БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 3 / 2000

Ідэалагічныя падставы дзейнасці Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (1917- 1939 гг.)

Эдуард Мазько
(Гародня)

Ні адна палітычная партыя не можа існаваць і дзейнічаць, калі яна не абапіраецца на адмысловую палітычную ідэалогію. Гэта ў поўнай меры датычыць Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Ідэалагічнай падставай для дзейнасці гэтай партыі паслужыла сацыяльнае вучэнне каталіцкага касцёла. Яно ўзнікла на аснове Евангельскіх ідэалаў, поглядаў св. Тамаша з Аквіну, на выніках дзейнасці Рымскага камітэту і Фрыбургскай уніі.

У канцы 19 – пачатку 20 ст. сацыяльнае вучэнне касцёла было дэтальна распрацавана папам Львом ХІІІ у шэрагу энцыклік: “Diuturnum illud” (1881), “Immortale Dei” (1885), “Sapientiae Christianae” (1890), “Rerum Novarum” (1891) i “Graves de communi” (1901). Галоўнае месца сярод іх належыць “Rerum Novarum”. Яе прынята лічыць першай сярод спісу “сацыяльных энцыклік”, бо менавіта яна надала дактрынальны аўтарытэт грамадскаму вучэнню касцёла і стала падмуркам еўрапейскага хрысціянска-дэмакратычнага руху. У энцыкліцы не толькі асуджаліся падзел соцыуму на антаганістычныя класы, капіталістычны прыгнёт, бяспраўе і бядотны стан рабочых, але і выказвалася пазіцыя касцёла, акрэсліваліся хрысціянскія шляхі выхаду з гэтага крызісу. Леў ХІІІ пісаў: “Калі сённяшняе грамадства мае быць аздароўленым, дык стане такім толькі праз аднаўленне хрысціянскага жыцця і хрысціянскіх устаноў”1 . “Rerum Novarum” таксама катэгарычна выказвалася супраць распальвання класавай барацьбы, супраць рэвалюцыі і скасавання прыватнай уласнасці.

Менавіта гэтыя ідэі былі пакладзены ў аснову створанай летам 1917 г. групаю беларускіх ксяндзоў Хрысціянска-дэмакратычнай лучнасці. Гаворачы аб падставах дзейнасці гэтай арганізацыі, яе заснавальнікі зазначалі: “Яна будуецца на вялікіх Хрысьціяньскіх законах, выказаных праз Папежа Леона ХІІІ у яго акружных пісьмах”2 .

Краевугольным каменем, на якім узводзілася ідэалогія БХД, быў тэзіс пра хрысціянскую сутнасць беларускага народнага характару: “Беларускі народ – гэта хрысьціянскі народ і Хрыстус сярод нашага народу меў, мае і будзе мець шмат сваіх вызнаўцаў, якія пойдуць за сваім Божым Вучыцелем у агонь і ваду. Рэлігійнасьць беларускага народу глыбокая, вольная ад прымешкі палітыкі...”3 Менавіта на гэтым сцвярджэнні, а таксама на хрысціянскім пастулаце, што нармальнае існаванне асобы немагчымае без сувязі з Богам, без маральнага ўдасканальвання чалавека і грамадства, будавалася дзейнасць партыі, яе характар, яе адносіны да любых праяваў рэлігійна-грамадскага і сацыяльна-палітычнага жыцця. Хрысціянская вера, хрысціянская этыка для БХД – найвышэйшы ідэал для асобы і грамадства. Яна ўтрымлівае ў сабе ўсё неабходнае для цывілізацыйнага развіцця чалавецтва. Яе паняцці справядлівасці, роўнасці, свабоды, любові і міласэрнасці з’яўляюцца непарушнымі, самадастатковымі і ўніверсальнымі ў кожны гістарычны перыяд, пры кожным грамадска-эканамічным ладзе, для любога народу. Гэтыя паняцці патрэбна не проста ўспрымаць як нейкія ўзвышаныя ідэі, але штодзённа рэалізоўваць іх на практыцы, у сваім жыцці: “Воля Хрыстуса ёсьць, каб на сьвеце заўсёды панавала роўнасьць, брацтва, свабода, справядлівасьць, каб ня было ані паноў, ані мужыкоў, але каб былі ўсе роўныя людзі, маючыя аднолькавыя правы і аднолькавыя павіннасьці. Народ Беларускі можа да гэтага дайсьці, калі не парабкам, не пастухом, не наймітам, як гэта было і ёсьць дагэтуль, але гаспадаром пачуецца у сваім родным Беларускім Краі”4 . Таму цалкам зразумела, што будучыню Беларусі БХД звязвала з хрысціянствам. Хрысціянская Беларусь, ці, дакладней, Беларусь, заснаваная на хрысціянскіх ідэалах, стала асноўнай мэтай дзейнасці партыі.

Аднак спецыфічная соцыякультурная сітуацыя, у якой павінна была дзейнічаць хадэцыя, аказала значны ўплыў на ідэалогію партыі. Ва ўмовах паняволенага становішча народу, ягонай біканфесійнасці, значнага месца сялянства ў структуры беларускага грамадства БХД павінна была прыстасаваць палажэнні сацыяльнай дактрыны каталіцкага касцёла да айчынных рэалій. У іншым выпадку яна б ператварылася ў самазамкнёны клерыкальны клуб.

У першай палове 20-х гадоў у нетрах партыі была праведзена складаная і важная работа, якая дазволіла арганізацыі, захаваўшы агулам хрысціянска-дэмакратычны характар, прыстасавацца да беларускай соцыякультурнай сітуацыі. У першую чаргу гэта датычыла сацыяльнай арыентацыі. На пачатку сваёй дзейнасці БХД, як і прадугледжвала афіцыйная дактрына касцёла, арыентавалася на рабочы клас, што ў пэўнай ступені звужала сферу яе папулярнасці. У сярэдзіне 20-х гадоў партыя ўсвядоміла, што апорай яе дзейнасці можа быць толькі сялянства. Асабліва гэта выявілася на прыкладзе яе друкаванага органа – газеты “Крыніца”: “Як бачым “Крыніца” (...) выявілася ў канцы, як беларуская сялянская газэта, мэта якой будзіць народную сьведамасьць, служыць роднай культуры і бараніць правы Беларускага Народу, як народу сялянскага, правы ня толькі культурныя, духоўныя, але ў роўнай меры правы і інтарэсы сацыяльныя, эканамічныя”5 .

Разуменне беларусаў як народу сялянскага прывяло БХД да адмаўлення магчымасці класавай барацьбы ў беларускім грамадстве. Гэты тэзіс падмацоўваўся таксама і каталіцкай сацыяльнай дактрынай, якая выступала з рэзкім асуджэннем сацыялістычнага гледзішча на класавую барацьбу і заклікала вырашаць гэтае пытанне шляхам улагаднення супярэчнасцяў між рознымі групамі грамадства.

У той жа час пераглядаецца пытанне аб канфесійнай арыентацыі партыі. Калі ў 1917-1925 гг. яе дзейнасць была разлічана выключна на беларусаў-каталікоў, дык з сярэдзіны 20-х гадоў праграма хадэцыі прадугледжвала ўдзел у яе шэрагах і праваслаўных: “Перад нашымі вачамі стаяла заўсёды еднасьць беларускага народу, каторы ня гледзячы на ўсе патугі нашых апекуноў астаўся адзіны ў сваёй мове, абычаях і нацыянальнай душы. Затым і БХД аснована на гэтай еднасьці; мы не адкідаем ад сябе ні каталікоў, ні праваслаўных Беларусаў, але ўсіх прыймаем пад свой беларускі хрысьціянска-дэмакратычны сьцяг”6 . Безумоўна, гэта было адступленнем ад афіцыйнай дактрыны касцёла. Аднак рэальная сітуацыя патрабавала, каб у канфесійным пытанні БХД трымалася больш гнуткай пазіцыі. Ад гэтага залежала не толькі папулярнасць партыі ў беларускім грамадстве, але і магчымасць практычнага ажыццяўлення яе мэтаў.

Поруч з хрысціянствам адным з галоўных аспектаў ідэалогіі БХД з’яўляўся дэмакратызм. Паводле хадэкаў, дэмакратызм арганічна выцякае з самой сутнасці, з духу хрысціянства: “Мы хрысьціяне, а знача – дэмакраты. Хрысьціянін ня можа ня быць дэмакратам, бо хрысьціянства прызнае й шануе людзкія правы кожнай адзінкі й кожнага народу, а так-жа брацтва людзей і народаў”7 .

Практычная дзейнасць партыі мела парламенцкі характар. Яна прымала ўдзел у выбарах у органы прадстаўнічай улады міжваеннай Польшчы і спадзявалася праз дзейнасць сваіх дэпутатаў палепшыць нацыянальна-палітычнае становішча беларусаў. Сам жа парламентарызм разглядаўся партыяй як аснова дэмакратычнага ладу8 .

БХД захавала вернасць дэмакратычным прынцыпам і пасля яе пераўтварэння ў 1936 годзе ў Беларускае Народнае Аб’яднанне. У сваім Камунікаце ад 18 верасня 1938 г. кіраўніцтва арганізацыі адназначна заяўляла: “Рада БНА ад імя ўсяе арганізацыі выказваецца проціў расізму ў форме антысэмітызму і іншых ягоных праявах, проціў усялякай дыктатуры, фашыстоўскай, камуністычнай і іншай, якая нясе няволю народам, працоўным масам і адзінкам”9 . Саму змену партыйнай назвы неабходна разглядаць у кантэксце ідэалогіі хадэцыі. Дагэтуль у айчыннай гістарыяграфіі гэтая з’ява тлумачылася імкненнем БХД пашырыць сваю папулярнасць у народных масах і засцерагчыся ад умяшання польскай каталіцкай іерархіі ў партыйнае жыццё. Аднак справа, як сведчаць крыніцы, выглядае больш складана, чым можа падацца на першы погляд. Ператварыўшыся ў Народнае Аб’яднанне, партыя фактычна засталася на ранейшай ідэалагічнай аснове. Усталяванне фашысцкіх рэжымаў у Германіі і Італіі, узмацненне таталітарызму ў СССР, санацыйны рэжым у Польшчы – усё гэта ставіла перад беларускімі палітычнымі сіламі пытанне пра неабходнасць аб’яднання на платформе нацыянальных інтарэсаў. Хрысціянская Дэмакратыя не змагла б згуртаваць вакол сябе разрозненыя беларускія арганізацыі Заходняй Беларусі, бо некаторыя з іх лічылі хрысціянскія ідэі не актуальнымі ў складанай знешняй і ўнутранай палітычнай сітуацыі. Выключыўшы са сваёй назвы слова “хрысціянская”, партыя адкрывала для сябе шырокія магчымасці ў справе аб’яднання ў сваіх шэрагах многіх беларусаў, якія былі не згодны з ідэалогіяй КПЗБ альбо Цэнтрасаюзу, але і не хацелі браць удзел у дзейнасці “ксяндзоўскай” арганізацыі. Разам з тым, падставай для працы БНА па-ранейшаму служыла сацыяльная дактрына касцёла, а, дакладней, ідэя рэалізацыі прынцыпу карпаратыўнасці ў жыцці грамадства. Менавіта гэты прынцып быў пакладзены ў аснову паняцця “культуры сужыцця”, якое было распрацавана і прапагандавалася партыяй у 1937-1939 гг. Ідэя гэта мела на ўвазе салідарнасць і супрацоўніцтва розных слаёў грамадства ў развіцці нацыянальнай і агульначалавечай культуры. Здольнасць сацыяльных і этнічных групаў ахвяраваць сваімі прыватнымі (класавымі) інтарэсамі дзеля грамадскага дабра разглядалася як галоўны паказчык сталасці нацыі, яе цывілізаванасці. Адсюль культура сужыцця была формай і асновай дэмакратычнага ладу, бо ўлічвала запатрабаванні ўсяго грамадства. Узвышэнне ж якой-небудзь адной групы соцыуму над іншымі вядзе да развалу народнага адзінства, да прапаганды і развіцця варожасці ў грамадстве і, як правіла, да знікнення самога народа10 .

Усе гэтыя ідэі цалкам адпавядалі каталіцкаму сацыяльнаму вучэнню, якое імкнулася да агульнага дабра: “Дасягненне агульнага дабра канкрэтных адзінак, па прыродзе сваёй можа быць дасягнута толькі пры ўмове салідарнага супрацоўніцтва ўсіх частак грамадства”11 . Зразумела, што БХД (БНА) рэзка выступала супраць устанаўлення дыктатуры пралетарыяту, дарэчы, як і любой іншай сацыяльнай групы. Гэта, а таксама непрыхільнае стаўленне партыі да гвалтоўных, рэвалюцыйных метадаў удасканалення грамадства сталася адной з асноўных перашкодаў для яе супрацоўніцтва з КПЗБ. Апроч таго, хадэцыя добра разумела, што заходнебеларускія камуністы маюць шырокую падтрымку ад ураду БССР, а значыць, нясуць адказнасць за тую палітыку, якую гэты ўрад праводзіць. Як бачым, ідэалогія БХД (БНА) і рэальная сітуацыя выключалі саму магчымасць далучэння гэтай партыі да ствараемага з ініцыятывы камуністаў антыфашысцкага народнага фронту.

Дасягненне сваіх хрысціянска-дэмакратычных мэтаў БХД (БНА) звязвала з нацыянальным і палітычным вызваленнем беларусаў. Адсюль вялікае месца ў партыйнай ідэалогіі займалі пытанні правоў этнасу. Хадэцыя адназначна прызнавала права кожнага народа на існаванне, самавызначэнне і развіццё. Усе этнасы павінны карыстацца аднолькавымі правамі і выконваць аднолькавыя абавязкі: “ХД прызнае права існаваньня, разьвіцця і кіраваньня сабой хоць бы найменьшага народу кожнага і ўважае разумны і справядлівы патрыятызм за важную пружыну у жыцьці людзкім”12 .

Паводле хадэкаў любы этнас і асабліва той, які з’яўляецца нацыянальнай меншасцю ў краіне – ужо самім фактам свайго існавання мае права развіваць і захоўваць свае этнічныя асаблівасці і адрозненні, свой нацыянальны побыт, мову, рэлігію і г.д. Недапушчальна прыносіць гэтыя правы ў ахвяру дзяржаўным інтарэсам. Наадварот, дзяржава павінна аказваць прапарцыянальную матэрыяльную і маральную падтрымку недамінуючым у краіне этнасам. Апрача гэтага, нацыянальныя меншасці маюць права на культурную і тэрытарыяльную аўтаномію, на прадстаўніцтва ў парламенце, на займанне дзяржаўных пасадаў, на адукацыю на роднай мове і г.д. З ідэалогіі БХД (БНА) арганічна выцякала, што “кожная дзяржава, якая пагражае існаванню этнічных адрозненьняў сваіх нацыянальных меншасьцяў і, замест стварэньня ўмоваў для натуральнага разьвіцьця, нішчыць і прасьледуе іх – паступае немаральна”13 . Гэтая немаральнасць – зло, з якім кожны хрысціянін, асабліва хадэк, павінен змагацца. Такім злом для БХД (БНА) быў падзел Беларусі на дзве часткі, згодна Рыжскаму трактату. Беларускі народ, як і кожны этнас, мае права на культурную і палітычную самастойнасць, права самому вырашаць свой лёс, вызначаць сваю будучыню.

Праз усю гісторыю свайго існавання хадэцыя заставалася прыхільніцай ідэалаў, дэклараваных Устаўной Граматай БНР 25 сакавіка 1918 г. Пабудова незалежнай Беларускай рэспублікі з’яўлялася адной з галоўных палітычных мэтаў партыі. Гэты тэзіс утрымоўваецца ва ўсіх праграмных дакументах хадэцыі. Зразумела, што БХД (БНА) ніколі не прызнавала падзелу Беларусі. Гэтае непрызнанне вызначала адносіны партыі да міжваеннай Польшчы і БССР. Хадэцыя добра разумела фіктыўны характар апошняй: “Беларускі народ на ўсіх ягоных этнаграфічных землях, не выключаючы і Беларускае Савецкае Рэспублікі, знаходзіцца ў палажэньні народу недзяржаўнага”14 . Стаўленне партыі да дзяржаваў, у межах якіх у выніку падзелаў апынуліся беларусы, і, дзе іх правы груба парушаліся, было адназначна адмоўным.

Вялікае месца ў ідэалогіі БХД (БНА) адводзілася асветніцтву. Дасягненне ўсіх сваіх мэтаў хадэцыя звязвала з развіццём беларускай культуры, з асветніцкай працай сярод сялян, рабочых і інтэлігенцыі. Пра гэта было заяўлена яшчэ на пачатку дзейнасці партыі: “Але каб жыць жыцьцём нацыянальным і разьвівацца патрэбна асьвета ў сваім духу і літэратура, патрэбна моцная рэлігія, патрэбны пэўныя абстановы гаспадарскія і палітычныя”15 . На працягу ўсяго існавання БХД (БНА) культурна-асветная дзейнасць заставалася адной з дамінуючых. Яна была абгрунтавана ў праграмных дакументах, у шматлікіх артыкулах на старонках друку і, фактычна, стала, поруч з хрысціянствам, не толькі часткай партыйнай ідэалогіі, але і яе духоўнай крыніцай. Праз культурна-асветніцкую дзейнасць хадэцыя плённа пашырала ў народных масах Заходняй Беларусі беларускую нацыянальную ідэю, да распрацоўкі якой партыя мела непасрэднае дачыненне. Нацыянальная ідэя для БХД (БНА) – “... гэта тая нацыянальная сьведамасьць кожнага паасобнага Беларуса, якая спалучае беларускі народ у суцэльную, адналітную нацыю”16 .

Падсумоўваючы, можна адзначыць, што БХД (БНА) мела сваю ўнікальную для беларускага нацыянальнага руху ідэалогію. Яна арганічна вынікала з каштоўнасцяў хрысціянскай этыкі і беларускай народнай культуры. У розны час да яе фармавання прычыніліся такія яе дзеячы, як Фабіян Абрантовіч, Андрэй Цікота, Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Кастусь Стаповіч, Ян Пазьняк, Адольф Клімовіч, Альбін Стаповіч, Браніслаў Туронак, Янка Шутовіч і многія іншыя. Па сваёй сутнасці ідэалогія БХД з’яўляецца адгалінаваннем сацыяльнай дактрыны каталіцкага касцёла. У яе аснову былі пакладзены энцыклікі Льва ХІІІ і Пія ХІ. Але спецыфіка беларускай соцыякультурнай сітуацыі прывяла да пэўнага адыходу ад афіцыйнай дактрыны, што, аднак, не азначала адмову ад яе. Беларуская хрысціянская дэмакратыя зрабіла значны ўнёсак у развіццё беларускай нацыянальнай ідэі ў першай палове 20 ст.


1 Leon XIII. Rerum Novarum // Nauczanie społeczne kościoła. Warszawa, 1984. S.11-36, 22.
2 Krynica. № 5, 3 снежня 1917 г.
3 Krynica. № 4, 12 траўня 1923 г.
4 Krynica. № 4, 8 лютага 1920 г.
5 Krynica. № 1, 4 студзеня 1924 г.
6 Biełaruskaja Krynica. № 40, 29 ліпеня 1928 г.
7 Chryscijanskaja Dumka. 1939. № 16. S. 1
8 Аддзел рэдкай кнігі і рукапісаў бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі (далей АРКіР бібл. НАН Беларусі). Ф. 23, воп. 1, адз..з. 73, арк. 7.
9 АРКіР бібл. НАН Беларусі. Ф. 4, воп. 1, адз.з. 72, арк. 9.
10 Беларуская Доля. Сакавік 1937.
11 Ks. Jochim Kondziela. Nauka społeczna Kościoła: ciągłość, rozwojowość, aktualność // Nauczanie społeczne Kościoła. Warszawa, 1984. S. 5-9, 7.
12 Stankiewicz Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch. Wilnia, 1939. S.141.
13 АРКіР бібл. НАН Беларус. Ф. 4, воп. 1, адз. з. 3, арк. 4-5.
14 Камунікат № 7 Беларускага Народнага Аб’яднання. Вільня, 1937. С. 7.
15 Krynica. № 3, 5 снежня 1917 г.
16 Bolsz uwagi biełaruskaj nacyjanalnaj idei // Chryścijanskaja Dumka. 1939, Nr. 21. S. 1.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія