|
ГІСТОРЫЯ
Да пытання аб ролі палітычнай ідэалогіі ў развіцці беларускага нацыянальнага руху
ў 19 - пачатку 20 ст.
Алесь Смалянчук
(Гародня)
Беларускі
нацыянальны рух пачатку 20 ст. не ажыццявіў сваёй галоўнай задачы – утварэння
незалежнай дзяржавы. Абвешчаная 25 сакавіка 1918 г. Беларуская Народная
Рэспубліка рэальнай незалежнасці не мела. Амаль усё 20 ст. існавала створаная
бальшавікамі Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка як сурагат
беларускай дзяржаўнасці, цалкам залежны ад камуністычнай Масквы. Пытанне, чаму
беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне не завяршылася ўтварэннем
нацыянальнай дзяржавы, застаецца адным з галоўных у беларускай гістарычнай
навуцы.
У якасці
гіпотэзы паспрабуем падысці да гэтага пытання, трактуючы беларускую нацыю не як
этнакультурную арганізацыю, а як пэўнае палітычнае аб’яднанне, галоўным
крытэрыем прыналежнасці да якога з’яўляецца ўсведамленне Беларусі (або
“гістарычнай Літвы”) як сваёй Радзімы, прысутнасць пачуцця пэўнай беларускай
грамадзянскасці. Адпаведна паняцце беларускасці пашыраецца на дзейнасць людзей,
якія ўспрымалі Беларусь (або “гістарычную Літву”) як самабытны рэгіён, як
суб’ект гісторыі і працавалі дзеля яе пераўтварэння ў суб’ект палітычнага жыцця. У сувязі з гэтым не мае прынцыповага
значэння пытанне, ці лічылі гэтыя людзі сябе беларусамі. Палітычная трактоўка
нацыі прымушае звярнуць увагу на пытанне пра значэнне палітычнай ідэалогіі ў
нацыянальных працэсах.
Нацыянальнаму
руху папярэднічаў працяглы этап “культурнага накаплення”, вынікам якога было
станаўленне беларускай культурнай традыцыі.
На пачатку 20
ст. яшчэ не існавала адзінай назвы для беларускага этнасу і тэрыторыі яго
пражывання. Назва “Беларусь” замацавалася толькі за ўсходнімі губернямі –
Магілёўскай, Віцебскай і часткай Смаленскай, – сярод насельніцтва якіх была
шырока распаўсюджана саманазва “беларусы”. Заходнія губерні – Менская,
Гарадзенская і Віленская – называліся “Літвою”, а іх насельніцтва – “ліцвінамі”. У грамадска-культурным жыцці панавала
польская мова. На развіццё этнічнай самасвядомасці “беларусаў-ліцвінаў” пасля ліквідацыі
уніяцкай царквы ў 1839 г. адмоўна ўплываў раскол па веравызнанні на
праваслаўных і каталікоў. Прычым праваслаўе трактавалася ўладамі ў якасці
“рускай веры”, а каталіцызм – “польскай”.
Расійская
афіцыйная навука разглядала Беларуска-літоўскі край як “ісконна рускія землі”,
а “беларусаў-ліцвінаў” як сапсаваную палякамі частку рускага народа. З іншага
боку, некаторыя польскія навукоўцы імкнуліся давесці, што беларуска-літоўскія
землі з’яўляюцца часткай Польшчы, а іх славянскія жыхары – этнаграфічнай групай
польскага этнасу. У выніку ў першай палове 19 ст. не існавала ўласна
беларускай культурнай традыцыі. Працэс беларускага культурнага накаплення
адбываўся на двух шляхах, якія ўмоўна можна назваць “ліцвінскай” і “заходнерускай” культурнымі
традыцыямі.
Ліцвінская
культурная традыцыя, паводле Святланы Куль-Сяльверставай[1],
грунтавалася на гістарычных і культурных традыцыях ВКЛ, пэўнай тэндэнцыі
дэмакратызацыі, якая праяўлялася ў
цікавасці да народнай культуры, на ўсведамленні этнакультурнай адметнасці як ад рускіх, так і ад палякаў з
этнічнай Польшчы. Трэба дадаць, што яна была часткай т.зв. “Рэчпаспалітаўскага
патрыятызму”, хаця і адрознівалася высокай ступенню аўтаномнасці. Па сваёй
канфесійнай прыналежнасці большасць прадстаўнікоў гэтай традыцыі з’яўляліся
вернікамі каталіцкага касцёла, а па саслоўнаму складу належалі да шляхты. Літаратурныя
і публіцыстычныя творы ў межах гэтай традыцыі ствараліся на польскай, літоўскай
і беларускай мовах. Апошняя перадавалася на пісьме лацінкай. Цэнтрам ліцвінскай
традыцыі з’яўлялася Вільня.
Ля вытокаў
беларускага культурнага накаплення ў межах ліцвінскай традыцыі стаяла група
прафесараў гісторыі, славістыкі і права Віленскага універсітэта. Працы Міхала
Баброўскага, Ігната Даніловіча, Юзафа Ярашэвіча і інш. пашыралі ўсведамленне
беларуска-літоўскага краю як суб’екта гістарычнага працэсу. Традыцыі гэтай
гістарычнай школы пазней працягвалі Яўстах Тышкевіч, Тэадор Нарбут і Адам
Кіркор.
Працэсу
беларускага культурнага накаплення спрыяла таксама літаратурная творчасць Адама
Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Аляксандра Рыпінскага, Уладзіслава
Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча), Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Апошняму
суджана было стаць першым у 19 ст. класікам беларускай літаратуры.
У канцы 50-ых
гадоў 19 ст. расійскія ўлады нанеслі адчувальны ўдар па беларускім культурным
накапленні ў межах ліцвінскай традыцыі. У 1859 г. Галоўнае ўпраўленне цэнзуры
прыняло пастанову, якая забараняла друкаванне беларускіх твораў на лацінцы ці,
як адзначылі цэнзары, “польскім шрыфтам”. Гэтая
забарона прычынілася да крызісу ліцвінскай традыцыі. Дарэчы, ужо ў творчасці
В.Дуніна-Марцінкевіча назіраўся пэўны адыход ад яе асноўных прынцыпаў. Пісьменнік
і драматург шырока выкарыстоўваў тэрміны “беларусы” і “Беларусь”,
ужываў запазычанні не толькі з польскай, але і з рускай мовы. Некаторыя свае
творы В.Дунін-Марцінкевіч пісаў кірыліцай.
Беларускае
культурнае накапленне адначасова адбывалася на шляху развіцця заходнерускай
культурнай традыцыі. Яе характэрныя рысы на пачатку 19 ст. – усведамленне самабытнасці
Беларусі як “Заходняй Русі”, апеляцыя да гістарычных традыцый Полацкага
княства, высокая ацэнка ролі праваслаўнай царквы ў гісторыі “заходнярускіх
зямель”, антыпольскасць і антыкаталіцкасць. Па канфесійнай прыналежнасці
большасць прадстаўнікоў заходнярускай традыцыі – уніяты, а пасля 1839 г. –
вернікі праваслаўнай царквы. Многія належалі да праваслаўнага духавенства,
займалі дзяржаўныя ці вайсковыя пасады або былі звязанымі з расійскімі
магнатамі. Літаратурныя і публіцыстычныя творы пісаліся па-руску і
па-беларуску. Беларуская мова, якую звычайна называлі “заходнярускай гаворкай”,
перадавалася кірыліцай. Заходняруская традыцыя ў першай палове 19 ст.
развівалася пераважна на Гомельшчыне і Магілёўшчыне. Яе прадстаўнікоў Аляксандр
Цвікевіч назваў “беларусафіламі ў расейскай культуры”.
закансерваваць” грамадства
Беларускага краю. Міхал Ромэр, які на пачатку 20 ст. параўноўваў Беларусь і “этнаграфічную”
Літву, заўважыў, што ў апошняй “у сто разоў менш саслоўнасці, чым у яе ўсходняй
суседкі – Беларусі, дзе не развіваецца ні буйная прамысловасць, ні моцная
сярэдняя зямельная ўласнасць”. Замаруджанасць працэсу мадэрнізацыі
затрымлівала фармаванне т.зв “сярэдняга класа”, які ў другой палове 19 ст.
з’яўляўся галоўным апірышчам нацыянальных рухаў у Еўропе[17].
Беларуская нацыянальная эліта абаперціся на гэтую сацыяльную сілу не магла. Тым не
менш, развіццё нацыянальнага руху працягвалася.
У т.зв.
“нашаніўскі перыяд” (1906-1915) беларускае
Адраджэнне дасягнула значных поспехаў. У гэты час аформіліся тры з
чатырох, паводле Энтані Сміта, асноўных
кампанента нацыяналізму. Гэта ідэя самабытнай беларускай гісторыі, усведамленне
прыналежнасці да адметнага культурнага тыпу, дзе асабліва важную ролю адыгрывае
беларуская мова, і ўяўленне пра тэрытарыяльныя межы рассялення нацыі. Чацвёрты
кампанент - уласная нацыянальная палітыка – прысутнічаў толькі часткова.
Умацаванне палітычных пазіцый стрымлівалася адсутнасцю беларускай
палітычнай партыі. “Наша Ніва” цалкам замяніць партыю не магла. Палітычны
кантакт з шырокімі коламі насельніцтва быў страчаны. Месца сацыяльна-палітычнай
праграмы беларускага руху заняла праграма нацыянальная. Між тым толькі спалучэнне
нацыянальнай ідэалогіі з папулярнымі сацыяльнымі лозунгамі дазваляла разлічваць
на стварэнне шырокай сацыяльнай базы беларускага руху. Лібералізм, які спрыяў
далучэнню да беларускага Адраджэння прадстаўнікоў вышэйшых колаў грамадства, не
мог стаць асновай масавага руху, паколькі ў Беларусі, як ужо адзначалася, так і не сфармаваўся
моцны сярэдні клас. Кансерватыўная ідэалогія толькі эпізадычна мела дачыненне
да беларускага руху. Што датычыць сацыялізму, які хутка павялічваў колькасць
сваіх прыхільнікаў, то ў Беларусі сацыялістычная ідэалогія распаўсюджвалася
пераважна як польская, жыдоўская і вялікаруская. Сацыялістычны рух быў
прадстаўлены ППС, БУНДам, меншавікамі і бальшавікамі. Гэтыя партыі разам з
вельмі ўплывовай Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР) праблему беларускага
нацыянальна-культурнага і палітычнага Адраджэння ігнаравалі. Адсутнасць
беларускай партыі, якая б паспрабавала спалучыць папулярныя сацыялістычныя
лозунгі з нацыянальнай ідэяй, рабіла беларускі рух аўтсайдэрам у міжпартыйным і
міжнацыянальным спаборніцтве за ўплывы сярод насельніцтва.
Беларускі
сацыял-дэмакратычны рух фактычна распачаўся ў 1915 г. утварэннем у Вільні
Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы. Яе ўзначаліў Антон Луцкевіч.
З’яўленне гэтай арганізацыі, магчыма, было вынікам пэўнага расчаравання
беларускіх дзеячоў расійскім лібералізмам, які ад пачатку вайны заняў
вялікадзяржаўныя пазіцыі.
Падзеі першай
сусветнай вайны прычыніліся да тэрытарыяльнага раз’яднання
беларускага руху. Пасля акупацыі Вільні нямецкімі войскамі цэнтрам руху на
захад ад фронта стаў Беларускі народны камітэт, які ўзначаліў Антон Луцкевіч. На
ўсходзе ролю кіраўнічага органа адыгрываў Менскі аддзел Беларускага таварыства
дапамогі пацярпелым ад вайны. Ягоным кіраўніком з канца 1916 г. быў Раман Скірмунт.
На тэрыторыі, дзе гаспадарылі расійскія ўлады, спробы арганізацыі
сацыялістычнай партыі (у выглядзе адноўленай БСГ) распачаліся толькі пасля
Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.
Ліквідацыя
самадзяржаўя выклікала актывізацыю нацыянальных рухаў. На чале Расіі апынуўся
ўрад лібералаў, што адразу ўзмацніла ліберальную тэндэнцыю ў беларускім руху. У
сакавіку 1917 г. у Менску адбыўся з’езд беларускіх арганізацый, дзе яны
аб’ядналіся на платформе лібералізму. Прадстаўнікі БСГ, якая хутка аднаўляла
свае ўплывы ў беларускім руху, пагадзіліся на кіраўніцтва з боку лібералаў.
Утвораны на з’ездзе Беларускі Нацыянальны камітэт узначаліў Р.Скірмунт. Дэлегаты спадзяваліся, што ён здолее
дамовіцца з расійскімі лібераламі аб аўтаноміі Беларусі. Аднак Часовы ўрад не пажадаў абмяркоўваць беларускае пытанне.
Перыяд
паміж лютым і кастрычнікам 1917 г. быў часам хуткай радыкалізацыі шырокіх масаў
насельніцтва, якія далучаліся да актыўнай палітычнай дзейнасці. Для большасці
насельніцтва Беларусі ідэя сацыяльнай рэвалюцыі была значна больш прыцягальнай,
чым ідэя нацыянальнага самавызначэння. Гэта было адным з вынікаў дамінавання
сацыялістычных лозунгаў у вялікарускай афарбоўцы. Наступаў час панавання кан’юнктурных сацыяльна-палітычных праграм,
разлічаных пераважна на пашырэнне партыйных уплываў і доступ да ўлады. Вясновыя
сялянскія з’езды і летнія выбары ў гарадскія думы паказалі, што палітычнымі
лідэрамі ў Беларусі з’яўляюцца эсэры,
меншавікі, бундаўцы і бальшавікі. Пазіцыі агульнарасійскіх палітычных
партый яшчэ больш узмацніліся пасля ўваходжання сацыялістаў у Часовы ўрад.
У
беларускім руху на першыя пазіцыі паступова выйшла БСГ. У чэрвені адбылася
партыйная канферэнцыя, якая абвясціла галоўнай мэтай устанаўленне сацыялізму шляхам рэвалюцыі. У сярэдзіне 1917 г.
колькасць сяброў БСГ дасягнула 5000 чалавек.
На ліпеньскім з’ездзе беларускіх арганізацый прадстаўнікі БСГ дамагліся
роспуску БНК і ўтварэння новага кіраўнічага органа, які складаўся толькі з
сацыялістаў. Яны спадзяваліся на падтрымку ідэі палітычнай самастойнасці Беларусі
расійскімі сацыялістамі. Аднак удзел беларускіх прадстаўнікоў у Дзяржаўнай і
Дэмакратычнай нарадах (жнівень і верасень 1917) паказаў беспадстаўнасць гэтых
надзей[20].
У
кастрычніку 1917 г. уладу ў Расіі захапілі бальшавікі. Яны хутка ўмацоўвалі
свае пазіцыі і ў Беларусі. Абвастрэнне палітычнага супрацьстаяння, унутраныя
супярэчнасці, нарэшце, розніца ў адносінах да бальшавіцкага перавароту прывялі
да расколу БСГ. Частка беларускіх сацыялістаў пакіравала ў бок бальшавікоў,
хаця тыя адназначна варожа ставіліся да беларускага нацыянальнага Адраджэння.
Насуперак абвешчанаму праву нацый на самавызначэнне бальшавікі, фактычна,
занялі вялікадзяржаўныя пазіцыі.
Пасля
паражэння кандыдатаў ад беларускіх арганізацый на выбарах ва Устаноўчы сход
задача яднання беларускіх нацыянальных сіл ізноў стала ў парадак дня. Глебай
для яднання стала ідэя незалежнай Беларускай дзяржавы. На пачатку 1918 г. гэтую
ідэю падтрымлівалі як сацыялісты, так і лібералы, аб’яднаныя ў Менскім
Беларускім Прадстаўніцтве,
якое ўзначаліў Раман Скірмунт.
25 сакавіка
1918 г. была абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. Аднак ідэя
БНР не атрымала масавай падтрымкі. Нацыянальная праграма, нават спалучаная з
сацыялістычнай (у варыянце БСГ) ідэалогіяй, аказалася менш прывабнай, чым
прапаганда расійскіх бальшавікоў або эсэраў.
Такім
чынам, у 19 ст. палітычная ідэалогія, у першую чаргу, лібералізм і сацыялізм у
народніцкім варыянце, паспрыялі станаўленню беларускай культурнай традыцыі. У
ідэалогіі беларускага культурнага накаплення адчуваліся таксама пэўныя элементы
кансерватызму, што спрыяла далучэнню да беларускага культурнага Адраджэння
асобных прадстаўнікоў вышэйшых колаў грамадства.
На рубяжы стагоддзяў беларуская нацыя (у
палітычным сэнсе) знаходзілася толькі на пачатку свайго фармавання. Яна
існавала, галоўным чынам, як пэўная тэндэнцыя ідэйных пошукаў нацыянальнай
эліты. Народны протанацыяналізм (тэрмін Эрыка Хабсбаўма)
як пачуццё калектыўнай прыналежнасці да нацыі быў досыць слабым. Нават
саманазва “беларусы” яшчэ не мела ўласна нацыянальнага зместу і
выкарыстоўвалася часцей як тапонім. Значная частка жыхароў паўночна-заходняй і
цэнтральнай Беларусі называлі сябе “тутэйшымі”.
Тутэйшасць уяўляла сабой досыць цікавы феномен масавай свядомасці насельніцтва
Беларусі эпохі нацыянальных рухаў. Яго можна трактаваць як падсвядомае імкненне
пазбегнуць нацыянальнага самавызначэння, але захаваць пачуццё ўласнай
адметнасці ад палякаў і рускіх. Пераважалі сацыяльныя і канфесійныя формы
самаідэнтыфікацыі.
У гэтай
сітуацыі з улікам працэсу дэмакратызацыі грамадства пашырэнне нацыянальнай ідэі
гарантавалася яе спалучэннем з папулярнымі палітычнымі ідэалогіямі або
кан’юнктурнымі сацыяльна-палітычнымі праграмамі. Ролю каталізатара
нацыянальнага руху на рубяжы стагоддзяў магла адыграць сацыял-дэмакратычная
мадэль сацыялістычнай ідэалогіі або, па меншай меры, сацыялістычныя лозунгі. І
ўжо на пачатку 20 ст. з’яўляецца беларуская палітычная партыя, у назве якой
ужываецца слова “сацыялістычная”. Аднак ва ўмовах адступлення рэвалюцыі,
адчуваючы слабасць уласных палітычных пазіцый і ўсведамляючы незавершанасць
этапа культурнага накаплення, беларускія патрыёты галоўную ўвагу звярнулі на
культурную дзейнасць. Менавіта нацыянальная праграма, спалучаная з ідэалогіяй
лібералізму, павінна была, на іх думку, аб’яднаць усе беларускія элементы
грамадства і па “вертыкалі”, і па “гарызанталі”. Газета “Наша Ніва” стала
сімвалам беларускага культурнага Адраджэння. Аднак для “нашаніўскага перыяду”
характэрна пэўная недаацэнка ролі палітычнай працы сярод шырокіх колаў насельніцтва.
Задачы
кансалідацыі нацыянальных сіл па сацыяльнай “вертыкалі” найбольш адпавядала
ідэалогія лібералізму. Яе пашырэнне сярод нацыянальнай эліты і сапраўды
паспрыяла пэўнаму поспеху ў вырашэнні гэтай задачы. Сярод эліты расло разуменне
нацыі як палітычнага саюза (аб’яднання) тых, хто звязваў сваю будучыню з
Беларуссю. Аднак распаўсюдзіць палітычнае разуменне нацыі, якое напазбежна
прыводзіла да ідэі незалежнай нацыянальнай дзяржавы, сярод шырокіх масаў
насельніцтва не атрымалася. Аказалася немагчымым арганізаваць масавы беларускі
рух толькі з дапамогай нацыянальных лозунгаў. Не паспрыяла гэтаму і палітычная
ідэалогія. Не мог беларускі рух разлічваць і на такую мабілізуючую шырокія масы
сілу як рэлігія. Пераважная большасць каталіцкага і праваслаўнага духавенства
была настроена супраць беларускага Адраджэння.
Напярэдадні вызначальнага перыяду
1917-1918 гг. беларуская нацыянальная ідэя не была спалучана ні з рэлігіяй, ні
з папулярнай сацыяльна-палітычнай праграмай. У выніку нешматлікія беларускія
арганізацыі па ступені рэальнага ўплыву на масы не былі ў стане канкурыраваць
ні з агульнарасійскімі партыямі, ні з польскімі або жыдоўскімі партыйнымі
арганізацыямі. Адсутнасць масавай падтрымкі беларускай ідэі не дазволіла
выкарыстаць выгадную геапалітычную сітуацыю дзеля дасягнення незалежнасці.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|