Сярод “сыноў і пасынкаў” Беларусі асоба Рамана
Скірмунта - адна з цяжкадаступных для сённяшняга разумення. Спроба разгледзець
постаць вядомага “краёўца” ў беларускім кантэксце зроблена пакуль толькі ў
артыкуле Алеся Смаленчука, прысвечаным пачатковаму этапу палітычнай біяграфіі
Рамана Скірмунта. Абставіны
яго трагічнай гібелі сталі вядомымі дзякуючы пінскаму журналісту Вячаславу
Ільянкову.
Тым часам апагей “беларускай кар’еры” Рамана Скірмунта – 1917-1918 гады –
фактычна застаецца “за кадрам”
гістарычнай літаратуры.
Да апошняга часу невядомы быў нават дзень нараджэння
аднаго з лідэраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Крыніцы называлі толькі год –
1868-ы. Зараз, дзякуючы гісторыку У.Вяроўкіну-Шэлюце*,
які адшукаў фармулярны спіс Рамана Скірмунта, мы можам назваць дакладную дату –
25 красавіка (7 мая) 1868 г.
Нашчадак старадаўняга шляхецкага роду Раман-Мар’ян Скірмунт выхоўваўся ў
бацькоўскім маёнтку Парэчча на Піншчыне, сярод васьмі сваіх братоў і сясцёр. Пра
яго дзіцячыя і юнацкія гады дакладныя звесткі невядомыя. Можам толькі ўявіць сабе атмасферу добраўпарадкаванага
дваранскага гнязда з багатай бібліятэкай і калекцыяй рарытэтаў, насычаную
рамантычнай аўрай паданняў аб слаўных дзеях продкаў.
А разам з гэтым штодзённыя клопаты пра тое, каб зладжана, прыбыткова
функцыянаваў вялікі шматгаліновы маёнтак, знакаміты не толькі інтэнсіўнай
сельскай гаспадаркай, але і некалькімі прадпрыемствамі, сярод якіх прызнанымі
поспехамі вылучалася суконная фабрыка – прадмет асаблівага гонару
прадпрымальнікаў Скірмунтаў[4].
Паведамляючы ў адным з лістоў (1917 г.) пра сваё паходжанне, Раман Скірмунт пісаў: “Я сам ураджэнец беларускага Палесся,
нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да 17 ст. карысталіся
беларускай мовай як хатняй”. Апошняя заўвага ўскосна сведчыць пра тое, што ў часы
жыцця Рамана беларуская мова ў сямейным ужытку Скірмунтаў ужо не
вяршэнствавала. У гэтай сям’і, як і сярод усёй спаланізаванай шляхты, прыярытэт
аддаваўся, натуральна, пальшчызне. Але не падлягае сумненню і тое, што
гаспадары маёнтка Парэчча нядрэнна ведалі мову навакольных сялян і шырока
карысталіся ёю ў зносінах з вяскоўцамі, як гэта практыкавалася і ў іншых
панскіх дварах[6]. Паводле сведчання ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, Скірмунт “добра ўладаў беларускай мовай
(трохі з палескім акцэнтам: “шо, шчо”)”.
У светапоглядзе будучага прэм’ера БНР адчуваецца
значны ўплыў яго бацькі Аляксандра Скірмунта, вядомага ў Беларусі ў другой
палове 19 ст. грамадскага і гаспадарчага дзеяча. Разумеючы непазбежнасць
сацыяльных перамен, найперш у адносінах паміж памешчыкамі і сялянамі (ён
засведчыў гэта актыўным удзелам у скасаванні прыгону), А.Скірмунт быў
праціўнікам гвалтоўнай ломкі ўстаялага ладу жыцця. У духу еўрапейскага
пазітывізму ён лічыў, што прагрэсу трэба дамагацца ўпартай “арганічнай” працай,
пазітыўнай дзейнасцю на ніве гаспадаркі і культуры.
Шанаванне традыцыі, цяга да рэальнай справы ў процівагу смелым, але часам
легкаважным дэкларацыям радыкалаў былі характэрныя і для ўчынкаў сына.
На шырокую грамадскую арэну Раман Скірмунт выступіў у
якасці старшыні Таварыства па распрацоўцы сельскагаспадарчых і эканамічных
патрэбаў Палесся. Праблемы гаспадарчага дабраўпарадкавання роднага Палесся
стануць яго пастаянным клопатам на ўсё жыццё. У гэтай працы ён выявіць шмат
энергіі і дзелавой ініцыятывы. Паводле ягоных разлікаў, палескія балоты маглі б
даць 4 млн. дзесяцін найлепшых лугоў і выпасаў. Між тым, расійскі ўрад “быў
мачыхай гэтаму краю і не дбаў аб яго інтарэсах”. Таму ў 1918 годзе
новапрызначаны прэм’ер-міністр БНР Раман Скірмунт выкажа надзею на прыцягненне
германскага капіталу і тэхнікі для асушэння Палесся, што, на яго думку,
паспрыяла б хуткаму развіццю жывёлагадоўлі і дазволіла б нават ажыццяўляць
вытворчасць кармоў на экспарт[9].
Па слядах бацькі Раман Скірмунт увайшоў і ў
кіраўніцтва Менскага таварыства сельскай гаспадаркі, дзе працаваў да апошніх
гадоў існавання арганізацыі і зарэкамендаваў сябе як “чалавек цвёрдых
перакананняў, сур’ёзны і дзейсны”. Менавіта па яго прапанове дзеля захавання
добрых адносін шляхты з сялянствам на прынцыпах традыцыйнага патэрналізму
таварыства пачало прымаць у свае шэрагі сялян на ільготных умовах[10].
Але поруч з гаспадарчай дзейнасцю ў жыцці Рамана
Скірмунта, якое прыпала на эпоху грандыёзных сацыяльна-палітычных узрушэнняў,
вялізнае месца займала палітыка. Вінцэнт Гадлеўскі прыгадваў, што “палітыцы ён
быў адданы целам і душою, не шкадаваў для яе ні фізічных, ні маральных трудоў”.
Якімі ж былі палітычныя перакананні Рамана
Аляксандравіча? Зафіксаваныя ў крыніцах яго выказванні (на жаль, не вельмі
шматлікія) і практычныя крокі ў палітыцы сведчаць, што падмурак яго
светапогляду складала сістэма кансерватыўных каштоўнасцяў: абарона традыцыйных
асноў грамадства, імкненне да сацыяльна-класавай гармоніі, палітычнай
стабільнасці, абачлівасць у дачыненні да радыкальных навацый. Такога кшталту
здаровы кансерватызм (зусім не тоесны рэакцыйнаму абскуратызму, рэтраградскім
памкненням захаваць у непарушнасці аджылыя формы быцця) пабуджаў шукаць такія
спосабы ўладкавання сацыяльна-палітычнай рэчаіснасці, якія задавальнялі б
інтарэсы розных класаў і нацыянальнасцяў пры найменшых выдатках.
Акунаючыся ў часы першай расійскай рэвалюцыі ў вір
палітычных калізій, 37-гадовы памешчык выкладае сваё крэда ў бліскуча напісанай
польскамоўнай брашуры “Голас мінуўшчыны і патрэба моманту” – сваеасаблівым
ідэйна-этычным маніфесце[12].
Аўтар выступае з пазіцый свайго класа, патомнай
шляхты яго роднага краю, і звяртаецца да яе з палымяным заклікам: выкарыстаць
сітуацыю, калі ва ўмовах рэвалюцыі пахіснулася “духоўная Бастылія з-над Нявы”,
каб абудзіцца ад летаргіі пасля “кровапускання 1863 года” і стаць на шлях
свайго палітычнага і нацыянальнага самавызначэння. Якім павінен быць накірунак
гэтага шляху? Ці скіраваць погляды на Польшчу, якая шмат каму здаецца “роднай
матуляй”, ці спадзявацца на “расійскую ласку”, ці лепш сэрца і душу аддаць
справам сваёй меншай (ściślejszej) Айчыны, свайго краю?
Правільны, на думку Рамана Скірмунта, будзе накірунак, зададзены самой гісторыяй. Каб
распазнаць яго, публіцыст робіць разгорнуты экскурс у мінулае і прыходзіць да
высновы, што народ, сярод якога ён жыве –“русіны” – мае ўласную гісторыю і
самабытныя традыцыі, не згаслыя да сённяшняга дня. “Русіны” – гэта нашчадкі
спрадвечнай, пачатковай Русі (“Rusi
właściwej”), у адрозненне ад велікарусаў – нашчадкаў больш
позняй Русі Маскоўскай (“надвалжанскай”, “славяна-фінскай”). У сярэднявеччы
“русіны” разам са сваімі гістарычнымі пабрацімамі “ліцвінамі” стварылі
супольнае Вялікае Княства Літоўскае, дзе “русінская” мова была дзяржаўнай.
Пазней, у часы уніі Княства з Каралеўствам Польскім, край апынуўся ў арэале
магутнага ўздзеяння польскай мовы і культуры. Выхаваны на традыцыях гэтай
культуры і каталіцкай рэлігіі, Скірмунт не хавае сваіх сімпатый да польскасці:
“З Польшчы струменілася ў Літву праўдзівае святло веры. Адтуль разлівалася на
ўвесь край святло заходняй культуры”. Гэты паток, аднак, не ператварыў тутэйшых
жыхароў у бездапаможных эпігонаў Захаду. Наадварот, ён “мог толькі ўмацаваць у
нас прыроджаную любоў да свабоды, засведчаную гістарычнымі подзвігамі ліцвінаў,
прыроджанае імкненне ўсіх да самастойнага вызначэння і ўладкавання патрэбаў
краю, агіду да аўтакратычнага кіравання, з якога нараджаецца ўсемагутнасць
бюракратыі”.
Польскасць закранула ў краі толькі шляхетныя вярхі. З
пашырэннем асветы сярод ніжэйшых саслоўяў вырасла іх роля ў грамадстве, і ўжо
“не шляхта і нешматлікая інтэлігенцыя надаюць афарбоўку краёвым сцягам, а
толькі люд”. У этнічнай
Літве і ў Паўднёвай Русі абудзілася пачуццё нацыянальнай самастойнасці. У Белай
Русі - гэта пытанне найбліжэйшай будучыні. Каб не апынуцца ў становішчы
выгнанцаў на роднай зямлі, тутэйшая спаланізаваная шляхта, па перакананні
Рамана Скірмунта, мусіць павярнуцца тварам да свайго народа, з якім яе
лучыць агульнае паходжанне і гісторыя і працаваць разам з ім дзеля дабра ўсяго
краю. Насельнікі краю павінны цяпер “больш чым калі-небудзь яшчэ, адчуваць,
мысліць і працаваць дзеля сябе саміх, адкідаючы імпартныя натхненні, з якіх
бакоў свету яны б ні паходзілі”.
Такім чынам, з самага пачатку сваёй палітычнай
дзейнасці Раман Скірмунт выяўляе сябе патрыётам роднага краю, фармулюе асноўныя
палажэнні т.зв. краёўства. Гэтая грамадска-палітычная плынь грунтавалася на
гістарычнай традыцыі ВКЛ, трактавала абшар гэтай былой дзяржавы (Край) як
інтэгральную тэрытарыяльную, эканамічную і культурную цэласнасць і імкнулася
адстойваць яго спецыфічныя інтарэсы, адрозныя ад інтарэсаў як Расіі, так
і Каралеўства Польскага.
Раман Скірмунт быў носьбітам характэрнай для “краёўцаў” складанай
этнакультурнай і нацыянальна-палітычнай самасвядомасці, якую даследчыкі
вызначаюць як шматузроўневую.
Самы шырокі яе пласт увасабляўся ў найменні “паляк”
як сімвале знаходжання ў геапалітычнай прасторы ўсёй колішняй Рэчы Паспалітай і
далучанасці да польскай культуры. Другі ўзровень абазначаўся тэрмінам “ліцвін”,
г.зн. жыхар Вялікага Княства Літоўскага, чалец шматэтнічнай “нацыі ліцвінаў” (у
дзяржаўна-палітычным сэнсе). Нарэшце, трэці ўзровень адлюстроўваў уяўленне аб
сваім паходжанні, кроўнай лучнасці з той або іншай этнічнай супольнасцю
(літоўцамі, беларусамі, габрэямі і г.д.). Прычым межы паміж узроўнямі не былі выразнымі,
і нярэдка ў адной і той жа асобы на розных этапах жыцця ці ў розных абставінах
на першы план вылучалася якая-небудзь адна з гэтых граняў самаідэнтыфікацыі[17].
Такі няўстойлівы стан нацыянальнай свядомасці
паказваў на яе “недасфармаванасць”,
але, з іншага боку, у пэўныя моманты
(скажам, пры рэзкіх гістарычных
пераменах) адзначаная рухомасць, шматаблічнасць магла спрыяць большай гнуткасці
ў палітыцы, пакідала прастору для
шырэйшага манёўру. Біяграфія Рамана Скірмунта, здаецца, можа служыць у
гэтым сэнсе прыкладам.
У рамках краёвага патрыятызму адбываліся інтэнсіўныя
пошукі сваёй этнічнай тоеснаці. Паводле назіранняў даследчыкаў, большасць
“краёўцаў” эвалюцыянавала ў бок польскасці. Але самаідэнтыфікацыя
Рамана Скірмунта пайшла ў іншым накірунку. Відаць, зыходнай пазіцыяй для
яго было ўсведамленне свайго паходжання ад усходнеславянскай часткі
насельніцтва даўнейшай Рэчы Паспалітай
– “русінаў”.
Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу, што аўтар “Голасу
мінуўшчыны…” не лакалізуе арэал іх
пражывання толькі на тэрыторыі Беларусі. Паводле яго ўяўлення, “русіны” жывуць
і на Заходняй Дзвіне, і ў Запарожжы, і ў Галіцыі. Ураджэнец беларуска-ўкраінскага памежжа, Раман Скірмунт, як
бачна, напачатку не надаваў вялікага значэння гістарычнай і этнакультурнай
дыферэнцыяцыі паміж двума народамі. Пра
гэта сведчыла ў 1906 г. газета “Kurier Litewski”:
“... жывучы сярод беларусаў і
ўкраінцаў, ён лічыць іх адзіным народам і называе “рускімі”. Праўда, тут жа
сцвярджалася і іншае: “Раман Скірмунт лічыць дастаткова моцным беларускі
народ і яго імкненне развіваць нацыянальную культуру”.
Такая дваістасць назіралася і ў прапанаваных Раманам
Скірмунтам варыянтах назвы палітычнай партыі, якую ён намагаўся арганізаваць. У
лістападзе 1905 г. яна фігуравала як Краёвая партыя Літвы і Русі (тэрмін “Русь”
ужыты тут яўна не ў афіцыйным імперскім сэнсе), а ўжо праз два месяцы як
Краёвая партыя Літвы і Белай Русі[19].
Відавочна, гэтая варыятыўнасць адлюстроўвае важны
момант эвалюцыі этнічнай самасвядомасці Рамана Скірмунта: пераадоленне анахранічнай
для пачатку XX ст. ідэнтыфікацыі сябе з “русінамі” як нерасчлянёнай
беларуска-ўкраінскай супольнасцю і выбар адной з яе складовых частак, якія
ператвараліся ў самастойныя нацыі.
Увогуле, паходжанне і этнаграфічныя ўяўленні
Рамана Скірмунта дапускалі магчымасць выбару на карысць як беларусаў, так
і ўкраінцаў. Нават значна пазней, у 1918 годзе, ён называў пінскіх палешукоў,
сярод якіх вырас, нашчадкамі абодвух народаў: “Паводле мовы яны больш украінцы,
паводле ўкладу і побыту – беларусы”.
Шлях этнічнага самаўсведамлення Рамана Аляксандравіча
праходзіў як бы праз некалькі раздарожжаў. І тут паўстае вельмі істотны для
характарыстыкі яго асобы і чымсьці фенаменальны факт: замест таго, каб разам з
сабратамі па шляхецкім саслоўі аддаць сябе магутнаму польскаму Адраджэнню ці, у
крайнім выпадку, прыхіліцца да ўкраінства, багаты пінскі памешчык горнецца
ўрэшце да самай няпэўнай, найменш у тых умовах перспектыўнай справы –
Адраджэння Беларусі. Не без лёгкага здзіўлення адзначаў гэты феномен
В.Гадлеўскі: “Чалавек, бясспрэчна, з вялікай духовай культурай, шырокім
светапоглядам, Скірмунт належаў у тыя часы да групы тых рэдкіх абшарнікаў
Беларусі, для каторых беларускі селянін быў бліжайшы за селяніна, а нават
шляхціца з этнаграфічнай Польшчы і
каторыя пачуваліся да нейкай і маральнай, і фізічнай сувязі з народам
беларускім”.
Праўда, палітычны выбар на карысць беларускасці будзе
зроблены ім пазней – у 1917-1918 гг. Пакуль жа, на пачатку 20 ст., зрух у гэтым
накірунку закрануў толькі адзін, так бы мовіць, “этнічны” пласт яго
самасвядомасці і яшчэ не вызначаў аблічча Скірмунта-палітыка. У першае дзесяцігоддзе яго палітычнай дзейнасці на пярэднім плане
ўстойліва фігураваў агульнакраёвы патрыятызм, прыярытэт інтарэсаў усяго абшару
былога ВКЛ перад інтарэсамі асобных этнасаў і сацыяльных груп.
У 1906 г. землеўладальнікі Менскай губерні выбіраюць
Рамана Скірмунта ў першы парламент Расійскай імперыі – Дзяржаўную думу
1-га склікання. Па яго ініцыятыве дэпутаты-“краёўцы” з літоўска-беларускіх
губерняў (апрача Скірмунта, сярод іх былі такія вядомыя постаці, як Эдвард Роп,
Аляксандр Лядніцкі, Геранім Друцкі-Любецкі, Пётр Масоніўс і інш.)
увайшлі не ў Польскае кола, а аб’ядналіся ў т.зв. Групу заходніх ускраін (Кола
дэпутатаў Літвы і Русі, Тэрытарыяльнае кола).
Па эканамічных і агульнапалітычных праблемах Група
заходніх ускраін часта галасавала разам з кансерватыўна-ліберальным Саюзам 17
кастрычніка (“акцябрысты”), але ў нацыянальным пытанні займала больш левыя
пазіцыі, збліжалася з канстытуцыйнымі дэмакратамі (кадэтамі) і нават
“трудавікамі”. Разам з
прадстаўнікамі іншых народаў і краёў Група ўвайшла ў парламенцкую фракцыю Саюза
аўтанамістаў, якая выступала за дэцэнтралізацыю кіравання, аўтаномію краёў,
выкарыстанне мясцовых моваў у адукацыі і грамадска-палітычным жыцці, за скасаванне
нацыянальна-рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў.
Дамагаючыся аўтаноміі для “Паўночна-Заходняга краю”, памешчыкі-краёўцы,
безумоўна, разлічвалі і на тое, што гэта засцеражэ Літву і Беларусь ад
кардынальнай ломкі аграрных адносін, чым пагражала расійская рэвалюцыйная
“смута”.
Перспектывы ўладкавання зямельнай справы,
абмеркаванне якой заняло цэнтральнае месца ў 1-й Думе, натуральна, моцна
хвалявалі дэпутата Рамана Скірмунта, уладальніка багатага маёнтка. Таму ён
актыўна ўключыўся ў працу думскай аграрнай камісіі, а 16 мая 1906 г. выступіў
на пленарным паседжанні з крытыкай кадэцкага праекта зямельнай рэформы.
Галоўнай яго заганай дэпутат лічыў дапушчэнне абавязковага адчужэння
прыватнаўласніцкай зямлі (за выкуп). Скірмунт расцаніў гэта як замах на прынцып
прыватнай уласнасці наогул, што, на яго думку, магло пацягнуць за сабой
ланцуговую рэакцыю адчужэння іншай маёмасці, капіталаў і г.д. Гэта азначала
“новую эканамічную і сацыяльную авантуру”, тым больш недапушчальную пасля
авантурнай вайны Расіі з Японіяй і выкліканай “нядбайствам і грахамі ўрада”
рэвалюцыйнай міжусобіцы. Прынцыпова запярэчыў Раман Скірмунт супраць таго, каб
адчужаныя землі паступалі ў дзяржаўны зямельны фонд, г.зн., каб імі
распараджаліся чыноўнікі. Тут ён убачыў небяспеку поўнага засілля бюракратыі
(“Эльдарада для бюракратаў”).
Пры ўсім тым Раман Скірмунт прызнаваў неабходнасць
пашырэння сялянскага землеўладання, у тым ліку і за кошт памешчыцкай зямлі, але
лічыў магчымым ажыццявіць гэта паступова, шляхам мірнага абнаўлення эканамічных
адносін, без нагнятання міжкласавых канфліктаў.
Такімі ж матывамі была прадыктавана і ягоная думская
прамова 4 ліпеня 1906 г. супраць
прамога звароту дэпутатаў да народа па аграрным пытанні. Дэпутацкая апеляцыя да
народа па пытанні, не высветленым да канца ў самой Думе, магла, на яго думку,
выклікаць непрадказальны ўсплёск анархіі там, “дзе непадзельна пануе ўлада цемры, дзе нашы няпоўныя, невыразныя
меркаванні будуць тлумачыцца ў вясковай глухамані самазванымі, не заўсёды
добразычлівымі і добрасумленнымі каментатарамі”. “Дзеля мірнага абнаўлення
краіны” ён заклікаў дэпутатаў засяродзіцца на пазітыўнай працы, г.зн. на
падрыхтоўцы законаў, якія б закладвалі
новы прававы падмурак грамадства[25].
Скіроўваць сацыяльныя працэсы ў прававое рэчышча,
дамагацца вяршэнства закона – у гэтым, наколькі можна меркаваць, бачыў Раман
Скірмунт адзіны прымальны падыход да вырашэння наспелых праблем, які прадухіляў
бы разбуральныя катаклізмы. Таму абачлівы кансерватызм адносна эканамічных
пераўладкаванняў спалучаўся ў яго з гатоўнасцю да дэмакратызацыі
грамадска-палітычнага жыцця. У праект праграмы Краёвай партыі Літвы і Беларусі
Скірмунт уключыў пункты аб паступовым увядзенні палітычных свабодаў, роўнасці
грамадзян перад законам, нацыянальным раўнапраўі, магчымасці атрымліваць
адукацыю на роднай мове[26].
У Дзяржаўнай думе буйны памешчык, радавіты дваранін
аказваецца сярод дэмакратычнай часткі дэпутатаў, якія выступаюць за законы аб
грамадзянскай роўнасці, што азначала, між іншым, адмену саслоўных прывілеяў
дваран і абмежаванняў сялян, а таксама іншых форм нераўнапраўя. Яго подпіс стаіць пад 7 дэпутацкімі запытамі ў
абарону ахвяр паліцэйска-чыноўніцкага сваволля, у тым ліку супраць утрымання ў
менскай турме вядомага сацыял-дэмакрата П.В.Жабы - аднаго з арганізатараў
рэвалюцыйных выступленняў у Менску ў 1905 годзе[27].
Але ў той жа час, дэманструючы законапаслухмянасць,
Раман Скірмунт не падтрымаў дэтутатаў, што пратэставалі супраць роспуску
царом у ліпені 1906 г. Дзяржаўнай думы[28].
Спроба атрымаць у наступным годзе дэпутацкі мандат у
ІІ Думу разбілася аб сцяну неразумення і падазронасці, што вырасла вакол Рамана
Скірмунта ў асяроддзі шляхты пад уздзеяннем польскіх нацыянальнык дэмакратаў,
чый недальнабачны шавінізм ён не саромеўся асуджаць адкрыта і рэзка.
Не ажыццявілася належным чынам і вынашаная ім задума
стварэння агульнакраёвай партыі як міжнацыянальнага саюза самастойных партыйных
арганізацый – польскай, літоўскай і беларускай. Аформленая ў чэрвені 1907 г. на
з’ездзе ў Вільні Краёвая партыя Літвы і Беларусі фактычна стала арганізацыяй
польскіх паноў і не знайшла падтрымкі з боку літоўскага ды беларускага рухаў,
якія разгортваліся не толькі пад нацыянальнымі, але і сацыяльнымі лозунгамі[29].
Зрэшты, узаемадачыненні Рамана Скірмунта з лідэрамі
беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў перыяд да 1917 года застаюцца
недаследаванымі. Вядома хіба, што газета “Наша Ніва”, як неафіцыйны орган
Беларускай сацыялістычнай грамады, вельмі непахвальна адгукнулася аб дзейнасці
краёўцаў у 1-й Дзяржаўнай думе з-за іх кансерватызму ў аграрным пытанні.
Безумоўна, гэтая крытыка найперш адрасавалася Раману Скірмунту. З іншага боку,
ёсць інфармацыя аб падтрымцы ім “Нашай Нівы”.
Дзесяцігоддзе паміж рэвалюцыямі 1905-1907 гг. і 1917
г. не было спрыяльным для шырокай палітычнай дзейнасці. Паслярэвалюцыйная рэакцыя
хоць і змянілася праз некалькі гадоў некаторым змякчэннем рэжыму (што, у
прыватнасці, у Беларусі адзначылася ў 1911 г. увядзеннем земстваў у Віцебскай,
Магілёўскай і Менскай губернях), але затым гэты працэс перапыніла першая
сусветная вайна. Аднак і ў такіх умовах Р.Скірмунт імкнуўся максімальна
выкарыстаць легальныя магчымасці для ўдзелу ў грамадскім жыцці.
У кастрычніку 1910 г. яго абралі ад Менскай губерні ў
Дзяржаўны савет Расіі – верхнюю заканадаўчую палату імперыі. Праўда, праз тры
месяцы дэпутат Скірмунт быў вымушаны адмовіцца ад пасады.
Ад Пінскага павета ён увайшоў у склад Менскага губернскага земства, дзе,
паводле ўспамінаў Эдварда Вайніловіча, падчас дыскусій “сілаю красамоўства
і доказаў прыцягваў увагу сходу і часта атрымліваў перамогу”.
У жніўні 1914 г. Менскае земства выбрала яго на
адказныя пасады ў новую няўрадавую арганізацыю, створаную на пачатку вайны, ва
Усерасійскі земскі саюз дапамогі хворым і параненым воінам (УЗС).
У студзені 1917 г. віцэ-старшыня Менскага таварыства сельскай гаспадаркі,
таварыш (намеснік) урадавага ўпаўнаважанага для Менскай губерні па харчаванні
Раман Скірмунт уваходзіць яшчэ і ва ўправу Віленскага зямельнага банка[35].
Якраз тады, на трэцім годзе сусветнай вайны,
памешчык-краёвец з прабеларускімі настроямі выступае на гістарычную сцэну ў
іпастасі ўласна беларускага дзеяча. На пэўны час ён становіцца адной з ключавых
постацяў маладой беларускай палітыкі. Кропкай адліку для Рамана Скірмунта
з’явілася далучэнне да працы ў адзінай у Менску дазволенай уладамі беларускай
арганізацыі – Менскага аддзелу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад
вайны.
Управа таварыства, утворанага вясной 1915 г.,
засталася ў акупаванай немцамі Вільні, і Менскі аддзел фактычна ператварыўся ў
самастойную ўстанову. Афіцыйным накірункам яе дзейнасці была дабрачынная
дапамога беларускім бежанцам. Але ў гэтай працы аддзел натрапіў на перашкоду, традыцыйную для беларускіх
арганізацый – хранічны недахоп сродкаў. З-за гэтага па аб’ему дабрачыннасці
беларускае таварыства саступала аналагічным польскаму, літоўскаму, габрэйскаму
і г.д. Аркадзь Смоліч – у той час адзін з актывістаў таварыства – пісаў:
“Усе іншыя арганізацыі такога кшталту ствараліся багатымі і ўплывовымі людзьмі.
Беларусы ж не мелі ў сваім асяроддзі ні тых, ні іншых, і таму ім не ўдавалася
ні атрымаць дапамогі ад ураду, ні сабраць дастаткова ахвяраванняў”.
Гэта і прымусіла маладых беларускіх адраджэнцаў запрасіць у сваё кола багатага
памешчыка і прадпрымальніка Скірмунта.
На той час яго нацыянальная самасвядомасць ва ўмовах
вайны, калі германская акупацыя Літвы і заходняй часткі Беларусі на няпэўны
перыяд парушыла цэласнасць “Паўночна-Заходняга краю”, набыла, відавочна, яшчэ
больш выразную беларускую афарбоўку. У выніку ў студзені 1917 г. Раман
Аляксандравіч узначаліў беларускую адраджэнцкую арганізацыю. Ён стаў старшынёй
Менскага аддзелу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Цікава,
што ва ўправу поруч з ім уваходзяць будучы прыхільнік нацыянал-бальшавізму
(“беспартыйны марксіст”) Усевалад Фальскі як намеснік старшыні, У.Голуб
(пісьменнік і тэатральны дзеяч Уладзіслаў Галубок) як сакратар арганізацыі і
Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая) як скарбнік[37].
Роўна праз месяц падзеннем цара Мікалая ІІ пачалася
новая расійская рэвалюцыя. Яна прынесла шырокія свабоды, адмену нацыянальных і
рэлігійных абмежаванняў, якія закраналі і Рамана Скірмунта як “асобу польскага
паходжання”, усяляла надзею на пазбаўленне ад уладнага дэспатызму і беззаконня.
Усё гэта не магло яму не імпанаваць як чалавеку адукаванаму, носьбіту еўрапейскай
культуры. Але як багатага памешчыка, палітыка кансерватыўнага складу, Скірмунта
непакоіла (і ён не ўтойваў гэтага), каб у выніку ўвядзення выбарчага права па
4-членнай формуле (усеагульнае, роўнае, прамое пры тайным галасаванні) ды
хуткага пашырэння сацыялістычных ідэй не страцілі пазіцый “культурныя элементы”
і не былі разбураны традыцыйныя асновы цывілізаванага побыту, сярод якіх найважнейшы для яго – прынцып прыватнай
уласнасці, у тым ліку на зямлю[38].
Рэвалюцыйная завіруха неспадзявана выносіць узначаленую
Раманам Скірмунтам малапрыкметную арганізацыю ў авангард руху беларусаў за сваё
нацыянальнае самасцвярджэнне. Знаходзячыся ў Менску, ваенна-палітычным цэнтры
той часткі Беларусі, што засталася пад юрысдыкцыяй Расіі, яна натуральнай хадою
падзей пераключылася на палітычную працу сярод насельніцтва і абвясціла сябе
часовым Беларускім камітэтам. Камітэт пачаў выконваць каардынацыйныя функцыі ў
дачыненні да беларускіх нацыянальных сіл, расцярушаных вайною па абшарах
імперыі Раманавых[39].
Р.Скірмунт як кіраўнік арганізацыі выявіў на новым
полі дзейнасці прыкметную актыўнасць. Адна з першых публічных акцый камітэта –
наладжаны 12 сакавіка 1917 г. дзень беларускага значка ў Мeнску. Як паведамлялі газеты, у гэты дзень на вуліцах горада
прадаваліся “значкі нацыянальных колераў Беларусі – чырвонага з белым. Упершыню
забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях,
кінематографах”.
Цэнтральнай падзеяй акцыі стаў шматлюдны беларускі
мітынг пад старшынствам Рамана Скірмунта ў кінатэатры “Гігант”. Сярод
прамоўцаў, апрача Скірмунта, быў і
даўні аднадумец, паважны ўзростам доктар філасофіі Пётр Масоніўс, і
25-гадовы новы паплечнік Павел Аляксюк,
і таксама маладыя, радыкальна настроеныя прыхільнікі сацыялістычнай ідэі
Аркадзь Смоліч, Лявон Заяц, Фабіан Шантыр.
Нядоўга яны будуць ісці разам з Раманам Скірмунтам.
Але пакуль што ўсе яны побач, выступаюць сугучна, хоць і з розным
тэмпераментам. “Калі Скірмунт, – успамінаў пазней Макар Краўцоў, – у кожнае
слова стараўся ўлажыць праграму, дык Шантыр спяваў гімны рэвалюцыі проста за
тое, што яна ўжо сталася, што яна ёсць. Абодва яны былі тады разам, за адным
столікам прэзідыуму”.
Без пярэчанняў, аднагалосна была прынятая рэзалюцыя мітынгу, якая акрэсліла
асноўны праграмны тэзіс беларускіх адраджэнцаў падчас расійскай рэвалюцыі 1917
года – пажаданне краёвай аўтаноміі Беларусі[42].
Спыняючыся на прамоўніцкіх здольнасцях старшыні
Беларускага камітэта, прывядзем яшчэ сведчанне Вінцэнта Гадлеўскага. Ен
прыгадваў, што выступленні Р.Скірмунта на беларускіх сходах “выдзяляліся і
зместам і формай. Яны былі заўсёды высокапатрыятычныя з беларускага пункту
гледжання і часам нават проста рэвалюцыйныя, што выклікала ў прысутных буру
воплескаў”.
Зразумела, не апошняй была роля Рамана Скірмунта пры
скліканні Беларускім камітэтам у Менску з’езда нацыянальных арганізацый, які
адбыўся 25-27 сакавіка 1917 г. 3’езд мусіў стаць сваеасаблівым аглядам
нацыянальнага руху і арганізацыйна аформіць яго як самастойную палітычную сілу.
З-за розных прычын дэлегатаў з’ехалася не вельмі шмат (каля 150 чалавек), але
яны рэпрэзентавалі розныя погляды – ад памяркоўных, хрысціянска-дэмакратычных
да радыкальных, сацыялістычных. У працы з’езда, які, па сутнасці, упершыню ў
гісторыі наважыўся выказацца ад імя беларускай нацыі як асобнай этнасацыяльнай
супольнасці, Раман Скірмунт удзельнічаў
досыць актыўна. Яго прозвішча фігуруе ў спісах трох камісій з сямі.
На другі дзень з’езда яго выбралі ў прэзідыум і
даручылі старшынстваваць. Гэтым, як патлумачыў пазней Зміцер Жылуновіч,
дэлегаты імкнуліся прадухіліць раскол, што намеціўся ў першы дзень працы[44].
З’езд паспяхова дабраўся да фінішу, распрацаваўшы
разгорнутую праграму дзеянняў. Ён выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе
агульнарасійскай федэрацыі. Ядром беларускай тэрыторыі вызначаліся Менская,
Магілёўская, Віцебская, Гарадзенская і Віленская губерні. Было вырашана
дамагацца найхутчэйшай рэформы пачатковай і сярэдняй школы, паступовага
ўвядзення ў навучанне роднай мовы. Выказвалася пажаданне аб адкрыцці ў Беларусі
універсітэта. З вуснаў левых дэлегатаў, якія тут жа, у дні працы з’езда,
абвясцілі аб адраджэнні Беларускай сацыялістычнай грамады, гучала таксама
радыкальная пастаноўка аграрнага пытання, але гэта не адлюстравалася ў
выніковых рэзалюцыях[45].
Для кіравання
працай па намечанай праграме з’езд сфармаваў Беларускі нацыянальны камітэт, які
на бліжэйшыя месяцы стаў органам палітычнага прадстаўніцтва беларускага руху.
Працяглую дыскусію выклікала пытанне пра тое, хто павінен узначаліць БНК.
Урэшце пасля вострых спрэчак старшынёй Нацыянальнага камітэта (па сутнасці,
лідэрам усяго руху) быў абраны Раман Скірмунт. Яму ж даручылі ўзначаліць і
выбраную з’ездам дэлегацыю для перамоваў з
Часовым урадам.
Чаму менавіта яму, буйному памешчыку, чалавеку
кансерватыўных поглядаў, даверылі рэпрэзентаваць пераважна сялянскую Беларусь у
момант, калі яна была ўцягнута ў працэс кардынальнай ломкі традыцыйнага ладу
жыцця? Верагодную логіку гэтага выбару перадаў у шматразова цытаваных ужо намі
ўспамінах ксёндз В.Гадлеўскі, які сам быў
дэлегатам з’езда і ўвайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэта.
“Трэба ведаць, – пісаў ён – што на пачатку расійскай рэвалюцыі ніхто не
спадзяваўся, што яна будзе паглыбляцца штораз далей, аж да камунізму. Людзі
думалі, што ўрады князя Львова, а потым Керанскага будуць трывалымі, што
расійскі лібералізм і дэмакратызм, які дайшоў да ўлады, будзе дэцыдаваць аб
будучым дзяржаўным строю Расеі, што кадэты, а потым і эсэры, якія стаялі на
чале ўлады, не аддадуць яе нікому. А ў гэтых людзей, асабліва ў кадэтаў, асоба
Скірмунта як вядомага палітычнага дзеяча і сябра 1-й Дзяржаўнай думы, мела сваё значэнне”.
Выбранню Скірмунта паспрыяла, мабыць, і тое, што ён,
паводле сведчання сучаснікаў,
дэманстраваў у часы рэвалюцыі большую, чым раней, гнуткасць у дачыненні да
сацыяльных праблем[47].
Ва ўзначаленым Раманам Скірмунтам Беларускім
нацыянальным камітэце (выбраны ў складе 18 чалавевк), як і на з’ездзе,
знайшлося месца для выразнікаў розных грамадска-палітычных поглядаў і
арыентацый. Разам з памяркоўнымі Р.Скірмунтам, П.Алексюком (намеснік старшыні),
В.Гадлеўскім суседнічалі радыкалы-сацыялісты У.Фальскі (таксама намеснік
старшыні), З.Жылуновіч, Ф.Шантыр. З прыхільнікамі “заходняй” арыентацыі
В.Іваноўскім, Л.Дубейкаўскім – “усходнікі” Я.Канчар, М.Кахановіч і г.д. Гэта
быў кааліцыйны орган, закліканы ўвабраць увесь спектр поглядаў і настрояў, што
мелі месца ў тагачасным беларускім грамадстве на ўсход ад лініі
расійска-германскага фронту.
Пасада старшыні БНК, паводле назіранняў Зміцера
Жылуновіча, “вельмі імпанавала” Раману Скірмунту, “і трэба прызнацца, ён
працаваў у ім старанна, хілючы, вядома, умела і здатна сваю буржуазную лінію”.
Аднак сітуацыя для яго была не вельмі простай. У адпаведнасці з раскладкай сіл
у беларускім руху Р.Скірмунт апынуўся на яго правым флангу, хаця для лідэра
больш пажаданым было б цэнтрысцкае становішча. З самага пачатку ён адчуў
неабходнасць умацаваць свае пазіцыі. У гэтым заключалася непасрэдная прычына
намаганняў Р.Скірмунта далучыць да беларускага руху класава і палітычна блізкіх
да сябе абшарнікаў Эдварда Вайніловіча,
Гераніма Друцкага-Любецкага, Станіслава Радзівіла і іншых.
На думку Вінцэнта Гадлеўскага, кіраўнік камітэта
імкнуўся стварыць падчас рэвалюцыі 1917 г. “беларускую абшарніцкую партыю”,
што цалкам верагодна. Гэта магла быць новая спроба рэалізаваць сваю даўнюю ідэю
аб краёвай палітычнай арганізацыі, цяпер, магчыма, з больш яскравай беларускай
афарбоўкай.
Апеляцыя Скірмунта да буйных аграрыяў знайшла пэўны
водгук. Яшчэ да сакавіцкага з’езда Э.Вайніловіч і С.Радзівіл поруч з даўняй
мецэнаткай беларускага руху Марыяй Магдаленай Радзівіл ахвяравалі на яго
патрэбы значныя сродкі.
Пасля ўтварэння БНК (якому з’езд надаў права кааптацыі) яны бывалі на яго
паседжаннях, і часам стваралася ўражанне, што “буйныя землеўласнікі на Беларусі
пачынаюць пазнаваць самі сябе і варочацца да таго народу, з каторага яны
выйшлі”.
Вядома, дэманструючы час ад часу гатоўнасць пайсці за Р.Скірмунтам па шляху да
беларускасці, абшарнікі кіраваліся не толькі сентыментальна-рамантычным
“поклічам продкаў”. Разважаючы пазней над гэтай з’явай, газета беларускіх
хадэкаў “Krynica” у прамалінейнай форме выказалася так:
“… Мусіць, побач са сваім краёвым нахілам і спагаднасцю да беларускай ідэі яны думалі выслужыцца перад
беларускім народам, каб ён
пакінуў ім маёнткі”.
Але, незалежна ад тых ці іншых суб’ектыўных матываў, сімптомы некаторага
набліжэння мясцовых аграрыяў-кансерватараў да беларускай ідэі можна разглядаць
як праявы аб’ектыўнай гістарычнай тэндэнцыі да збалансавання традыцыйнага ў
беларускім руху перакосу ўлева ўмацаваннем яго правага крыла.
Што да самога Скірмунта, то, як дасведчаны палітык,
не пазбаўлены, відаць, памкненняў на агульнанацыянальнае лідэрства, ён выяўляў
гатоўнасць да ўзаемадзеяння і з іншымі, магчыма, непрымальнымі для яго асабіста, але рэальна існуючымі і ўплывовымі
сіламі. Пра гэта сведчыць успамін Лявона Зайца аб тым, як ён 4 сакавіка 1917 г.
на паседжанні Беларускага камітэта (тады яшчэ ў абліччы Менскага аддзела
Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны) менавіта па настаянні
Рамана Скірмунта, “старога палітыка і далёкабачнага буржуя”, быў абраны дэлегат
для кантактаў з Менскім Саветам рабочых дэпутатаў. Сувязь гэтая, праўда, была
непрацяглай. Пазней,
ужо ў ролі старшыні пастаяннага БНК, ён угаворваў не выходзіць з камітэта
свайго палітычнага антыпода Я.Канчара (народнага сацыяліста, безаглядна
арыентаванага на Расію), “таму што пункт гледжання Канчара ў камітэце патрэбны”.
Адным з прыкметных крокаў Рамана Скірмунта на пасадзе
старшыні БНК стала яго паездка ў красавіку 1917 г. у Петраград на чале
беларускай дэлегацыі. Яна вартая ўвагі не столькі з-за яе практычных
наступстваў (яны не былі ўнушальнымі), колькі таму, што мела пэўны знакавы
сэнс: упершыню (шмат што тады адбывалася упершыню!) у найвышэйшых уладных
інстанцыях Расіі было афіцыйна заяўлена пра нацыянальна-палітычныя інтарэсы
беларускага народа. На стол міністра-старшыні Часовага ўрада Г.Я. Львова
лягла дакладная запіска за подпісам Скірмунта і астатніх сяброў дэлегацыі аб
патрэбе для Беларусі аўтаноміі, неабходнасці дэмакратызацыі мясцовага
самакіравання і сістэмы адукацыі, кампенсацыі стратаў насельніцтва ад вайны[55].
Беларускія дэлегаты наведалі таксама некаторыя
міністэрствы, обер-пракурора Сінода, каталіцкага архіепіскапа, Петраградскі
Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Як і можна было чакаць, галоўнае дамаганне
дэлегацыі – аб наданні Беларусі аўтаномнага статусу – не знайшло падтрымкі ў
Часовым урадзе, дзе галоўную ролю адыгрывалі тады кадэты, перакананыя
праціўнікі дзяржаўна-палітычных утварэнняў на нацыянальнай аснове. У высокіх кабінетах
адразу ж запыталі: “Якая рэальная сіла стаіць за дэлегацыяй?” Адказ, што “за ёй
стаіць вялікая маральная сіла”, натуральна, не прыспешыў кадэцкіх палітыкаў
пайсці насустрач пажаданням беларусаў. Урад, праўда, згадзіўся наладзіць з БНК
пастаянную сувязь, для чаго былі прызначаны адмысловыя ўпаўнаважаныя[56].
Кіраўніцтва БНК само добра ўсведамляла
недастатковасць сілаў беларускага руху
для таго, каб змусіць расійскія ўлады згадзіцца на нейкую самастойнасць
Беларусі. Таму яшчэ па дарозе ў Петраград беларуская дэлегацыя вырашыла ў
пошуку саюзніка звярнуцца ў Літоўскі нацыянальны савет, які рэпрэзентаваў у
сталіцы Расіі інтарэсы літоўскага насельніцтва краіны. У якасці матываў для
гэтага супрацоўніцтва беларусы сцвярджалі: “а) даўнейшую супольную лучнасць у
форме дзяржавы – гістарычнай Літвы; в) цяперашнюю адміністрацыйную супольнасць
у форме “Северо-Западного края”; с) лучнасць палітычных і эканамічных інтарэсаў
Літвы і Беларусі”.
Гэтыя пункты – не што іншае, як
асноўныя пастулаты ўсё таго ж “краёўства”. Ідэю непадзельнасці
літоўска-беларускага краю, такім чынам, не толькі заўзята эксплуатавалі
беларускія актывісты на акупаванай немцамі тэрыторыі,
але ўсё яшчэ не скідвалі з рахунку і кіраўнікі беларускага руху на ўсход ад
лініі фронту, узначаленыя “краёўцам” Р.Скірмунтам. Аднак, як і ў Вільні,
літоўскія палітыкі ў Петраградзе адхілілі прапанову аб узаемадзеянні на
“краёвай” платформе, бо гэта супярэчыла іх курсу на пабудову ўласна літоўскай
нацыі-дзяржавы.
Гісторыя настойліва скіроўвала на такі шлях і беларускі
нацыянальны рух. Прычым разлічваць прыходзілася на ўнутраныя сілы, на падтрымку
ўласнага народа. Як цэнтральны орган гэтага руху, кіруемы Скірмунтам БНК
прыкладваў пэўныя намаганні дзеля пашырэння сацыяльнай базы, імкнуўся
прапагандаваць нацыянальную ідэю сярод насельніцтва.
Былі спробы камітэта арганізаваць пад сваёй эгідай
сялянства, завязваліся стасункі з беларусамі-вайскоўцамі. З удзелам БНК у маі
1917 г. было заснавана Таварыства беларускай культуры, на правах секцыі якога
працавала Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Гастролі апошняга па
Беларусі сталі моцным імпульсам для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці. У
тым жа месяцы БНК пачаў выдаваць у Менску газету “Вольная Беларусь”. У канцы
чэрвеня 1917 г. адначасова ў краі і па-за яго межамі камітэтам былі
арганізаваны Дні вольнай Беларусі. У рамках гэтай шырокай грамадскай акцыі,
прымеркаванай да свята Купалля, паўсюдна распаўсюджваліся лістоўкі БНК,
чыталіся лекцыі па гісторыі Беларусі, дэманстравалася нацыянальнае мастацтва.
Безумоўна, старшыня БНК Р.Скірмунт, чалавек энергічны, дзелавы і нябедны, меў
прамое дачыненне да арганізацыі гэтых і іншых спраў.
Аднак як палітык-кансерватар з набытай яшчэ ў
рэвалюцыю 1905-1907 гг. рэпутацыяй цвёрдага прыхільніка памешчыцкага
землеўладання, Раман Скірмунт не прыносіў беларускаму руху палітычных
дывідэндаў. Рэвалюцыя ўцягвала ў палітыку шырокія сацыяльныя нізы, у тым ліку
сялян, што прагнулі зямлі і пад уплывам сацыялістычнай прапаганды ўсё больш
радыкалізаваліся. Для іх асоба Скірмунта не магла быць прыцягальнай. Узнікшую
калізію імгненна скарысталі шматлікія вялікадзяржаўніцкія сілы, апантаныя
праціўнікі беларускага самавызначэння: чыноўніцкая бюракратыя, службоўцы розных
устаноў па абслугоўванні фронту, якіх безліч наплыло ў край у часе вайны,
функцыянеры агульнарасійскіх партый ды розныя дамарослыя групоўкі, што стаялі
на пазіцыях “заходнерусізму”. З іх боку постаць Скірмунта стала аб’ектам
палітычных спекуляцый. Яе стараліся ператварыць у пудзіла для нацыянальна
дэзарыентаванага беларускага селяніна ды гарадскога абывацеля, каб выпрацаваць
у іх трывалы імунітэт супраць самой беларускай ідэі.
Гэты “накат”, у прыватнасці, прычыніўся да таго, што сялянскія з’езды,
праведзеныя ў беларускіх губернях вясной – летам 1917 г., адхілілі прапановы
БНК адносна будучага статусу Беларусі.
Недастатковая выніковасць працы Беларускага
нацыянальнага камітэта, няўдачы спробаў аб’яднаць вакол ідэі аўтаноміі Беларусі ўплывовыя палітычныя сілы краю
выклікалі незадаволенасць у беларускіх арганізацыях на месцах, якія звычайна
арыентаваліся на Беларускую сацыялістычную грамаду. Узмоцнілася
антыскірмунтаўская апазіцыя з боку грамадоўцаў і ў самім БНК. Факт знаходжання
на чале камітэта дзеяча з такім рэнамэ, як у Скірмунта, станавіўся ў тых умовах
адной з перашкод для ператварэння беларускага руху ў сур’ёзную палітычную
велічыню. Нельга тут не пагадзіцца з трапнай заўвагай Арсеня Ліса: “Як на
прадстаўнічую дэлегацыю ў Петраград да Часавога урада з беларускімі
патрабаваннямі, то былы член Думы, імпазантны Скірмунт, пэўна, падыходзіў. Але
штось іншае было - дзейна весці беларускую работу ў свеце, які імкліва
радыкалізаваўся, ды ўнутры БНК, у асяроддзі маладых сацыялістаў”.
Беларуская сацыялістычная грамада настаяла на
правядзенні ў ліпені 1917 г. у Менску
новага з’езда нацыянальных арганізацый. Яго рашэннем БНК быў скасаваны. Разам з
гэтым страціў сваю пасаду ў беларускім руху і Р.Скірмунт. У адпаведнасці з
дамінуючымі ў грамадстве настроямі было абвешчана, што новы каардынацыйны орган
руху – Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый – грунтуецца на прынцыпах
“поўнага дэмакратызму”, перадачы ўсёй зямлі без выкупу працоўнаму народу і
абароны інтарэсаў рабочых[61].
З лета 1917 да лютага 1918 г. постаць Рамана
Скірмунта знікае з бачнага далягляду беларускага Адраджэння. Тым часам за гэтыя
паўгода беларускі рух зрабіў істотныя крокі наперад. Прыкметна пашырыліся
шэрагі яго ўдзельнікаў, удасканальваліся арганізацыйныя формы. Рэй у гэтых
справах вялі беларускія сацыялісты. Яны ж дамінавалі і на Усебеларускім з’ездзе
ў снежні 1917 г., першым у гісторыі агульнанацыянальным форуме беларусаў,
рашэнні якога сталі прававым грунтам для абвяшчэння Беларускай Народнай
Рэспублікі і ад якога вялі радавод яе вярхоўныя органы. Несумненна, былы
старшыня БНК працягваў трымаць руку на пульсе беларускага нацыянальнага жыцця,
але непасрэднага ўдзелу ў ім на гэтым этапе вядомыя нам крыніцы не фіксуюць.
Тым не менш, кіпучая натура неўтаймоўнага памешчыка
з-пад Пінска не ведала спакою. Да ранейшых яго абавязкаў у розных грамадскіх ды
гаспадарчых арганізацыях далучаюцца новыя. З канца сакавіка 1917 г. ён займае
клопатную пасаду загадчыка аддзела па забеспячэнні ў новаўтвораным Менскім
губернскім харчовым камітэце.
У жніўні ўрад Аляксандра Керанскага запрашае яго як былога дэпутата Думы ў
Маскву на Дзяржаўную нараду, скліканую дзеля пошуку выхаду краіны з крызісу.
Восенню ён балатуецца ў дэпутаты Усерасійскага Устаноўчага сходу, узначальвае
кандыдацкі спіс Саюза зямельных уласнікаў Менскай губерні.
Тады ж, у кастрычніку 1917 г., літаральна за тыдзень да бальшавіцкага
паўстання, Раман Скірмунт ад’язджае ў Петраград для ўдзелу ў паседжаннях
Часовага савета Расійскай рэспублікі (Перадпарламента), куды яго дэлегавала
Менскае таварыства сельскай гаспадаркі[65].
Падобна, што ў тыя “векапомныя дні” беларускі
абшарнік, будучы прэм’ер-міністр БНР, апынуўся якраз у эпіцэнтры “галоўнай
падзеі 20 стагоддзя”. Мы не маем дакументальных звестак аб рэакцыі Рамана
Скірмунта на захоп улады бальшавікамі ды іх ашаламляльную палітыку. Але
нескладана ўявіць, якім магло быць стаўленне буйнога аграрыя, прадпрымальніка,
нацыянальна арыентаванага памяркоўнага палітыка да звышрызыкоўных эканамічных
эксперыментаў, накшталт сацыялізацыі зямлі, адзяржаўлення банкаў, да
бальшавіцкага гвалту над палітычнымі апанентамі, разгону нацыянальных з’ездаў і
арганізацый і г.д.
Параліч прамысловасці і гандлю, хаос на транспарце,
небывалае абвастрэнне харчовай праблемы ў гарадах… Ад усяго гэтага цярпелі не
адны памешчыкі і буржуазія. Таму не толькі яны, але і значная частка шэраговага
жыхарства, заморанага бальшавіцкім валюнтарызмам, з палёгкай уздыхнула, калі ў
лютым 1918 г. камісары з Аблвыкамзаху і СНК Заходняй вобласці і фронту пакінулі
Менск, уцякаючы ад наступаючых немцаў. З’яўленне ў горадзе праз некалькі дзён
педантычных кайзераўскіх генералаў і афіцэраў на чале дысцыплінаваных яшчэ,
малайцаватага выгляду нямецкіх салдат хоць і не выклікала, натуральна,
асаблівай радасці, але многімі было ўспрынята як знак таго, што настане хоць
нейкі парадак.
Сярод “айцоў горада”, якія прыбылі 21 лютага 1918
года на Віленскі вакзал Менска для перамоваў з камандаваннем першага
германскага эшалона, быў таксама Раман Скірмунт. Ен звярнуўся да нямецкіх
афіцэраў на іхняй мове і атрымаў у адказ запэўніванні, што германскія войскі не
маюць зламысных намераў адносна цывільнага насельніцтва.
Істотны для палітычнага партрэта Рамана Скірмунта штрых: калі газеты
распаўсюдзілі звесткі, быццам ён сустракаў немцаў як паляк, ён рашуча гэта
абверг і заявіў, што быў у складзе дэлегацыі менскіх грамадскіх дзеячаў “як
прадстаўнік беларусаў”.
Кантакты Р.Скірмунта ў 1918 годзе з акупацыйнымі
нямецкімі ўладамі – факт, які немагчыма абмінуць. Як да яго паставіцца?
Носьбіты масавай расійска-савецкай ментальнасці адназначна ўбачаць у ім
недаравальны крымінал, нешта накшталт “здрады Радзіме”. Справа, аднак, у тым,
што дзяржава, якая ўвязалася ў 1914 годзе ў самазабойчую вайну з немцамі,
запаланіўшую і беларускую зямлю, – імперыя Раманавых – не з’яўлялася для
Р.Скірмунта Радзімай у поўным сэнсе гэтага слова. Яна таксама была заваёўнікам,
“заборцам” яго гістарычнай радзімы Вялікага Княства Літоўскага. Тым больш не
магла стаць для яго Радзімай імперыя бальшавікоў, якіх ён не выбіраў і якім не
прысягаў, але якія пачалі бязлітасна разбураць вякамі асвечаны парадак у яго
родным краі.
Гісторыя павярнулася так, што адзінай перашкодай,
якая ўзнікла на шляху татальнага разбурэння, сталіся акупацыйныя войскі
Германскай імперыі. Вядома, яны прыйшлі сюды не з цывілізатарскай місіяй.
Галоўнае для іх – выпампаваць як мага больш прыродных і гаспадарчых рэсурсаў краю
дзеля патрэб германскай эканомікі і арміі. Менавіта з гэтай мэтай прускія
юнкеры і заможныя бюргеры ў генеральскіх і афіцэрскіх мундзірах аднаўляюць
адзіны прымальны для іх, выпрабаваны часам стары лад жыцця. Але тым самым яны
ліквідуюць катастрафічныя наступствы рэвалюцыйных катаклізмаў. Таму, лічыць
Р.Скірмунт, трэба цярпліва вытрымаць цяжар акупацыі (гэтае непазбежнае ліха
кожнай вайны), па магчымасці раўнамерна размеркаваўшы яго ў кантакце з
акупацыйнымі ўладамі паміж усімі класамі народа[68].
Да таго ж гаспадаранне германскіх вайскоўцаў не
абяцае быць доўгім. У змаганні з Антантай ваеннае шчасце яўна адвярнулася ад
кайзера Вільгельма ІІ. Ягоная імперыя наўрад ці здолее ўтрымаць за сабой
занятыя тэрыторыі, у тым ліку ва Усходняй Еўропе. Але пасля сябе, натуральна,
немцы пастараюцца пакінуць у гэтым рэгіёне такую геапалітычную сістэму, якая
максімальна адпавядала б іх стратэгічным інтарэсам. Яны, па ўсім бачна,
імкнуцца стварыць тут пад сваім пратэктаратам пояс адносна невялікіх маладых
краін, які стаў бы буферам паміж Польшчай і Расіяй, у патэнцыяле вядучымі
дзяржавамі славянскага свету, спрадвечнага антаганіста тэўтонаў. Германія ўжо
прызнала незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі (студзень 1918 г.), да
гэтага ж ідзе справа і ў Літве. Паміж імі выступае ў выглядзе кліна Беларусь, і
Раман Скірмунт быў перакананы, што немцы не дапусцяць, каб яна заставалася
часткай Расіі[69].
Ёсць усе падставы спадзявацца на падтрымку Германіяй
дзяржаватворчых намаганняў Беларусі. Трэба выкарыстаць гэты гістарычны шанс, бо
без спрыяння хаця б адной вялікай дзяржавы ніякая нацыя не можа цвёрда стаць на
самастойны шлях. Але сітуацыя ўскладнялася тым, што ініцыятыва будавання
беларускай дзяржаўнасці была перахоплена сацыялістамі, значная частка якіх да
таго ж мела прарасійскія настроі. Таму выведзеная імі з падполля Рада
Усебеларускага з’езда ды спешна арганізаваны Народны сакратарыят Беларусі на
чале з грамадоўцам Язэпам Варонкам наўрад ці дамогуцца належнага ўзроўню
адносін з германскімі ўладнымі інстанцыямі, дзе вяршэнствуюць кансерватары і
лібералы. “Партыйны склад [беларускіх органаў], на якім да гэтых часоў
засноўваліся, зусім не адпавядае ні моманту, ні становішчу”, - заяўляе Раман
Скірмунт. Тэрмінова
патрабуецца іншы цэнтр нацыянальнага прадстаўніцтва, які рэальна стаў бы ў
новых умовах зародкам беларускай дзяржаўнасці.
Такая прыкладна логіка праглядаецца ў дзеяннях
Р.Скірмунта з першых дзён нямецкай акупацыі 1918 года. Ужо 25 лютага з мэтай
“прадстаўляць інтарэсы беларускага народа і быць нацыянальным цэнтрам” у Менску
паўстае ўзначаленая ім новая арганізацыя – Беларускае народнае прадстаўніцтва
(Менскае беларускае прадстаўніцтва). Апрача Р.Скірмунта (старшыня) у кіруючае
ядро арганізацыі ўвайшлі А.Уласаў (віцэ-старшыня), П.Аляксюк (сябар
прэзідыуму), генерал К.Кандратовіч, протаіерэй Кульчыцкі, ксёндз В.Гадлеўскі,
В.Чавусаў, Р.Зямкевіч, Э.Русецкі[71].
Гэтыя людзі ўвасаблялі тыя струмені беларускай
палітычнай думкі, што былі рэпрэзентаваны ў 1917 г. у Беларускім Нацыянальным
Камітэце, але зараз не мелі прадстаўніцтва ў Выканаўчым камітэце Рады
Усебеларускага з’езда. Друкаваным органам новай арганізацыі стала газета
“Беларускі шлях”, якую з другога нумара рэдагаваў Аляксандр Прушынскі (Алесь
Гарун).
Сваёй галоўнай мэтай Беларускае народнае
прадстаўніцтва абвясціла “адбудаванне
беларускай дзяржаўнасці ў граніцах рассялення беларускага племені”.
“Беларускі шлях” пісаў пра патрэбу незалежнасці Беларусі “на грунце
непадзельнасці беларускага народу ў яго этнаграфічных рубяжох”.
Гэта была ідэя беларускай нацыі-дзяржавы, заснаваная на этнічным прынцыпе. Але
зноў з ёй мудрагеліста спалучаўся стары “краёвы” праект рэанімацыі гістарычнай
Літвы як поліэтнічнага дзяржаўнага ўтварэння. Другім пунктам праграмнай адозвы
Прадстаўніцтва значылася: “Урэгуляванне беларуска-літоўскіх дзяржаўна-народных
адносін на аснове супольнага будаўніцтва і звязку з Курляндыяй дзеля
аднаўлення старых гандлёвых шляхоў да мора”
(падкрэслена мною. - С.Р.)
У
адной з перадавіц “Беларускага шляху” адназначна гаварылася, што Прадстаўніцтва
“стала за саюз з Літвой і Курляндыяй, адраджэнне старой Беларуска-Літоўскай
дзяржаўнасці з тарговымі натуральнымі дарогамі да Балтыкі праз Лібаву, Рыгу
і Нёман”.
(Падкрэслена мною. – С.Р.). Такім
чынам, наступным крокам пасля дасягнення незалежнасці Беларусі Р.Скірмунт і яго
паплечнікі лічылі яе ўваходжанне ў больш шырокае дзяржаўна-палітычнае
аб’яднанне з суседзямі ў рамках былога ВКЛ. Гэта, аднак, не перашкаджала
кіраўнікам Беларускага народнага прадстаўніцтва пратэставаць супраць прэтэнзій
палякаў і літоўцаў на часткі Віленшчыны і Гарадзеншчыны, а ўкраінцаў – на
паўднёвыя паветы Беларусі[76].
У першыя месяцы створаная Скірмунтам арганізацыя
знаходзілася ў рэзкай апазіцыі да Рады і Народнага сакратарыята Беларускай
Народнай Рэспублікі, якія яна лічыла вузкапартыйнымі (грамадоўскімі) органамі.
28 сакавіка 1918 г., г.зн. праз тры дні пасля абвяшчэння Радай незалежнасці
БНР, Менскае прадстаўніцтва прыняло рашэнне склікаць у канцы красавіка
канферэнцыю беларускіх арганізацый, якія падзяляюць яго погляды. На ёй
меркавалася разгледзець пытанні нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі
(дакладчык Р.Скірмунт), арганізацыі асветы (В.Гадлеўскі), эканамічнага
адбудавання краю (А.Уласаў) і стварэння шырокага нацыянальнага прадстаўніцтва
(П.Аляксюк).
Каменціруючы апошні пункт, “Беларускі шлях”
растлумачыў, што гаворка пакуль не ідзе пра ўладу, бо рэальная ўлада, давала
зразумець газета, ва ўмовах акупацыі немагчымая. Яе не мае ніводная беларуская
арганізацыя. На думку публіцыста “Беларускага шляху”, галоўная задача моманту –
не ганяцца за ўладай, як гэта робіць Рада і Народны сакратарыят, а весці
“арганічную працу” над згуртаваннем народу, збіраць разрозненыя нацыянальныя
сілы для стварэння “моцнага, адналітнага па духу і аўтарытэтнага нацыянальнага прадстаўніцтва”
(выдзелена у арыгінале. – С.Р.).
Паміж Беларускім народным прадстаўніцтвам і
вярхоўнымі органамі БНР, кіруемымі грамадоўцамі, нарастала канфрантацыя, якая
пагражала поўным расколам у стане і без таго нешматлікіх беларускіх сіл. Сярод
іншага да гэтага, безумоўна, спрычыніўся прадэклараваны Радай БНР у Другой
Устаўной грамаце (9.03.1918 г.) услед за бальшавікамі намер скасаваць прыватную
ўласнасць на зямлю, з чым Р.Скірмунт прынцыпова не мог пагадзіцца.
Але трэба аддаць належнае пэўнай гнуткасці гэтага
палітыка-кансерватара. Падчас перамоў з дэлегацыяй Віленскай Беларускай рады на
чале з братамі Iванам ды Антонам Луцкевічамі ён здолеў успрыняць іх довады, што
Менскае прадстаўніцтва “павінна не канкураваць аб уплыве на немцаў з Радай
Рэспублікі, а павінна ўліцца ў склад апошняе і, нягледзячы на розніцу ў
сацыяльных поглядах, у гэты выключны момант будаваць Бацькаўшчыну супольна з
сацыялістамі, паклаўшымі першы камень пад гэту будоўлю”.
Усе ўрэшце рэшт сышліся на тым, што ствараць
аўтарытэтны нацыянальны цэнтр трэба не шляхам фармавання паралельных структур,
а выкарыстаннем для гэтага ўжо існуючых. У выніку 12 красавіка 1918 г. усё
кіраўнічае ядро Беларускага народнага прадстаўніцтва (10 чалавек) было
кааптавана ў склад Рады БНР, заняўшы там месцы земскай групы, якая пакінула
Раду ў знак нязгоды з актам 25 сакавіка.
Пытанне аб скліканні скірмунтаўскай арганізацыяй асобнай канферанцыі само па
сабе адпала.
Выказваючы пазіцыю фракцыі Менскага прадстаўніцтва,
вызначаную, несумненна, найперш самім Раманам Скірмунтам, “Беларускі шлях” пісаў,
што перад Радай БНР ляжыць задача “мудрай нацыянальнай палітыкай злучыць усю
Беларусь у адну Беларускую дзяржаву”. Для гэтага трэба мабілізаваць і стройна
арганізаваць усе сілы. “Словы не так будуць патрэбныя, як арганічная праца,
безабмылковая тактыка і палітычная вытрыманасць”.
Акцэнтаванне ўвагі на канкрэтных справах (“арганічная
праца”) замест гучных дэкларацый, напэўна, рабілі ўражанне на паседжаннях Рады
БНР. Так ці інакш, але ўплыў Рамана Скірмунта прыкметна ўзрастаў. Менавіта
па яго ініцыятыве (калі верыць В.Гадлеўскаму) 25 красавіка 1918 г. была прынята
вядомая тэлеграма кайзеру Вільгельму ІІ, у якой Рада выказвала падзяку за
вызваленне краю ад чужога ўціску і анархіі ды прасіла падтрымкі ў справе
ўмацавання цэльнай і непадзельнай Беларусі ў звязку з Германскай імперыяй[82].
Гэты непапулярны дыпламатычны крок з’яўляўся
відавочнай спробай паставіць беларускую справу на больш шырокі міжнародны
грунт. Ажыццявілася яна ў форме, якую дазваляла тагачасная
канкрэтна-гістарычная сітуацыя. “Злашчасная”, паводле вызначэння Тамаша Грыба,
тэлеграма выклікала раскол Беларускай сацыялістычнай грамады і чарговы крызіс у
Радзе БНР. Адтуль у знак пратэсту выйшла гарадская група і прадстаўнікі
габрэйскіх сацыялістычных партый.
У выніку Рада некалькі “паправела”,
што яшчэ больш умацавала пазіцыі Р.Скірмунта.
Ягонаму вылучэнню на першы план спрыяла таксама
ацэнка кіраўнікамі БНР знешнепалітычнай кан’юктуры. Пасля прызнання
незалежнасці Украіны Германія ў сакавіку 1918 г. зрабіла аналагічную заяву
адносна Літвы. Час ад часу з боку прадстаўнікоў германскіх вайсковых колаў
паступалі абнадзейлівыя сігналы і наконт Беларусі.
Аднак да афіцыйнага прызнання беларускай дзяржаўнасці справа ўсё не даходзіла.
Гэта можна было расцэньваць як адзнаку непрымальнасці
для немцаў сацыялістычнага паводле партыйнай афарбоўкі Народнага сакратарыяту
Беларусі. Такое меркаванне, здавалася, красамоўна пацвярджалі весткі з Украіны,
дзе ў канцы красавіка сацыялістычная Цэнтральная Рада і сфармаваны ёю
Генеральны сакратарыят не без удзелу немцаў былі звергнуты, і ўсталяваўся
кансерватыўна-аўтарытарны рэжым гетмана П.Скарападскага. Відавочна, каб
апярэдзіць падобнае развіццё падзей у Беларусі, Рада БНР сама ажыццяўляе захады
па аслабленні пазіцый левых і рэарганізацыі Народнага сакратарыяту “ў сэнсе
цэнтралізацыі ўлады ў руках адной асобы, якая будзе прынята немцамі як
пажаданая”.
У
выніку 14 мая 1918 г. Народны сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам
заяўляе аб сваёй адстаўцы, а фармаванне новага кабінета Рада даручае Раману
Скірмунту. У “беларускай
кар’еры” палітыка, які за тыдзень да гэтага пераступіў 50-гадовы рубеж свайго
ўзросту, настала кульмінацыйная стадыя.
Пачаў яе Р.Скірмунт дыпламатычна і шляхетна. На словы
Я.Варонкі: “Судзіце нас за памылкі нашы ... “, – ён, пакінуўшы ўбаку свае непаразуменні
з сацыялістамі, пранікнёна адказаў: “Суд над вамі – гэта суд над намі ўсімі;
нас будуць судзіць гісторыкі. Не судзіць, а дзякаваць мы павінны вам, першым
носьбітам і ўвасабляльнікам ідэі незалежнасці Беларусі”.
Гэта была не проста даніна ветлівасці. Новы (другі па
ліку) прэм’ер-міністр БНР прыступіў да фармавання ўрада з перакананнем, што
кабінет павінен быць кааліцыйным. Ён спадзяваўся аб’яднаць у супольнай працы
разам са сваімі аднадумцамі (генералам К. Кандратовічам, менскім гарадскім галавой
С.Хржанстоўскім і іншымі) і выхадцаў з БСГ – таго ж Я.Варонку (якому прапанаваў
пасаду свайго намесніка), Я.Лёсіка, А.Аўсяніка.
Але ідэя кааліцыі аказалася неажыццявімай. Левыя, не адхіляючы магчымасці
супрацоўніцтва ў прынцыпе, адмовіліся ўвайсці ва ўрад Р.Скірмунта[89].
Па гэтай прычыне фарміраванне новага складу Народнага
сакратарыяту Беларусі затрымалася (яго функцыі працягваў выконваць кабінет
Я.Варонкі), а сам Раман Скірмунт у канцы мая ў якасці надзвычайнага
прадстаўніка БНР накіраваўся на Украіну. Звесткі пра гэтую паездку ў даступных
нам крыніцах вельмі фрагментарныя. З іх можна, аднак, зразумець, што поруч з
наладжваннем “правільных і прыязных” беларуска-украінскіх адносін Р.Скірмунт
імкнуўся заручыцца падтрымкай гетманскага ўрада Украіны ў справе прызнання
незалежнасці Беларусі Германіяй.
У Кіеве адбыліся таксама сустрэчы з “баявымі прафесарскімі беларускімі сіламі”,
якія запэўнілі Р.Скірмунта, што гатовы пераехаць на радзіму дзеля працы на ніве
беларускай адукацыі і культуры[91].
Пасля вяртання ў канцы чэрвеня ў Менск
Раман Скірмунт прадоўжыў кансультацыі аб фармаванні кабінета. На гэты раз
у аснову быў пакладзены “дзелавы прынцып” – персанальнае запрашэнне дзеячаў,
дасведчаных і ўплывовых у пэўных галінах дзяржаўнага жыцця і эканомікі. Але і
пры такім падыходзе новапрызначаны прэм’ер–міністр сутыкнуўся з вялікімі
цяжкасцямі.
Прычыну іх раскрыў у сваіх даволі цікавых развагах
Я.Канчар. Будучы паводле перакананняў поўнай процілегласцю
палітыку-кансерватару, ён тым не менш лічыў, што ў справе беларускага
дзяржаўнага будаўніцтва Р.Скірмунт мог быць вельмі карысным “як вялікі знаток і
практык, як чалавек вялікага розуму і як беларус”. Але драма гэтага дзеяча
заключаецца ў тым, што яму няма на каго абаперціся: выхадцы з сацыяльных нізоў
за ім не ідуць, а сярод маёмасных класаў няма арганізаваных ці хаця б асобных
яркіх элементаў, якія ўсведамлялі б
сябе беларусамі[92].
Новы склад Народнага сакратарыяту Беларусі, які
нарэшце ўдалося скамплектаваць, выглядаў наступным чынам: Р.А.Скірмунт –
старшыня Сакратарыяту і сакратар міжнародных спраў, К.А.Кандратовіч – сакратар
унутраных спраў, С.Б.Хржанстоўскі – сакратар фінансаў, Р.К.Астроўскі – сакратар
асветы, П.П.Аляксюк – загадчык справамі[93].
9 ліпеня 1918 г. Раман Скірмунт выступіў на
сесіі Рады БНР з праграмнай дэкларацыяй свайго кабінета. Яна зыходзіла з
цвярозай ацэнкі становішча. Пакуль гаворка магла ісці пра ўрад “ідэальнай
Беларускай дзяржавы, каторую трэба давесці мудрай працай да рэальнай формы”.
Абвешчаная незалежнасць не мела пакуль пад сабой трывалага палітычнага і
эканамічнага грунту. Яго яшчэ неабходна было стварыць[94].
Дзеля гэтага ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва
праграма Скірмунта найважнейшай задачай вызначала пераўтварэнне Народнага
сакратарыята Беларусі ў сапраўдны цэнтр улады, які павінен кіраваць усімі
існуючымі ў краі дзяржаўнымі ўстановамі, ажыццяўляць кантроль над органамі
мясцовага самакіравання.
У эканамічным раздзеле прызнавалася неабходнасць
аграрнай рэформы, але новы кабінет меўся праводзіць яе паводле “рацыянальнай
здаровай заходнееўрапейскай тэорыі”, пазбягаючы “ўсялякіх навыварат-радыкальных
мераў”. Р.Скірмунт згаджаўся з тым, што “трэба даць магчымасць сельскаму
насельніцтву пашырыць грунты малазямельных уласнікаў за рахунак буйных
землеўласнікаў”. Ён жа папярэджваў: “Культурныя гаспадаркі не павінны
руйнавацца і за зямлю павінна быць заплочана па справядлівай ацэнцы”.
Прыкладам разумнага ажыццяўлення аграрных
пераўтварэнняў ен называў Ірландыю, дзе на пачатку стагоддзя зямельная рэформа
“здаволіла земляробаў і не пакрыўдзіла землеўласнікаў”.
У Беларусі такі падыход ён лічыў магчымым рэалізаваць шляхам “добраахвотнага
выкупу, а дзе трэба – і прымусовага адчужэння” зямлі ў буйных уласнікаў і
набыцця яе сялянамі праз спецыяльна створаны для гэтага зямельны парцэляцыйны
банк. Асновай эканамічных адносін у сельскай гаспадарцы заставалася прыватная
ўласнасць на зямлю.
Шэраг мер быў накіраваны на развіццё асветы і
культуры: вяртанне ў Беларусь эвакуіраваных навучальных устаноў, адкрыццё ў
Менску Беларускага універсітэта, дзяржаўная падтрымка выдавецтваў, тэатраў і
г.д. Дзяржаўнай мовай павінна была стаць беларуская, але ўводзіць яе належала
паступова, “бо, як паказала практыка, прымусовым распараджэннем адразу
дасягнуць гэтага немагчыма”. Гербам Беларускай дзяржавы прызнавалася “Пагоня”.
Найважнейшай умовай выканання новай урадавай праграмы
было міжнароднае прызнанне Беларусі. Узначалены Раманам Скірмунтам Народны
сакратарыят імкнуўся “да поўнай самастойнасці” Беларускай дзяржавы. У
перспектыве, аднак, не выключалася ўступленне Беларусі ў саюзніцкія адносіны з
суседзямі, але “толькі як вольная з вольным і роўная з роўным”. Такі падыход
пакідаў прастору для самых розных камбінацый, у тым ліку, безумоўна, і на
фундаменце гістарычнай традыцыі беларуска-літоўскай дзяржаўнасці.
Знешнепалітычнай задачай нумар адзін для кабінета
Скірмунта было “правільнае” тэрытарыяльнае размежаванне з Літвой, Польшчай,
Украінай і Расіяй. Іншымі словамі, гаворка ішла пра ўз’яднанне беларускай
этнічнай тэрыторыі, падзеленай германа-савецкім Берасцейскім дагаворам на некалькі
частак. Без аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці, што на практыцы азначала
перагляд адпаведных умоў Берасцейскага міру, само існаванне Беларусі як
дзяржаўнай адзінкі было немагчымае.
У канчатковым выніку перспектывы міжнароднага
прызнання Беларусі аказваліся цалкам залежнымі
ад пазіцый Расіі і Германіі. Дамовіцца з Расіяй у бліжэйшы час
Р.Скірмунт лічыў нерэальным, “ды і няма з кім там зараз весці перагаворы”. Таму
галоўная стаўка рабілася на “зацікаўленнасць Германіі ў стварэнні Беларускай
дзяржавы”.
Аднак разлікі на яе падтрымку не спраўдзіліся.
Церпячы паражэнне на Заходнім фронце, Германія не жадала ствараць сабе праблемы
ва ўзаемадачыненнях з Савецкай Расіяй і строга выконвала Берасцейскі дагавор,
разглядаючы беларускае пытанне як унутрыпалітычную праблему Расіі.
Верагодна, па гэтай прычыне акупацыйныя ўлады нават забаранілі друкаваць
дэкларацыю Скірмунта ў менскіх рускамоўных і беларускамоўных газетах[99].
У Радзе БНР дэкларацыя не выклікала прынцыповых
пярэчанняў, за выключэннем вострай крытыкі з боку фракцыі беларускіх эсэраў. А
вось персанальны склад прапанаванага Раманам Скірмунтам кабінета быў
западозраны ў паланафільстве і сустрэты насцярожана. Пры галасаванні ён усе ж
атрымаў большасць, але ў значнай меры дзякуючы таму, што вялікая частка левага
крыла Рады на паседжанні адсутнічала.
Гэта не абяцала новаму кабінету палітычнай устойлівасці.
Без энтузіязму было ўспрынята з’яўленне Р.Скірмунта
на чале ўрада БНР і ў шырокіх беларускіх колах, як у краі, так і па-за яго
межамі. Па сутнасці, паўтаралася сітуацыя 1917 г., калі постаці
Рамана Скірмунта і яго паплечнікаў са шляхецкага асяроддзя адштурхоўвалі
ад палітычнага цэнтра беларускага Адраджэння сялянскую масу і народжаную ёю
інтэлігенцыю, схільную да сацыяльнага радыкалізму і часцяком арыентаваную на
Усход.
Настроі, што бытавалі тады сярод беларускай
грамадскасці, выдатна перадаў Сцяпан Некрашэвіч, адзін з кіраўнікоў беларускай
калоніі ў Адэсе. Пасля паездкі ўлетку 1918 года ў Менск ён пісаў у адной з
адэскіх газет, што Р.Скірмунт як буйны памешчык і каталік “для многіх
з’яўляецца неразгаданым сфінксам”, а прапанаваныя ім кандыдаты на пасады
народных сакратароў – гэта асобы “з вельмі сумніўнай нацыянальнай афарбоўкай”.
“Між тым, – працягваў С.Некрашэвіч, – у цяперашні час, калі будаўніцтва беларускай
дзяржаўнасці яшчэ знаходзіцца ў стадыі свайго развіцця, на чале дзяржавы
безумоўна павінны стаяць асобы, далёкія ад усялякага падазрэння ў іх адданасці
інтарэсам нацыі. Вось чаму буржуазна-дзелавы кабінет, вылучаемы п.Скірмунтам,
непазбежна будзе правалены, бо гэты кабінет не можа адлюстраваць нацыянальных
спадзяванняў большасці чальцоў Рады ...”.
Прадказанне гэта збылося раней, чым можна было
чакаць. Рэзка апазіцыйная да кабінета Рамана Скірмунта фракцыя беларускіх
эсэраў, падтрыманая дэлегатамі ад павятовык радаў, учыніла яму ў Радзе БНР
фактычную абструкцыю. Як пісаў (магчыма, некалькі утрыруючы) Зміцер Жылуновіч,
эсэры “не давалі вольна дыхнуць сваім ворагам [на чале] з кіраўніком
Скірмунтам, каб сапхнуць [яго] з пасады старшыні кабінету беларускіх міністраў.
Чаго-чаго яны ні рабілі! Крычалі на засяданнях Рады, стукалі кулакамі па сталу,
ахвяравалі сябе на арышт, грозячы ім ад Скірмунта. А за спіною Рады нават
строілі згаворы з губернскімі і павятовымі земствамі, у якіх усе члены варожа
глядзяць не толькі на нацыянальнае пытанне, пастаўленае ў парадку другіх важных
пытанняў расейскаю рэвалюцыяй, але [выступаюць] і супраціў
сацыяльна-палітычнага [пытання]”.
З процілеглага флангу супраць кабінета
Р.Скірмунта павялі атаку правыя велікарускія шавіністы на чале з менскім
архіярэем[103].
Усё гэта практычна паралізавала працу Народнага
сакратарыята Беларусі, і ўжо 20 ліпеня 1918 г. кабінет Р.Скірмунта пайшоў у
адстаўку. Яго
падзенне адбылося пры поўным неўмяшальніцтве нямецкіх акупацыйных уладаў.
Новы урад БНР неўзабаве ўзначаліў сацыяліст Янка Серада[106].
Зрыў другой спробы стаць ля стырны беларускай
палітыкі даваў Р.Скірмунту ўсе падставы лічыць гэтую справу бесперспектыўнай і
скіраваць сваю энергію на служэнне іншай ідэі. Расчараванне наконт
ажыццявімасці ў той час беларускіх дзяржаватворчых памкненняў, пэўна, урэшце
рэшт і наступіла. Але здарылася гэта не адразу.
Раман Скірмунт заставаўся ў складзе Рады БНР,
працаваў у яе міжнароднай камісіі.
Восенню 1918 г. падчас адыходу немцаў з Беларусі ён падтрымліваў ініцыятыву
генерала К.Кандратовіча па арганізацыі беларускіх узброеных фармаванняў.
Актыўна ўдзельнічаў у спробах кіраўніцтва БНР выкарыстаць зігзагі сусветнай
палітыкі дзеля таго, каб юная беларуская дзяржава стала на ногі і сцвердзіла
сябе ў міжнародным супольніцтве. У лістападзе 1918 г. Раман Скірмунт у складзе
надзвычайнай дэлегацыі БНР накіроўваецца ў Берлін. Там беларускіх пасланцаў
заспяваюць буйныя гістарычныя падзеі – Лістападаўская рэвалюцыя, якая скасавала
ўладу кайзера і ўстанавіла рэспубліку, і капітуляцыя Германіі ў вайне. Затым
місія накіроўваецца ў Швейцарыю, перадае ў Берне ноты Рады БНР швейцарскаму
ўраду і паслам краін Антанты – Англіі, ЗША, Францыі, Італіі – каб давесці
пераможцам у сусветнай вайне факт нараджэння ва Усходняй Еўропе самастойнай
дзяржавы беларусаў.
Ёсць таксама звесткі, што ў канцы 1918 г. Раман Скірмунт разам з Язэпам
Варонкам наведаў Лондан[110].
Тым часам новы гаспадар становішча ў Еўропе і ў свеце
– усемагутная Антанта – адмовілася падтрымліваць маладыя нацыянальныя дзяржавы,
што паўставалі на абломках Расійскай імперыі. Без такой падтрымкі незалежнасць
Беларусі, магчыма, стала выглядаць у вачах Р.Скірмунта справай нерэальнай.
Дылема, якая ўзнікла цяпер перад краем, бачылася такой: альбо далучэнне да
Савецкай Расіі з усімі жудаснымі для памешчыка і кансерватыўнага палітыка наступствамі, альбо ўваходжанне
разам з суседнімі народамі ў ІІ Рэч Паспалітую, абрысы якой пачалі вымалёўвацца
ў выніку намаганняў “начальніка” новапаўсталай Польскай дзяржавы Юзафа
Пілсудскага. Выбар на карысць другога варыянта быў для Рамана Скірмунта ў
той сітуацыі адзіна магчымым.
У
1919-1920 гг. Р.Скірмунт – актыўны функцыянер грамадска-палітычных і
гаспадарчых арганізацый памешчыкаў з беларускіх “крэсаў” у Варшаве. Намаганні
гэгых арганізацый зводзіліся да таго, каб, не дапусціўшы падзелу Беларусі паміж
Польшчай і Савецкай Расіяй, уключыць край цалкам у склад ІІ Рэчы Паспалітай у
межах 1772 г. на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі, і каб зямельнае
ўладкаванне ў краі было праведзена з мінімальнымі выдаткамі для буйных
абшарнікаў[111].