнай рысай гэтай канцэпцыі з’яўляецца стабільнасць яе галоўнай тэзы. Большасць гісторыкаў канца 20 ст., як і іх калегі з канца 19 ст. бачаць утварэнне ВКЛ як вынік унутранага развіцця балцкага этнасу пад назвай “летувісы”. Паводле сённяшняга варыянта гэтай версіі, у канцы 12 – першых дзесяцігоддзях 13 ст. утварылася раннелетувіская дзяржава (саюз ці канфедэрацыя земляў), якая сфармавалася незалежна (ці амаль незалежна) ад славянскіх суседзяў на тэрыторыі, населенай балцкімі плямёнамі. Цэнтрам дзяржавы вызначана адна з балцкіх земляў, меўшая назву “Літва”. Апошняя ў агульных рысах лакалізуецца па сярэднім цячэнні Віліі, дзе з 4 па 13 ст. існавала культура ўсходнелітоўскіх курганоў. У першай палове – сярэдзіне 13 ст. гэтая дзяржава (саюз ці канфедэрацыя) шляхам заваёвы (далучэння) суседніх усходнеславянскіх земляў ператварылася ў ВКЛ.

Канцэпцыя гэтая з’яўляецца інтэрнацыянальным навуковым прадуктам, вынікам шматгадовай працы расійскіх, польскіх, нямецкіх, летувіскіх даследчыкаў. Многія з прац замежных гісторыкаў, гэтаксама як і выданні некаторых пісьмовых крыніц, да нядаўняга часу былі практычна недаступны беларускім даследчыкам. Вывучыць гэтыя працы і прасачыць фармаванне агульнай канцэпцыі мне ўдалося дзякуючы магчымасці выязду ў лепшыя бібліятэкі Польшчы, найперш у бібліятэку Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. За магчымасць такой працы на працягу амаль паўтара гадоў выказваю тут шчырую ўдзячнасць польскім калегам.

Другую версію ў канцы 80-х гадоў 20 ст. прапанаваў Мікола Ермаловіч. Гэты даследчык лічыць, што ўтварэнне ВКЛ адбылося па ініцыятыве ўсходнеславянскіх (беларускіх) феадалаў з Наваградка. Яны запрасілі на наваградскі стол літоўскага князя-перабежчыка Міндоўга, пацярпеўшага паражэнне ў міжусобнай барацьбе і вымушанага ўцякаць у Наваградак (у апошняй працы гісторык гаворыць пра паходжанне Міндоўга з роду полацкіх князёў). Атрымаўшы грошы і войска, Міндоўг заваяваў і падпарадкаваў Наваградку Літву – востраў балцкага насельніцтва ў беларускім абшары, размешчаны прыблізна паміж Наваградкам і Менскам. Такім чынам, паводле Ермаловіча, летапісная Літва з’яўляецца гістарычнай вобласцю Беларусі, а ВКЛ ад пачатку было беларускай дзяржавай.

На сённяшні дзень першая версія распаўсюджана па ўсім свеце, а канцэпцыя Ермаловіча набыла пэўную папулярнасць на Беларусі. На першы погляд гэтыя дзве канструкцыі здаюцца кардынальна процілеглымі, аднак на самай справе яны маюць шмат агульных рысаў. Па-першае, у іх падобная храналагічная (13 ст.) і геаграфічная (басейн Нёмана) лакалізацыя працэсу дзяржаваўтварэння. Па-другое, пачатак уласна ВКЛ звязваецца з адной і той жа гістарычнай асобай - Міндоўгам (адзінае выключэнне - Пашкевіч). Па-трэцяе, абедзве канцэпцыі маюць выразную ідэалагічную афарбоўку, якая бачна ў імкненні давесці канкрэтную этнічную прыналежнасць дзяржавы (летувіскую ці беларускую) з самага яе пачатку. Тут навідавоку механічны перанос на сярэднявечча канцэпцыі дзяржавы, уласцівай новаму і навейшаму часу, менавіта, разуменне дзяржавы як механізма рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў. Па-чацвёртае, у абедзвюх версіях прысутнічае тэза аб балта-славянскай канфрантацыі на тэрыторыі Панямоння. Менавіта гэтая апошняя тэза з’яўляецца іх асновай, падмуркам. Таму ўтварэнне ВКЛ падаецца як вынік перамогі аднаго з супернікаў у шматвекавым “змаганні за тэрыторыі” (акрэсленне Ахманьскага).

Аднак менавіта гэтая падмуркавая тэза знаходзіцца ў супярэчнасці з вынікамі дэталёвых спецыяльных даследаванняў археолагаў і мовазнаўцаў, якія звяртаюць увагу на пераважна мірны характар балта-славянскіх адносін на тэрыторыі Беларусі. Галоўнай ідэяй маёй працы стала вывучэнне праблемы ўтварэння ВКЛ праз яго ўзаемасувязь з буйнейшай гістарычнай з’явай на Панямонні – працэсам балта-славянскіх кантактаў. Рэалізацыя гэтай ідэі аказалася магчымай дзякуючы таму, што за апошнія паўстагоддзя навукоўцы (археолагі, лінгвісты, этнографы) сабралі агромністую колькасць матэрыялаў і стварылі нават асобную галіну гістарыяграфіі па гэтаму працэсу (варта прыгадаць маскоўскія зборнікі “Балто-славянские исследования”). Сумненняў адносна сувязі двух названых працэсаў не ўзнікала, бо абедзве гэтыя гістарычныя з’явы звязаны з арганізацыяй жыццядзейнасці буйных чалавечых супольнасцей і ў пэўны момант яны супалі ў часе і прасторы.

Адной з падстаў для ўзнікнення тэзы канфрантацыі стаў рэальны факт актывізацыі ваенна-рабаўнічай дзейнасці летапісных літоўцаў, пачынаючы з 80-х гадоў 12 ст. Аб’ектамі рабаўнічых нападаў сталі далёкія і блізкія суседзі літоўцаў. Пісьмовыя крыніцы (усходнеславянскія летапісы, польскія і нямецкія хронікі) зафіксавалі дзесяткі рабаўнічых паходаў літоўцаў амаль ва ўсіх кірунках: на польскія, галіцка-валынскія, чарнігаўскія, смаленскія, ноўгарадскія, пскоўскія землі, на Лівонію і землі эстаў. У той жа час да Аўкштоты і Жамойці амаль з усіх бакоў прылягалі “мірныя” тэрыторыі. Яны складаліся як з балцкіх (Яцвягія, Прусія), так і бліжэйшых усходнеславянскіх земляў: Наваградчына, Гарадзеншчына, Полацкая і Турава-Пінская землі. Даследчыкам не ўдалося знайсці прамых ці ўскосных вартых даверу сведчанняў пра напады летапісных літоўцаў на Наваградак, Гародню, Ваўкавыск, Менск, Полацк і іншыя гарады будучай Беларусі. І, наадварот, маюцца прамыя сведчанні крыніц пра полацка-літоўскае, пінска-літоўскае, наваградска-літоўскае супрацоўніцтва. У 1198 і 1258 г. палачане разам з літоўцамі хадзілі паходам на Смаленшчыну. У 1238 г. у паходзе на Мазовію бралі ўдзел Міндоўг і Ізяслаў Наваградскі. У 1245 г. пінскі князь патаемна папярэджвае літоўскі атрад пра надыход валынскага войска. У 1265 г. Пінск і Наваградак узброенай рукой падтрымліваюць Вайшэлка ў навядзенні парадку ў Літоўскай зямлі. Апісаныя крыніцамі выпадкі прыходу балцкіх князёў на сталы ўсходнеславянскіх гарадоў адбыліся мірным шляхам праз запрашэнне (напрыклад Таўцівіл у Полацку ці Даўмонт у Пскове).

Другой падставай для ўзнікнення тэзы пра балта-славянскую канфрантацыю на Панямонні сталі палітычныя рэаліі канца 19 – пачатку 20 ст., калі ствараліся першыя навуковыя працы па генезе ВКЛ. Гістарыяграфія ВКЛ у гэты час фармавалася ва ўмовах бурнага развіцця нацыянальных рухаў і барацьбы за ўтварэнне нацыянальных дзяржаў, а таму гісторыкі аналізавалі сітуацыю 13 ст., зыходзячы з рэалій сваёй эпохі. З гэтай, напэўна, прычыны Панямонне 13 ст. уяўлялася ім арэнай барацьбы між дзвюма буйнымі этнічнымі групамі. Імператыў ідэі міжэтнічнай барацьбы задаў накірунак развіцця ўсёй далейшай гістарыяграфіі ВКЛ. Аднак у пасляваенныя дзесяцігоддзі даследаванні археолагаў, мовазнаўцаў, этнографаў паказалі, што сярэднявечныя балта-славянскія ўзаемаадносіны на Панямонні (як і па ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі) мелі характар не варожы, а мірны.

Кантакт між балтамі і славянамі на тэрыторыі Верхняга і Сярэдняга Панямоння (гістарычнае ядро ВКЛ) распачаўся ў другой палове 1 тыс. н.э. Ён стаў часткай буйнога працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння (працягласцю ў паўтара тысячагоддзя), ахапіўшага тэрыторыю сучаснай Беларусі і прылеглыя раёны суседніх дзяржаў. Сутнасцю працэсу было пранікненне славян на землі, занятыя балтамі і асіміляцыя апошніх. Важнейшай яго адметнасцю даследчыкі бачаць мірны характар балта-славянскіх узаемаадносін.

На Панямонні названы працэс актывізаваўся ў канцы 10 – пачатку 11 ст. (на Падзвінні і Падняпроўі ён у гэты час быў ужо блізкі да завяршэння) і працягваўся амаль усё ІІ тысячагоддзе. Паміж этнічнымі масівамі не было лінеарнай мяжы, існавала вялікая кантактная зона, размешчаная прыблізна ў прасторы між Менскам і Вільняй. На гэта выразна паказвае картаграфаванне выяўленых археалагічных помнікаў, інтэрпрэтаваных археолагамі як балцкія ці славянскія.

Славяне і балты тут жылі ўперамешку, больш-менш кампактнымі “плямамі”. Гарады ў гэтай зоне: Гародня, Наваградак, Ваўкавыск, Слонім, Здзітаў, падобна і Вільня, былі ўсходнеславянскімі, але з’яўляліся гандлёва-рамеснымі і адміністрацыйнымі цэнтрамі для ўсёй балта-славянскай ваколіцы. Доўгатэрміновае суіснаванне прыводзіла да паступовай асіміляцыі балцкага насельніцтва славянскім, якое ў сваю чаргу пераймала ад тубыльцаў многія элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Гэтая кантактная зона стала месцам нараджэння ВКЛ, ядром і цэнтральнай вобласцю дзяржавы. Яе назва “Літва” захоўвалася да канца 19 – пачатку 20 ст. Цікава, што да сярэдзіны 16 ст. (да Люблінскай уніі) працэс русізацыі (беларусізацыі) ахопліваў усе сацыяльныя слаі балтаў, ад сялянства да магнатэрыі і кіруючай дынастыі.

Важнай часткай праблемы генезы ВКЛ з’яўляецца лакалізацыя гістарычнай Літвы. Даследчыкі не выпрацавалі ўзгодненага падыходу да вырашэння гэтай праблемы і прапаноўваюць розныя варыянты такой лакалізацыі. Генрык Лаўмяньскі ў 30-я гады, а ў сённяшні час Эдвардас Гудавічус бачаць Літоўскую зямлю на поўнач ад Гародні, летувіскія археолагі называюць Літвой (11-12 стст.) усю тэрыторыю Аўкштоты. Мікола Ермаловіч прапанаваў уласную лакалізацыю Літвы паміж Менскам, Наваградкам і Слонімам. Прычым ніхто з гэтых даследчыкаў не тлумачыць якім чынам у 14-16 стст. паняцце Літвы ахоплівала як этнічна беларускія, так і этнічна балцкія землі, менавіта Наваградчыну, Гарадзеншчыну, Віленшчыну і частку Меншчыны. Такі склад гістарычнай Літвы агульнапрыняты, ён быў вызначаны яшчэ М.Любаўскім і некалькі гадоў назад дэталёва правераны і пацверджаны М.Спірыдонавым.

Між тым аказалася магчымым праз параўнанне пісьмовых і археалагічных даных прапанаваць лакалізацыю пачатковай Літвы, якая не супярэчыць вядомым гістарычным звесткам і адпавядае меркаванню, выказаннаму М.Любаўскім яшчэ ў канцы 19 ст. – сярэдняе цячэнне Віліі. Разам з тым, праз прыняцце ідэі іерархічна-храналагічнай эвалюцыі тэрміна “Літва” можна зразумець як адбывалася яго развіццё ва ўсіх значэннях. Тэрмін “Літва” ў ходзе свайго развіцця набыў тры сэнсавыя значэнні: 1. палітонім ці абазначэнне ўсёй дзяржавы – ВКЛ. 2. харонім ці “Літва ў вузкім сэнсе” (тэрмін уведзены М.Любаўскім) – гістарычны цэнтр дзяржавы. 3. Літва ў сэнсе этнаграфічным (этнаграфічна балцкім).

У пісьмовых крыніцах 10-12 стст. (усходнеславянскіх летапісах, нямецкіх хроніках) тэрмін “Літва” выступае як назва памежнай з усходнімі славянамі балцкай вобласці і як агульная назва некалькіх роднасных балцкіх земляў. З сярэдзіны-другой паловы 13 ст. у выніку ўтварэння ВКЛ на першае месца ў пісьмовых крыніцах выступае харонім, ці “Літва” як назва пачатковай тэрыторыі, цэнтра дзяржавы (тэрыторыі са змешаным балта-славянскім насельніцтвам: Наваградчына, Гарадзеншчына, Віленшчына, частка Меншчыны). Адначасова на другім плане, як сведчаць крыніцы, існавала ўсведамленне і балцкаэтнічнага напаўнення тэрміна (мова, свядомасць этнічнай блізасці часткі Літвы да Жамойці). Толькі ў 20 ст. пасля ўтварэння балцкай дзяржавы, прыняўшай назву “Літва” (Lietuva), на першае месца зноў выступіла этнічна-балцкае значэнне тэрміна, і аб Літве на Гарадзеншчыне нам напамінаюць зараз толькі этнаграфічныя матэрыялы ды сведчанні рускіх падарожнікаў 19 ст.

Даказаны мірны характар балта-славянскіх адносін ставіць пад сумненне асноўную падмуркавую тэзу традыцыйнай канцэпцыі генезы ВКЛ, а таксама яе люстранога адбітку – версіі М.Ермаловіча. Доказ тэзы мірных балта-славянскіх кантактаў дазваляе вытлумачыць існаванне шэрагу гістарычных фактаў, якія былі даўно вядомыя гісторыкам, аднак ігнараваліся як не адпаведныя традыцыйнай канцэпцыі генезы ВКЛ. Напрыклад, стала ясна, чаму гістарычнае ядро дзяржавы (харонім “Літва”: Віленшчына, Наваградчына, Гарадзеншчына і частка Меншчыны) складалася як з этнічна балцкіх, так і ўсходнеславянскіх земляў. Стала зразумелым, чаму ніводная пісьмовая крыніца не зафіксавала выпадкаў ваенных канфліктаў паміж летувіскімі і беларускімі насельнікамі Панямоння. У святле высноў археолагаў і лінгвістаў маўчанне пісьмовых крыніц пра балта-славянскія канфлікты на Панямонні выглядае сапраўды красамоўным.

Другім трывалым стэрэатыпам гістарыяграфіі генезы ВКЛ з’яўляецца этнічны імператыў у матывацыі дзейнасці арганізатараў ВКЛ. Ад пачатку прымаецца, што Міндоўг і яго наступнікі мелі мэтай стварыць дзяржаву абавязкова этнічна балцкую ці этнічна славянскую. Аднак шматлікія гістарычныя аналагі і само далейшае развіццё ВКЛ паказваюць памылковасць такога падыходу. Арганізатары ВКЛ будавалі дзяржаву ў біэтнічным балта-славянскім рэгіёне, карыстаючыся даступнымі матэрыяламі і сродкамі. Кіруючая дынастыя, хоць і мела балцкае паходжанне, тым не менш не спрабавала спыніць працэс асіміляцыі балтаў усходнімі славянамі, а, наадварот, спрыяла яму, прыняўшы ўсходнеславянскую сістэму дзяржаўнай арганізацыі і старабеларускую мову ў якасці дзяржаўнай. На першым і найбольш складаным этапе пабудовы дзяржавы самымі надзейнымі саюзнікамі балта Міндоўга і яго сына Вайшэлка аказаліся славянскія гарады Панямоння (таксама Пінск збройнай рукой падтрымаў Вайшэлка), а этнічна блізкія жамойты, яцвягі і некаторыя аўкштоцкія кунігасы ваююць супраць Міндоўга на баку славянскай Галіцка-Валынскай дзяржавы.

Урэшце даводзіцца прызнаць, што супярэчнасці між т.зв. “канфрантацыйнымі” версіямі генезы ВКЛ (традыцыйнай летувацэнтрысцкай і беларусацэнтрысцкай Ермаловіча) у межах названых канцэпцый вырашыць немагчыма. Таму непазбежнай уяўляецца адмова ад іх.

Важнай часткай традыцыйнай канцэпцыі з’яўляецца тэза пра ўтварэнне яшчэ ў канцы 12 – пачатку 13 ст. папярэдніцы ВКЛ - раннефеадальнай летувіскай дзяржавы. Аднак пра названую дзяржаву (саюз ці канфедэрацыю летувіскіх земляў) нічога невядома. Пісьмовыя крыніцы не захавалі звестак пра яе. Дзе была яе сталіца? Якая сістэма адміністрацыйнага падзелу, сістэма кіравання, права, падаткаабкладанне і г.д.? Калі такая дзяржава існавала і мела ўласную сістэму кіравання, чаму ў ВКЛ была прынята сістэма іншая – усходнеславянская? Пра гэтую таямнічую дзяржаву нічога не ведаў такі надзейны аўтар як Генрых Латвійскі, які пісаў сваю “Хроніку Лівоніі” каля 1227 г. Даследчыкі заўважылі, што літоўскіх правадыроў храніст называе гэтаксама як галоўных людзей іншых мясцовых плямёнаў - “князямі і старэйшынамі літоўцаў” (“princeps ac seniores”), а ў той жа час рускіх князёў тытулуе каралямі (“reges, regulus”), ставячы іх на адзін узровень з каралямі Даніі і Швецыі. Полацкага і Ноўгарадскага князя часам называе magnus rex.

Князі, пералічаныя ў дамове з Валынню 1219 г., невядомыя Генрыху Латвійскаму. Генрых у сваю чаргу паведамляе пра магутнага літоўскага кунігаса Даугерутэ, аб якім нічога не ведае Галіцка-Валынскі летапіс. Яшчэ ў сярэдзіне 40-х гадоў 13 ст. адныя кунігасы ваююць з Валынню (Айушна Рушкавіч, Лонькогвен), другі – Міндоўг выступае як яе актыўны саюзнік – дасылае туды ваенную дапамогу.

Надзейна ўстаноўлены толькі факт сацыяльнай дыферэнцыяцыі балцкіх плямёнаў, у тым ліку літоўцаў. Яе паскарала ваенна-рабаўнічая дзейнасць. Асобныя ўдачлівыя правадыры – арганізатары рабаўнічых паходаў засяроджвалі ў сваіх руках значныя матэрыяльныя багацці. Выдзяляецца праслойка т.зв. нобіляў, што пацвярджаюць археалагічныя матэрыялы. Аднак з’яўленне племянной арыстакратыі яшчэ не доказ існавання дзяржавы.

Падобна, тэза пра раннефеадальную балцкую дзяржаву – даніна савецкім ідэалагічным стэрэатыпам, унесеным у гістарыяграфію генезы ВКЛ Уладзімірам Пашутам. Манфрэд Хэльман у крытычным артыкуле на працы Пашуты заўважыў, што апошняму ад пачатку патрэбна было давесці, што летувісы перажылі тыя ж фазы развіцця, якія савецкая гістарыяграфія лічыла абавязковымі для ўсіх іншых еўрапейскіх народаў.

Адной з задач маёй працы стала распрацоўка версіі дзяржаваўтварэння, якая не пярэчыць вядомым сённяшняй навуцы гістарычным фактам. У 13 ст. на момант пачатку генезы ВКЛ на Панямонні ўсходнія славяне і балты мелі ўжо больш чым двухвекавы вопыт мірнага супрацоўніцтва. У рэгіёне ўсталявалася адносна стабільная этна-культурна-палітычная сістэма, спецыфікай якой была яе біэтнічная аснова. Дынамічная раўнавага ў сістэме трымалася на мірным суіснаванні ўсходнеславянскіх гарадоў-дзяржаў і балцкіх тэрытарыяльна-племянных аб’яднанняў. Панямонская сістэма магла існаваць яшчэ доўгі час у працэсе паступовай эвалюцыі, аднак надзвычайныя падзеі сярэдзіны 13 ст. зрабілі гэты шлях немагчымым. Мангола-татарскае нашэсце разбурыла палітычную сістэму Русі і стварыла рэальную пагрозу існаванню рэгіянальнай сістэмы ў Панямонні. Другой рэальнай пагрозай з паўночнага і заходняга кірункаў стаў Тэўтонскі ордэн.

У такіх умовах наступнай ступенню балта-славянскага сімбіёзу на Панямонні стала стварэнне арганізацыі для абароны сваёй жыццёвай прасторы. Для нас важна высветліць, што было адпраўным пунктам працэсу, унутрысістэмным штуршком, паклаўшым пачатак працэсу ўтварэння дзяржавы. Аналіз наяўных пісьмовых крыніц, дапоўнены вынікамі археалагічных і лінгвістычных даследаванняў, дазваляе адказаць на гэтае пытанне наступным чынам: пачаткам ВКЛ стаў палітычны саюз двух галоўных рэгіянальных сіл – усходнеславянскіх гарадоў-дзяржаў з некаторымі найбольш моцнымі правадырамі балцкіх плямёнаў. Яшчэ больш канкрэтна – саюз важнейшага горада рэгіёна – Наваградка з мацнейшым з суседніх кунігасаў – Міндоўгам. Гэты саюз парушыў дынамічную раўнавагу сілаў на Панямонні, даў саюзнікам перавагу і пры адпаведных знешніх абставінах паклаў пачатак працэсу дзяржаваўтварэння.

Уяўляецца магчымым акрэсліць прыблізную дату стварэння саюза. Вядома, што галіцка-валынскія князі ад 1219 г. знаходзіліся ў прыязных адносінах з Міндоўгам (сведчанні 1238 г., 1245 г.). Калі ў 1248 г. Міндоўг просіць Раманавічаў не прымаць уцёкшых ад яго на Валынь пляменнікаў, то ён звяртаецца да сваіх сталых саюзнікаў. Аднак Раманавічы ідуць на парыў даўняга (амаль 30 гадоў) міру, падтрымліваюць выгнанцаў, ствараюць супраць Міндоўга магутную кааліцыю ў складзе Лівонскага ордэна, жмудзінаў, яцвягаў і распачынаюць вайну. І вось у 1249/50 г. галіцка-валынскія князі ідуць у паход супраць Міндоўга на Наваградак. Такім чынам, прыходзім да высновы, што гэты паход у Літву на Наваградак – першая фіксаваная звестка пра балта-славянскі палітычны саюз. Першай рэальнай праявай гэтага саюза, першым крокам да стварэння новай дзяржавы, верагодна, была вайсковая аперацыя, праведзеная пад кіраўніцтвам Міндоўга, у выніку якой, па словах летапісца, “поимана бъ вся земля Литовьская”. Верагодны час правядзення гэтай акцыі – 1248 г. прапануецца прыняць за пачатак утварэння ВКЛ.

Такім чынам, у выніку праведзеных даследаванняў аўтар прыйшоў да наступных высноў, якія і прапаноўваюцца да абароны:

1. Утварэнне ВКЛ праходзіла ў цеснай узаемасувязі з развіццём буйнейшай гістарычнай з’явы на Панямонні другой паловы 1 - 2 тыс. н.э. - працэсам балта-славянскіх кантактаў. Даследаванні археолагаў, лінгвістаў, этнографаў даказалі агульны мірны, а не варожы характар кантактаў між балтамі і ўсходнімі славянамі і, такім чынам, сцвердзілі недакладнасць існуючых канцэпцый утварэння ВКЛ (як “балцкай” так і М.Ермаловіча), паколькі апошнія заснаваныя на тэзісе балта-славянскай канфрантацыі.

2. Першасным тэрытарыяльным ядром ВКЛ стала балта-славянская кантактная зона, менавіта басейн Верхняга і Сярэдняга Нёмана (харонім “Літва”).

3. Тры значэнні тэрміна “Літва” (палітонім, харонім, этнонім) прайшлі ў 2 тыс. н.э. складаную іерархічна-храналагічную эвалюцыю. З утварэннем ВКЛ у 13 ст. на першае месца выступае харонім “Літва”, якім абазначалася цэнтральная вобласць дзяржавы, утвораная як з усходнеславянскіх, так і з балцкіх тэрыторый. Этнічнае значэнне названага тэрміна ў гэты час адступае на другі план.

4. Утварэнне ВКЛ у кантактнай зоне між балцкім і славянскім этнічнымі масівамі не спыніла і не змяніла ходу працэсу балта-славянскіх кантактаў, сутнасцю якога было пранікненне ўсходніх славян на землі, занятыя балтамі і паступовая асіміляцыя апошніх.

5. Існаванне папярэдніка ВКЛ у выглядзе монаэтнічнага балцкага раннефеадальнага дзяржаўнага ўтварэння (саюз ці канфедэрацыя летувіскіх земляў) нельга лічыць даказаным.

6. Асновай ВКЛ стаў палітычны саюз двух важнейшых сіл рэгіёна: усходнеславянскіх гарадоў-дзяржаў і найбольш значных правадыроў мясцовых балцкіх плямёнаў, створаны на аснове векавога вопыту балта-славянскага супрацоўніцтва на Панямонні. Штуршком да ўзнікнення названага саюза паслужыла знешняя небяспека з боку мангола-татараў і Тэўтонскага ордэна. Першым праяўленнем саюза было пагадненне ўсходнеславянскага горада-дзяржавы Наваградка з балцкім нобілем Міндоўгам, якое аформілася каля 1248 г.

4 снежня 1998 г.
А.К.Краўцэвіч

Выступленне М.Ф.Спірыдонава.

Шаноўныя члены савета!
Паважаныя калегі!

У адрозненне ад шаноўных афіцыйных апанентаў я не лічу сябе спецыялістам па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і далей (ВКЛ) 13 ст. Аднак, даследуючы больш 30 гадоў розныя праблемы гісторыі ВКЛ 14-16 стст., дазволім сабе выказаць некалькі меркаванняў аб некаторых прынцыповых палажэннях дадзенай дысертацыі. Але, паколькі водгукі афіцыйных апанентаў маюць пераважна панегірычны характар, мы спынімся галоўным чынам на яе істотных недахопах. Як гаворыцца: “Платон мне друг, але ісціна даражэй!”.

У 1992 г. паважаны А.К.Краўцэвіч у артыкуле “Патрабуецца міф” (ЛіМ. 17.04.1992) заклікаў гісторыкаў “для масавага спажывання” неадкладна стварыць папулярны варыянт нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі ці міф. І, як бясспрэчна смелы гісторык, адразу ж узяўся за справу – распрацоўку новай канцэпцыі генезісу ВКЛ. Як вядома, дадзеная праблема – найбольш важная і складаная навуковая праблема гісторыі не толькі Беларусі.

Агульнае і галоўнае наша ўражанне: дысертацыя з’яўляецца больш-менш прафесійнай, але вельмі тэндэнцыйнай усходнеславянскай (беларускай) у значнай ступені кампіляцыяй папярэдніх даследаванняў пачатковай гісторыі ВКЛ. З усіх частак дадзенай працы карыснымі для гісторыкаў уяўляюцца асвятленне пытання аб эвалюцыі тэрміна “Літва” (с.72-73, 97-119 рукапісу), агляд асноўных падзей 13 ст. у Верхнім Панямонні (с.131-163), а таксама слушная крытыка асноўных прынцыповых меркаванняў папулярызатара пачатковай гісторыі Беларусі пісьменніка М.Ермаловіча аб месцазнаходжанні “Старажытнай Літвы” (с.60, 111-113), аб заваяванні беларусамі Літвы і стварэнні такім чынам беларускай дзяржавы – ВКЛ (с.66). Аб іх бяздоказнасці яшчэ ў 1985 г. пісаў М.М.Улашчык (Беларускі гістарычны агляд. 1996. Т.3. Сш.1. С. 100-101).

На жаль, большасць прынцыповых палажэнняў дысертацыі, на наш погляд, не з’яўляюцца ні арыгінальнымі, ні пераканаўча абгрунтаванымі. Спынімся на некаторых з іх.

1. Аўтар неаднаразова падкрэслівае свой тэзіс аб мірным характары міжэтнічных кантактаў (с.7, 8, 14, 24, 30, 32, 92-97), які служыць падмуркам яго новай канцэпцыі генезісу ВКЛ. Галоўнай падставай такога меркавання ён лічыць адсутнасць у крыніцах звестак аб ваенных канфліктах у 13 ст. паміж усходнеславянскім насельніцтвам Новагародчыны і літоўцамі. Магчыма, што яны - з’ява папярэдняга перыяду, не знайшоўшая канкрэтнага адлюстравання ў тагачасных крыніцах. Аднак дастаткова нагадаць звесткі “Слова аб палку Ігаравым”, Джаванні Плана Карпіні, “Слова аб пагібелі Рускай зямлі”, храніста Генрыха Латвійскага і іншых крыніц аб жаху, які наводзілі ваенныя паходы літоўскіх дружын на суседзяў. Дарэчы, Аляксандр Канстанцінавіч ігнаруе падлікі такіх паходаў у 1201 - 1236 гг. вядомага польскага гісторыка Е.Ахманьскага: 4 - на Польшчу, 14 - на Русь, 22 - на Латвію (Historia Litwy. Wyd. 3. 1990. S. 44). Ігнаруе аўтар і меркаванне Ю.А.Заяца аб разбурэнні Заслаўля ў сярэдзіне 13 ст. у сувязі менавіта з захопам яго літоўцамі (Заславль в эпоху феодализма. 1995. С. 118). Як вядома, большая частка тэрытарыяльных набыткаў ВКЛ у 14 ст. - вынік ваенных захопаў. Добра вядома таксама і агульная заканамернасць: у Еўропе ўсе аднаэтнічныя і рознаэтнічныя адзіныя дзяржавы ствараліся ці пераважна, ці толькі ваенным шляхам.

Наогул, у сярэднявеччы амаль усе праблемы вырашаліся звычайна шляхам насілля, але не абавязкова толькі зброяй. Варта таксама дадаць, што, ігнаруючы факты літоўска-”рускай” канфрантацыі ўнутры ВКЛ у далейшым, якіх больш чым хапала, аўтар ігнаруе гістарычную перспектыву, а тым самым і сапраўдны характар узаемаадносін розных этнасаў у ВКЛ. Аднак яны супярэчаць тэндэнцыйнай канцэпцыі аўтара, таму, ён лічыць, іх не было: нібыта такая канфрантацыя - толькі адзін са стэрэатыпаў ідэалагічнага характару “расейска-савецкай гістарыяграфіі”.

Прыняць на веру па сутнасці бяздоказную няпэўную гіпотэзу Аляксандра Канстанцінавіча аб толькі мірным шляху стварэння ВКЛ, значыць адкрыць раней невядомы ў гісторыі новы шлях утварэння адзінай рознаэтнічнай дзяржавы, якой з самага пачатку было ВКЛ.

2. Адным з асноўных метадалагічных прыёмаў крытыкі папярэднікаў аўтар абраў звычайна дэкларатыўнае або прымітыўна абгрунтаванае аб’яўленне тых поглядаў, што супярэчаць яго канцэпцыі, няпэўнымі (“сумніўнымі”).

Напрыклад, крытыкуючы абгрунтаваны вывад класіка літуаністыкі выдатнага польскага гісторыка Г.Лаўмяньскага аб колькаснай перавазе літоўскага баярства над “рускім”, Краўцэвіч абапіраецца на адпаведныя, не вельмі карэктныя падлікі А.П.Грыцкевічам феадалаў толькі Беларусі, г.зн. “беларускіх” паветаў ВКЛ, але чамусьці без Полацкага ваяводства, па даных перапісу войска 1528 г. Аднак тэндэнцыйна замест 78,5 % феадалаў-”беларусаў” (1634 з усіх 2083) аўтар дысертацыі знайшоў, што “беларуская шляхта складала 80 % усёй шляхты ...” ВКЛ (с.44-45). Па больш поўных і дакладных падліках В.С.Мянжынскага, артыкула якога, дарэчы, няма ў спісах літаратуры ні машынапісу дысертацыі, ні амаль адэкватнай ёй кнізе, у 1528 г. шляхта этнічнай Літвы (4722 феадала) складала 46,4 %, а Беларусі (2562 феадала) толькі 25,2 % усіх 10178 феадалаў ВКЛ (Менжинский В.С. Структура феодального землевладения в Великом княжестве Литовском (По материалам Переписи войска 1528 г.) // История СССР. 1987. № 3. С. 168 і інш.). У дадзеным выпадку “сур’ёзны сумніў” аўтара таксама вельмі шкодзіць навуковай вартасці яго дысертацыі.

3. Характарызуючы адпаведныя погляды класіка літуаністыкі выдатнага рускага гісторыка М.К.Любаўскага (с.36-38), аўтар, як гэта нядзіўна, не заўважыў таго, што ён, па сутнасці ў галоўным з’яўляецца яго эпігонам, хаця і карыстаецца сучаснай тэрміналогіяй (с.39). Бо “Літоўска-Рускую дзяржаву” Любаўскага на больш познім этапе развіцця ВКЛ сёння можна назваць і “Літоўска-Беларуска-Украінска-Рускай”, або “квадрыэтнічнай”, бо ў той час і беларусы, і ўкраінцы афіцыйна лічыліся толькі асаблівымі часткамі рускіх. Толькі ў адрозненне ад Любаўскага ВКЛ у Краўцэвіча ў пачатку яго ўзнікнення не “квадрыэтнічная”, а “біэтнічная балта-славянская дзяржава з дамінаваннем усходнеславянскага элемента” (с.166).

4. Аўтар аб’яўляе ненавуковым “стэрэатыпам” меркаванні папярэднікаў аб літоўскім характары ВКЛ, спрабуючы абгрунтаваць гэты тэзіс, у прыватнасці, тым, што нібыта “... невядома ніводнага факта, які б сведчыў, што дзяржаўная ўлада ў ВКЛ забяспечвала панаванне літоўцаў над русінамі” (с.48). Аднак такія факты вядомы. Дастаткова нагадаць рэлігійную палітыку вялікіх князёў літоўскіх да і асабліва пасля заключэння Крэўскай уніі 1385 г.

5. Аўтар, крытыкуючы погляд У.Пашуты на ВКЛ як літоўскую дзяржаву (с.50-53), на жаль, не адзначыў яго вельмі канструктыўную ідэю сінтэзу грамадскіх інстытутаў літоўцаў і “рускіх”. Як нам падаецца, нягледзячы на іншы тэрмін (“сімбіёз”. С.130), які ўжывае Краўцэвіч, абодва тэрміны маюць на ўвазе адно і тое ж: узаемакарыснае ўзаемадзеянне вярхоў розных этнасаў.

6. Краўцэвіч упамінае аб “рэзка адмоўнай”, але на наш погляд, грунтоўнай рэцэнзіі вядомага літоўскага гісторыка Э.Гудавічуса на асноўную працу М.І.Ермаловіча. Аднак, на жаль, яго цалкам слушнае абвяржэнне канцэпцыі заваявання Літвы беларусамі ён зусім не раскрывае (с.60).

7. На нашу думку, безпадстаўнымі прэтэнзіямі на прыярытэт і тэндэнцыйнасцю абумоўлены і нігілізм Краўцэвіча (с.60 - 62, 65) да навуковай, хаця і без спасылак на крыніцы, працы вядомага даследчыка гісторыі сярэднявечнай Беларусі В.Л.Насевіча “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага”: Падзеі і асобы” (Мінск, 1993). Насевіч нетэндэнцыйна і нетрадыцыйна прафесійна асвятліў працэс стварэння ВКЛ, шмат у чым істотным апярэдзіўшы асноўныя “адкрыцці” дысертанта.

Знаёмства з усімі іншымі часткамі дадзенай дысертацыі дазваляе сцвярджаць, што навукова абгрунтаваных прынцыпова новых палажэнняў у ёй няма. Усюды кідаецца ў вочы упартае жаданне аўтара тэндэнцыйна ігнараваць адны факты і трактаваць іншыя ў зададзеным беларускім накірунку і выдаваць гэта за навуковыя адкрыцці.

У машынапісу дадзенай дысертацыі, акрамя адзначаных некаторых недахопаў прынцыповага характару, маюцца шматлікія паўторы думкі, моўныя навацыі, ігнараванне гістарычных і сучасных форм напісання геаграфічных назваў і іншыя адхіленні ад агульнапрынятых норм.

Такім чынам, на наш погляд, важная навуковая праблема на належным навуковым узроўні не вырашана. Аднак чарговы міф – няпэўная нацыянальная канцэпцыя стварэння ВКЛ створаны: веліч мінулага Беларусі адроджана! Паколькі такія міфы пэўным колам грамадства патрабуюцца, сёння можна будзе павіншаваць яго аўтара з прысуджэннем вучонай ступені доктара гістарычных навук. Калі гэта адбудзецца, то новы Дзяржаўны гімн Беларусі можа загучаць у адпаведнасці з новым міфам: “Мы, беларусы, з братняй Летувою...”.

Я шчыра жадаю паважанаму А.К.Краўцэвічу сапраўды навуковых дасягненняў у далейшай творчай працы!

4.12.1998. М.Ф.Спірыдонаў, старшы навуковы супрацоўнік

4.12.1999. Аддзела спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук

Адказ М.Ф.Спірыдонаву

Тэкст выступу М.Спірыдонава, перададзены ў рэдакцыю “ГА”, фактычна з’яўляецца рэцэнзіяй на маю кнігу “Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага”. У ім выразна выдзяляюцца два кантэксты: навуковы і ідэалагічны. Напачатку адкажу на аргументацыю навуковага характару. М.Спірыдонаў не проста крытыкуе, а фактычна адвяргае ўсе асноўныя высновы маёй працы, згрупаваўшы свае аргументы ў сямі пунктах. Паспрабуем разгледзець іх па парадку.

1. Апанент настойвае на варожым характары сярэднявечных балта-славянскіх кантактаў на Панямонні і як доказ прыводзіць прыклады, якія не маюць дачынення да Панямоння. Плана Карпіні пісаў пра літоўскія набегі на Кіеўскую зямлю, Генрых Латвійскі - на Лівонію, “Словы...” не гавораць пра бітвы на Панямонні, 14 паходаў на Русь, вылічаных Е.Ахманьскім, таксама не тычаць Панямоння, а меркаванне Ю.Заяца адносіцца да Заслаўя і пакуль застаецца толькі меркаваннем, а не фактам.

Відавочна, што апанент знаходзіцца пад уплывам ідэі “спрадвечнага адзінства Русі”, якая з’яўляецца прадуктам расійскай імперскай ідэалогіі. Таму для яго напад старажытных літоўцаў на нейкую частку Русі з’яўляецца варожым актам і для іншых рускіх тэрыторый. Як прафесіянал М.Ф. не можа не ведаць, што рускага адзінства ў тыя часы (12-15 ст. і пазней) не было. Мела месца разуменне культурнай агульнасці, але не існавала адзінства палітычнага. Пскоў змагаўся з Вялікім Ноўгарадам у саюзе з немцамі, палачане прапускалі літоўцаў рабаваць Смаленскую зямлю (і пры нагодзе самыя да іх далучаліся). Масквічы рэзаліся з разанцамі і цверычамі, іхнія князі наводзілі на землі суседзяў-суайчыннікаў татараў і самыя ішлі разам з паганымі забіваць рускіх.

А чым апанент можа абвергнуць высновы лінгвістаў і археолагаў пра агульны мірны характар балта-славянскіх адносінаў на Беларусі? Гэта застаецца невядомым, бо ён гэтыя высновы, заснаваныя на агромністым корпусе эмпірычнага матэрыялу, проста ігнаруе. Сцвярджаючы, што “фактаў літоўска-”рускай” (маецца на ўвазе, напэўна – “беларускай” - А.К.) канфрантацыі ўнутры ВКЛ... больш чым хапала”, М.Спірыдонаў не прыводзіць ні аднаго канкрэтнага прыклада. Мне такія факты невядомы.

2. Апанент настойвае на тэзе пра колькасную перавагу летувіскага баярства над беларускім у 16 ст. Дзіўна, што пры гэтым прафесіянал узроўню М.Спірыдонава дапускае такія элементарныя недакладнасці ў спасылках на працы, непасрэдна звязаныя з аб’ектам яго даследаванняў. Спецыяльна прагледзеўшы яшчэ раз артыкулы А.Грыцкевіча і В.Мянжынскага, я пераканаўся, што мая спасылка на высновы А.Грыцкевіча дакладная (“80 % беларускай шляхты” ). У артыкуле В.Мянжынскага разглядаецца маёмасны падзел між феадаламі і ўвогуле няма мовы пра этнічны склад шляхты ВКЛ (таму гэтая праца і адсутнічае ў маім спісе літаратуры).

Яшчэ большае здзіўленне выклікае тое, што М.Спірыдонаў супярэчыць уласным высновам са сваёй жа спецыяльнай працы пра межы Літвы і Русі. Цытую: “Выкладзеныя даныя дазваляюць сцвярджаць, што ў 16 ст. сучаснікі адносілі да Літвы перш за ўсё этнічна летувіскія Віленскі, Вількамірскі, Ковенскі, Троцкі і Упіцкі паветы, а таксама поўнасцю ці часткова “беларускія” паветы ВКЛ: Браслаўскі, Віленскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Лідскі, заходнюю частку Менскага, большую частку Наваградскага, амаль увесь Ашмянскі і Слонімскі” . Такім чынам вынікае, што на думку М.Спірыдонава, большую частку Літвы ў 16 ст. складалі этнічна беларускія землі. Аднак пры падліках колькасці баярства ў тым самым 16 ст. той жа аўтар чамусьці ўсіх баяраў з Літвы лічыць этнічнымі летувісамі.

Навідавоку цікавы прыклад дэфармацыі навуковага мыслення, калі ўкладзены ў галаву са школьнай парты стэрэатып (што сярэднявечная Літва і сённяшняя Летува - адно і тое ж, менавіта, Аўкштота + Жамойць) падаўляе ў гісторыка ўласныя мысліўныя канструкцыі, пабудаваныя на аснове навуковага аналізу. Гэта той выпадак, калі два ўзроўні свядомасці існуюць аўтаномна, а пераход ад аднаго да другога адбываецца па прынцыпу дзеяння рэле.

3. Не зразумелы папрок у эпігонстве з прац Мацея Любаўскага. Праўда, апанент сам дэзавуіруе яго ў апошнім сказе абзаца. Сапраўды, у маёй працы гаворка ідзе найперш пра этнічны характар ВКЛ на пачатку яго існавання, а не на “больш познім этапе развіцця”. Вялікі знаўца Вялікага Княства як і большасць яго калегаў лічыў, што балцкі князь Міндоўг захапіў беларускія землі, адсюль яго паняцце “летувіска-руская дзяржава” істотна розніцца ад маёй тэзы пра “ад самых пачаткаў біэтнічную дзяржаву з дамінаваннем усходнеславянскага элементу”.

4. Паважаны апанент прытрымліваецца даўняй тэзы расійскай, а потым савецкай гістарыяграфіі пра панаванне летувісаў над русінамі. У якасці аргумента ён апелюе да “рэлігійнай палітыкі вялікіх князёў літоўскіх да і асабліва пасля Крэўскай вуніі 1385 г.” Як вядома, вялікія князі стварылі пэўныя палітычныя прывілеі для каталікоў перад прадстаўнікамі іншых канфесій (у тым ліку праваслаўных), але не для летувісаў перад беларусамі. Дастаткова нагадаць, што гэтая дыскрымінацыя датычылася балтаў-праваслаўных вельмі высокага паходжання, якімі былі многія князі Гедымінавічы. Зноў навідавоку стэрэатып мыслення, менавіта прыняцце веравызнання за крытэрый вызначэння этнічнай прыналежнасці. Дзвесце гадоў як усходнія, так і заходнія каланізатары ўкладвалі нам у галовы: “беларусаў няма, ёсць каталікі-палякі і праваслаўныя-рускія”. Як бачым на прыкладзе нават гісторыка-прафесіянала, поспеху яны дасягнулі значнага.

5. Паводле У.Пашуты, “сінтэз” грамадскіх інстытутаў Беларусі і Летувы адбыўся пасля заваёвы Беларусі летувіскай дзяржавай. У маёй жа працы тэрмін “балцка-славянкі сімбіёз” ужыты як сутнасная характарыстыка пачаткаў біэтнічнай дзяржавы (без усялякай заваёвы). Розніца ўяўляецца відавочнай.

6. Меркаванне М.Спірыдонава пра грунтоўнасць рэцэнзіі Э.Гудавічуса на працу М.Ермаловіча з’яўляецца асабістай думкай апанента, якую я не падзяляю. Рэцэнзія вельмі рэзкая і будуецца яна ў асноўным на аксіёмах летувіскай гістарыяграфіі, якія цяжка назваць агульнапрынятымі. Напрыклад, Э.Гудавічус перакананы, што Летува авалодала беларускімі землямі, што сярэднявечная Літва адпавядае сённяшняй Летуве і г.д.

7. Працу В.Насевіча “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы” сам яе аўтар назваў не навуковай, а навукова-папулярнай. У ёй шмат цікавых думак, палітычныя выдарэнні ў Панямонні падаюцца на шырокім фоне міжнародных падзеяў. Тым не менш аўтар гэтай працы блытаецца ў важнейшых крыніцах па генезісу ВКЛ, часам супярэчыць сам сабе ў асноўных высновах (дэталёва пра гэта я пісаў у БГА, т. 5, сш. 2(9), с. 448-454). Таму ўзнікаюць пэўныя сумненні ў прафесійным падыходзе яе аўтара да праблемы генезы ВКЛ.

Другая частка водгуку М.Спірыдонава ці другі кантэкст рэцэнзіі не ўмяшчаецца ў рамкі навуковай дыскусіі. Апанент пачынае і заканчвае свой выступ сцвярджэннем, што задачай маёй працы ад пачатку было стварэнне “міфа ці нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі”, “адраджэнне велічы мінулага Беларусі”. Пад час абароны дысертацыі тое ж абвінавачванне ў “свядомым стварэнні міфа” неаднаразова паўтарыў у сваім выступе В.Насевіч . Абодва апаненты ў якасці доказу прыводзілі мой артыкул “Патрабуецца міф” (ЛіМ. 17.04.1992). Паколькі з моманту гэтай публікацыі прайшло некалькі гадоў, варта нагадаць пра яе змест. Гаворка ў артыкуле ішла пра неабходнасць тэрміновай распрацоўкі “агульнай схемы папулярнага варыянта канцэпцыі нацыянальнай гісторыі” і ўвядзенне яе ў сістэму асветы незалежнай беларускай дзяржавы да таго часу, пакуль гісторыкі не распрацуюць “акадэмічную” канцэпцыю. Праблема выкладання гісторыі Беларусі ў той час сапраўды паўстала вельмі востра, пра што сведчыць тая паспешлівасць, з якой літаральна за паўгода ствараліся новыя школьныя падручнікі 1993 г.

Выснова пра “свядомае стварэнне міфа” можа мець месца ў навуковай рэцэнзіі толькі пры ўмове прывядзення важкіх таму доказаў. На жаль, ні ў выступе М.Спірыдонава, ні ў рэцэнзіі В.Насевіча мне не ўдалося знайсці прамой сувязі між крытыкай навуковага характару і гэтым сур’ёзным абвінавачваннем. Цікава, што В.Насевіч, атрымаўшы адказ на сваю эмацыянальную рэцэнзію ў БГА, тут жа (і ўжо намнога спакайней) адгукаецца: “Прынцыповых разыходжанняў няма”.

Хачу запэўніць паважанага Міхаіла Фёдаравіча, што я не ставіў сваёй мэтай стварэнне міфа і доказ велічы мінулага Беларусі. Перакананы аднак, што да сваёй гісторыі належыць адносіцца з пачуццём уласнай годнасці і не разумею, чаму Вы лічыце нормай яе прыніжэнне. Каланіяльная гісторыя Беларусі – гэта тая спадчына савецкай гістарычнай школы, ад якой мы мусім пазбавіцца, калі хочам застацца гісторыкамі свайго народу.


1. Грицкевич А.П. Распределение магнацких и шляхетских владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности владельцев (XVI в.) // Вопросы истории. Межвед. сборник. Минск, 1978. Вып. 5. С. 94.

2. Спиридонов М.Ф. “Литва” и “Русь” в Беларуси в 16 в. // Наш Радавод. Гродна, 1996. Ч. 7. С. 208.

3. Пратакол пасяджэння Савета па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені доктара навук пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ад 4 снежня 1998 г. С. 13-17.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія