БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 2 / 1999

ДЫСКУСІЯ

Юзаф Ядкоўскі і яго роля ў стварэнні кнігазбору Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея

Ванда Шоцік
(Гародня)

Некаторыя крыніцы канца 30-ых гадоў 20 ст. падаюць, што кнігазбор Гістарычнага музея ў Гародні ў перадваенны час налічваў звыш 40 тысяч тамоў выданняў канца 15 – пачатку 20 ст. на розных еўрапейскіх мовах па многіх галінах ведаў. Сярод іх больш дваццаці інкунабулаў. Да нас дайшло менш паловы. Астатнія страчаны ў 40-ыя і асабліва ў 50-ыя гады ўжо савецкага часу. Балюча і сорамна, што знішчэнне адбылося ў мірны час па прычыне культурнай непісьменнасці і палітычнай слепаты. Асабліва балюча, калі чытаеш матэрыялы 20-30-ых гг. з архіваў музея і бачыш колькі сіл і намаганняў патраціў на збіранне гэтай каштоўнай бібліятэкі заснавальнік і першы дырэктар музея Юзаф Ядкоўскі.

Юзаф (Іосіф Іосіфавіч) Ядкоўскі – археолаг, гісторык мастацтва, нумізматык, знаўца гісторыі Гародні і Гарадзеншчыны нарадзіўся 20 снежня 1890 года ў Гародні. Пасля заканчэння па-дамініканскай гімназіі, ён паехаў у Маскву і паступіў у Вышэйшую школу мастацтваў. З адкрыццём Маскоўскага Археалагічнага інстытута перайшоў туды дзеля вывучэння археалогіі, але не пакінуў і Школу мастацтваў. Яму як здольнаму студэнту дазволілі свабоднае наведванне лекцый. Падчас вучобы праявіў цікавасць да гісторыі мастацтва і матэрыяльнай культуры сярэднявечча. Хутка яму прапанавалі працаваць у інстытуце лабарантам. Юзаф добра маляваў, чарціў і быў адмысловым фатографам.

У вольны час і канікулы Юзаф Ядкоўскі наведваў музеі Масквы, Пецярбурга, Ноўгарада, Вільні, вывучаў іх фонды. На лета прыязджаў ў Гародню, дзе працягваў даследаваць гісторыю свайго краю. Пісаў артыкулы, друкаваўся ў гістарычных часопісах, газетах Вільні, Варшавы, Кракава. Некалькі артыкулаў па археалогіі былі напісаны і надрукаваны яшчэ ў гімназічныя гады. З маленства збіраў нумізматычную і археалогічную калекцыі, друкі.

У 1912 г. Ю.Ядкоўскі скончыў Археалагічны інстытут з адзнакай і тытулам “вучонага археолага”. Яго запрасілі на працу ў Румянцаўскі музей. Неўзабаве абараніў дысертацыю па Літоўскай грыўне і атрымаў званне “Действительный член Института Археологии “.

Шмат працаваў. Вывучаў фонды музеяў, складаў каталогі помнікаў гісторыі і мастацтва, якія былі вывезены з Беларусі і Польшчы. Вырашыў скласці і надрукаваць у некалькіх тамах “Збор польскіх помнікаў у Расіі”. Ім было сабрана шмат фактаграфічнага матэрыялу, зроблена больш за тысячу фотаздымкаў, малюнкаў, чарцяжоў, але грошай на гэтае выданне не знайшлося ні ў Варшаве, ні тым больш у Маскве. Уласных сродкаў ледзь хапала на збор матэрыялаў.

Ён вярнуўся ў Гародню. Маскоўскае Археалагічнае таварыства, сябрам якога з’яўляўся Ядкоўскі, надало яму паўнамоцтвы кансерватара па Гарадзенскай, Менскай і Віленскай губернях. На радзіме Юзаф Ядкоўскі “з галавой акунуўся” у працу: ездзіў па губернях, даследаваў, інвентарызаваў помнікі гісторыі і мастацтва, шукаў і знаходзіў грошы на іх рамонт і кансервацыю. Ён літаральна выратаваў каштоўны іканастас 17 ст. з Супрасля, які трапіў у Маскву. Яго намаганнямі ацалеў касцёл у Гарадзішчы з фрэскамі Лукаша Хубля. Ён даследаваў замкі ў Міры, Крэве, рабіў чарцяжы і малюнкі. Разам з Вандалінам Шукевічам праводзіў раскопкі ў Начы, Берштах, Троках, з Талькам-Грынцэвічам – у Ланкішках. Даследаваў палацы ў Свяцку, Дубічах і, вядома, кожны раз вяртаўся ў Гародню, у горад, які жывіў яго душу, даваў яму новыя сілы і натхненне. І дзе б ён ні бываў, адусюль прывозіў кнігі. Ядкоўскі вёў улік прыватных, кляштарных, касцельных бібліятэк. Ім была ўжо сабрана неблагая бібліятэка пераважна гістарычнага накірунку.

Юзаф Ядкоўскі імкнуўся здзейсніць даўнюю мару – адкрыць Гістарычны музей. Дзеля гэтага ён збіраў кнігі, археалогічныя, нумізматычныя, этнаграфічныя рэчы і шмат іншага. Планы перакрэсліла Першая святовая вайна. Баючыся страціць свае зборы, Ю.Ядкоўскі не падпарадкаваўся загаду аб эвакуацыі з Гародні. Ён застаўся ў горадзе і, каб выжыць, працаваў санітарам у вайсковым шпіталі, часамі выязджаючы на фронт. Гэты перыяд асвятляюць яго пісьмы да археолага і выкладчыка Віленскага універсітэта Вандаліна Шукевіча.

У 1920 годзе Юзаф Ядкоўскі прапанаваў уладам горада стварыць Камісію апекі над помнікамі гісторыі і мастацтва (накшталт Варшаўскай). “Шэсць разбуральных гадоў вайны, інтэрвенцыі, безуладдзя і руйнавання знішчаюць здабытак краю”,- пісаў ён у сваёй дакладной запісцы. Староста горада Казімір Рагалевіч падтрымаў ідэю і абяцаў дапамогу.

Першае арганізацыйнае паседжанне Камісіі апекі над помнікамі гісторыі і мастацтва адбылося 14 сакавіка 1920 г. На ім быў зацверджаны склад камісіі, у якую ўвайшлі Гарадзенскі староста К.Рагалевіч, павятовы інжынер В.Герман, школьны інспектар і мастак І.Ванатоўскі, губернскі архівіст А.Гедройць, разьбяр па дрэву І.Вільк, нумізмат Л.Вільконскі і сам Юзаф Ядкоўскі, абраны адказным сакратаром. Тут жа ён падаў разгорнуты план работы Камісіі, які і быў зацверджаны.

На паседжаннях Ядкоўскі выказваў прапанову за прапановай. Ён падрыхтаваў тэкст адозвы да жыхароў Гарадзеншчыны і Беласточчыны аб ратаванні помнікаў гісторыі і мастацтва: “Наш край абрабаваны з нашай культурнай спадчыны. Раскрадзена наша багацце, наша душа, наш здабытак. Давайце збіраць, ратаваць і ахоўваць тое, што яшчэ засталося…” Сам Юзаф Ядкоўскі даследаваў архівы, бібліятэкі касцёлаў, кляштараў, дзяржаўных устаноў, якія за гады вайны і рэвалюцыі расцягнуты і абрабаваны.

Крамы і лаўкі былі перапоўнены стосамі архіўных матэрыялаў, кніг з разцягнутых бібліятэк, якія ўжываліся як упаковачная папера. Дзе па знаёмству, дзе за невялікія ўласныя грошы, а дзе і з дапамогай паліцыі Ядкоўскі літаральна выцягваў з крамаў стосы кніг, архіўных дакументаў, ратуючы іх ад згубы.

Дабіўшыся легітымацыі ад Рымска-каталіцкай кансісторыі ў Вільні на права дагляду гарышчаў, падвалаў архіваў і бібліятэк кляштараў і касцёлаў, Ю.Ядкоўскі разам з І.Ванатоўскім часта вярталіся з экспедыцый з актамі аб неправільным захаванні каштоўных архіўных матэрыялаў і рэдкіх друкаў. У выніку матэрыялы перадаваліся ў Камісію, дзе інвентарызаваліся і каталагізаваліся.

На паседжанні Камісіі апекі 22 сакавіка 1920 года Юзаф Ядкоўскі паведаміў, што частка каштоўнай па-дамініканскай бібліятэкі ў Гародні знаходзіцца ў езуіцкім касцёле, а таксама ў доме ксяндза Жэброўскага, і што дырэктар мужчынскай гімназіі Панк збіраецца далучыць іх да бібліятэкі гімназіі. Кнігі гэтыя надзвычай рэдкія і каштоўныя, зрабіў выснову Юзаф Ядкоўскі, і іх неабходна перадаць у Камісію апекі. Пазней яны будуць перададзены ў створаны музей, каб служыць навукоўцам для даследавання гісторыі і культуры краю. Камісія ўхваліла гэтую прапанову.

У ксяндза Жэброўскага Юзаф Ядкоўскі здолеў дабіцца згоды на перадачу кніг. Цяжэй было пераканаць дырэктара гімназіі Панка. І ўсё ж такі з дапамогай мясцовых уладаў удалося і гэта. Урэшце рэшт дакументы былі падпісаны і зацверджаны Гарадзенскім старостам К.Рагалевічам. На чатырох фурманках Ядкоўскі перавёз кнігі ў будынак староства, дзе месцілася Камісія апекі. Кнігі былі заінвентарызаваны.

Другую частку кніг, якія належалі бібліятэцы кляштара дамініканаў, Ядкоўскі знайшоў у Яўрэйскай гарадской бібліятэцы. Работнікі бібліятэкі паспяшаліся заінвентарызаваць кнігі і паставіць на іх свае штампы, але знішчыць экслібрысы і штампы дамініканаў не паспелі. Справа зацягнулася, але Ядкоўскаму ўсё ж такі ўдалося забраць кнігі і перавезці іх у Камісіі апекі.

У пошуках кнігазбору гарадзенскіх дамініканаў Юзаф Ядкоўскі наведаў усе бібліятэкі горада, размаўляў з уладальнікамі прыватных бібліятэк. У выніку пошукаў былі знойдзены па-дамініканскія кнігі ў Гарадзенскай публічнай бібліятэцы, у архіве магістрата і некаторых іншых установах. Загадчыца публічнай бібліятэкі Эпштэйн ужо пасля візіту Ядкоўскага і, даведзенага да яе рашэння Камісіі апекі аб звароце кніг, заінвентарызавала іх, парушыўшы загад гарадскіх уладаў аб вяртанні помнікаў гісторыі і культуры. “Кнігі захоўваюцца ў падвальных сырых памяшканнях, раскрадаюцца. Да таго ж пані Эпштэйн пачала ставіць аляпаватыя штампы нават на гравюрах. Гэтыя кнігі ўласнасцю публічнай бібліятэкі ніколі не былі, а таму павінны быць вернуты,”- піша чарговую дакладную Ядкоўскі. І тут ён дамогся свайго.

Яшчэ доўга Ядкоўскі знаходзіў кнігі з былой па-дамініканскай бібліятэкі. Аднак уратаваць усе кнігі не ўдалося. “З 10-тысячнага кнігазбора па-дамініканскай бібліятэкі ледзь удалося ўратаваць 905 тамоў,” – са скрухай зазначыў ён.

Але якія гэта былі кнігі! Апранутыя ў скуру фаліянты 16-18 стст. – “Illustrim imagines. Roma 1517; Trebelius Teodosius. Latinae lingvae universae promptuarium. Basileae, 1545; Despauterius Joannis. Arsversivcatorja Joannis Despauterij Niniuitae. Argentoratus 1512; Lukanus. Civillis Belli. Venetiis, 1502 (альдына); Pontanus Joannis. Amorum libri. Venetiis, 1518 (альдына) і шэраг іншых з паметамі “Prohibitum” (забаронена), з уладальніцкімі надпісамі, штампамі, экслібрысамі вядомых дзеячаў еўрапейскай культуры. Адзначым кнігі, якія паходзяць з прыватнай бібліятэкі Віленскага суфрагана Георгія Альбінуса, якая сталася асновай кнігазбору Віленскага універсітэта ў 1570 г.

Аб рабоце Камісіі апекі, аб яе клопатах, пошуках і знаходках, аб стварэнні Гістарычнага музея ў Гародні Юзаф Ядкоўскі пісаў артыкулы ў газету “Echo Grodzieńskie” і ў іншыя выданні. Шмат хто з гарадзенцаў адгукнуўся і актыўна дапамагаў працы Камісіі. Яны паведамлялі адрасы знаходжання помнікаў, іх стан. Некаторыя прыносілі кнігі, рукапісы, мапы, планы Гародні і ваколіц і інш. Першым быў сам Ядкоўскі. Яшчэ на арганізацыйным паседжанні Камісіі апекі ён ахвяраваў у фонды будучага музея рукапісны фаліянт “Protokoły Konstytucyi Sejmu Grodzieńskiego 1793 roku” (арыгінал) – унікальны зборнік дакументаў. Ён і зараз захоўваецца ў фондах музея. Сябра Камісіі апекі І.Ванатоўскі перадаў 34 рукапісныя дакументы 17-18 стст., якія датычылі сям’і Пачобутаў-Адляніцкіх і шэраг каштоўных друкаў.

Пошук працягваўся. Паліцыя паведаміла, што ў падвале дома Камінскай на Тэатральнай плошчы знаходзяцца нейкія музейныя рэчы. Юзаф Ядкоўскі з прадстаўніком паліцыі наведаў дом і знайшоў зборы (звыш 500 адзінак) археалогіі, арніталогіі, геалогіі, архіўных матэрыялаў і кніг. Сярод іх “Прывілей Аўгуста III рыбацкаму цэху ў Гародні” на пергамене. Сярод кніг аказаліся экзэмпляры са штампамі ўласнай бібліятэкі Ядкоўскага (яго зборы былі раскрадзены ў 1915 годзе, калі ён працаваў санітарам). “Уладальніца” супраціўлялася і нават выставіла рахунак у 1200 марак за “захаванне” збораў на працягу 5 гадоў (1915-1920), але ўсё ж такі была вымушана іх вярнуць. Усе гэтыя зборы былі перавезены ў староства і заінвентарызаваныя.

На чарговым паседжанні Камісіі апекі Ядкоўскі паведаміў, што знойдзены кнігі, якія гінуць ад вільгаці на гарышчы летняга памяшкання клуба “Муза” па вул. Кірхавай. Было вырашана кнігі прыняць, паразумеўшыся з кіраўніцтвам. Перамовы вёў сам Юзаф Ядкоўскі. Ён, як ніхто іншы, умеў пераканаць чалавека. Да таго ж яго ведалі, як чалавека адукаванага і цалкам адданага справе. Ён умеў пашыраць і падтрымліваць знаёмствы. Так, графіня Марта Красінская з Пуслоўскіх менавіта яму перадала для будучага музея свой каштоўны кнігазбор у 10 тысяч тамоў, які Ядкоўскі збіраўся перавезці ў Гародню.

Але планы парушыла савецка-польская вайна. 19 ліпеня 1920 г. фронт дакаціўся да Гародні. Камісія апекі тэрмінова эвакуіравала самыя каштоўныя зборы за Нёман на станцыю Ласосна і далей у Влацлавэк. Эвакуацыяй займаліся намеснік старосты Ст.Нітаслаўскі, інжынер В.Герман і сам Юзаф Ядкоўскі.

Як толькі ўсталяваўся мір, Камісія апекі ізноў аднавіла сваю працу. 17 верасня 1921 г. адбылося чарговае (пасля перапынку ў 15 месяцаў) паседжанне. Ізноў трэба было шукаць і збіраць расцягнутае. Памяшканне староства, дзе заставалася частка збораў, было разгромлена. Сябра Камісіі апекі А.Гедройць, які застаўся ў горадзе, памёр. Савецкія ўлады перавезлі ўсе зборы на вул. Гарохавую 4, у дом Геллера і там адкрылі музей. Што не трапіла ў экспазіцыю, было перададзена школам горада.

Ю.Ядкоўскі лічыў, што экспанаты савецкага музея з вул. Гарохавай назаўсёды згублены. Але праз некаторы час яны былі знойдзены на гарышчы гэтага ж дома. Значна даўжэй, а часта і безвынікова, прыйшлося збіраць кнігі, раздадзеныя па школах. Не без вялікіх намаганняў і дапамогі К.Рагалевіча, які выдзеліў з бюджэта горада 17 тысяч марак, былі прывезены раней эвакуаваныя каштоўнасці з Влацлавэка.

Каб паскорыць збіранне матэрыялаў і знайсці сродкі для далейшай работы па ахове і кансервацыі помнікаў гісторыі і мастацтва, Юзаф Ядкоўскі прапанаваў зрабіць выставу з таго, што ўжо сабрана. Ён звярнуўся да гарадзенцаў, каб дапамаглі ўласнымі “скарбамі”. Заклік падзейнічаў. Шмат хто з гаражан прапанаваў на выставу свае сямейныя каштоўнасці: падсвечнікі, жывапісныя палотны, нумізматыку, слуцкі пояс і інш. Маёр Дарашкевіч перадаў план Гародні 1825 года і каштоўную рэдкую кнігу часоў Сігізмунда III, т.зв. “Зельнік Сенюка” (Marcin Sieniuk. Nauka leczenia. Kraków, 1563).

Выстава “Памяткі краю і Старой Гародні” была адкрыта 18 верасня 1921 г. На адкрыцці Юзаф Ядкоўскі дзякаваў усім і гаварыў, што, нягледзячы на цяжкасці, якія давялося перажыць, сапраўдныя грамадзяне і патрыёты заўсёды будуць ахоўваць і зберагаць сваю спадчыну. Ён ізноў узняў пытанне пра стварэнне Гістарычнага музея ў Гародні на Замкавай гары. Наведалі выставу і кіраўнікі польскай дзяржавы - Юзаф Пілсудскі і Эдвард Рыдз-Сміглы. Яны таксама ахвяравалі значную суму грошай і абяцалі падтрымку. Ю.Ядкоўскі не памыліўся ў сваіх спадзяваннях, адкрываючы гэту выставу. Шмат хто з гарадзенцаў ахвяраваў будучаму музею грошы, каштоўнасці і іншыя рэчы, што пазычылі на выставу. Многія з іх і сёння знаходзяцца ў экспазіцыях абласнога гісторыка-археалагічнага музея. Захаваўся і “Zielnik Sieniuka”.

Ужо ў чэрвені 1922 года было прынята рашэнне аб стварэнні Гістарычнага музея ў Гародні, а сабраныя экспанаты вырашана было пакласці ў яго аснову. Памяшканне адвялі ў будынку староства па вул. Э.Ажэшкі. У жніўні Юзаф Ядкоўскі быў прызначаны дырэктарам музея. Яго даўняя мара збылася. Зараз трэба было “адваяваць” у войска Стары Замак і тут змясціць усе зборы.

Некалькі гадоў жыцця аддаў Ядкоўскі барацьбе за Стары Замак, за яго ўпарадкаванне, умацаванне Замкавай гары, стварэнне экспазіцый музея. Пры гэтым ён не пакідаў даследчай працы, пісаў навуковыя артыкулы (апублікавана больш за 100), працаваў над манаграфіямі, вёў археалагічныя раскопкі, займаўся выдавецкай дзейнасцю і працягваў збіраць помнікі гісторыі і культуры краю.

Лепшую залу ў Старым Замку дырэктар прызначыў пад бібліятэку. Па ўласных чарцяжах заказаў столяру-чырвонадрэўшчыку Нестару Улейчыку шафы і паліцы, а гравёру Салавейчыку – латунныя таблічкі на іх. Гэтыя шафы і сёння можна ўбачыць у аддзеле рэдкай кнігі і старадрукаў Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея..

За ўсімі музейнымі справамі Ядкоўскі не забываў збіраць кнігі. Наведванне антыквараў Львова, Вільні, Кракава, Варшавы – гэта быў адзін са звычайных яго абавязкаў як дырэктара музея і галоўнага захавальніка фондаў. Сярод дакументаў яго архіва нямала квіткоў на закупы кніг з адрасамі: “Antykwarjat Polski w Warszawie H.Wildera”, “Księgarnia i skład nót J.Zawadzkiego w Wilnie” і шэраг інш. У антыквара К.Фішэра ў Варшаве закупіў шэсць тамоў Т.Нарбута, творы Э.Паўловіча, шэсць гравюр Карпінскага і інш.

Юзаф Ядкоўскі вёў перапіску з музеямі Масквы, Варшавы, Львова. Прасіў падзяліцца дублетнымі асобнікамі, прапанаваў абмен на дублеты з музейнага кнігазбору. Знаёмыя з Вільні, Кракава і Варшавы дасылалі яму новыя выданні, часта з дарункавымі надпісамі аўтара і выдаўцоў. Ён трымаў цесную сувязь з архівамі. Пісаў у Вільню: “Прашу даслаць адзін асобнік “Archiwów Akt dawnych w Wilnie”, у Варшаву: ”Нам не хапае 2-га тома „Skarbiec dyplomatów J. Daniłowicza.”, у Львоў: “Прашу даслаць Каталог збораў музея Дзедушыцкіх” і г.д. Архіўныя рукапісныя кнігі, якія ўтрымлівалі звесткі па гісторыі Гарадзеншчыны, ён заказваў скапіраваць (перапісаць) для бібліятэкі музея.

Дамаўляўся з выдаўцамі аб дасылцы новых каталогаў і выданняў па мастацтву, па гісторыі ВКЛ і Польшчы, каталогаў бібліятэк; заказваў экслібрысы для старэйшай часткі кнігазбору; аддаваў кнігі і газеты ў пераплёт, а пашкоджаныя друкі і рукапісы ў рэстаўрацыю; праводзіў “пасадку” мапаў на палатняную аснову і г.д. З зайздроснай настойлівасцю Ядкоўскі патрабаваў вярнуць пазычаную ў музеі кнігу, неаднаразова напамінаючы пра гэта лістамі.

Не забываў ён, які водгук і карысць даюць выставы, а таму наладзіў выставу кніг з калекцыі Пуслоўскіх-Красіньскіх, якую перавёз з маёнтка Свіслач (каля Гародні) і ўладкаваў на Старым Замку. “Gazeta Warszawska” падала інфармацыю, што ў Гародні ў нядзелю “na Starym Zamku Królewskim odbędzie się pokaz częsci darów Marty Krasińskiej, ofiarowanych Grodno”.

Паказаць сапраўды было што. Выданні канца 15 - пачатку 20 ст. па філасофіі, тэалогіі, дакладных навуках, прыжыццёвыя выданні французскіх асветнікаў, манаграфіі вядомых гісторыкаў і натуралістаў, энцыклапедычныя выданні і сярод іх першае выданне Вялікай французскай энцыклапедыі. Уражвалі таксама перыядычныя выданні Вільні, Кракава, Варшавы, Масквы, Парыжа.

Пасля такой выставы многія гарадзенцы і госці пажадалі папоўніць бібліятэку музея сваімі дарункамі. Ежы Цытажыньскі, Стэфан Урублеўскі, Гарбачэўскія, Гінтаўты, Макалінскі, Прушынскі, Штайман і шмат іншых злажылі дарункі ў кнігазбор музея.

Юзаф Ядкоўскі перадаў у бібліятэку музея ўласныя кнігі. Гэта былі выданні розных часоў, нават кнігі з дарункавымі надпісамі гімназісту-выдатніку Ядкоўскаму ад выкладчыкаў гімназіі гісторыка і краязнаўцы Яўстахія Арлоўскага, ад пратаіерэя Дзікава, ад В.Манасеіна, навукоўцаў З.Чыжова, В.Прохарава, В.Трутоўскага, М.Янчука, В.Шукевіча, ад сваіх сяброў і калегаў… Нягледзячы на змены ўладаў і дзяржаўную прыналежнасць Гародні, Ю.Ядкоўскі не пераставаў збіраць музейную бібліятэку. Пры гэтым ён фарміраваў яе як навуковую, аддаючы перавагу гістарычным працам. Каштоўнасць гэтага кнігазбору цяжка пераацаніць, як, дарэчы, і ролю збіральніка Юзафа Ядкоўскага.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія