БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 3 / 2000

Ля вытокаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Марына Сакалова
(Менск)

У кантэксце сённяшняга дня, калі беларускае грамадства ўсе яшчэ знаходзіцца ў пошуках далейшага шляху развіцця і выяўлення ўласнай ідэнтычнасці, праблематыка гісторыі грамадзянскай супольнасці набывае выключна важнае значэнне. Відавочна, што гістарычная перспектыва пры вывучэнні інстытутаў грамадзянскай супольнасці, даследаванне іх “радаводу” павінны садзейнічаць асэнсаванню сучасных грамадскіх працэсаў. Аднак, нягледзячы на актуальнасць і важнасць тэмы, гісторыя інстытутаў грамадзянскай супольнасці (напрыклад, грамадзянскіх аб’яднанняў і грамадскіх рухаў) так і не стала прадметам спецыяльных гістарычных даследаванняў. Па сутнасці, багатыя традыцыі грамадзянскага жыцця ў Беларусі, якія пачалі складвацца яшчэ на рубяжы 18 – 19 ст., і, няхай з перапынкамі і “адкатамі назад”, развіваліся на працягу ўсяго 19 і пачатку 20 ст., былі недаацэненыя гісторыкамі і забытыя грамадскасцю.

З тэарэтычнага пункту гледжання грамадзянскую супольнасць у найбольш агульнай форме можна вызначыць як сістэму грамадскіх інстытутаў, якія закліканы забяспечыць умовы для самаарганізацыі асобных індывідаў і калектываў, рэалізацыі прыватных інтарэсаў і патрэбаў, як індывідуальных, так і калектыўных. Гэтыя інтарэсы і патрэбы выражаюцца праз такія інстытуты грамадзянскай супольнасці, як навуковыя, прафесійныя і іншыя аб’яднанні, асацыяцыі, арганізацыі і г.д.1 Яны забяспечваюць адносіны паміж дзяржавай і індывідам ад замахаў з боку ўлады2 .

Адно з традыцыйных (хоць сёння ў значнай меры адыходзячых у мінулае) рашэнняў дадзенай праблемы звязвае фармаванне грамадзянскай супольнасці з перыядам узнікнення прыватнай уласнасці і дзяржавы. Аднак у такім выпадку само паняцце грамадзянскай супольнасці набывае вельмі агульны змест. Яно атаясамліваецца з цывілізаваным грамадствам, якое супрацьстаіць стану дзікунства. Грамадзянская супольнасць не магла сфармавацца і ў рамках антычнага грамадства, таму што ў апошнім не існавала свабоды грамадзянскага жыцця індывідаў3 . Між тым, сучаснае разуменне грамадзянскай супольнасці звязана менавіта з правамі і свабодамі асобы ў прыватнай сферы, з іх аховай законамі і гарантыямі, забяспечанымі неабходнымі сацыяльна-палітычнымі інстытутамі.

У феадальным грамадстве высокае значэнне саслоўяў і такіх сацыяльных устаноў, як абшчыны і карпарацыі, зусім не сведчыла аб нараджэнні грамадзянскай супольнасці ці яе істотных элементаў. Ні асоба, ні супольнасці не былі сапраўды незалежнымі. Асоба мела патрэбу ў пастаяннай – перш за ўсё эканамічнай - падтрымцы і абароне з боку абшчыны, саслоўя, карпарацыі. Гэта было для яе важнейшым, чым абмежаванні, якія накладваліся гэтымі супольнасцямі. Апошнія залежалі ад узаемаадносінаў і нормаў паводзін, якія зацвярджаліся феадальна-іерархічным ладам. Сялянская абшчына з’яўлялася часткай феадальнай вотчыны, а гарадскія карпарацыі існавалі на падставе прывілеяў, а не зацверджаных законам правоў. Сацыяльныя адзінкі – патрыярхальные сем’і, кланы, касты, саслоўі, сялянскія абшчыны – з’яўляліся закрытымі і адносна ізаляванымі супольнасцямі. Дзяржава выступала ў якасці кіраўніка вялізарнай абшчыны. Яна карала адных і заахвочвала другіх, пераразмяркоўвала грамадскі прадукт, замацоўвала дыстанцыі паміж саслоўнымі групамі, дыктавала і кантралявала прыхільнасць да дзяржаўнай рэлігіі4 .

У перыяд дэградацыі феадалізма шырокія слаі насельніцтва пазбаўляліся патрыярхальна-саслоўнай апекі. Яны пачыналі шукаць абароны непасрэдна ў дзяржавы. У барацьбу за свае жыццёвыя інтарэсы, за магчымасць выказваць свае погляды ўступала мноства групаў, непрадстаўленых у органах кіравання5 . Пашыралася таксама гаспадарчая самастойнасць індывідаў. Развіццё капіталістычных адносін, рост уплыву на сацыяльнае жыцце прамыслова-гандлёвага слоя, збяднянне і аслабленне палітычнай вагі дваранства прывялі да падзелу палітычнай і эканамічнай улады. Пад напорам аб’ектыўнай, незалежнай ад волі людзей, эканамічнай рэгуляцыі паступова трансфармавалася абсалютысцкая дзяржава і алігархічнае грамадства. Дзяржава страціла функцыі ахоўніка эканомікі, соцыума, культуры. Апошнія паступова перайшлі да грамадзянскай супольнасці*, што суправаджалася працэсам усталявання грамадзянскага права. Менавіта ў перыяд разлажэння феадалізму фармаваліся асноўныя элементы грамадзянскай супольнасці і адначасова складвалася канцэпцыя грамадзянскай супольнасці як гістарычнага феномена, які ўзнік на пэўным этапе развіцця чалавечага грамадства (дастаткова нагадаць імёны Томаса Пэйна, Георга Гегеля, Карла Маркса). Такім чынам, можна сцвярджаць, што зыходным пунктам зараджэння грамадзянскай супольнасці ў краінах Еўропы з’яўляецца рубеж 18 – 19 ст., калі пачаўся распад “старога парадка”.

Фармаванне грамадзянскай супольнасці пры гэтым можа быць прадстаўлена як шматузроўневы нелінейны працэс фармавання ў сацыяльнай прасторы сістэмы сфераў свабодных ад прамога дзяржаўнага ўмяшання і неабходных для самаразвіцця інстытутаў і структураў грамадзянскай супольнасці; развіцця прыватнай ініцыятывы і грамадзянскай самадзейнасці, арганізацый і групаў інтарэсаў; з’яўлення грамадзяніна як самастойнага, усведамляючага сябе такім, індывідуальнага сябра грамадства, які мае пэўны комплекс правоў і свабодаў, і ў той жа час нясе перад грамадствам маральную ці іншую адказнасць за ўсе свае дзеянні (часта ў гэтым выпадку гавораць пра эканамічна свабоднага грамадзяніна-ўласніка); пэўных зменаў ідэалагічных установак і менталітэта. Суб’ектамі грамадзянскай супольнасці могуць быць людзі, якія ведаюць, што ўласныя дзеянні – найлепшы спосаб абароны сваіх інтарэсаў, вырашэння эканамічных, сацыяльных, палітычных праблемаў. Рэальны ці патэнцыяльны суб’ект грамадзянскай супольнасці – гэта чалавек, які ўпэўнены ў тым, што дабіцца рэальных вынікаў магчыма толькі праз аб’яднанне сваіх дзеянняў з дзеяннямі іншых людзей.

Нелінейнасць працэса азначае, што, па-першае, яго не заўсёды магчыма прадставіць іерархічна; па-другое, узнікненне любога з яго элементаў ці складванне той ці іншай ягонай структуры служыць таксама і перадумовай яго фармавання; па-трэцяе, пра існаванне грамадзянскай супольнасці магчыма гаварыць толькі тады, калі прысутнічаюць усе пералічаныя элементы. Такім чынам, для даследавання працэса нараджэння грамадзянскай супольнасці неабходна прасачыць працэс фармавання яе перадумоваў-элементаў на аснове вывучэння зменаў у сацыяльным і эканамічным жыцці, якія адбываліся з канца 18 ст.

Большасць сучасных даследчыкаў лічыць, што нарматыўную аснову дактрыны грамадзянскай супольнасці стварае ідэя незалежнага ад дзяржавы грамадзянскага жыцця, якое служыць ахове індывіда. Месца, якое займаюць грамадскія рухі і шматлікія асацыяцыі ў сістэме сучасных грамадскіх адносінаў, прымушаюць даследчыкаў ідэнтыфікаваць грамадзянскую супольнасць, перш за ўсё, з гэтымі структурамі6 . Існуе таксама погляд, што, калі ў краінах Заходняй Еўропы станаўленне сферы грамадскага меркавання (ці публічнай сферы) завяршыла фармаванне ўстойлівай грамадзянскай супольнасці, забяспечыўшы яго дадатковым сродкам інтэграцыі і выказвання палітычных інтарэсаў, то ў Расійскай імперыі (у тым ліку і ў Беларусі, якая ўваходзіла ў гэты перыяд у яе склад) гэтая сфера наадварот аказалася адным з асноўных фактараў фармавання грамадзянскай супольнасці7 .

На нашу думку, менавіта вышэйапісаныя падыходы забяспечваюць тэарэтычныя рамкі для вывучэння гісторыі складвання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і, перш за ўсё, яе асноўных перадумоваў-элементаў: дабраахвотных грамадскіх аб’яднанняў і грамадскіх рухаў.

У Беларусі 19 ст. удзел індывідаў у грамадскім жыцці (публічнай сферы дзейнасці) вызначаўся двумя тэрмінамі “грамадская самадзейнасць” і “грамадскасць”. Асновай грамадскай самадзейнасці (“публічнай дзейнасці”) з’яўляліся калектывы, якія складваліся аб’ектыўна, у сувязі з рознымі жыццёвымі абставінамі, а менавіта сумесным пражываннем, адукацыяй і г. д. Такія добраахвотныя аб’яднанні грамадзянаў узнікалі з мэтай разгортвання пэўнага віду дзейнасці, у працэсе якой задавальняліся іх інтарэсы і рэалізоўваліся правы. Гэтыя аб’яднанні характарызаваліся фактычным ці фармальным адзінствам – устойлівасцю складу, структуры і сувязяў паміж сябрамі8 .

Тэрмінам “грамадскасць” (публіка, адукаванае грамадства) вызначаўся пэўны слой ці група людзей, якія былі аб’яднаны агульнай дзейнасцю, пазіцыяй ці меркаваннем і належалі да некаторай уяўнай супольнасці – чытаючай і дыскутуючай “публікі” – паверх шматлікіх саслоўных і рэлігійных размежаванняў. “Грамадскасць” асацыявалася таксама з грамадскім меркаваннем, якое ўспрымалася як самастойная сіла і часта адкрыта супрацьпастаўлялася “афіцыйнаму”, дзяржаўнаму пункту гледжання. Прыналежнасць да грамадскасці не акрэслівалася фармальна (сяброўства), а вызначалася праз меркаванне (дыскурсіўная) ці дзеянне (практычная).

Няцяжка заўважыць, што тэрмін “грамадскасць” супадае з сучасным уяўленнем пра пачатковыя фазы фармавання грамадскіх рухаў. У найбольш агульнай форме гэты працэс можна прадставіць наступным чынам. Пэўная частка людзей у грамадстве не мае сродкаў ажыццявіць свае інтарэсы (эканамічныя, культурныя, палітычныя), што выклікае стан незадавальнення, фрустрацыі і эмацыйна-псіхічнага неспакою. Дзякуючы асабістым кантактам, розныя групы людзей усведамляюць агульнасць свайго стану. У выніку гэтага эмацыйна-псіхічны неспакой перарастае ў сацыяльны. Апошні праяўляецца ў далейшых пошуках кантактаў, дыскусіях у нефармальных колах, якімі могуць з’яўляцца і свецкія салоны, і нелегальныя гурткі навучэнцаў. Стан сацыяльнага неспакою – зыходны момант грамадскага руху. Затым спантанна ўзнікаюць розныя формы агітацыі, дыскусій і прапаганды, праз якія адшукваюцца сродкі вырашэння праблемаў, выклікаўшых сацыяльны неспакой. Усе гэтыя формы дзейнасці ажыццяўляюцца людзьмі, якія найбольш востра адчуваюць неспакой альбо валодаюць пэўнымі канцэпцыямі і ўяўленнямі пра неабходныя перамены. У выніку гэтай спантаннай дзейнасці фармуецца ўсведамленне агульнасці мэтаў, узнікаюць гурткі і нефармальныя групы, аб’яднаныя такім усведамленнем. Аднак яны яшчэ застаюцца свабоднымі саюзамі, заснаванымі на кантактах са слабой інстытуцыянальнай сувяззю, пазбаўленымі ўстойлівых адносінаў паміж сябрамі. Гэтыя колы маюць свой цэнтр аб’яднання і пэўную дамінуючую індывідуальнасць, пад уздзеяннем якой фармуюцца ўстаноўкі і погляды. Асноўная функцыя такіх колаў – абмен меркаваннямі. Яны не дзейнічаюць, не прымаюць рашэнняў, не маюць выканаўчага апарата. Іх значэнне заснавана на тым, што яны фармулююць праблемы і стымулююць абмеркаванне пытанняў для выпрацоўкі сістэмы поглядаў індывідаў. Як ужо адзначалася, менавіта гэтыя пачатковыя стадыі фармавання грамадскіх рухаў звязваюцца з паняццем “грамадскасць”. На наступным этапе, калі сацыяльныя колы і нефармальныя аб’яднанні ставараюць мэтавыя групы для рэалізацыі агульных задачаў і здабываюць сродкі для арганізацыі пэўнай дзейнасці, калі ўзнікаюць і разрастаюцца інстытуцыяналізаваныя формы рухаў, грамадскія рухі набываюць і палітычную накіраванасць9 .

Паняцце грамадскага руху як фактара фармавання грамадзянскай супольнасці патрабуе не толькі функцыянальнай, але і зместавай канкрэтызацыі. Пры гістарычным аналізе грамадскіх рухаў пераважае падыход да іх як да “падзей”, якія ў канцэнтраванай форме раскрываюць сэнс парадзіўшых іх сацыяльных супярэчнасцяў. Як адзінкавыя, гэтыя рухі можна класіфікаваць на падставе вызначэння асноўнай масы ўдзельнікаў; іх матывацыі (рэлігійнай, класавай і г.д.), мэтаў (сацыяльных, нацыянальна-вызваленчых, рэгіянальных); асаблівасцяў стратэгіі (рэвалюцыйныя, рэфармісцкія); тактыкі (экстрэмісцкія, папулісцкія, легалісцкія, грамадзянскага непаслушэнства) і г.д.10 Разам з тым відавочна, што адзінкавыя, непаўторныя па сваёй сутнасці грамадскія рухі фармуюцца не на пустым месцы. Іх каштоўнасці, мэты і сродкі заўседы вымушана суадносяцца з некаторымі мэтамі і каштоўнасцямі больш агульнага парадку. За такімі паняццямі як “асветніцтва”, “масонства”, “рэвалюцыйная дэмакратыя”, “народніцтва” і г.д. стаяць (пры ўсёй іх унутранай дыферэнцыяванасці) пэўныя комплексы ідэяў, якія фармуюць мэты грамадскай і палітычнай дзейнасці. Такія комплексы ідэяў выяўляюцца як дактрыны, стылі мыслення ці традыцыі.

Для вывучэння гісторыі фармавання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі першаснае значэнне маюць рухі, у аснове якіх ляжаць тыя ці іншыя сацыяльныя (г.зн. уяўленні пра ўладкаванне грамадства), а не палітычныя (дзяржаўнае ці нацыянальнае ўладкаванне), рэлігійныя або культурныя ідэалы. У дадзеным кантэксце найбольшую цікавасць прадстаўляюць універсальныя (лібералізм, сацыялізм, кансерватызм), а не лакальныя (нацыяналізм) грамадскія рухі. У адрозненні ад лібералізму, кансерватызму і сацыялізму, якія выпрацавалі ідэалы грамадскага ўладкавання, нацыянальны рух ставіць сваёй мэтай задачу ўладкавання адзінай этнічнай супольнасці і таму мае лакальны характар. Акрамя таго, у нацыянальным руху дамінуюць палітычныя і культурна-лінгвістычныя патрабаванні. Разам з тым нацыянальныя патрабаванні не маглі не аказаць уплыву на грамадскія рухі ў вузкім сэнсе слова, і менавіта таму пры вывучэнні апошніх як фактараў фармавання грамадзянскай супольнасці трэба ўлічваць аспекты, звязаныя з т.зв. “нацыяналізмам”.

Як ужо адзначалася, пачатак працэсу фармавання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі адносіцца да рубяжа 18 – 19 ст., калі пачалася самаарганізацыя грамадскіх сілаў у форме “прыватных таварыстваў”. У першай трэці 19 ст. гэты працэс ішоў пераважна ў асяроддзі шляхты, а грамадская самадзейнасць развівалася там, дзе яна падтрымлівалася дзяржавай – у сферы дабрачыннасці і навуковай дзейнасці. У гэты час былі створаны дабрачынныя таварыствы ў Вільні (Чалавекалюбівае таварыства ў 1807 г., Таварыства дапамогі вучням Віленскага універсітэту ў 1821 г.), Бярэсці (1807), Наваградку (1810), Менску (1811), Слуцку (1822), Гародні (1822), Магілёве (1823). Трэба адзначыць, што дабрачынная дзейнасць яшчэ не атрымала шырокага развіцця, бо, па-першае, яна абмяжоўвалася рамкамі шляхецкага саслоўя. Па-другое, ва ўмовах прыгоннага ладу памешчыкі самыя павінны былі клапаціцца пра сялянаў, і дабрачыннасць засяроджавалася пераважна ў гарадах.

Навуковым таварыствам, а не толькі навучальнай установай быў паводле свайго статуту Віленскі універсітэт. Кожны месяц прафесура збіралася на акадэмічныя пасяджэнні, дзе зачытваліся навуковыя даклады. Два разы на год для “неўніверсітэцкага грамадства” праводзіліся “публічныя паседжанні”. Як навуковае таварыства, універсітэт абвяшчаў конкурсы і падтрымліваў сувязі з іншымі навуковымі таварыствамі. Прафесары-медыкі Віленскага універсітэту ў 1805 г. аб’ядналіся ў Віленскае медыцынскае таварыства, статут якога быў зацверджаны спецыяльным імператарскім указам 12 мая 1806 г.11

Трэба адзначыць, што ў гэты час існаваў “канцэсійны” парадак зацвярджэння грамадскіх (“прыватных”) таварыстваў: зацвярджэнне правілаў і статутаў ўладамі патрабавалася толькі ў тых выпадках, калі таварыства дамагалася прывілеяў (бясплатнай перапіскі, грашовых дапамогаў ад скарбу і г.д.). Усе іншыя арганізацыі (неафіцыйныя прыватныя таварыствы) існавалі легальна, хоць і без зацвярджэння ўрадам12 . Гэта стварала ўмовы для існавання шматлікіх навуковых і літаратурных неафіцыйных гурткоў. Так, у 1804 г. студэнты універсітэта Юзаф Твардоўскі, Леон Бароўскі, Людвік Пінадел і інш. аб’ядналіся дзеля выдання часопіса “Tygodnik Wileński” (у 1804 г. былі выдадзены 23 нумары), які стаў першым студэнцкім часопісам у краі. Сябрамі неафіцыйных гурткоў (Таварыства навук і мастацтваў, 1805-1809; Таварыства маральных навук, 1805-1807; Таварыства прыгожых мастацтваў, 1805-1806) былі як студэнты, так і прафесары універсітэту. Развіццё асветы і ідэалы, якія прапаведавалі настаўнікі гімназій і універсітэту, стымулявалі стварэнне вучнёўскіх аб’яднанняў – “Корпус вучняў” у Наваградку (1809-1810), “Войска Марса і Апалона” ў Маладзечне (1813-1815), гурток у Віленскай гімназіі (1819-1821), навуковае таварыства ў Свіслацкай гімназіі (1819-1824)13 . Такая дзейнасць была новай з’явай у грамадскім жыцці. Пры ўсёй неразвітасці і нават прымітыўнасці арганізацыі існаванне гурткоў адлюстроўвала імкненне да самастойнай неафіцыйнай дзейнасці, нараджэнне духа “грамадзянскай самадзейнасці”.

Буйнымі цэнтрамі грамадзянскай актыўнасці ў першай трэці 19 ст. былі масонскія ложы. Адным з прынцыпаў дзейнасці масонства была лаяльнасць у адносінах да ўрада і няўдзел у палітычным жыцці** . Менавіта гэта стала адной з прычынаў спынення дзейнасці ложаў на тэрыторыі Беларусі ў час падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1808-1812 г. былі адноўленыя ложы ў Нясвіжы і Вільні. Але хутка яны ізноў спынілі сваю дзейнасць у сувязі з вайной паміж Францыяй і Расіяй. Пасля вайны дзейнасць масонаў аднавілася. У сярэдзіне 1821 г. ложы існавалі ва ўсіх губернскіх гарадах беларуска-літоўскага краю, а таксама ў Нясвіжы, Наваградку і Слуцку. Па некаторых дадзеных, яны аб’ядноўвалі да 800 чалавек14 .

Большасць сярод масонаў складалі буйныя землеўладальнікі і арыстакраты. Разам з імі ў ложы ўваходзілі афіцэры, прадстаўнікі “свабодных прафесій” (настаўнікі, адвакаты, прафесары і г.д.), чыноўнікі. У ложы ўступалі як па ідэалагічных матывах, так і з-за снабізма, жадання следаваць модзе. “Па ўсёй Літве ўсякі хоць колькі-небудзь годны чалавек, да якога б класа грамадства ён не належaў (акрамя жыдоў), клапаціўся аб слаўным у той час імені масона, якое вельмі легка атрымліваў“, - успамінаў пра гэты час Ігнацы Ходзька15 . І хоць адным з асноўных напрамкаў дзейнасці масонаў была дабрачыннасць, сябры ложаў мелі вялікі ўплыў на рашэнне шматлікіх сацыяльных і эканамічных праблемаў у краі16 .

Трэба адзначыць, што грамадская актыўнасць у беларуска-літоўскіи крае значна актывізавалася пасля 1815 г. Дараванне канстытуцыі Царству Польскаму, імператарскія ўказы 1816 і 1817 г. аб адмене прыгону ў Эстляндскай і Курляндскай губернях нарадзілі надзеі на магчымасць забеспячэння “свабоды грамадзянскага жыцця”. У гэты час у краі ўзнікла шмат неафіцыйных таварыстваў, гурткоў і групаў: Таварыства шубраўцаў (1817-1822), Таварыства філаматаў (1817-1823) і яго ніжэйшыя ступені (залежныя гурткі), Таварыства думаючай моладзі (1817-1820), Віленскае літаратурнае таварыства (1819-1820), Антыпрамяністыя (1820), Саюз годных мужоў (1820), Маральнае таварыства ў Свіслачы (1819-1820). Актыўная публіка групавалася таксама вакол перыядычных выданняў – “Kurier Litewski”, “Dzennik Wileński”, “Tygodnik Wileński”. Месцам сустрэчаў прадстаўнікоў мясцовага адукаванага грамадства – прафесароў, настаўнікаў, лекараў, літаратараў, публіцыстаў – была кнігарня Юзафа Завадскага. Там сустракаліся тыя, каго, карыстаючыся сучаснай терміналогіяй, можна было б назваць “грамадзянскімі актывістамі” – Казімір Кантрым, Ян Шымкевіч, Антоні Марцінкоўскі, Ян Рыхтэр, Міхал Балінскі, Людвік Платэр, Ігнацы Ходзька, Ваўжынец Путкамер і інш.17 Грамадская дзейнасць першай трэці 19 ст. паклала пачатак практыцы публічнасці і дала прыклады першых выхадаў за рамкі саслоўнай і рэлігійнай замкнёнасці. Стварэнне шматлікіх прыватных таварыстваў, імкненне да дзейнасці, незалежнай ад дзяржаўных і саслоўных інстытутаў і ўстановаў, сведчыла пра складванне перадумоваў фармавання грамадзянскай супольнасці.

Змены ўнутранай палітыкі Аляксандра І у сувязі з палітычнай кан’юнктурай у Еўропе (антымасонская рэакцыя) і адкрытымі апазіцыйнымі выступленнямі ў Расійскай імперыі (снежань 1825 г.) трагічна паўплывалі на грамадскую актыўнасць у Беларусі. У 1822 г. з’явіўся імператарскі ўказ аб закрыцці масонскіх ложаў і ўсіх неафіцыйных таварыстваў, а ў 1827 г. – пра забарону дзейнасці таварыстваў, статуты якіх не былі зацверджаны ўрадам18 .

Пазасталыя таварыствы перасталі быць “прыватнымі”. Атрымаўшы тытул імператарскіх і магчымасць карыстацца казённымі дапамогамі, яны, разам з тым, апынуліся ў непасрэдным падпарадкаванні царскай адміністрацыі. У гэтых умовах спробы “грамадскасці” знайсці магчымасці для самастойнай дзейнасці, як правіла, аказваліся безпаспяховымі. Яркім прыкладам можа служыць дзейнасць Беларускага вольнага эканамічнага таварыства (1825-1841)19 . Пасля закрыцця Віленскага універсітэту і ліквідацыі Віленскай навучальнай акругі (1832), закрыцця Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі (1842) адзінай навуковай установай на беларуска-літоўскіх землях засталося Віленскае медыцынскае таварыства (1805-1940), якое імкнулася працягваць універсітэцкія навуковыя і культурна-арганізацыйныя традыцыі. Аднак вымушанае строга выконваць указанні царскай адміністрацыі і пункты зацверджанага статуту, Медыцынскае таварыства мела вельмі абмежаваныя магчымасці ўплываць на становішча ў краі20 . Асветніцкія традыцыі Віленскага універсітэту працягвалі паўлегальныя вучнёўскія гурткі ў Менскай гімназіі (“kola publłczne”)21 .

Месца публічных таварыстваў занялі канспіратыўныя гурткі. У перыяд т.зв. “мікалаеўскай рэакцыі” нелегальныя аб’яднанні ўзнікалі перш за ўсё ў асяроддзі вучнёўскай моладзі, напрыклад, Дэмакратычнае таварыства студэнтаў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі (1836-1839), Брацкі саюз літоўскай моладзі (1846-1849), Саюз літоўскай моладзі (1847-1851), Патрыятычны вучнёўскі саюз у Свіслацкай гімназіі (1826), “Племя сарматаў” у Вільні (1827) і інш22 .

Для легальнага абмеркавання праблемаў, што хвалявалі грамадскасць засталіся толькі шляхецкія салоны-гурткі, а таксама выдавецкая і публіцыстычная дзейнасць, якая стрымлівалася шматлікімі цэнзурнымі абмежаваннямі. Актуальныя палітычныя і грамадскія праблемы абмяркоўваліся ў салонах і гуртках Рафала Тышкевіча, Эдварда Мастоўскага, Адама Кіркора, Аляксандра Адынца і інш. Вакол Віленскага дваранскага таварыства (Літоўскага камітэта), актыўнымі дзеячамі якога былі канонік Людвік Трынькоўскі, адвакат Сяргей Казакевіч, шляхціц Эдвард Ромер групаваліся прагрэсіўна-рэфарматарскія гурткі Яна і Напалеона Еланскіх у Мазырскім, Людвіка Орды ў Кобрынскім, Ажэшкі ў Пінскім паветах23 . Ідэйныя пошукі і меркаванні адлюстроўваліся на старонках такіх перыядычных выданняў як “Tygodnik Peterburgski”, “Bałamut Peterburgski”, “Wizerunki i rostrząsania naukowe”, “Athenaeum”, “Egida”, “Rocznik Literacki”, “Swistek”, “Pamiętniki Umysłowe”, “Lud i Czas”, “Gwiazda”, “Pamiętnik Naukowo-Literacki” і інш.24

Раскрыццё нелегальных гурткоў, забарона ў 1849-1851 г. практычна ўсіх польскамоўных часопісаў, жорсткія паліцэйскія рэпрэсіі новага віленскага генерал-губернатара Аляксандра Бібікава, які змяніў у 1850 г. Франца Мірковіча на некалькі гадоў прывялі грамадства да апатыі і нават маральнага крызісу25 .

Аднак ужо з сярэдзіны 50-х гадоў 19 ст. у Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, назіралася ажыўленне грамадскай дзейнасці, звязанае з абмеркаваннем праектаў адмены прыгону і іншымі працэсамі, выкліканынымі ўнутранымі і знешнепалітычнымі падзеямі. Важным фактарам актывізацыі грамадскага жыцця ў гэты перыяд стала вяртанне з выслання ўдзельнікаў паўстання 1830-1831 гг. і сяброў нелегальных гурткоў 40-х гадоў.

На пачатку 60-х гадоў у Беларусі ізноў узнікаюць шматлікія дабрачынныя таварыствы. Разам з тым атрымліваюць развіццё новыя грамадзянскія ініцыятывы – стварэнне публічных бібліятэкаў і арганізацыя нядзельных школаў. Даволі шырокай падтрымкай беларускай грамадскасці карысталіся таксама таварыствы цвярозасці. У 1855 г. была створана Віленская археалагічная камісія (1855-1865), з сяброў якой быў сфармаваны камітэт па арганізацыі Віленскага навуковага таварыства. Складвалася кола людзей, якія працавалі ў імя агульных інтарэсаў за межамі сферы службовых абавязкаў. Найбольш яскравым прыкладам з’яўлялася дзейнасць “Камітэта грамадзянаў”, у склад якога ўваходзілі Якуб Гейштар, Франц Далеўскі, Юры Карповіч, Ян Пенкоўскі. У выніку дзейнасці Камітэта была створана паўлегальная сетка дэпутатаў-памешчыкаў, якія ўзначалілі рэфарматарскую дзейнасць у беларуска-литоўским крае26 . Гэта стварала падставы для новага разумення ролі дзяржавы ў жыцці грамадства. Ідэі сацыяльнасці (грамадскасці) і дзяржаўнай службы пачалі раздзяляцца. Паняцці “бюракрат” і “грамадзянін” ужо супрацьпастаўляліся адзін аднаму. Актывізацыя грамадскай дзейнасці суправаджалася адыходам ад чыста навуковых або літаратурных заняткаў і ўзмацненнем інтарэсу да “грамадскіх пытанняў”. Развіццё незалежнага камерцыйнага друку, пашырэнне “практыкі чытання” фармавала ўмовы для ідэалагічных дыскусій. Менавіта сфера адкрытых публічных дэбатаў і грамадскай думкі ў тым сэнсе, які надаў ім нямецкі сацыяльны філосаф Ю.Хабермас – “public spirit” – сталі пачатковым пунктам фармавання грамадскіх рухаў, гэтага істотнейшага фактару складвання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Яшчэ ў першай трэці 19 ст. у рамках супрацьстаяння рацыяналістычнага і клерыкальнага светапоглядаў пачаўся працэс афармлення ліберальнага і кансерватыўнага меркаванняў. Лібералізм фармаваўся як рэакцыя, з аднаго боку, на спробы аднавіць “стары парадак”, а з другога – на крайнасці якабінскай дыктатуры. Тыповым прыкладам у дадзеным кантэксце можа служыць дзейнасць таварыства шубраўцаў і асабліва іх публіцыстыка. Органам друку Таварыства былі “Wiadomości Brukowe”27 . Кансерватызм фармаваўся як рэакцыя на рацыяналізм і антыгістарызм эпохі Асветніцтва.

Лібералізм і кансерватызм канстытуіраваліся ў дыскусіях пра сутнасць “сапраўднай народнасці” і ў працэсе абмеркавання характару неабходных рэформаў (перш за ўсе адмены прыгону). Калі на мове пачаўшага фармавацца ліберальнага светапогляду абарона народнасці азначала барацьбу за “народ”, які рухаецца па дарозе прагрэса разам з іншымі еўрапейскім краінамі, то на мове будучых кансерватараў гэтым тэрмінам пазначалі захаванне старажытнай культуры і традыцыйных сацыяльных адносінаў. Будучыя кансерватары знаходзілі свае аргументы ў працах фалькларыста Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага, які сцвярджаў, што шчаслівая будучыня можа быць заснавана не толькі на адмаўленні ад антыгуманных формаў грамадскага жыцця, але і на адраджэнні старых традыцый духоўнасці і грамадскіх адносінаў. Прагрэс славянскіх народаў яны звязвалі з адраджэннем дахрысціянскага мінулага. Ліберальна арыентаваныя колы крытыкавалі рамантычны культ народнасці за абскурантызм і містыцызм28 .

I прагрэсісты-рацыяналісты і “паракансерватары” згаджаліся з тым, што рэформы неабходныя. Тым не менш адносіны да рэальнага іх ажыццяўлення адрозніваліся. Гэта з яскрава праявілася ў прамове Міхала Пашкоўскага, дэлегата Ашмянскага пав. на Віленскім губернскім шляхецкім сходзе ў 1817 г. пры абмеркаванні пытання пра адмену прыгону. Ашмянскі дэлегат не адмаўляў неабходнасць скасавання прыгону, але настойваў на тым, што рэформа павінна быць усебакова асэнсавана і распрацавана на падставе практычнага ведання краю, звычаяў і народу, а не абстрактных лозунгаў свабоды і роўнасці29 .

Падзеямі, якія стымулявалі крышталізацыю грамадскіх пазіцый у Беларусі, сталі паўстанне 1830-1831 г. і “вясна народаў”, асабліва падзеі ў Галіцыі ў 1846 г. Адбылося размежаванне кансерватыўна (Генрык Ржэвускі, Казімір Буйніцкі) і ліберальна (Рамуальд Падбярэзскі, Э.Жэлігоўскі) настроеных публіцыстаў. У ліберальным асяроддзі аформіліся радыкальны (Франц Савіч, Юльян Бакшанскі, Аляксандр Незабытоўскі) і памяркоўны (Ф.Далеўскі, Уладзімер .Спасовіч) накірункі. Кансерватыўная грамадская думка падзялілася на “эвалюцыяністаў” (Андрэй Замойскі, Віктар Старжынскі) і “непрымірымых” (Генрык Ржэвускі, Аляксандр Дамейка)30 .

Праграма “арганічнай працы”, якая аб’яднала ў сярэдзіне 50-х г. 19 ст. лібералаў, кансерватараў і нават радыкалаў, адыграла ролю своеасаблівага ферменту, сродку барацьбы супраць палітычнага рамантызму. Яна падрыхтавала глебу для пашырэння ідэалогіі пазітывізму і звароту ўвагі да інтарэсаў канкрэтных сацыяльных групаў. Але ўжо ў 60-х гадах былі распрацаваны ліберальны і кансерватыўны варыянты праграмаў. Радыкалы адмовіліся ад “арганічнай працы”, паставіўшы сваей мэтай ажыццяўленне сацыяльнай рэвалюцыі. Цвёрдая ўпэўненасць у неабходнасці ўзброенай барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай прывяла да таго, што пазітывісцкую праграму адверглі і некаторыя крайнія кансерватары.

Менавіта ў гэты час, у 60-я гады 19 ст. пачынаюць фармавацца цэнтры аб’яднання прыхільнікаў розных накірункаў грамадскай думкі. Фактычна, адбываўся працэс кансалідацыі грамадскіх рухаў. Вакол “Камітэта грамадзянаў” групаваліся памяркоўныя лібералы. Іх апаненты Аляксандр Чапскі, Міхал Агінскі, Аляксандр Дамейка, Адам Платэр у поўнай адпаведнасці з прынцыпамі кансерватызму, выступалі супраць “арганізацыі грамадзянаў”, паколькі яна ігнаравала дзейнасць маршалкаў шляхты (“предводителей дворянства”) і імкнулася падмяніць органы адміністрацыі. Радыкальна настроеная частка грамадства Беларусі і Літвы аб’ядналася вакол “Камітэта руху” (пазней “Літоўскага правінцыйнага камітэту”), у склад якога ўваходзілі Кастусь Каліноўскі, Сяргей Чэховіч, Эдвард Вярыга і інш. Будучы сацыяльнымі радыкаламі, яго сябры не ішлі далей ліберальнай праграмы, галоўнымі лозунгамі якой было звяржэнне самаўладдзя і скасаванне прыгону. Разам з тым, яны падкрэслівалі неабходнасць “кулачнай рэвалюцыі”, а не рэфарматарскай дзейнасці. Сувязь з дэмакратычнай эміграцыяй і рускім рэвалюцыйным рухам садзейнічала крышталізацыі сацыялістычных тэндэнцый у светапоглядзе асобных прадстаўнікоў радыкалізму31 .

Аднак кансалідацыя грамадскіх рухаў у Беларусі ў гэты перыяд яшчэ была далёкай ад завяршэння. Перш за ўсё таму, што ў грамадстве пераважаў інтарэс да пошука эфектыўных формаў рэальнай практычнай дзейнасці, а не заклапочанасць “чысцінёй дактрыны”. Акрамя таго, “польскае пытанне”, якое цалкам займала шляхту, гэтую найбольш актыўную і палітызаваную частку насельніцтва рабіла больш цяжкім усведамленне прынцыповых ідэалагічных адрозненняў. Сітуацыя пагаршалася яшчэ таму, што ў грамадстве культываваліся ідэі “салідарызму” ўсіх слаёў і групаў насельніцтва ў імя поспеху паўстання за аднаўленне Рэчы Паспалітай.

Тым не менш, можна адзначыць, што ў першай палове 19 ст. ішоў працэс самаарганізацыі грамадскіх сілаў і станаўлення грамадскіх рухаў. Існаванне дабраахвотных арганізацый сведчыла пра імкненне да самастойнай грамадскай дзейнасці, да складвання слою грамадзянскіх актывістаў – “суб’ектаў грамадзянскай супольнасці”. З фармавання цэнтраў аб’яднання прыхільнікаў розных напрамкаў грамадскай думкі пачаўся працэс кансалідацыі ліберальнага і кансерватыўнага грамадскіх рухаў. Усе гэтыя працэсы сведчылі пра пачатак складвання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.


1 Гаджиев К.С. Концепции гражданского общества: идейные истоки и основные вехи формирования // Вопросы философии. 1991. № 7. С. 19-35: Черных А. Долгий путь к гражданскому обществу // Социс. 1994. № 8-9. С.173-181.
2 Seligman A. The Idea of Civil Society. New York, 1992.
3 Констан Б. О свободе у древних в сравнении со свободой у современных людей // Политические исследования. 1993. № 2. С. 97-106.
4 Стамм С.М. Диалектика общности и личности в средние века // Вопросы истории. 1993. № 3. С. 29– 37.
5 Берлин И. Четыре эссе о свободе. London, 1992. С. 123.
6 Arato A., Cohenn J. Civil Society and Political Theory. Cambridge, 1992; Habermas J. The Structural Transformation of the Public Sphere. Cambridge, 1989; Seligman A. The Idea of Civil Society. New York, 1992.
7 Волков В. Общественность: забытая практика гражданского общества // Pro et contra. 1997. № 4. С.77-91.
8 Вопросы теории и истории общественных организаций: Сб. ст. / Отв. ред. Ц.А.Ямпольская и А.М.Щиглик. Москва, 1971. С. 26.
9 Вятр Е. Социология политических отношений. Москва, 1979. С. 45-84; Щепаньский Я.Ю. Элементарные понятия социологии. Москва, 1969. С. 211, 214.
10 Sobolewsky M. Partie i systematy partyjne swiata kapitalistycznego. Warszawa, 1977.
11 Kamiński A. Polskie związki młodzieży (1804-1831). Warszawa, 1963. S. 19.
12 Полное собрание законов Российской империи: Собр. 1-е с 1649 по 12 дек 1825 г.: В 45 т. Санкт-Петербург, 1830-1845. Т. 21. № 15379.
13 Kamiński A. Polskie związki młodzieży (1804-1831). S. 13-63, 481-492.
14 Hass L. Wolnomularstwo w Europie Środkowo-Wschodniej w XVIII-XIX w. S. 273-274.
15 Hass L. Wolnomularstwo w Europie Środkowo-Wschodniej w XVIII-XIX w. S. 278.
16 Archiwum filomatów. Cz. 1: Korespondencja filomatów. 1815-1823: W 5 t. Kraków, 1913.T. 1. S. 35; Hass L. Wolnomularstwo w Europie Środkowo-Wschodniej w XVIII-XIX w. S. 283; Małachowski-Lempicki S. Wolnomularstwo na ziemiach dawnego Wielkiego Księstwa Litewskiego 1776-1822. Dzieje i materiały. Wilno, 1930. S. 8-9
17 “Wiadomości Brukowe”. Wybór artykułów / Wybrał i opracował Z.Skwarczynski. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1962. S. XXLV.
18 Полное собрание законов Российской империи: Собр. 1-е с 1649 по 12 дек 1825 г.: В 45 т. Санкт-Петербург, 1830-1845. Т. 38. № 29151.
19 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ) у Менску. Ф. 2779, воп. 1, ад.з.1.
20 Александравичюс Э.А. Культурно-организационное движение в Литве 1831-1863 гг.: Автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.02 / АН Лит. ССР. Ин-т истории. Вильнюс, 1986. С. 7-9.
21 Kamiński A. Polskie związki młodzieży (1804-1831). S. 500-534.
22 Смірноў А.Ф. Франц Савіч. З гісторыі беларуска-польскіх рэвалюцыйных сувязей. 30-4-е гг. XIX ст. Мінск, 1961; Самбук С. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Минск, 1976; Fajnhauz D. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi. 1846-1848. Warszawa, 1965; Kamiński A. Polskie związki młodzieży (1831-1848).
23 Самбук С. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. С.81; Fajnhauz D. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi. 1846-1848. S. 54-56.
24 Inglot M. Polskie czasopiśma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832-1851.Warszawa, 1966.
25 Fajnhauz D. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi. 1846-1848. S. 341.
26 Александравичюс Э.А. Культурно-организационное движение в Литве 1831-1863 гг.; Gieysztor J. Pamiętniki z lat 1857-1865. Wilno, 1913.
27 “Wiadomości Brukowe”. Wybór artykułów / Wybrał i opracował Z.Skwarczynski.
28 Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30-40-е годы XIX века. Минск, 1971; Мохнач Н.Н. Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX века. Минск, 1985; Мохнач Н. От просвещения к революционному демократизму (Общественно–политическая и философская мысль Белоруссии конца 10-х–начала 50-х гг. XIX в.). Минск, 1976; “Wiadomości Brukowe”. Wybór artykułów/ Wybrał i opracował Z.Skwarczynski.
29 Mościcki H. Sprawa włościańska na Litwie w pierwszej ćwierci XIX st. Warszawa, 1908. S. 15-16.
30 Смірноў А.Ф. Франц Савіч. З гісторыі беларуска-польскіх рэвалюцыйных сувязей. 30-40-ые гг. XIX ст.; Fajnhauz D. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi. 1846-1848; Inglot M. Polskie czasopiśma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832-1851.
31 Александравичюс Э.А. Культурно-организационное движение в Литве 1831-1863 г.г.; Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. Сост. Р.П. Платонов и др. Минск, 1988., 1976.

* Само паняцце “грамадзянская супольнасць” узнікла як юрыдычны тэрмін. У юрыспрудэнцыі грамадзянская супольнасць разумеецца як сукупнасць асобаў, якія ў дадзены час і на дадзенай тэрыторыі ўдзельнічаюць у распрацоўцы грамадзянскага права і грамадзянска-прававых адносін, якія яно рэгулюе. Сябры грамадзянскай супольнасці выступаюць або як суб’екты грамадзянскага права, або як прадстаўнікі ўлады, якая абараняе іх правы. Нормы грамадзянскага права вызначаюць грамадска-прававы статус і рэгулююць адносіны асобаў як сяброў грамадства ў іх т.зв. прыватным жыцці, г.зн іх стан і адносіны (асабістыя, сямейныя, маёмасныя). У адрозненні ад законаў саслоўнага грамадства, якія знешне былі індыферэнтнымі да маёмаснага стану сяброў грамадства, суб’ектам грамадзянскай супольнасці ў яе развітой форме з’яўляецца кожны чалавек, незалежна ад палітычнага, саслоўнага ці рэлігійнага стану. Свабода асобы, уласнасці і дамовы, прызнанне іх самакаштоўнасці ствараюць юрыдычную аснову развітой грамадзянскай супольнасці.
** Масонства паходзіць ад рамесных сярэднявечных аб’яднанняў будаўнікоў і архітэктараў (т.зв. аператыўнае масонства), якія са змяненнем эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі сталі прымаць у лік сяброў заможных людзей і арыстакратаў. Паступова гільдыі будаўнікоў ператварыліся ў таварыствы, дзе абмяркоўваліся шматлікія праблемы светапогляду (т.зв. спекулятыўнае масонства). Асноўным прынцыпам дзейнасці такіх таварыстваў была цярпімасць і, у першую чаргу, рэлігійная. У канстытуцыі масонаў 1722 г. падкрэслівалася, што масон – лаяльны падданы грамадзянскай улады ў кожнай краіне, дзе ён жыве і працуе; калі ж “брат” аказваецца замешаным у бунце супраць дзяржавы, ягоны ўчынак падлягае асуджэнню, але ў ложы ён можа застацца. Апошняе палажэнне стала, як адзначаюць шматлікія даследчыкі, перадумовай палітызацыі ложаў. (Hass L. Wolnomularstwo w Europie Środkowo-Wschodniej w XVIII-XIX w. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Łódż, 1982. S. 50-51.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія