У Зэльвенскім раёне Гарадзенскай вобл. ёсць даволі вялікая вёска Дзярэчын. Яе гісторыя распачалася ў далёкім мінулым. З захаваўшыхся пісьмовых крыніц вядома, што Дзярэчын некаторы час належаў жмудскаму баярыну Дрэмету. Аднак 10 кастрычніка 1416 г. вялікі князь Вітаўт перадаў яго Копачу “за верныя службы” (акт быў складзены ў Гародні). Гэтае дараванне было пацверджана вялікім князем 4 красавіка 1432 г. у Троках: “… Дали есмо Копачу село Деречин, што он держал”. Пазней 21 сакавіка 1468 г. вялікі князь Казімір працягнуў уладальніцкі запіс на сына згаданага Копача Васіля.
9 верасня 1493 г. вялікі князь Аляксандр пацвердзіў даравальны запіс сыну Васіля Яцку: “Отец наш корол его милость дал отцю его пану Василю Копачевичу имение Деречин со всеми тыми приселки с Лижкевичи, з Бахаревичи, з Луконницею, со Всемерью, с Валкевичи, с Крупою, с Дороглином, з Гнедковичи, с Озераны, з Дрыновом, з Царьаны, с Котчиною, з Угринаны, з дворцом Бережки”. Яцак Капачэвіч не меў нашчадкаў. Пасля яго смерці сястра княгіня Ганна, удава Міхала Сангушкі, звярнулася да вялікага князя Аляксандра з просьбай, каб Дзярэчын, які належыў яе дзеду, бацьку, а потым брату перадалі ёй (10 студзеня 1501 г.). Вялікі князь задаволіў просьбу.
Пасля смерці Ганны Дзярэчын перайшоў да яе сына князя Андрэя Міхайлавіча Сангушкі Кашырскага і двух дачок, якія былі жонкамі князёў Сямёна Багданавіча Адзінцэвіча і Івана Андрэевіча Палубінскага. Пазней 1540 г. частка маёнтка належала ўжо князю Івану Вішнявецкаму. А ў 1560 г. сярод яго ўладальнікаў былі Тэадор Чартарыйскі, сыны Івана Палубінскага Фёдар і Аляксандр і Самуэль Валовіч. У 1609 г. Валовіч прадаў частку сваёй дзярэчынскай маёмасці Аляксандру Палубінскаму1 .
Ад назвы “Дзярэчын” яго ўладальнікі зваліся ”Дзярэчынскімі”. Так, у Літоўскай метрыцы 1569 г. сярод “тытулаў паноў рад іх міласці” згадваліся таксама “князі Дзярэчынскія”2 .
У канцы 16 – пачатку 17 ст. мястэчка Дзярэчын пачало разбудоўвацца. У 1599 г. тут было 42 дома, у 1609 г. – 62 і каля 430 жыхароў, у 1646 г. – 72 і 500 жыхароў розных прафесій. Штогод (з 1566 г.) у мястэчку адбываліся кірмашы, вядомыя гандлем коньмі. Існавала карчма, якую звычайна арэндавалі жыды. У 1585 г. была заснавана друкарня. Акрамя праваслаўнай царквы Спаса, на якую ў 1601 г. Аляксандр Палубінскі перадаў зямлю і сялянаў, меўся і касцёл. Яго збудавалі ў 1629 г. па жаданню мсціслаўскага кашталяна Канстанціна Палубінскага і яго жонкі Соф’і з роду Сапегаў. Яны ж у 1633 г. далі сродкі для адкрыцця пры касцёле шпіталю на 12 ложкаў3 .
Вялікі маршалак Аляксандр Хілары Палубінскі (1626 –1679 гг.) пабудаваў у Дзярэчыне дамініканскі кляштар і адчыніў пры ім філасофскую школу. Ён жа быў фундатарам уніяцкай царквы для сваіх сялянаў.
10 лютага 1686 г. дачка Аляксандра Палубінскага Ізабела-Гелена выйшла замуж за літоўскага стольніка Юрыя-Станіслава Сапегу і прынесла Дзярэчын у якасці пасагу ў сям’ю Сапегаў. З Ізабелай-Геленай звязана паданне, запісанае Л.Патоцкім. Яно сцвярджае, быццам бацькі перад смерцю даверылі Ізабеле-Гелене апеку над непаўналетнім малодшым братам, нашчадкам вялізарнай спадчыны Палубінскіх. Дзеля ўласнага ўзбагачэння сястра загадала забіць брата. Але душа яе ад таго часу не ведала спакою. Пасля смерці Ізабелы-Гелены на руінах старога замка Палубінскіx і ў новым палацу Сапегаў неаднаразова бачылі па начах яе прывід.
На самой справе акрамя Ізабелы-Гелены ў Аляксандра Палубінскага былі яшчэ два сыны і тры дачкі, з якіх Тэадора і Кацярына памерлі ў маленстве, а Ганна-Мар’яна выйшла замуж за князя Дамініка Радзівіла (1672). Адзін з сыноў – ваўкавыскі стараста Дамінік Ян Міхал памёр у 1683 г. у Венгрыі, а другі – Крыштаф-Канстанцін, літоўскі маршалак, бабруйскі і ваўкавыскі староста “адыйшоў у лепшы свет” у 1685 г. Пасля працяглых судовых спрэчак дзярэчынскае ўладанне было падзелена паміж Сапегамі і Радзівіламі. Ізабела-Гелена памерла і была пахавана ў дзярэчынскім касцёле ў 1721 г.4 Відавочна, што паданне зберагло толькі нейкія адгалоскі той гісторыі.
Згодна з тэстаментам наступнага ўладальніка Дзярэчына Антонія Сапегі маёнтак у 1739 г. перайшоў да Аляксандра Сапегі, які прадаў яго за 150 тыс. злотых падляшскаму ваяводзе Міхалу Сапегу. Наступным уладальнікам Дзярэчына быў Аляксандр Міхал Сапега5 . Менавіта пры ім і яго сыне Францішку Дзярэчын стаў рэзідэнцыяй Сапегаў і дасягнуў свайго найвышэйшага росквіту.
Аляксандр Міхал нарадзіўся 10 верасня 1730 г. у Вільні. У восем гадоў застаўся без бацькі, і яго выхаваннем займаўся апекун – віленскі біскуп Юзаф Сапега. Аляксандр Міхал зрабіў паспяховую кар’еру. У 23 гады (1753) ён быў ужо полацкім ваяводам. Праз дзевяць гадоў (1762) – польным гетманам літоўскім, а ў 1775 г. – канцлерам ВКЛ.
Яшчэ ў 1756 г. Аляксандр Міхал ажаніўся з удавой Юзафа Любамірскага Магдаленай. Сямейнае жыццё не заладзілася. Паcля нараджэння чатырох дочак супругі раз’ехаліся. Магдалена бавіла час у Варшаве, у Пулавах, дзе знаходзіўся маёнтак яе сяброўкі Ізабелы Чартарыйскай, або ў Парыжы. Пэўны час яна была фаварыткай караля Станіслава Аўгуста, ад якога нібыта мела двух дзяцей – дачку Канстанцыю і сына Міхала. Князь Сапега не жадаў прызнаваць сваім сынам і Францішка, які нарадзіўся ў 1772 г. Толькі пасля смерці княгіні Магдалены (1780), дачка Ганна Тэафіла (па мужу Сангушка) упрасіла бацьку прызнаць Францішка сваім сынам6 .
Пры Аляксандры Міхале ў склад Дзярэчынскага ўладання ўваходзіла 14 маёнткаў і 55 вёсак з 959 валокамі апрацаваных зямель і насельніцтвам звыш 10 тыс. чалавек (1508 дымаў). Тут выраблялі гарэлку, займаліся конназаводскай справай, разводзілі англійскіх авечак, а ў штучных ставах – рыбу. Караблі Аляксандра Міхала плавалі з грузамі ў Каралявец, а адтуль прывозілі імпартныя тавары – соль, віно, шкло і інш. Напрыклад, у 1761 г. у Дзярэчын было дастаўлена шмат жалеза, свінца, жалезных і скабяных вырабаў, шкла, солі, прыпраў і інш. на суму 8661 злотых. У гэты ж час у Дзярэчыне былі пабудаваныя чатыры цагляныя аранжарэі. Тут вырошчвалі кветкі, гранаты і апельсіны, ананасы і інжыр. Сярод 446 садовых дрэваў было 89 яблань, 107 груш, 85 сліў, 25 чарэшань, персікавае і абрыкосавае дрэвы.
Выдатковая частка бюджэта Дзярэчынскага маёнтка за 1776-1777 гг.) склала 129 768 злотых. З гэтых грошаў 60 437 зл. пайшло на выплату працэнтаў па даўгах і на судовыя выдаткі, 26 028 зл. – на набыццё абсталявання і матэрыялаў для будаўніцтва, на разлік з наёмнымі работнікамі. Асабістыя расходы князя склалі 6 685 зл. На гаспадарскую кухню пайшло 4 412 зл., плату слугам, егерам, конюхам – 29 818 зл. (што сведчыць пра вялікую колькасць службы), наёмным жаўнерам – 2 388 зл. У выніку выдаткі на магнацкі двор склалі 43 303 зл. (62%) і пераўзышлі выдаткі на гаспадарку7 .
У 1786 г. быў закончаны новы дзярэчынскі палац. Будынак планаваўся пад навучальную ўстанову для сыноў заслужаных вайскоўцаў. Але ў сувязі са зменай рэзідэнцыі будынак перарабілі на палац. Праект быў распрацаваны архітэктарамі І.С.Бекерам і Л.Стуокай-Гуцявічусам.
У 1765 г. у дакументах згадвалася таксама дзярэчынская музычная капела. Вядомыя нават прозвішчы некаторых яе ўдзельнікаў: Тамашка, Бельке, Ляховіч, Паўкер, Фезэрыя. З 1786 г. у Дзярэчыне выступала ружанская тэатральная трупа. Каталог бібліятэкі Сапегаў дазваляе выказаць меркаванне, што ў тэатры ставіліся п’есы як французскіх ды італьянскіх аўтараў, так і мясцовых – Ф.Багамольца і У.Радзівіл.
Сапегаўскі кнігазбор, перавезены ў Дзярэчын з Ружанскага палаца, па колькасці выданняў і іх каштоўнасці саступаў у ВКЛ толькі радзівілаўскаму. Яго пачаў збіраць у 16 ст. канцлер Леў Сапега. Аляксандр Міхал, а затым Францішак значна папоўнілі яго кнігамі, напісанымі на англійскай, французскай, нямецкай і іншых мовах. Сярод іх былі творы Вальтэра, Сервантэса, Мантэск’е і інш. На экслібрысе А.М.Сапегі красавалася выява трыўмфальнай аркі, на вяршыне якой алегарычная фігура славы трымала шчыт з двойчы перакрыжаванай стралой – знакам герба Ліс. Акрамя бібліятэкі з Ружанаў у дзярэчынскі палац былі перанесеныя археалагічны кабінет і багаты рукапісны архіў. Тут захоўвалася перапіска Сапегаў, пачынаючы з 16 ст.8
У мастацкую калекцыю палаца ўваходзіла каля 300 палотнаў галандскіх, італьянскіх і французскіх мастакоў. Сярод іх былі карціны Паоло Веранезе, Ван дер Нэера, Эльжбеты Вігі-Лебрун і інш. Палац упрыгожвалі мармуровыя скульптуры антычных багоў і герояў (Апалона, Геры, Меркурыя і інш.), егіпецкія статуі, этрускія вазы, срэбныя і залатыя вырабы9 . Часткай палацовага ансамбля з’яўляўся парк з каштанавымі і таполевымі алеямі. У 1794 г. у маёнтку быў адчынены заапарк, у якім утрымліваліся алені, лані, серны, ласі, мядзведзі і нават вярблюд10 .
Сын Аляксандра Міхала – Францішак выхоўваўся ў Пулавах у Ізабелы Чартарыйскай. Яго настаўнікамі былі Цяплінскі і прэлат Ф.Богуш, які аднак больш займаўся грамадскімі, духоўнымі і літаратурнымі справамі, чым сваім выхаванцам. У 1792 г. Францішак атрымаў ад Тарговіцкай канфедэрацыі званне генерала літоўскай артылерыі. А ў 1793 г. ажаніўся з Пелагеяй Патоцкай, дачкой маршалка канфедэрацыі ад Кароны Станіслава Шчэснага-Патоцкага.
Князь Францішак падтрымаў паўстанне 1794 г. і быў гатовы нават ваяваць простым афіцэрам, але Тадэвуш Касцюшка, які ведаў князя, прыслаў яму патэнт генерал-лейтэнайта і прызначыў камандзірам корпуса11 . Але маладосць Францішка і адсутнасць навыкаў падпарадкавання вышэйшаму камандаванню прывялі да ягонага адыходу ад паўстання і вяртанню ў Дзярэчын.
Сваяцкія сувязі дапамаглі пазбегнуць пакарання за ўдзел у паўстанні. Больш таго Францішак з жонкай перабраўся ў Санкт-Пецярбург, дзе атрымліваў званне тайнага саветніка. У 1797 г. князь удзельнічаў у каранацыі Паўла І у Маскве, а потым сумесна з імператарам, які пажадаў наведаць Літву, прыехаў у Дзярэчын. У той час Дзярэчын называлі “малым Версалем”. У палацы можна было сустрэць французскіх і англійскіх арыстакратаў-падарожнікаў.
Двор княгіні Пелагеі складаўся пераважна з маладых і прыгожых дзяўчат з радавітых сем’яў Літвы. Па вечарах старэйшыя звычайна гулялі ў карты, а моладзь бавіла час у танцах, спевах, розных забавах. Аднойчы вечарам, дзяўчаты папрасілі сваіх кавалераў прынесці кветкі з могілак. Адзін з хлопцаў вярнуўся, калоцячыся ад жаху. Прывід княгіні Ізабелы не дазволіў яму сарваць кветкі. Гэты прывід потым нібыта бачылі і за вокнамі балёвай залы і ў цяністых алеях парка. Князь Францішак распавядаў, што неаднаразова бачыў яго таксама ў палацы.
Шлюб князя з Пелагеяй быў не вельмі доўгім. У 1805 г. яны разыйшліся. Яна хутка ізноў выйшла замуж за Паўла Сапегу. А Францішак з таго часу падарожнічаў па ўсёй Еўропе, каб пазбыцца “хваробы”, якая завецца нудой. У Пецярбургу яму было холадна, у Партугаліі – горача, у Англіі – вільготна, у Вільні не было з кім сябраваць, а ў Варшаве – з кім гуляць у карты. І толькі ў Парыжы і Дзярэчыне ён мог на некалькі тыдняў супакоіцца. У Парыжы ён шукаў прыгодаў, вывучаючы парыжскае “дно”. Францішак, як сцвярджаў Л.Патоцкі, стаўся прататыпам славутага Рудольфа з “Парыжскіх тайнаў” Эжэна Сю12 .
У апошні год свайго жыцця (1829) Францішак Сапега часта бываў у Вільні. Тут ён знайшоў нявесту для сына Яўстаха. Гэта была дачка графа Тышкевіча13 .
Князь Яўстах Каэтан (1797–1860) удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 г. Ён служыў у чыне падпаручыка ў штабе генерала Яна Скжынецкага і быў узнагароджаны залатым крыжам “Virtuti Militari”. Пасля паражэння паўстання князь эміграваў у Францыю14 . Яго ўладанні ў Беларусі і Літве былі ўзяты ў секвестр, а потым канфіскаваныя. У 1832 г. з Дзярэчына ў Пецярбург былі адпраўлены 25 вялікіх скрынь з карцінамі, залатымі і срэбнымі вырабамі, мазаікай, скульптурай, архівам і кнігамі. Скарбамі зацікавіўся сам імператар Мікалай I, які і вырашыў іх лёс. Лепшыя карціны і скульптуры былі накіраваны ў Эрмітаж, Акадэмію мастацтва, музеі. Тое, што не спадабалася, Мікалай І загадаў накіраваць на склады, або знішчыць. Бібліятэку і архіў перадалі архіву Міністэрства замежных спраў і Публічнай бібліятэцы Пецярбурга15 .
Веліч і слава Дзярэчына мінавала. У 1832 г. быў зачынены дамініканскі кляштар, якому Сапегі рабілі каштоўныя ахвяраванні і пры якім працяглы час дзейнічала філасофская школа16 . У 1824 г. у ёй было 10 вучняў і прафесар І.Венцкевіч. У 1867 г. згарэлі вежа і хоры парафіяльнага касцёла, які таксама быў зачынены. Палац перарабілі пад вайсковыя казармы.
На пачатку 20 ст. пра былое багацце ўладальнікаў Дзярэчына яшчэ нагадваў палац, вокны якога былі забіты дошкамі, рэшткі дамініканскага кляштару і парку, ад якога засталіся тры алеі каштанаў і таполяў. На рынкавай плошчы яшчэ ўзвышалася калона. Амаль такая ж самая знаходзілася каля вёскі Алексічы17 . Паходжанне яе пакуль застаецца невядомым.
Апошнім уладальнікам Дзярэчына ў 30-я гары 20 ст. быў міністр замежных справаў ІІ Рэчы Паспалітай Яўстах Сапега18 . Палац быў разбураны ў перыяд савецка-германскай вайны. Толькі падмурак ды вялізны слуп каля вёскі Алексічы яшчэ нагадваюць пра слаўную гісторыю Дзярэчына.
1 Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Slawucie. Lwów, 1887. T. 1. S. 24, 121; 1890. T. 3. S. 1, 13, 24, 25; Topolska M.B. Dobra Dereczyńskie od XV do polowy XVII w. // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Historia. Poznan, 1971. Zeszyt II. S. 47-49, 51.
2 Wolf J. Kniaziowie Litewsko-Ruscy. Warszawa, 1895. S. 43; Topolska M.B. Dobra Dereczyńskie … S. 63, 64.
3 Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Гродненская губерния. Составил П.Бобровский. Часть 2. Санкт-Петербург, 1863. С. 1063.
4 Kwartalnik Litewski 1910. Т. 4. S. 138, 139.
5 Dom Sapieżyński. Opr. E.Sapieha. Warszawa, 1995. S. 650.
6 Dom Sapieżyński. S. 505-507; Мемуары князя Адама Чарторыйского. Москва, 1912.Т. 2. С. 26.
7 Козловский П.Г. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в. Минск, 1974. С. 60, 67, 83, 88, 94, 99, 146, 148.
8 Наш радавод. Гродна, 1991. С. 320.323.
9 Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wrocław, 1992. S.198-200.
10 Наш радавод. С. 321.
11 Piśma Tadeusza Kościuszki. Warszawa, 1947. S. 113.
12 Kwartalnik Litewski. 1910. T. 4. S. 138, 139, 152.
13 Z Günterów Gabriela Puzynina // W Wilnie i w dworach litewskich. 1815 – 1843. Wilno. S. 114.
14 Dom Sapieżyński. S. 566.
15 Aftanazy R. Dzije rezydencjj…. S.. 199, 200.
16 Wiadomosci o dominikanach prowincyi Litewskiej. Zebral Wołyniak. Kraków, 1917.
Cz. 1. S. 80-82.
17 Карский У. Деречинский приход. Гродно, 1901. C. 4.
18 Dom Sapieżyński. S. 612-617.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"