БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 2 / 1999

КРАЯЗНАЎСТВА

Штрыхі да партрэта гісторыка Юзафа Ярашэвіча (1793-1860).

Тадэвуш Шылабрыт
(Гародня)

У апошнія гады ў айчыннай гістарычнай навуцы адбываецца інтэнсіўны пошук новых падыходаў да вывучэння мінулага. Але і сёння навукоўцы, на жаль, не шмат увагі надаюць праблемам гісторыі гістарычнай навукі. Застаюцца незаслужана забытымі многія гісторыкі, якія ў свой час шмат зрабілі дзеля распрацоўкі гісторыі Беларусі. Да іх ліку можна аднесці і Юзафа Ярашэвіча.

Ён нарадзіўся 22 студзеня 1793 г. у мястэчку Бельск-Падляскі Гарадзенскай губерні ў сям’і судовага пісара Бенядзікта Ярашэвіча[1]. Па дасягненню адпаведнага ўзросту хлопчыка аддалі вучыцца ў Беластоцкую гімназію, якую той паспяхова скончыў 30 чэрвеня 1812 г.[2] Яшчэ пад час навучання ў гімназіі будучы гісторык марыў працягваць  вучобу. Але часова гэтыя планы былі перакрэслены ваенным паходам Напалеона на Расію.

З адступаючымі рускімі войскамі Вільню пакінула і частка выкладчыкаў універсітэта. Аднак афіцыйна навучальная ўстанова працягвала існаваць. Уводзіліся нават новыя прадметы. На факультэце маральна-палітычных навук А.Капеллі ўвёў у праграму навучання Кодэкс Напалеона[3]. Аднак большасць выкладчыкаў вырашала асабістыя праблемы, а некаторыя, у т.л. і рэктар універсітэта Ян Снядэцкі, заняліся справай адраджэння незалежнасці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Фактычна, цэлы год Віленскі універсітэт працаваў толькі намінальна. Зразумела, што ў такі неспакойны час і сам Юзаф Ярашэвіч не мог адправіцца ў Вільню. Але юнак не адмовіўся ад сваёй мары. У 1813 г. ён прыехаў у былую сталіцу ВКЛ, дзе ў хуткім часе быў прыняты на аддзяленне маральных навук маральна-палітычнага факультэта “на собственном иждивении[4]. Тады ж будучы даследчык прадставіў дакументы аб сваім шляхецкім паходжанні[5].

Адной з лепшых кафедр на факультэце была кафедра гісторыі, якую ўзначальваў Іяхім Лялевель[6]. Загадчык кафедры звярнуў увагу на здольнага студэнта. Хутка паміж імі  склаліся добрыя адносіны, якія захаваліся на ўсё жыццё. Біблейскую гісторыю выкладаў Міхал Баброўскі, які шмат працаваў у Ватыканскай і іншых бібліятэках Еўропы. Менавіта пад іх непасрэдным уплывам Ю.Ярашэвіч пачаў цікавіцца гісторыяй права ВКЛ.

За час навучання ва універсітэце Юзаф Бенядзіктавіч праявіў сябе як адказны і здольны студэнт ва ўсіх навуках, за што 24 чэрвеня 1816 г. атрымаў узнагароду[7]. У гэтым жа годзе ён паспяхова вытрымаў экзамены спачатку на кандыдата, а пасля і на магістра права[8]. Аб гэтым сведчыць дыплом за № 2426 ад 30 верасня 1816 г.[9] Ян Снядэцкі рэкамендаваў здольнага выпускніка ў якасці хатняга настаўніка ў сям’ю папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Адама Чартарыйскага. Невядома па якіх прычынах, але Ю.Ярашэвіч не прыняў прапановы.

Праз год ён працаваў настаўнікам права ў Валынскай гімназіі ў Крамянцы (цяпер Цярнопальская вобл. Украіны)[10]. Пазней гімназія была пераўтворана ў Крамянецкі ліцэй. З 1809 г. тут выкладаў І.Алдакоўскі (пазней прафесар права ў Віленскім універсітэце), якога Ігнат Даніловіч называў “возродителем науки права” у Літве і на Валыні. Батаніку ў ліцэі выкладаў А.Анджэёўскі, які ва ўспамінах пісаў, што заняткі Ю.Ярашэвіча адрозніваліся высокім узроўнем, а сам выкладчык быў асабліва папулярным сярод вучняў[11]. Польскі гісторык М.Ролле адносіў Юзафа Бенядзіктавіча да ліку найлепшых настаўнікаў “валынскай школы.”

У Крамянцы Юзаф Ярашэвіч праявіў сябе таксама як выдатны метадыст-творца. Экзамен па праву ў яго праходзіў у выглядзе судовага працэсу. Паміж вучнямі размяркоўваліся ролі, пры дапамозе якіх выпускнікі павінны былі паказаць свае веды па прадмету. На такі экзамен звычайна збіралася шмат людзей з мястэчка. Сярод іх былі і вядомыя юрысты. Адзін з іх М.Сакалоўскі пасля такога экзамену звярнуўся да настаўніка: “Дарагі прафесар, дух Чацкага над вамі вітае, і гэта нас радуе. Мы радуемся за вучняў. Акрамя таго і для мяне старога юрыста гэта быў добры ўрок…”[12]. Пра высокі ўзровень ягонай метадычнай падрыхтоўкі сведчыць таксама падрыхтаваны І.Ярашэвічам разам з М.Хоньскім “Projеkt do ustaw sądów rozjemczych między uczniami gimnazjum wołyńskiego ustanowic się mających”. “Праект” быў выдадзены ў 1818 г.[13]

У Крамянцы гісторык сустрэўся і пасябраваў з М.Вішнеўскім, які аказаў значны ўплыў на ягоныя погляды. Не забываў Юзаф Бенядзіктавіч і сваіх старых знаёмых. Ён вёў перапіску з Іяхімам Лялевелем. Асноўная тэма перапіскі – праблемы гісторыі статутаў ВКЛ. Ю.Ярашэвіч сцвярджаў, што статуты з’яўляліся ўзорамі прававой думкі тагачаснай Еўропы.

Адыход І.Даніловіча і І.Лялевеля з Віленскага універсітэта ў сувязі са справай філаматаў стварыў праблему кадраў на факультэце маральна-палітычных навук. У такой сітуацыі нельга было не звярнуць увагу на Юзафа Ярашэвіча, які ў той час яшчэ характарызаваўся ўладамі як “способен и достоин к повышению по службе[14]. У 1826 г. ён быў запрошаны выкладаць права ва універсітэце. Тады ж у часопісе “Dziennik warszawski” была апублікавана яго першая гістарычная праца “Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян”.

Малады прафесар выкладаў грамадзянскае і крымінальнае права ВКЛ і Каралеўства Польскага. У Вільні ён зблізіўся з І.Анацэвічам і А.Каравіцкім. Аднак першы з іх хутка быў высланы з Вільні за ўдзел ў арганізацыі нелегальнага таварыства “Сармацкае племя”. У выніку з 1828 г. Ю.Ярашэвіч быў вымушаны выкладаць за калегу яшчэ і курс дзяржаўнай статыстыкі. Яго лекцыі сучаснікі ацэньвалі вельмі высока. Адзін з іх, Л.Яноўскі, у прыватнасці, пісаў: “Усе прызнавалі, што І.Ярашэвіч быў цудоўным прафесарам і выдатным прамоўцам. Свае прадметы ён выкладаў красамоўна і заўсёды меў шмат слухачоў”[15]. На занятках прафесар прымушаў студэнтаў думаць і дэманстраваць грунтоўныя веды. Курс І.Ярашэвіча пачынаўся з шырокага агляду гісторыі ВКЛ і Польшчы. Выкладчык аналізаваў крыніцы, ацэньваў погляды іншых вучоных, знаёміў студэнтаў са старажытнымі помнікамі права[16].

У 1828 г. рэктар В.Пелікан у сувязі з 250-годдзем заснавання  універсітета прапанаваў Ю.Ярашэвічу зрабіць даклад аб культуры Літвы і значэнні Віленскага універсітэта ў жыцці краю. Даклад быў зроблены ў канцы чэрвеня 1828 г. Прафесар узняў цэлы шэраг актуальных праблем ад гісторыі балтаў і да гісторыі культуры і адукацыі ў ВКЛ. Даклад выклікаў шырокі рэзананс сярод выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта і прыцягнуў увагу шырокіх колаў насельніцтва горада.

Прыкладна ў гэты ж час Юзафа Ярашэвіча наведаў яго былы калега з Крамянецкага ліцэя А.Анджэёўскі. У сваіх успамінах ён адзначыў, што ў канцы 20-х гадоў ХІХ ст. у Віленскім універсітэце склаліся тры прафесарскія групы. “Старэйшыя” гуртаваліся вакол загадчыка кафедры фізіялогіі медыцынскага факультэта М.Міаноўскага. Лідэрам другой групы быў сам рэктар В.Пелікан. “Групу маладых” складалі пераважна маладыя выкладчыкі[17]. Анджэй Снядэцкі і Юзаф Ярашэвіч не ўваходзілі ў гэтыя групоўкі, але карысталіся іх павагай. На савеце універсітэта ўважліва слухалі меркаванні Юзафа Бенядзіктавіча. Яго прамовы адрозніваліся яснасцю думкі, шчырасцю і высокім узроўнем ведаў”[18].

У 1825-28 гг. на маральна-палітычнам факультэце вучыўся Юлюш Славацкі, будучы вядомы польскі паэт. Маці паэта ў 1827 г. пакінула Вільню. Аўтара будучай паэмы “Міндоўг” апякаў Юзаф Ярашэвіч. Магчыма, менавіта пад уплывам свайго апекуна Ю.Славацкі і напісаў гэтую паэму.

Падчас сваёй выкладчыцкай дзейнасці гісторык працягваў працу, распачатую Ігнатам Даніловічам, па збору крыніц па гісторыі Беларусі і іх крытычнаму аналізу. Асабліва высока ён ацэньваў крыніцы па гісторыі права, бо быў упэўнены, што менавіта яны дапамагаюць лепш зразумець духоўнае жыццё народа. У 1830 г. Іяхім Лялевель атрымаў з Вільні ад свайго былога вучня польскамоўны тэкст Першага статуту ВКЛ, знойдзены ў Віленскім манастыры кармелітаў[19].

Пасля падаўлення паўстання 1830-31 г. універсітэт у Вільні быў зачынены. Віленскую інтэлігенцыю воляй пераможцаў раскідалі па вышэйшых навучальных установах Масквы, Пецярбурга і Кіева, а некаторыя былыя выкладчыкі, у т.л. і Ю.Ярашэвіч наогул перасталі займацца педагагічнай дзейнасцю.

Царскія ўлады запатрабавалі ад В.Пелікана даць характарыстыку былым сваім калегам па універсітэту. Рэктар усіх падзяліў на тры групы: 1) надзейныя, 2) сумніўныя і 3) ненадзейныя. Асабліва адмоўна былі ахарактарызаваны прафесары Л.Бароўскі, І.Фонберг, А.Вырвіч, А.Снядэцкі і Ю.Ярашэвіч. Прычым апошні ўяўляў сабой, на думку рэктара, “личность неправильно мыслящую”. Яшчэ адну характарыстыку Юзафу Бенядзіктавічу даў Міхал Каяловіч: “У Заходняй Расіі стала складацца невялікая партыя польскіх людзей… Яны задумалі прывесці (у навуцы) да самастойнасці Заходняй Расіі… Яны ўзялі старую ідэю палітычнай незалежнасці Літвы і разлічвалі, што Заходняя Расія здолее выпрацаваць гэтую самастойнасць пры той жа польскай цывілізацыі…”[20].

У выніку таленавіты выкладчык і навуковец працяглы час заставаўся без працы. Нарэшце, апякун Віленскай навучальнай акругі Г.Карташэўскі прапанаваў яму ўвайсці ў склад толькі што створанага Часовага школьнага камітэта. Акрамя прафесара права, у камітэт увайшлі М.Палінскі (старшыня), П.Кукальнік і І.Лабойка. Камітэт займаўся асветай і справамі, звязанымі з ліквідацыяй Віленскага універсітэта[21]. Роля Ю.Ярашэвіча ў Камітэце была зведзена да мінімуму. Ён займаўся толькі распрацоўкай праграм для сярэдніх школ і  вырашэннем некаторых адміністрацыйных пытанняў[22].

Атрымаўшы пенсію, прафесар вярнуўся ў свой родны Бельск. Аднак і там ён працягваў займацца навуковай дзейнасцю. Аб гэтым сведчаць яго артыкулы ў часопісах “Athenеum”, “Biruta”, “Znicz”, тэксты якіх былі часткова выкарыстаны пры напісанні асноўнай працы Юзафа Ярашэвіча “Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі з найстаражытнейшых часоў і да канца 18 ст.”[23] Яна была выдадзена ў Вільні ў 1844-45 г. у трох частках на 830 старонках. Пры стварэнні “Вобразу Літвы…” аўтар карыстаўся дадзенымі Літоўскай метрыкі і працамі І.Анацэвіча, Т.Нарбута, К.Богуша, М.Карамзіна, Е.Фойгта.

Праца Юзафа Ярашэвіча цалкам арыгінальная. На першым плане стаяла асвятленне сацыяльнага жыцця грамадства, узроўню ягоных ведаў і навыкаў у рамястве, гандлі, земляробстве. Даследчык адкінуў  прынятую ў тагачаснай гістарыяграфіі перыядызацыю па гадах панавання князёў або каралёў. У першым томе ён апісаў жыццё і побыт балтаў часоў паганства. Другі том пачынаўся з увядзення каталіцтва ў ВКЛ і завяршаўся рэфармацыяй. У наступным томе Ю.Ярашэвіч зрабіў аналіз дзейнасці езуітаў у краі. Там жа ён распавёў пра рэформы А.Тызенгаўза. Найважнейшай падзеяй ў 18 ст., па яго меркаванні, была забарона дзейнасці ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай і стварэнне Адукацыйнай камісіі.

На пачатку сваёй працы Ю.Ярашэвіч ахарактарызаваў клімат, геаграфічныя ўмовы, фізіялагічны тып жыхароў старажытнай Літвы, промыслы і рамёствы балтаў часоў паганства. Ён першым з гісторыкаў адзначыў, што балты не прышлы народ, а аўтахтоны, якія жылі на сваіх землях з 3 ст. н.э.[24] Пры гэтым даследчык падкрэсліў іх цесныя адносіны са славянамі[25]. Гісторык крытыкаваў Вінцэнта Кадлубка і Адама Нарушэвіча за іх погляды на балтаў як на дзікуноў. Ю.Ярашэвіч лічыў, што людзі, якія ведаюць земляробства, жывёлагадоўлю, рамёствы не могуць быць на нізкім узроўні развіцця[26].

У 11 ст., на думку аўтара, летувісы пачалі заваёўваць славянскія землі. Гэта быў час узвышэння князёў і з’яўлення ўмоваў для ўзнікнення феадалізму. Гісторык, нягледзячы на характэрны для яго крытычны падыход да крыніц, у дадзеным выпадку шмат у чым даверыўся легендарнай частцы метрыкі ВКЛ. Так, пачатак феадалізму даследчык звязваў з імем легендарнага Эрдвіла Манцівілавіча (1065 г.)[27]. Пры гэтым узнікненне самога феадалізму ён тлумачыў унутранымі прычынамі, і, у першую чаргу, ленным атрыманнем зямлі[28]. Менавіта ў такіх умовах і ўзнікла ВКЛ, у якім акрамя паганства, шырока была распаўсюджана праваслаўная вера. Далучэнне “рускіх зямель” да Літоўскай дзяржавы, лічыў Ю.Ярашэвіч, было вельмі важным момантам у развіцці цывілізацыі, таму што гэтыя землі знаходзіліся на больш высокай ступені развіцця.

Значнай падзеяй у развіцці краю, на думку гісторыка, сталася прыняцце каталіцтва балтамі. Гэта дапамагло ўберагчыся ад агрэсіі крыжакоў і захаваць раўнавагу паміж рознымі цывілізацыямі, якія аказвалі ўплыў на ВКЛ[29]. Люблінскую унію даследчык ацэньваў станоўча. Сама унія паміж ВКЛ і Польшчай, на яго думку, была ініцыіравана літоўскай шляхтай, якая хацела атрымаць тыя самыя прывілеі, што і польская шляхта. Супраць выступілі, лічыў Ю.Ярашэвіч, толькі магнаты беларуска-літоўскага краю, якія баяліся страціць сваё пануючае становішча[30]. Аднак і пасля уніі ВКЛ захавала некаторыя адрозненні ад Польскага каралеўства, а менавіта стыль жыцця і ўласнае права.

У 16 ст. хутка ішло развіццё эканомікі Літоўскай дзяржавы. Адбыліся істотныя змены ў аграрным ладзе, што спрыяла значным поспехам у развіцці культуры, асабліва ў галіне права і асветы. Хаця для  сялян гэта абярнулася ўстанаўленнем прыгонніцтва.

Для развіцця цывілізацыі даследчык лічыў вельмі важным распаўсюджанне ідэй Рэфармацыі. Але напрыканцы 16 ст. сітуацыя ў ВКЛ пачала змяняцца не ў лепшы бок. Для барацьбы з іншадумствам і асабліва пратэстантызмам быў запрошаны ордэн езуітаў. Пасля з’яўлення езуітаў амаль усе сацыяльныя і культурныя працэсы Ю.Ярашэвіч характарызуе толькі скрозь прызму дзейнасці ордэну. На гэту асаблівасць “Вобраза Літвы…” крытычна глядзелі М.Балінскі, М.Валынец і іншыя гісторыкі 19 ст. Аднак ніхто з іх так глыбока не прааналізаваў сістэму злоўжыванняў езуітаў у нашым краі, як гэта зрабіў Юзаф Бенядзіктавіч. На думку Ю.Ярашэвіча, ордэн езуітаў, захапіўшы ў свае рукі амаль усю сістэму адукацыі ў ВКЛ, пачаў тармазіць развіццё навукі. Пры гэтым гісторык не адмаўляў, што на пачатку сваёй дзейнасці ў Літоўскай дзяржаве езуіты зрабілі некаторыя пазітыўныя крокі для развіцця цывілізацыі. Але, на яго думку, іх дзейнасць у 17-18 стст. гэтыя поспехі  звяла да нуля. За 200 гадоў дзейнасці ў ВКЛ, сцвярджаў Ю.Ярашэвіч, езуіты далі толькі аднаго гісторыка (Каяловіча) і аднаго паэта (Сарбевія), але і тыя праславіліся толькі ўсхваленнем папы, каралёў і феадалаў.

У апошнім раздзеле “Вобраза Літвы…” Юзаф Бенядзіктавіч прааналізаваў дзейнасць Антонія Тызенгаўза, якая прыйшлася на час  падрыхтоўкі да рэфармавання ўсей Рэчы Паспалітай[31]. Сярод  рэформ Ю.Ярашэвіч выдзяліў стварэнне Адукацыйнай камісіі, першага ў Еўропе міністэрства адукацыі, якое распаўсюджвала сваю ўладу на ўсю тэрыторыю дзяржавы[32]. Яе дзейнасць ён ацэньваў станоўча, але пры гэтым не замоўчваў і недахопаў.

Пасля выхаду ў свет сваёй асноўнай працы Юзаф Бенядзіктавіч актыўна працягваў займацца навуковай дзейнасцю. Ён не жыў замкнёным жыццём правінцыяла. Вёў перапіску з І.Анацэвічам, падтрымліваў адносіны з добрым знаўцам крыніц М.Баброўскім, мясцовым бібліяфілам І.Трэмбіцкім. Гісторык цікавіўся археалогіяй, сумесна з Тэадорам Нарбутам праводзіў раскопкі на Замкавай гары  ў Беластоку. У адным з лістоў С.Даўкантасу Т.Нарбут дзяліўся сваімі планамі на будучае і пісаў, што ўвесну разам з Ю.Ярашэвічам яны будуць раскопваць у Беластоцкім лесе яцвяжскія могільнікі.

29 красавіка 1855 г. з дапамогай графа Яўстаха Тышкевіча быў атрыманы дазвол з Пецярбурга на стварэнне ў Вільні археалагічнай камісіі. Разам з арганізацыяй навуковай дзейнасці Камісія павінна была спрыяць згуртаванню інтэлектуальнай эліты краю. Ю.Ярашэвіч быў абраны пастаянным сябрам камісіі. Беларускі даследчык Генадзь Каханоўскі ў сувязі з гэтым заўважыў: “Дзякуючы навуковым і папулярызатарскім працам Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў, Адама Кіркора, Уладзіслава Сыракомлі, Юзафа Ярашэвіча і інш. даследчыкаў, а таксама дзякуючы іх грамадскай дзейнасці, археалогія зрабіла прыкметны крок да вылучэння з гістарычнай навукі ў самастойную галіну ведаў”[33].

Гісторык у той жа час пісаў артыкулы пра культуру “паганскай” Літвы, пра гісторыю Бельскага павета і горада Драгічына і інш. Заснаванаму музею ў Вільні Ю.Ярашэвіч падараваў сваю археалагічную калекцыю.

Памёр гісторык у родным Бельску 1 лютага 1860 г.[34] Ягоная прыкметная роля ў развіцці беларускай гістарыяграфіі не выклікае сумненняў. Застаецца толькі спадзявацца, што сучасныя даследчыкі звернуць належную ўвагу на гэтую асобу, і яна  зойме адпаведнае месца ў аналах беларускай гісторыі.



[1] Vilniaus universiteto bibliotekos. Rankrasčiu skyrius. F 2 KS 75. P. 64-65 (далей VUB RS). (Бібліятэка Віленскага універсітэта. Рукапісны аддзел. F2 KS 75. P. 64-65)

[2] Тамсама. F 2 KS 136.  P 142-143.

[3] Beavois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewskо-ruskich 1803-1832. Rzym-Lublin, 1991. T. 1. S. 248.

[4] VUB RS. F 2 KS 137.  P 570-571.

[5] Тамсама. F 2 KS 75.  P 64-65.

[6] Zasztowt L. Kresy 1832-1864. Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzeczypospolitej. Warszawa, 1997. S. 49.

[7] VUB RS. F 2 KS 140.  P 598-599.

[8] Тамсама. F 2 KS 132.  P 388-389.

[9] Тамсама. F 2 KS 141.  P 515-516.

[10] Тамсама. F 2 KS 137.  P 570-571.

[11] Andrzejowski A. Ramoty starego Dediuka o Wołyniu. Wilno, 1862. T. 4. S. 9-10.

[12] Тамсама. S. 11.

[13] VUB RS.F 83-20. P.227-229.

[14] Тамсама. F 2 KS 142. P 366-367.

[15] Janowski L. W promieniach Wilna i Krzemieńca. Wilno, 1923. S. 106.

[16] Тамсама. S. 105

[17] Andrzejowski A. Ramoty starego Dediuka o Wołyniu. Wilno, 1862. T. 4.  S. 158.

[18] Тамсама. S. 159.

[19] Janulaitis A. Ignas Danilavičius. Lietuvos bei jos teises istorikas. Kaunas, 1932. T. 1. P. 153.

[20] Коялович М. Чтенiя по исторiи Западной Россiи. Санкт-Петербург, 1884. С. 16-17.

[21] Zasztowt L. Kresy 1832-1864… S. 103.

[22] Тамсама. S. 100, 251.

[23] Jaroszеwicz J. Litwa pod względem cywilizacyi od czasów najdawniejszych do końca wieku XVIII. Wilno, 1844-1845. T. 1-3.

[24] Тамсама. T. 1. S. 15.

[25] Тамсама. T. 1. S. 2.

[26] Тамсама. T. 1. S. 67.

[27] Тамсама. T. 1. S. 122-123.

[28] Тамсама. T. 1. S. 125.

[29] Тамсама. T. 2. S. 15.

[30] Тамсама. T. 2. S. 77-79.

[31] Тамсама. T. 3. S. 141-142.

[32] Тамсама. T. 3. S. 148-149.

[33] Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX ст. Мінск, 1984. С. 72.

[34] Warutos kalendorius // Waruta. 1998. Jausio 31. P. 4. (Каляндар Варуты // Варута. 31 студзеня 1998 г. С. 4).


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія