БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 2 / 1999

КРАЯЗНАЎСТВА

Мяцеж ці паўстанне? 
Выступ Міхала Глінскага падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ у 1507-1508 гг.

Валеры Шэйфер
(Гародня)
 

Імя Міхала Глінскага вядомае ў гісторыі. Паспрабуем разглядзець яго дзейнасць у кантэксце суперніцтва Масквы і Вільні за т.зв. “старажытнарускую спадчыну”. У гэтым суперніцтве М.Глінскі адыграў неадназначную ролю. Узброены выступ на землях Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам М.Глінскага ў савецкай гістарыяграфіі традыцыйна ацэньваўся як этап змагання народных мас Беларусі супраць прыгнёту летувіскіх і польскіх феадалаў за уз’яднанне з рускім народам.

Суперніцтва Масквы і Вільні ўпершыню востра праявілася падчас маскоўска-літоўскіх войнаў канца 15-першай трэці 16 ст. (1492-1494, 1500-1503, 1507-1508, 1512-1522 і 1534-1537 гг). Да выступлення Глінскага ўжо адбыліся два ўзброеныя сутыкненні, прйграных ВКЛ. Толькі ў вайне 1500-1503 гг., па падліках польскага гісторыка  Л.Каланкоўскага, ВКЛ страціла каля 25 % тэрыторыі1. Да Маскоўскай дзяржавы адышлі  ўсе землі ў вярхоўях р.Акі і Чарнігава-Северская зямля з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Пуціўль, Рыльск, Ноўгарад-Северскі, Гомель, Любеч, Почап, Трубчэўск, Радагошч, Бранск, Мцэнск, Любуцк, Сярпейск, Масальск. А таксама значная частка Смаленскай і Віцебскай зямель з такімі стратэгічна важнымі гарадамі як Дарагабуж, Белая, Тарапец3, а “вязни на реке Ведроше поиманые при Москве  зостали”4. Разам са стратай значных тэрыторый вялікі князь Аляксандр Казіміравіч (1492-1506) вымушаны быў фармальна прызнаць тытул маскоўскіх уладароў – “гасудар усяе Русі”, што як бы легалізавала правы апошніх на захопленыя ўсходнія землі ВКЛ. Уплывы апошняга ва ўсходнеславянскім рэгіёне значна аслабелі.

Наспявала трэцяя вайна. Нягледзячы на перамір’е, канфлікты працягваліся, а пасольствы ВКЛ у Маскве ніяк не маглі дабіцца  заключэння міра. У лютым-сакавіку 1504г. паслы ВКЛ прапанавалі Івану ІІІ заключыць мір на ўмовах 1494 г., нават без звароту зямель, захопленых Маскоўскім бокам у папярэдняй (1500-1503 гг.) вайне. Аднак і такая пазіцыя сустрэла рэзкае пярэчанне маскоўскага гаспадара, які паўтарыў вядомую з перамоваў 1503 г. формулу аб тым , што ўся “Руская зямля” з’яўляецца яго “отчынай”, і мір не будзе падпісаны, пакуль вялікі князь Аляксандр не адмовіцца ад яе.

Перамовы зайшлі ў тупік, але перамір’е захавалася. Тым часам памерлі абодва манархі. На маскоўскі трон уступіў сын Івана ІІІ Васіль ІІІ (1505-1533), які ў адносінах да ВКЛ працягваў палітыку бацькі. Пасля смерці вялікага князя Аляксандра ён нават паспрабаваў праз сваю сястру, вялікую княгіню літоўскую Алену Іванаўну высунуць сваю кандыдатуру на віленскі трон, але поспеху не меў5. Хроніка Мацея Стрыйкоўскага паведамляе, што на  вялікакняскі трон прэтэндаваў таксама Міхал Глінскі6. Гэтую звестку абвергнуў германскі дыпламат Жыгімонт Герберштэйн, які назваў яе плёткай, створанай ворагамі і зайздроснікамі Глінскага7. Сучасны польскі  гісторык К.Пяткевіч заўважыў, што негатыўная ацэнка дзейнасці М.Глінскага ўзята з хронік, напісаных пасля яго пераходу на маскоўскі бок. Безумоўна, гэтая падзея моцна паўплывала на ягоны вобраз у гістарыяграфіі8.

Так ці інакш, але частка магнатэрыі ВКЛ сапраўды зайздросціла прывілеяванаму становішчу Міхала Глінскага пры двары вялікага князя Аляксандра Казіміравіча, імкнулася аслабіць яго ўплывы і не дапусціць новага ўзвышэння. Магчыма, адсюль і пайшлі чуткі пра вялікакняскія амбіцыі  Глінскага. У гэтым ворагі Глінскага імкнуліся пераканаць новаабранага вялікага князя Жыгімонта Казіміравіча.

Міхал Глінскі выехаў з Вільні сустракаць новага вялікага князя са світай у 800 вершнікаў9. Ужо гэтым, на думку Герберштэйна, ён прызнаў Жыгімонта Казіміравіча “сапраўдным гаспадаром”. Каранацыя апошняга 20 кастрычніка 1506 г. адбылася  спакойна і  без  якіх-небудзь перашкод з боку Глінскага. Але, відавочна, недавер вялікага князя да ўплывовага магната заставаўся.

Новы вялікі князь з ухвалы Паноў-рады пачаў падрыхтоўку да вяртання зямель, захопленых Маскоўскай дзяржавай. Аднак справу ўскладніў унутраны канфлікт у Вялікім Княстве Літоўскім, які выліўся ва ўзброеннае супрацьстаянне, ініцыятарам якога стаў Міхал  Глінскі. Была ў гэтым таксама і віна Жыгімонта Казіміравіча, які не пажадаў разгледзець справу гэтага дзяржаўнага дзеяча па абвінавачваннi яго ў дзяржаўнай здрадзе, чым  закрануў гонар апошняга. Канфлікт паміж магнатамі распачаўся яшчэ ў часы вялікага князя Аляксандра. Ён быў справакаваны як асабістымі амбіцыямі (сутыкненне паміж Міхалам Глінскім і трокскім ваяводам Янам Забярэзінскім), так і дзяржаўнай праблемай (умовы Мельніцкай уніі 1501 г.). Вялікі князь Аляксандр толькі прыглушыў гэты канфлікт, які ў 1507 г. успыхнуў ізноў і стаўся этапам чарговай маскоўска-літоўскай вайны.

Каб разабрацца ў гэтых падзеях, трэба звярнуцца да радаводу Глінскага. Яго род паходзіў ад татарына Алексы (Leksy), які прыехаў на службу да вялікага князя Вітаўта. Па дадзенай яму вотчыне г.Глінску (у Смаленскай зямлі) частка нашчадкаў Алексы стала пісацца Глінскімі10. Іншыя прадстаўнікі роду атрымалі валоданні ў цэнтральнай і заходняй частцы ВКЛ. Яны парадніліся з  праваслаўнымі родамі Вялікага Княства - Меляшковічамі, Дражджамі, Храптовічамі і інш.11 Адносіны паміж рознымі галінамі Глінскіх практычна не падтрымліваліся12.

 Міхал Львовіч Глінскі (1470-24.09.1534) яшчэ юнаком быў адпраўлены за мяжу, дзе пражыў 12 гадоў. У Германіі служыў пры двары імператара Максіміліяна, вызначыўся ў войску саксонскага курфюрста Альбрэхта падчас вайны ў Фрызіі, прайшоў усе прыступкі вайсковай службы. Затым вучыўся ў Італіі, дзе прыняў каталіцтва. Наведаў таксама Іспанію. У выніку ён атрымаў добрую адукацыю, валодаў асноўнымі еўрапейскімі мовамі, засвоіў прыгожыя манеры і навыкі вайскоўца. Верагодна, у 1497 г. ён удзельнічаў у т.зв. “чарнаморскай выправе” Яна Альбрэхта, пасля якой ізноў вярнуўся ў Германію.

На сталае жыхарства ў ВКЛ Міхал Глінскі прыехаў напрыканцы 1498 або напачатку 1499 г. Кар’еру першапачаткова рабіў з дапамогай брата Івана, які з 1495 г. быў намеснікам ошскім і пераломскім. Міхал хутка прасоўваўся па прыступках службовай лесвіцы. У 1499 г. ён стаў маршалкам дворным. Разам з ім у эліту ВКЛ уваходзіў цэлы шераг яго родзічаў. Іван Львовіч Глінскі ў 1501 г. стаў маршалкам гаспадарскім і харунжым літоўскім, а ў 1505 г. – кіеўскім ваяводам і адначасова намеснікам бельскім. Другі з братоў - Васіль “Сляпы” з 1500 па 1505 г. з’яўляўся намеснікам васілішскім і падстолім літоўскім, у 1505 г. старостам і ключнікам берасцейскім. Апроч гэтага Міхал Глінскі ўладкаваў на Лідскае намесніцтва свайго стрыечнага брата Андрэя Аляксандравіча Дражджа, што, па звестках хронікі Быхаўца13, стала непасрэднай прычынай канфлікта Глінскага з трокскім ваяводам Янам Забярэзінскім. Апошні выступіў у абарону папярэдняга намесніка Юрыя Ільініча14.

Пры двары вялікага князя Аляксандра Міхал Глінскі займаў высокае становішча. Жыгімонт Герберштэйн нават лічыў, што манарх “усе складаныя справы вырашаў паводле яго меркавання”15. Глінскія мелі вялізныя зямельныя валоданні. Міхал Глінскі атрымаў ад гаспадара двары ў Троках і Вільні, Ліжкава ў Мярэцкай воласці, а ў 1505 г. - Тураў, Ганёндз і Райгарад, а яго брат Васіль - дом у Вільні, Забалоцце ў Васілішскім пав., Клявіцкі дзесятак - у Ваўкавыскім пав. і інш. Іван Глінскі атрымаў двор Вяйсейе (Wejseje) ў Пераломскім павеце16. М.Стрыйкоўскі сцвярджаў, што Глінскія трымалі ў сваіх руках амаль палову Вялікага Княства Літоўскага, што і выклікала незадавальненне шляхты17.

 Цяжка ўстанавіць дакладную прычыну яго канфлікту з Янам Забярэзінскім. Беларуска-літоўскія летапісы ва ўсім абвінавачваюць Міхала Глінскага, не разбіраючы сутнасці праблемы. Больш глыбока, але з тых жа самых пазіцый, асвятляюць падзеі “Хроніка Быхаўца”18 і Хроніка Мацея Стрыйкоўскага19. Ж. Герберштэйн, выводзіў канфлікт з дробязі: Забярэзінскі, быццам бы, пабіў слугу Глінскага, пасланага за збожжам для каралеўскіх коней 20.

Фактам застаецца тое, што ў 1503 г. Глінскі абвінаваціў Забярэзінскага ў арганізацыі замаху на яго жыццё21. Справа дайшла да гаспадарскага суда. Вялікі князь Аляксандр ухіліўся ад сцвярджэння віны аднаго з бакоў і загадаў панам памірыцца.  Са звароту вялікага князя да абодвух паноў відаць, што і Глінскі не застаўся ў даўгу і, магчыма, таксама пагражаў замахам на жыццё Яна Забярэзінскага і двух яго сыноў 22.

Але Глінскі ўсе роўна заставаўся фаварытам Аляксандра Ягелончыка, і той, па яго просьбе, перадаў Ліду, “што была пад Ільінічамі”, Андрэю Дражджу 23. Юрый Ільініч звярнуўся да радных паноў біскупа віленскага Войцеха Табара, віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, трокcкага ваяводы Яна Забярэзінскага, жамойцкага старосты Станіслава Яновіча, полацкага ваяводы Станіслава Глябовіча, смаленскага намесніка Станіслава Кішкі. Яны, па звестках “Хронікі Быхаўца”, не саступілі Ліды Дражджу “простаму чалавеку, а Ільінічу пакінулі, бо бачылі, што ў прывілеі напісана: гаспадар нікому не можа прывілеяў даваць, акрамя тых, хто з гербам”. Вялікі князь быў разгневаны.24 Па версіі Мацея Стрыйкоўскага, М.Глінскі ўвесь час намаўляў Аляксандра адпомсціць за непаслушэнства. Храніст, наогул, лічыў Глінскага “злым духам”, які сеяў варожасць паміж шляхтай і манархам25.

Аляксандр Казіміравіч выклікаў свавольных паноў на сейм у Бярэсце ў 1505 г. з намерам іх пакараць. Па намове Глінскага ў Забярэзінскага была адабрана пасада трокскага ваяводы, Ільініч быў схоплены і пасаджаны ў астрог, а Панам-радзе “загадана яму на вочы [вялікаму князю} не трапляць”26. Па звестках Стрыйкоўскага, каронны гетман Ян Ласкі папярэдзіў паноў, і яны не ўвайшлі ў Берасцейскі замак, што выратавала іх ад арышту. Да польскіх магнатаў была паслана просьба дапамагчы ўрэгуляваць канфлікт. Урэшце, Ян Ласкі і Ян з Асвенціма ўгаварылі Аляксандра змяніць гнеў на літасць27.

Быў скліканы спецыяльны сейм у Радоме, на які прыбыла дэлегацыя на чале з біскупам В.Табарам. Кароль і вялікі князь згадзіўся яе прыняць, і біскуп Табар сказаў палымяную прамову: "Міласцівы каролю! Без падстаўны гнеў твой гаспадарскі на нас быў з нагавору некаторых людзей, бо мы супраць цябе, гаспадара нашага, не стаялі, але баранілі правы ды прывілеі свае, каб яны за намі засталіся. А таму, міласцівы гасудару, як пастыр ваш і тутэйшага панства, я павінен за тым сачыць і цябе адводзіць ад таго, каб ты, гаспадар наш, правы нашыя і прывілеі, выдадзеныя нам, захаваў. А, калі хто захоча іх скасаваць, Божа, адпомсці кожнаму такому”29. Атрымаўшы абяцанне гаспадара вырашыць канфлікт у час бліжэйшага прыезду ў Вільню, дэлегацыя вярнулася ў ВКЛ Але хутка пасля гэтага Аляксандра разбіў параліч, і сваё абяцанне ён не стрымаў.

Спрэчкі з-за пасады лідскага намесніка былі толькі адной з прычын канфлікту паміж магнатамі і манархам. Другая, больш глыбокая прычына крылася ў адносінах да Мельніцкай уніі 1501 г. Па ўмовах уніі літоўская шляхта ўдзельнічала ў выбарах польскага караля, а Польшча ў выпадку небяспекі, павінна была дапамагчы ВКЛ. Але не ўся шляхта падтрымала унію. У гэтай сітуацыі на баку манарха і уніі апынуліся Міхал Глінскі, Міхал Заслаўскі і Юрый Гальшанскі. Супраць выступілі біскуп Войцех Табар, Ян Забярэзінскі, Станіслаў Кішка, Станіслаў Яновіч (Кязгайла) і Станіслаў Глябовіч29. Яны расцанілі акт уніі як пагрозу незалежнасці ВКЛ з боку Кароны.

Такім чынам, канфлікт паміж магнатамі ўплёўся ў канфлікт паміж вялікім князем і шляхтай. Далейшыя спрэчкі вакол Мельніцкай уніі прывялі да кампрамісу. Урэшце, у гэтай справе найбольш пацярпелі Ю.Гальшанскі і Ю.Ільініч. Не ўсе пасады былі вернуты Яну Забярэзінскаму. Пакуль быў жывы вялікі князь Аляксандр, канфлікт апошняга з Глінскім не перарастаў у адкрытае сутыкненне. Калі ж на прастол быў абраны Жыгімонт, Ян Забярэзінскі пачаў адкрыта абвінавачваць Глінскага ў здрадзе, у імкненні заняць самому месца вялікага князя30. Міхал Глінскі некалькі разоў звяртаўся да Жыгімонта, каб той разабраўся і зняў з яго такія цяжкія абвінавачванні, але вялікі князь усё цягнуў з апраўданнем. Не дапамагло нават пасрэдніцтва венгерскага караля Уладзіслава, брата Жыгімонта Казіміравіча. Нарэшце самалюбівы князь заявіў каралю, што “зробіць такое, пра што з часам пашкадуе і ён сам і сам кароль ”31. Сказаў і зрабіў.

У Маскву быў накіраваны ганец з лістом да Васіля ІІІ, у якім Міхал Глінскі паведамляў, што калі вялікі князь маскоўскі дасць грамату з гарантыяй захавання ўсіх земляў і маёмасці, то ён гатовы перайсці на яго бок з усімі крэпасцямі, якімі валодае і якія яшчэ захопіць сілай ці ўгаворыць здацца. Васілю ІІІ карысна было прыдбаць такога саюзніка як Глінскі, і ён згадзіўся на ўсе ўмовы.

Міхал Глінскі стаў распаўсюджваць у ВКЛ чуткі, што ўсіх праваслаўных збіраюцца перахрысціць. Пры гэтым ён спасылаўся на звесткі, атрыманыя нейкім Фёдарам Калантаевым ад маршалка Івана Сапегі. (Сам Ф.Калантаеў не прызнаў гэта пад прысягай32.)

Глінскі абапіраўся ў асноўным на праваслаўную шляхту. Вялікая колькасць удзельнікаў была параднена ці звязана з родам Глінскіх33. Крымскі хан Менглі-Гірэй таксама быў гатовы падтрымаць хутчэй мяцежнага князя, якога ён ведаў яшчэ па пасольству 1493 г. у Крым, чым Жыгімонта. Вёў Глінскі перамовы і са Стэфанам, “господарём волошскім”.

 Планы выступлення выношваліся з лета 1507 г. Пачалося ж яно расправай над Забярэзінскім адразу пасля адезду Жыгімонта Казіміравіча на сейм у Кракаў. Праз сваіх шпегаў Міхал Глінскі даведаўся, што вораг знаходзіцца ў маёнтку пад Гародняй. 2 лютага 1508 г., пераправіўшыся праз Нёман з 700 вершнікамі, ён атачыў яго. Сябра Глінскага немец Шляйніц з людзьмі ўварваўся ў жылыя пакоі. Забярэзінскага схапілі і загадалі  нейкаму татарыну забіць яго (“сцяць”)34. Пасля нарады ў Наваградку Глінскія вырашылі рухацца на Вільню. У гэты момант Міхал Глінскі меў 2 тыс. узброеных людзей36.

Цэнтрам мецяжа стала Тураўшчына, спадчыннае валоданне Міхала Глінскага. У Тураве яго войскі правялі тры тыдні. Менавіта сюды, імкнучыся выйграць час, Жыгімонт накіраваў свайго пасла  Яна Касцевіча з абяцаннем Глінскім “всякую управу учинити в их делах с литовскімі паны”. Але Глінскія згадзіліся весці перамовы толькі з Альбрэхтам Гаштольдам і паведамілі Жыгімонту, што будуць чакаць яго да Саборнай нядзелі (12 сакавіка 1508 г.) 37.

Даведаўшыся аб падзеях у ВКЛ, Васіль III спешна накіраваў у Тураў свайго дзяка Мікіту Губу Маклакова, які быў з посольствам у ВКЛ яшчэ ў 1503 г. і добра ведаў сітуацыю ў Літве. Ён перадаў мяцежнікам прапанову Васіля III перайсці на яго бок. Адказу ад Жыгімонта Глінскія не атрымалі. Яны палічылі сябе вольнымі ў адносінах да гаспадара і накіравалі ў Маскву грамату з просьбай да Васіля ІІІ прыняць іх у сваё падданства і дапамагчы ў барацьбе з Жыгімонтам38.

Пасля гэтага з Турава войска Глінскіх рушыла ўглыб ВКЛ. Сваяк Міхала Глінскага мазырскі ваявода Якуб Івашанцаў адчыніў браму Мазыра. У той жа час да мяцежнікаў прыбыў пасол ад Менглі-Гірэя з прапановай перайсці на крымскую службу і абяцаннем cамога Кіева. (Дарэчы з Жыгімонтам Менглі-Гірэй таксама захоўваў сяброўства39). М.Глінскі разлічваў на частцы тэрыторыі ВКЛ стварыць Вялікае Княства Рускае, але вырашыў, што лепш мець рэальную дапамогу Масквы, чым мройныя абяцанні Крыма. Тым больш, што Мікіта Губа Маклакоў прывёз станоўчы адказ ад Васіля ІІІ і паведамленне пра пасылку на дапамогу маскоўскага войска пад началам Васіля Шамяціча. Маскоўскі гаспадар абяцаў пакінуць за Глінскімі ўсе гарады,  якія тыя захопяць. Пасля гэтага ў маі 1506 г. Глінскія прынеслі прысягу на вернасць Васілю ІІІ40.

Пакуль ішлі перамовы, Міхал Глінскі захапіў Клецк. Пазней “пристали теж до него княжата Друцкие и князь Михаил Мстиславский з замком своим, той з Друцким, а сей Мстиславским, так теж и оршанци, ...Гомель поддалися ему”41. У Клецк да Глінскага прыбыў новы маскоўскі пасол Шыгона-Паджогін, а таксама пасол ад “гаспадара валошскага” з завярэннем у сяброўстве. Тым часам Васіль Глінскі дзейнічаў у раёне Кіева. Ён асадзіў Жытомір і Оўруч, імкнуўся схіліць сабраную тут праваслаўную шляхту на бок свайго брата, абяцаючы, што калі Міхал Глінскі стане вялікім князем літоўскім, то адродзіць “манархію кіеўскую”42. Але гэтыя гарады не паддаліся мяцежнікам.

10 сакавіка з Масквы выйшла галоўнае маскоўскае вой­ска (50-60 тыс.чал.) пад камандаваннем Юрыя Захар’iна. Дзвюма калонамi яно накiравалася на Смаленск. На Полацкую зямлю iшлi наўгародскія палкі Д.Шчэні і Рыгора Захар’інa. Ca з’яўленнем маскоўскіх войскаў мяцеж перакінуўся да Оршы і зліўся з агульнымі аперацыямі маскоўскіх ваяводаў43. Пад Оршай маскоўскія войскі злучыліся, але далей углыб ВКЛ не пайшлі.

З Северскай зямлі ў маі на Літву выйшлі войскі маскоўскіх ваявод Васіля Шамяціча, Івана Адоеўскага і Івана Варатынскага. Нарэшце, і да самога Міхала Глінскага быў пасланы невялікі атрад князя А.Ф.Алёнкі Алабышава з мурамцамі. Адной з першапачатковых задач, якую ставілі перад сабой князі Глінскія, быў захоп Менска і Слуцка. Да Менска быў накіраваны атрад Зміцера Жыжамскага. Пасля Троіцы (11 чэрвеня) Міхал Глінскі сам пачаў наступленне ў тым жа накірунку. У хуткім часе пад Менск падыйшлі і войскі Васіля Шамяціча з боку Бабруйска. 12 чэрвеня на Слуцк рушылі палкі князя І.Дражджа. Перадавыя атрады князя Андрэя Трубяцкога і князя Андрэя Лукомскага рабілі разведку ў накірунку Наваградка.

Пад Менскам аб’яднанае войска беспаспяхова стаяла два тыдні. Сюды прыбыў маскоўскі пасол Юрый Замяцін з паведамленнем аб руху войскаў Д.Шчэні і Р.3ахар’іна. Няўдача спасцігла Глінскага пад Слуцкам і пад Копылем. Узяцце Слуцка для Глінскага было б ідэлагічнай падставай для стварэння “Кіеўскай манархіі”, бо князі Слуцкія-Алелькавічы з’яўляліся нашчадкамі кіеўскага князя Алелькі (Аляксандра) Уладзіміравіча з дынастыі Альгердавічаў44. Міхал Глінскі, які не быў жанаты, разлiчваў угаварыць ці змусіць удаву княгіню Анастасію выйсці за яго замуж. Але нічога з гэтага не выйшла. Раззлаваны князь загадаў спустошыць валоданні Алелькавічаў. Самаўладныя дзеянні М.Глінскага адштурхнулі ад яго частку прыхільнікаў-магнатаў. Большасць магнатэрыі да яго справы ставілася абыякава або нават варожа45.

Але для караля і вялікага князя становішча доўгі час заставалася досыць цяжкім. Каб яго выправіць, Жыгімонт накіраваўся з Кароны ў ВКЛ. У канцы мая ён быў у Бярэсці, у сярэдзіне чэрвеня накіраваўся ў Слонім, а потым - у Менск46. Гаспадар энергічна збіраў ваенныя сілы. І паступова з’явіліся першыя прыкметы пералому. Ужо ў маі Канстанцін Астрожскі заняў Тураў. У Лідзе збіралася шляхецкае апалчэнне. Сюды паспяшаўся і Жыгімонт з 3-4 тыс. палякаў. Камандуючым аб’яднанымі сіламі (15-16 тыс.чал.) быў прызначаны К.Астрожскі47.

А вось надзеі Глінскага на дапамогу з боку Менглі-Гірэя не спраўдзіліся. У рашаючую хвіліну хан толькі не аказаў ніякай дапамогі войскам Глінскіх, але нават накіраваў свае сілы ў раён Ноўгарад-Северскіх зямель у тыл маскоўскім войскам. Праўда, баючыся выступлення нагайцаў у сваім тыле (у выніку распачатых перамоваў нагайцаў і Васіля ІІІ), вымушаны быў адступіць.

У той жа час пачалі наступленне войскі ВКЛ. Ужо 20 чэрвеня яны вызвалілі ад аблогі Менск і накіраваліся да Барысава, дзе ў той час знаходзіўся сам Глінскі. У сярэдзіне ліпеня ліцвіны выйшлі на бераг Дняпра, каля Оршы, куды сцягваліся таксама войскі Глінскага і ягоных маскоўскіх саюзнікаў. З 12 па 22 ліпеня войскі стаялі адно насупраць другога, пасля чаго маскоўскія ваяводы адышлі спачатку да Мсціслаўля і Карачава, а затым да Вязьмы. Буйныя маскоўскія сілы на чале з В.Д.Холмскім былі пасланыя пад Дарагабуж на пачатку верасня 1508 г. і ўзялі горад, пакінуты войскамі ВКЛ. Данііл Шчэня прывёў да прысягі маскоўскаму князю Тарапец48.

Міхал Глінскі, даведаўшыся пра рух гаспадарскіх войскаў, накіраваўся ў Маскву, дзе разлічваў дамовіцца з Васілём ІІІ аб новай ваеннай падтрымцы. Сваіх прыхільнікаў князёў З.Жыжамскага, І.Азярэцкага і А.Лукомскага са скарбам ён пакінуў у Почапе. Перамовы для Глінскага не далі поспеху. Маскоўскі ўладар фактычна адмовіўся ад ягоных паслуг, хоць яшчэ 28 жніўня паслаў імператару Максіміліяну грамату, у якой паведаміў аб прыняцці ў сваё падданства князя Міхала Глінскага. У грамаце выказвалася пажаданне заключэння дамовы з Імперыяй, якая б прадугледжвала сумесныя дзеянні супраць Жыгімонта49.

Глінскі жадаў вялікай бітвы і абяцаў ваяводам Васіля ІІІ  перамогу, калі яны будуць яго слухацца50. Пасля некалькіх сутычак маскоўскае войска пераправілася на левы бераг Дняпра і размясцілася ў лесе. Аднак уначы з 13 на 14 ліпеня яно адступіла ў бок Дуброўны і далей на паўднёвы ўсход51. Жыгімонт вырашыў не праследаваць іх, а пайсці на Смаленск, пакінуўшы невялікі атрад прыкрыцця на правым беразе Дняпра. Са Смаленска К.Астрожскі і М.Фірлей на чале польскага войска, рушылі адваёўваць Севершчыну. Поспеху гэты рэйд не меў, бо гетманы не ладзілі паміж сабой. Войска вярнулася ў Смаленск52.  Мсціслаўль, Крычаў, Орша вярнуліся пад уладу гаспадара.

Для працягу вайны ВКЛ не мела сродкаў. Жыгімонт вырашыў распачаць перамовы. Васіль ІІІ згадзіўся. 19 верасня 1508 г. у Маскву прыбыло вялікакняскае пасольства на чале з полацкім ваяводам Станіславам Глябовічам. Паслы патрабавалі вяртання да межаў, якія былі пры Казіміры Ягайлавічы і Васілю Цёмным53. Аднак, каб дыктаваць умовы трэба было мець сілы, якіх у ВКЛ не было. 8 кастрычніка быў падпісаны “вечны мір”, які замацоўваў адыход да Маскоўскай дзяржавы земляў, захопленых ёй у ходе войнаў 1492-1494 і 1500-1503 гг. Абодва манархі абавязаліся “быти везде заодин” на ўсіх ворагаў акрамя Менглі-Гірэя “царя перекопьского”, “не вступатіся” у “отчыны” адзін аднаго. Князі Глінскія і іх прыхільнікі атрымалі права свабодна выехаць з ВКЛ54, але без сваіх зямельных валоданняў, якія былі канфіскаваныя і раздаваліся шляхце ВКЛ. Да Літвы вярталіся землі, захопленыя падчас вайны 1507-1508 гг.

У канчатковым выніку з ВКЛ на службу да Васіля III  уцяклі сам Міхал Глінскі, яго браты Іван і Васіль “Сляпы”, стрыечны брат Андрэй Дрождж, князі Іван Азярэцкі, Зміцер і Васіль Жыжамскія, Андрэй і Васіль Аляксандравы, Міхал Гогін, Іван Друцкі, Пётр Фурс з братам Фёдарам i Якуб Івашанцаў55.                             

26 лістапада ў Вільню выехала маскоўскае пасольства ў складзе Р.Ф.Давыдава, канюшага І.А.Чалядніна, сакольнічага М.С.Кляпіна і дзяка Мікіты Губы Маклакова. Пасля зацвярджэння Жыгімонтам  “вечнага міру” (1 сакавіка 1509 г.) яны вярнуліся ў Маскву. Хутка пасля гэтага 31 сакавіка 1509 г. вялікакняскім паслам удалося дабіцца ад апошняга звароту палонных, захопленых у бітве на р.Ведрашы ў 1500 г.56

Такім чынам, вайна 1507-1508 гг. скончылася для ВКЛ без тэрытарыяльных стратаў, але і вярнуць страчанае раней не ўдалося. У гэтай вайне сітуацыя для Літвы была моцна ўскладнена ўнутраным разладам, звязаным з дзеяннямі магнацкай групоўкі на чале з М.Глінскім. Выступленне М.Глінскага можна ацаніць як авантуру вельмі амбіцыйнага магната, які  страціўшы сваё становішча пры вялікім князі і абражаны несправядлівым абвінавачваннем, вырашыў адпомсціць крыўдзіцелям, перакінуўшыся на варожы бок. Прычыны гэтай здрады насілі асабісты характар.

Але высокага становішча ў чужой дзяржаве Міхал Глінскі не дамогся. Не дапамаглі нават ягоныя паслугі маскоўскаму боку падчас Смаленскіх кампаній у вайну, якая распачалася ў 1512 г. У 1514 г. пры спробе перайсці на бок ВКЛ (пасля папярэдняга памілавання Жыгімонтам Казіміравічам) М.Глінскі быў кінуты ў маскоўскі астрог. Вызвалены перад смерцю Васіля ІІІ ён хутка ізноў трапіў за краты, дзе і памёр 24 верасня 1534 г.



1 Kolankowski L. Polska Jagiełłonów. Dziejе polityczne. Olsztyn, 1991. S. 133-134; Некаторыя даследчыкі, у прыватнасці, К.В.Базілевіч (Внешняя политика Русского централизованного гоcударства. Вторая половина ХV в. Москва, 1959), Харашкевіч А.Л. (Русское государство в системе международных отношений  конца ХV-начала ХVІ в. Москва, 1980) выдзяляюць як асобныя войны 1487-1492, 1512-1517, 1517-1518 гг.

3Любавский М.К. Очерк  истории  Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Москва, 1915.С. 205

4 Хроника Литовская и Жамойтская // Полное собрание русских летописей (у далейшым  ПСРЛ). Москва, 1975, Т. 32. С. 101. У цытаваным фрагменце размова ідзе пра бітву на р. Ведраш  14 ліпеня 1500 г., у якой 35-40-тыс. маскоўскае войска перамагло  4-тыс. войска  ВКЛ .  Найвышэйшы  гетман К.І.Астрожскі  трапіў у палон,  у якім прабыў да 1507 г.

5 Хорошкевич А. Л. Русское государство в системе международных отношений конца ХV-начала  ХVІ в. Москва, 1980. С. 117.

6 Stryjkowski  M. Kronika Polska, Litewska, Żmudska i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. Т.ІІ.  S.373.

7  Герберштейн С. Записки о Московии. Москва, 1988. С. 188.

8 Pietkiewicz K. Wielkie Кsięstwo Litewskie pod rządami Aleksandra Jagiełłończyka: Studja nad dziejami państwa i społeczeństwa na przełomie XV i XVI  w. Poznań, 1995. S. 222.

9 Герберштeйн С. Записки о Московии. С.188-189.

10 Бычкова А.Е. Беларуские предки Ивана Грозного // Наш радавод. Гродна, 1991. Кн. ІІІ. Ч. ІІІ. С.468 ; Pietkiewicz  K. Wielkie księstwo Litewskie…S. 98-99;   Kosiński A. Przewodnik heraldyczny. Kraków, 1877. Cz. II. S. 130-133.

11Pietkiewicz K. Wielkie księstwo Litewskie…

12 Бычкова М.Е. Беларуские предки Ивана Грозного. С. 468-469.

13  Хроніка Быхаўца // Беларускія летапісы і хронікі. Мінск, 1997. С. 160.

14 Госцеў А.П., Швед В.В.  Кронан. Летапіс горада на Нёмане (1116-1990). Гродна, 1993. С. 48-49; Зимин А.А. Россия на пороге нового времени. Очерки политической истории России  первой трети ХVІ в. Москва, 1972. С. 86 ; Stryjkowski М. Kronika Polska,  Litewska… S. 321.

15 Герберштейн С . Записки о Московии. С. 87.

16 Цыт. па:Скарына і яго эпоха. Мінск, 1990. С.15; Pietkiewicz К. Wielkie Кsięstwo Litewskie … S.99.

17 Stryjkowski  M . Kronika Polska, Litewska… S. 322.

18  Хроніка Быхаўца ...  С. 160-163.

19  Stryjkowski M  Kronika Polska, Litewska…S. 321, 343, 352. 

20 Герберштейн С. Записки о Московии. С.188.

21 Цыт. па:  Pietkiewicz  K . Wielkie Кsięstwo Litewskie …S.  114

22 Тамсама

23 Хроніка Быхаўца ... С.160.

24 Тамсама. С.161.

25  Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska…S. 321.

26  Хроніка Быхаўца ...  С. 161.

27  Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska…S. 322.

29  Хроніка Быхаўца ... С. 161; Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska…S. 325.

29   Pietkiewicz K. Wielkie Кsięstwo Litewskie …S. 117.

30   Герберштейн С. Записки о Московии. С. 189;  Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska…S. 330-333. 

31  Герберштейн С. Записки о Московии. С.189;  Stryjkowski  M. Kronika Polska, Litewska…S. 325.

32 Акты, относящіеся къ исторіи Южной и Западной России, собранные и изданные археографической комиссией. Т.І (1361-1598). Санкт-Петербург, 1863. С. 35.

33  Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе международных отношений конца ХV-первой трети ХVІ вв. Москва, 1995. С. 62.

34 Stryjkowski M. Kronika Polska, LitewskaS. 345; Хроника Литовская и Жмойтская…С. 102-103; Герберштейн С. Записки о Московии. С. 189.

36  Stryjkowski  M. Kronika Polska, Litewska…S. 346.

37 Зимин А.А. Россия на пороге нового времени... С. 87.

 

38 Тамсама.

39 ЛМ. Книга записей VІІІ. С. 120.

40  Зимин А.А. Россия на пороге нового времени... С. 87.

41  Хроніка Литовская и Жмойтская  … С. 102-103.

42  Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska…S. 346. 

43  Доўнар-Запольскі М.В.  Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С. 65.

44  Stryjkowski M. Kronika Polska, LitewskaS. 346; Хроника Литовская и Жмойтская …С. 103.

45  Кром М. М. Меж Русью и Литвой… С. 62

46  Зимин А.А. Россия на пороге нового времени… С. 89.

47 Сагановіч Г.М. Ад Ведрашы да Крапіўны // З гісторыяй на  “Вы “. Мінск,  1994. Вып. 2. С. 175; Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы. Канстанцін Астрожскі. Мінск, 1992. С. 32.   

48 Зимин А.А. Россия на пороге нового времени... С. 90.

49 Тамсама.

50 Хроника Литовская и Жмойтская … С. 103. 

51 Сагановіч Г. М.  Ад  Ведрашы да Крапіўны … С. 176.

52 Там жа.

53  ЛМ. Книга записей VІІІ. С. 122-123.

54 Базилевич К.В. Внешняя политика Русского централизованного государства. Вторая половина ХV в. Москва, 1952. С. 39-40; ЛМ. Кніга записей VІІІ. С.125-128; Хроника Литовская и Жмойтская …С. 103; Pietkiewicz K. Wielkie Кsięstwo LitewskieC. 242-243.

55 Зимин А.А. Россия на пороге нового времени… С. 91.

56 Тамсама.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія