БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 3 / 2000

Уладзiмiрская царква ў Гародні

Юры Гардзееў (Кракаў)
Андрэй Шаршаневіч (Гародня)

Развiццё культурных працэсаў на беларускiх землях у другой палове 19 ст. працякала ў складаных палiтычна-iдэалагiчных i адначасова цiкавых мастацкiх умовах. Значную ролю ў гэтым адыграў гаспадарчы фактар. Хуткi рост рыначных адносiнаў у Расiйскай iмперыi вёў да пашырэння ў Беларусi ўплыву расiйскага капiталу. Разам з тым адбываўся працэс яе “культурнага заваявання”1 , г.зн. пашырэння культурнага расiйскага ўплыву. Асноўным яго напрамкам была асвета. Асаблiва моцна ўрадавы iдэалагiчны ўцiск пачаў адчувацца ў 80-я гады 19 ст. Праявы афiцыйнага курсу ўладаў знаходзiлi адлюстраванне ў розных галiнах культуры, у тым лiку i ў архiтэктуры.

Развiццё архiтэктуры на беларускiх землях у гэты час праходзiла ва ўмовах фармавання двух супрацьлеглых напрамкаў – рэтраспектывiзму, пры падтрымцы афiцыйных колаў, а таксама мадэрну, якi цалкам арыентаваўся на заходнееўрапейскiя культурныя традыцыi. Рэтраспектывiзм, як афiцыйны накiрунак, чэрпаў свае ўзоры са старажытнарускай i вiзантыйскай культурнай спадчыны. Распаўсюджанне атрымалi матывы расiйскай архiтэктуры 17 ст. – стылiзаваныя закамары, шатровыя дахi i г.д. Адсюль гэты стыль яшчэ называецца псеўдарускiм. Цэрквы, пабудаваныя ў гэтым стылi, часта называюць “мураўёўкамi”2.

У другой палове 19 - пачатку 20 ст. у Гародні будуецца шэраг праваслаўных храмаў, архiтэктура якiх была прамым адлюстраваннем iдэалагiчнага курсу ўладаў. Узводзяцца гэтыя храмы каля галоўных гарадскiх магiстраляў: Пакроўскi сабор на сучаснай вулiцы Ажэшкi (раней Верцялiшская, Роскаш, Садовая, Мураўёўская), Аляксандра-Неўская царква на сучаснай плошчы Тызенгаўза (раней Дварцовая, Гараднiчанская, Тэатральная, Свабоды, Ленiна).

У 80-я гады 19 ст. упершыню разглядаецца пытанне пра ўзвядзенне праваслаўнай царквы ў левабярэжнай частцы Гародні, на т. зв. Занёманскiм фарштаце. З “тлумачэння да плана” Гародні 1882 г. вынiкала, што да лiку пабудоў, якiя меркавалася ўзвесцi на фарштаце, належала “мураваная царква”. Для яе было вызначана месца, аднак назва царквы не згадвалася3 . Намеры пабудаваць новую царкву былі рэалiзаваны толькi ў сярэдзiне 90-х гадоў 19 ст. Горад хутка рос у паўднёвым накiрунку, пашыралася сетка вулiц, значна павялічылася колькасць жыхароў. Плывучы мост, якi звязваў дзве часткi горада, дзейнiчаў толькi ў летнi час. Лодкi i паромы таксама не маглi дапамагчы рашэнню праблемы камунікацыі. Праваслаўнае насельнiцтва Занёманскага фарштата i шэрагу вёсак па прычыне адсутнасцi пастаяннага гарадскога маста не было ў стане задаволiць свае духоўныя патрэбы4 .

У канцы 1893 г. справа рушыла з месца. На ўзвядзенне царквы была вызначана сума ў 5 тыс. рублёў з земскага збору, а ў красавiку 1894 г. гарадзенская гарадская Дума адвяла зямельны ўчастак пад яе будову. Вiдаць у гэтым жа годзе Іван Капiтонавiч Плотнiкаў, малодшы архiтэктар Будаўнiчага аддзялення Гарадзенскага губернскага праўлення5 , склаў план i каштарыс пабудовы царквы на агульную суму каля 12 тыс. рублёў6 .

Іван Плотнiкаў нарадзiўся 8 лiстапада 1862 г. у Саратаўскай губернi ў мяшчанскай сям’i. Пасля вучобы ў Імператарскай Акадэмii Мастацтваў атрымаў званне класнага мастака архiтэктуры другой ступенi. Загадам Міністэрства ўнутраных справаў ад 2 красавiка 1891 г. ён быў прызначаны на пасаду выконваючага абавязкi малодшага архiтэктара Гарадзенскага губернскага праўлення. З 1893 г. Плотнiкаў знаходзiўся на пасадзе малодшага архiтэктара, а з чэрвеня 1900 г. – губернскага архiтэктара. У 1904 г. ён быў прызначаны гарадзенскiм губернскiм iнжынерам7 .

Храм быў узведзены на ахвяравання i сродкi маскоўскага купца П. Бiрукова, земскага губернскага збору i Св. Сiнода. Ахвяраваннi збiраў святар Аляксандр Някрасаў i iншыя. 4 чэрвеня 1895 г. адбылася закладка будынка новага храма ў прысутнасцi гарадзенскага губернатара Д.Н.Бацюшкава8 . Да верасня гэтага года былi ўзведзены сцены царквы, пабудавана званiца. Будынак храма пакрылi дахам. 13 кастрычнiка 1895 г. на купале царквы паставілі крыж. Унутраныя работы iшлi ўсю зiму да вясны 1896 г. У першай палове 1896 г. маскоўскi мастак Д.Струкаў зрабіў iканастас з выявамi святых князя Уладзiмера, абразамi княгiнi Вольгi, князёў Барыса i Глеба, святога пакутнiка Афанасiя Берасцейскага, святых Кiрыла i Мяфодзiя, вiленскiх пакутнiкаў Антонiя, Іаана i Яўстафiя. Каля царскай брамы быў змешчаны абраз Мацi Боскай Іверскай9 . 29 снежня 1896 г. царква была асвечана ў iмя добравернага князя Ўладзiмiра10 .

Царква была разлiчана на 300-400 чалавек. Акрамя таго яе функцыянальны характар пашыраўся праз размяшчэнне тут школы. Частка будынка царквы мела быць прыстасавана да класаў. Побач меркавалася пабудаваць жылое памяшканне для настаўнiкаў, дзе прапанавалася пачаць часовае навучанне дзяцей11 .

У сярэдзiне 60-х гадоў 20 ст. Уладзiмiрскую царкву планавалася ліквідаваць. Выканкам Гарадзенскага гарсавета на падставе рашэння ад 09.12.1964 г. за № 649 звярнуўся з просьбай у выканкам аблсавета аб закрыццi царквы. Пад рашэннем былi пастаўлены подпiсы старшынi гарвыканкама У.Ушацкага i сакратара Е.Архiпавай12 . Прапанавалася прыстасаваць будынак царквы пад клуб. Падобныя намеры тлумачылiся пашырэннем тэрыторыi шклозавода, рэканструкцыяй цэхаў, вузасцю праезжай часткi каля царквы i г.д. Пытанне пра закрыццё царквы першымi паставiлi адмiнiстрацыя шклозавода i дзяржаўтаiнспекцыя. Хадайнiцтва гарадскiх уладаў падтрымаў упаўнаважаны Савета па справах Рускай праваслаўнай царквы СМ СССР па Гарадзенскай вобласцi Г.Чаркас, якi прапанаваў зняць царкву з улiку гэтага Савета. Справа на тым не скончылася. Гарадзенскi гарвыканкам згодна са сваiм рашэннем ад 04.08.1965 г. за № 297 (подпiсы нам. старшынi гарвыканкама Л.Сташкевiча i сакратара Е.Архiпавай) прасiў Гарадзенскi аблвыканкам “зняць з улiку дзеючую Уладзiмiрскую царкву на вулiцы Калгаснай з далейшым зносам гэтага будынку”13 . На шчасце, намеры не былі здейсненыя і царква захавалася.

Спiс святароў гарадзенскай Уладзiмiрскай царквы ў 40-60-я гады 20 ст.

·Пятроўскi Анатоль Мяфодзiявiч. Зарэгiстраваны 20.11.1945 г. Нарадзiўся ў 1911 г. Закончыў Ваўкавыскую гiмназiю i Багаслоўскае аддзяленне Варшаўскага унiверсiтэту. У сане з 28.05.1934 г. 17.05.1956 г. пераведзены ў Гарадзенскi сабор. (ДАГВ. Ф. 478, воп. 1, ад.з. 2, арк. 2)
·Жытко Мiкалай Мiхайлавiч. Зарэгістраваны 06.11.1951 г. Дыякан. Нарадзiўся ў 1916 г. Скончыў 4 класы Вiленскай духоўнай семiнарыi. Пасвечаны ў сан у 1951 (1957 ?) г. (ДАГВ. Ф. 478, воп. 1, ад.з. 2, арк. 9)
·Жамойда Мiхаiл Кляменцьявiч. Зарэгiстраваны 27.11.1948 г. Нарадзiўся ў 1916 г. Адукацыя – 4 класы гiмназii. У сане з 21.12.1947 г. 14.06.1949 г. выбыў у Нова-Дворскую царкву Поразаўскага раёна. (ДАГВ. Ф. 478, воп. 1, ад.з. 35, арк. 24)
·Каляда Iосiф Iванавiч. Зарэгiстраваны 24.04.1950 г. Нарадзiўся ў 1905 г. Закончыў Дзямiдаўскую гiмназiю г. Петраграда. У сане з 1926 г. 20.08.1950 г. выбыў у Берасцейскую вобласць. (ДАГВ. Ф. 478, воп. 1, ад.з. 35, арк. 27)
У 1965 г. настаяцелем Уладзiмiрскай царквы быў Г.Маiсееў. (ДАГВ. Ф. 478, воп. 1, ад.з. 114, арк. 152).


1 Цвiкевiч А. “Западно-руссизм”: нарысы з гiсторыi грамадзкай мысьлi на Беларусi ў XIX i пачатку XX в. Мiнск, 1993. С. 240.
2 Спадчына. 1991. № 6. С. 24-25.
3 Расiйскi Дзяржаўны Ваенна-Гiстарычны Архiў у Маскве (РГВИА). Ф. 1959, воп. 2, ад.з. 39, арк. 14.
4 Богородский Н. Церковь во имя святого равноапостольного великого князя Владимира в городе Гродна на Занеманском форштате. Очерк истории её возникновения. Гродно, 1897. С. 4.
5 Нацыянальны Гiстарычны Архiў Беларусi (НГАБ) у Гародні. Ф. 2, воп. 37, ад.з. 1219, арк. 3 адв.
6 Богородский Н. Церковь… С. 7-9; НГАБ у Гародні. Ф. 8, воп. 2, ад.з. 1032, арк. 1.
7 НГАБ у Гародні. Ф. 2, воп. 37, ад.з. 1219, арк. 1 адв., 3 адв., 5 адв.
8 Закладка церкви-школы в Гродне // Литовские Епархиальные Ведомости. 1895. № 24. С. 236.
9 Богородский Н. Церковь… С. 21-24; Литовские Епархиальные Ведомости. 1896. № 22.
10 Орловский Е. Гродненская старина. Гродна, 1910. Ч. 1. С. 323-324; Литовские Епархиальные Ведомости. 1897. 5 января. С. 4-6.
11 Богородский Н. Церковь… С. 9; Литовские Епархиальные Ведомости. 1897. 5 января. С. 5-6.
12 Дзяржаўны Архiў Гарадзенскай вобласцi (далей ДАГВ) Ф. 484, воп. 1, ад.з. 330, арк. 201.
13 ДАГВ Ф. 478, воп. 1, ад.з. 112, арк. 18-20; Ф. 484, воп. 1, ад.з. 341, арк. 69.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія