БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 3 / 2000

Пра колькасць прызваных у расійскае войска з Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай губ. у часы Першай святовай вайны (1914-1917 гг.)

Віталь Карнялюк
(Гародня)

Мабілізацыя была першым арганізаваным дэмаграфічным рухам насельніцтва Расійскай імперыі ў Першай святовай вайне. З яе пачаткам перад ваенным кіраўніцтвам Расіі стаяла задача забяспечыць лічбавы склад дзеючай арміі. Губернскія ўстановы атрымалі паведамленне з Пецярбурга пра перавод войскаў і флоту на ваеннае становішча і прызванні чыноў запасу згодна з мабілізацыйным раскладам 1910 г. Першым днём мабілізацыі было вызначана 18 ліпеня (1 жніўня)1 . Згодна §1 Статута 1874 года “Аб усеагульнай вайсковай павіннасці” – “абарона межаў Бацькаўшчыны” лічылася “свяшчэнным абавязкам кожнага рускага падданага”2 . Усе беларускія губерні падпадалі пад мабілізацыю. Большасць мужчынаў узросту ад 22 да 49 гадоў змяняла сваё сацыяльнае становішча і станавілася часткаю спецыфічнага дзяржаўнага інстытуту, якім з’яўляецца войска.

Да 1 сакавіка 1917 года было праведзена 19 мабілізацый3 . Сюды неабходна дадаць рэгулярныя кастрычніцкія 1914, 1915 і 1916 гг. прызывы навабранцаў. Такім чынам, 22 мабілізацыі закранулі цалкам ці часткова насельніцтва пяці беларускіх губерняў. Мужчыны з запасу прызываліся ў якасці ратнікаў І і ІІ разрадаў (адпаведна ва ўзросце 24-39 гадоў і 39-49 гадоў). І разрад прызначаўся для фармавання як апалчэнцкіх частак, так і частак дзеючага войска, а ІІ – выключна для камплектавання апалчэнцкіх частак для працы ў тыле4 .

Мабілізацыйныя мерапрыемствы ў рознай ступені ахапілі беларускія губерні. Ход ваенных дзеянняў выключыў увосень 1915 г. Гарадзенскую, частку Віленскай і Менскай губ. з-пад кантролю расійскага ваеннага кіраўніцтва. Тут было праведзена толькі 9 мабілізацый салдат апалчэння І і ІІ разраду: у 1914 г. 18.07, 22.07, 22.09 (дзве), 12.11, 12.12, 20.12; у 1915 г. – 02.01, 01.045 .

Колькі ж было прызвана з беларускіх губерняў за гады вайны? Гістарычная літаратура змяшчае толькі адну лічбу – 635,0 тыс.чал.6 Лічба прызваных тычыцца Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. Акрамя таго ў зборніку “Россия в мировой войне 1914-1918 гг.” змешчаны звесткі пра Віленскую губ.7 Пра колькасць мабілізаваных з Гарадзенскай губ. у зборніку няма звестак. Але ў матэрыялах фонду гарадзенскага губернатара (“Пра выкананне мабілізацыйнага абавязку насельніцтвам Гарадзенскай губ. у перыяд ад пачатку вайны да 28 кастрычніка 1914 г.”) утрымліваецца лічба 45112 чал., прызваных у 1914 г. (18.07, 22.07, 22.09), з якіх 29219 былі запаснымі, а 15903 – ратнікамі апалчэння І разраду.8 У фондзе Гарадзенскага губернскага праўлення ёсць звесткі пра 2,1 тыс. “ніжніх чыноў запасу і ротманаў апалчэння”, прызваных за перыяд з 2 па 5 студзеня 1915 г.9 Гэтая лічба не тычыцца ўсіх мясцовасцяў. Тым не менш сума прыведзеных лічбаў (45112 + 2,1 тыс.) адпавядае колькасці прызваных чыноў запасу за 5 (з 9-ці) мабілізацый. Сюды ж трэба дадаць колькасць навабранцаў. Вядома, што ў прызыўныя спісы за 1913 г. было ўнесена 21910 чал.10 Такім чынам, агульная колькасць прызваных у войска з Гарадзенскай губ. за 6 мабілізацый склала 69122 чал. Калі мы дапусцім, што ў наступныя мабілізацыі была прызвана недзе палова гэтай колькасці, то можам сцвярджаць, што да верасня 1915 г. у расійскае войска з Гарадзеншчыны было прызвана каля 103 тыс. мужчын.

Дадзеныя згаданага статыстычнага зборніка заснаваны на ўліку дапамогі сем’ям прызваных у войска. Гэтая статыстычная інфармацыя была сабраная да 1 верасня 1917 г., а гэта значыць, што яна магла быць атрымана толькі на неакупаванай тэрыторыі, у тым ліку ў Вілейскім і Дзісненскім пав. Віленскай губ.

Названыя паветы Віленшчыны былі акупаваныя ў снежні 1917 г.11 Устанавіўшы, якую долю ад усяго насельніцтва Віленскай губ. складае насельніцтва гэтых двух паветаў, можам сцвярджаць, што 47,8 тыс. чал., прызваных з Віленшчыны, гэта 25% ад усіх прызваных з губерніі, калі дапусціць, што насельніцтва гэтай губерні ўдзельнічала ва ўсіх 22 мабілізацыях. Але на самой справе насельніцтва Віленскай губ. магло ўдзельнічаць толькі ў 10 мабілізацыях (9 мабілізацый чыноў запасу, 1 мабілізацыя навабранцаў), а ў 22 удзельнічалі толькі жыхары двух згаданых паветаў. Паколькі была вызначана працэнтная колькасць насельніцтва Вілейскага і Дзісненскага пав., то магчыма гаварыць аб 157,8 тыс. прызваных з запасу (47,8 : 22 = 2,2 тыс.чал. з аднаго пав.; 2,2 х 10 х 5 = 110 тыс.; 110 + 47,8 = 157,8 тыс.).

Становіцца зразумелым меркаванне гісторыка Л.Ліпінскага, які адносна мабілізацыі сярод насельніцтва заходніх раёнаў Беларусі пісаў, што “там праводзіліся амаль пагалоўныя мабілізацыі”12 . Вядомы расійскі даследчык Ю.Палякоў гаворачы пра тэрміны мабілізацыі, адзначаў, што большая частка прызванага насельніцтва прыпадае на 1914-1915 гг.: у 1914 г. – 33,8%, у 1915 г. – 33,1%13 . Адзначым, што згодна са звесткамі Менскага губернскага праўлення дапамогу за 1915 г. атрымалі сем’і 152637 прызваных14 . Гэта складае 64% агульнай колькасці прызваных з Менскай губ. да 1917 г.

Калі параўнаць звесткі па Віцебскай, Менскай і Магілёўскай губ. (адпаведна – 178,0 тыс.; 236,4 тыс.; 219,4 тыс.) з дадзенымі сельскагаспадарчага перапісу 1917 г., які праводзіўся ў ліпені-жніўні, то ўбачым, што ў сямі паветах Менскай губ. прызванымі ў войска значацца 183,8 тыс.чал., а ў Магілёўскай – 219,4 тыс.чал. (Па Віцебскай губ. звестак няма.) Складальнікі зборніка “Россия в мировой войне 1914-1918 гг.” даныя бралі з інфармацыі МУС і сельскагаспадарчага перапісу 1917 г. У апошнім хутчэй за ўсё не былі ўлічаны прызваныя з гарадоў. Суадносіны сельскага і гарадскога насельніцтва ў Магілёўскай губ. на 1914 г. складалі адпаведна 88% і 12%15 . Гэта дае падставу лічыць, што ў Магілёўскай губ. колькасць усіх прызыўнікоў склала 248 тыс.чал. Такім чынам, агульная колькасць мабілізаваных у расійскае войска з тэрыторыі пяці губерняў склала 923,2 тыс. (Віленская губ.-157,8 тыс.; Віцебская губ.- 178,0 тыс.; Менская губ.-236,4 тыс.; Магілёўская губ.-248,0 тыс.; Гарадзенская губ. – 103,0 тыс.). Хаця атрыманая лічба, безумоўна, патрабуе далейшых архіўных удакладненняў, яна дазваляе ўявіць прыблізныя памеры мабілізацый на беларускіх землях.

Сярод усяго даваеннага мужчынскага насельніцтва прызваныя складалі для Віленскай губ. 13%, для Гарадзенскай – 12%, для Менскай – 17%, Магілёўскай – 24%, Віцебскай – 19%. Важна ведаць, колькі было мабілізавана працаздольнага мужчынскага насельніцтва. Гісторыкі гавораць аб “трэці гаспадарак, якія засталіся пад жаночай апекаю” (М.Біч) ці называюць дакладныя лічбы: “У Віцебскай губ. колькасць гаспадарак, што засталіся без мужчынскіх працоўных рук, да лета 1917 г. склала 32,5%” (А.Анфімаў)16 . У разглядаемым выпадку вызначэнне колькасці прызваных працаздольных мужчынаў ускладняецца адсутнасцю інфармацыі пра працаздольнае насельніцтва на 1914 г. Паводле звестак сельскагаспадарчага перапісу 1917 г., Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. працэнт працаздольных мужчын ад усяго мужчынскага насельніцтва складаў адпаведна 49, 50, 5017 . (У сярэднім – 49,6.) Можна сцвярджаць, што адносны паказчык мабілізаваных сярод працаздольнага насельніцтва для пяці беларускіх губерняў быў наступны: у Віленскай губ. – 34,0%, у Гарадзенскай – 38,0%, у Менскай – 35,9%, у Магілёўскай – 48,7%, у Віцебскай – 38,4%. (У сярэднім - 39,2%). Для параўнання адзначым, што ступень мабілізацыі па ўсёй Расіі складала ў сярэднім 39%, а г.зн., што ў войска з 40,1 млн. мужчын ва ўзросце 15-49 гадоў пайшло 15,8 млн.чал.18


1 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ) ў Менску . Ф. 300, воп. 1, адз. з. 63, арк. 8.
2 Головин Н. Военные усилия России в мировой войне // Военно-исторический журнал. 1993. № 1. С. 70.
3 Россия в мировой войне 1914-1918 гг. (в цифрах). Москва, 1922. С. 17.
4 Головин Н. Военные усилия России... С. 72.
5 Головин Н. Военные усилия России... С. 34.
6 Липинский Л. Крестьянское движение в Белоруссии в 1914-1917 гг. Минск, 1975. С. 75; Latyszonеk O. Białoruskie formacje wojskowe 1917-1923. Białystok, 1995. S. 36; Смальянінаў М. Трагедыя пачатку XX ст. // Беларускі гістарычны часопіс, 1994. №3. C. 55.
7 Россия в мировой войне… С. 39.
8 НГАБ у Гародні. Ф. 1, воп. 9, адз. з. 1765, арк. 47.
9 НГАБ у Гародні. Ф. 2, воп. 30, адз.з. 1155, арк. 2 адв., 3 адв., 5 адв.-13 адв., 21 адв.- 23 адв., 25 адв.-33 адв., 35 адв.-39 адв., 41 адв., 43адв., 45 адв.-51 адв., 53 адв., 57 адв., 78 адв.-95 адв., 97 адв.-120 адв., 123 адв.-129 адв.
10 Обзор Гродненской губ. за 1913 г. Гродна, 1914. С. 4 адв.
11 Поляков Ю.А., Киселёв И.Н. Численность и национальный состав населения России в 1917 г. // Вопросы истории, 1980. № 6. С. 46.
12 Липинский Л. Крестьянское движение в Белоруссии… С. 75.
13 Поляков Ю. Советская страна после окончания гражданской войны: территория и население. Москва, 1986. С. 260.
14 НГАБ у Менску. Ф. 1595, воп. 6, адз.з. 76., арк. 3.
15 Статистический обзор Могилёвской губернии за 1914 г. Могилёв, 1915. С. 18.
16 Біч М. Беларусы: першая сусветная вайна // Наша слова. 1994. № 28. С. 4; Анфимов А. Российская деревня в годы Первой мировой войны. Москва, 1962. С. 189.
17 Поуездные итоги Всероссийской сельскохозяйственной и поземельной переписи 1917 г. (по 57 губерниям и областям). Москва, 1923. С. 200-201, 203-204, 206-207.
18 Урланис Б. Войны и народонаселение Европы. Москва, 1960. С. 502.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія