БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 2 / 1999

РЭЦЭНЗІІ

Пётр Эберхардт. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997. - 278 с.

У 1995 г. мне ўжо давялося пісаць рэцэнзію на варшаўскае выданне гэтай кнігі (Przemiany narodowościowe na Białorusi. Warszawa,1994). Яна аказалася досыць крытычнай. Кідаліся ў вочы факталагічныя недакладнасці, цяжка было пагадзіцца з некаторымі ацэнкамі падзей беларускай гісторыі. Але галоўная прэтэнзія датычыла канцэптуальнага падыхода Пятра Эберхардта да праблемы вызначэння нацыянальнасці насельніцтва Беларусі канца 19 – першай паловы 20 ст. Ніякіх змяненняў або ўдакладненняў у менскае выданне сваёй кнігі аўтар не ўнёс. Што ж прымусіла другі раз звярнуць увагу на гэтае даследаванне?

Па-першае, сам факт беларускамоўнага выдання. Дзякуючы перакладу, праца вядомага польскага навукоўца можа арганічна ўвайсці ў беларускае навуковае і культурнае жыццё. Па-другое, адбыліся перамены і ў беларускай гістарыяграфіі. Адышоў у мінулае пэўны рамантызм, які быў характэрны для беларускай гістарычнай навукі напрыканцы 80-ых - пачатку 90-ых гадоў. Прыйшло разуменне неабходнасці велізарнай працы па стварэнні нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі. Сёння кніга прафесара Эберхардта ўспрымаецца па-іншаму.

З пункту погляду гістарыяграфіі праблемы і выкарыстаных даследчыкам крыніц праца напісана ў лепшых традыцыях польскай навукі. Аўтар зрабіў верыфікацыю дадзеных амаль усіх перапісаў, якія датычылі Беларусі. Гэта расійскія перапісы 1897 і 1909 г., нямецкі - 1916 г., польскія - 1919, 1921, 1931 г. і савецкія - 1926, 1937, 1939, 1959, 1970, 1979, 1989 г. У гэтым пераліку не хапае толькі перапісу 1911 г., які праводзіла Міністэрства народнай адукацыі. Пры аналізе крыніц аўтар абапіраўся на шырокую гістарыяграфічную базу (142 пазіцыі ў бібліяграфіі). Пётр Эберхадт выкарыстаў амаль усе польскія выданні (да пачатку 90-ых), якія датычылі “беларускага пытання”. Значнае месца ў гістарыяграфіі займаюць расійскія выданні як дарэвалюцыйныя, так і савецкага часу. Аўтар знаёмы і з працамі беларускіх дэмографаў і гісторыкаў 20-ых – пачатку 90-ых гадоў. На жаль, польскі даследчык завяршыў працу над кнігай яшчэ да выхаду з друку новых абагульняючых работ па гісторыі Беларусі, знаёмства з якімі дапамагло б пазбегнуць пэўных недакладнасцяў і надало б большую грунтоўнасць аўтарскім высновам.

Галоўным аб’ектам увагі сталі змяненні ў нацыянальнай (этнічнай) структуры беларускага грамадства, паказаныя на шырокім фоне гістарычных падзей 20 ст. Аўтар засяродзіў сваю ўвагу пераважна на колькасці і ўзаемадачыненнях палякаў, беларусаў, жыдоў і рускіх.

Уводзіны і раздзел “Нацыянальная структура насельніцтва Беларусі на пераломе 19 і 20 ст.” дазваляюць зразумець сутнасць даследчыцкіх метадаў Пятра Эберхардта. Па-першае, аўтар крытычна падыходзіць да дадзеных практычна ўсіх перапісаў, усведамляючы тыя перашкоды, якія не дазвалялі ім адэкватна адлюстраваць складаную карціну этнічнага жыцця, і праводзіць верыфікацыю афіцыйных падлікаў. Што датычыць перапісаў пачатку стагоддзя, у якіх адсутнічала пытанне пра нацыянальнасць, аўтар у сваім аналізе карыстаўся пераважна дадзенымі па роднай мове і канфесійнай прыналежнасці. Прычым Пётр Эберхардт не лічыць родную мову істотным крытэрыем для вызначэння нацыянальнасці ў этнічна-змешаных рэгіёнах. На яго думку, непараўнальна большую ролю адыгрываюць звесткі пра канфесійную прыналежнасць. Навуковец вельмі крытычна ставіцца да тэзіса пра існаванне беларусаў-каталікоў у гэтых рэгіёнах.

Па-другое, тэрыторыя Беларусі разглядаецца ў сучасных палітычных межах. Гэта прынцыповая пазіцыя аўтара, які лічыць, што толькі такі падыход дазваляе правесці параўнальны аналіз дэмаграфічных змяненняў у Беларусі на працягу ўсяго 20 ст. Здаецца, што гэты падыход таксама выцякае з пераканання аўтара ў недапушчальнасці рэвізіі (у кожнай форме) сучасных палітычных (дзяржаўных) межаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Там, дзе гэта магчыма, прафесар Эберхардт імкнуўся прааналізаваць структуру нацыянальнага (этнічнага) складу насельніцтва па паветах (раёнах). Гэта, дарэчы, стварыла магчымасць на даволі глыбокім узроўні правесці верыфікацыю дадзеных перапісаў і ўдакладніць этнічныя межы.

Варта звярнуць асаблівую ўвагу на аўтарскі аналіз перапісу 1897 г. Як практычна ўсе польскія даследчыкі Пётр Эберхардт вельмі крытычна паставіўся да яго вынікаў. З дапамогай дадзеных па роднай мове і канфесійнай прыналежнасці ён паспрабаваў зрабіць больш адэкватнае адлюстраванне этнічнай структуры насельніцтва. Пры гэтым прафесар абапіраўся на разлікі Владзімежа Вакара , метадалагічныя падыходы якога ён у значнай ступені падзяляе.

Фактычна, Пётр Эберхардт унёс толькі адно, але досыць істотнае ўдакладненне ў разлікі свайго папярэдніка. В.Вакар палічыў украінцамі насельніцтва беларуска-ўкраінскага этнічнага памежжа, якое прызнала сваёй роднай мовай украінскую (“маларускую”). Пётр Эберхардт аднёс іх да беларусаў, звярнуўшы ўвагу, што ва ўсіх наступных перапісах гэтае насельніцтва лічыла сябе беларусамі. У выніку атрымалася, што на пераломе стагоддзяў агульная колькасць цывільнага насельніцтва Беларусі складала 6424,2 тыс. чал. Беларусаў было каля 4356,2 тыс. або 67,8%, жыдоў – 910,9 тыс. або 14,2%, палякаў – 838,9 тыс. або 13,0%, рускіх – 224,5 тыс. або 3,5% (с.45). (Па перапісу 1897 г., калі атаясамліваць нацыянальнасць з дадзенымі па роднай мове, што звычайна рабілі расійскія, беларускія і нямецкія даследчыкі, колькасць беларусаў даходзіла да 4756,8 тыс. або 73,3%, а колькасць палякаў – да 156,5 тыс. або 2,4%. Колькасць расейцаў і яўрэяў была прыблізна той самай.) Пацвярджэннем верагоднасці гэтых разлікаў стаў, на думку П.Эберхардта, перапіс 1909 г., які быў звязаны з земскай рэформай у Беларусі і насіў службовы характар, што сведчыць на карысць яго аб’ектыўнасці. Перапіс паказаў, што рускія, беларусы і ўкраінцы разам складаюць 72,9% насельніцтва Беларусі (5424,1 тыс.), а палякі - 13,2% (983,4 тыс.) (с.62). Але цікава, што ў дачыненні да ўсіх шасці беларуска-літоўскіх губерняў (Віленская, Віцебская, Гарадзенская, Ковенская, Менская і Магілёўская) колькасць палякаў Беларусі і Літвы, вызначаных на падставе дадзеных па роднай мове перапісу 1897 г. (563,8 тыс. або 5,6%), таксама пацвярджаецца паказчыкамі перапісу 1909 г. (632,2 тыс. або 5,5%).

Відавочна, што пры ўсім даверы да вынікаў перапісу 1909 г. ён не можа служыць сур'ёзным аргументам, які б пацвярджаў або абвяргаў тыя ці іншыя разлікі. Занадта хуткія перамены адбываліся ў нацыянальным самавызначэнні на самым пачатку 20 ст. Цяжка таксама абвяргаць або пацвярджаць вынікі перапісу 1897 г. з дапамогай дадзеных перапісаў 1916 г. (нямецкія ўлады) і 1919 г. (польскія ўлады). Першы з іх быў арганізаваны такім чынам, што закрануў толькі найбольш актыўную ў грамадскім і палітычным плане частку насельніцтва акупаваных тэрыторый, а другі праводзіўся польскімі ўладамі на Віленшчыне, Гарадзеншчыне, Берасцейшчыне і ў заходняй частцы Меншчыны ва ўмовах ваенных дзеянняў, што, як адзначыў і аўтар кнігі, спрыяла значнаму завышэнню лічбы палякаў. Значная перавага колькасці палякаў над колькасцю каталікоў у некаторых паветах, на думку Пятра Эберхардта, сведчыць пра кан’юнктурнае стаўленне часткі беларускага праваслаўнага сялянства. Верыфікацыя даследчыкам дадзеных колькасці палякаў па перапісу 1919 г. грунтавалася на наступнай пазіцыі: “У выпадку, калі палякаў больш, чым каталікоў, бралася пад увагу лічба насельніцтва каталіцкага веравызнання. У адваротнай сітуацыі, калі каталіцкае насельніцтва пераважала, за галоўны пункт уважалася толькі колькасць палякаў” (с.78). Літоўцы-каталікі былі адмінусаваныя. У выніку колькасць палякаў на тэрыторыі 20 заходніх паветаў Беларусі склала прыблізна 788,9 тыс. чалавек або 23,9% насельніцтва (с.78).

Аўтар упэўнены, што перапісчыкі ў 1897 г. аднеслі да беларусаў жыхароў польскамоўнай зоны, якая ўтварылася ў 70-90-ыя гады 19 ст. на былым беларуска-літоўскім этнічным памежжы. У 1897 г. тут ужо існавала беларуска-польскае і польска-літоўскае памежжа. Даследчык так ахарактарызаваў сітуацыю, якая складвалася ў выніку працэсаў нацыянальнай дыверсіфікацыі: “Селянін-каталік з ваколіцаў Коўна, які ўжываў летувіскую мову, свядома становіцца летувісам. Селянін-каталік, што ўжывае славянскія дыялекты і які жыў на летувіска-беларускім памежжы, становіцца канчаткова палякам, а праваслаўны селянін, што жыве ў межах былой Рэчы Паспалітай, - на вялікай частцы тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага - беларусам. Гэтыя працэсы ў канцы 19 ст. выступалі ўжо ў выразна акрэсленай форме, і толькі праграмна запланаваная антыпольскасць перапісу, праведзенага царскай адміністрацыяй, не дала зафіксаваць гэтага факту. На пераломе 19 і 20 ст. не існавала ўжо дакладнай этнічнай мяжы паміж летувіскім і беларускім народам. Паміж імі сфарміраваўся шырокі нацыянальны пас пераважна польскага характару з цэнтрам у Вільні” (с.31-32). Да гэтага тэзіса аўтар звяртаецца неаднаразова на працягу ўсяго даследавання, надаючы яму вялікую вагу. І гэта цалкам зразумела, бо цэнтрам гэтай тэрыторыі з’яўляецца Вільня. Высновы Пятра Эберхардта грунтуюцца і на выніках экспедыцыі лінгвіста Галіны Турскай па Віленшчыне ў 1934-1935 гг. Даследчыца здолела даказаць, што стварэнне польскамоўнай зоны на беларуска-літоўскім памежжы адбывалася ў трэцяй чвэрці 19 ст.

Разлікі П.Эберхардта могуць стаць пэўнай базай для далейшых даследаванняў, у т.л. і беларускіх навукоўцаў. Але праблема этнічнай структуры насельніцтва Беларусі на рубяжы стагоддзяў застаецца. Наўрад ці яна будзе калі-небудзь канчаткова вырашана (па меньшай меры, у межах сучаснага паняційнага апарату). Зрэшты, большасць насельніцтва Беларусі таго часу не вызначала ўласную нацыянальнасць у сучасным разуменні гэтага паняцця. Прафесару Эберхардту варта было б распачаць даследаванне з вызначэння паняцця “нацыянальнасць” для розных гістарычных перыядаў. Зразумела, што самасвядомасць беларускага паляка пачатку 20 ст. не тое самае, што самасвядомасць сучаснага паляка з Беларусі. Але пытанне, што ёсць нацыя, у кнізе застаецца без адказу.

Застаецца і праблема беларусаў-каталікоў ці, як часцей піша аўтар, “так званых беларусаў-каталікоў”. Ён упэўнены, што на беларуска-польска-літоўскім памежжы “беларусаў-каталікоў” нарадзілі толькі антыпольскія фантазіі расійскага ўрада. І сапраўды, калі нагадаць колькі ўжо напісана беларускімі гісторыкамі на тэму паланізацыі беларусаў праз каталіцкі касцёл, то “беларусы-каталікі” выглядаюць як пэўны нонсэнс. Але застаецца бясспрэчным фактам тое, што большасць дзеячоў беларускага Адраджэння пачатку 20 ст. выйшла з каталіцкіх сямей. Зрэшты, аўтар не сцвярджае катэгарычна, што кожны нелітоўскамоўны каталік - гэта паляк. Пётр Эберхардт дапускае магчымасць існавання беларусаў-каталікоў, але толькі на этнічна чыстых беларускіх тэрыторыях. І ўсё ж такі гэта праблема з’яўляецца больш складанай. Пра беларусаў-каталікоў пісалі ў свой час такія грунтоўныя знаўцы беларуска-літоўскага рэгіёна як Міхал Ромэр i Леон Васілеўскі .

Заслугоўвае ўвагі аўтарскі аналіз этнічнай структуры насельніцтва беларускіх зямель у 20-30-ыя гады. Прафесар падверг грунтоўнай верыфікацыі дадзеныя як польскіх, так і савецкіх перапісаў. На вынікі перапісу 1921 г., на яго думку, моцна паўплывала перамога Польшчы ў польска-бальшавіцкай вайне. Гэта спрыяла таму, што частка няпольскага насельніцтва (галоўным чынам, частка беларусаў і жыдоў) пачала атаясамліваць нацыянальнасць з дзяржаўнасцю, тым самым дэманструючы лаяльнасць да польскай дзяржавы. Апроч гэтага мела месца штучнае завышэнне колькасці палякаў і змяншэнне колькасці беларусаў. У выніку ўласнай верыфікацыі Пётр Эберхардт прыйшоў да высновы, што палякаў на тэрыторыі беларускіх паветаў Беластоцкага, Наваградскага, Палескага ваяводстваў і Віленскай зямлі пражывала каля 600 тыс. (па афіцыйных выніках перапісу – 1026,7 тыс.), а беларусаў – каля 1350 тыс. (па афіцыйных выніках - 987 тыс.) (с.91). Здаецца, упершыню адзін з польскіх даследчыкаў зрабіў такую значную карэкціроўку афіцыйных падлікаў.

Польскія ўлады таксама не мелі даверу да вынікаў перапісу 1921 г., і таму ў наступным перапісу (1931) пытанне пра нацыянальнасць адсутнічала. Яго месца заняло пытанне пра родную мову. Што ж атрымалася? Беларускую мову прызнала сваёй роднай 1530,4 тыс. чал. (47,7%), польскую - 1278,9 тыс. (39,8%) (с.115). Пётр Эберхардт лічыць, што і ў гэтым выпадку вялікая колькасць людзей назвала ў якасці роднай польскую мову з кан’юнктурных меркаванняў, асцерагаючыся дыскрымінацыі.

Аўтарская верыфікацыя грунтавалася на спалучэнні дадзеных па канфесійнай прыналежнасці насельніцтва са звесткамі па роднай мове. Прычым Пётр Эберхардт адзначыў пэўную недакладнасць уласных разлікаў, бо “як сярод каталікоў былі беларусы, так і сярод праваслаўных ды асабліва прыхільнікаў іўдаізму былі асобы, якія свядома называлі польскую нацыянальнасць”.(с.179). Да палякаў навуковец адносіў толькі тых каталікоў, якія лічылі роднай мовай польскую. У выніку атрымалася, што на беларускіх землях, якія знаходзіліся ў межах ІІ Рэчы Паспалітай, пражывала 1797,9 тыс. беларусаў (56,1% усяго насельніцтва), 980 тыс. палякаў (30,5%), 283,3 тыс. жыдоў (8,8%), 70,2 тыс. рускіх (2,2%) і інш. (с.123).

З дапамогай вынікаў перапісу 1926 г. у БССР і з улікам натуральнага прыросту Пётр Эберхардт прыйшоў да высновы, што ў 1931 г. на тэрыторыі сучаснай Беларусі пражывала 6124,7 тыс. беларусаў (71,5%), 1087,4 тыс. палякаў (12,7%), 723,5 тыс. жыдоў (8,4%), 483,5 тыс. рускіх (5,6%) і інш. (с.125).

Пры аналізе перапісу 1926 г. аўтар звярнуў увагу на істотную розніцу паміж звесткамі моўнай і нацыянальнай статыстыкі ў дачыненні да палякаў. Толькі 43,2% палякаў карысталіся ў штодзённым жыцці польскай мовай. Даследчык адзначыў, што “ідэнтыфікацыя польскасці не была звязана з мовай. Не абапіралася яна таксама генетычна і традыцыйна на ўзоры польскай народнай культуры, таму што польскасць трымалася на іншых прынцыпах. Акрамя веравызнання, якое было вырашальным фактарам, існавала моцная памяць пра шляхецкія традыцыі Рэчы Паспалітай. Шматлікія нашчадкі дробнае шляхты, раскіданыя па Цэнтральнай і Усходняй Беларусі, хоць і былі моўна асіміляваныя беларускім атачэннем, прызнавалі сябе тады яшчэ за палякаў”.(с.109-112).

Па падліках Пятра Эберхардта, у 1931 г. у БССР пражывала каля 5368,3 тыс. чал.(с.124). Гэтая лічба вельмі важная, бо дапамагае вызначыць памеры тых стратаў, якія панесла Беларусь у выніку камуністычных рэпрэсій, калектывізацыі, голада пачатку 30-ых і інш. Верыфікацыя дадзеных перапісаў 1937 і 1939 гг. дазволіла сцвярджаць, што непасрэдныя і апасродкаваныя страты насельніцтва БССР паміж 1926 і 1937 г. склалі прыблізна 600 тыс. чал. (с.134). Асаблівых каментарыяў тут не патрэбна.

Даволі падрабязна аўтар ахарактарызаваў становішча беларусаў на землях, якія знаходзіліся ў межах польскай дзяржавы. Ён адзначыў, што для польскіх уладаў “галоўнаю палітычнаю мэтаю была паланізацыя так званых паўночна-усходніх крэсаў, якія мелі істотную стратэгічную ролю. Нягледзячы на тое, што польская канстытуцыя гарантавала роўныя правы без увагі на мову і нацыянальнасць, на практыцы прывілеі мела польскае насельніцтва. Польская палітыка ў адносінах да беларусаў была памылковаю і безпаспяховаю. ... На жаль, перамог нацыянальны, так званы інкарпарацыйны падыход”. (с.137) Менавіта гэтая палітыка прывяла да таго, што “на момант выбуху вайны 1939 г. польска-беларускія адносіны былі абцяжараны недаверам і варожасцю”. (с.140).

У 1937 г., на думку даследчыка, на тэрыторыі, якая зараз знаходзіцца ў межах Беларусі, пражывала 8696,6 тыс. чал. Сярод іх беларусаў было 6324,0 тыс. (72,8%), палякаў – 1186,7 тыс. (13,7%), жыдоў – 671,0 тыс. (7,7%) і рускіх – 325,2 тыс. (3,7%) (с.144). На 1939 г. Пётр Эберхардт лічыць досыць верагоднымі падлікі беларускіх навукоўцаў С.Польскага і С.Мацюніна, якія прапанавалі лічбу 8748,0 тыс. чал. (с.155).

Дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі істотна змянілася за гады другой сусветнай вайны. Польскі даследчык выказаў сумненне ў тым, што страты насельніцтва Беларусі за гэты час сапраўды вызначаюцца лічбай 2,5-3 млн. чал. Ён упэўнены, што гэтая лічба ўвабрала ў сябе сотні тысяч чалавек, якія былі эвакуіраваны з Беларусі на ўсход СССР або былі вывезены нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на працу ў Нямеччыну. У ахвяры гітлераўскага рэжыму маглі быць таксама запісанымі жыхары Беларусі, рэпрэсаваныя камуністычнымі ўладамі з 1939 па 1941 г., а таксама пасляваенныя рэпатрыянты з БССР у Польшчу.

Ваенныя страты Беларусі нераўнамерна ахапілі розныя этнічныя групы. Найбольшыя ахвяры панесла жыдоўскае насельніцтва – каля 500 тыс. чал. Страты беларускіх палякаў ацэнены ў 250 тыс. Беларусы і рускія страцілі менш. (с.156).

Аналіз дэмаграфічнай сітуацыі ў БССР у пасляваенныя гады дапамагае зразумець дамінуючыя тэндэнцыі ў нацыянальна-культурным жыцці. Аўтар адзначыў адносна высокі прырост насельніцтва паміж 1959-1989 гг. Колькасць жыхароў Беларусі за эты час узрасла на 2097,2 тыс. і дасягнула лічбы 10151,8 тыс. чал. Прычым кольскасць беларусаў павялічылася на 21%, а рускіх – на 103,6%. А вось колькасць палякаў і жыдоў панізілася: палякаў – на 22,5%, яўрэяў - на 25,4% (с.232-233). Нацыянальна-моўная сітуацыя змянілася наступным чынам: у 1989 г. беларускую мову прызналі роднай 6664,2 тыс. або 65,6% насельнітва (для параўнання: у 1959 г. - 6362,0 тыс. або 82,7%), рускую мову - 3243,2 тыс. або 31,9% (у 1959 г.- 1309,6 тыс. або 16,2%). Дарэчы, у 1897 г. рускую мову назвалі роднай 281,1 тыс. або 4,3% насельніцтва. Гэтыя лічбы выдатна сведчаць пра тое, што найважнейшая праблема сучаснай Беларусі - гэта спыненне працэсу русіфікацыі. На фоне гэтых падлікаў як сапраўдная правакацыя выглядаюць заявы некаторых кіраўнікоў Беларусі пра пагрозу паланізацыі. Зрэшты з 417,7 тыс. палякаў у 1989 г. толькі 55,7 тыс. прызналі польскую мову сваёй роднай. (с.238).

Як разлікі, так і метадалагічныя падыходы польскага даследчыка могуць узбагаціць беларускую гістарыяграфію. Па меншай меры, яны не павінны застацца па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў і дэмографаў. Што датычыць роднай мовы як крытэрыя для вызначэння нацыянальнасці, то можна цалкам пагадзіцца з аўтарам: на этнічным памежжы, дзе звычайна пераважаюць змешаныя дыялектныя гаворкі, родная мова не з’яўляецца вызначальным фактарам для нацыянальнай самасвядомасці. Аўтар гэтых радкоў асабіста пераканаўся ў гэтым падчас працы польска-літоўска-беларускай навуковай экспедыцыі на Віленшчыне (чэрвень 1999 г.) і Гарадзеншчыне (верасень 1999 г.).

Варта падкрэсліць і тое, што прафесар Эберхардт зыходзіць з прызнання самабытнасці беларускай гісторыі. У сённяшніх умовах, калі прадстаўнікам нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі зноў прыходзіцца даказваць, што Беларусь мае ўласны гістарычны шлях, які павінен быць адлюстраваны ўласнай гістарыяграфіяй, гэтае перакананне вядомага польскага навукоўца вельмі важнае. Хаця, на жаль, аўтар не здолеў зразумець Беларусь як суб’ект уласнай гісторыі. У кнізе яна з’яўляецца тэрыторыяй “няпэўнага рэлігійнага, моўнага і нацыянальнага характара” (с.11), што было абумоўлена змаганнем за гэтыя землі паміж “каталіцкай Польшчай і імперскай Расеяй” (с.12). Зрэшты, вінаваціць у гэтым польскага даследчыка нельга, бо і самі беларусы ў сваёй большасці яшчэ не здолелі ўзняцца да іншага бачання сваёй мінуўшчыны.

Пэўны палонацэнтрызм аўтара праявіўся не столькі ў ацэнках тых або іншых падзей беларускай гісторыі, колькі ў павышанай увазе даследчыка да праблемы беларускіх палякаў.

Добрае ўражанне ад кнігі псуюць недакладнасці, ад якіх трэба было пазбавіцца пры падрыхтоўцы беларускамоўнага выдання. Напрыклад, ліквідацыя уніі адбылася ў 1839, а не ў 1840 г. (с.33), Рыжскі дагавор падпісвалі прадстаўнікі ўраду Савецкай Расіі, а не Савецкага Саюза (с.81), падчас гітлераўскай акупацыі беларуская мова не была “адзінай урадавай” мовай (с.153) і г.д. Сур’ёзныя прэтэнзіі можна прад’явіць да перакладчыка і да навуковага рэдактара. Тэкст насычаны паланізмамі. Перакладчык не заўсёды дакладна перадае думку аўтара. Ёсць прэтэнзіі і да структуры кнігі. Чамусьці “Уводзіны” пазначаны як “Раздзел І”. Кідаюцца ў вочы шматлікія памылкі друку.

Другое “спатканне” з кнігай прафесара Пятра Эберхардта адбылося ў цалкам іншых грамадска-палітычных умовах. Ідэя незалежнай беларускай дзяржавы, якая на пачатку 90-ых гадоў стала падмуркам кансалідацыі амаль усіх этнасаў сучаснай Беларусі, у апошнія гады падверглася моцнай рэвізіі з боку палітычнага кіраўніцтва краіны. Беларускамоўнае выданне працы польскага даследчыка ў гэтых умовах набыло значэнне, якое выходзіць далёка за межы чыста навуковай праблематыкі. Пётр Эберхардт сваёй кнігай яшчэ раз нагадаў беларусам пра вялікую каштоўнасць уласнай незалежнай дзяржавы.

Алесь Cмалянчук (Гародня)


1. Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Część III. Struktura narodowościowa kresów wschodnich. Kielce, 1917.
2. Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908.
3. Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907.

 

Яўген Мірановіч. Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999. – 270 с.

Па зместу, глыбіні і аб’ёму інфармацыі кнігу беластоцкага беларускага гісторыка Яўгена Мірановіча трэба аднесці да падручнікаў і разглядаць у шэрагу аналагічных прац, што ўбачылі свет у нашай краіне. Прычым, па меншай меры, па некалькіх характарыстыках “Навейшая гісторыя Беларусі” можа быць пэўным узорам для аўтараў нашых падручнікаў.

Па-першае, кніга змяшчае вялікую колькасць інфармацыі па палітычнай гісторыі, падзеях нацыянальна-вызваленчай барацьбы, па гісторыі культуры, чаго яўна не хапае ў айчынных падручніках. Яўген Мірановіч свабодна аперыруе фактамі, якія ствараюць аблічча часу і асвятляюць жыццё краіны ў савецкі перыяд. Відавочна, што аўтар не мае ніякіх комплексаў наконт савецкай рэчаіснасці. І гэта спрыяла таму, што на старонках выдання знайшлі сваё адлюстраванне амаль усе падзеі, важныя для разумення беларускай гісторыі 20 ст.

Па-другое, звяртае на сябе ўвагу вялікая колькасць рэальных персанажаў гісторыі. Апроч партый, рухаў, фракцый і г.д. у кнізе прысутнічаюць жывыя людзі. Шэраг імёнаў даўно ўжо прасіліся на старонкі навучальных выданняў (Марыя Магдалена Радзівіл і інш.).

Заслугоўвае павагі пазіцыя аўтара, калі ён распавядае пра беларуска-польскія адносіны. Многія заўвагі Яўгена Мірановіча носяць прынцыповы характар. У прыватнасці, ва ўводзінах ён зазначыў, што на пераломе 19 і 20 ст. узнікненне беларускага нацыянальнага руху ўспрымалася пераважнай большасцю польскай палітычнай эліты як “расійская інтрыга” (с.5). У раздзеле, прысвечаным гісторыі Заходняй Беларусі 1921-1939 гг., аўтар зрабіў выснову, што грамадскія, палітычныя, эканамічныя і нацыянальныя адносіны на тэрыторыі чатырох паўночна-ўсходніх ваяводстваў стваралі атмасферу калоніі (с.79). Прыведзеныя рознабаковыя факты пераконваюць у справядлівасці гэтай заўвагі і сведчаць аб глыбіні разумення гісторыкам гэтай трагічнай і славутай (“Грамадаўская рэвалюцыя”) старонцы нашай мінуўшчыны.

Шмат месца ў кнізе адведзена гісторыі Рэспублікі Беларусь. Прычым аўтар паспрабаваў вызначыць пэўныя гістарычныя вехі. Беластоцкі гісторык і тут згадаў шмат рэальных удзельнікаў будаўніцтва сувярэннай дзяржавы, ахарактарызаваў намаганні нацыянальнай інтэлігенцыі ў галіне беларускага Адраджэння ў другой палове 80 - пачатку 90-х гг.

Разглядаемы Я.Мірановічам перыяд гісторыі ўтрымлівае вядомую гістарыяграфічную пастку. Гэта яе меў на ўвазе іспанскі філосаф Артэга-і-Гасэт, калі сцвярджаў, што на мінулае трэба глядзець з такой адлегласці, каб не бачыць носа Клеапатры. Аўтар пазбег гэтай пасткі. Ён паспрабаваў паказаць падзеі апошніх двух дзесяцігоддзяў 20 ст. не публіцыстычна, а вызначыўшы найбольш характэрнае і сутнаснае для разумення падзей.

“Гісторыя” Я.Мірановіча – гэта яшчэ і інфармацыя да роздуму аб змесце айчынных падручнікаў. Чаму па-за межамі краіны бачаць свет падручнікі па беларускай гісторыі, якія па шэрагу характарыстык даюць “фору” нашым? І гэта прытым, што “погляду з боку”, нават погляду беларуса, звычайна не хапае таго, што магчыма адчуць толькі ў сваёй краіне. Амаль у кожным раздзеле кнігі бракуе фактаў, якія адлюстроўваюць штодзённае жыццё людзей. Гэта не віна аўтара. Гэта якраз тое, што павінна быць напісана ў самой краіне.

Зместу кнігі больш адпавядае назва “Найноўшая гісторыя беларускага народа”, бо пра іншыя народы краіны распавядаецца вельмі сціпла. Між тым роля жыдоў, украінцаў, палякаў, татар, рускіх у працэсах і падзеях беларускай гісторыі 20 ст. відавочная.

Невядома матывацыя храналогіі, якой прытрымліваецца Я.Мірановіч, калі бярэ пачатак стагоддзя за пачатак найноўшай гісторыі.

Крытычныя заўвагі выклікаюць некаторыя фрагменты кнігі. Напрыклад, перыяд першай святовай вайны ў Беларусі разглядаецца пераважна скрозь прызму нацыянальна-культурнай дзейнасці. Але для разумення становішча Беларусі падчас вайны трэба згадаць і пра актыўныя баявыя дзеянні на нашых землях. Незразумела адкуль з’явілася лічба 1,3 млн. бежанцаў у Расію з беларускіх губерняў на 1916 г.? (с.22) І чаму колькасць прызваных у расійскае войска фармулюецца вельмі цьмяна –“сотні тысяч жыхароў Беларусі”? У даследаваннях найчасцей згадваецца лічба – 635,0 тыс. чалавек . Аналіз архіўных крыніц паказвае, што гэтая колькасць складала 924,0 тыс. чал. за перыяд 1914-1917 гг.

На жаль, павелічэнне інфармацыі канцэптуальнага характару ў адных раздзелах кнігі, цягне за сабою скарачэнне яе ў другіх. У прыватнасці, гэта тычыцца раздзелу аб партызанскім руху. З аднаго боку, раздзел змяшчае звесткі пра тыя падзеі ваеннай гісторыі, якія не дастаткова асветлены ў беларускіх падручніках (Армія Краёва, дзейнасць Вацлава Іваноўскага), а з другога, не хапае самых хрэстаматыйных прыкладаў партызанскай барацьбы. Культурнае жыццё постваеннага часу абмежавана паняццем “русіфікацыі”. Аднак чытач або вучань, які па падручніку будзе знаёміцца з нашай гісторыяй, не атрымае дастатковых ведаў пра творцаў, працы якіх характарызуюць час і чалавека гэтага часу.

Савецкая рэчаіснасць – ужо мінулае. І зараз у новага постсавецкага пакалення фарміруюцца пэўныя стэрыятыпы яе ўяўлення. Ад складальнікаў падручнікаў і дапаможнікаў перш за ўсё патрабуецца здольнасць пазбегчы штампаў і спрошчванняў, тыпу “элементы расійскага феадальнага права” (пра калектывізацыю – В.К.) (с.73) або “пад савецкім скіпетрам” (с.106).

Падручнік – не манаграфія, аднак спіс літаратуры і найбольш значных крыніц у кнізе не быў бы залішнім. Спасылкі даследчыка на “савецкую гістарыяграфію” толькі аслабляюць аўтарскую аргументацыю.

Трэба адзначыць і тое, што аўтар, відавочна, не ставіў задачу метадычнага прыстасавання сваёй кнігі да школьнага выкладання. Вучыць школьнікаў па гэтым падручніку з метадычнага пункту погляду будзе дастаткова складана.

І ўсё ж чытаць кнігу прыемна. Яўген Мірановіч пісаў пра Беларусь з болем і гонарам. У той жа час аўтары большасці беларускіх падручнікаў намерана дыстанцыруюцца ад праблемы. Сустракаецца яшчэ адна загана. Некаторыя даследчыкі проста перайначваюць агульнасавецкую гісторыю на мясцовы беларускі лад. У выніку гісторыя Беларусі савецкага часу нагадвае гісторыю адной з правінцый СССР. У Яўгена Мірановіча адчуваецца беларускасць, якая не перашкаджае, а дапамагае зразумець мінулае Беларусі. Гэтая адметнасць, разам з адзначанымі моцнымі бакамі “Навейшай гісторыі Беларусі”, выклікае жаданне выкарыстоўваць яе ў практычнай выкладчыцкай дзейнасці.

Віталь Карнялюк (Гародня).


1. Липинский Л. Крестьянское движение в Беларуси в 1914-1917 гг. Мінск, 1975. С. 75; Łatyszonеk O. Białoruskie formacje wojskowe 1917-1923. Bialystok, 1995. S.36; Смальянінаў М. Трагедыя пачатку XX стагоддзя // Беларускі гістарычны часопіс, 1994. №3. C.55.

 

 

М.Біч. Гісторыя Беларусі. Канец 18 ст. - 1917 г. Вучэбны дапаможнік для 8 класа агульнаадукацыйнай школы. Пад рэд. акадэміка Я.Бабосава. Мінск: “Народная асвета”, 1998 – 288 с.; В.А.Мілаванаў. Гісторыя Беларусі. Канец 18 ст. - 1917 г. Вучэбны дапаможнік для 8 класа агульнаадукацыйных школ. Мінск: “Народная асвета”, 1998 – 176 с.

Ужо амаль дзесяць гадоў настаўнікі гісторыі агульнаадукацыйных школ маюць велізарныя праблемы з вучэбнай літаратурай. Па сённяшні дзень адсутнічае падручнік па гісторыі Беларусі для 8 класа. І вось у мінулым навучальным годзе Міністэрства адукацыі зрабіла важны крок для вырашэння праблемы. Да новага вучэбнага дапаможніка М.Біча далучыўся вучэбны дапаможнік В.Мілаванава. Узнікла сітуацыя альтэрнатывы. Што ўяўляюць сабой з навуковага і метадычнага пункту погляду прапанаваныя дапаможнікі?

Напачатку звернем увагу на адпаведнасць структуры і зместу дапаможнікаў Праграме па гісторыі для базавых агульнаадукацыйных школ, якая з’яўляецца вызначальным дакументам для вывучэння гэтага прадмета.

У настаўніка, які карыстаецца дапаможнікам Міхася Біча, не павінна быць ніякіх праблем з планаваннем вучэбнага працэсу. Вучэбны дапаможнік адпавядае структуры і зместу праграмы. На жаль, гэтага нельга сказаць пра працу Васіля Мілаванава. Адразу кідаецца ў вочы структурная неадпаведнасць. В.Мілаванаў уводзіць дадатковы раздзел (“Беларусь у складзе Расійскай імперыі. 1772 - пачатак 30-х гадоў XIX ст.”) і фактычна прапануе ўласную перыядызацыю гісторыі Беларусі канца 18 ст.-1917 г., якая істотна адрозніваецца ад праграмных патрабаванняў.

Таксама не адпавядае праграме структура і змест асобных раздзелаў. Так, для вывучэння эканомікі Беларусі канца 18 ст. - 50 гадоў 19 ст. Праграма выдзяляе 3 гадзіны, а В.Мілаванаў адводзіць на гэта 6 (?!) параграфаў і асобныя раздзелы яшчэ ў трох. У выніку амаль палову ўсіх тэкстаў двух першых раздзелаў дапаможніка (§1-13) настаўнік павінен разглядзець на трох уроках. Падобны ўхіл назіраецца і далей. У трэцім раздзеле дапаможніка (“Беларусь у перыяд даманапалістычнага капіталізму. 1861-1900 гг.”), які ў асноўным адпавядае другому раздзелу Праграмы (“Беларусь у пачатковы перыяд капіталізму. 60-90-ыя гады XIX ст.”) з 8 параграфаў 4 цалкам прысвечаныя праблемам эканамічнага развіцця. У той жа час Праграма прадугледжвае на гэтыя пытанні толькі 3 гадзіны з 9, прызначаных на ўвесь раздзел.

У выніку перанасычанасці дапаможніка эканамічнай праблематыкай В.Мілаванаву проста не хапіла месца для аналізу многіх пытанняў палітычнай, этнічнай і культурнай гісторыі краіны. У дапаможніку адсутнічае важная тэма “Этнічныя працэсы”, толькі адзін параграф адведзены для культуры Беларусі другой паловы 19 ст., а §20 (“Узнікненне беларускай нацыі”) з’яўляецца самым кароткім у дапаможніку. Для “раскрыцця” гэтай складанай і важнай праблемы аўтару хапіла двух (?!) старонак. Затое ў падтэме “Навука” (§12 “Народная адукацыя і навука ў Беларусі. Канец XVIII ст.-1860 г.”) палову тэксту В.Мілаванаў прысвяціў пропаведзям і прамовам архіепіскапа Георгія Каніскага.

Чацвёрты раздзел дапаможніка ахоплівае перыяд пачатку 20 ст. І тут настаўнік, які павінен працаваць у адпаведнасці з праграмай, сутыкнецца з вялікімі цяжкасцямі. Праграма адводзіць 4 гадзіны на вывучэнне падзей рэвалюцыі 1905-1907 гг., а дапаможнік прапануе толькі адзін параграф. Тэма “Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух у перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг.” у дапаможніку адсутнічае. Культура Беларусі пачатку 20 ст. разглядаецца ў адным параграфе, а між тым Праграма прадугледжвае правядзенне трох урокаў па гэтай тэме. Прычым паняцце “Беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне”, якое з’яўляецца ключавым для гэтай тэмы, у дапаможніку В.Мілаванава нават не згадваецца. Газеце “Наша Ніва” В.Мілаванаў прысвяціў адзін невялікі абзац. Пазіцыі расійскіх урадавых колаў і польскіх груповак па беларускім пытанні не асветлены. Палітычная дзейнасць беларусаў у 1917 г. знайшла асвятленне ў адным маленькім абзацы і г.д. Такім чынам, В.Мілаванаў прадэманстраваў сапраўднае ігнараванне Праграмы па гісторыі.

Як жа стаяць справы з навуковасцю ў асвятленні падзей беларускай гісторыі?

Звернем увагу на канцэптуальныя падыходы абодвух аўтараў. М.Біч у сваім дапаможніку паспрабаваў спалучыць фармацыйны падыход з падыходам цывілізацыйным (культуралагічным). Аднак па многіх пытаннях на першым месцы ў гэтым спалучэнні стаіць фармацыйны падыход, што выклікае пэўныя заўвагі. У прыватнасці, значна большай увагі патрабуюць да сябе нацыянальныя (этнічныя) супольнасці. Жыццё рускіх, палякаў, жыдоў, украінцаў, літоўцаў, татар і г.д. складае неад’емную і вельмі важную частку беларускай гісторыі.

Канцэптуальны падыход М.Біча аб’ектыўна адлюстроўвае сучасны стан беларускай гістарычнай навукі і ў параўнанні з былымі падручнікамі значна ўзбагачае веданне мінуўшчыны. Трэба адзначыць і тое, што спалучэнне фармацыйнага і цывілізацыйнага падыходаў з’яўляецца канцэптуальным падмуркам школьных падручнікаў па сусветнай гісторыі. Такім чынам, захоўваецца адзінства падыходаў у асвятленні мінулага Беларусі і ўсяго свету.

М.Біч здолеў выправіць многія хібы першага выдання свайго дапаможніка (1993 г.). Многія праблемы нашай гісторыі ў другім выданні атрымалі больш грунтоўную навуковую ацэнку. Гэтаму паспрыяла як уласная навуковая праца аўтара, так і веданне ім асноўных прац беларускай, расійскай і польскай гістарыяграфіі.

Канцэпцыя В.Мілаванава вяртае нас у школу 60-70-ых гадоў. Сваё асвятленне гісторыі аўтар будуе выключна на фармацыйным падыходзе. У выніку амаль увесь гістарычны працэс канца 18 - пачатку 20 ст. зведзены да гісторыі эканомікі, сацыяльнага прыгнёту і класавай барацьбы. Культурныя і нацыянальныя (этнічныя) аспекты мінулага выглядаюць як нейкі фармалізаваны дадатак. Напрыклад, згадваючы дзеячаў беларускай культуры, аўтар у большасці выпадкаў абмяжоўваецца пералікам імёнаў. Тэкст дапаможніка забруджаны паняццямі і ацэнкамі, якія былі ўведзеныя ў гістарычную навуку яшчэ ідэолагамі сталінізму. У прыватнасці, гэта датычыць асвятлення беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Аўтар супрацьпастаўляе дзейнасці Я.Купалы, Я.Коласа дзейнасць “нацыяналістычна настроеных буржуазных пісьменнікаў і крытыкаў Каганца, Гаруна і інш.” (с.156), сцвярджае, што “дробнабуржуазная” БСГ “праводзіла палітыку нацыяналізма і згодніцтва з буржуазіяй і памешчыкамі” (с.125) і г.д. Пры вывучэнні гісторыі пачатку 20 ст. вучням навязваецца ідэалогія партыі бальшавікоў як “ісціна ў апошняй інстанцыі”.

Пытанні ўзнікаюць і пры знаёмстве з аўтарскім асвятленнем ранейшых перыядаў беларускай гісторыі. Напрыклад, аўтар сцвярджае, што “к пачатку 30-ых гадоў (19 ст.-А.С.) працэс разлажэння феадалізму перарос у крызіс усёй феадальна-прыгонніцкай сістэмы” (с.33). Тэкст яўна патрабуе тлумачэння, чым “разлажэнне” адрозніваецца ад “крызісу”. На с.4 В.Мілаванаў выказвае думку, што далучэнне да Расіі “дало магчымасць беларускаму народу скінуць з сябе прыгнёт польска-літоўскіх феадалаў”. А на с.8 заяўляе, што пасля далучэння “мясцовыя памешчыкі ... заставаліся поўнымі гаспадарамі сваіх маёнткаў, свабодна распараджаліся зямлёй і сялянамі гэтых маёнткаў”. Узнаўленне аўтарам вядомага тэзіса савецкай гістарыяграфіі пра нацыянальны прыгнёт беларусаў з боку польскіх і літоўскіх феадалаў моцна здзіўляе. Па-першае, добра вядома, што ў 17-18 стст. не назіралася масавага перасялення “польскіх феадалаў” у Беларусь. Па-другое, не менш вядома, што на працягу гэтых стагоддзяў адбылася паланізацыя вышэйшых колаў літоўскага этнасу (як і беларускага). Звычайна, т.зв. “польскія феадалы” з’яўляліся нашчадкамі мясцовай паланізаванай шляхты. Яны валодалі беларускай мовай і лічылі сваёй Радзімай не Польшчу, а беларуска-літоўскі край. Апроч таго, пра які нацыянальны прыгнёт у 17-18 стст. можна казаць, калі нацыі пачынаюць фармавацца толькі ў другой палове XIX ст. Усе гэтыя хібы ў вялікай ступені з’яўляюцца вынікам ігнаравання аўтарам навуковай літаратуры 80 - 90-ых гадоў. Пра гэта сведчыць і прапанаваны В.Мілаванавым спіс “Асноўных крыніц і рэкамендаванай літаратуры” (с.171-172).

Але самае галоўнае, што ў дапаможніку В.Мілаванава беларусы фактычна не з’яўляюцца суб’ектам сваёй гісторыі. Яна здзяйсняецца іх коштам, але без іх актыўнага ўдзелу. Калі гэта сапраўды так, то навошта гэтую гісторыю лічыць беларускай?

Дапаможнік М.Біча адрозніваецца ад “Гісторыі” В.Мілаванава і лепшым метадычным забеспячэннем вучэбнага працэсу. Рубрыкі “Гістарычная даведка”, “Галасы мінулага”, “Дакументы сведчаць” і інш. ствараюць для настаўніка выдатную магчымасць арганізацыі самастойнай работы вучняў на ўроку. Змешчаныя матэрыялы спрыяюць развіццю самастойнага мыслення, фарміруюць уменне суадносіць факты з тэорыяй. М.Біч значную ўвагу надаў пытанням і заданням да вучэбнага матэрыялу. Прычым сярод іх выразна дамінуе катэгорыя пытанняў, што дапамагаюць авалодваць прыёмамі лагічнага мыслення. Тэкст насычаны табліцамі, схемамі і дыяграмамі, якія служаць як замацаванню ведаў, так і развіццю творчага мыслення. Яны таксама спрыяюць арганізацыі самастойнай працы вучняў. У тэксце дапаможніка М.Біча шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпрадметныя і міжпрадметныя сувязі. Да недахопаў дапаможніка можна аднесці толькі пэўную інфармацыйную перанасычанасць тэкстаў шэрагу параграфаў, цяжкі навуковы стыль. Не заўсёды аўтар улічваў псіхолага-педагагічныя асаблівасці падлеткавага ўзросту.

Метадычны апарат дапаможніка В.Мілаванава абмяжоўваецца шрыфтавым вылучэннем паняццяў і найважнейшых палажэнняў, некалькімі схемамі-табліцамі, пытаннямі і заданнямі да матэрыялаў параграфаў. Апошнія звычайна арыентаваны толькі на засваенне тэкстаў. Матэрыялы да ўрокаў абагульнення ведаў (у адрозненні ад дапаможніка М.Біча) адсутнічаюць. Аўтар чамусьці цалкам праігнараваў патрабаванні методыкі выкладання прадмета, як, дарэчы, і патрабаванні ўзроставай псіхалогіі. А гэта вельмі істотны недахоп. Многія параграфы дапаможніка (асабліва, “эканамічныя”) церпяць на інфармацыйную перанасычанасць. Нават даросламу чытаць дапаможнік цяжка і нецікава, а ў дзяцей ён будзе выклікаць толькі раздражненне і незадавальненне.

Небяспека яшчэ і ў тым, што распаўсюджванне дапаможніка В.Мілаванава можа быць адным з этапаў паступовай замены беларускай гісторыі гісторыяй “Северо-Западного края России”. А ў гэтым выпадку беларусам ізноў, як і сто гадоў назад, будуць навязваць думку, што яны з’яўляюцца толькі сапсаванай палякамі-католікамі часткай “адзінага рускага народу”, што яны не маюць сваёй самабытнай гісторыі. Такое “гістарычнае” выхаванне гарантуе, што самастойнай будучыні беларусы ніколі мець не будуць.

Алесь Смалянчук (Гародня)


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія