БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 3 / 2000

Навуковая хроніка

Міжнародная навуковая канферэнцыя “Магнаты Вялікага Княства Літоўскага як мецэнаты культуры” (Слонім, 16-18 чэрвеня 2000 г.).

Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Садова-паркавае мастацтва Гарадзеншчыны: прырода і людзі, мінулае і сучаснасць” (Гародня, 19 чэрвеня 2000 г.).

Дзве гэтыя канферэнцыі, фактычна, былі аб’яднаныя ў адну. Спачатку ў старажытным Слоніме навукоўцы з Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Беларусі абмяркоўвалі праблему мецэнацтва ў гісторыі культуры Вялікага Княства Літоўскага, а потым частка ўдзельнікаў канферэнцыі пераехала ў Гародню, дзе галоўнай праблемай абмеркавання стала садова-паркавае мастацтва Гарадзеншчыны.

Сярод удзельнікаў “слонімскай” часткі канферэнцыі варта назваць імёны Ларысы Тананаевай (Масква), Аляксандра Ярашэвіча, Тамары Габрусь, Валянціна Калніна, Андрэя Кіштымава, Адама Мальдзіса, Анатоля Федарука (усе Менск), Аляксандры Каспржак (Варшава), Гражыны Марцінайцене (Вільня), Уладзімера Александровіча (Львоў). Навукоўцы аналізавалі мецэнацкую дзейнасць Сапегаў, Радзівілаў, Гаштальдаў, Хадкевічаў, Агінскіх і інш. Асобныя выступленні былі прысвечаны тым помнікам мастацтва, з’яўленне якіх якраз і было вынікам мецэнацтва.

18 чэрвеня па ініцыятыве Аляксея Хадыкі (Менск) адбыўся ўстаноўчы сход па арганізацыі фонду “Сумесная спадчына”. Гэта будзе недзяржаўны міжнародны фонд для правядзення даследаванняў, арганізацыі выставаў і навуковых канферэнцый. Тамжа ў Слоніме Святлана Куль-Сяльверстава (Гародня) ініцыявала стварэнне яшчэ аднаго фонду – “Беларуская сядзіба”. Ягоная мэта – аднаўленне культурна-ландшафтных помнікаў у Беларусі. Размова пра гэтыя помнікі адбылася ўжо ў Гародні. Цэнтральным было выступленне прафесара Анатоля Федарука (Менск), які зрабіў грунтоўны аналіз стану захавання сядзібаў і паркаў Гарадзеншчыны. На жаль, на канферэнцыі адсутнічалі запрошаныя арганізатарамі прадстаўнікі дзяржаўных прыродаахоўных структураў.

Алесь Смалянчук

6 - 7 верасня 2000 г. у Менску ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф.Скарыны адбыўся “круглы стол” з удзелам беларускіх і польскіх навукоўцаў на тэму: “Ідэя беларускасці і ідэя польскасці на мяжы тысячагоддзяў: да вызначэння паняццяў”.

Акрамя скарынаўскага цэнтру ўдзел у арганізацыі канферэнцыі прыняў Польскі інстытут у Менску (дырэктар сп. Цэзары Карпіньскі).

Пасля афіцыйных прывітанняў 6 верасня распачаліся выступы і дыскусіі, згрупаваныя ў тры раздзелы: “Філасофска-метадалагічныя аспекты праблемы”, “Ідэя польскасці і ідэя беларускасці ў польскай і беларускай культуры”, “Польская ідэя і беларуская ідэя ў гісторыі, грамадскім жыцці, дзяржаўным будаўніцтве”.

З асноўнымі дакладамі выступілі: у першым раздзеле Януш Кучыньскі і Юзаф Кракавяк (Варшава) - “Польскасць і універсалізм”, у другім - Рышард Радзік (Люблін) - “Фармаванне сучаснай польскасці і беларускасці ў двух апошніх стагоддзях: падабенства і адрозненне”, у трэцім раздзеле - Яўген Мірановіч (Беласток) - “Беларусы і палякі ў справе незалежнасці сваіх дзяржаў”. Два апошнія даклады выклікалі сярод прысутных найбольшую зацікаўленасць не толькі па прычыне навуковай грунтоўнасці, але і непасрэднай сувязі з сённяшнім днём.

У дыскусіі прынялі ўдзел мэтры беларускай навукі: Уладзімір Конан, Альфрэд Майхровіч, Уладзімір Мархель, Алег Лойка. Гародня была прадстаўлена Алесем Смаленчуком і Аляксандрам Краўцэвічам, якія выступілі ў дыскусіі.

Матэрыялы канферэнцыі плануецца апублікаваць.

Аляксандр Краўцэвіч

У Чэнстахове і Залатым Патоку (Польшча) 10 - 14 кастрычніка 2000 г. адбылася міжнародная канферэнцыя “Замкі і грамадская прастора ў Сярэдняй і Усходняй Еўропе”.

Як здараецца на навуковых зборах з шырокай тэматыкай у Чэнстахове сабраліся спецыялісты розных галінаў: гісторыкі, археолагі, архітэктары-рэстаўратары, гісторыкі архітэктуры. Даклады і паведамленні ўклаліся ў шырокі дыяпазон ад агульнатэарэтычных праблемаў да вывучэння канкрэтных аб’ектаў. Геаграфічны абсяг канферэнцыі як па складу ўдзельнікаў так і арэалу іх навуковых інтарэсаў таксама быў вельмі шырокі. Навукоўцы з Польшчы, Беларусі, Германіі, Летувы, Расіі, Славакіі, Украіны, Чэхіі апавядалі пра замкі, размешчаныя ў прасторы ад Масквы да Гданьска і ад Летувы да Германіі (усяго прагучала каля 60 дакладаў і паведамленняў).

Разам з выступамі кшталту: “Сярэднявечны замак як грамадская і дзяржаўная з’ява” (Славамір Гаўлас, Варшава) ці “Замак у палітычных і ваенных структурах польскай шляхецкай дзяржавы” (Караль Алейнік, Познань) былі агучаны, напрыклад, даклады: “Замкі і грошы ў сярэднявечнай Польшчы” (Ян Шымчак, Лодзь), “Умацаванне ў руках кабеты - фундатаркі і адміністратаркі” (Бажэна Папёлак, Кракаў), “Двор рускага баярына ў 17 ст.: сацыяльная структура і грамадскі статус” (Аляксандр Лаўрэнцьеў, Масква), “Драўляныя замкі і дрэва ў замках, ці пра што забываем пры рэканструкцыі старажытных умацаванняў” (Ганна Марціняк-Кайзер, Лодзь).

Беларусь была прадстаўлена Генадзем Семянчуком і Аляксандрам Краўцэвічам (абое з Гародні), якія выступілі, адпаведна, з дакладам “Усходнееўрапейскі замак у сярэднявеччы: генеза і функцыянаванне (на падставе матэрыялаў з Беларусі)” і паведамленнем “Замкі Гедыміна пры заходняй мяжы Літвы”.

Аляксандр Краўцэвіч

Міжнародная навуковая канферэнцыя “Змаганьне за беларускую дзяржаўнасьць у ХХ ст.” (Беласток, 20-21 кастрычніка 2000 г.)

Канферэнцыя была арганізаваная Беларускім Гістарычным Таварыствам у Польшчы. Пераважную большасць яе ўдзельнікаў склалі навукоўцы з Менску, Гародні, Гомеля і Бярэсця. Праца канферэнцыі распачалася з дакладаў, звязаных з праблемай фармавання нацыянальнай ідэі, выпрацоўкі канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці ў 19 – пачатку 20 ст. (Андрэй Кіштымаў – “Пытаньні эканамічнага развіцьця Беларусі і беларуская нацыянальная ідэя на пачатку 20 ст.”; Алесь Смалянчук – “Беларускі нацыянальны рух і краёвая ідэя”; Станіслаў Рудовіч – “Заходнерусізм ва ўмовах рэвалюцыі 1917 г.: паміж імперскасьцю і беларускай ідэяй”). Вялікую цікавасць выклікаў рэферат Віталя Скалабана, прысвечаны І Усебеларускаму з’езду.

Другі буйны інфармацыйны блок быў прысвечаны гісторыі БНР. Навукоўцы разглядалі ўнутранае і міжнароднае становішча рэспублікі, яе знешнюю палітыку (Аляксандр Ціхаміраў – “Беларусь у палітыцы вядучых дзяржаў Захаду (1914-1945)”, Уладзімер Ляхоўскі – “Структура БНР і беларускія неўрадавыя арганізацыі падчас савецка-польскай вайны 1919-1920 гг.”; Валянціна Лебедзева – “Дзейнасьць дэлегацыі Народнага Сакратарыяту БНР у справе перамоваў з Украінай (1918)”; Мікалай Мязга “Міжнароднапалітычны аспект барацьбы за беларускую дзяржаўнасьць у пачатку 20-х г.”; Рыгор Лазько – “Спробы заключэньня беларуска-польскага саюза ў 1919 г.” і інш.).

Уладзімер Ладысеў спыніўся на праблеме станаўлення беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове ва ўмовах курсу на святовую рэвалюцыю. Праблематыка, звязаная з БССР, закраналася Аляксандрам Вабішчэвічам (“Заходнебеларускія палітычныя партыі, арганізацыі і савецкая беларуская дзяржаўнасьць (1919-1939)”, Уладзімерам Навіцкім (“Ідэя нацыянальнай дзяржаўнасьці ў поглядах грамадска-палітычных дзеячаў Беларусі ў 20-я г. 20 ст.”), Ігара Кузьняцова (“Носьбіты ідэі беларускай дзяржаўнасьці – ахвяры таталітарнага рэжыму”) і інш. Бурную дыскусію выклікала выступленне Анатоля Мясьнікова “Беларусізацыя як дзяржаўная палітыка”. Падчас яе прагучала думка (А.Кіштымаў), што беларусізацыя з’яўлялася не дзяржаўнай, а партыйнай палітыкай. Шэраг выступоўцаў спрабавалі пашырыць тэрмін “беларусізацыя” на ўвесь працэс беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння пачатку 20 ст. Аднак гэтая думка не была прынятая.

Анатоль Вялікі (“БССР у складзе СССР: суадносіны КПСС-КПБ як вызначальны фактар нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі ў 1945-1989 гг (на прыкладзе эвалюцыі наменклатурнай сістэмы”) ахарактарызаваў БССР як “класічную марыянетку” Масквы.

Праблемы беларускага руху ў Заходняй Беларусі акрамя А.Вабішчэвіча разглядалі Эдуард Мазько (“Хрысьціянска-дэмакратычная канцэпцыя беларускай дзяржаўнасьці (у кантэксьце дзейнасьці заходнебеларускіх партый 20-30-х г. 20 ст.”) і Сяргей Токць (“Ідэя незалежнай беларускай дзяржавы ў сьвядомасьці сялянскага насельніцтва і дзеячаў нізавых структур БСРГ і ТБШ Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг.: на матэрыялах Берштаньскай гміны Гродзенскага павета”). Асабліва трэба адзначыць апошні рэферат, у якім з дапамогай метадаў мікрарэгіянальнага даследавання была паказана глыбіня пранікнення беларускай ідэі ў свядомасць шырокіх масаў насельніцтва.

Варта адзначыць таксама выступленні маладых даследчыкаў – Таццяны Паўлавай (“Унутрыдзяржаўная дзейнасьць ураду БНР у 1918 г.”), Паўла Мажэйкі (“Незалежніцкія памкненьні беларускай моладзі ў сярэдзіне 80-х г.”), Алега Гардзіенкі (“Беларуская Народная Самапомач: спробы стварэньня беларускай дзяржаўнасьці. 1941-1943 гг.”) і Дзмітрыя Крывашэя, даклад якога быў прысвечаны замежным культурным кантактам Беларусі ў 90-я г.

Актыўны ўдзел у абмеркаванні прымалі беларускія даследчыкі з Беластоку Алег Латышонак, Яўген Мірановіч, Алена Глагоўска і Славамір Іванюк.

Алесь Смалянчук

Lithuania 3 (32) ‘ 99. Warszawa, 1999. – 136 s.
Lithuania 4 (33) ‘ 99. Warszawa, 1999. – 152 s.
Lithuania 1 (34) 2000. Warszawa, 2000. – 184 s.

У гэтым годзе часопіс „Lithuania”, выдаўцам якога з’яўляецца Агульнапольскі Клуб Прыхільнікаў Літвы, адзначыў дзесяцігоддзе свайго існавання. За мінулы перыяд ён стаўся элітарным выданнем для інтэлектуалаў. Большасць накладу распаўсюджваецца ў Літве і Польшчы. Часопіс з’яўляецца штоквартальным выданнем.

На старонках часопіса знаходзяць асвятленне праблемы развіцця духоўнай культуры краінаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Выразна дамінуе польска-літоўская праблематыка. Значнае месца традыцыйна займае гістарычная тэматыка. Для беларускіх даследчыкаў “Lithuania” можа быць асабліва цікавай у плане знаёмства з поглядамі літоўскіх гісторыкаў, працы якіх досыць шырока прадстаўлены на яе старонках.

У № 3 за 1999 г. прыцягвае ўвагу раздзел “Віленскія універсітэты”, дзе змешчаны публікацыі Аляксандра Гейштара і Юліуша Бардаха, запіс размовы гісторыкаў Яна Савіцкага і Альфрэдаса Бумбляўскаса. Апошні з’яўляецца дэканам гістарычнага факультэта Віленскага універсітэту. Менавіта ён быў адным з ініцыятараў рэформы сістэмы гістарычнай адукацыі ва універсітэце. Сёння на гістарычным факультэце дзейнічаюць кафедры археалогіі, гісторыі сярэднявечча, новай гісторыі, навейшай гісторыі, а таксама тэорыі і гісторыі культуры. Апроч таго ствараюцца Кабінет гісторыі касцёла, Цэнтр аховы помнікаў, Цэнтр даследавання іўдаізму і культурных супольнасцяў, Цэнтр візуальнай гісторыі.

Падчас размовы даследчыкі звярнулі ўвагу на тое, што аднабаковасць пры аналізе складаных гістарычных падзей з’яўляецца істотнай перашкодай як для разумення мінулага, так і для паразумення сучасных народаў. А.Бумбляўскас, які насуперак моцнай традыцыі літоўскай гістарыяграфіі, лічыць, што без Крэва не было б і Грунвальда, што паняцце прымусовай асіміляцыі (паланізацыі) з’яўляецца неадэкватным для апісання гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, выказаўся за паступовую рэабілітацыю Юзафа Пілсудскага ў гістарычнай свядомасці літоўцаў. На яго думку, без Пілсудскага не было б і Літоўскай Рэспублікі, бо Варшаўская бітва была выратаваннем для ўсёй Цэнтральнай Еўропы.

Альфрэдас Бумбляўскас упэўнены, што даследчык мінулага павінен абапірацца на прынцып грунтоўнай талеранцыі, для якога характэрна спроба стаць на пазіцыю свайго апанента: „Літовец няхай паспрабуе “ўлезці ў скуру” паляка, паляк – “у скуру” літоўца… Сучасная гістарычная навука імкнецца не толькі адказаць на пытанне, як было, але таксама зразумець, чаму дамінуе тая, а не іншая інтэрпрэтацыя асобных фактаў, чаму фармуюцца тыя або іншыя стэрэатыпы, тыя або іншыя погляды”.

№ 4 (1999) прысвечаны пераважна праблемам гісторыі і сучаснасці каталіцкага касцёла ў Літве. У прыватнасці, трэба адзначыць артыкулы Міндаўгаса Пакныса (“Паміж хрышчэннем і каталізацыяй”), Відаса Спенгла (“Літоўскі Папялюшка?”), Уладыслава Семадені (“Пра Андрэя Воляна, змагара за Рэфармацыю і евангелізм у Польшчы”), рэцэнзія Генрыка Віснера на працу Эдвардаса Гудавічуса “Міндаўгас” (Vilnius, 1998) і інш.

Беларускія матэрыялы на старонках часопіса прадстаўлены водгукамі Чэслава Сэнюха і Станіслава Дубянецкага на анталогію беларускай палітычнай думкі 20 ст. (“Myśl białoruska w XX wieku”), якая “ўбачыла свет” у 1998 г. дзякуючы Славістычнаму выдавецкаму цэнтру пры Інстытуце славістыкі ПАН (Lithuania 3 ’99); артыкуламі Любові Уладыкоўскай-Канаплянік (“Беларуская нацыянальная ідэя і хрысціянства”), а таксама Алега Янкоўскага і Валянціна Маскалёва, якія распавялі пра праект нападу на Расію, што быў прадстаўлены генералам Міхалам Сакальніцкім імператару французаў Напалеону ў лютым 1812 г. (Lithuania 1 2000), вершамі Максіма Багдановіча, Дануты Бічэль (Lithuania 4 ’99, 1 2000) i Алеся Гаруна (Lithuania 1 2000).

У № 1 за 2000 г. варта таксама адзначыць публікацыю Марыі Неканда-Трэпкі “Краёўцы”. Гэты матэрыял можна аднесці да мемуарнай літаратуры. Аўтар здолела данесці да чытача атмасферу змагання краёўцаў з хваляй этнічнага нацыяналізму. Аднак цяжка прыняць досыць песімістычныя ацэнкі перспектываў краёвай ідэі. Напрыканцы 20 ст. напрошваюцца пэўныя паралелі паміж краёвай канцэпцыяй і ідэалогіяй Еўрапейскай Уніі.

Алесь Смалянчук

Штогоднік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Год першы. Мінск, 1999. – 176 с.

З’яўленне перыядычнага органа вядучай навуковай установы Беларусі, якой з’яўляецца Інстытут гісторыі НАН, можа стаць важнай падзеяй у развіцці беларускай гістарыяграфіі. Па словах галоўнага рэдактара Міхася Касцюка, выданне будзе змяшчаць “матэрыялы па найбольш значных праблемах айчыннай гісторыі з ухілам на іх глыбокае тэарэтычнае асэнсаванне” (с. 5).

Штогоднік распачынаецца артыкуламі Мікалая Токарава, якія прысвечаны стварэнню Беларускай Акадэміі Навук і першым гадам дзейнасці Інстытута гісторыі БелАН. Сярод матэрыялаў рубрыкі “Артыкулы” звяртаюць на сябе ўвагу публікацыя Максіма Гардзеява (“Сімяон Полацкі: сям’я і роднасныя сувязі”), у якой на падставе раней невядомых гістарычных крыніцаў асвятляюцца некаторыя старонкі асабістага жыцця вядомага асветніка і філосафа; артыкулы Мар’яны Сакаловай (“Пачатак ліберальнага руху ў Беларусі”), Станіслава Рудовіча (“Усебеларускі з’езд – першы агульнацыянальны форум беларускага народа”), Іларыёна Ігнаценкі (“Кастрычніцкая рэвалюцыя: яе месца ў гісторыі”), Уладзімера Навіцкага (“Жанчына ў савецкім грамадстве: новы погляд на праблему”) і інш.

Рубрыка “Гістарычнае краязнаўства” змяшчае матэрыял Міхаіла Спірыдонава “Наданне Свіслацкай воласці Міхаілу Гарабурду. (Да праблемы скарачэння дзяржаўных уладанняў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV-XVI ст.)”. Міхась Біч апублікаваў “Паданьне” Максіма Гарэцкага Начальніку Сярэдняй Літвы генералу Люцыяну Жэлігоўскаму ад 1 ліпеня 1921 г.” (рубрыка “Новыя крыніцы”). Міхась Біч з’яўляўся таксама адным з саўтараў (разам з Георгіям Галенчанкам, Іларыёнам Ігнаценкам і Уладзімерам Снапкоўскім) рэцэнзіі на вучэбны дапаможнік для студэнтаў ВНУ пад рэд. Я.Новіка і Г.Марцуля (“Няспраўджаныя амбіцыі”). Рэцэнзенты прыйшлі да высновы, што выданне “Гісторыя Беларусі: У 2 ч.” (Ч. 1. Ад старажытных часоў па люты 1917 г. Мінск, 1998; Ч. 2. Люты 1917 – 1997 гг. Мінск, 1998) не адпавядае патрабаванням, якія прад’яўляюцца да вучэбных дапаможнікаў.

Алесь Смалянчук

Biuletyn Historii Pogranicza. Nr 1. Białystok, 2000.- 136 s.

“Бюлетэнь” з’яўляецца выданнем Беластоцкага аддзела Польскага Гістарычнага Таварыства. Тым не менш у склад рэдакцыі, якую ўзначаліў Ян Ежы Мілеўскі, увайшлі ў якасці яго намеснікаў гісторыкі з Гародні (Алесь Краўцэвіч) і Вільні (Рымантас Мікныс).

У звароце да чытачоў рэдакцыя падкрэсліла, што праблематыка публікацый “Бюлетэня” будзе датычыць гісторыі земляў былога Вялікага Княства Літоўскага (разам з Падляшшам) па сённяшні дзень. Пазначанае ў тытуле “Пагранічча” з’яўляецца польска-літоўска-беларускім памежжам, якое насяляюць таксама і іншыя народы. Узнікненне новага выдання прадыктавана неабходнасцю ведання стану развіцця гістарыяграфіі і тэматыкі даследаванняў, што датычаць азначанай праблематыкі, у Польшчы, Літве і Беларусі. Матэрыялы друкуюцца на польскай і беларускай мовах, скарачэнні – на літоўскай і англійскай.

Рубрыка “Артыкулы” распачынаецца публікацыяй гісторыка з Гародні Юры Кітуркі “Беларуская праблематыка ў творах лідэра эндэцыі Рамана Дмоўскага (к.ХІХ-п.ХХ ст.)”. Рэдакцыя вырашыла патрэбным змясціць таксама крытычную рэпліку Ежы Туронка (Варшава), якая датычыць зместу названага артыкула. Чытачы безумоўна звернуць увагу на артыкул Рымантаса Мікныса “Праблема фармавання сучаснай нацыі літоўскіх палякаў у першай палове ХХ ст.” Альгіс Касперавічус (Вільня) разглядае праблему прыналежнасці Вільні і Віленшчыны ў свядомасці літоўцаў. Польская гістарыяграфія прадстаўлена артыкулам Войцеха Сьляжыньскага “Стварэнне савецкай сістэмы вышэйшай школы на Беласточчыне ў 1939-1941 гг. Педагагічны інстытут у Беластоку і Настаўніцкі інстытут у Гародні”.

Цікавыя матэрыялы змешчаны таксама ў рубрыках “Аўтарэфераты”, “Гістарычныя крыніцы”, “Рэцэнзіі і анатацыі”, “Навуковая хроніка”.

Алесь Смалянчук


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія