|
ГІСТОРЫЯ
Сялянскае насельніцтва Гарадзенскай пушчы: дэмаграфічнае, гаспадарчае і сацыяльнае развіццё ў пачатку – 60-ыя г. 19 ст.
Cяргей Токць (Гародня)
Адным з
цікавейшых накірункаў у сучаснай еўрапейскай гістарыяграфіі стала комплекснае
вывучэнне мікрарэгіёнаў. Аналіз культурных, сацыяльных, гаспадарчых, дэмаграфічных
працэсаў на ўзроўні парафіі, воласці, маёнтка дазваляе гісторыку па-новаму ацаніць з’явы і працэсы глабальнага характару, паспрабаваць убачыць іх вачыма
звычайнага селяніна, прыходскага святара ці дробнага гандляра, параўнаць
значэнне ў жыцці тагачасных людзей лакальных сувязяў і глабальных працэсаў. Усё
гэта часта дае гісторыкам магчымасць скарэкціраваць ужо стаўшыя традыцыйнымі
погляды. Яно ж з‘яўляецца добрымі лекамі ад празмернага захаплення абстрактнымі
схемамі.
У дадзеным даследаванні намі зроблена спроба прааналізаваць дэмаграфічнае,
гаспадарчае і сацыяльнае развіццё ў 19 ст. сялянскага насельніцтва Гарадзенскай
(Берштаўскай) пушчы, якая ўваходзіла ў
склад Гарадзенскай губерні і павета. З пункту гледжання гісторыка гэта
надзвычай цікавы мікрарэгіён. Тут праходзіла
памежжа беларускага і літоўскага этнасаў. Паводле канфесійнай
прыналежнасці мясцовае насельніцтва прыкладна пароўну падзялялася на каталікоў
і праваслаўных. У сярэднявеччы пушча была месцам палявання і адпачынку вялікіх
князёў літоўскіх. У галоўнай пушчанскай вёсцы – Берштах, адбываліся сеймы, на
якія прыязджала шляхта і магнатэрыя з усёй дзяржавы, тут выдаваліся многія
прывілеі Вялікага князя. Пазней пушчанскія вёскі ўвайшлі ў склад Гарадзенскага
каралеўскага лясніцтва. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўключэння
заходнебеларускіх земляў у склад Расійскай імперыі яны былі далучаны да
дзяржаўных валоданняў, падпарадкаваных ведамству губернскай казённай палаты.
Адным з найбольш цікавых пытанняў у
даследаванні мікрарэгіёна з’яўляецца
вывучэнне дэмаграфічных працэсаў,
якія ў значнай ступені адлюстроўваюць
развіццё сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця. На пачатку 19 ст.
на абшарах Гарадзенскай пушчы мясцілася 27 вёсак, якія былі падзелены на тры
кватэры: Берштаўскую, Матыльскую і Сабалянскую. Паводле рэвізскага перапісу
1811 г., у пушчанскіх вёсках налічвалася 1226 жыхароў мужчынскага полу[1]. Самым вялікім населеным пунктам
у пушчы была вёска Бершты. Адносна гэтай вёскі захаваліся таксама дадзеныя
рэвізіі 1795 г., першай пасля ўваходжання заходнебеларускіх зямель у склад
Расійскай імперыі. Тады тут налічылі 233 душы мужчынскага полу. За 16 гадоў
паміж перапісамі 1795 г. і 1811 г. мужчынскае насельніцтва Берштаў вырасла на
40 чалавек (17%) і склала 273 душы. За
гэты перыяд з ліку жыхароў, зафіксаваных перапісам 1795 г., памерлі 54
чалавекі, 10 маладых хлопцаў было ўзята рэкрутамі ў царскае войска, 14 чалавек
перасяліліся ў іншыя вёскі (пайшлі ў прымакі ці наняліся работнікамі), а 4
проста збеглі, магчыма за мяжу. Такім чынам, страты мужчынскага насельніцтва
дасягнулі 82 чалавека. Аднак нарадзіліся за гэты час 122 хлопчыкі, што
забяспечыла даволі высокі прырост насельніцтва.
Узроставая структура мужчынскага насельніцтва Берштаў на 1811 г. выглядала
наступным чынам: ад 1 да 9 гадоў – 106 чалавек, ад 10 да 19 – 47, ад 20 да 29 – 35, ад 30 да 39 – 22, ад 40 да
49 – 19, ад 50 да 59 – 10, ад 60 да 69 – 17, ад 70 да 79 – 11, ад 80 да 89 – 4,
ад 90 да 99 – 1. Як вынікае з вышэй прыведзеных лічбаў, вельмі высокай была
дзіцячая смяротнасць, паколькі больш за палову дзяцей не дажывалі да 10 гадоў. Такое
становішча было характэрным на той час для
Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропы ўвогуле. Разам з тым сустракаліся і выпадкі
доўгажыхарства. Так, Рыгор Касцевіч,
які памёр у 1811 г., меў 107 гадоў. 104 гады пражыў Варфаламей Васілевіч. Ва
ўзросце 99 гадоў памёр Мацей Хвілон. У 1795 і 1811 г. у Берштах налічвалася 66
сялянскіх двароў. Значыцца ў сям’і было ў сярэднім па 2-3 мужчыны, а склад
сярэдняй сям’і дасягаў 5-6 чалавек.
Вайна 1812 г. мела трагічныя
наступствы для жыхароў Берштаў і іншых пушчанскіх вёсак. Аб гэтым яскрава
сведчаць вынікі рэвізскага перапісу 1816 г.
Паводле рэвізіі, сялянскае насельніцтва пушчы складала 833 мужчынскія
душы і 946 жаночых. Колькасць
мужчын зменшылася на 32% у параўнанні з 1811 г. У Берштах у 1816 г. налічваліся
192 душы мужчынскага полу і столькі ж жаночага. У параўнанні з дадзенымі
пяцігадовай даўніны страты мужчынскага насельніцтва склалі 81 чалавек ці амаль 30%.
Як вынікае з дадзеных гаспадарчага
інвентара 1844 г., насельніцтва Гарадзенскай пушчы дасягнула 1442 мужчынскіх
душ і 1647 жаночых. У
параўнанні з 1816 г. колькасць жыхароў павялічылася ў 2,6 раза. Гэта вельмі
высокі паказчык дэмаграфічнага росту за 28 гадоў. У Берштах налічвалася 718
жыхароў. У параўнанні з 1816 г. насельніцтва вёскі вырасла ў 1,6 раза.
У 1850 г. пры пераводзе сялян на грашовы аброк на тэрыторыі Гарадзенскай
пушчы было ўтворана некалькі сельскіх грамадаў. У склад самай вялікай –
Берштаўскай, увайшлі 17 вёсак. Часовы аброчны інвентар налічыў 1320 мужскіх душ
і 1478 жаночых, апроч таго 22 душы так званых “посторонних” – стражнікі,
утрымальнікі корчмаў і г.д.
Адносна веравызнання жыхары падзяляліся наступным чынам: 1714 каталікоў і 1106
праваслаўных. Што тычыцца этнічнай прыналежнасці сялян, то ў дзяржаўных
дакументах узгадак аб гэтым няма. Але, паводле матэрыялаў даследчыка
Гарадзенскай губерні святара Рыгора Парчэўскага ў 1848 г. шэраг пушчанскіх
вёсак (Баўташы, Верхдуб’е, Кабялі, Мустэйкі, Сабаляны, Санава, Шумы, Язяркі, Яскялевічы) насялялі этнічныя
літоўцы.
У саміх Берштах было 779 жыхароў, з іх 369 мужчын і 410 жанчын. У параўнанні з
1844 г. прырост насельніцтва вёскі
склаў 8,5%.
У 1851 г., згодна дадзеным ІХ
рэвізіі, у Берштах налічвалася 815 жыхароў, з іх 391 мужчына і 424 жанчыны .
У параўнанні з 1816 г. колькасць насельніцтва вырасла ў 2,1 раза альбо на 112%.
У параўнанні з 1795 г. прырост мужчынскага насельніцтва ў вёсцы
склаў 67,8%, альбо, іншымі словамі, колькасць мужчын павялічылася ў 1,7 раза.
Можна дапусціць, што такія ж прыблізна лічбы існавалі адносна тэмпаў росту ўсяго насельніцтва вёскі.
Сялянскіх двароў у Берштах у 1851 г. было 85, альбо у 1,3 разы болей, чым у
1795 г. Такім чынам, прырост насельніцтва апярэджваў рост колькасці сем’яў. Сярэдняя сям’я складалася з 9-10 чалавек.
Трэба адзначыць, што двор, які з’яўляўся адзінкай падаткаабкладання, не заўсёды
супадаў з сям’ёй. Здаралася, што некалькі сем’яў аб’ядноўваліся ў адзін дым ці
двор, каб сумесна плаціць падатак за цяглы ўчастак зямлі.
Як ужо адзначалася, у 1851 г. вёска Бершты была цэнтрам казённага маёнтка і
грамады дзяржаўных сялян, у склад якой пасля некаторых зменаў уваходзілі 13
вёсак і некалькі ўрочышчаў Гарадзенскай пушчы. Насельніцтва іх паводле ІХ
рэвізіі дасягала 3202 чалавек, з іх 1568 мужчын і 1634 жанчыны. Колькасць двароў склала 351, г. зн., што на
1 двор прыпадала ў сярэднім 9 душ.
У сярэдзіне 50-х гадоў у выніку голаду і эпідэмічных захворванняў
адбываецца скарачэнне насельніцтва. Рэвізскі перапіс 1858 г. зафіксаваў у
маёнтку Бершты 2497 чалавек, з іх 1187 мужчын і 1310 жанчын.
У параўнанні з 1851 г. страты склалі 705 чалавек ці 22%. Сялянскіх двароў у
маёнтку налічвалася 299, г. зн. на 1 двор у сярэднім прыходзілася 8-9 душ.
Наступны перапіс насельніцтва Берштаўскай воласці, у склад якой цалкам
увайшоў былы маёнтак Бершты з усімі вёскамі, быў праведзены ў 1869 г. Праўда,
нам удалося адшукаць толькі звесткі пра мужчынскае насельніцтва. Яно ў 1869 г.
дасягнула 1882 чалавек.
У параўнанні з 1858 г. прырост склаў 58,6%. У самой вёсцы Бершты мужчынскае
насельніцтва за гэтыя гады вырасла на 115 чалавек, ці на 36,5% і дасягнула
колькасці 439 чалавек. Сялянскіх двароў налічвалася 98. У сярэднім на 1 двор
прыходзілася 4-5 мужчын, г. зн. сярэдняя сям’я складалася з 8-9 чалавек.
У апошняй трэці 19 ст. працягваўся дынамічны рост насельніцтва. Паводле
дадзеных за 1896 г. у Берштах налічваліся 1223 жыхары, з іх 621 мужчына і 572
жанчыны[10]. Такім чынам, з 1795
па 1896 г. колькасць мужчынскага насельніцтва вёскі вырасла амаль у 2,7
раза. Прыкладна такім жа быў прырост і ўсяго насельніцтва. Два дэмаграфічныя
спады былі абумоўлены вайной 1812 г. і голадам з масавымі эпідэмічнымі
захворваннямі ў сярэдзіне 50-х гадоў 19 ст. Пасля гэтага назіраецца ўжо ўстойлівы дэмаграфічны рост.
Адна з важнейшых праблем у даследаванні гісторыі вёсак – сялянскае землекарыстанне. Асноўнымі
крыніцамі для яго вывучэння з’яўляюцца
інвентарныя вопісы. У першай палове 19 ст. вёскі Берштаўскай пушчы
ўтваралі некалькі казённых маёнткаў, якія аддаваліся ў арэнду мясцовым
памешчыкам. У 1815 г. быў складзены інвентар Гарадзенскага лясніцтва для
перадачы ў арэнднае валоданне княгіні Чацвярцінскай. Паводле гэтага дакумента
агульная плошча карыснай для земляробства зямлі, якая знаходзілася ў карыстанні
сялян, налічвала каля 315 валокаў[11]. У Берштаўскай кватэры
меліся 183 валокі, у Стрыеўскай – 93, Матыльскай – 39,5. Сялянскіх
двароў ці дымоў налічвалася 274. На 1 дым, які з’яўляўся адзінкай падаткаабкладання,
выходзіла ў сярэднім трохі больш за валоку зямлі. Прычым гэтая зямля
падзялялася на розныя катэгорыі. Да вёскі Бершты, напрыклад, належала 26
валокаў. З іх 3 валокі ўваходзілі ў фальварак, 1 аддавалася пад карчму, 1/2
знаходзілася пад зараснікамі. У непасрэдным карыстанні сялян была 21 валока,
якія размяркоўваліся паміж 62 сем’ямі, што складала
ў сярэднім па 0,34 валокі на сям’ю. 14,5 валок называліся сядзібнай зямлёй. За карыстанне
ёю сяляне павінны былі адпрацоўваць паншчыну. Каля 7 валокаў уваходзілі ў
катэгорыю прыёмных земляў, за якія сяляне плацілі грашовы чынш. У сярэднім на
двор прыходзілася 1/4 валокі сядзібнай зямлі і 1/8 валокі прыёмнай. Адна валока
налічвала прыкладна 20 дзесяцін ці 21,36 га. Значыцца, уяўная сярэдняя сям’я ў Берштах апрацоўвала каля 7 дзесяцін, а па ўсёй пушчы
гэты паказчык складаў меней 20 дзесяцін.
У Берштах самы вялікі зямельны ўчастак быў у Данілы Русілкі, які апроч 1/4
валокі сядзібнай зямлі меў яшчэ 3/8 прыёмнай валокі. Праўда, у яго была і самая вялікая ў вёсцы сям’я – 12 душ. Вялікі ўчастак зямлі быў таксама ў карыстанні Міхала Васілевіча
– 7/12 валокі, хаця яго сям’я складалася ўсяго з 4 чалавек. Аднак магчыма, што
далёка не ўсе землі, якія апрацоўваліся сялянамі, былі паказаны ў інвентары.
У 1839 г. у Расійскай імперыі
пачалася рэформа казённай вёскі (“рэформа Кісялёва”), якая складалася з трох
асноўных кірункаў: фармаванне новай сістэмы кіравання, пашырэнне “апякунскай”
ролі дзяржавы і “люстрацыя дзяржаўных маёмасцей”. У снежні 1839 г. былі
выдадзены царскія ўказы, якія вызначалі парадак рэалізацыі рэформы на
беларускіх і літоўскіх землях
. Згодна гэтым законам спецыяльныя люстрацыйныя ўстановы складалі інвентары
казённых маёнткаў дзеля ўпарадкавання павіннасцей і сялянскага землекарыстання.
У 1844 г. быў складзены новы інвентар маёнткаў Гарадзенскай пушчы.
З гэтага дакумента вынікае, што
землекарыстанне жыхароў пушчанскіх вёсак істотна не змянілася. Так, у
сялян вёскі Бершты па-ранейшаму
знаходзілася 21 валока зямлі ці ў сярэднім – 0,28 валокі на двор. Калі ўлічваць
рост насельніцтва ў параўнанні з 1815 г., то ў разліку на 1 рэвізскую душу назіралася даволі істотнае скарачэнне зямлі.
Наступным этапам рэалізацыі рэформы Кісялёва стаў перавод сялян з паншчыны
на грашовы аброк. Паводле часовага аброчнага інвентара 1850 г. у карыстанні
сялян Берштаўскага маёнтка, у які ўваходзілі 17 вёсак Гарадзенскай пушчы,
налічвалася 200 дзесяцін сядзібнай зямлі ( з гэтага часу пад сядзібнай зямлёй у
інвентарах разумеліся зямельныя ўчасткі вакол жытла сялян – С.Т.), 5839,6 дз. ворыва і 798 дз.
сенакосу. У разліку на 1 двор гэта складала 0,6 дз. сядзібнай зямлі, 17,9 дз.
ворыва і 2,45 дз. сенакосу[14].
У вёсцы Бершты, згодна дадзеным інвентара, налічвалася 53,5 дз. сядзібнай
зямлі, 2390,5 дз. ворыва і 216 дз. сенакосаў. Цяглых і паўцяглых сялянскіх
двароў было 69. У сярэднім на адзин
двор прыходзілася 38,5 дз. карыснай для апрацоўкі зямлі. Такім чынам, у
параўнанні з 1844 г. у Берштах, паводле дадзеных інвентара 1850 г., назіралася
пяціразовае павелічэнне плошчы сялянскага землекарыстання. Адкуль узяліся такія
неверагодныя лічбы? У астатніх вёсках пушчы сялянскія зямельныя надзелы
змяніліся за гэты час незначна. Магчыма, прычына ў тым, што ў першай палове 19
ст. жыхары Берштаў больш займаліся ляснымі промысламі, кантрабандай і
вырошчваннем хмелю, чым зерневай гаспадаркай. Аб гэтым размова пойдзе ніжэй. А
ў час пераводу на аброк дзяржаўныя люстратары прырэзалі сялянам усе прыдатныя,
на іх думку, для земляробства землі, плошча якіх служыла падставай для
вылічэння грашовага аброка.
Больш дакладны ўлік зямельных угоддзяў быў праведзены ў час люстрацыі 1853
г. На гэты час пасля пэўных тэрытарыяльных зменаў у склад
Берштаўскай сельскай грамады і аднайменнага маёнтка ўваходзілі 13 вёсак і 5 урочышчаў, а агульная плошча ўсёй зямлі
дасягала 24 118 дзесяцін, з якой зручная для земляробства зямля складала 12186
дз., нязручная – 1341, лес – 9869. Зямля
пад аброчнымі артыкуламі (корчмы, азёры і г.д.) займала плошчу 721 дз. Апроч
гэтага 190 дз. знаходзілася ў прыватным валоданні і яшчэ 440 дз. лічыліся
спрэчнымі, таму што на іх прэтэндавалі суседнія памешчыкі. З ліку зручнай для апрацоўкі
зямлі ў карыстанні сялян знаходзілася 7130 дз. ці 58,5%.
Усіх сялянскіх двароў было ў маёнтку 351, з іх 161 цяглы, 186 паўцяглых і 4
агародных. Цяглыя двары мелі поўныя зямельныя надзелы і дзве пары валоў,
паўцяглыя – палавінныя і адну пару валоў. Агароднікі мелі толькі хаты з
сядзібнай зямлёй. Яшчэ ў маёнтку было 35 бабылёў, у якіх не было ні зямлі, ні
хаты. У разліку на адну мужчынскую
рэвізскую душу сярэдняя колькасць зямлі складала 4,3 дз., а на двор – 20,5 дз. У
1848 г. паводле падлікаў вядомага гісторыка Мікалая Улашчыка сярод
прыватнаўласніцкіх сялян Гарадзенскай губерні на адзін двор прыходзілася 15,9
дз., а на душу – 3,8. Такім чынам, забяспечанасць зямлёй сялян Берштаўскай
грамады была адносна някепскай, але
трэба ўлічваць нізкую якасць зямлі, якая давала невысокія ўраджаі.
Фальваркі, якія звычайна знаходзіліся ў часовым валоданні арандатараў,
займалі 421 дз. ці 3,45% ад усёй зручнай для апрацоўкі зямлі. У параўнанні з
панскім ворывам у прыватнаўласніцкіх маёнтках гэта быў вельмі нізкі паказчык. Разам
з тым значная колькасць зямлі, як вынікае з інвентару, увогуле не апрацоўвалася
альбо апрацоўвалася сялянамі тайна, каб не выконваць за гэта павіннасцей. У
інвентары гэтая зямля (4483 дз.) была названа “запасной”. Яшчэ 152 дз. знаходзіліся ў
карыстанні “стражнікаў”, якія загадвалі аховай лесу і
лясной гаспадаркай.
У цэлым зямля маёнтка была кепская. Ворыўнай “посредственной” зямлі, паводле прынятай міністэрствам
дзяржаўных маёмасцей тэрміналогіі, было ўсяго 312 дз. Такая зямля давала ўраджай
3,5 чвэрці жыта з адной дзесяціны і прыносіла ва ўмовах Берштаў прыбытак 1
руб.70 кап. “Плохой” зямлі
налічвалася 2203 дз. Ураджай яна давала ўсяго 1 чвэрць з дзесяціны, што
прыносіла прыбытак 21-27 кап. А “неўраджайнай” зямлі налічвалася аж 6107,7 дз. Прыбытак з дзесяціны
такой зямлі складаў толькі 5-7 кап.
Трохі лепшай была справа з лугамі і сенакосамі. Праўда “посредственной” лугавой зямлі было толькі 15
дз. Укос з яе дасягаў 50 пудоў з дзесяціны,
а пуд такога сена каштаваў 5 кап. Чысты прыбытак складаў 83 кап. Пераважала
“плохая” балотная зямля, плошча якой
складала ажно 989,3 дз. Укос з дзесяціны дасягаў 30 пудоў, а чысты прыбытак –
30 кап.
Лугавой пашы было усяго 66,3 дз. Чысты прыбытак з дзесяціны складаў 25 кап.
А пераважала “плохая” паша
(582,9 дз.), якая прыносіла прыбытак 15 кап. з дзесяціны[16].
Чыноўнікі люстрацыйнай камісіі
прапанавалі “для уравнительного наделения крестьян” утварыць 236 поўных і 109 палавінных участкаў зямлі. Поўны
ўчастак мог складаць ад 9 да 40 дз. у залежнасці ад якасці зямлі і 5 дз.
сенакосу. Люстратар таксама лічыў патрэбным разгараць землі на
ўскрайках лесу, дзе былі сядзібы, сенакосы і паша. Па выніках люстрацыі ў
маёнтку Бершты ўсяго налічвалася сядзібнай зямлі 286, ворыўнай – 2523, ворыўнай
неапрацаванай – 86, неўраджайнай апрацаванай – 6108, неўраджайнай неапрацаванай
– 199, сенакоснай – 1031, неапрацаванай – 581, пашы – 721дз. Акрамя таго 103
дз. знаходзіліся ў карыстанні лясных “стражнікаў”. Уся плошча прыдатнай для земляробства зямлі маёнтка
дасягала 11462 дз. Землі пад аброчныя артыкулы займалі 722 дз. У іх лік
уваходзілі: корчмы і шынкі – 8, жалезаробчы завод – 0,02, рыбныя азёры – 721,
вуліцы і дарогі – 289, грамадскія пабудовы – 1,27, могілкі з капліцай – 22,
сыпучыя пяскі – 35,6, сухі бор – 41,5, яры і ямы – 4,7, рэкі – 140, тэлеграф –
0,27, балоты – 245 дз. Нязручная для апрацоўкі зямля дасягала 1074 дз., лесу –
10758 дз. Увесь абшар маёнткаскладаў 24015 дз.
Паводле пастановы люстрацыйнай камісіі ў
карыстанне сялян было перададзена 3020 дз. зямлі, што амаль на палову
павялічвала іх зямельныя надзелы. Але
за нарэзаныя землі трэба было выплочваць пазямельны падатак і гэта рэзка
павялічыла падатковы ціск. Многія з
зямельных участкаў сяляне тайна апрацоўвалі і раней, карыстаючыся слабым
кантролем з боку дзяржаўных чыноўнікаў. Пасля рэформы Кісялёва кантроль значна
ўзмацніўся, што мела і адмоўныя
наступствы для жыцця пушчанскіх вёсак.
У 1859 г.
была праведзена праверачная люстрацыя і складзены новы інвентар Берштаўскай
сельскай грамады. Паводле
яго ў маёнтку налічвался 10328 дз. ворыва, нязручнай зямлі – 1332 дз., лесу –
10131 дз. Люстратар прапанаваў перадаць сялянам таксама “вакантную” (ачышчаную ад лесу) зямлю –
1179 дз.
Па маёнтку
налічвалася паводле праверкі 279,5 поўных сялянскіх участкаў: 235 дз. сядзібнай
зямлі, 7790 дз. ворыва, 1801 дз. сенакосаў, 619 дз. пашы. У параўнанні з
люстрацыяй 1853 г. плошча сялянскай зямлі вырасла з 9956 да 11135 дз. А ў
пераліку на адну рэвізскую душу з 6,32 да 8,35 дз., альбо на 2 дз. Усяго ў
маёнтку на 1859 г. налічвалася 445 сялянскіх двароў, г. зн. у сярэднім на 1
двор прыпадала прыкладна 25 дз. зямлі.
У вёсцы
Бершты ў 1859 г. двароў было 85 і сярэдні надзел на двор складаў 0,77 дз. сядзібнай зямлі, ворыва – 42 дз.,
сенакосу – 5 дз., пашы – 1,8 дз. Гэтыя лічбы значна пераўзыходзілі сярэднія
паказчыкі па губерні. Аднак нельга забывацца на нізкую якасць зямлі.
Адна з
прапаноў люстрацыі 1859 г. гучала так: “земли
имения поделить на отдельные участки (особняки) при многопольном севообороте от
20 до 50 дес. пропорции и соответственно этому колониальное устройство деревень
проводить постепенно па мере убеждения крестьян в полезности такой системы
хозяйствования”. Гэтая
прапанова люстратара апярэджвала ў некаторых момантах добра вядомую сталыпінскую рэформу.
Наступная
люстрацыя адбылася праз 10 гадоў – у 1869 г.
За гэты час кардынальна змянілася юрыдычнае становішча ўсяго беларускага
сялянства, у т.л. і дзяржаўнага. У адпаведнасці з рэформай 1867 г. казённыя
сяляне Беларусі пераходзілі на выкуп і фактычна станавіліся ўласнікамі сваіх
зямельных участкаў. Па выніках люстрацыі ў надзел сялянам вёскі Бершты было
выдзелена 6372 дз. зямлі, сярод якой было 5206 дз. зручнай для апрацоўкі і 1166
дз. нязручнай. У
параўнанні з 1859 г. плошча зручнай для карыстання зямлі вырасла ў 1,5 раза. На
адзін сялянскі двор (усіх двароў без уліку салдацкіх налічвалася 98)
прыходзілася 53 дз. зямлі. У параўнанні з 1859 г. прырост склаў 25%. Усёй
сядзібнай зямлі было 76 дз., ворыва – 3422 дз., сенакосаў – 472,32 дз., пашавых
сервітутаў – 1112 дз.. Яшчэ 113 дз. пашы знаходзілася ў карыстанні адстаўных
салдат. На 1 сялянскі двор сядзібнай зямлі прыходзілася 0,8 дз., ворыва – 35,
сенакосу – каля 5 дз. На адну рэвізскую душу гэта складала амаль 12 дз. зручнай зямлі. У 1859 г. на
адну душу было каля 11 дз. Невялікі душавы прырост зямлі ў параўнанні з
прыростам агульнай плошчы тлумачыўся значным павелічэннем за 10 гадоў колькасці
насельніцтва.
За кошт
чаго вырасла плошча сялянскай надзельнай зямлі? На нашу думку, гэта адбылося
дзякуючы расчысткам лесу пад зямельныя ўчасткі. Адыграла ролю пэўная
пераарыентацыя сялян з пазаземляробчых заробкаў на зернявую гаспадарку, аб чым
гаворка пойдзе ніжэй. Безумоўна, мелі значэнне і наступствы паўстання 1863 г.,
пасля якога царскі ўрад значна ахвотней ішоў на саступкі сялянам, у т.л. і ў
справе надзялення іх зямлёй. У цэлым землекарыстанне берштаўскіх сялян было
ўраўняльным. Новыя землі прыразаліся сялянскім дварам адпаведна колькасці душ і
якасці глебы. Хаця зямельныя надзелы маглі вельмі істотна адрознівацца сваёй велічынёй.
Так, напрыклад, гаспадар Юры Токць, сям’я якога складалася з 8 чалавек, меў 1,5
дз. сядзібнай зямлі, 63 дз. ворыва і 8,1 сенакосу, што ў суме складала 75,5 дз.
Гэта быў адзін з найбольшых зямельных надзелаў у Берштах. Яго сваяк Георгі
Токць, які жыў адзін, меў 0,2 дз. сядзібнай зямлі, 21 дз. ворыва і 2,7 дз.
сенакосу, а ўсяго разам – 24 дз. А самы вялікі зямельны надзел у Берштаўскай
воласці мела сям’я Траяновічаў
з літоўскай вёскі Кабялі. Гэтая сям’я, што складалася з 6 душ, мела ў карыстанні надзел
плошчай 110,1 дз.
Такім чынам, рэфармаванне дзяржаўнай вёскі 40-60-ых гадах 19 ст., прывяло ў
цэлым да павелічэння землекарыстання
берштаўскіх і астатніх пушчанскіх сялян. Вялікую ролю тут адыгралі падзеі 1863
г., аб чым сведчыць асабліва хуткі рост
памераў сялянскіх земляў у 60-ыя гады.
Табліца 1.
Землекарыстанне сялян вёскі Бершты у
1815-1869 гг.(у дз.)
|
|
1815
г.
|
1844
г.
|
1850
г.
|
1859
г.
|
1869
г.
|
|
Агульная
плошча
|
448,6
|
448,6
|
2660,7
|
3431,2
|
5206,5
|
|
На
двор
|
7,7
|
8,1
|
38,5
|
49,6
|
53
|
|
На
муж.
рэв.душу
|
2,3
|
1,3
|
7,2
|
10,9
|
11,86
|
Крыніцы:
НГАБ у Гародні, ф. 31, воп.2, ад.з.
2410; ф.31, воп. 2, ад.з. 1218; ф.31, воп.2, ад.з. 856; ф. 31, воп. 2, ад.з.
1218; ф. 1143, в. 1, ад.з. 50; ф. 1143, воп. 1, ад.з. 51; ф.1143, воп. 1, ад.з.
52.
Сяляне пушчанскіх
вёсак мусілі выконваць шматлікія грашовыя і натуральныя павіннасці на карысць арандатара і плаціць падушны падатак
дзяржаве. Паводле інвентара 1815 г., павіннасці сялян Гарадзенскай пушчы
вызначаліся так: кожны селянін (меўся на ўвазе галава сям’і), які
апрацоўваў чвэрць аседлага грунту (1/4
валокі), павінен быў у тыдзень адслужыць тры дні паншчыны пешай ці коннай, 12 дзён у год адпрацаваць
гвалты і аблавы “do żniwa i
do innych robot z czem Dwor nakaże”, тыдзень на
год адбыць варту. Паўцяглыя двары, якія мелі асьміну грунту
(1/8 валокі), выконвалі на палову менш павіннасцей. Сяляне мусілі ў час
паншчыны і гвалтаў працаваць летам ад усходу да заходу сонца, а зімой – ад
святла да змроку. Асочнікі, ці стральцы, якія ахоўвалі казённы лес ад крадзяжоў,
плацілі фальварку даніну, у якую ўваходзіла адна курыца, два фунты
смалы-жывіцы, вясло пражы.
У 1815 г. сяляне пушчы выплочвалі грашовыя павіннасці на суму 9484,4 зл. ці
34,6 зл. на адзін двор. Азначаныя выплаты падзяляліся на падарожчыну – 1465
зл., чынш – 1740 зл., зямяншчыну – 2754
зл., даніну – 322 зл. Зямяншчыну сяляне плацілі ўзамен паншчыны. Такім чынам,
можна меркаваць, што на фальварках пушчанскія жыхары працавалі няшмат. Сяляне
вёскі Бершты плацілі 1188 зл. зямяншчыны, ці 19,8 зл. на двор. Усяго ж
берштаўцы выплочвалі 1901 зл. грашовых павіннасцей, што складала 29,2 зл. на
двор ці дым.
Паводле інвентара 1844 г. жыхары Берштаў
плацілі ў год 29,1 руб. чыншу і
78,6 руб. падарожчыны, што складала 1,9 руб. на адзін двор.
У інвентары не адзначана, ці выплочвалі сяляне зямяншчыну замест паншчыны.
Апроч феадальных павіннасцей за карыстанне казённай зямлёй жыхары
пушчанскіх вёсак уносілі ў павятовае казначэйства таксама дзяржаўны падушны
падатак. Так, у 1816 г. сяляне Гарадзенскай пушчы плацілі на карысць дзяржавы 2499 рублёў асігнацыямі, ці
ў разліку на мужчынскую рэвізскую душу – 3 рублі. Лясная варта, ці інакш –
палясоўшчыкі, плацілі 882 рублі, таксама па 3 рублі з душы.
Але недабор падаткаў быў з’явай вельмі частай. Пры пераводзе на аброк у 1850 г. , як
вынікае з дадзеных казённай палаты, недабор дзяржаўных падаткаў складаў па
Берштаўскаму маёнтку 5629,5 рублёў, а агульных земскіх павіннасцей – 2005
рублёў.
Прычым часта дзяржаўная адміністрацыя мусіла спісваць гэты недабор з прычыны
немагчымасці яго спагнаць.
Падчас пераводу маёнтка Бершты з гаспадарчага кіравання на аброк у 1850
г. апошні быў устаноўлены з усіх вёсак
маёнтка ў памеры 1673,5 руб., што складала 5,1 руб. на 1 двор. З вёскі Бершты
аброк быў вызначаны ў памеры 430,35 руб.
Сума яго вылічвалася на аснове мяркуемых прыбыткаў, што павінны былі
прынесці аддадзеныя сялянам у карыстанне землі. Напрыклад, дзесяціна ворыўнай
пасрэднай зямлі па падліках чыноўнікаў давала ўраджай азімага жыта 2
чвэрці 5 чэкаў. Кошт чвэрці жыта быў
устаноўлены ў памеры 2 руб. Такім чынам, даход з дзесяціны азімага жыта складаў 5,25 руб., яравога – 3,34 руб., а за тры гады пры трохпольнай сістэме – 9
руб.18 кап. У выніку гадавы даход з такой зямлі ўстанаўліваўся ў памеры 3 руб.
6 кап., а падатак дзяржаве – 1 руб. 2 кап. Па такой жа сістэме разлічваўся
падатак з астатніх земляў – сядзібных,
пераложных, сенакосаў і пашы. Але звычайна гэтыя разлікі перавышалі рэальныя
даходы сялян са сваіх участкаў, што прадвызначала ў будучым хранічныя недаборы
падаткаў.
Трэба адзначыць, што напярэдадні 1850 г.
маёнтак Бершты знаходзіўся ў арэндным валоданні памешчыка з Сакольскага павета
Імбры, які плаціў у казну 1715 руб. штогод. Паводле часовага аброчнага
інвентара даход з маёнтка складаў 2950 руб. За выняткам 601 руб. віннай пошліны
і 578 руб. грамадскага збору чысты прыбытак мусіў дасягаць 1831,5 руб. А ўвесь
прыбытак ад маёнтка афіцыйна ацэньваўся сумай 1895 руб.
“Вакантныя” землі былі аддадзены ў 1850 г. у арэнду таму ж Імбры за 85 руб. у год па
1855 г. Ён жа ўзяў у арэнднае карыстанне 17 корчмаў маёнтка з гадавым даходам
462 руб., млын, жалезавытворчы завод і рыбныя ловы.
Як вынікае
з архіўных матэрыялаў, сяляне Гарадзенскага лясніцтва былі пераведзены з
гаспадарчага становішча на аброчнае 12 красавіка 1850 г. За 7 месяцаў 1850 г.
сяляне Берштаўскай грамады заплацілі ў казну 900,5 руб. аброку. За 1851 г. сума
гэтая дасягнула 1265 руб. Заможныя сяляне выплочвалі па 7 руб. 25 кап., а
агароднікі і бабылі – па 2 руб. серабром. Апроч таго, сяляне плацілі дзяржаве
падушны падатак. Паводле акладнога ліста палаты дзяржаўных маёмасцей,
насельніцтва казённага маёнтка Бершты разам з лясной вартай складала на той час
1768 мужчынскіх душ. Падушны падатак дасягаў 1988 руб., ці 1 руб. 12,5 кап. з рэвізскай душы. Такім
чынам, калі сярэдняя сялянская сям’я налічвала 5 мужчын, падушны падатак дасягаў амаль 5,5
руб. Дадаўшы сюды пазямельны збор, атрымаем суму 12-13 руб., заплаціць якую
было зусім няпроста.
У 1852-53 гг. чыноўнікамі палаты дзяржаўных
маёмасцей у маёнтку была праведзена люстрацыя.
Згодна з часовым аброчным інвентаром
сялянскія двары падзяляліся на
наступныя разрады: 212 цяглых, 93 паўцяглых, 34 агародных і 10 бабылёў. На
момант правядзення люстрацыі цяглых
двароў налічвалася ўжо ўсяго 161, паўцяглых – 186, агародных – 4 і бабылёў –
35. Гэтыя лічбы сведчаць аб збядненні сялян і нежаданні многіх з іх выконваць
павіннасці за поўны цяглы надзел зямлі. У выніку люстрацыі прадугледжвалася “для уравнительного наделения крестьян” утварыць 236
поўных і 109 палавінных зямельных участкаў. Павіннасці сялян маёнтку новы
інвентар вызначаў наступным чынам: за
сядзібныя землі – 223 руб., за ворыва і сенакосы – 1212 руб., за землі “требующие улучшения”
–
129 руб., за пашу – 25 руб. Агульная
сума грашовых павіннасцей за зямлю склала 1591 руб. На 28 беззямельных
агароднікаў і бабылёў быў накладзены асабісты аброк па 1 руб. 50 кап., што ў
суме склала 51 руб. Усе разам павіннасці дасягнулі такім чынам 1642 руб. На
поўную сялянскую гаспадарку сярэдні аброк складаў 5 руб. 77 кап., а на адну рэвізскую
душу – 1 руб. 4 кап. Звыш таго, кожны сялянскі двор мусіў адпрацаваць у год 6
будаўнічых дзён і ссыпаць у запасны хлебны магазін пэўны аб’ём яравога і
азімага зерня.
Вынікі люстрацыі ацэньваліся дзяржаўнымі чыноўнікамі наступным чынам:
а)
сяляне атрымалі зямлі на 3019,78 дз. болей, чым мелі раней;
б)
павіннасці зменшыліся на 202,5 руб.;
в)
чысты прыбытак з маёнтка вырас на 788 руб. альбо на 40% адносна арэнднага
інвентара і на 813 руб. ці на 42% адносна часовага аброчнага.
Выснова аб змяншэнні павіннасцей сялян не адпавядала рэальнасці, паколькі
грашовыя выплаты казне ў параўнанні з фактычным станам рэчаў напярэдадні
люстрацыі выраслі. І даволі імклівы рост павіннасцей, прынамсі паводле
гаспадарчых дакументаў, назіраўся ў наступныя гады. Аб гэтым сведчыць
параўнанне дадзеных люстрацыі 1853 г. і паверкі 1859 г.
Пазямельны аброк у 1853 г. складаў па маёнтку Бершты 1565,5 руб., а ў 1859 г. –
3116 руб. Такім чынам, рост грашовых выплат дасягнуў 1551 руб., ці амаль 100%.
З аднаго цяглага ўчастка зямлі аброк вырас з 5,5 да 11,5 руб., а з адной рэвізскай душы ад 99 кап. да 2 руб. 62
кап. Такім чынам, у разліку з адной рэвізскай душы пазямельны аброк павялічыўся
амаль у тры разы. Асабісты аброк па ўсяму маёнтку таксама вырас ад 51 руб. да
70 руб. 50 кап. Пасля правядзення праверачнай люстрацыі галоўны люстратар,
разумеючы нерэальнасць спагнаць азначаную суму, нават прапанаваў зменшыць
грашовыя выплаты сялян маёнтку Бершты на 45%. Агульная сума пазямельнага аброку
пасля гэтага склала 1714 руб., што на 148 руб. усё роўна перавышала паказчык
1853 г. З цяглага ўчастка аброк склаў 6 руб. 15 кап., што было на 62 капейкі
больш, чым у 1853 г., а з рэвізскай душы – 1 руб. 44 кап. ці на 45 капеек
больш, чым у 1853 г.
Наколькі цяжкімі былі для берштаўскіх сялян гэтыя павіннасці? Паводле
Мікалая Улашчыка, працоўны дзень селяніна з канём ацэньваўся ў той час у
Гарадзенскай губерні ад 30 да 50 капеек.
Такім чынам, каб выплаціць 11 рублёў у год, мужчыны адной сям’і мусілі
адпрацаваць 22-30 працоўных дзён з канём ці парай валоў. Аднак неабходна
падкрэсліць абстрактнасць нашых разважанняў. Праблема заключалася ў тым, як
зарабіць гэтыя грошы, паколькі зерневая гаспадарка ў Берштах была развіта
вельмі слаба і не патрабавала шмат наёмнай рабочай сілы. Патрэбна было выходзіць на гарадскі рынак,
дзе кошт чвэрці жыта па Гарадзенскай губерні вагаўся ў 50-х гадах 19 ст. ад 4
да 10 рублёў. Карова каштавала 15-18 руб.
Звычайна жыхары пушчы зараблялі грошы на выплату падаткаў з дапамогай
лясных промыслаў. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што ў 1846 г. берштаўскія
сяляне, каб пакрыць недабор падаткаў, заключылі кантракт з гарадзенскімі
яўрэямі на сплаў да Гародні 300 штук будаўнічага лесу і 300 сажняў дроў.
І хутчэй за ўсё такія заробкі былі рэгулярнымі.
Так ці інакш, але пушчанскія сяляне былі не ў стане спраўна выплочваць
падаткі дзяржаўнай казне. У галодныя 1855-56 гг. недабор падаткаў склаў па вёсцы Бершты 424,5 руб. У 1859 г. да
гэтай лічбы дадаліся яшчэ 394 руб., што ў суме склала 819 руб.
У некаторых сем’ях недабор аброчных выплат дасягаў 7 рублёў.
У 1869 г. сяляне Берштаўскай
воласці, якая цалкам супадала з памерамі ранейшай сельскай грамады,
плацілі ў казну 2671 руб.
Аднак гэтая сума ўсё ж была меншай, чым напярэдадні паверачнай люстрацыі 1859
г. – 3117 руб. Такім чынам, можна гаварыць аб некаторым змяншэнні падатковага
ціску на працягу 60-ых гадоў 19 ст., тым болей, што насельніцтва за 10 гадоў
вырасла ад 1205 да 1882 душ (Табліца 2.).
Табліца 2. Грашовыя павіннасці за карыстанне зямлёй сялян вёскі Бершты ў 19
ст.
(у руб. серабром)
|
|
1815
г.
|
1844
г**.
|
1850
г.
|
1853
г.
|
1859
г.
|
1869
г.
|
|
Агульная
сума
|
292,5*
|
107,7
|
430,35
|
-
|
-
|
576,3
|
|
На
двор
|
4,9*
|
1,9
|
6,2
|
5,51***
|
11,15***
|
5,9
|
|
На
муж. рэв. душу
|
1,6*
|
0,33
|
1,17
|
0,99***
|
2,62***
|
1,3
|
*пералічана
са злотых у разліку 1 руб. серабром за 6,5 зл.
**не ўлічвалася зямяншчына.
***браўся сярэдні паказчык па ўсёй
Берштаўскай грамадзе.
Крыніцы:
НГАБ у Гароднi, ф.31, воп. 2, ад.з. 2410; ф.31, воп. 2, ад.з. 1218; ф.31, воп. 2, ад.з.
856; ф. 31, воп. 2, ад.з. 1218; ф. 1143, воп. 1, ад.з. 50; ф. 1143, в. 1, ад.з.
51; ф. 1143, воп. 1, ад.з. 52.
Магчыма змены ў падатковай палітыцы ўрада былі выкліканы і палітычнымі
прычынамі – паўстаннем 1863 г. і страхам царскіх уладаў перад масавымі
сялянскімі выступленнямі. Паводле люстрацыі 1869 г. сяляне вёскі Бершты плацілі
ў казну 576 руб. У пераліку на
рэвізскую душу гэта складала 1 руб. 31 кап., на 1 двор – 5 руб. 88 кап.
Найбольшы падатак у вёсцы Бершты плаціла сям’я Франца Будзькі (8 рэвізскіх душ ) – 8
руб. 40 кап. і Юры Токця (8 рэвізскіх душ
) – 8 руб. 38 кап. Пазямельны падатак сям’і Івана Павайба з урочышча Краснае (16
рэвізскіх душ) дасягаў аж 17 руб. 15 кап. А найбольшы памер падатку ў разліку
на адну рэвізскую душу выплочвала сям’я Траяновічаў (6 рэвізскіх душ) з літоўскай вёскі Кабялі
– 11 руб. 88 кап.
Пра развіццё гаспадаркі, маёмаснае становішча і асаблівасці побыту пушчанскіх
сялян у 19 ст. звестак у архіўных матэрыялах, на жаль, няшмат. Аднак і тое, што
захавалася, дазваляе скласці пэўную карціну аб гаспадарчым і
грамадска-сацыяльным жыцці пушчанскіх жыхароў у тыя часы. Найбольш падрабязныя
звесткі ўтрымліваў першы аброчны інвентар 1850 г. Станоўчыя і адмоўныя бакі гаспадаркі пушчанскіх вёсак у гэтым
дакуменце ацэньваліся так: “Выгоды
имения составляют большое количество леса и близское разстояние оного – к
неудобствам следует отнести худую почву земли и отдаленность таковой в мелких
участках по лесам состоящих, которых по неплодородию своему обделывают
перелогами большое пространство, а в том числе и лесного ведомства за особо
платимый оброк”. І далей: “Поля разделяются по качеству, тощия, песчаныя, на
восем смен, прочия на три смены, обрабатываются обыкновенною сохою – с упряжью
волов и деревянною бороною в одну лошадь, которой однакож на тощей песчаной
земле не употребляют – засеваются предпочтительно ржою и гречихою – а на лучших
землях овсом”. Не вельмі
добра складальнік інвентара характаразаваў саміх сялян: “Замечательнейшие пороки крестьян суть беспечность и леность“.
Паводле
інвентара 1852-53 гг., становішча сялян маёнтка Бершты таксама ацэньвалася як “менее, чем посредственное”. Галоўнымі
недахопамі маёнтка, на думку дзяржаўных чыноўнікаў, з’яўляліся: неўраджайнасць земляў,
пашкоджанне агародаў і лепшых палёў сыпучымі пяскамі, знясільванне ворыва,
аддаленасць ад рынкаў збыту. Галоўнымі выгодамі былі багацце лясоў і лугоў.
Паказчыкам
энергазабяспечанасці сялянскай гаспадаркі была наяўнасць хатняй жывёлы, найперш рабочай. Паводле інвентара 1815 г., у
вёсках Берштаўскай пушчы налічвалася 139 коней (прыкладна 1 на 2 двары), 505
валоў (прыкладна па 2 на двор), 289 кароў (1 на двор), 287 цялушак (1 на двор),
652 авечкі (2-3 на двор), 459 свіней (1-2 на двор).
Натуральна, што ў гэты час гаспадарка сялян яшчэ не залячыла стратаў вайны
1812 г. У 1844 г. забеспячэнне сялян жывёлай выглядае значна лепш: коней – 235
(1 на двор), валоў – 706 (3 на двор), кароў – 403 ( амаль па 2 на двор),
цялушак – 323 (1-2 на двор), авечак – 785 (па 3 на двор), свіней – 459 (па 2 на
двор). Апроч гэтага сяляне пушчы ў 1844 г. мелі 31 пчаліную борць[35].
У 1850 г.
на абшарах пушчы, як ужо гаварылася вышэй, былі праведзены пэўныя
тэрытарыяльна-адміністрацыйныя змены. Разам з арганізацыяй сялянскага
самакіравання былі ўтвораны тры сельскія грамады, самай вялікай з якіх была
Берштаўская. Паводле інвентара 1850 г. сяляне гэтай грамады мелі: коней – 225 (прыкладна 1 на 2 двары), валоў – 646
(па 2 на двор), кароў – 523 (1-2 на двор),
дробнай жывёлы – 1694 (па 5 галоў на двор), борцяў – 129. Такім чынам, назіраецца пэўнае пагаршэнне
паказчыкаў забяспечанасці хатняй жывёлай у параўнанні з дадзенымі за 1844 г.
Гэта было абумоўлена тым, што некалькі найбольш багатых пушчанскіх вёсак не
ўвайшлі ў Берштаўскую грамаду. У час правядзення люстрацыі 1853 г. рабочай
жывёлы ў сялян маёнтка налічвалася 832 галавы. У разліку на сялянскія цяглыя і
паўцяглыя двары гэта складала ў сярэднім 2-3 галавы на двор. Усяго ж хатняй
жывёлы налічвалася 3186 галоў або ў сярэднім 12 галоў на двор.
Па выніках
рэвізіі 1853 г. люстратар для паляпшэння гаспадарчага стану маёнтка прапанаваў
наступнае: 1) перабудаваць корчмы і шынкі, знесці млын; 2) аднавіць
жалезавытворчы завод; 3) пабудаваць новы будынак сельскай управы; 4) знесці
большасць былых фальварачных пабудоў; 5) дзеля лепшага ўладкавання вёсак
прызначыць новае размяшчэнне сядзібаў і паступовую забудову на іх жылых і
гаспадарчых пабудоў згодна планам і прыгаворам сялян; 6) засадзіць вербамі
сыпучыя пяскі; 7) скласці праект абмену церазпалосных зямель з суседнімі
памешчыкамі; 8) выселіць 5 двароў сялян з малазаселеных вёсак[37].
Але наступныя гады прынеслі жыхарам Берштаў
не паляпшэнне гаспадарчага становішча, а сапраўдную катастрофу. Яскравай выявай
гэтага стала істотнае скарачэнне насельніцтва. Калі ў 1853 г. у маёнтку
налічваліся 1573 рэвізскія душы мужчынскага полу, дык у 1859 г. – 1187. Таксама
скарацілася і колькасць жаночых душ – ад 1634 да 1310. Колькасць цяглых
сялянскіх двароў зменшылася з 212 да 174. Колькасць галоў рабочай жывёлы
скарацілася з 832 да 707, буйной рагатай жывёлы (кароў) - з 734 да 660, дробнай
жывёлы – з 1620 да 772.
Што ж сталася з пушчанскімі сялянамі за гэтыя
гады? Часткова адказ мы можам знайсці ў матэрыялах люстрацыі Берштаў за
1859-1869 гг. У гэтай
архіўнай справе прыведзены дадзеныя пра ўраджаі азімага хлеба ў канцы 40-х і
50-х г. 19 ст.(Табліца 3.) Яны сведчаць
пра катастрафічнае скарачэнне плошчы пасеваў і падзенне ўраджайнасці пачынаючы
з 1854 г. У 1848-1850 гг. ураджайнасць у Берштах складала сам-4, што было вышэй
за сярэдні паказчык па ўсёй Беларусі. Але з 1851 г. пачынаецца зніжэнне. У
1855-1856 гг. ураджай складаў сам-1, а плошча пасеваў скарацілася больш, чым
удвая. Гэта значыць, што сяляне ў гэты год сабралі з палеткаў збожжа столькі ж,
колькі і пасеялі вясной. Цікава, што пагаршэнне гаспадарчай сітуацыі супала з
адменай паншчыны, якая, праўда, не была ў Берштах асабліва вялікай. Тым не
менш, у 1850 г. сяляне Берштаўскай пушчы атрымалі большую свабоду ў вырашэнні
сваіх праблем і самі, а не арандатар, неслі адказнасць за выплату падаткаў
дзяржаўнай казне. Але атрыманне гэтай свабоды, як мы ўжо адзначылі, супала з
пагаршэннем гаспадарчай сітуацыі, што з’яўляецца нетыповым прыкладам у святле высноў беларускай
гістарыяграфіі гэтай праблемы.
Табліца 3.
Зборы азімага хлеба ў вёсках Берштаўскай грамады ў 1847-1858 гг.
|
Год
|
Пасяўная плошча (дз.)
|
Збор (у чвэрцях)
|
Ураджай
|
|
1847
|
1300
|
991
|
| |