БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 3 / 2000

Беларускі нацыянальны рух 1920-х гадоў вачыма польскай паліцыі.




Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух на абшарах Заходняй Беларусі ў 20-я гады апошняга стагоддзя належыць да найбольш яркіх і цікавых старонак нашай мінуўшчыны. Паводле размаху і масавасці ён не мае сабе аналагаў у гісторыі Беларусі. Разам з тым многія аспекты гэтай надзвычай важнай і цікавай праблемы не атрымалі да гэтага часу належнага і аб’ектыўнага асвятлення ў гістарычнай навуцы. Калі пра жыццё і справы лідараў беларускага руху – дэпутатаў парламента, кіраўнікоў партый і грамадскіх арганізацый – напісана даволі шмат, асабліва ў апошнія гады, дык дзейнасць актывістаў вясковых гурткоў БСРГ, ТБШ і іншых беларускіх арганізацый значна менш вядомая шырокаму колу аматараў нашай гісторыі. Але менавіта грунтоўнае вывучэнне гэтага аспекту нацыянальна-вызваленчага руху дазволіць больш глыбока пазнаць прычыны як яго магутнага ўздыму ў другой палове 1920-х гадоў, так і прычыны спаду і фактычнага паражэння на пачатку 1930-х.

У Дзяржаўным архіве Гaрaдзенскай вобласці захоўваецца корпус матэрыялаў, які ўтрымлівае шмат цікавай і падрабязнай інфармацыі пра развіццё беларускага нацыянальнага руху на Гарадзеншчыне. Гэта т.зв. сітуацыйныя справаздачы камендантаў гмінных пастарункаў польскай паліцыі. Апошнія непасрэдна вялі барацьбу з беларускім рухам, а таму, безумоўна, валодалі дастаткова грунтоўнай і дакладнай інфармацыяй. Асабліва падрабязнымі сталі гэтыя паліцэйскія справаздачы ў перыяд нацыянальнага ўздыму на абшарах Заходняй Беларусі – у час арганізавання Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Звычайна яны складаліся штомесяц паводле наступнай схемы: 1) грамадска-палітычны рух; 2) “злачынныя” арганізацыі; 3) легальныя палітычныя арганізацыі; 4) прафесійны рух; 5) беспрацоўе; 6) забастоўкі; 7) нацыянальны рух. З чэрвеня 1927 г. камендант Гарадзенскага павета прадпісаў гмінным пастарункам дасылаць у Гародню падобныя справаздачы штотыднёва. А з пачатку 1928 г. камендантам пастарункаў было загадана складаць справаздачы за месяц паводле наступнай схемы: 1) стан бяспекі; 2) нацыянальная сітуацыя; 3) падазроныя асобы; 4) грамадскія дзеячы; 5) Таварыства Беларускай Школы; 6) вайсковыя асаднікі і адносіны да іх мясцовага насельніцтва; 7) агульны настрой насельніцтва; 8) памешчыцкія маёнткі; 9) кошты спажывецкіх тавараў; 10) санітарнае становішча.

Можна сцвярджаць, што польская паліцыя працавала добрасумленна, паколькі ў азначаных справаздачах беларускі рух адсочваўся літаральна па гадзінах. Іх інфармацыйная насычанасць вельмі высокая. Безумоўна, дадзеныя крыніцы прадстаўляюць аднабаковы погляд на беларускую справу. Тым больш, што гэта фактычна погляд яе ворагаў. Разам з тым, апошняя акалічнасць робіць іх яшчэ больш цікавымі для даследчыкаў. У многіх момантах паліцэйскія справаздачы можна лічыць досыць аб’ектыўнымі, асабліва адносна рэальнай сілы беларускага руху, колькасці актывістаў, аднадумцаў і г.д.

Намі быў апрацаваны шэраг паліцэйскіх справаздачаў Берштаўскага гміннага пастарунка Гарадзенскага павета. Чаму быў абраны менавіта гэты рэгіён? Па-першае, справаздачы Берштаўскага пастарунка даволі добра захаваліся. Так, за 1928 г. і 1929 г. ёсць у наяўнасці ўсе тыднёвыя і месячныя справаздачы. Па-другое, у гэтай мясцовасці беларускі нацыянальна-вызваленчы рух быў асабліва моцным. У 1921-22 гг. на абшарах Гарадзенскай (Берштаўскай) пушчы, актыўна дзейнічала сумесная беларуска-літоўская партызанка супраць польскай улады. Толькі з вёсак Берштаўскай гміны ў партызанскія атрады пайшло звыш 200 чалавек моладзі. Пасля паражэння ў баях з рэгулярнымі часткамі польскай арміі каля 60 актыўных удзельнікаў супраціўлення перайшлі мяжу і падаліся ў Літву ці Савецкую Беларусь. У 1926-28 гг. тэрыторыя гміны стала раёнам актыўнай дзейнасці гурткоў БСРГ і ТБШ, у склад якіх уваходзіла звыш 300 чалавек. Яшчэ адным вельмі цікавым момантам з’яўляецца тое, што паўночную частку Берштаўскай гміны насялялі літоўцы, якія, таксама як і беларусы, варожа ставіліся да польскай дзяржавы і змагаліся за далучэнне да Літвы. Гэта дае магчымасць параўнання беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў на мясцовым узроўні. Трэба адзначыць, што этнічна-беларускае насельніцтва не было згуртаваным. Заходнюю частку гміны насялялі пераважна беларусы-каталікі, якія даволі лаяльна ставіліся да польскай дзяржавы і амаль не прымалі ўдзелу ў беларускім нацыянальным руху. Усе азначаныя фактары робяць дадзены рэгіён надзвычай цікавым і прыцягальным для гістарычнага даследавання.

У прадстаўленай публікацыі паліцэйскія справаздачы пададзены ў перакладзе з польскай мовы на беларускую. Пераклад быў зроблены аўтарам гэтых радкоў. У ім захаваная стылістыка дадзеных дакументаў, але ўжытыя нормы сённяшняй беларускай арфаграфіі. Намі былі апушчаны тыя часткі дакументаў, якія тычыліся гаспадарчых момантаў, санітарнага становішча, крымінальнай злачыннасці. Таксама ў некаторых справаздачах апушчаны характарыстыкі нацыянальнай сітуацыі на тэрыторыі пастарунку, каб пазбегнуць частых паўтораў. Скарачэнні пазначаны шматкроп’ем у дужках – (...).

Сяргей Токць

1
1925 люты 20. Справаздача пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах за месяц ад 20.І. да 20.ІІ.1925 г.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 17, арк. 182.

(...) Раён тутэйшага пастарунка насяляюць: палякі, беларусы, літоўцы і каля 2% жыдоў. У жыцці гэтых нацыянальнасцяў няма ніякіх арганізацый, як палітычных, так і прафесійных. Аднак удаецца заўважыць, што большая частка беларускага і літоўскага насельніцтва настроена варожа адносна Польскай Дзяржавы. Беларускае і літоўскае насельніцтва ў тутэйшай гміне даведалася ад асобаў, якія карыстаюцца яго даверам, альбо таксама з беларускіх газет аб іх правах і г.д. і перакананае, што павінна стаць лепш пасля здабыцця незалежнасці Беларусі.(...). 

Камендант Ал.Сламчынскі

2
1925 ліпень 9. Справаздача каменданта ІІІ Памежнай Кампаніі Дзяржаўнай паліцыі ў Пугачах з вывяду, праведзенага ў Марцінканскай і Берштаўскай гмінах адносна палітычна падазроных асобаў. № 91(тайна)
копія, машынапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 13, арк. 74.

У час аблавы ад дня 4.VІІ да 8.VІІ. б[ягучага] г[ода], праязджаючы праз асобныя вёскі і асады вышэйназваных гмінаў, даведаўся ад асобаў, якія заслугоўваюць даверу, што ў некаторых вёсках ёсць палітычна падазроныя людзі, якія падтрымліваюць вельмі цесны кантакт з беларускімі арганізацыямі ў Саўдэпіі, а таксама з Ковенскай Літвой і праводзяць сярод мясцовага насельніцтва антыдзяржаўную агітацыю, стараюцца яго пераканаць, што хутка ўжо скончыцца кіраванне Польшчы і настануць лепшыя часы, калі змогуць самі сабой кіраваць. Агітуюць, каб не пасылалі дзяцей да польскіх школ, а каму будуць за гэта накладзены адміністрацыйныя штрафы, то яны іх сплоцяць. Моцна ўжо разагітавана моладзь сярод тамтэйшага беларускага насельніцтва, што ўжо даецца заўважыць звонку, што ж да вёсак з літоўскім насельніцтвам, то яно з гэтага пункту гледжання, хаця таксама разагітавана мясцовымі ксяндзамі (у Марцінканцах і Кабелях), аднак з’яўляецца больш хітрым і скрытым, як таксама больш арганізаваным і стараецца гэта знешне не праяўляць. (...)

9.VІІ. 25г. Камендант Слушаноўскі

3
1926 кастрычнік 18, Бершты. Справаздача аб палітычнай сітуацыі за кастрычнік 1926 г. у раёне пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах, № 232 тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 19, арк. 201-201 адв.

Грамадска-палітычны рух (тут і далей падкрэслена ў дакуменце – С.Т.): Польскае насельніцтва – каталікі, адносна Польскай Дзяржавы настроены лаяльна і не ствараюць колаў ні палітычных, ні прафесійных.
Літоўскае насельніцтва, якое падлягае ўплывам сваіх ксяндзоў, ставіцца адносна Польскай Дзяржавы непрыхільна і не пакідае надзеі на далучэнне да Ковеншчыны.
Беларускае насельніцтва, якое складае найвялікшы працэнт сярод жыхароў тутэйшай гміны, мае сярод сябе шмат палітычна падазроных асобаў, якія ўсялякімі спосабамі імкнуцца настроіць яго супраць Польскай Дзяржавы і Уладаў. Як заўважавана, яно стала схіляецца да камунізму Заходняй Беларусі і мае сваёй мэтай адарванне ад Польшчы і ўтварэнне самастойнай Беларусі. Настрой гэты з кожным часам узмацняецца. Непрыхільнасць да Польскай Дзяржавы праяўляецца ўжо адкрыта. 
Жыдоўскае насельніцтва складае найменшы працэнт жыхароў тутэйшай гміны. Жыве пераважна адзінкавымі сем’ямі ў некаторых вёсках і займаецца дробным гандлем. Дзейнасці сваёй не праяўляе і выказвае часам сваю лаяльнасць, хаця і павярхоўна.
Легальныя палітычныя арганізацыі:
У раёне тутэйшага пастарунка існуюць шэсць (6) Колаў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады ці так званых “гурткоў”, а менавіта ў вёсках Бершты, Сухары, Навасёлкі, Шкленск, Шчанец, Замасцяны. Яны праводзяць дзейнасць у кірунку наймацнейшага арганізавання і дабору адпаведных людзей.
Нацыянальны рух:
Беларускае насельніцтва раёну тутэйшага пастарунка ад новаўтвораных гурткоў даведалася пра значэнне захавання сваёй мовы. Зараз яно складае дэкларацыі на ўтварэнне выключна беларускіх школ.
Літоўскае насельніцтва раёну тутэйшага пастарунка літоўскіх школ не мае, аднак сваіх дзяцей вучыць у тых мясцовасцях, дзе ёсць літоўскія школы.
Увогуле характэрным для тых нацый з’яўляецца аддаленне як найдалей ад усяго польскага.
Без подпісу.


4
1926 кастрычнік 27, Бершты. Справаздача ў справе паўставання гурткоў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, № 240 тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 19, арк. 210.

(...) На тэрыторыі тутэйшага пастарунка існуюць 7 гурткоў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Узгаданыя ў першую чаргу праводзяць акцыі арганізацыі гурткоў у кожнай мясцовасці і як мага мацнейшых. Заахвочваюць мясцовае беларускае насельніцтва запісвацца да тых гурткоў, абвяшчаючы мэтай уваскрошанне Беларусі. Зараз праводзяць інтэнсіўную працу ў кірунку беларускага школьніцтва, прывозяць школьныя дэкларацыі, якія пасля запаўнення адвозяць да кіраўніцтва гміны. Затым стараюцца настроіць мясцовае насельніцтва супраць Дзяржавы і Уладаў, пераконваючы яго, што толькі тады, калі будуць моцна арганізаваныя, здабудуць незалежнасць ці аўтаномію.
(…) З часу арганізавання колаў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады заўважаны ўздым настрою сярод мясцовага беларускага насельніцтва, насычанага варожасцю і нянавісцю да Польскай Дзяржавы і Уладаў. З гэтага можна зрабіць выснову, што пад покрывам “гурткоў” праводзіцца антыдзяржаўная агітацыя.

Камендант Ал.Сламчынскі

5
1926 снежань 22, Гродна – Ліст павятовага каменданта паліцыі да пастарунку Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах, № 2501 тайна.
арыгінал, машынапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 19, арк. 258.

Чаму камендант пастарунка не данёс, што гмінны камітэт у Берштах выслаў пратэст на імя Маршалка Пілсудскага і Міністра ўнутраных справаў супраць уціску арганізацыі адміністрацыйнымі ўладамі? 
Гэты пратэст падпісала 100 чалавек. Неабходна тэрмінова падаць імя ініцыятара, а таксама паведаміць прозвішчы і імёны тых, хто падпісаўся.

(Подпіс неразборлівы)

6
1926 снежань 25. Адказ каменданта Берштаўскага пастарунка Дзяржаўнай паліцыі на ліст павятовай каманды ДП з дня 22.ХІІ.26 г. за № 2501.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 19, арк. 261.

Пасля арганізацыі ў вёсцы Бершты Кола Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады яго антыпольская дзейнасць ахапіла цэлую вёску, паколькі яна заселена выключна беларускім насельніцтвам, настроеным як да дзяржавы, так і да ўладаў варожа, і гэтым моцна падарвала давер люднасці да тутэйшага пастарунку, які з гэтай прычыны страціў усякі кантакт нават з асобамі раней даверанымі, а зараз разагітаванымі праз камітэт. Адпраўленне Камітэтам пошты з паштовага агенства ў Парэчах робіць немагчымым кантроль над высыланай карэспандэнцыяй. Подпісы на пратэстах Камітэт мог збіраць па хатах у больш давераных асобаў і тым больш патаемна. Тутэйшы пастарунак, нягледзячы на правядзенне актыўных вывядаў, што да папярэдняга лісту з дня 20.ХІ. 26 г. за № 2561/V/26, не быў у стане здабыць канкрэтных даных, адносна збірання подпісаў і асобаў, якія іх маглі падпісаць. Адносна здабытых даных ініцыятарам названага пратэсту і збірання подпісаў ёсць Касцевіч Мікалай, старшыня мясцовага кола, што ж да подпісаў, то ўдалося толькі ўстанавіць, што падпісвалі пратэсты выключна сябры Кола. Пастарунак працягвае праводзіць вывяд адносна дзейнасці Камітэта і асобаў, якія падпісалі пратэст.

Камендант Ал.Сламчынскі

7
1927 люты 20. Справаздача Берштаўскага пастарунку Дзяржаўнай паліцыі за час ад 20.І. да 20.ІІ.1927 г., тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 22, арк. 37-37 адв.

Легальныя палітычныя арганізацыі.
(...) У раёне тутэйшага пастарунка існуе 8 (восем) колаў Бел. Сял. Раб. Грамады і яшчэ Гмінны Камітэт, а менавіта Камітэт Гміны ў Берштах і “гурткі” ў вёсках: 1) Бершты; 2) Сухары; 3) Навасёлкі; 4) Шкленск; 5) Шчанец; 6) Якубавічы; 7) Замасцяны; 8) Матылі.
Пасля апошняй ліквідацыі ўдалося заўважыць, што дзейнасць у гэтых арганізацыях знешне як бы суціхла, аднак ёсць гэта вынікам хаця б і частковай ліквідацыі такіх, бо да астатняга часу выступленняў іх сяброў не натавана. Аднак, як бачна, у зліквідаваных арганізацыях праводзіцца далейшая праца, толькі больш скрыта чым раней, доказам чаго ёсць намаганні старшыні Гміннага Камітэта атрымаць дазвол склікання сходаў і, нягледзячы на адмоўны адказ, яны збіраюцца звычайна па хатах па два-тры чалавекі і абмяркоўваюць усякія справы, не выклікаючы падазрэнняў. Наогул, як удаецца заўважыць, дух беларускай люднасці не ўпаў, а наадварот прыняў характар больш варожы.
Нацыянальны рух.
Беларускае насельніцтва імкнецца да ўтварэння ў сваіх мясцовасцях беларускіх школ і захавання сваіх звычаяў і мовы. Да польскасці не схільнае і стараецца застацца ад яе як мага далей.
Літоўскае насельніцтва, маючы літоўскія школы, вучыць толькі там сваіх дзяцей і пазбягае ўсяго польскага. 
Узгаданыя нацыянальнасці набылі тыя схільнасці пад уплывам былога расійскага настаўніцтва і чыноўніцтва, а таксама, што да літоўцаў, літоўскіх ксяндзоў і настаўніцтва.


8
1927 снежань 20. Сітуацыйная справаздача з пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах з дня 19.ХІІ. 1927 г., № 12363 тайна
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 23, арк. 1-1 адв.

Стан бяспекі
(...) З палітычнага пункту гледжання злачынстваў не натавана, настрой насельніцтва беларускай і літоўскай нацыянальнасці да дзяржаўнасці варожы і непрыхільны. З 1922 г., з часу арганізацыі літоўска-беларускіх дыверсійных бандаў, хаця іх злачынныя дзеянні былі зліквідаваны, аднак антыдзяржаўны і варожы дух захаваўся да гэтага часу і што раз усё больш шырыцца сярод моладзі. З часу ліквідацыі дыверсійных беларуска-літоўскіх бандаў з 1922 года і да гэтага часу да Расіі і Літвы збеглі 67 асобаў мужчын ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў, якія рабілі ў сваім часе гэтую антыдзяржаўную працу. Зараз амаль усе з іх займаюць важныя пасады ў Расіі як камуністы і з сем’ямі, што засталіся на тэрыторыі пастарунка, вядуць частую перапіску, якая сваім зместам настройвае насельніцтва варожа да дзяржавы.
Ідэі, якія былі прышчэплены беларускай люднасці праз БСРГ, захоўваюцца да гэтага часу і падтрымліваюцца. У свой час на тэрыторыі пастарунка было 8 гурткоў БСРГ з агульнай лічбай 309 сяброў – зараз, на працягу 6 тыдняў, з найвыбітнейшых сяброў б[ылых] гурткоў БСРГ ствараюцца гурткі Тав-ва Беларускай школы, якія ўсімі сіламі шыраць беларускую асвету, паглыбляючы пры гэтым скрайнюю варожасць да польскасці. Гурткоў Т-вa Беларускай школы на тэрыторыі пастарунку налічваецца 3, а менавіта ў вёсках Якубавічы, Шкленск і Шчанец. Агульная лічба сяброў 46. Адносна ўладаў, дзяржаўных устаноў і паліцыі насельніцтва настроена варожа. Асобаў у якасці канфідэнтаў* , апроч дзяржаўных служачых, на тэрыторыі пастарунка няма, а гэта з прычыны страху перад помстай з боку варожай люднасці, бо былі выпадкі забойства і збіцця да непрытомнасці канфідэнтаў і іх сваякоў. (...)

19.ХІІ.27 г. Камендант Лінднэр

9
1928 студзень 24. Сітуацыйная справаздача з пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах за студзень 1928 г., № 26 тайна
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 23, арк. 9-11 адв.

Стан бяспекі: 
(...) З палітычнага пункту гледжання становішча не змянілася. Заўважана, што найвыбітнейшыя антыдзяржаўныя дзеячы ў апошнім часе дзейнічаюць больш асцярожна і канспірацыйна, чым раней, і гэта з тае прычыны, што тутэйшы пастарунак праводзіць следства супраць 5-х былых старшыняў БСРГ. На працягу месяца тутэйшым пастарункам быў арыштаваны жыхар вёскі Шчанец Токць Мікадзім за арганізацыю нелегальнага сходу з мэтай абрання кіраўніцтва гуртка Таварыства Беларускай Школы ў Шчанцы. За гэта Гарадзенскім староствам Токць быў пакараны штрафам 1000 зл. альбо месяцам арышту. Жыхары вёскі Сухары Мікалай і Аляксей Ушкевічы 14.01. б[ягучага] г[оду] на танцах у вёсцы Сухары збіралі ад прысутных на забаве кавалераў па 50 грошаў на невядомыя мэты. Мікалай Ушкевіч, як былы сябра БСРГ, падазраецца ў антыдзяржаўнай дзейнасці, а таму ўзнікае думка, што грошы тыя збіраліся на палітычныя мэты. Яўнай антыдзяржаўнай дзейнасці не выяўлена.
(...) Таварыства Беларускай Школы. На тэрыторыі пастарунку існуюць тры гурткі Т-ва Беларускай Школы, а менавіта: у вёсцы Якубовічы гурток налічвае 17 сяброў, у вёсцы Шчанец гурток налічвае 14 сяброў, а ў вёсцы Шкленск гурток налічвае 19 сяброў. Галоўны камітэт Т-ва Беларускіх Школ у Вільні паведаміў адміністрацыйным ўладам, што ў вёсцы Сухары і ў вёсцы Бершты адчыніліся гурткі Т-ва Беларускіх Школ, прычым адносна гуртка ў вёсцы Сухары быў пададзены спіс з 20 асобаў (папярэдні склад гуртка БСРГ) як сяброў Т-ва Белар. Школ, а адносна вёскі Бершты колькасці сяброў не пададзена, а толькі тое, што кіраўніком гуртка з’яўляецца Касцевіч Мікалай, цяперашні войт гміны Бершты. Пасля праверкі аказалася, што ўказаныя кіраўнікі гурткоў, як таксама і сябры, адракаюцца прыналежнасці да тых гурткоў і згоды сваёй на тое не давалі. З таго вынікае, што Галоўны камітэт Т-ва Беларускіх Школ самавольна навязвае насельніцтву, а ў асаблівасці былым сябрам БСРГ, абавязак утварэння гурткоў Т-ва Беларускіх Школ. Гурткі Т-ва Беларускіх Школ адназначна дзейнічаюць на карысць “беларусі”, ганьбячы ўсё “польскае”. Да дзяржаўнасці і польскасці ставяцца варожа. У тых вёсках, дзе існуюць гурткі Т-ва Беларускіх Школ, насельніцтва разагітаванае ў найвышэйшай ступені і асабліва варожа ставіцца да “Дзяржавы”, у той час як у іншых вёсках, дзе такіх гурткоў няма, няма і такога варожага настрою сярод жыхароў. У перадвыбарчы перыяд гурткі Т-ва Беларускіх Школ імкнуцца як найбольш зацікавіць насельніцтва сваёй нацыянальнай працай, каб у такі спосаб здабыць яго давер, а потым у час выбараў прыцягнуць на бок нацыянальных меншасцяў.
Агульны настрой насельніцтва:
Польскае насельніцтва, якое жыве на тэрыторыі пастарунка, прыхільнае да дзяржавы і ўладаў і на погляды асобаў іншай нацыянальнасці не глядзіць прыхільна.
Беларускае насельніцтва, за выключэннем каля 50 % старшых асобаў, г. зн. асобаў у веку ад 45 гадоў (неразб.- С.Т.) разагітаванае і адносна дзяржавы і ўладаў настроена варожа. Найбольшы послух сярод яго знаходзяць б[ылыя] сябры гурткоў БСРГ, а таксама цяперашнія сябры гурткоў Т-ва Беларускіх Школ. Апроч таго, каля 60% беларускай люднасці ў час святовай вайны знаходзілася ў Расіі і адтуль прывезла да Краю камуністычныя погляды. Найбольш разагітаваная моладзь ад 25 да 38 гадоў.
Літоўскае насельніцтва ставіцца да дзяржавы і ўладаў непрыхільна, аднак яно не так моцна разагітавана, як беларускае, і трымаецца заўсёды больш пасіўна. (...)

Камендант Лінднэр

10
1928 сакавік 22. Тыднёвая справаздача пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах за час ад 15-22. ІІІ. 1928 г., № 70 тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 23, арк. 26.

(…) Агульны настрой насельніцтва пасля выбараў прыгнечаны, а прычынай з’яўляецца паражэнне на выбарах спіскаў № 13 і 36(43). Былыя сябры БСРГ, а цяпер сябры гурткоў Т-ва Беларускай Школы імкнуцца ўтрымаць насельніцтва пад сваім уплывам, аднак сярод старэйшых людзей паступова трацяць давер, затое моладзь стаіць на абароне “грамадоўцаў” і падтрымлівае іх думкі і ідэі. Беларускія часопісы і газеты атрымліваюць найвыбітнейшыя беларускія дзеячы, якія цікавяцца працэсам грамадоўцаў у Вільні і інфармуюць пра яго ход сваіх прыхільнікаў. Літоўцы паводзяць сябе спакойна і ніякай варожай агітацыі знешне не праяўляюць.
Антыдзяржаўная і злачынная дзейнасць: тутэйшы пастарунак атрымаў інфармацыю, што жыхар вёскі Шчанец Берштаўскай гміны Токць Міхал, былы скарбнік гуртка БСРГ, а зараз радны гміны Бершты, у канцы 1926 г. сярод жыхароў вёскі Шчанец гм. Бершты праводзіў антыдзяржаўную агітацыю, намаўляючы насельніцтва рыхтавацца да паўстання супраць Польскага Урада, і прытым абяцаў здабыць патрэбную для таго паўстання колькасць зброі. Праведзенае ў той справе следства пацвердзіла факт падобнай агітацыі (неразб.- С.Т.)…) у хаце Токця быў праведзены вобыск, які не даў ніякіх вынікаў. Токця разам з матэрыяламі следства даставілі да Следчага Аддзелу Д[зяржаўнай] П[аліцыі] у Гародню 16.ІІІ. 28 г.

Камендант Лінднэр

11
1928 травень 17. Тыднёвая справаздача пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах за час ад 10-17. V. 1928 г., № 96 тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 23, арк. 40.

(...) У дзень 16.V. б[ягучага] г[ода] рада гміны Бершты на сваім паседжанні, якое адбылося ў гмінным памяшканні пад старшынствам войта гміны Бершты Касцевіча Мікалая, пастанавіла матэрыяльна падтрымаць “беларускую гімназію” ў Вільні і перадаць з гміннага бюджэту першую дапамогу 300 злотых дырэкцыі гэтай гімназіі. Ініцыятарам гэтай пастановы быў сам войт гміны Касцевіч Мікалай, які 1.V.28 г. атрымаў ліст з дырэкцыі беларускай гімназіі ў Вільні за № 218 з просьбай аб падтрымцы. На паседжанні пасля папярэдняга паразумення з раднымі, якія з’яўляюцца найважнейшымі беларускімі дзеячамі і маюць вялікі ўплыў на рэшту радных, войт узняў пытанне аб перадачы 300 зл. беларускай гімназіі ў Вільні і сам горача падтрымаў гэтую прапанову. За яе выказаліся радныя Траян Ян, грамадовец і гуртковец, а таксама антыдзяржаўнікі Стасюкевіч Мікадзім, Ушкевіч Ян, Гардзей Уладзімір, Федаровіч Канстанцін і іншыя. “За” галасавалі 6 і 4 “супраць”. У рэшты радных выклікала гэта глыбокае незадавальненне і моцны пратэст. Яны слушна тлумачылі гэта тым, што насельніцтва гміны Бершты вельмі беднае і не выплаціла яшчэ падаткі за 1925 г., таму крыўдай для яго з’яўляецца накласці яшчэ большыя і непатрэбныя падаткі. Зазначаю, што радныя, якія галасавалі за гэтую прапанову, з’яўляюцца ўсе без вынятку асобамі з бурлівым палітычным мінулым і варожа ставяцца да дзяржавы і ўладаў, а таксама ў часе абмеркавання бюджэту гміны Бершты на 1928/29 г. адхілілі пазіцыі на польскае школьніцтва, мацеж школьную, вайсковую дапамогу, падрыхтоўчы клас і г.д. 

Камендант Лінднэр

12
1928 ліпень 19. Тыднёвая справаздача пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах за час ад 12 - 19. VІІ. 1928г., № 142 тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 23, арк. 55.

(...) Сярод найбольш энэргічных деячоў ТБШ заўважаны раскол і агульная прыгнечанасць. Насельніцтва ўсё больш траціць давер да гурткоў і ўсё менш іх падтрымлівае. Яны зараз існуюць толькі дзякуючы ўплывам такіх найвыбітнейшых беларускіх дзеячоў, як Траян Ян і Варабей Мацей у вёсцы Якубавічы і Гардзей Уладзімір у вёсцы Шкленск. У дзень 16/VІІ. 28 г. у Берштах знаходзіўся Пан Стараста Гарадзенскага павета, які ў прамове да гміннай рады, солтысаў усёй гміны і вялікай колькасці сабраўшыхся людзей назваў гурткі Т-ва Белар. Школы палітычнымі асяродкамі, адкуль выплывае ўсё зло і нездаровыя погляды, якія нічога не прыносяць насельніцтву апроч бяды і непрыемнасцяў. Беларуская люднасць старэйшага веку цалкам падзяляе думкі П[ана] Старасты, аднак моладзь надалей варожа захоўвае камуністычныя погляды і падтрымлівае бальшавіцкія ідэі. (...)

Камендант Лінднэр

13
1928 жнівень 31. Справаздача пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах за месяц жнівень 1928 г., № 171 тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 23, арк. 63 адв. - 64.

Таварыcтва Беларускай Школы:
(…) Гурток у Шкленску, нягледзячы на моцны ціск, працягвае існаваць, хаця ніякай знешняй агітацыі не праяўляе. Аднак яго сябры рэгулярна выплочваюць складкі і стараюцца ўтрымаць гурток. Найвыбітнейшымі дзеячамі з’яўляюцца Гардзей Уладзімір, радны гміны, пражываючы ў Шкленску, а таксама сакратар таго ж гуртка Касцевіч Мікалай з вёскі Баброўня Скідзельскай гміны, які з’яўляецца супрацоўнікам беларускіх часопісаў, што выходзяць у Вільні, а таксама вельмі часта бывае ў Вільні ў Цэнтральным камітэце Т-ва Беларускіх Школ, адкуль прывозіць розныя ўказанні і ўзмацняе сяброў духам. Апошнія, нягледзячы на тое, што плоцяць розныя штрафы і г.д. з гуртка не выходзяць. Ёсць аднак надзея, нягледзячы на вышэйсказанае, што і гэты гурток у хуткім часе распадзецца.
Агульны настрой насельніцтва: (…) У гадах 1922 і 1923 увесь абшар пастарунка быў ахоплены дзейнасцю літоўска-беларускіх партызанаў. Моладзь у лічбе да 200 чалавек належала да той арганізацыі і ў часе ліквідацыі апошняй пераважная, а нават большая яе частка са страху перад пакараннем перайшла польска-расійскую і літоўскую мяжу. Яны зараз знаходзяцца ў Літве і Расіі, займаюць там значныя пасады, як камуністы, і са сваякамі, якія засталіся ў Краі, праводзяць тайную перапіску і ўздымаюць яшчэ болей варожыя настроі, пануючыя сярод разагітаванай люднасці. (...)

Камендант Лінднэр

14
1928 верасень 30. Справаздача пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах за верасень 1928 г., № 192 тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 23, арк. 69-71.

Агульны настрой насельніцтва:
(...) Беларускае насельніцтва адносна дзяржавы і ўладаў настроена варожа і непрыхільна, за выключэннем старэйшых асобаў, якія не пагаджаюцца з моладдзю, а таксама з асобамі камуністычных поглядаў. Агульны працэнт асобаў лаяльных да Дзяржавы складае сярод беларускага насельніцтва максімальна да 10%, рэшта, перажыўшы ў Расіі рэвалюцыю ў 1918 г. і 1919 г., заразілася камуністычнымі ідэямі і пасля вяртання да краю шырыць тут тыя самыя ідэі, ствараючы такім чынам беларускі блок супраць Дзяржаўнасці. Апроч таго абшар пастарунка быў цэнтрам арганізацыі і дзейнасці літоўска-беларускіх партызанаў і моладзь да сённяшняга дня жыве з пачуццём, што тая акцыя яшчэ не завершылася і можа ў кожны момант зноў распачацца. Усё гэта скіроўвае мясцовае насельніцтва, безумоўна, цёмнае, да недаверу да Дзяржавы і Уладаў і штурхае да антыдзяржаўных дзеянняў.
Літоўскае насельніцтва ўвогуле паводзіць сябе спакойна і ніякай варожай дзейнасці не праяўляе, аднак з паводзінаў яго відаць непрыхільнасць да Дзяржавы і Уладаў, хаця і не так, як у беларусаў. Літоўцы праводзяць асобную палітыку і з беларусамі не салідарызуюцца. (...)

15
1930 студзень 23. Тыднёвая справаздача пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах за час ад 16-23. І. 1930 г., тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 42, арк. 326.

Грамадска-палітычнае становішча:
За справаздачны перыяд ніякіх сходаў і мітынгаў грамадска-палітычнага характару не адбылося. Былыя сябры Б.С.Р.Г. і Т.Б.Ш. знешне паводзяць сябе спакойна і ніякай варожай дзейнасці не праяўляюць. Апошнія арышты ў сувязі з выкрыццём на тэрыторыі тут. пастарунка шпіёнскай банды, аказалі ўражанне на беларуска-камуністычных дзеячоў, і ўсе чакаюць, што ў сувязі з гэтым і ў іх будуць праведзены вобыскі і арышты. З гэтай прычыны яны паміж сабой не кантактуюць і выяўляюць нэрвовасць. А ўвогуле настрой сярод беларусаў непрыхільны адносна Дзяржавы і ўладаў, і яны чакаюць перавароту. (...)

16
1932 сакавік 31. Сітуацыйная справаздача пастарунка Дзяржаўнай паліцыі ў Берштах за І квартал 1932 г., № 20 тайна.
копія, рукапіс 
Ф. 38, воп. 1, ад.з. 52, арк. 349-350.

(...) Настрой сярод насельніцтва: беларусаў рымска-каталіцкага веравызнання сярод усяго насельніцтва 18%. Яны ставяцца да дзяржавы даволі прыхільна. Моладзь гэтай люднасці ахвотна збіраецца ў святліцах, арганізуе прадстаўленні, належыць у большасці да арганізацыі Падрыхтоўкі да войска, пахваляецца польскасцю, не хаваючы пагарды ў стасунку да моладзі іншага веравызнання. Дзеці ахвотна цягнуцца да навукі і ходзяць да школ, але пасля іх заканчэння з прычыны ўбоства не могуць атрымаць далейшай адукацыі, і старэйшыя людзі выказваюць шкадаванне з прычыны нізкай кваліфікацыі школаў, якія знаходзяцца на тутэйшым абшары. Выключэнне ў гэтым выпадку складае абсалютная бядота, якая не можа належна апранаць дзяцей падчас марозаў. Выкананню дзяржаўных і мясцовых падаткаў супраціву не аказваюць, за выключэннем самых бедных, аднак і тыя дбаюць пра іх выплату. Крымінальная злачыннасць малая. Да мясцовых уладаў ставяцца прыязна (...).
Насельніцтва, якое тут называюць Ліцьвінамі, складае 10% ад усяго насельніцтва і ставіцца лаяльна адносна дзяржавы. Не ставіць супраціву дзяржаўным і мясцовым падаткам, але з’яўляецца скрытым і чакае зменаў. У школах Літоўскага Т-ва “Рытас” вучыць дзяцей размаўляць выключна палітоўску. Крымінальная злачыннасць выключна малая, рэлігійная вера і салідарнасць моцныя. Сваіх пачуццяў знешне не праўяляе, з тэрытарыяльнага пункту гледжання паядноўваецца з абшарам Марцінканкаўскай гміны і частка моладзі належыць да існуючага там Літ[оўскага] Т-ва Св[ятога] Казіміра. Антыдзяржаўнай дзейнасці з боку гэтага Т-ва не выяўлена.
Беларусы праваслаўнага веравызнання складаюць 58% насельніцтва. Адносна дзяржавы ставяцца непрыхільна, аднак гэтага не праяўляюць. Дзяржаўныя і мясцовыя падаткі выконваюць са спазненнем, а некаторыя нават выклікаюць секвестр і лецытацыю, аднак астатняй за справаздачны перыяд не было. Але бываюць выпадкі, калі сапраўды няма прадуктаў. З прычыны суцэльнага ўбоства такіх выпадкаў даволі шмат. Моладзь ахвотна гарнецца да арганізацый, найперш пажарнай варты. Яна карыстаецца памяшканнем, 20 сакавіка з нагоды імянінаў Маршалка Пілсудзкага арганізавала бясплатнае прадстаўленне “Да зброі”. Створаны для гэтага камітэт раздаў дзецям падарункі: сшыткі, падручнікі і скуру на лапці, а праваслаўны святар адправіў набажэнства і прамовіў адпаведнае казанне. Дзеці ходзяць да школы, але некаторыя скардзяцца на адсутнасць вопраткі і нават харчавання. Крымінальная злачыннасць малая. Палітычнай не выяўлена. Партызанка, Т-ва Беларускай школы і Б.С.Р.Грамада на тут[эйшым] абшары не існуюць, а былыя прыхільнікі і дзеячы ніякай актыўнасці не праявілі, паколькі па прашэсці некалькіх гадоў некаторыя пастарэлі і з прычыны сямейных і матэрыяльных клопатаў пакінулі палітычную дзейнасць. (...)

Камендант Казімір Нагацкі


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія