БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 3 / 2000

Эканамічныя асновы беларускай дзяржаўнасці на пачатку 20 ст

Андрэй Кіштымаў
(Менск)

У гісторыі чалавецтва пачатак 20 ст. адзначаны першай святовай вайной і наступным тэрытарыяльным і палітычным перадзелам свету. Найбольш моцныя трансфармацыі адбыліся ў пасляваенай Еўропе. Новыя еўрапейскія межы часта былі межамі новых нацыянальных дзяржаў. Аднак Беларусь не толькі не стала паўнавартаснай еўрапейскай дзяржавай, але і страціла тэрытарыяльнае адзінства сваіх земляў.

Чаму ж на пачатку 20 ст. ідэя беларускай дзяржаўнасці не была рэалізавана? Пошукі адказу на гэтае пытанне сталі адной з самых актуальных тэмаў беларускай гістарыяграфіі апошняга дзесяцігоддзя. Пры гэтым асноўная ўвага надаецца палітычным і, у некалькі меншай ступені, нацыянальна-культурным аспектам акрэсленай праблемы. У баку застаецца яе эканамічная складовая. Гэты артыкул – спроба знайсці адказ на пытанне, які ў максімальна завостранай форме можна сфармуляваць так: “Ці была падрыхтавана беларуская эканоміка да беларускай дзяржаўнасці?”

Што ж уяўляла сабой беларуская народная гаспадарка на пачатку 20 ст.? Ці з’яўляецца дакладным сцвярджэнне савецкай гістарыяграфіі, быццам Беларусь была толькі адсталай аграрнай ускраінай з рэдкімі выспамі прамысловасці, адзіным дасягненнем якой стала стварэнне перадумоваў для пераможнай сацыялістычнай рэвалюцыі? Дарэчы, тэзіс пра эканамічную адсталасць Беларусі актыўна падтрымліваўся і апанентамі савецкай прапаганды, але толькі як сведчанне яе “каланіяльнага” статуса. Тут абодва пункты гледжання, па сутнасці, сыходзяцца. Паспрабуем парушыць гэтае зачараванае кола.

Для Расійскай імперыі 19 – пачатак 20 ст. адзначаны сур’ёзнымі трансфармацыямі ў эканамічным жыцці, якія закранулі яго тэхніка-арганізацыйныя асновы (у гэтых адносінах першаснае значэнне мелі нараджэнне фабрычна-завадской вытворчасці і чыгуначнае будаўніцтва) і выклікалі важныя сацыяльныя наступствы: фармаванне як пралетарыяту, так і буржуазіі (у тым ліку яе эліты – прадпрымальнікаў), што было двума бакамі аднаго медалю. На старой карціне традыцыйнай аграрнай супольнасці больш выразна выступалі рысы новага індустрыяльнага грамадства.

Беларускія землі не знаходзіліся ў баку ад гэтага працэсу. Акрэсленая вышэй трансфармацыя цесна перапляталася з няпростым працэсам іх адаптацыі ў складзе Расійскай імперыі. Тры, а з улікам перадзелу пасля эпохі напалеонаўскіх войнаў, чатыры раздзелы земляў былой Рэчы Паспалітай не толькі не развязалі, а хутчэй ускладнілі праблемы, якія паўсталі перад Расіяй на Захадзе. Толькі са справаў знешняй палітыкі яны ператварыліся ва ўнутраныя праблемы самадзяржаўя.

Часткай гэтых праблемаў з’яўляліся нацыянальныя пытанні – польскае, жыдоўскае, а, адносна Беларусі, з сярэдзіны 19 ст. і беларускае. Вядомая трыада: “праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць” тут яўна не спрацоўвала. Непасрэдна сутыкнуўшыся з каталіцтвам, уніяцтвам, іўдаізмам, праваслаўе апынулася ў складанай сітуацыі і здолела абгрунтаваць свае прэтэнзіі на валоданне рэлігійнай ісцінай толькі з дапамогай магутнай дзяржаўнай падтрымкі. Сама ж дзяржава ў абліччы самадзяржаўя была здольная кіраваць толькі з дапамогай надзвычайных мерапрыемстваў і раз за разам (увядзеннем генерал-губернатарстваў, ваеннага становішча, сістэмы асобага заканадаўства і шматлікіх адміністрацыйных абмежаванняў) толькі падкрэслівала палітычныя і прававыя адрозненні набытых земляў ад цэнтральных расійскіх губерняў. Карціну маналітнай вернападданніцкай “народнасці” натуральна “псавалі” асобы польскай і жыдоўскай нацыянальнасцяў. Ды і саміх беларусаў – тутэйшых абарыгенаў, даводзілася ўзмоцнена пераконваць, што яны – гэта не яны, а толькі трохі сапсаваная палякамі частка вялікарускага племені. Прычым такая “западнорусская” прапаганда не мела значнага поспеху спачатку з прычыны амаль пагалоўнай непісьменнасці беларускага насельніцтва, а потым якраз наадварот. Безумоўна, праблемы расійскай агульнаімперскай ідэалогіі і адміністрацыйнай практыкі не маглі не адбіцца на развіцці эканомікі. Яна, натуральна, жыла паводле сваіх законаў, але пад прэсам дзяржаўнай палітыкі самадзяржаўя.

Да інкарпарацыі ў склад Расійскай імерыі на беларускіх землях склалася даволі дакладная “прапіска” пражываючых тут этнасаў адносна асобных галінаў эканомікі: селянін-беларус, паляк-памешчык, жыд-гандляр альбо рамеснік. Канешне, гэтае назіранне не трэба абсалютызаваць, але, як пэўная гістарычная мадэль, падобная сітуацыя, несумненна, мела месца. У 19 ст. колькасць асобаў, якія дзейнічалі ў сферы эканомікі, дапоўнілася фігурамі наёмнага рабочага, фабрыканта, банкіра, адміністратара дзяржаўных прадпрыемстваў. Што тычыцца этнічнай прыналежнасці суб’ектаў эканомікі, то, па-першае, яна была разбаўлена “рускім элементам”, а па-другое – стала больш пярэстай: строгая прывязка этнасаў да пэўных відаў эканамічнай дзейнасці, якую ў некаторай ступені можна лічыць спадчынай феадалізму, аслабела. Асабліва выразна такая тэндэнцыя праявілася пры фармаванні сацыяльнай групы прадпрымальнікаў. І ў гэтым адлюстравалася нівеліруючае ўздзеянне эканомікі 20 ст. – эканомікі новай капіталістычнай эпохі.

Да ўтварэння стуктурыраванай эканамічнай прасторы Беларусь ішла стагоддзі. Асабліва інтэнсіўна гэты працэс праявіў сябе ў другой палове 19 – пачатку 20 ст. Тады яўна пазначыліся і некаторыя яго вынікі. Эканамічныя рэаліі, у межах якіх ішло фармаванне беларускай нацыі і станаўленне беларускай дзяржаўнасці, пакуль вывучаны яшчэ недастаткова поўна. Як колькасна, так і якасна даследаванні эканамічнай гісторыі Беларусі яўна саступаюць работам па яе палітычнай ці ваеннай гісторыі, гісторыі культуры. Дадзены тэзіс лёгка падцвердзіць і абгрунтаваць нават без шырокага гістарыяграфічнага агляду.

Акрамя таго, ацэньваючы развіццё айчыннай эканомікі, беларускія савецкія гісторыкі пераважна аперыравалі штучна выведзенымі сярэднімі велічынямі і эканамічна непісьменнымі параўнаннямі непараўнальных велічынь. Так, аўтары трэцяга выдання падручніка для ВНУ “Эканамічная гісторыя Беларусі” на падставе такіх падыходаў паўтараюць старую выснову пра тое, што “ўзровень прамысловага развіцця Беларусі заставаўся па-ранейшаму ніжэйшым, чым у цэлым у Расійскай імперыі”, “Беларусь і ў 1913 г. працягвала заставацца ў гаспадарцы Расійскай імперыі аграрным раёнам”1 . Аўтараў не турбуе пытанне параўнання непараўнальнага, часткі і цэлага, і тое, што гэтыя высновы вельмі дрэнна стасуюцца з прыведзенымі тут жа лічбамі: “З 1900 па 1913 г. нацыянальны даход Беларусі вырас удвая, узняўшыся з 536 млн. да 1 млрд. руб”2 . Ніколі болей у сваёй гісторыі Беларусь не ведала такіх высокіх паказчыкаў росту нацыянальнага даходу за такі кароткі перыяд часу. У чым жа быў сакрэт? Справа ў тым, што ў эканоміцы найперш важная дынаміка, а не статыка, якасныя, а не колькасныя паказчыкі. Менавіта сума эфекту гэтых дынамічных і якасных паказчыкаў прывяла да такога поспеху.

Нельга падыходзіць да народнай гаспадаркі Беларусі пачатку 20 ст. з нягодным інструментарыем ацэнкі сацыялістычнай эканомікі. Лічбы валу і плану тут не спрацоўваюць. Гэта пры сацыялізме ўсё ішло ў “агульны кацёл”, з якога пакрываліся і агульныя выдаткі. Капіталізм індывідуальны ў сілу індывідуальнасці прыбыткаў і выдаткаў кожнага ўласніка. Сярэднія лічбы мала што значаць для яго ацэнкі, бо пры капіталізме няма сярэдняга капіталіста, таксама як сярэдняга рабочага ці селяніна, сярэдняга надзела зямлі, як і сярэдняй фабрыкі, заводу ці маёнтку.

У 19 – пачатку 20 ст. усялякае дасягненне эканамічнага поспеху было непарыўна звязана менавіта з рыначнай эканомікай, якая адначасова стала адным з найбольш магутных фактараў кансалідацыі грамадства. Рынак не проста аб’ядноўваў эканамічныя намаганні асобных індывідаў. Пры адсутнасці ўласнай нацыянальнай дзяржаўнасці ён паступова займаў сваё месца ў шэрагу такіх традыцыйных індыкатараў і інтэгратараў соцыуму і нацыянальнага адзінства, як мова і культура.

Да “Вялікіх рэформаў” 60-70-х гг. 19 ст. Беларусь была аграрным грамадствам з элементамі гандлёвага капіталізму. Затым да самага пачатку першай святовай вайны адбывалася мадэрнізацыя гэтага грамадства, якая з рознай ступенню інтэнсіўнасці праходзіла ў эканамічнай, сацыяльнай, культурнай і палітычнай сферах. Пры гэтым на мяжы 19 – 20 ст. у Беларусі практычна склаўся ўвесь “будаўнічы набор” для станаўлення індустрыяльнага грамадства. Праўда, розныя яго элементы пакуль толькі абазначылі сваю прысутнасць і існавалі хутчэй як патэнцыял, не выявіўшы ў поўнай меры ні свае магчымасці, ні рэальную будучую сілу. Перашкаджала адсутнасць беларускай дзяржаўнасці, стварэнне якой стала галоўнай нацыянальнай праблемай пачатку 20 ст. Калі канец 18 ст. – 50-я гады 19 ст. стварылі эканамічныя ўмовы фармавання беларускай нацыі3 , другая палова 19 ст. забяспечыла эканамічную глебу для яе станаўлення, то ў пачатку 20 ст. народная гаспадарка Беларусі была цалкам здольнай выканаць ролю эканамічнай складовай нацыянальнай дзяржаўнасці.

Аналіз эканамічнага патэнцыялу Беларусі пачатку 20 ст. мэтазгодна пачаць не з эканамічных навацый, народжаных мінулым 19 ст., такіх як фабрычна-заводская вытворчасць, банкаўская справа ці стварэнне прынцыпова новых чыгуначных транспартных шляхоў, а з разгляду эвалюцыі аграрнага сектару яе эканомікі. Па-першае, ён быў эканамічнай асновай папярэдняга феадальнага перыяду; па-другое, менавіта тут былі сканцэнтраваныя асноўныя эканамічныя намаганні саміх беларусаў.

Зямля была стрыжнем феадальнага парадку, асновай ваеннай, юрыдычнай, адміністрацыйнай і палітычнай сістэмы. Яе статус і функцыі вызначаліся заканадаўча зацверджанымі нормамі. У сярэднявеччы зямля была больш чым тавар. Характар адносінаў чалавека да зямельнай уласнасці фактычна вызначаў яго месца ў феадальнай іерархіі і грамадстве. Іншая справа – рыначная эканоміка. Яна мусіла ўключаць у сябе ўсе элементы вытворчасці, у тым ліку працу, зямлю і грошы. Адмена прыгоннага права азначала разняволенне працы. Змянілася і стаўленне да зямлі. Патэнцыяльным удзельнікам зямельнага рынку мог цяпер стаць кожны, а не толькі прадстаўнік шляхецкага саслоўя. Эканамічная вартасць зямлі пры гэтым зусім не зменшылася, а, наадварот, шматразова ўзрасла. “Купляйце зямлю, – раіў чытачу амерыканскі сатырык Уіл Роджэрс, – бо яе больш не вырабляюць”. У гэтай жартаўлівай формуле болей сэнсу, чым у шматлікіх аграрных эксперыментах, якія праводзіліся на беларускай зямлі за апошняе стагоддзе.

Цэну зямлі нашыя продкі ведалі. Прычым не толькі сяляне, пра векавечнае імкненне якіх да зямлі так шмат сказана і напісана. Але і тыя, хто валодаў немалымі зямельнымі абшарамі, шматлікімі маёнткамі, якія захаваліся і пасля адмены прыгоннага права. Свет старадаўняй беларускай сядзібы склаўся ў часы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. У канцы 18 – першай палове 19 ст. зыходнай базай для эвалюцыі эканомікі па-ранейшаму з’яўлялася сельская гаспадарка. Менавіта там былі сканцэнтраваны асноўныя фінансавыя, сыравінныя і працоўныя рэсурсы. Ужо ў гэты перыяд асобныя беларускія маёнткі сталі месцам праяўлення эканамічнай ініцыятывы і імкнення гаспадарыць па-новаму. У поўную сілу гэтая тэндэнцыя праявіла сябе пасля адмены прыгоннага права.

Становішча ў аграрным сектары эканомікі Беларусі другой паловы 19 – пач. 20 ст. мае больш агульных рысаў з тагачаснай сельскай гаспадаркай Польшчы і Прыбалтыкі, чым са становішчам у вялікарускіх губернях. Асноўным адрозненнем ад агульнарасійскай мадэлі стала захаванне і ўстойлівае развіццё тут буйных і сярэдніх памешчыцкіх гаспадарак. Падмурак эканомікі кожнай беларускай сядзібы складала земляробства, асновай якога з’яўлялася вытворчасць зерневых. Галоўнай зерневай культурай было азімае жыта. Другое месца паводле значнасці належала аўсу, трэцяе месца па зборах займаў ячмень. Пачынаючы з 20-х гадоў 19 ст. у Беларусі адбывалася тое, што еўрапейскія гісторыкі называюць “бульбяной рэвалюцыяй”. Менавіта тады значна выраслі зямельныя плошчы, занятыя пад пасевы бульбы, і хутка яна стала сапраўды нацыянальнай сельскагаспадарчай культурай беларусаў. Тэхнічныя культуры – лён, канапля, хмель і некаторыя іншыя – хаця і займалі другараднае становішча, але, як правіла, абавязкова прысутнічалі ў кожным севазвароце.

У 80-90-я гады 19 ст. змены ў міжнародных эканамічных адносінах прывялі да структурнай перабудовы беларускай сельскай гаспадаркі. Цяпер жывёлагадоўля значна пацясніла земляробства. Калі раней толькі асобныя памешчыкі спрабавалі палепшыць пагалоўе мясцовай хатняй жывёлы шляхам увозу са Швейцарыі, Германіі, Галандыі пародаў, якія заваявалі прызнанне ў свеце, то цяпер такая практыка стала масавай з’явай. Змяніліся і адносіны да мясцовых пародаў. Пры развядзення хатніх жывёл імкнуліся выкарыстоўваць найноўшыя дасягненні сельскагаспадарчай навукі і замежны вопыт. Было заснавана нават таварыства па вывучэнню і распаўсюджанню мясцовай, беларуска-літоўскай пароды буйной рагатай жывёлы. Акрамя земляробства і жывёлагадоўлі, трэцяй эканамічнай апорай беларускага маёнтка была распрацоўка лясных багаццяў. Продаж лесу прыдаваў дадатковую трываласць эканамічнаму становішчу сядзібнай гаспадаркі.

Беларускія сядзібы 19 – пачатку 20 ст. не замыкаліся самі ў сабе па прынцыпу натуральнай гаспадаркі, а тысячамі “нітак” былі звязаныя з рынкам і рынкавымі адносінамі. Цалкам зразумела, што ўладальнік імкнуўся не толькі захаваць атрыманую прадукцыю, але і перапрацаваць, утылізаваць яе, арыентуючыся на спажывецкі попыт. Таму арганічнай часткай гаспадарчага сядзібнага комплексу стала тое, што ў тэрміналогіі тых гадоў называлася “сельскай прамысловасцю”. Мабыць самай характэрнай асаблівасцю і адрознай рысай беларускай сядзібы было паўсюднае развіццё вінакурэння. Некалькі радзей, хаця ў цэлым таксама даволі часта, сустракаліся піўныя бровары. Перапрацоўка бульбы вялася на крухмальных заводах. Па меры развіцця жывёлагадоўлі павялічвалася колькасць маслабойных і сыраварных заводаў. З канца 19 ст. яны былі настолькі звязаны з рынкам, што, адказваючы на запыты спажыўцоў, пераходзілі на выпуск якаснай прадукцыі, арыентуючыся на лепшыя заходнееўрапейскія ўзоры і тэхналогіі.

Агульная эканамічная тэндэнцыя гаспадарчага жыцця беларускіх маёнткаў на працягу 19 – 20 ст. заставалася практычна нязменнай. З аднаго боку гэта была ўсё больш выяўленая арыентацыя на рынак, з другога – пашырэнне вытворчасці і яе спецыялізацыя. Экстэнсіўныя метады вядзення гаспадаркі паступова змяніліся інтэнсіўнымі. Такі тып сельскагаспадарчай вытворчасці сфармаваўся ў беларускіх губернях не адразу. Асобныя яго рысы запашваліся і праходзілі строгі эканамічны адбор на працягу стагоддзя. Гэта быў шлях ад эканамічных эксперыментаў да стварэння ўстойлівай рэнтабельнай сельскагаспадарчай вытворчасці. Беларускія памешчыкі лепш за сваіх суседзяў здолелі прыстасавацца да рынкавых умоваў. У пэўнай ступені менавіта ў сферы сельскагаспадарчай вытворчасці каталіцкая шляхта ўзяла своеасаблівы эканамічны рэванш за сваё паражэнне ў трох паўстаннях супраць царызму.

На прыкладзе мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі выразна відаць, як “дух капіталізму”, паводле трапнага выказвання Макса Вэбэра4 , пранік і ў гэтую традыцыйную галіну беларускай эканомікі. Пераканаўчымі прыкладамі паспяховага вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў аграрным сектары беларускай эканомікі з’яўляюцца гаспадарка Храптовічаў, касцяк якой складалі тры асноўныя маёнткі – Бешанковічы, Вішнева і Шчорсы; маёнтак Высока-Літоўскі графіні Марыі Ксавер’еўны Патоцкай; шэраг маёнткаў у Аршанскім павеце, якія належалі памешчыкам Менжынскім. Колькасць гэтых прыкладаў можна лёгка памножыць. Своеасаблівы групавы партрэт узорных сельскіх гаспадарак Беларусі на мяжы 19 – 20 ст. утрымліваецца ў матэрыялах, сабраных Дэпартаментам земляробства Міністэрства земляробства і дзяржаўных маёмасцей5 . Гаспадаркі ў гэтым даведніку згрупаваны па губернях, даведкі па кожнаму маёнтку складзены паводле дастаткова поўнай і зграбнай схемы: адрас, уладальнік, колькасць зямлі, стан паляводства, жывёлагадоўля, птушкаводства, наяўнасць саду, хмельніку, пчольніку, лясная гаспадарка, тэхнічная вытворчасць. Найменшы памер беларускага маёнтка, узгаданага ў гэтым выданні – 150 дзес. (маёнтак Судоўшчына Мсціслаўскага пав. Уладальнік Н.М.Чарнеўскі). Найбольшы – 74720 дзес. (маёнтак ля мястэчкаў Чачэрск Гомельскага і Жлобін Рагачоўскага пав. Уладальнік граф Іп.І.Чарнышоў-Круглікаў). Усяго ў гэтым даведніку прыведзены дадзеныя пра 144 маёнткі Беларусі. Праведзенае намі дадатковае даследаванне матэрыялаў сельскагаспадарчых і ўніверсальных выставаў, як расійскіх, так і замежных, паказала, што большасць маёнткаў, названых у гэтым даведніку, неаднаразова у іх удзельнічала і атрымлівала ўзнагароды. Акрамя таго, прагляд адпаведных матэрыялаў сведчыць, што ўладальнікі гэтых гаспадарак зарэкамендавалі сябе ў якасці актыўных дзеячоў сельскагаспадарчых таварыстваў рознага профілю. Гэта дастаткова важкія аргументы на карысць сапраўднай інфармацыйнай каштоўнасці названай вышэй крыніцы.

У цэлым, у аграрным сектары беларускай эканомікі лідзіравалі тыя памешчыцкія гаспадаркі, якія здолелі прадэманстраваць сваю эканамічную ўстойлівасць у новых умовах пасля адмены прыгоннага права. Да гэтага часу склалася ўстойлівае паняцце “прыбытковы маёнтак”. Затое амаль цалкам знікла ўзгадванне пра вядзенне гаспадаркі на англійскі, нямецкі ці швейцарскі “манер”. Гэта сведчыць пра выпрацоўку ўласнай, а не запазычанай, мадэлі аграрнай вытворчасці, больш арганічнай і адаптаванай да мясцовых умоваў. Карэспандэнцыі сельскагаспадарчых перыядычных выданняў паказваюць, што сучаснікі даволі ўпэўнена называлі вядучыя сельскагаспадарчыя вытворчасці свайго часу. Калі, напрыклад, у 1912 г. Цэнтральнае Таварыства сельскай гаспадаркі ў Царстве Польскім звярнулася ў Менскае Таварыства сельскай гаспадаркі з просьбай прадставіць адрасы маёнткаў, “у якіх гаспадарка вядзецца на асновах навейшых дасягненняў навукі і практыкі, у кірунку атрымання найбольшага прыбытку з сельскагаспадарчай культуры, і ў якіх асобы, закончыўшыя курс вышэйшых навучальных установаў, маглі б з карысцю для сябе адкрываць сельскагаспадарчую практыку”, то, паводле меркавання Агульнага сходу, гэтым умовах адпавядалі гаспадаркі графа Г.Э.Чапскага, Л.Ф.Наркевіча-Іодкі, К.І.Свяціцкага, О.Ю.Свіды, Л.І.Рэгульскага, Р.А.Скірмунта, Я.В.Трускаляскай, Б.К.Залескага, М.В.Ястржэмбскага, С.А., П.С. і П.Л.Ваньковічаў6 .

На мяжы 19 – 20 ст. эканамічная селекцыя беларускіх памешчыцкіх гаспадарак практычна завяршылася. Частка з іх, напрыклад маёнтак Высока-Літоўскі, адпавядалі лепшаму святоваму досьведу вядзення сельскай гаспадаркі. Выжылі тыя, хто здолеў у поўнай меры выкарыстаць новыя эканамічныя ўмовы. А лідэрамі сталі тыя, хто, засвоіўшы рынкавыя адносіны, пайшоў далей – сваёй эканамічнай дзейнасцю стаў непасрэдна ўплываць на стан рынку. Аграрны сектар найбольш ярка і пераканаўча сведчыў пра тую вызначальную ролю ў развіцці эканомікі, якую сталі адыгрываць у новую эпоху прадпрымальнікі. Вялізныя зямельныя валоданні цяпер не маглі гарантаваць ні ўстойлівага росту, ні, хаця б, стабільнасці даходаў уладальніка. Праз сто гадоў аказаўся абсалютна непрымальным “вопыт” уладальніка мястэчка Свіслач у Гарадзенскай губ., Лагойска ў Менскай губ. і Белаполя на Украіне рэферэндарыя літоўскага графа Вінцэнта Тышкевіча (1756-1816 гг.), які караў сваіх упраўляючых, калі тыя пераўзыходзілі раз і назаўсёды ўстаноўлены гадавы прыбытак маёнтка7 . Толькі там, дзе на першы план выходзілі прадпрымальніцкія здольнасці ўладальніка, памножаныя на ўмелае выкарыстанне новых эканамічных рэалій і тэхніка-тэхналагічных навацый, стала магчымым дасягненне эканамічнага поспеху.

Кожны прыбытковы маёнтак не толькі вырабляў прадукцыю, але і ўзнаўляў, рэпрадукаваў сам сябе і свае рысы ў акаляючым эканамічным свеце. Гэта быў відавочны прыклад дасягальнага ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасці ў дадзеным рэгіёне, палігон для адпрацоўкі новых сельскагаспадарчых эканамічных мадэляў. Такія маёнткі станавіліся ўзорам для іншых землеўладальнікаў і садзейнічалі ўздыму сельскагаспадарчай вытворчасці не толькі нарошчваючы ўласную вытворчасць, але і прадаючы элітнае насенне, пародзістую жывёлу, рыхтуючы ўмелых працаўнікоў і адміністрацыю. Яны набывалі новую сельскагаспадарчую тэхніку, выконвалі яе рамонт, а часам і займаліся яе вытворчасцю. Для ўсіх, хто працаваў у такіх узорных сельскіх гаспадарках, ад упраўляючага да парабка і падзёншчыка, яны станавіліся, па сутнасці, школай авалодання новымі метадамі гаспадарання на зямлі. Гэта было відавочнае праяўленне рысаў новай эканамічнай культуры.

“Жизнь деревни, – адзначаў Мітрафан Доўнар-Запольскі, – перерабатывается под влиянием двух условий: общего роста культуры и экономических условий”8 . На пачатку 20 ст. гэтае “пераўтварэнне” дало свае вынікі. Дакладная і яркая ацэнка стану сельскай гаспадаркі і агульнага эканамічнага становішча Беларусі належыць Антону Луцкевічу: “Впрочем, несмотря на неблагоприятные условия, в крестьянском хозяйстве северо-западного края можно отметить некоторый прогресс, или, по крайней мере, тенденцию к прогрессу. Господствующая трехпольная система местами сменяется четырехпольной; примитивные орудия труда понемногу вытесняются более усовершенствованными; нередко встречается и искусственное удобрение. Стремление к переходу к хуторскому хозяйству в Белоруссии и соседних с ней губерниях проявляется сильней, чем в остальной России. В то же время среди помещичьих хозяйств часто встречаются образцовые, поставленные на капиталистических основах. В относительном (в сравнении с большей частью России) прогрессе сельского хозяйства у белорусов сильно сказывается близость границы, культурное влияние Запада, шедшее через Польшу, и торговые сношения с Европой, установившиеся еще несколько веков тому назад, благодаря удобным путям сообщения (например по рекам Неману и Западной Двине). На укрепление и развитие торговли за границей оказала свое влияние и хорошо организованная внутренняя торговля. Последняя сосредотачивается на только в немногочисленных больших городах, но производится, что особенно важно, в массе мелких местечек, населенных премущественно евреями, играющими, как известно, чрезвычайно важную роль в местной торговле; и таким образом, сельское население имеет возможность на местных рынках сбывать все, что только дает сельское хозяйство, равно как и получать нужные ему продукты, что, понятно, имеет огромное значение для сельского хозяйства”9 .

Як дзяржавай, так і грамадамі сельскіх гаспадароў і сельскагаспадарчымі гурткамі сярод сялянаў вялася актыўная прапаганда новых, перадавых метадаў агракультуры і вядзення гаспадаркі. Асабліва ажывілася яна ў час сталыпінскай аграрнай рэформы. Змянялася эканамічнае мысленне беларускага селяніна, яго разуменне ўласнасці, адносіны да працы, здольнасць да гаспадарчых навацый, праяўляліся сялянская вынаходлівасць і сялянскае прадпрымальніцтва10 . У поўнай меры гэта адчулася ўжо пасля кастрычніка 1917 г. Слуцкім паўстанцам і ўдзельнікам антыбальшавіцкага супраціву было што губляць і што бараніць.

Пад уплывам тэхнічнага перавароту цалкам змянілася аблічча беларускай прамысловасці. 19 ст. пачалося як стагоддзе пары, а завяршалася як стагоддзе электрычнасці. Прычым, з’яўленню на сваёй зямлі першых паравых рухавікоў і першай электрастанцыі Беларусь абавязана менавіта прыватнай ініцыятыве і намаганням айчынных прадпрымальнікаў. Першыя фабрыкі з паравымі рухавікамі належалі слонімскаму памешчыку і прамыслоўцу Войцэху Пуслоўскаму. У 1824 г. на р.Сож прайшлі паспяховыя выпрабаванні першага беларускага парахода, пабудаванага англічанінам-механікам Адамам Смітам па распараджэнню ўладальніка Гомельскага маёнтка графа Мікалая Румянцава. А ў 1889 г. дала ток электрастанцыя ў Добрушы – першынец беларускай электрафікацыі.

Рыначная эканоміка несла з сабой рост усіх відаў камунікацыі і інфармацыі. Няма нічога дзіўнага ў тым, што шырокія праграмы будаўніцтва новых шляхоў зносінаў (пракладванне шашы і водных каналаў, заснаванне чыгункі), узнікненне новых відаў камунікацыі (рэгулярная пошта і тэлеграф) у Расійскай імперыі ініцыявалася дзяржавай і часцей вялося за казённы кошт ці з урадавымі гарантыямі. З аднаго боку, гэта быў працяг існаваўшых у Расіі яшчэ з пятроўскіх часоў гістарычных традыцый “насаджэння” прамысловасці і тэхнічных навацый зверху, паводле царскіх ці імператарскіх указаў. З другога боку, у 19 ст., асабліва ў яго першай палове, прадстаўнікі новай групы прамыслоўцаў і памешчыкаў, цесна звязаных з рынкам яшчэ не сталі эканамічнымі “цяжкавагавікамі”, здольнымі інвеставаць немалыя сродкі ў развіццё шляхоў зносін. Гэта было пад сілу толькі дзяржаве. У адрозненне ад прыватных прадпрымальнікаў самадзяржаўе ў Беларусі ў сваіх эканамічных дзеяннях кіравалася найперш не задачамі атрымання прыбытку, а меркаваннямі агульнадзяржаўнага і ваенна-стратэгічнага характару (водныя шляхі, шаша, чыгунка, пошта, тэлеграф). Дзяржаўнае прадпрымальніцтва займалася абслугоўваннем непасрэдна ўзнікаўшых патрэбаў (Берасцейскі прыгонны цагляны завод, чыгуначнае дэпо і майстэрні, некалькі шпала-рэйкавых заводаў, хлебапякарні і сухарныя заводы ваеннага ведамства), утылізацыяй скарбовых лясоў (нешматлікія скарбавыя лесапільныя і лесахімічныя прадпрыемствы) і, у рэдкіх выпадках, імкненнем наладзіць узорную вытворчасць (Горы-Горацкі механічны завод).

Аднак, нягледзячы на такое, здавалася б, яўнае парушэнне асноўнага прынцыпу свабоднага прадпрымальніцтва, як імкненне да дасягнення максімальна магчымага прыбытку, лепшыя ўзоры скарбавых прадпрыемстваў могуць быць інтэрпрэтаваныя як прыклады прадпрымальніцкай дзейнасці, а іх кіраўнікі – аднесены да катэгорыі прадпрымальнікаў. Справа ў тым, што значэнне дзяржаўнага прадпрымальніцтва нярэдка выходзіла далёка за рамкі атрымання непасрэднай выгады і не заўсёды можа быць вымерана грашовымі даходамі саміх скарбовых прадпрыемстваў. Можна сказаць, што дзяржаўнае прадпрымальніцтва, не атрымліваючы ўласны прыбытак, павялічвала патэнцыйную магчымасць атрымання прыбыткаў прыватнымі прадпрымальнікамі. Гэта на іх, а не толькі на дзяржаву, працавалі скарбавыя чыгункі, для іх удасканальваліся водныя шляхі, будавалі шашу, пракладвалі тэлеграфныя лініі. Так, што эффект дзяржаўнага прадпрымальніцтва быў яўна вышэй даходаў ад скарбавых прадпрыемстваў.

Канешне, у сілу аб’ектыўных прычынаў Беларусь не магла стаць такім цэнтрам дзяржаўнага прадпрымальніцтва, як Урал ці Алтай з іх скарбовымі горнымі заводамі, Тула ці Іжэўск з іх ваеннай прамысловасцю, Кранштацкія ці Мікалаеўскія ваенныя карабельныя верфі. Найбольшы размах на беларускіх землях набылі дзяржаўныя намаганні па будаўніцтву шляхоў зносінаў. У першай палове 19 ст. будаваліся водныя шляхі, а пачынаючы з 60-х гадоў – чыгункі. Даволі інтэнсіўна вялася і пракладка шашы, хаця дарожная сетка ў цэлым нашмат саступала чыгунцы. Чыгунку ў Беларусі першапачаткова будавалі прыватныя акцыянерныя кампаніі, у тым ліку і з прыцягненнем замежных, напрыклад англійскіх, капіталаў. У далейшым іх будаўніцтва і эксплуатацыя сталі важнейшым відам дзяржаўнага прадпрымальніцтва. Справа ў тым, што на пачатку 80-х гадоў 19 ст., у сувязі з рэарганізацыяй сістэмы чыгуначнага транспарту Расійскай імперыі, узнікла пытанне аб выкупе прыватных чыгунак у скарб. У дадзеным выпадку Расія пайшла ўслед за такімі заходнеўрапейскімі краінамі як Бельгія і Германія, дзе чыгункі амаль цалкам перайшлі ў рукі дзяржавы. Увядзенне ў канцы 80-х гадоў дзяржаўнай манаполіі на чыгуначныя тарыфы ўзмацніла фарсіраваны выкуп прыватных чыгунак і арганізацыю скарбавага сектару чыгуначнага транспарту. Да канца стагоддзя дзяржаўнымі сталі ўсе беларускія чыгункі, за выключэннем невялікай вузкакалейнай лініі Свянцяны – Беразвеч даўжынёй 119 вёрст, якую ў 1895 – 1897 гадах пабудавала і эксплуатавала прыватнае Першае таварыства пад’яздных чыгуначных шляхоў.

Цяпер скарб стаў несці выдаткі і на будаўніцтва новых чыгунак, у тым ліку і тых, якія пракладваліся ў беларускіх губернях. Цікавы і павучальны гістарычны досьвед узнікнення і развіцця беларускага чыгуначнага транспарту варты асобнага грунтоўнага аповяду. Да пачатку першай святовай вайны пяць беларускіх губерняў мелі чыгуначныя лініі даўжынёй больш за 3800 км. Па ступені насычанасці чыгункамі яны займалі адно з першых месцаў у Расійскай імперыі. Характэрна, што ў той час з Беларусі на Захад вяло сем чыгуначных “калідораў”. (Зараз дзейнічаюць толькі два.) Адзначым, што да 1910 г. чыгуначная справа заставалася стратнай для казначэйства Расійскай імперыі. Пакрываючы штогадовы дэфіцыт з бюджэту, дзяржава фактычна датавала тых, хто карыстаўся паслугамі чыгункі. І ў прамым, і ва ўскосным сэнсе менавіта чыгункі сталі тым лакаматывам, які пацягнуў за сабой беларускую эканоміку. Яны далі ёй магутны імпульс разіцця і фактычна сталі вызначаць ход працэсаў эканамічнага развіцця і ўрбанізацыі. Сярод эканамічных паказчыкаў дзейнасці беларускай чыгункі, на наш погляд, цікавы і красамоўны баланс грузазвароту беларускіх чыгуначных станцый. Паводле нашых падлікаў, у 1913 г. імі прынята 191054 тыс. пудоў грузу і адпраўлена 206295 тыс. пудоў11 . Пераканаўчае сведчанне на карысць самадастатковасці эканомікі Беларусі тых гадоў!

Да пачатку 20 ст. тэхнічны пераварот у Беларусі быў завершаны, і ў асноўных галінах прамысловасці канчаткова зацвердзілася перамога машыннай індустрыі. Пачаўся працэс далейшага ўдасканальвання фабрычна-завадской вытворчасці12 . З 1900 па 1913 г. колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці вырасла больш чым удвая. Побач з фабрыкамі і заводамі, як і раней працягвалі сваю дзейнасць шматлікія мануфактуры, дробныя прадпрыемствы, майстэрні. Яны больш арыентаваліся на мясцовага спажыўца і больш залежалі ад перападаў эканамічнай каньюктуры. Пры захаванні той галіновай структуры вытворчасці, якая склалася ў Беларусі яшчэ ў 19 ст., амаль у кожнай галіне адбыліся якасныя змены. Па-першае, больш выразна акрэслілася роля адносна буйных прадпрыемстваў, як старых, значна мадэрнізаваных, так нанова збудаваных. Па-другое, ва ўсіх галінах ішла тэхнічная і тэхналагічная перабудова і рост энергаўзбраення праз укараненне не толькі паравых рухавікоў, але і рухавікоў унутранага спальвання і электрарухавікоў. Пры гэтым тэмпы тэхнічнага пераўзбраення ў сельскай гаспадарцы зусім не саступалі прамысловасці і нават перавышалі фабрычна-заводскія паказчыкі. Так, у 1901 г. у пяці беларускіх губернях налічваўся 1321 фабрычна-заводскі паравы кацёл і 165 сельскагаспадарчых паравых катлоў (суадносіны – 8:1). У 1914 г. колькасць фабрычна-завадскіх катлоў вырасла ў 1,7 раза (2267 шт.), а сельскагаспадарчых – у 3,3 раза (543 шт.) Цяпер суадносіны складалі 4:113 .

Якасныя змены ў эканоміцы пераканаўча ілюструюцца становішчам лясной справы. Так, паралельна з вывазам сырога лесу, у Беларусі ўзнікла шматгаліновая прамысловая пераапрацоўка лясных рэсурсаў. Лідэрам папяровай прамысловасці заставалася Добрушская папяровая фабрыка (у 1913 г. вырабіла 10 тыс. тон паперы на суму 3 млн. руб. пры 1400 рабочых). Значнымі памерамі вытворчасці вылучаліся папяровыя фабрыкі ў Шклове і ў Лепельскім пав. (“Скіна”). Вытворчасць шпалераў была сканцэнтравана ў Менску – чатыры шпалерныя фабрыкі. Адным з буйнейшых у Расійскай імперыі прадпрыемстваў лесахімічнай прамысловасці быў Выдрыцкі завод сухой перагонкі драўніны ў Аршанскім пав. (у 1913 г. выраблена прадукцыі на 500 тыс. руб. пры 450 рабочых). У якасці высокатэхнічнай вытворчасці, дзе беларускім прадпрыемствам належала значнае месца, трэба назваць вытворчасць запалак. Запалкавыя фабрыкі былі ў Пінску, Мазыры, Барысаве, Нова-Барысаве, Новабеліцы, Койданаве, Вішневе, Рэчыцы, Слоніме, Бабруйску. Некалькі даволі буйных прадпрыемстваў выпускалі запалкавую саломку, якая знаходзіла попыт і за межамі беларускіх губерняў, ішла па-за дзяржаўную мяжу, напрыклад, у ЗША (прадукцыя фабрыкі запалкавай саломкі ў Крупках Сененскага пав. Магілёўскай губ.).

Вынаходніцтва фанеры прывяло да ўзнікнення на мяжы 19 – 20 ст. шэрагу спецыялізаваных фабрык і асобных цахоў на лесаперапрацоўчых заводах Беларусі. Практычна манапольнае становішча ў Расійскай імперыі мела Пінская фабрыка драўляных абутковых цвікоў, якая належала сям’і Лур’е14 .

Патрэбы чыгункі абслугоўвалі шпаларэйкавыя заводы, буйнейшыя з якіх дзейнічалі на станцыі Лунінец (Адчынены ў 1902 г. У 1910 г. працавала 135 рабочых, выраблена прадукцыі на 115 тыс. руб.) і Мазыры (у 1910 г. – 334 рабочых, кошт прадукцыі – 216 тыс. руб.).

Акрамя лесу, іншы традыцыйны беларускі тавар лён, таксама стаў выступаць на рынку не толькі ў якасці першапачатковай сыравіны. З 1900 г. выпрацоўку суравай і беленай ільняной пражы пачала ільнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” ў Віцебску (у 1910 г. – 110 рабочых, 3 рухавікі ў 1750 конскіх сіл, вытворчасць 120 тыс. пудоў пражы на 1,5 млн. руб.)15 . Іншая буйная ільнопрадзільная фабрыка была заснавана ў 1902 г. у вёсцы Высачаны Аршанскага пав. (у 1910 г. – 477 рабочых, 4 рухавіка ў 440 конскіх сіл, кошт прадукцыі 455 тыс. руб.)16 . Адкрыццё ў 1901 г. ў мястэчку Дуброўна Горацкага пав. ткацкай фабрыкі па выпрацоўцы баваўняна-паперных, шаўковых і джутавых тканін (у 1910 г. – 488 рабочых, кошт прадукцыі 622,6 тыс. руб.)17 прывяло да структурных зменаў у тэкстыльнай прамысловасці: скарацілася доля фабрык па вытворчасці ваўняных тканін.

Да структурнай перабудовы ў шкляной прамысловасці належыць разгортванне вытворчасці крыштальнага шкла і шкла для газавых лямпаў, шкляных электраізалятараў. На заводзе ў м.Альберціне Слонімскі пав. у 1913 г. пачаўся выпуск электралямпачак.

У харчовай прамысловасці буйнейшым прадпрыемствам заставалася Гарадзенская тытунёвая фабрыка (у 1913 г. – 1400 рабочых, кошт прадукцыі 3,5 млн. руб.). Колькасць вінакурных заводаў трохі зменшылася, але вытворчасць вырасла за кошт узбуйнення прадпрыемстваў і паляпшэння тэхналогіі. Перад Першай святовай вайной Менская губ. выйшла на першае месца ў Расійскай імперыі па вытворчасці спірту18 . Менавіта тады эканоміка Беларусі, і, у першую чаргу, яе прамысловасць і транспарт, перажывалі пачатковы перыяд сваёй індустрыялізацыі.

Банкаўская справа, як вяршыня арганізацыі грашовага абароту, уводзіць вертыкальную інтэграцыю ў плоскі свет эканамічных ініцыятываў. Разам з ёй з’яўляецца дакладная іерархія, раней выяўленая даволі слаба. Банкі надбудоўваюць свет эканомікі. Банкірскае: “на пачатку былі грошы”, замяняе біблейскае: “на пачатку было слова”. Эканоміка патрабавала капіталаў і іх абароту. Функцыянаванне фінансава-крэдытных установаў забяспечвала работу эканамічных механізмаў і служыла пераканаўчым індыкатарам эканамічных працэсаў. Сітуацыя ў сферы фінансаў і крэдыту з’яўляецца не толькі і не столькі колькасным, колькі якасным паказчыкам становішча справаў у народнай гаспадарцы. На тэрыторыі беларускіх губерняў банкаўская справа ўяўляла сабой камбінацыю дзяржаўных і прыватных, як акцыянерных, так і індывідуальных (у асноўным дысконцеры і банкірскія канторы), крэдытна-фінансавых установаў. Прычым паралелізм у дзеяннях дзяржавы і прыватных прадпрымальнікаў назіраўся і ў асобных галінах крэдытнай дзейнасці – камерцыйным крэдыце, іпатэцы, пазыкова-зберагальнай справе. Свой адбітак на станаўленне банкаўскай структуры Беларусі другой паловы 19 – пачатку 20 ст. зрабіў таксама саслоўны падзел Расійскай імперыі. Існавалі асобныя зямельныя іпатэкі для дваранаў і сялянаў.

Стварэнне паўнавартаснай крэдытна-банкаўскай сістэмы ў Расійскай імперыі пачалося з заснавання ў 1860 г. Дзяржаўнага банка. Затым з’явіліся прыватныя камерцыйныя банкі, іпатэчныя банкі, гарадскія банкі і іншыя крэдытныя арганізацыі. Беларускія землі, будучы на той час часткай Расійскай імперыі, не засталіся ў баку ад гэтага працэсу. У 1870 – 1914 гг. у Беларусі дзейнічалі 9 банкаў і 48 банкаўскіх аддзяленняў, шматлікія банкірскія канторы, крэдытныя арганізацыі, пазыка-зберагальныя таварыствы. Самы актыўны ўдзел у стварэнні гэтай сеткі крэдытна-фінансавых установаў прынялі прадпрымальнікі жыдоўскага паходжання. Прычым, у сілу шэрагу гісторыка-эканамічных асаблівасцяў, у беларускіх губернях у гэтай справе ім належала выключная роля19 . Аддзяленні Дзяржаўнага банка былі адчынены ва ўсіх губернскіх гарадах Беларусі – Гародні, Вільні, Менску, Магілёве, Віцебску. Губернскія аддзяленні Дзяржбанка мелі права крэдытаваць прамысловасць і гандлёвую дзейнасць. Гэта выглядала даволі прыцягальна для мясцовых прадпрымальнікаў.

Дзейнасць аддзялення ў сферы камерцыйнага крэдыту па сваёй структуры і накіраванасці была даволі стабільнай, вагаўся толькі памер крэдытаў, іх агульная сума, а таксама колькасць атрымальнікаў. Так, у 1887 г. крэдытамі Менскага аддзялення Дзяржбанка карысталіся 152 кліенты. Асноўным кірункам аперацый было крэдытаванне лясной прамысловасці і ляснога гандлю - 38 крэдытаў, што склала чвэрць ад усіх выдадзеных. Яшчэ 49% крэдытаў прызначалася для вядзення гандлю не толькі лесам, але і іншымі таварамі. Два крэдыты атрымалі банкаўскія канторы (М.Паляка і Вэйсбрэма і менскага купца 1-й гільдыі М.Б.Браўдэ), тры крэдыты ўзялі фабрыканты, прычым двое з іх былі жыдамі – А.Б. Фрумкін (піўны бровар) і Н.Я.Якабсан (чыгуна-ліцейны завод). Астатнія крэдыты прызначаліся для вядзення гандлёвых аперацый пераважна жыдамі-купцамі. Памер крэдытаў вагаўся ў межах ад паўтысячы да 40 тыс. руб.20 Становішча не змянілася і праз дваццаць гадоў. У 1909 г. агульная сума крэдытаў Менскага аддзялення Дзяржбанка (2,8 млн.руб.) размяркоўвалася наступным чынам: лясная справа – 46,9 %, грашовыя аперацыі – 18,9 %, мясцовы гандаль – 17,3 %, фабрычна-завадскія прадпрыемствы – 14 %, сельская гаспадарка – 2,9 %21 . Як і раней, асноўнымі атрымальнікамі камерцыйных крэдытаў Менскага губернскага аддзялення Дзяржбанка заставаліся прадпрымальнікі-жыды.

Пры гэтым, у Беларусі, як, дарэчы, і па ўсіх абшарах “рысы аседласці”, рэаліі эканамічнага жыцця і тая значная роля, якую адыгралі ў ёй прадпрымальнікі-жыды, уваходзілі ў яўную супярэчнасць з афіцыйным палітычным курсам самадзяржаўя па “жыдоўскім пытанні”. І палітыка вымушана была падпарадкавацца эканоміцы: прызначэнне жыдоў сябрамі Уліковых камітэтаў мясцовых аддзяленняў Дзяржбанка па сутнасці парушала забарону на заняцце імі дзяржаўных пасадаў, а аддзяленні Дзяржбанка, абслугоўваючы і крэдытуючы прадпрымальнікаў-жыдоў, тым самым аказвалі ім дзяржаўную падтрымку. Усё гэта яўна разыходзілася з афіцыйнай дактрынай “барацьбы з жыдоўскім засіллем” у эканоміцы.

У 60 – 70-я гады 19 ст., адначасова з распрыгоньваннем сялянаў ішоў працэс “распрыгоньвання капіталаў”. Бум арганізацыі прыватных акцыянерных камерцыйных банкаў ахапіў усю краіну. Першым, у 1864 г. быў адчынены Пецярбургскі Прыватны банк, праз год з’явіўся Маскоўскі Купецкі банк. На працягу пяці гадоў (1864 – 1868 гг.) было арганізавана шэсць акцыянерных банкаў, у наступныя пяць гадоў – яшчэ 33 банкі22 . Прыклад Пецярбурга і Масквы ў арганізацыі камерцыйных банкаў паўплываў і на іншыя рэгіёны. Яны вельмі востра адчувалі патрэбу адкрыцця мясцовых банкаў. Так, магілёўскі губернатар, на разгляд якога ў 1871 г. быў прадстаўлены праект Магілёўскага камерцыйнага банку, падкрэсліў: “При неимении в г.Могилёве кредитного учреждения, производящего ссуды, заем денег, преимущественно у местных капиталистов-евреев, чрезвычайно затруднителен и обходится весьма дорого … устройство в Могилёве коммерческого банка может поэтому благоприятно повлиять на развитие в губернии торговли и сельской промышленности”23 . Адразу адзначым, што спроба “русіфікацыі” прыватнага крэдыту не мела поспеху. Развіццё крэдытна-фінансавых установаў у беларускіх губернях ішло як пры самым актыўным удзеле жыдоўскіх капіталаў, так і з выкарыстаннем багацейшага вопыту вядзення грашовых аперацый жыдамі-фінансістамі.

Аднак першы ў Беларусі акцыянерны камерцыйны банк быў адчынены не ў Магілёве, а ў Менску. Верагодна, гэта пацвярджае думку І.І.Левіна, пра непасрэдную сувязь заснавання банкаў і будаўніцтва чыгунак24 . У Магілёве чыгуначнага руху не было да 1902 г., а Менск у 1873 г. стаў месцам перасячэння двух важнейшых чыгуначных магістралей – Маскоўска-Берасцейскай і Лібава-Роменскай. 10 верасня гэтага года пачаў дзейнасць Менскі Камерцыйны банк. Асноўны капітал пры яго заснаванні склаў 1 млн. руб. Згодна свайму статуту, банк меў права на ўлік расійскіх і іншаземных векселяў; выдачу пазыкаў пад заклад; атрыманне плацяжоў па векселях і іншых тэрміновых дакументах і каштоўных паперах; плацяжы і перавод грошай ва ўсе месцы, дзе знаходзіліся яго аддзяленні, камісіянеры ці карэспандэнты; куплю і продаж дзяржаўных і прыватных каштоўных папераў і металаў; прыём укладаў (тэрміновых, бестэрміновых і на бягучы рахунак); прыём на захаванне каштоўных папераў і іншых каштоўнасцяў. З аднаго боку, Менскі Камерцыйны банк знаходзіўся пад уплывам Пецярбургскіх Уліковага і Пазыковага банкаў25 , з другога – ён сам пашыраў сваю дзейнасць, адчыняючы аддзяленні ў іншых гарадах Расійскай імперыі. Першапачаткова такія аддзяленні існавалі ў Лібаве, Ромнах, Канатопе і Гомелі. Самым буйным было Лібаўскае аддзяленне. Так, у 1891 г. яно прынесла 46 тыс. руб. чыстага прыбытку, у той час як усе астатнія ў сукупнасці – 33,5 тыс. руб.26 Затым аддзяленні Менскага камерцыйнага банка адчыніліся ў Жытоміры, Магілёве, Белай Царкве, Чаркасах, Пінску, Варажбе, Сумах, Роўне, Прылуках, даволі дакладна вызначыўшы эканоміка-геаграфічную сферу яго дзейнасці – беларуска-ўкраінскія абшары “рысы аседласці”.

Пік дзейнасці Менскага камерцыйнага банка прыйшоўся на 1897 г. З лістапада гэтага года яго акцыі ўпершыню пачалі каціравацца на Пецярбургскай біржы і пры сваёй намінальнай вартасці ў 250 руб. прадаваліся за 310 руб. У пададзенай на імя міністра фінансаў С.Ю.Вітэ запісцы, праўленне Менскага камерцыйнага банку ўказвала, што “банк теряет свой первоначальный характер исключительно местного минского кредитного учреждения … Учтённые векселя и другие обязательства, благодаря установившейся денежной реформе, переучитываются и помещаются за границей”. Праўленне хадайнічала аб пераіменаванні банка ў Заходне-Рускі Уліковы банк27 . Аднак, яшчэ ў 1895 г. большая частка акцый Менскага Камерцыйнага банка патрапіла ў рукі Пецярбургска-Азоўскага банка, які кантралявала сям’я Паляковых, і які меў у Менску сваё аддзяленне. Гэта прадвызначыла яго далейшы лёс. На Пецярбургскай біржы ў 1899 – 1906 гг. цэны на акцыі Менскага Камерцыйнага банка ўпалі з 325 да 200 руб., прычым начынаючы з 1905 г. іх продаж вёўся нават ніжэй намінальнага кошту ў 250 руб. З 1906 г. аперацыі банка рэзка пайшлі на спад. 31 ліпеня 1908 г. надзвычайны агульны сход акцыянераў пастанавіў распачаць ліквідацыю справаў, а 15 красавіка 1912 г. праўленнем Менскага Камерцыйнага банка быў зацверджаны дагавор з Азова-Данскім банкам аб канчатковай рэалізацыі яго актываў і пасіваў28 .

Ліквідацыя самага буйнага мясцовага беларускага банку не прывяла да развалу ўсёй крэдытна-банкаўскай сістэмы рэгіёна. Вызваленае поле хутка занялі іншыя гульцы – беларускія аддзяленні буйнейшых усерасійскіх камерцыйных банкаў. Як дзяржаўнае, так і прыватнае камерцыйнае крэдытаванне ўзаемадзейнічалі самым цесным і непасрэдным чынам. Калі Дзяржаўны банк знаходзіўся ў цэнтры крэдытна-фінансавай сістэмы Расійскай імперыі, дык яго губернскія аддзяленні выконвалі такую функцыю на месцах. Пры гэтым іх уплыў не абмяжоўваўся толькі прамым фінансаваннем мясцовых камерцыйных банкаў і іх аддзяленняў і наглядам за іх дзейнасцю. Дзейнічалі і больш тонкія механізмы, бачныя толькі пасля аналізу персанальнага складу банкаўскай адміністрацыі. Напрыклад, купцы А.Е.Лур’е і Б.М.Пінес уваходзілі ва Уліковы камітэт Менскага Камерцыйнага банку, менскі купец 1-й гільдыі М.І.Шабад быў сябрам Уліковага камітэту Менскага аддзялення Паўночнага банку, менскі купец 2-й гільдыі Б.С.Гольдберг – сябрам Уліковага камітэта Менскага аддзялення Паўночнага банку. Адначасова ўсе яны ўваходзілі ва Уліковы камітэт Менскага аддзялення Дзяржаўнага банку.

У ценю фінансавых магнатаў дзейнічалі, а нярэдка і квітнелі фінансавыя прадпрымальнікі рангам ніжэй: уладальнікі банкірскіх кантораў, мяняльных кропак і асобныя дісконтэры (прыватныя асобы, якія займаліся ўлікам векселяў). Да студзеня 1910 г., паводле даных Міністэрства фінансаў, у імперыі налічвалася 287 банкірскіх кантор і 88 мяняльных кропак. Па колькасці банкірскіх кантор першае месца займалі літоўска-беларускія губерні (99 кантор), затым ішлі прывіслінскія (42) і паўднёвыя (33) губерні29 . Абсалютная большасць банірскіх кантор належала жыдоўскаму капіталу. Банкірскія канторы і дысконтэры бліжэй за ўсіх знаходзіліся да свайго кліента. Можна сказаць, што яны літаральна ішлі ўслед за ім. Многія сумяшчалі банкірскія аперацыі з вядзеннем гандлю, а часам з валоданнем якім-небудзь прамысловым прадпрыемствам. Банкірскія канторы бралі за свае аперацыі такі ж працэнт, як і прыватныя банкі альбо на 1,5-2% вышэй Дзяржаўнага банка, а больш дробныя канторы, у залежнасці ад кліентуры і паслугаў, бралі ад 12 да 24%.

Геаграфія распаўсюджання банкірскіх кантораў і раёнаў дзеяння асобных дысконтэраў была надзвычай шырокай: ад губернскіх і павятовых гарадоў да невялікіх мястэчак30 . Самыя буйныя з іх канцэнтравалі немалыя грашовыя сродкі і выступалі, па сутнасці, як міні-банкі. Пра гэта сведчыць адкрыццё некаторымі мясцовымі банкірскімі канторамі сваіх філіяў, у тым ліку і за межамі беларускіх губерняў. Так, менская банкірская кантора “С.І.Ельясберг” (існавала з 1878 г.) мела свае аддзяленні ў Царыцыне і Уральску; слонімская банкаўская кантора “Перліс і Гінцбург” (дзейнічала з 1885 г.) – у Беластоку і Ваўкавыску, пінская банкірская кантора “Ідэль Самуіл Лур’е” (існавала з 1866 г.) – у Мазыры. У сваю чаргу, напрыклад у Берасці, дзейнічалі аддзяленні беластоцкай банкірскай канторы “А.Городзішч” і варшаўскай “Салавейчык і Моргенштэрн”31 .

Немалаважную ролю, асабліва ў эканамічных умовах беларускіх губерняў, адыгрывалі Таварыствы ўзаемнага крэдыту. Гэта былі невялікія крэдытныя установы, заснаваныя на прынцыпе калектыўнай адказнасці сваіх сяброў. У Беларусі першыя такія таварыствы з’явіліся ў 1874 г. у Менску, Магілёве і Віцебску. Асабліва бурны рост колькасці крэдытных таварыстваў у беларускіх губернях, як, дарэчы, і па ўсёй Расійскай імперыі, назіраўся ў гады эканамічнага ўздыму перад Першай святовай вайной. Гэты працэс ахапіў не толькі губернскія і павятовыя гарады, але і мястэчкі і вёскі. Таварыствы ўзаемнага крэдыту ажыццяўлялі крэдытаванне сваіх сяброў за кошт іх уступных складак (зваротны капітал) і мабілізаваных пасіваў. Яны вялі тыя ж аперацыі, што і акцыянерныя банкі, за выключэннем куплі каштоўных папераў за ўласны кошт (таварыствам дазвалялася набываць каштоўныя паперы толькі за кошт кліентаў). Калі банкі мелі справу, у асноўным, з вельмі багатай кліентурай, то сярэднія і дробныя прадпрымальнікі больш карысталіся паслугамі таварыстваў узаемнага крэдыту. Часта такія таварыствы насілі спецыялізаваны характар, абслугоўваючы пэўныя галіны эканомікі. Напрыклад, перад Першай святовай вайной у Менску акрамя старэйшага Менскага крэдытнага таварыства дзейнічала Купецкае таварыства ўзаемнага крэдыту (з 1911 г.), Лесапрамысловае таварыства ўзаемнага крэдыту (з 1914 г.), Гарадское крэдытнае таварыства (з 1896 г.), Рамеснае крэдытнае таварыства (з 1901 г.). Назвы гэтых таварыстваў даволі ясна ўказваюць на тое, хто ўваходзіў у іх склад.

Нярэдка крэдытныя таварыствы мелі даволі высокія паказчыкі эфектыўнасці сваёй работы. Полацкае таварыства ўзаемнага крэдыту на працягу больш дзесяці гадоў (1894 – 1905 гг.) штогод выплочвала дывідэнты па 15%. А максімальны дывідэнт Пінскага таварыства ўзаемнага крэдыту дасягнуў 17%32 . Правілы эканамічнай гульні, зададзеныя крэдытна-банкаўскімі структурамі, аб’ядноўвалі ў адзіны арганізм увесь цыкл вытворчасці – ад здабычы і апрацоўкі першасных сыравінных рэсурсаў да выпуску гатовай прадукцыі і яе рэалізацыі. Адпаведна, з гэтымі структурамі былі звязаны практычна ўсе сферы эканамічнай дзейнасці – прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт, гандаль – і, як вынік, у банкаўскай справе прадпрымальнік не жадаў ды і не мог засяродзіцца выключна на праблемах грашовага звароту. Эканоміка Беларусі не была ў гэтых адносінах выключэннем. Крэдытна-фінансавая сістэма Беларусі другой паловы 19 – пачатку 20 ст. з’яўлялася непасрэдным адлюстраваннем беларускіх эканамічных рэаліяў. Сярод беларускіх прадпрымальнікаў, меўшых свае інтарэсы ў сферы банкаў і крэдыту, мы бачым памешчыкаў, фабрыкантаў і купцоў.

Яшчэ раней ролю інтэгратара эканамічных намаганняў выконваў гандаль. З гэтым відам прадпрымальніцтва былі знаёмыя ўсе пласты насельніцтва, якія так ці інакш сутыкаліся з ім у сваім жыцці. Для некаторых заняткі гандлем сталі прадметам прафесійнай дзейнасці. Гіпертрафіруючы значэнне вытворчасці і вытворчых адносінаў, марксізм бачыў у гандлі і рынкавых каштоўнасцях выключна вынікі, не заўважаючы, што яны адначасова з’яўляюцца і прычынамі прымаемых людзьмі рашэнняў33 . Менавіта з купецтвам звязана першае ў Расіі прафесійнае прызнанне статуса прадпрымальніка. Увядзенне купецкіх гільдый замацавала выдзяленне купцоў у асобнае саслоўе. Па сутнасці, гэта было першае публічнае, юрыдычна аформленае прызнанне грамадствам значнасці гэтай катэгорыі насельніцтва, а калі браць шырэй, дык і першае грамадскае прызнанне ролі прадпрымальнікаў у соцыуме. Адначасова гэта сведчанне новай ролі эканомікі і капіталу, парушэнне старога феадальнага прынцыпу залічэння ў саслоўе па спадчыне, праз падараванне ці прафесійную прыналежнасць. Купецтва было адзіным саслоўем, для ўступлення ў якое патрэбна было заплаціць пэўныя грашовыя складкі.

У першай палове 19 ст. найбольш значнымі фігурамі ў свеце тавараў былі купцы, занятыя арганізацыяй і вядзеннем кірмашовага гандлю. Урбанізацыя Беларусі, пачынаючы з 60-х гг. 19 ст. прывяла да значнага росту рознічнага гандлю, і, адпаведна, да пашырэння прадпрымальніцтва ў гэтай вобласці. На пачатку 20 ст., на завяршальным этапе сваёй гісторыі беларускае купецтва ўяўляла сабой даволі дыферэнцаванае асяроддзе, строга распісанае паводле сферы заняткаў, свайго маёмаснага становішча і вагі ў грамадстве. Пэўную, хаця і не рашаючую ролю ў гэтым адыгрывала захаванне гільдзейскай арганізацыі купецкага саслоўя. Стратыграфія купецтва ў цэлым адпавядала паверхам беларускага гандлю – біржам, кірмашам, аптовым складам, рознічнаму гандлю. Сведчаннем трансфармацыі беларускага гандлю стала наяўнасць у ім на пачатку 20 ст. поўнага спектру вядомых на той час формаў яго арганізацыі.

Традыцыі гандлю на тэрыторыі Беларусі маюць сваю даўнюю гісторыю. Да 18 ст. даволі выразна выявіліся асноўныя тэндэнцыі і асаблівасці беларускага гандлю: шматвектарнасць і значная доля экспартна-імпартных аперацый, гандлёвае пасрэдніцтва і ўдзел у транзітным гандлі, актыўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў камерцыйную дзейнасць34 . Гэтыя рысы захаваліся і пасля ўключэння ў канцы 18 ст. беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі, але былі дапоўнены шэрагам адрозненняў. У рамках Расійскай імперыі былі знятыя мытныя перашкоды для перамяшчэнняў беларускіх тавараў. Эканамічная эвалюцыя ў 19 – пачатку 20 ст. сельскай гаспадаркі і прамысловасці трансфармавалі склад і структуру прапануемых рынкам тавараў. Вызначальным для развіцця гандлю стала інтэнсіўнае будаўніцтва водных сістэмаў і каналаў у канцы 18 – першай палове 19 ст. і чыгунак у другой палове 19 – пач. 20 ст. Свой уклад унесла і ўдасканальванне інфраструктуры рынку, яго інфармацыйнае забяспечанне, з’яўленне тэлеграфа і тэлефона, станаўленне камерцыйнай крэдытна-банкаўскай сістэмы, пачынаючы з 60-70-х гг. 19 ст. Змянілася аблічча спажывецкага рынку, асабліва пасля адмены прыгоннага права і ў ходзе працэсаў індустрыялізацыі і ўрбанізацыі, што, у сваю чаргу, вяло да зменаў формаў і метадаў гандлю, як аптовага, так і рознічнага.

Старыя традыцыі і новыя тэндэнцыі прама і ўскосна ўплывалі на становішча тых прадпрымальнікаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў арганізацыі гандлёвага працэсу. Змена дзяржаўнай прыналежнасці беларускіх земляў для мясцовага купецтва і гандляроў, як, дарэчы, і для ўсіх катэгорый насельніцтва, азначала кардынальную змену іх юрыдычнага статусу. Цяпер яны падпарадкоўваліся строгаму саслоўнаму падзелу царскай Расіі і іх дзейнасць рэгламентавалася прававой і адміністрацыйнай сістэмай самадзяржаўя. У залежнасці ад велічыні капіталу беларускае купецтва набывала пасведчанні гільдзейскіх купцоў. Прыналежнасць да купецкага саслоўя вызваляла ад рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і давала некаторыя іншыя ільготы. Паняцце “купец” першапачаткова азначала амаль выключна прадпрымальніка-гандляра. Аднак па меры пашырэння маштабаў і ўскладнення формаў гаспадарчай дзейнасці купецкая саслоўная група пачынае аб’ядноўваць прадстаўнікоў розных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Штучнае аб’яднанне на працягу ўсяго 19 ст. прадпрымальнікаў з розных сфераў эканомікі ў купецкае саслоўе служыць добрым паказчыкам таго, наколькі прыпазнялася царскае заканадаўства ва ўсведамленні новых эканамічных, ды і палітычных рэаліяў.

У гандлёвым асяроддзі Беларусі не склалася ўстойлівых дынастый першагільдзейскага купецтва, якія былі, напрыклад, у Расіі. Гэта не з’яўляецца сведчаннем слабога развіцця гандлёвых адносін ці няўмення гандляваць. Прычыну трэба шукаць у асаблівасцях эканомікі, нацыянальным складзе і сацыяльна-прававым статусе беларускага купецтва тых часоў. У прынцыпе, размах гандлёвых аперацый дазваляў асобным прадстаўнікам купецтва набываць купецкія пасведчанні 1-й гільдыі. Аднак у далейшым яны пераважна звязвалі свой лёс з агульнарасійскім рынкам. Ёмістасць унутранага беларускага рынку запаўнялася ў асноўным намаганнямі купцоў 2-й і 3-й гільдый і гандлярамі, што цалкам адпавядала наяўнасці ў Беларусі пераважна малых і сярэдніх прадпрыемстваў, мноства мястэчак і параўнальна невялікіх гарадоў. Купцам 1-й гільдыі ў Беларусі станавілася “цесна”, і яны імкнуліся за яе межы, часам асвойваючы новыя сферы эканамічнай дзейнасці, як гэта здарылася, напрыклад, з сем’ямі Гінцбургаў ці Паляковых.

На памкненні купцоў з беларускіх губерняў атрымаць гільдзейскае пасведчанне 1-й ступені не менш, а нават можа і больш моцна, чым эканамічныя рычагі, аказвалі ўплыў і саслоўна-прававыя меркаванні. Справа ў тым, што для купцоў 1-й гільдыі жыдоўскага паходжання здымаліся абмежаванні, накладзеныя т.зв. “рысай аседласці”. Такое права было ім нададзена ў 1859 г., але пры ўмове, што яны былі ў купцах 1-й гільдыі не менш двух гадоў да выдання гэтага закона і не менш пяці гадоў пасля. Імкненне выйсці за межы заканадаўчых абмежаванняў часам было настолькі вялікім, што купцы-жыды не спыняліся нават перад працяглымі судовымі працэсамі, абараняючы сваё права на свабоду перамяшчэння і неабмежаванага вядзення гандлёвай дзейнасці. Напрыклад, пасля адмовы ў сакавіку 1883 г. Маскоўскай казённай палатай аршанскаму купцу 1-й гільдыі Натансону на залічэнне ў маскоўскае першагільдзейскае купецтва, ён абскардзіў гэтую пастанову ў Сенаце і дабіўся яе змены на сваю карысць35 .

Маёмасная і сацыяльная іерархія сярод прадпрымальнікаў, занятых гандлёвай дзейнасцю з’яўляецца “адбіткам” і паўтарае склаўшуюся канфігурацыю рынку, формы і метады гандлю. У гэтай сувязі патрэбна звярнуць увагу на пашыраны тэзіс беларускай гістарыяграфіі пра развіццё на працягу 19 ст. стацыянарнага гандлю і паступовым згортванні кірмашовага36 . Гэтая выснова, безумоўна, адпавядае гістарычнай рэчаіснасці, але, на жаль, перад намі толькі канстатацыя факту. Статыстычныя даныя фіксуюць колькасць кірмашоў, час і месца іх правядзення, кошт прывезеных і прададзеных тавараў, часам – іх асартымент. Больш тонкія назіранні дазваляюць зрабіць комплексны аналіз усіх сегментаў рынку і прычын, якія на яго ўплывалі.

Несумненна, гандаль развіваўся і шырыўся, ішоў за спажыўцом, асвойваў новыя тэрыторыі і прыцягваў да прафесійнай камерцыйнай дзейнасці ўсё новых людзей. Губернскія справаздачы фіксуюць няўхільнае павелічэнне колькасці дакументаў, якія выдаваліся на права вядзення гандлёвай дзейнасці. Колькасна гэта праяўлялася ў росце гандлю на кірмашах, у крамах і магазінах, у тым, што паводле выказвання Фернана Брадэля, складае “ніжэйшы паверх” рынкавай эканомікі37 . Аднак, гэта не суправаджалася заняпадам і застоем на яе “вышэйшым паверсе”, у сферы аптовага гандлю. Новай з’явай стала адкрыццё, пачынаючы з апошняй чвэрці 19 ст., аптовых складоў і прадстаўніцтваў гандлёвых фірмаў. Толькі ў Менску ў 1899 г. мелася 26 складаў аптовага гандлю38 . Тады ж новай фігурай у гандлёвым свеце стаў каміваяжэр – раз’яздны агент гандлёвай фірмы, які прапаноўваў пакупнікам тавары паводле наяўных узораў і каталогаў39 .

Працягвала сваё існаванне і традыцыйная форма аптовага гандлю – кірмашы. Яны па-свойму рэагавалі на новыя эканамічныя рэаліі. Наяўнасць кірмашоў азначала прысутнасць эканамічнага патэнцыялу ў даным рэгіёне, мястэчку ці горадзе. Просьбы дазволіць правядзенне новых кірмашоў, якія неаднаразова сустракаюцца ў архіўных дакументах 19 ст., сведчылі пра ажыўленне эканамічнай дзейнасці ў дадзенай мясцовасці. Несумненны ўплыў на развіццё кірмашовага гандлю аказвала і практычнае вызваленне яго на працягу 1754 – 1881 гг. ад усялякіх пабораў. Стацыянарны гандаль пахваліцца такім рэжымам спрыяння не мог40 .

Буйныя кірмашы толькі паступова здавалі свае пазіцыі, прычым саступаючы не столькі кан’юктуры рынку, колькі павевам тэхнічнага прагрэсу. Пошта, тэлеграф і газеты з іх аператыўнасцю і даступнасцю ў значнай меры парушылі манаполію кірмашоў, як месца па абмену інфармацыяй паміж удзельнікамі рынку, а такі ўніверсальны і рэгулярны транспартны сродак, як чыгунка, у значнай меры прыняў на сябе аб’ёмы, якія раней канцэнтраваліся на кірмашах. Усё гэта адзначалася ў работах эканамістаў пачатку 20 ст.41 Але адначасова яны падкрэслівалі, што “при современном уровне культурно-экономического и торгово-промышленного развития России за ярмарками еще остается весьма видное и почетное место в деле товарообмена; в качестве торгового реактива, они, быть может, не скоро еще сойдут со сцены нашей хозяйственной жизни… Как бы не падало значение ярмарки в этом направлении, все же нужно признать, что ярмарки еще достаточно жизнеспособны, ибо старый уклад хозяйственной жизни России в целом далеко еще не разрушен”42 , “ярмарочная форма торговли долго еще будет играть серьезную, для некоторых районов и необходимую, роль в России”43 .

Гэтая выснова справядлівая і для беларускай эканомікі. Напрыклад, нават у канцы 80-х гадоў, ужо ў новых умовах, захоўваў сваё значэнне славуты Бешанковіцкі Петрапаўлаўскі кірмаш. І гэта нягледзячы на даволі рэзкае падзенне яго абаротаў: у 1881 г. прывезена тавараў на 234 310 руб., прададзена – на 106 251 руб.; у 1882 г. прывезена – на 176 900 руб., прададзена – на 71 430 руб.; у 1887 г., адпаведна – 74 790 руб. і 20 180 руб.44 За архаікай кірмашовай формы хаваліся больш тонкія механізмы кірмашовага жыцця, не даваўшыя яму згаснуць. Справа ў тым, што гандаль у Бешанковічах, як адзначаў тамтэйшы павятовы спраўнік, “большею частью производится оптом и не на наличные деньги, а на заемные письма покупателями, так что такая торговля переходит с года в год кредитом и поэтому заставляет купцов непременно приезжать на ярмарку”45 . Такая традыцыя, схаваная за кірмашовым фасадам і не ўлічаная статыстыкай, дазваляла кірмашам працягваць сваё існаванне. Купцы ішлі на кірмашы не толькі за таварам. Яны яшчэ і ўзаемна крэдытавалі адзін другога, заключаючы ўстойлівыя, доўгатэрміновыя пагадненні і, такім чынам, працягвалі кірмашовае жыццё.

Усё вышэйсказанае дазваляе паглядзець на кірмашы мінулага стагоддзя не проста як на абмежаванае ў часе і прасторы месца сустрэчы пакупніка і прадаўца, а вызначыць іх як больш шырокі і ўніверсальны інструмент рынку, шматфункцыянальную гандлёвую структуру, што дазваляла ім па-ранейшаму займаць значнае месца ў сістэме аптовага гандлю. Новыя віды гэтага гандлю – біржы, гандлёвыя прадстаўніцтвы, оптавыя склады – не падмянялі кірмашоў, а проста надбудоўвалі “вышэйшы паверх” рыначнай эканомікі.

Па сутнасці сімвалам новых падыходаў у гандлі стала арганізацыя выставаў – расійскіх і міжнародных, універсальных і спецыялізаваных, у т.л. і ў форме пераходнай ад старой да новай, форме выставаў-кірмашоў. Пачынаючы з 19 ст. яны сталі важным інструментам эканамічных адносінаў. Спачатку гэта былі мануфактурныя і рэгіянальныя сельскагаспадарчыя выставы, з часам у справе іх арганізацыі сталі дамінаваць больш універсальныя і спецыялізаваныя экспазіцыі. З развіццём капіталізму як глабальнай сістэмы ўзніклі святовыя выставы. Яны адрозніваліся размахам сваёй арганізацыі і паўнатой паказу святовых дасягненняў. Першая такая выстава адкрылася ў Лондане ў 1851 г. Пасля паспяховага лонданскага дэбюту святовыя агляды пяць разоў праводзіліся ў Парыжы (1855, 1867, 1878, 1889, 1900 гг.), яшчэ раз у Лондане (1862 г.) і па аднаму разу ў Вене (1873 г.), Філадэльфіі (1876 г.) і Чыкага (1893 г). Усяго ў дзевяці святовых выставах 19 ст. прынялі ўдзел каля ста экспанентаў з Беларусі. Большасць з іх атрымала розныя ўзнагароды і прызы. Не менш актыўным быў удзел беларускіх прадпрымальнікаў ва ўсерасійскіх выставах. Ды і ўласная выставачная справа развівалася ў беларускіх губернях даволі бурна. Не толькі губернскія цэнтры, але і многія павятовыя гарады праводзілі ўласныя выставы як агляды дасягненняў эканомікі і культуры.

Безумоўна, характэрнай рысай і асаблівасцю беларускага гандлю канца 18 – пачатку 20 ст. з’яўлялася яго “жыдоўскае аблічча”. Падобнае становішча складвалася на працягу стагоддзяў, але найбольш адчувальна выявілася менавіта ў разглядаемы перыяд. Мабыць, гэта адна з найбольш яркіх праяваў ужо адзначанай намі гістарычнай тэндэнцыі да сацыяльна-эканамічнай “спецыялізацыі” этнасаў, якія жылі ў Беларусі. Жыдоўскія купцы і гандляры, з часоў Сярэднявечча займаўшыя значнае месца ў беларускім гандлі, у 19 ст. практычна ў ім дамінавалі. Дарэчы, на мой погляд, трэба даволі крытычна адносіцца да адназначна адмоўнай ацэнкі жыдоўскага “засілля” ў эканамічным жыцці беларускіх губерняў і асабліва ў яго гандлёвай сферы. Нягледзячы на пэўныя адмоўныя бакі, звязаныя з непазбежным у такім выпадку этнічным перакосам у сацыяльна-эканамічнай структуры грамадства, у цэлым эканамічныя намаганні прадпрымальнікаў- жыдоў несумненна дабрадзейна адбіваліся на развіцці эканомікі Беларусі. І ўсё ж такі, нягледзячы на актыўную жыдоўскую гандлёвую дзейнасць, цалкам манапалізаваць гандлёвую справу ім не ўдалося. Па-першае, паўсюдна можна знайсці прыклады камерцыйных намаганняў, якія прадпрымаліся ў беларускіх губернях іншаземцамі і выхадцамі з-за межаў Беларусі. Па-другое, у асобных рэгіёнах Беларусі прыкметную долю сярод прадстаўнікоў гандлёвага свету складалі мясцовыя купцы і гандляры з хрысціянаў.

Гэтая асаблівасць тлумачыцца, з аднаго боку, садзеяннем, якое аказвалася развіццю сялянскага прадпрымальніцтва ўладальнікамі велізарнага Гомельскага маёнтка М.П.Румянцавым і Паскевічамі46 . З другога боку, верагодна, адыграў сваю ролю менталітэт старавераў, якія складалі значную частку насельніцтва гэтых мясцін. Схільнасць старавераў да прадпрымальніцтва не была сакрэтам для сучаснікаў і не засталася незаўважанай гісторыкамі. У сучаснай расійскай гістарыяграфіі нярэдка нават праводзіцца паралель паміж айчыннымі прадпрымальнікамі-стараверамі і поглядамі Макса Вебера на ролю пратэстантызму і пратэстанцкай этыкі ў развіцці капіталізму. Складаная і цікавая праблема фармавання прадпрымальніцкіх тэндэнцый у асяроддзі беларускіх старавераў патрабуе асобнага, больш паглыбленага і дэталёвага вывучэння.

У асобных соцыумах, у сілу іх гістарычнай спецыфікі купецтва так і застаецца адзінай групай прадпрымальнікаў. Аднак часцей менавіта купецкае асяроддзе дае першых мануфактурнікаў, прамыслоўцаў, фінансістаў, уладальнікаў транспартных кампаній. У сілу законаў эканомікі гэта становіцца лагічным працягам гандлёвай дзейнасці. Таму гісторыя купецтва з’яўляецца гісторыяй яго паступовай дыферэнцыяцыі і пераходу купцоў у іншыя катэгорыі прадпрымальнікаў. Гэты працэс нярэдка так і не прымае завершанага характару. Купецтва Беларусі эвалюцыянавала паводле найбольш распаўсюджанай мадэлі. Больш таго, па меры станаўлення індустрыяльнага грамадства змянялася і эканамічная сітуацыя, што прыводзіла да большай аўтаноміі вытворчых працэсаў і камерцыйнай актыўнасці. Калі першапачаткова прамысловасць нярэдка была падпарадкавана гандлёвым аперацыям (купец часта цалкам кантраляваў набыццё сыравіны, ажыццяўляў арганізацыю і каардынацыю вытворчасці і продаж гатовай прадукцыі), то цяпер гандляр далучаўся да вытворчага цыклу на яго пачатковай і завяршальнай стадыях – закупка сыравіны і патрэбнага абсталявання, продаж таварнай прадукцыі. Кіраўніцтва непасрэдным вытворчым працэсам перайшло ў рукі канчаткова склаўшайся новай прадпрымальніцкай групы фабрыкантаў і заводчыкаў. Не ў апошнюю чаргу гэта было звязана з тэхнічнымі пераўтварэннямі ў прамысловасці, якія патрабавалі спецыяльнай падрыхтоўкі і дыктавалі неабходнасць далейшай спецыялізацыі ў прадпрымальніцкім асяроддзі. Аналагічныя патрабаванні прад’яўляла прадпрымальнікам ускладнённая сістэма гандлю, што было звязана з насычэннем рынку таварамі, дыферэнцыяцыяй формаў і відаў гандлю, з’яўленнем рэкламнай справы і маркетынгу. Даныя тэндэнцыі знайшлі сваё адлюстраванне і ў гісторыі беларускага купецтва. Гандлёвае асяроддзе Беларусі ў рамках Расійскай імперыі перажывала працэс, які па аналогіі з працэсам, што адбываўся ў асяроддзі беларускага набілітэту, можна назваць “разборам купецтва”.

У гэтых адносінах лепшай ілюстрацыяй з’яўляецца аналіз становішча, якое складвалася ў лясной справе. У канцы 18 – першай палове 19 ст. эксплуатацыя лясоў звычайна вялася паводле наступнай схемы: іх уладальнікі памешчыкі, прадавалі лясныя ўчасткі купцам, якія праводзілі высечку, вываз і продаж лесу, наймаючы дрывасекаў, вознікаў і плытагонаў з сялянаў, дамаўляліся са спажыўцамі, асабіста фінансавалі і арганізоўвалі ўвесь ланцужок гэтага працэсу. Паралельна, як від памешчыцкага прадпрымальніцтва, працягвалі існаваць здаўна вядомыя лясныя промыслы: выраб паташу, дравеснага вугля, дзёгця. Аднак па-свайму камерцыйнаму значэнню яны яўна саступалі вывазу і продажу лесу. Заўважныя змены ў гэтай схеме адбыліся ў другой палове 19 ст. Тэхнічны прагрэс, з аднаго боку, вёў да змены старога драўлянага флоту на ветразях новым паравым, з жалезнымі корпусамі суднаў. Гэта непазбежна змяншала попыт на карабельную драўніну, якая складала асноўны артыкул беларускага ляснога экспарту, пачынаючы з 18 ст. З другога боку, лес стаў сыравіннай асновай новых галінаў прамысловасці: запалкавай, картоннай і цэлюлозна-папяровай, лесахімічнай, што, у адрозненне ад марскога суднабудавання, дазваляла выкарыстоўваць лясныя рэсуры непасрэдна на беларускай зямлі. Паравыя рухавікі і асабліва вінакурныя заводы выкарыстоўвалі лес як паліва. Горнарудная справа, вугальныя шахты, чыгункі не маглі абыйсціся без драўлянага крапежнага матэрыялу і шпалаў. Свой уклад у развіццё лясной справы ўнёс працэс урбанізацыі, бо ўзняўся попыт на лес як будаўнічы матэрыял і асноўнае паліва для печаў. Рост гарадоў забяспечваў заказамі і мэблевую прамысловасць.

Усё гэта прыводзіла да значных зменаў у купецкім асяроддзі. Менавіта купцамі былі заснаваны ўсе запалкавыя і мэблевыя фабрыкі ў Беларусі, арганізаваная фанерная і паркетная вытворчасць. Больш сціпла ўдзельнічала беларускае купецтва ў развіцці папяровай прамысловасці. Удзел абмяжаваўся будаўніцтвам картонна-папяровай фабрыкі ў Шклове (1890 г.). Затое купцам належалі ўсе шпалерныя фабрыкі, вытворчасць канвертаў, альбомаў, канторскіх кніг, іншых пісьмовых прыналежнасцяў, большасць друкарняў, гільзавая вытворчасць, якая выкарыстоўвала паперу. У Гародні сын харкаўскага купца 1-й гільдыі Максім Эльяшаў заснаваў алоўкавую фабрыку47 . Такім чынам, з ліку купцоў фармавалася новая група прадпрымальнікаў – прамыслоўцы. Змены адбываліся і ў асяроддзі купецтва, гандляваўшага лесам. У даволі ўстойлівую групу вылучыліся буйныя гандляры драўнінай, арыентаваныя на гандлёвыя аперацыі ў вялікіх маштабах, у тым ліку і экспартнага характару. Яны хацелі мець справу з гатовым лясным таварам, ажыццяўлялі яго выбракоўку і ацэнку, транспартыроўку да спажыўца, арганізоўвалі рынак. Адначасова ішоў працэс удасканальвання і ўскладнення характару ляснога гандлю, з’яўлення новых яго формаў – лясных рынкаў і біржаў.

На пачатку 20 ст. галоўнымі месцамі аптовага гандлю сталі кірмашы ў Гомелі і Менску. Абароты штогадовага кірмашу ў Гомелі (1 – 10 студзеня) у 1900 г. дасягнулі 3 млн. руб. У наступныя гады яны зменшыліся (1906 г. – 2,5 млн. руб., 1910 г. – каля 2 млн.руб.), хаця па-ранейшаму заставаліся дастаткова высокімі48 . Адной з прычынаў стаў “упадок лесной торговли в южном горно-промышленном районе”49 . Пэўную ролю адыграла таксама заснаванне штотыднёвага “Рождественского” ляснога кірмашу ў Менску (27 снежня – 4 студзеня). Яго штогадовыя абароты дасягалі больш 20 млн. руб. Сярод лясных кірмашоў Расійскай імперыі Менскі стаяў на першым месцы, а сярод усіх увогуле кірмашоў – на трэцім, саступаючы паводле абароту толькі Ніжагародскаму (167 млн. руб.) і Ірбіцкаму (каля 25 млн. руб.)50 . Такім чынам, гэта быў самы буйны агульнарасійскі спецыялізаваны кірмаш. Абодва кірмашы мелі ярка выяўлены экспартны характар. Іх гандлёвыя аперацыі нярэдка фінансаваліся банкамі, што прывяло, напрыклад, да заснавання ў Менску спецыялізаванага банка. Гомельскі кірмаш, страчваючы традыцыйныя кірмашовыя абароты, набываў рысы біржавога гандлю. На ім заключалася ўсё болей кантрактавых пагадненняў, дзеля чаго кірмашовы камітэт уладкаваў спецыяльную кантрактавую залу51 .

Усё гэта прывяло да з’яўлення новага тыпу купца-лесагандляра, які добра арыентаваўся ў кан’юктуры мясцовага і міжнароднага лясных рынкаў, быў зацікаўлены ў развіцці шляхоў зносін і ў заканадаўчым рэгуляванні ляснога промыслу, меў здольнасць арганізаваць абарону сваіх інтарэсаў52 . У канцы 19 ст. гэты “разбор” у купецкім асяроддзі ўзаконіў царскі ўрад. З прыняццем у 1898 г. “Палажэння аб дзяржаўным прамысловым падатку” перарвалася сувязь паміж набыццём гільдзейскіх дакументаў і абавязковым атрыманнем прамысловага пасведчання для заняткаў прадпрымальніцкай дзейнасцю. Набыццё саслоўнага гільдзейскага пасведчання стала залежаць выключна ад жадання самаго прадпрымальніка. Кошт гільдзейскіх дакументаў быў параўнальна невысокім – 50 руб. для першай гільдыі і 20 руб. для другой (у 1906 г. кошт быў павышаны адпаведна да 75 і 30 руб.). Менавіта гэтай новай сітуацыяй тлумачыцца песімістычная выснова сучасніка, выхадца з багатай маскоўскай купецкай сям’і і гісторыка купецтва П.А.Бурышкіна: “Городовым положением 1898 года, а в особенности Положением о государственном промысловом налоге 1898 года, купеческое сословие было обречено на несомненное умирание”53 . Такога пункту гледжання прытрымліваліся і савецкія гісторыкі: “В ХХ веке развитие купечества шло по нисходящей линии. Постепенное превращение купеческого звания лишь в атрибут предпринимательской традиции, не представлявшей носителям его почти никаких социальных льгот и привилегий, способствовало тому, что в своей массе именно крупнейшие капиталисты прекращали приобретать гильдейские свидетельства и выходили из состава купечества”54 .

Аднак было б памылковым пашырэнне дадзенага тэзісу на Беларусь. Тут па-ранейшаму значную ролю адыгрывалі меркаванні не столькі саслоўнага і прэстыжнага характару, колькі эканамічнага і этнічнага. Для прадпрымальнікаў-жыдоў захавалі сваю каштоўнасць магчымасці, якія надавала прыналежнасць да першагільдзейскага купецтва. Гандлёвая справа ў Беларусі перажыла працэс трансфармацыі не менш складаны, чым яе прамысловасць, транспарт і сельская гаспадарка. Гэта была перабудова на класічнай капіталістычнай аснове. Такую ж складаную эвалюцыю перажылі і непасрэдныя арганізатары камерцыйнага працэсу – беларускія купцы і гандляры. На працягу 19 ст. у Беларусі паступова склалася новая сацыяльная група – прадпрымальнікі. Іх аб’ядноўвала не саслоўнае паходжанне ці маёмаснае становішча, а здольнасць весці справу на асновах рынкавай эканомікі. Гэта быў новы тып арганізатараў капіталістычнай вытворчасці з глыбокімі ведамі тэхнікі і тэхналогіі вытворчасці, гатовых несці адказнасць за свае рашэнні, праводзіўшых энэргічную сацыяльную палітыку на сваіх прадпрыемствах і прымаўшых актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. Пры фармаванні гэтай сацыяльнай катэгорыі выразна выявілася нівеліруючая грамадская роля рыначнай эканомікі. Напрыклад, для ўваходжання ў гэтую групу не было перашкодаў саслоўнага ці этна-канфесійнага характару.

Валоданне капіталам і заняткі прадпрымальніцтвам ламалі саслоўныя перагародкі Расійскай імперыі. Для прадпрымальнікаў дасягненне эканамічных свабодаў азначала пераадоленне абмежаванняў саслоўна-феадальнай сістэмы самадзяржаўя на шляху да палітычнай свабоды. І гэта было адлюстраваннем агульнасвятовай тэндэнцыі. Паўсюдна палітычнай дэмакратыі папярэднічала дэмакратыя рынку. Асноўнымі крыніцамі фармавання буржуазіі Беларусі былі прадстаўнікі шляхецкага і купецкага саслоўяў, у меншай ступені выхадцы з мяшчанаў і сялянаў. Прадпрымальніцтва па свайму вызначэнню прадугледжвае наяўнасць творчага, асабовага пачатку пры вядзенні эканамічнай дзейнасці. Гэтая выснова цалкам падцвярджаецца пры разглядзе гісторыі такіх галінаў эканомікі, як фінансы, гандаль і сельская гаспадарка. Адной з эканамічных рэаліяў 19 ст. стала прызнанне таго, што ў новых умовах таварам стала таксама ініцыятыва чалавека. Яна ўяўлялася існасцю прадпрымальніцтва. Менавіта ва ўнікальным досьведзе прадпрымальнікаў найбольш яскрава праявіліся мясцовыя, тыповыя для Беларусі эканамічныя асаблівасці.

Нярэдка фігура прадпрымальніка аб’ядноўвала рысы прадстаўнікоў розных слаёў буржуазіі. Напрыклад, шляхціч Ігуменскага пав. Адам Ельскі з 1887 г. на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў быў сябрам Уліковага камітэту Менскага аддзялення Дзяржаўнага банка і адначасова агентам прыватнага Віленскага зямельнага банка. Ён жа разам з братам валодаў маёнткам Гольна ў Гарадзенскай губ. (600 дзес.). Да таго ж яму належала чацвёртая частка механічнага і чугуналіцейнага завода ў Варшаве, зямельны ўчастак і дом у Менску на Падгорнай вул. (зараз вул. К.Маркса). Перад намі ў адной асобе банкір, памешчык, фабрыкант і домаўладальнік55 .

Значная частка мясцовых прадпрымальнікаў вырасла з асяроддзя пражываючых на беларускіх землях жыдоў – купцоў і мяшчанаў. Паводле перапісу 1897 г., у купецкім саслоўі пяці беларускіх губерняў жыды складалі 84,5%, рускія – 10,7% і толькі 1,7 % былі беларусамі56 . У той жа самы час жыдоўская буржуазія з’яўлялася ўласнікам больш паловы (51%) фабрык і заводаў. Людзей, прыехаўшых з-за мяжы і рызыкнуўшых завесці сваю справу на беларускай зямлі, сярод прадпрымальнікаў было адносна няшмат. Аднак у агульнай структуры эканомікі іх прадпрыемствы нярэдка займалі выключнае месца, дзякуючы тыпу і спецыялізацыі вытворчасці, яе маштабам, тэхнічнай і тэхналагічнай дасканаласці. Сярод капіталістаў-іншаземцаў пераважалі выхадцы з Германіі57 .

Беларуская нацыянальная буржуазія ў другой палове 19 – пачатку 20 ст. знаходзілася яшчэ на стадыі станаўлення і ўяўляла сабой найбольш слабую праслойку мясцовай шматнацыянальнай буржуазіі. Сярод беларусаў не было колькі-небудзь значнага пласту буйной і сярэдняй прамысловай буржуазіі. Часцей беларусы сустракаліся сярод уладальнікаў дробных прадпрыемстваў, размешчаных у сельскай мясцовасці (млыноў, ганчарняў, цагельняў). Пры гэтым традыцыйны падзел буржуазіі на буйную, сярэднюю і дробную носіць даволі ўмоўны характар. Той, хто па сельскіх і местачковых мерках мог лічыцца заможным, у горадзе ці на агульнарасійскім рынку такім не быў. Да таго ж, яго маёмасны стан мог істотна змяняцца з бегам часу і не заўсёды дакладна супадаў з грамадскім і палітычным уплывам асобных прадпрымальнікаў. Эліту беларускай буржуазіі прадстаўлялі менеджэры – наёмныя ўпраўляючыя капіталістычных прадпрыемстваў. Хаця сам тэрмін – менеджэр – на той час яшчэ не існаваў, можна з дастатковай упэўненасцю гаварыць аб той значнай ролі, якую адыгрывалі ў беларускай эканоміцы дырэктары фабрыкаў і заводаў, адміністрацыя скарбовых чыгунак, банкіры, упраўляючыя скарбовымі маёнткамі. Менеджэры дзейнічалі як у дзяржаўных, так і ў прыватных галінах эканомікі – у прамысловасці, на транспарце, у аграрным сектары. Яны вылучаліся арганізатарскімі здольнасцямі, адукацыяй, эканамічным тыпам мыслення.

Калі ў сельскагаспадарчай вытворчасці наёмны ўпраўляючы ў маёнтку, часам іншаземец, быў для Беларусі даволі традыцыйнай фігурай, то ў прамысловасці гэты тып распаўсюджваецца толькі ў парэформенны перыяд. Ад наёмнага ўпраўляючага заставаўся адзін крок да менеджэра, які спалучаў выкананне кіраўнічых функцый з асабістым удзелам у фармаванні і размеркаванні капіталу ў якасці акцыянера альбо ў форме непасрэднага атрымальніка часткі прыбытку. У гэтым сэнсе першым класічным узорам менеджэрызму на беларускай зямлі з’яўляецца шматгадовая дзейнасць дырэктара-распарадчыка Добрушскай папяровай фабрыкі Антона Ігнатавіча Стульгінскага (1851 – 1915 гг.)58 .

З часу яго прызначэння ў 1878 г. кіраўніком Добрушскай фабрыкі з яго імем звязана яе развіццё і пераўтварэнне ў самае передавое прадпрыемства дарэвалюцыйнай Беларусі і лідэра ў сваёй галіне ў імператарскай Расіі. Пад яго кіраўніцтвам фабрыка была рэканструявана і пашырана, машыны па вырабу паперы былі перароблены ці заменены навейшымі канструкцыямі, удасканалена сістэма гідратэхнічных аб’ектаў, пастаўлены новыя паравыя катлы, уладкаваны новыя механічныя майстэрні. Заробак А.І.Стульгінскага цалкам залежаў ад эканамічных поспехаў фабрыкі і складаў 10% ад яе прыбытку. У 1916 г. на Добрушскай фабрыцы было 1400 рабочых і 45 служачых. Яшчэ з траўня 1894 г. фабрыка перайшла на 8-гадзінны рабочы дзень. Гэта была першая падобная ініцыятыва ў Расійскай імперыі і адна з першых у святовай практыцы. Па прапанове А.І.Стульгінскага ў 1901 г. быў створаны Саюз папяровых фабрыкантаў у Расіі – галіновая прадстаўнічая арганізацыя прадпрымальнікаў. Аўтарытэт А.І.Стульгінскага быў настолькі вялікім, што ён стаў першым старшынёй Савета Саюза і на працягу ўсяго свайго жыцця пастаянна перавыбіраўся на гэтую пасаду. Антон Ігнатавіч Стульгінскі – прадстаўнік новай сацыяльнай групы менеджэраў, у дзейнасці якога ярка праявіліся рысы цывілізатарскай ролі бізнэса, “капіталізму з чалавечым тварам”.

Прадпрымальнікі з’яўляліся ключавой фігурай у поспехах беларускай эканомікі. З другой паловы 20 ст. яны сталі аказваць уздзеянне на дзяржаўную эканамічную палітыку не толькі шляхам уласных эканамічных намаганняў, але і праз свае прадпрымальніцкія арганізацыі. Найбольшым уплывам у Беларусі карысталіся таварыствы сельскіх гаспадароў (існавалі ва ўсіх беларускіх губернях і шэрагу паветаў), з’езды прадпрымальнікаў (фабрыкантаў, суднаўладальнікаў, гандляроў лесам, банкіраў, каміваяжэраў) і іх галіновыя арганізацыі (напрыклад, Таварыства вінакурных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю). На пачатку 20 ст. прадпрымальнікі занялі пануючае становішча ў беларускім істэблішменце.

Безумоўна, наша галоўная ўвага была звернута на “топы” ў беларускай эканоміцы. У яе развіцці быў і свой зваротны бок, у апісанні якого беларуская савецкая гістарыяграфія дасягнула прыкметных поспехаў. Аднак ценявыя бакі капіталізму на самай справе тлумачацца не тым, што яго было “многа”, а тым, што ”замала”. Лідэры ў рыначнай эканоміцы якраз дэманстравалі магчыма вышэйшы дасягальны ўзровень яе развіцця. Іх роля заключалася ў стварэнні эканамічнага прэцэдэнта і стымуляцыі астатніх суб’ектаў народнай гаспадаркі.

На пачатку 20 ст. Беларусь, якая размясцілася паміж буйнейшымі прамысловымі цэнтрамі Расійскай імперыі (Пецярбургам, Масквой, Украінай, Царствам Польскім, Рыгай), паспяхова развівала розныя галіны прамысловасці, сельскую гаспадарку, вяла распрацоўку лясных багаццяў, прымала ўдзел у міжнародных эканамічных адносінах. Беларусь аказалася сярод тых рэгіёнаў Расійскай імперыі, якія раней за іншых вычарпалі магчымасці экстэнсіўнага развіцця эканомікі. Яна мела экспартна-арыентаваную вытворчасць, валодала дастаткова дасканалай для свайго часу рынкавай інфраструктурай і развітай сеткай шляхоў зносін, з канца 19 ст. ў поўнай меры выкарыстоўвала стабільную агульнадзяржаўную валютна-фінансавую сістэму. Патрэбы ўнутранага беларускага рынку часткова пакрываліся за кошт імпарту. Лішак рабочай сілы ў беларускіх губернях шукаў і знаходзіў для сябе працу за межамі Беларусі і Расіі. Асобныя галіны беларускай эканомікі развіваліся коштам іншаземных інвестараў.

Пачатак 20 ст. выбраны намі ў якасці храналагічнай мяжы не выпадкова. З аднаго боку, Першая святовая вайна і наступныя гістарычныя падзеі падвялі рысу папярэдняму цыклу эканамічнага развіцця, які можна назваць “першай індустрыялізацыяй” Беларусі. З другога боку, менавіта тады быў створаны эканамічны падмурак, які значна трансфармаваўся ўжо пазней, у новых гістарычных умовах. “Да гэтага агляду трэба было-бы дадаць факты, якія выдзеляюць этнаграфічны тып беларуса – самабытны і адменны ад другіх народнасцей, тып чыстага славяніна – а таксама факты, якія паказваюць эканамічную абасобленасць Беларусі”, – так пачынае М.В.Доўнар-Запольскі апошні абзац, сваіх славутых “Асноваў Дзяржаўнасьці Беларусі”. Але прыводзіць факты гісторык не стаў, будучы ўпэўненым, што і без іх зразумела: “Народ, у якім гістарычна вытварылася здольнасць жыцця і жыццёвая сіла, будзе заўсёды бароцца і бараніць свае правы, а, значыць, можа нарушаць агульны спакой датуль, пакуль ня будуць здаволены яго нацыянальныя патрэбы, правы і дамаганні забеспэчаньня яго нацыянальнага быту”59 . Адзначым, што М.В.Доўнар-Запольскі лічыў бясспрэчным наяўнасць у Беларусі “эканамічнай абасобленасці”, і “нацыянальнага быту”, інакш кажучы, наяўнасць сваіх беларускіх эканамічных рысаў і сваёй беларускай народнай гаспадаркі. Яны б забяспечылі станаўленне нацыянальнай дзяржавы, але адначасна самі патрабавалі яго абароны і пратэкцыі.

Размова пра ўзаемныя ўплывы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі і прыватнай эканамічнай ініцыятывы гэта, па вялікаму рахунку, размова пра фармаванне эканамічных прыярытэтаў той ці іншай краіны. Менавіта ў гэтай сферы, у ходзе ўзаемадзеяння прыватнага прадпрымальніцтва і дзяржаўнай улады магла б нарадзіцца мадэль нацыянальнай эканомікі. Аднак палітычны запавет гісторыка не быў рэалізаваны. На пачатку гэтага артыкула мы задалі пытанне: ”Ці была падрыхтаванай беларуская эканоміка да беларускай дзяржаўнасці?” Услед за гэтым было б лагічна задаць і пытанне: “Ці ёсць яе “віна” ў тым, што гэтая дзяржаўнасць не адбылася?” Але гэта ўжо тэма для асобнага даследавання, якое патрабуе, у першую чаргу, разгляду эканамічных поглядаў творцаў і тэарэтыкаў беларускай дзяржаўнасці.

Нельга сказаць, што Беларусь цалкам засвоіла праграму класічнага капіталістычнага універсітэта. Але тое, што яе народы перад пачаткам святовай бойні прашлі добрую школу капіталізму з’яўляецца бясспрэчным. Такім чынам, эканамічны падмурак у Беларускага Дому на пачатку 20 ст. існаваў, не хапала толькі ўласнай дзяржаўнай надбудовы. На жаль, у свой час беларусам не ўдалося рэалізаваць свой эканамічны патэнцыял у рамках нацыянальнай дзяржавы. Амаль праз стагоддзе Беларусь ізноў апынулася ў падобнай гістарычнай сітуацыі – крах імперыі і наяўнасць параўнальна някепскіх стартавых эканамічных умоваў для самастойнага ўваходжання ў святовую супольнасць. І зноў гэты гістарычны шанец не быў выкарыстаны.


1 Эканамiчная гiсторыя Беларусi. Выд. 3-е, дап. i перапрацаванае. Мінск, 1999. С. 209.
2 Эканамiчная гiсторыя Беларусi. С. 209.
3 Гл.таксама: Кiштымаў А. Эканамiчныя ўмовы фармiравання беларускай нацыi ў канцы ХVIII-50-х гадах ХIХ ст. // З глыбi вякоў. Вып. 2. Мінск, 1997. С. 79-100.
4 “Вопрос о движущих силах экспансии капитализма не сводится к вопросу об источнике используемых капиталистом денежных ресурсов. Это, в первую очередь, вопрос о развитии капиталистического духа. Там, где он возникает и оказывает своё воздействие, он добывает необходимые ему денежные ресурсы, но не наоборот” (М.Вебер. Избранные произведения. Москва, 1990. С. 88).
5 Краткие сведения о некоторых русских хозяйствах. Изд. 2-е. Вып. 3. Санкт-Петербург, 1902.
6 Журнал Общего собрания Минского Общества сельского хозяйства 2 июня 1912 г. Минск, 1912. С. 2-3.
7 Патоцкi Л. Успамiны пра Тышкевiчаву Свiслач, Дзярэчын i Ружану. Мінск, 1997. С. 28-29.
8 Довнар-Запольский М.В. Исследования и статьи. Т.1. Киев, 1909. С. 278.
9 Новина А. Белорусы // Формы национального движения в современных государствах. Австро-Венгрия. Россия. Германия. Санкт-Петербург, 1910. С. 388-389.
10 Киштымов А.Л. Эволюция экономического мышления белорусского крестьянина: от отмены крепостного права до Октября 1917 г. // Наш Радавод. Кн. 7. Гродна, 1996. С. 278-282.
11 Железнодорожный транспорт в 1913 г. Статистические материалы. Москва, 1925. С. 3-24.
12 Кiштымаў А. Прамысловы пераварот на Беларусi // Матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Мінск, 1997. С. 107-110; Киштымов А.Л. К вопросу о промышленном перевороте и индустриализации Беларуси // Гiстарычная навука i гiстарычная адукацыя ў Рэспублiцы Беларусь: стан i перспектывы развiцця. Мінск, 1999. С. 101-103.
13 Падлічана па: Документы и материалы по истории Белоруссии (1900 — 1917 гг.). Минск, 1953. С. 75.
14 Хорош И. По промышленной черте оседлости // Книжки “Восхода”. 1910. № 10. С. 26-27.
15 Список фабрик и заводов России. 1910 г. Санкт-Петербург, 1910. С. 90.
16 Список фабрик и заводов России. 1910 г. С. 94.
17 Список фабрик и заводов России. 1910 г. С. 18.
18 Бейлькин Х.Ю. Сельскохозяйственный рынок Белоруссии 1861-1914 гг. Минск, 1989. С. 198.
19 Гл.таксама: Киштымов А.Л. Роль евреев в банковском деле Беларуси: вторая половина ХIХ — начало ХХ вв. // История еврейского народа. Материалы Шестой Ежегодной Международной конференции по иудаике. Ч. 2. Москва, 1999. С. 111-126.
20 НГАБ у Менску. Ф. 370, воп. 1, ад.з. 79, арк. 1 адв.- 49.
21 Шибеко З.В. Минск в конце ХIХ - начале ХХ в. Очерк социально-экономического развития. Минск, 1985. С. 51
22 Гиндин И.Ф. Русские коммерческие банки: Из истории финансового капитала в России. Москва, 1948. С. 42.
23 Левин И.И. Акционерные коммерческие банки в России. Т. 1. Петроград, 1917. С.181.
24 Левин И.И. Акционерные коммерческие банки в России. Т. 1. С.188-191.
25 Левин И.И. Акционерные коммерческие банки в России. Т. 1. С.219.
26 Петлин Н.С. Опыт описания губерний и областей России в статистическом и экономическом отношениях, в связи с деятельностью в них Государственного банка и частных кредитных учреждений. Ч. 1. Санкт-Петербург, 1893. С. 375.
27 Левин И.И. Акционерные коммерческие банки в России. Т. 1. Петроград, 1917. С.291.
28 Русские банки. Справочные и статистические сведения о всех действующих в России государственных, частных и общественных кредитных учреждениях. Составил А.К.Голубев. (Год четвертый). Санкт-Петербург, 1908. С. 60-61; Шибеко З.В., Шибеко С.Ф. Минск: Страницы жизни дореволюционного города. Минск, 1990. С. 273: Экономика Белоруссии в эпоху империализма. Минск, 1963. С. 317.
29 Ананьич Б.В. Правовое положение банкирских заведений в России (1880-е годы-1914 г.) // Социально-экономическое развитие России. Сб. статей. Москва, 1986. С. 213.
30 Гл.: Частные банкирские дома и конторы в России с их филиальными отделениями. Составил и издал М.Я.Аркин. Гродно, 1897.
31 Частные банкирские дома и конторы в России... С. 8, 13, 22, 29, 34.
32 Русские банки ... ( Год второй). Санкт-Петербург, 1897. С. 110-111; Русские банки ... (Год третий). Санкт-Петербург, 1899. С. 130; Русские банки ... ( Год четвертый). Санкт-Петербург, 1908. С. 206-207.
33 Хайек Ф.А. Пагубная самонадеянность. Москва, 1992. С. 162.
34 Гл.: Киштымов А.Л. Исторический опыт международной торговли Беларуси // Проблемы развития внешнеэкономических связей республики Беларусь. Тезисы докладов международной конференции ( 28-29 марта 1996 г.). Минск, 1996. С. 15-16.
35 Российский государственный исторический архив (РГИА). Ф. 20, воп. 4, ад.з. 3424, арк.1, 20, 32.
36 Доўнар-Запольскi М.В. Гiсторыя Беларусi. Мінск, 1994. С. 327; Нарысы гiсторыi Беларусi. Ч. 1. Мінск, 1994. С. 315-316; Чепко В.В. Города Белоруссии в первой половине ХIХ в.: Экономическое развитие. Минск, 1891. С. 62-100; Швед В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма ( 1830 – 1850-е годы ). Гродно, 1995. С. 10-44.
37 Бродель Ф. Динамика капитализма. Смоленск, 1993. С. 28.
38 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ) у Менску. Ф. 358, воп.1, ад.з. 64, арк. 63.
39 Гл.: Труды Первого Всероссийского Съезда комиссионеров и коммивояжеров, бывшего в С.-Петербурге с 12-го по 17-е февраля 1909 г. Санкт-Петербург, 1909.
40 Миронов Б.Н. Внутренний рынок России во второй половине ХVIII-первой половине ХIХ в. Ленинград, 1981. С. 106.
41 Канделаки И. Роль ярмарок в русской торговле. Санкт-Петербург, 1914. С. 1-2, 5.
42 Канделаки И. Роль ярмарок в русской торговле. С 4-5, 6.
43 Денисов В.И. Ярмарки. Санкт-Петербург, 1911. С. 3.
44 НГАБ у Менску. Ф. 1430, воп.1, ад.з. 39359, арк. 3; Белоруссия в эпоху капитализма. Т. 2. Минск, 1990. С. 175.
45 НГАБ у Менску. Ф. 1430, воп.1, ад.з. 39359, арк. 3.
46 Гл.: Кiштымаў А. Гомельскi маёнтак графа М.П.Румянцава: вопыт гаспадарання // Беларускi гiстарычны часопiс. 1995. №1. С. 20-27.
47 НГАБ у Гародні. Ф. 8, воп. 2, ад.з. 209, арк. 8-11.
48 Денисов В.И. Ярмарки. С. 45.
49 Денисов В.И. Ярмарки. С. 46-47.
50 Канделаки И. Роль ярмарок в русской торговле. Санкт-Петербург, 1914. С. 51-60.
51 Денисов В.И. Ярмарки. С. 47.
52 Гл.: Труды совещания лесопромышленников в гор. Гомеле ( с 4 по 8 января 1905 года ). Киев, 1905; Протокол общего собрания членов Союза лесопромышленников Северо-Западного края 7 января 1908 г. Вильна, 1908; Протокол общего собрания членов Союза лесопромышленников Северо-Западного края 21 февраля 1910 г. Вильна, 1910; Протоколы внеочередного Всероссийского съезда лесовладельцев и лесохозяев в С.-Петербурге 23-27 января 1911 г. Санкт-Петербург, 1911; Моравский А.Ю. Нужды Северо-Западных лесопромышленников и лесовладельцев по отношению к пересматриваемому торговому договору с Германией. Вильна, 1914; Коробков Х.Г. Экономическая роль евреев в русской лесной торговле и промышленности. Петроград, 1916.
53 Бурышкин П.А. Москва купеческая. Москва, 1991. С. 103.
54 Боханов А.Н. Российское купечество в конце ХIХ - начале ХХ века // История СССР. 1985. № 4. С. 118.
55 Киштымов А.Ельские: опыт сельских хозяев (19 - начало 20 в.) // Дзеля блiзкiх i прышласцi. Мінск, 1999. С. 114-115.
56 Нарысы гiсторыi Беларусi ў 2-х частках. Ч. 1. Мінск, 1994. С. 341.
57 Киштымов А.Л. Германские капиталы и немецкие предприниматели в экономике Беларуси ХIХ-начала ХХ в. // Беларусiка. Кн. 7. Мінск, 1996. С. 13-21; Кiштымаў А. Удзел замежных прадпрымальнiкаў i фiнансiстаў у развiццi прамысловасцi i транспарту Беларусi (канец ХVIII-пачатак ХХ ст.) // Штогоднiк Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi. Мінск, 1999. С. 57-63.
58 Гл.таксама: Kishtymov A.L. Anton I.Stulginski (1851 — 1915), the First Belorussian Manager // Russian Studies in History. Summer, 1996. Vol. 35. NO. 1. P. 80-88; Киштымов А.Л. Беларусь: опыт социальной деятельности директора-распорядителя Добрушской бумажной фабрики А.И.Стульгинского (80-е годы ХIХ в.-1915 г.) // Доклады научно-практической конференции “Предприниматели и рабочие: их взаимоотношения. Вторая половина ХІХ-начало ХХ веков”. (Вторые Морозовские чтения). Ногинск, 1996. С. 84-90.
59 Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Выд. 2-е. Вільня, 1919. С. 14.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія