|
ШЛЯХЕЦКІЯ ТЭСТАМЕНТЫ 16-пачатку 18 ст.
Наталля Сліж (Гародня)
Максім Гардзееў (Менск)
Гісторыя тэстаментаў пачынаецца з антычных часоў. У хрысціянскі перыяд яны набываюць новае значэнне. Побач з традыцыйнымі распараджэннямі пра маёмасць вялікая ўвага надаецца рэлігійнаму боку акта. Да канца 18 ст. усе еўрапейскія тэстаменты насілі рэлігійны характар1 . Практыка напісання шляхецкіх тэстаментаў у ВКЛ пачынаецца з канца 15 ст., пра што сведчаць вопісы Літоўскай метрыкі2 . Да найстаршых (1502 г.) адносіцца завяшчанне Алены Даўгірдаўны Пятковай, напісанае на лацінскай мове. Сваю невялікую маёмасць (агароды ў Вільні, кубкі, катлы, шубы і інш.) шляхцянка перадавала дачцы3 .
Практыка напісанняў тэстаментаў шляхтай была вельмі распаўсюджана ў 16-18 стст. У сямейным рэестры дакументаў тэстаменты стаялі побач з судовымі справамі, квітамі, лістамі. У спісе дакументаў Зыбартаў пазначаны тэстамент М.Зыбарта, актыкаваны ў 1596 г. у Наваградскім земскім судзе. Рэестр справаў Барбары Карскай мае тэстамент Карскага, датаваны 10 ліпенем 1652 г.4 Тэстаменты захоўваліся ў кожнай сям’і, паколькі яны рэгулявалі маёмасныя дачыненні і маглі спатрэбіцца незалежна ад тэрміна даўніны.
Акрамя шляхты ў Вялікім Княстве мелі права складаць тэстаменты духавенства, мяшчане, прадстаўнікі непрывіліяваных саслоўяў. Шляхецкія тэстаменты сярод іншых вылучаюцца большай інфарматыўнасцю і рэпрэзэнтатыўнасцю. Іх захавалася шмат, але дакладную колькасць вызначыць цяжка. Большасць з іх не надрукавана.
Статут 1529 г. вызначаў, што дакумент мае моц у выпадку абвяшчэння яго перад павятовым урадам ці калі былі “годныя” сведкі, але як і раней законнасць завяшчанняў пацвярджаў вялікі князь5 . На момант выдання Статута 1588 г. ужо дзейнічалі земскія суды. Яны былі ўтвораныя ў выніку земскай рэформы 1565-66 гг.6 Было прадпісана фіксаваць тэстаменты ў кнігах земскага ці гродскага судоў7 . Па жаданню аўтараў яны маглі ўносіцца таксама ў кнігі Галоўнага Трыбунала, як гэта зрабілі Антоні Друцкі-Сакалінскі і генерал-маёр артылерыі каралеўскіх войскаў Эрнэст Корф8 . Упісанне тэстаментаў у судовыя кнігі было абавязковым актам, які пацвярджаў апошнюю волю шляхціца ці шляхцянкі. Тэстамент падаваўся ў суд пасля смерці аўтара блізкім да яго чалавекам і ўпісваўся даслоўна на мове арыгінала.
Тое, што завяшчанні мелі дзяржаўнае значэнне, прасочваецца ў эвалюцыі заканадаўства. Ужо ў Статуце ВКЛ 1529 г. вызначалася структура тэстамента, дзе адзначалася, хто мог складаць завяшчанне, хто прызначаўся апекунамі, хто мог быць сведкамі. Артыкулы аб апякунстве і тэстаментах, былі зведзеныя ў адзін раздзел “Апекуны”. У ім дэталёва разглядаўся парадак спадкаёмства. Юрыдычна было гарантавана, што маёмасць застанецца ў сям’і, і апекуны з ліку родных і блізкіх сяброў павінны будуць гэта забяспечыць. Тэстамент быў адзіным і апошнім дакументам, які размяркоўваў маёмасць шляхціца ці шляхцянкі. Ад таго, наколькі ён быў добра складзены, залежаў спакой сям’і. Упершыню асобны раздзел “Аб тэстаментах” з’явіўся ў Статуце 1566 г. і быў удасканалены ў Статуце 1588 г. З першага Статута ў трэці ўвайшлі артыкулы пра наследванне і рухомую маёмасць9 , пра асобы, якія не могуць пісаць тэстаментаў10 . Артыкулы пра сведкаў і пра запісы на царкву былі запазычаны з папярэдніх Статутаў11 . Вызначалася, які тэстамент не можа мець прававую моц12 . Улічваліся такія рэаліі жыцця як дарога і вайна. У такіх умовах магло быць два сведкі замест трох у мірны час. Забаранялася адпісваць што-небудзь чэлядзі ці палонным13 . Апошні пункт раздзелу быў прысвечаны правілам складання тэстаментаў для путных слугаў і мяшчанаў14 . Гэтыя дзве нормы з’явіліся ўпершыню ў Статуце 1566 г.15 Трэба адзначыць, што ў параўнанні з першым зводам законаў адбыўся значны прагрэс у заканадаўстве. Гэта дазволіла ўдасканаліць формы тэстаментаў.
Запіс тэстаменту суправаджаўся спецыяльнымі выпісамі, якія як бы змяшчалі ягоны тэкст у абалонку фармуляру, уласцівага для справаводства ўстановы, дзе тэстамент фіксаваўся. У архіўных дакументах суправаджальны запіс (пачатковы пратакол) прыводзіцца на пачатку акта ці на палях. Пры друкаванні ў зборніку яго маглі і абмінуць, публікуючы непасрэдна тэкст тэстаменту. Часам тэксты для публікацый браліся не з кніг судовых устаноў, а з выпісаў – асобных дакументаў, што выдаваліся зацікаўленым асобам пасля афіцыйнай фіксацыі і ўнясення тэстаменту ў судовыя кнігі.
Выпісы рабіліся звычайна на старабеларускай мове. Гэта бачна ў дакументах, надрукаваных Віленскай археаграфічнай камісіяй. Далей тэстамент актыкаваўся на мове арыгінала, часцей на польскай, зрэдку на старабеларускай ці латыні. Мова тэстаментаў у 16 ст. была разнастайнай. У пачатку стагоддзя – латынь і старабеларуская. Польская мова паступова з’яўляецца ў справаводстве пасля Люблінскай уніі. У 17 ст. у афіцыйных дакументах, у тым ліку і ў завяшчаннях, яна пачынае пераважаць. Гэта замацавалася ў першую чаргу на тэрыторыі памежнай з Каронай. На ўсходзе Беларусі працягвалі ўжываць старабеларускую мову. Выпіс меў аднолькавую форму, напрыклад:
“Выпис з книг кгродских воеводства Виленского.
Лета от нарожения Сына Божего тысяча шестьсот пятьдесят первого, месяца Августа второго дня, на враде господарском кгродском воеводства Виленского передо мною Стэфаном Беликовичем – подчашим Ошменским, дворянином его королевской милости, подвоеводием Виленским, постановишися очевисто его милость пан Ян Климкевич, покладал и к актыкованию подал тестамент годной памяти, ее милости пани Барбары Окгинской Мальхеровой Шеметовой – подкомориной Виленской, на речь в ним нижей помениную, просечи, абы до книг кгродских Виленских был актыкован и вписан, который уписуючи в книги слово до слово так се в собе мает”16 .
Звычайна ў выпісу адзначаўся суд, ў кнігі якога быў унесены тэстамент, фіксаваліся сябры ўрада (суддзя, падсудак, пісар), ад каго пададзены дакумент. Часцей тэстамент падавалі пасля смерці аўтара яго родныя (жонка (муж), браты, сёстры і інш.) ці сябры або служкі, як у выпадку з тэстаментам віленскага ваяводы і гетмана ВКЛ Крыштафа Радзівіла, што быў прадстаўлены ваўкавыскім харунжым Станіславам Пукштай Клаўдзеловічам17 . Фіксавалася імя аўтара і дата ўпісання тэстаменту. Выпіс можна разглядаць як кароткую анатацыю да дакумента.
Прааналізаваныя шляхецкія дакументы маюць “абстрактны фармуляр”, г.зн. агульную схему пабудовы дакументаў, якія адносяцца да пэўнай разнавіднасці. Наяўнасць агульных характарыстык (інвакацыя, інтытуляцыя, інскрыпцыя, натыфікацыя і інш.) амаль ва ўсіх дакументах пацверджвае думку Атона Хедэмана пра існаванне пэўных шаблонаў для напісання дакументаў гэтага кшталту.
Дыпламатычную структуру (фармуляр) класічнага тэстаменту можна вызначыць наступным чынам (на прыкладзе тэстамента А.Г.Чаркаса).
I. пачатковы пратакол: інвакацыя (прысвячэнне Богу: “Во Имя жывоначалное и неразделимое Троицы, Отца и Сына и Духа Святаго Амин”), ?нтытуляцыя (імя і тытул асобы, ад якой зыходзіць дакумент: “Я, Алекъсандер Геронимович Черкас, земенин воеводства Полоцкого...”), нарацыя (выкладанне абставінаў справы, у дадзеным выпадку, стварэння тэстаменту: земянін паведамляе пра сваю “обложную хоробу” і жаданне пазбегнуць “ростырку жадного межы позосталыми” родзічамі);
II. асно?ная частка (тэкст): дыспазыцыя (распараджэнне па сутнасці справы: даручэнне братам пахаваць цела “водлуг звычаю шляхецкого”, размеркаванне рухомай і нерухомай маёмасці паміж жонкай, дачкой і братамі), санкцыя (забарона парушэння палажэнняў дакумента:“А надто жаден братью мою турбоват не мают...”), карабарацыя (звесткі пра пацвярджальныя знакі: “... с подписом руки моее и с подписами рук людей добрых, от мене устне упрошоных...”);
III. канчатковы пратакол: datum (запіс пра месца і час напісання дакумента:“Писан на Прыпешу, року тисеча шестсот пятдесят шостого, месяца июня двадцат третего дня”), субскрыпцыя (прыціснутыя да акта пячаткі і подпісы: 5 пячатак і 4 подпісы паводле апісання магістрацкага пісара)18 .
Прааналізаваны тэстамент быў упісаны ў полацкую магістрацкую кнігу ў 1657 г. У ёй таксама актыкаваны яшчэ 2 шляхецкіх тэстамента. На нашую думку, звяртанне шляхціцаў у магістрат было выклікана прыпыненнем дзейнасці гродскіх і земскіх судоў на тэрыторыі, захопленай расійскімі войскамі, і таму бліжэйшай законнай установай, якая магла зарэгістраваць тэстамент і выдаць выпісы, быў магістрацкі суд.
Фармуляр шляхецкага тэстамента ў адрозненні ад мяшчанскага адносіцца да класічнага тыпу, бо ён меў амаль усе неабходныя рысы гэтага выпрацаванага стагоддзямі тыпу актаў. Тэстамент пачынаўся з інвакацыі. У шляхецкіх дакументах яна могла займаць цэлы абзац, а то і больш, і гэта быў абавязковы элемент у дакуменце. У інтытуляцыі шляхціц прыводзіў усе свае пасады, тытулы і нават маёмасць. Шляхцянка пісала з якога яна роду і чыя жонка, абавязкова адзначаючы пасады мужа. Тэстамент заўсёды меў пэўнага адрасата і інскрыпцыя (вызначэнне такой асобы) часцей мела сваяцкі характар. Натыфікацыя публічна аб’яўляла апошнюю волю аўтара тэстаменту, якую павінны былі выканаць нашчадкі. У нарацыі змяшчаліся прычыны і абставіны складання дакумента: хвароба, старасць, вайна, дарога. Дыспазыцыя (распараджэнне) займала амаль галоўную частку завяшчання, аўтары імкнуліся нічога не абмінуць. У санкцыі забаранялася парушаць апошнюю волю. Апракацыя (заключэнне) сустракаецца не ва ўсіх дакументах і адрасуецца родным, апекунам, распараджальн?кам. Карабацыя пацвярджала законнаць дакументаў праз подпісы аўтара і трох сведкаў, пячаткі. Напрыканцы абавязковымі былі datum (месца і час напісання дакумента) і субскрыпцыя (пячаткі і подпісы аўтара і сведкаў). Як бачым, шляхецкі тэстамент меў разгорнутую структуру, якая складалася па класічных канонах. Канешне, фармуляр не быў трывалым ва ўсіх дакументах і мог змяняцца, але амаль усе элементы дыпламатычнай структуры захоўваліся.
Упершыню паспрабаваў ахарактарызываць такія крыніцы І.Спрогіс у Актах Віленскай археаграфічнай камісіі. Ён справядліва адзначыў, што ў духоўных завяшчаннях раскрываецца светапогляд, лепшыя жаданні чалавека, які рыхтуецца перайсці са “свету часовага” ў “вечнае жыццё”. У гэтым плане такія дакументы тым больш цікавыя, чым больш высокі грамадскі стан займала асоба19 .
Характарызуючы тэстаменты, І.Спрогіс вылучыў два бакі ў іх змесце: рэлігійны і матэрыяльны. Усе 14 тэстаментаў, надрукаваных у дванаццатым томе АВАК, ён падзяляў па веравызнанню на 4 групы: праваслаўныя (6), уніяцкія (3), евангелісцкія (1), рымска-каталіцкія (4). Калі паглядзець на колькасць прадстаўленых дакументаў, то адразу кідаецца ў вочы перавага праваслаўных завяшчанняў. Хоць на самой справе ў шляхецкім грамадстве 16-18 стст. праваслаўных быў малы працэнт. Такім шляхам укладальнікі імкнуліся перабольшыць ролю праваслаўя ў тагачасным грамадстве і паказаць яго перавагу над іншымі рэлігіямі. Падкрэслівалася, што старажытныя шляхецкія роды падтрымлівалі праваслаўе і клапаціліся аб захаванні яго ў сям’і. З пратэстанцкіх быў змешчаны толькі адзін тэстамент. Але польскай даследчыцай Уршуляй Аўгустыняк за перыяд 16-18 стст. сабрана 16 дакументаў гэтага кшталту20 . Пратэстантызм меў вельмі моцныя пазіцыі ў ВКЛ асабліва да пачатку Контррэфармацыі. Прадстаўляць гэтую плынь толькі адным дакументам неправамерна. Тое самае можна сказаць пра рымска-каталіцкія і ўніяцкія тэстаменты. Першыя сустракаюцца даволі часта, паколькі гэтая рэлігія была пануючай. Іх варта разглядаць больш дэталёва і глыбока.
У другой частцы прадмовы І.Спрогіс зрабіў характарыстыку кожнага тэстаменту ў адпаведнасці з групай. Ён прывёў кароткі змест, дзе надаў увагу такім фактам, як пахаванне цела, размеркаванне спадчыны між дзецьмі і роднымі, фундушы цэрквам, кляштарам, шпіталям, школам. У некаторых выпадках адзначаў ужыванне складальнікамі вытрымак з Евангелля.
Калі Віленская археаграфічная камісія змясціла ў дванаццатым томе АВАК 14 тэстаментаў, то ў двух томах зборніку дакументаў “Белоруссия в эпоху феодализма” за перыяд 16-17 стст. змешчана толькі два. Прычым не былі надрукаваныя тыя часткі тэкстаў, дзе адзначалася з якога яны суда. Таксама была выключана рэлігійная прадмова аўтараў тэстаментаў21 . Гэта не дае паўнаты ўяўлення аб дакументах, бо вера мела вялікае значэнне для шляхты, і змест, прасякнуты рэлігійнасцю, яскрава гэта дэманстраваў.
Значная праца па друкаванню пратэстанскіх шляхецкіх тэстаментаў была зроблена Уршуляй Аўгустыняк. У сваёй манаграфіі яна прывяла цалкам змест тэстаментаў. Перад кожным дакументам даследчыца падае біяграфію аўтара і кароткую звестку пра тое, у якія судовыя кнігі быў упісаны дакумент і адкуль узяты. Уся гэтая інфармацыя дае большае ўяўленне аб асобе аўтара. Але аналіз тэстаментаў польскай даследчыцай не быў зроблены.
Больш цікавай атрымалася манаграфія М.Александровіч-Шмулікоўскай. Яна прааналізавала тэстаменты жанчын з дому Радзівілаў ад рэлігійнага кантэксту да ўнутрысямейных адносінаў. Такі падрабязны і грунтоўны аналіз з’яўляецца метадалагічным узорам па разбору тэстаментаў22 .
У выбарку тэстаментаў 16-18 стст., зробленых М.Баркоўскай, трапілі дакументы шляхты ВКЛ. У прадмове даследчыца ахарактарызавала завяшчанні. Перад дакументамі яна змясціла біяграфічныя замалёўкі. Пры групаванні тэстаментаў улічваўся сямейны прынцып23 .
Атон Хедэман у сваёй працы “Браслаўска-дзісненскія тэстаменты XVII-XVIIІ стст. як гістарычная крыніца” падкрэсліў, што ў завяшчанні чалавек рэдка паказвае сябе як індывідуальнасць. Ён жа зрабіў заўвагу, што гэты тып дакументаў меў шаблоны, і вылучыў 2 групы тэстаментаў па зместу. У першую групу ўвайшлі тэстаменты, якія мелі звесткі пра распараджэнне маёмасцю і цырымоніі пахавання. У другую – тыя, што акрамя вышэйзгаданага змяшчалі інфармацыю пра асабісты характар чалавека. Канешне, такое дзяленне далёкае ад дасканаласці.
У змесце завяшчанняў аўтар падрабязна разгледзеў рэлігійны (ахвяраванні цэрквам, шпіталям, зборам, жабракам, пахавальная цырымонія), грамадскі (дараванне грошай чэлядзі, касаванне павіннасцяў залежным людзям, нават дараванне вольнасці) і сямейны (адносіны да мужа ці жонкі, выхаванне і адукацыя дзяцей) бакі. Разгляд тэстаментаў як гістарычных крыніцаў дае значна больш інфармацыі пра аўтара тэстамента. Адзінае, што даследчык абмінуў – гэта размеркаванне спадчыны. У кнізе параўноўваліся шляхецкі і мяшчанскі тэстаменты. З усіх прац яна ўтрымлівае больш дэталёвы аналіз гэтых крыніцаў24 .
Праблемы тэстаментаў як гістарычных крыніцаў амаль не закраналіся ў беларускай гістарыяграфіі. Можна адзначыць толькі артыкул Максіма Гардзеева, у якім быў вылучаны мяшчанскі запіс-тэстамент як асобны від дакументаі гэтага тыпу і распрацавана пытанне дыпламатычнай структуры (фармуляра) тэстаментаў у полацкіх магістрацкіх кнігах другой паловы 17 ст.25
Як відаць, гістарыяграфічны агляд па завяшчаннях невялікі. Першая спроба даць аналіз тэстаментаў была зроблена ў расійскай гістарыяграфіі. Польскія даследчыкі ўвялі больш шырокае кола тэстаментаў у гістарычны зварот, але не здолелі даць дасканалы разбор гэтага дакумента. У беларускай гістарыяграфіі тэстаменты засталіся па-за ўвагаю даследчыкаў. Таму асноўнай мэтай напісання гэтага артыкула з’яўляецца ўвядзенне гэтай крыніцы ў гістарычную навуку Беларусі і зварот увагі на неабходнасць яе больш дэталёвага вывучэння.
Пры напісанні артыкула былі выкарыстаны тэстаменты са збораў Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Менску і Гародні, Галоўнага Архіва Старажытных Актаў у Варшаве (AGAD), матэрыялы са зборнікаў дакументаў “Белоруссия в эпоху феодализма”, “Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею”, “Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предместьям”, “Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы и соединённых с нею владений (от 1387 до 1710 года)”, “Историко-юридические материалы извлечённые из актовых книг губернии Витебской и Могилёвской, хранящихся в центральном архиве в Витебске”, з манаграфій У.Аўгустыняк і М.Баркоўскай.
Звычайна тэстамент складаўся з 2 частак – “рэлігійнай” і “матэрыяльнай”. Рэлігійная частка мела прыкладна адну форму, але сустракаліся варыяцыі. Інвакацыя выглядала наступным чынам:
“У імя Айца і Сына і Духа Святога, Бога і Троіцы адзінай. Давяраючы міласэрнасці Панны Святой, маці міласэрнасці кожнага грэшнага, Я Антоні Друцкі-Сакалінскі, будучы ад Бога хваробай насланы, у веры каталіцкай, будучы ў розуме і пры памяці.” (1676)26 .
“ У імя Айца і Сына і Духа Святога, Троіцы Святой адзінай, якім хай будзе хвала векі вечныя. Амэн. Езус збавіцель мой.” (Эрнэст Корф, генерал-маёр артылерыі каралеўскіх войск, каталік). (1680)27 .
“Во Имя Жывоначалное и Неразделимое Троицы, Отца и Сына и Духа Святаго, Амин.”(Аляксандр Чаркас, 1656)28 .
“У імя Бога і Троіцы Святой адзінай Айцу і Сыну і Духу Святому няхай у стане яго прызнана Свяшчэнная воля мая да вечнай памяці і да выканання ўсіх пунктаў апошняй волі маёй. Амэн.” (Ёзэф Анфаровіч, смаленскі стольнік, каталік, 1739)29 .
“Во имя Божее станьсе ко вечной чести и хвале Божей и вечной памяти людской, когда все речи на свете и часам с памяти людской сходят, то должны быть записаны. Я, Лаврин Константинович Ратомский, староста Острский, будучи хворым в здравом розуме и при памяти, не зная времени смерти своей, этим тэстаментом чиню последнюю волю свою.” (праваслаўны, 1594)30 .
“У імя Бога. Амэн. Я, Януш Радзівіл, княжа з Бірж на Дубінках, Слуцку і Капылю, кашталян віленскі, староста барысаўскі. Заўважаўшы, што на гэтым свеце няма нічога трывалага, нічога ўстаяўшагася, але ўсё зменам падуласна, за тым і чалавек не толькі грэшны але і святы вякоў пражыць не можа, але дажыўшы да мяжы Тварцом, Богам смерць і жыццё адмерана, памерці ў канцы вымушаны. З гэтага погляду слушна казалі, што не ў чым няма ўпэненасці перад смерцю і нічога пэўнага над часам і гадзінай. Адчуваю і я блізкасць смерці, а перад смерцю частым хваробам падвяргаюся.” (кальвініст, 1620)31 .
Інвакацыя была неабходным атрыбутам тэстамента. Жыццё пасля смерці лічылася вечным. Зямное ўспрымалася як часовае. Няведанне часу смерці падкрэслівалася ў многіх завяшчаннях. Чалавек, змучаны хваробамі і адчуваючы ўласную грахоўнасць, спадзяваўся толькі на літасць Бога. Незалежна ад сацыяльнай прыступкі, ён пакорліва схіляў галаву перад непазбежным. У рэлігійным уступе адчуваўся страх і занепакоенасць, а таксама жаданне пакінуць памяць пра сябе перад адыходам у “іншы свет”32 .
Таксама адзначаліся абставіны напісання тэстаменту. Часцей за ўсё гэта былі старасць і хвароба. Але сустракаліся іншыя сітуацыі. Ганна з Сокалаў Безвадзіцкая была “аслаблена гадамі і няшчасцямі края” (вайна 1654-67 гг.). Аляксандр Рыгоравіч Варанец, будучы цяжка параненым, пісаў свой тэстамент у Мсціслаўскам замку ў час яго аблогі маскоўскім войскам (1659 г.). Маладая шляхцянка Гальшка Валянцінаўна Вісоцка Казноўска не была ўпэўнена, што выжыве пасля нараджэння другога дзіцяці33 .
Назіраецца вельмі цікавая рэч – амаль усе тэстаменты скаладаліся аўтарамі за 2-4 гады да смерці або напярэдадні яе. Напрыклад, паміж датай напісання тэстаменту маладой жонкі Мікалая Крыштафа Радзівіла Эльжбеты Эўфемеліі і датай яе смерці прайшло два гады34 .
Лёс душы вельмі непакоіў шляхціцаў і шляхцянак. Усе даручалі яе Богу. Ахвяравалі шмат грошай касцёлам, цэрквам, манастырам, каб духавенства малілася за спачын душы, і шпіталям на ўтрыманне ўдоваў і сіротаў. Напрыклад, Соф’я Ганна Катлоўна, жонка ашмянскага земскага пісара Стэфана Яна Слізня даравала 1 тыс. злотых на касцёл у Слоніме, каб адпраўлялі імшу за спачын яе душы. 200 злотых – на касцёл, дзе будзе пахаваная, і 50 злотых – на імшу. Сільвестр Война Аранскі ахвяраваў Жыровіцкай царкве, Віленскаму кляштару Св.Троіцы, Пінскай царкве Св.Панны па 50 злотых і загадаў, каб праз кожныя 5 гадоў дзеці плацілі згаданым царквам па 100 злотых. Радомскі гараднічы Станіслаў Парай Грушчынскі, які не меў шмат сродкаў, але жадаў, каб душу ўзгадвалі ў розных касцёлах, размяркаваў грошы наступным чынам: 100 злотых Бернардзінскаму касцёлу, дзе ён будзе пахаваны, 10 – Дамініканскаму касцёлу, 10 – Францішканскаму, 6 – Фарнаму, 10 Кармяліцкаму, 10 – Субоцінскай царкве, дзе знаходзіўся вобраз цудатворнай іконы Св. Марыі, 10 – царкве на Каложы, 6 – шпіталю. (Гэтыя цэрквы і касцёлы знаходзіліся ў Гародні.) Уражвае ахвяраванне княгіні Марыі Радзівіл, гаспадараўны Малдаўскай. Амаль усе грошы, што пакінуў муж віленскі ваявода, гетман ВКЛ Януш Радзівіл (150 тыс. злотых), яна даравала цэрквам і кляштарам, што знаходзіліся на Украіне і Беларусі. Пасля яе смерці распачаліся спрэчкі, якія цягнуліся з 1660 па 1683 г. Царква хацела атрымаць ахвяраванні, а Радзівілы перашкаджалі. Таму ўзнікла версія аб існаванні двух тэстаментаў, адзін з якіх быў сфальсіфікаваны35 .
Асаблівая ўвага ў тэстаментах надавалася месцу пахавання цела. Звычайна яно выбіралася там, дзе былі пахаваныя продкі, жонка ці муж, дзеці. Каралеўскі маршалак Дзмітрый Скумін-Тышкевіч пажадаў, каб цела яго было пахавана разам з першай жонкай Соф’яй Свольскай і іх дзецьмі ў царкве Уваскрасення Хрыста ў маёнтку Сялецкім. Карніцкая Ганна з Мялешкаў прасіла пахаваць яе ў склепе каля мужа менскага мечніка М.Карніцкага. Аб сямейным склепе ў берасцейскім бернардзінскім канвенце ўзгадвае ў завяшчанні Раіна Людвіка Агінская з Казельска, жонка віцебскага ваяводы Леанарда Пацея. У капліцы пры Мажэйкаўскай царкве, пабудаванай для пахаванняў, хацеў знайсці спакой гаспадарскі маршалак Філіп Шымковіч. Трокскі цівун Самуэль Агінскі даручаў, каб цела пахавалі па праваслаўнаму абраду ў Кронскай царкве, дзе былі пахаваныя яго бацькі.
Для пахавання таксама магла абірацца царква, заснаваная аўтарам тэстаменту. Так, Апалонія Агінская, удава трокскага падкаморыя Міхала Зяновіча, менавіта таму абрала месцам пахавання царкву ў Маковічах (Ашмянскі павет). Кахлеўскі Пётр загадаў пахаваць сваё цела ў заснаваным ім евангеліцкім зборы ў Нурцы.
Але гэтыя абставіны маглі і не ўлічвацца. Ганна Свірская вызначыла Прачысценскую царкву ў Вільні, дзе не былі пахаваны яе родныя. Менскі войскі Адам Стэфанавіч Ваньковіч загадаў, каб жонка з дзецьмі пахавалі яго ў царкве манастыра Св. Пятра і Паўла ў Менску “па грэчаскаму абраду”. На царкву ён адпісаў 100 коп літоўскіх грошай, а на шпіталь пры ёй – 10 коп. Земянін Полацкага ваяводства Міхал Фёдаравіч Скірмонт пажадаў быць пахаваным у сваім маёнтку “въ маетности Головъчычах водлуг преможеня и объренъду хърыстиянского”.
У некаторых тэстаментах месца пахавання не ўказвалася. Напрыклад, Аляксандр Геранімавіч Чаркас вызначыў толькі “тым тестаментом брати двум моим рожоным: пану Яну и пану Юрю Геронимовичом Черкасом, которые мают тело мое грышъное поцстиве водлуг звычаю шляхецкого поховат”36 .
У завяшчаннях звычайна рабіліся падрабязныя распараджэнні аб гэтай пахавальнай цырымоніі. Указвалася па якому абраду і якім коштам пахаваць, як правесці цырымонію, прызначаўся адказны за яе. Часта гэта даручалася родным. Жонка прасіла мужа, а муж – жонку. У апошнім выпадку ў дапамогу жонцы прызначаліся асобы мужчынскага полу з ліку братоў ці сяброў. Калі ўжо не было мужа ці жонкі, то справа ўскладалася на плечы дзяцей, братоў, сясцёр.
Соф’я Ганна Катлоўна загадала мужу пахаваць яе па каталіцкаму абраду ў Буезкім касцёле, “а калі Пан Бог дапусціць смерць у краю Ашмянскім, роўна ў Слонімскім, то ў Велебянах Слонімскіх Дамініканаў, але без помпы, і каб запрасілі капеланаў і жабракоў”. Жаданне быць пахаванымі без помпы і ў прысутнасці жабракоў выказалі канюшы ВКЛ Францішак Сапега, Апалонія Агінская, Сільвестр Война Аранскі, упіцкі гродскі пісар Іван Курбскі Яраслаўскі37 і інш.
Часта шляхта загадвала пахаваць “без затрымак і прамаруджвання”, што запісаў бабруйскі староста Пётр Трызна. Гэта было выклікана тым, што існавала традыцыя зацяглых пахаванняў. Магло адбыцца так, што чалавека хавалі праз месяц ці два пасля смерці. Бальзамаванае цела магло захоўвацца доўгі час, і многім гэта не падабалася. Таму ў завяшчаннях з’явіўся такі пункт38 .
Лідскі маршалак Феафіл Раецкі дасканала прыгатаваўся да пахавання і ўказаў колькасць матэрыі, ежу і іншыя неабходныя рэчы. Гарадзенскі маршалак Фёдар Іванавіч Масальскі для гэтага выпадку меў у каморы “мёд, солад, піва і ежу”39 .
З прыведзеных прыкладаў відаць, што гэтая частка дакумента мела вялікае значэнне для шляхціца ці шляхцянкі. Пераход у “іншы стан” палохаў амаль кожнага, таму ўсе імкнуліся прывесці ў парадак свае зямныя справы, каб душы было спакайней “на тым свеце”. І адпаведна ў тэстаментах абавязковымі былі звароты да Бога, даручэнне яму сваёй душы і распараджэнні аб прыстойным пахаванні.
У “здаровым розуме і пры памяці” рабілася размеркаванне рухомай і нерухомай маёмасці, каб пазбегнуць разладу між дзецьмі. Першым, звычайна, узгадваўся муж (жонка). І тут вельмі добра прасочваюцца ўзаемаадносіны ў сям’і. Чачэрскі і прапойскі староста, полацкі кашталян Ежы Зяновіч сваёй “мілай пані Ганне Слушчанцы, якая шчыра і верна кахала, ва ўсім цнатлівае захаванне і старанне, якое яна з кахання шлюбнага свайго рабіла, робіць і рабіць не перастае, як у здароўі, так і ў хваробе маёй, пільна імкнецца і ратуе здароўе маё не лянуючыся брацца за цяжкія працы, якія парушаюць яе здароўе…” дараваў рэчы рухомыя, даўгі і заставы на суму 1 тыс. коп грошай на маёмасцях Паставы і Паплішча, перадаваў у пажыццёвае карыстанне маёнтак Куршаны і двор у Вільні, навечна маёмасць у Дзісненскам старостве, вёску Кісялевічы, маёнтак Глыбокае з правам судзіць і карыстацца, а потым перадаць сыну Крыштафу.
Добрыя і пяшчотныя адносіны выказаў да жонкі Соф’і Шыманавай каралеўскі маршалак Унучка Марэк Лаўрынавіч. У сваім тэстаменце, ацаніўшы яе каханне і клопаты аб ім, ён падараваў амаль усю маёмасць.
Прыкладам высокай духоўнасці з’яўляецца завяшчанне чачэрскага і прапойскага старосты, берасцейскага ваяводы Крыштафа Зяновіча. Ён просіць прабачэння ў жонкі і наказвае дзецям берагчы маці і клапаціца пра яе.
Павагу і любоў да жонкі выказалі ў тэстаментах падскарбі і польны гетман ВКЛ Вінцэнт Гасеўскі (Гансеўскі?) (“жонцы Магдалене за вернасць і шчырае каханне, падобнага якому не бачыў, дарую усю рухомую маёмасць”), вялікі і польны гетман ВКЛ Крыштаф ІІ Радзівіл (Ганна з Кішкаў атрымала Кейданаўскую і Сейвенскую арэнду на пажыццёвае карыстанне і грошы), віленскі кашталян Януш Радзівіл (адпісаў Альжбеце Соф’і рухомую і нерухомую маёмасць), каралеўскі маршалак Дзмітрый Скумін-Тышкевіч (Ганне дараваў золата, срэбра, коні і інш.), канюшы ВКЛ Францішак Сапега (Ганне аддаў ўсю рухомасць у ВКЛ і Кароне), острыцкі староста Лаўрын Ратомскі (адпісаў Алене Рыгораўне маёнткі ў пажыццёвае карыстанне і нерухомасць), лідскі маршалак Феафіл Раецкі (Эльжбеце – маёнтак Чадасы у пажыццёвае карыстанне, Высокі Двор і Панядэла па застаўному праву і рухомую маёмасць), ашмянскі падкаморы Станіслаў Альбрэхт Зяновіч (Эльжбеце Падхоцімскай дараваў маёмасці на 50 тыс. злотых), мозырскі стольнік Канстанты Палубінскі (Разаліі Паслаўскай - 12 тыс. злотых)40 .
У жаночых тэстаментах зварот, у першую чаргу, ішоў да мужа. Калі жонкам звычайна адпісвалі маёмасць у пажыццёвае карыстанне, каб пасля яе смерці маёнткі заставаліся ў сям’і, то мужам – аддавалі ў вечнае валоданне.
Слізень Алена Філіпавічаўна падаравала мужу, ашмянскаму стольніку Аляксандру Слізню маёмасць на 12 250 злотых. Соф’я Ганна Катлоўна земскаму пісару Яну Слізню адпісала 20 тыс. злотых. Амаль усё, што мела, перадала Ганна Марыя мужу, канюшаму ВКЛ Багуславу Радзівілу. Іаана Колышка з Вішнявецкіх сваю выправу (золата, срэбра, медзь і інш.) завяшчала мужу Касперу Колышку. За каханне ў шлюбе і цноты канюшы ВКЛ Яраш Карыцкі атрымаў ад жонкі Ганны Андрэеўны Давойны 1/3 маёнткаў Гарадніца, Сваятыч і Быцень і 2 тыс. злотых апісаных на астатніх 2/3 маёмасці. Яна таксама даручала яму ў апеку сына Пятра41 .
Муж быў галоўным распараджальнікам маёмасці кабеты ў акце апошняй волі. У значнай меры гэта было з-за тагачасных фармальных поглядаў. Звычай патрабаваў, каб вена вярнулася да яго. Ён заставаўся апекуном дзяцей. Толькі муж мог застацца выканаўцам апошняй волі жонкі. Перакладанне гэтай функцыі на каго-небудзь іншага, разглядалася як недавер да мужа42. Гэты парадак назіраецца ва ўсіх прагледжаных тэстаментах. Удовы прызначалі выканаўцамі родных ці давераных людзей. Ганна Мікалаеўна Масальская падаравала брату Міхалу Масальскаму маёнтак, грошы, рухомыя рэчы і зрабіла яго выканаўцам апошняй волі43. З тэстаменту Ганны Карніцкай можна зрабіць выснову, што яна пасля смерці мужа засталася адна, бо яна прасіла паклапаціцца пра цырымонію пахавання родную сястру Кацярыну Свяхоўскую. Маёмасць сваю пакінула сям’і брата Францішка Мялешкі і жонцы ашмянскага земскага суддзі Элеаноры Свяхоўскай. Распараджальнікам апошняй волі быў лідскі падчашы44. Кацярына Радзівіл з Глябовічаў за паслугі, якія аказваў ёй мозырскі падстолі Каманяк Крыштаф, калі яна засталася без мужа, падаравала яму рухомую маёмасць і разам з Янам Пагорскім з Касцельска прызначыла выканаць яе апошнія распараджэнні45.
Дзеці з’яўляліся галоўнымі спадкаемцамі, бо ўрэшце рэшт “айчызна” і “мацярызна” пераходзіла да іх. І тут рабілася дыферэнцыяцыя ў залежнасці ад полу. Зразумела, перавага аддавалася хлопчыкам. Калі быў адзін сын, то ўсе маёнткі пакідаліся яму, калі сыноў было некалькі, то ўсё размяркоўвалася між імі прыкладна пароўну. Дачкам дарыліся грошы, каштоўнасці, срэбра, тканіны і інш. Калі яны не былі замужам, то прызначалася сума пасага, а калі былі ў шлюбе, то іх увогуле маглі выключыць з ліку спадкаёмцаў па ранейшай з імі дамоўленасці ці падараваць што-небудзь нязначнае.
Земянін трокскага ваяводства Іван Іванавіч Бака размяркаваў маёнткі між сынамі Янам, Андрэям, Юрыем. Незамужняя Ганна атрымала пасаг у 300 коп грошай і 100 коп на вяселле. Другая дачка, жонка Рыгора Цярлецкага, атрымала 4 срэбныя лыжкі з пазалотай. Самуэль Агінскі аддаў маёнткі сынам Яну і Сімяону. Дачкі з мужамі дабраахвотна адракліся ад маёмасці, бо атрымалі пасаг. Менскі войт Адам Стэфанавіч Ваньковіч размяркаваў маёмасць наступным чынам: сынам Пятру і Стэфану дасталіся маёнткі і рухомая маёмасць. Дачкі Хрысціна і Леанора раней атрымалі пасагі да маёмасці дачыненне не мелі, што засведчылі квіты адрачэння. Барбара Шэметава з Агінскіх акцэнтавала ўвагу на тым, што яе маёмасць можна перадаваць толькі па мужчынскай лініі.
Чыжова Соф’я Іванаўна адзначыла, што “нашчадки яко сынове так дети девок моих пожитки заровно поровно и части на кожного”. Аляксандр Чаркас, нягледзячы на тое, што не меў звестак аб жонцы і дачцы Цыцыліі, пакінуў для апошняй выправу ў памеры 600 злотых. Полацкі кашталян Зяновіч Ежы Мікалаевіч хоць і адпісаў шмат маёмасці каханай жонцы Ганне Слушчанцы, але не абмінуў дзяцей. Сын Крыштаф атрымаў маёнткі, запісаныя ў прывілеі, дачка Гальшка, жонка кіеўскага кашталяна Міхала Вішнявецкага, вёску Рудыя Белкі. Гэта даволі рэдкая з’ява, калі дачцы даравалі нерухомасць, асабліва, калі яна ўжо выйшла замуж. Людвіка Караліна, адзіная дачка Багуслава Радзівіла, атрымала ўсю багатую бацькоўскую спадчыну. Алена Ламская пакінула дочкам даволі вялікія сумы грошай. Аўдэнцыя, жонка Самуэля Аскеркі, атрымала за паслугі, аказаныя ў час хваробы, 5 тыс. злотых і рухомыя рэчы, запісаныя ў рэестры. Ганна, жонка Аляксандра Жукава – 2 тыс. злотых, бо мела грашовы доўг. Раіна Агінская не атрымала нічога, бо мела пасаг і выправу большую за ўсіх, але на яе дзяцей былі запісаныя невялікія грашовыя сумы.46
Акрамя маёмасці дзецям пакідалі даўгі, якія яны павінны былі выплаціць пасля смерці бацькі ці маці. Спіс даўгоў мог фіксавацца ў асобным рэестры, які дадаваўся да тэстамента. У яго таксама ўключалі пералік рухомых рэчаў. Але рэестраў захавалася вельмі мала.
Сустракаюцца ў тэстаментах прыклады больш незвычайнага спадкаемства. Берасцейскі ваявода Крыштаф Зяновіч, сын вышэй згаданага Ежы Зяновіча, акрамя маёмасці пакінуў свайму сыну Міхалу бацькоўскае бласлаўленне, бібліятэку і наказ служыць Рэчы Паспалітай, дапамагаць маці, глядзець за евангелісцкім зборам. Берасцейскі земскі суддзя Пётр Кахлеўскі падзяліў сваю бібліятэку між сынамі Хрысціянам Амброзіем, Аляксандрам Бенедзіктам і Янам Станіславам. Тром дочкам падараваў па Бібліі. Агрыпа Вацлававіч падараваў сыну сваёй жонкі Магдалены ад першага шлюба Ільяшу “вялікія і малыя кніжкі на нямецкай і лацінскай мовах”. Свае фаліянты падараваў каралеўскай библіятэцы Багуслаў Радзівіл. Віленскі войт Пётр Мікалаевіч Гедройц сярод іншых рэчаў падараваў жонцы шаблю, апраўленую срэбрам. Гэта адзіны выяўлены выпадак, калі жанчыне даравалі зброю.47
Радзівілы ў Акце Ардынацыі за 1586 г. падпісалі пагадненне пра правілы размеркавання спадчыны. У дакуменце адзначалася, што рухомая маёмасць размяркоўвалася пароўну між дочкамі, акрамя стрэльбаў, зброі, бібліятэкі, куляў, збожжа, быдла. Бібліятэка павінна была застацца ў родзе, таму толькі сыны атрымлівалі яе ў спадчыну48 .
Калі дзеці былі непаўналетнія, то аўтары тэстаментаў пакідалі распараджэнні аб іх адукацыі, выхаванні і месцы жыхарства. Острыцкі староста Лаўрын Ратомскі прызначыў сыноў на службу: Канстанціна – да віленскага ваяводы Крыштафа Радзівіла, Рыгора – да канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Крыштаф Радзівіл, званы Перуном, накіраваў сына Крыштафа ў адукацыйнае падарожжа ў Нямеччыну і Францыю, а пасля яго – на службу да караля Уладзіслава. У выпадку “варожай небяспекі” загадаў “выканаць рыцарскі абавязак” у войску гетмана. Маршалак ВКЛ Аляксандр Гілары Палубінскі прасіў жонку Соф’ю Канстанцыю з Валадковічаў, каб яна выхоўвала сыноў Яна Дамініка і Крыштафа Францішка ў іх маёнтку Cярэчын, а потым аддала ў школу, а пасля адправіла на адукацыю за мяжу. Падрабязна апісвае адукацыю і побыт за мяжой сыноў Крыштафа, Жыгімонта, Аляксандра віленскі ваявода Мікалай Радзівіл, званы Сіроткам, у дадатку да тэстаменту “Admonitoryum”, які быў адрасаваны сынам. Ганна Дамаслаўская дала 2 тыс. злотых на адукацыю сыноў і на выправу ў вайсковую службу.49
Будучыня дочак па-іншаму прадстаўлена ў тэстаментах. Бабруйскі староста Пётр Трызна распарадзіўся, каб яго дочкі Кацярына і Тэрэза выхоўваліся ў кляштары Св.Бенедзікта. Кацярына павінна была стаць манахіняй, і такое распараджэнне на яе конт зразумела. Да таго ж пасаг яе прызначаўся манастыру. Тэрэзу апекуны маглі змясціць там, дзе яны захочуць, але аўтар тэстаменту быў схільны, каб яна жыла і выхоўвалася ў кляштары пад наглядам набожнай жанчыны.
Канюшы ВКЛ Багуслаў Радзівіл таксама пажадаў, каб яго дачка Людвіка Караліна атрымала цнатлівае выхаванне. На яго думку, самым лепшым месцам для яе адукацыі быў двор сваячкі Кацярыны Глябовіч. Пры дасягненні ўзросту, “калі яна зможа вандраваць, то хай працягне адукацыю толькі пры двары курфюста ў Прускім каралеўстве”. Багуслаў жадаў, каб будучы муж Людвікі Караліны быў са славутага роду і кальвінісцкага веравызнання. Добра выхаваць дочак Багдану і Гальшку і выдаць іх замуж з пасагам загадаў гаспадарскі маршалак Філіп Шымковіч сваёй жонцы Настассі Афанасаўне Трызне. Земянін Ваўкавыскага павету Андрэй Фёдаравіч Адамовіч абраў для дочак наступных мужоў: Кацярыне – Францішка Снарскага, Марысе – Марціна Пацкевіча, Еве – Андрэя Яцкевіча. Ян Дамаслаўскі загадаў сваёй жонцы выдаць дачку за Паўла Звярдоўскага.50 Такое распараджэнне можна было пакінуць толькі ў выпадку папярэдняй дамовы двух бакоў.
Фядора Маркаўна Петрашэвічаўна, жонка Марціна Струпінскага, даручыла дачку Ганну, народжаную ў першым шлюбе ад Андрэя Пачкоўскага, сястры Паланеі і яе мужу Васілю Ваньковічу. Апякаць яны павінны былі яе ў маёнтку Веляціцкае, дзе “дачка мае да лет дарасти”51 . Цікава, што яна не абавязала мужа клапаціцца пра дачку. Такое распараджэнне магло быць выклікана некалькімі прычынамі. Напрыклад, недастаткова добрыя адносіны мужа да дачкі ці жаданне забяспечыць больш спрыяльныя ўмовы для жыцця Ганны сярод родных, бо муж мог ажаніцца другі раз і невядома, як бы яго новая жонка ставілася да яе. У маёнтку Агрыпы Вацлававіча жылі дзве сваячкі Кацярына і Ганна. Паміраючы, ён распарадзіўся выдаць іх замуж, даць пасаг па 20 коп грошай літоўскіх52 .
Аўтары тэстаментаў пакідалі распараджэнні не толькі аб маёмасці, але вызначалі лёс непаўналетніх дзяцей, давалі ім парады і бацькоўскае бласлаўленне. У значнай колькасці мужчынскіх тэстаментаў засяроджвалася ўвага дзяцей на добрых адносінах да маці, падкрэслівалася неабходнасць клапаціцца аб ёй. Гэта ілюструе высокі статус шляхцянкі ў сям’і і павагу да яе. Аднак не ва ўсіх тэстаментах сустракаецца ўзаемапаразуменне між бацькамі і дзецьмі. Генерал-маёр каралеўскага войска Эрнэст Ян Корф меў вельмі няўдалы першы шлюб. Ён адзначыў, што з-за сур’ёзных прычынаў прыйшлося развесціся з першай жонкай. Не склаліся адносіны і з дзецьмі ад гэтага шлюба. Ад сына “не меў і не мае нічога добрага, таму не пакідае яму ніякай маёмасці”. Дачка пасля яго смерці атрымлівала 3 тыс. злотых і сяло на р. Віліі. Асноўнай спадкаемцай стала другая жонка.53 Гэты тэстамент вылучаецца падрабязнымі аўтабіяграфічнымі звесткамі.
Трапляюць завяшчанні шляхціцаў, якія не мелі ўласных сем’яў. Зямянін Ашмянскага павету Крыштаф Горман узяў у апеку пляменніцу Алену Калушчанку. За тое, што яна даглядала яго, ён пакінуў ёй 2,4 тыс. злотых і рухомыя рэчы, прызначыў апекуноў. Нямаючы нашчадкаў і жонкі, Станіслаў Парай Грушчынскі размеркаваў сваю маёмасць між сваякамі.54
Не толькі дзецям дарылі маёмасць, сустракаюцца ў тэстаментах браты, сёстры, дзядзькі, цёткі, унукі, сябры. У некаторых выпадках не абміналіся нават слугі. Найбольш адданыя гаспадару атрымлівалі грошы, а залежныя людзі – вольнасць. Ганна Давойна абавязала мужа Яраша Карыцкага выдаць замуж за людзей вольных ці адпусціць на волю работніц і “дзевак-нявольніц”55 .
У канцы тэстамента, звычайна, прызначаліся апекуны і выканаўцы апошняй волі. Апекуноў было некалькі, і адзін з іх быў галоўным. Яны клапаціліся пра будучыню сям’і і ахову яе інтарэсаў ва ўсіх сферах жыцця. Жанчыне было цяжка адной, асабліва калі пры ёй заставаліся непаўналетнія дзеці. Шляхцянкі асноўным распараджальнікам рабілі мужа. Апекуны былі з ліку родных і сяброў.
Так, упіцкі гродскі пісар Іван Курбскі Яраслаўскі прызначыў апекунамі для жонкі сяброў – цівуна Велькіх Дырвян і жмудскага харунжага Яна Тружэўскага і берасцейскага стольніка Паўла Заранку. Шэраг асобаў прызначыў наглядаць за сваёй сям’ёй Пётр Кахлеўскі, а менавіта, пратэктараў – з ВКЛ мсцілаўскага ваяводу Мікалая Абрамовіча, з Кароны – паморскага ваяводу Герарда Дэнфа і хелмскага кашталяна Збігнева з Гарая Гарайскага. У якасці рэлігіных пратэктараў былі абраныя Януш і Багуслаў Радзівілы. Блізкія родныя з аднаго і другога боку былі апекунамі.56
Калі на момант смерці чалавек ужо не меў сям’і, то ён прызначаў распараджальнікаў апошняй волі. Гаспадараўна Малдаўская Марыя Радзівіл абрала на гэтую ролю генерала княства Жмудскага Ежы Глябовіча і падканцлера ВКЛ Аляксандра Нарушэвіча57 .
У канцы тэстамента аўтары маглі змясціць развітальны зварот. Раіна Агінская развітвалася з суседзямі, сынамі і іх жонкамі, сваякамі, слугамі і прасіла ў іх прабачэння58 .
У тэстаментах перыяда 1654-67 гг. сустракаецца інфармацыя пра трагічны лёс шляхціцаў і шляхцянак у вайне. Месца напісання завяшчання Кучукавай Ганны Матушэвічаўны – Казань – выклікае пытанне, якім чынам яна туды трапіла? Ці была ў палоне, ці шукала сваякоў? Дачка Марыяна была ўзята ў палон у маёнку Чарлаўшчызна ў 1655 г. маскоўскім войскам. Муж Лявон Кучука патрапіў у няволю пры аблозе Віцебскага замку. У выніку жанчына засталася адна, але спадзяючыся на тое, што яе сваякі вернуцца, яна пакінула ім маёмасць.
Разам з дзецьмі апынулася ў руках ворага дачка Геліяша Сігнітэўскага, дзе яна і памерла. Яго сын загінуў, ваюючы пад началам польнага гетмана Вінцэнта Гасеўскага (Гансеўскага?). Геліяш спадзяваўся на вяртанне другога сына Томаша, бо абавязаў яго быць апекуном малых дочак Алены і Ганны. Сястра Аляксандра Варанца Юдзіта “пры першай аблозе Трубяцкім Мсціслаўскага замку (1654) праз меч у палон узята была”. Князя Трубяцкога як “непрыяцеля маскаля” ўзгадвае Ганна з Сокалаў Безвадзіцкая. Падчас падзей, апісаных у папярэднім тэстаменце, загінуў яе муж Васіль, а сын Ян быў захоплены ў няволю і лёс яго быў невядомы. Вялікія страты людскія і маёмасныя ў Ашмянскім пав. адзначыў у сваім завяшчанні Крыштаф Горман.59 Смутак, жаль і боль страты адчуваецца ў гэтых тэстаментах.
Тэстамент падпісвалі тры сведкі і падмацоўвалі яго сваімі пячаткамі. Сведкамі маглі быць толькі мужчыны, і яны не павінны былі ўзгадвацца ў завяшчанні.
Як бачым, тэстаменты – гэта ўнікальныя дакументы па гісторыі асобы, сям’і і грамадства, якія, на жаль, па сённяшні дзень яшчэ не ацэнены беларускімі даследчыкамі як гістарычная крыніца. За традыцыйнымі шаблоннымі фармулёўкамі праглядваецца адметная асоба. Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ў апошнім сваім дакуменце чалавек, раскрываючы найлепшыя рысы свайго характару, не даваў поўнага ўяўлення аб сабе як асобе.
Тэстамент змяшчае ўскосныя спасылкі на розныя крыніцы: судовыя справы, венавыя запісы, квіты адрачэння (дакумент даваўся дачкой і яе мужам пры атрыманні пасагу, што яны больш не прэтэндуюць на маёмасць), пазыковыя дамовы, акты куплі маёмасці, фундушы. Усё гэта робіць дакумент надзвычай інфармацыйным. З яго дапамогай можна рабіць высновы пра месца асобы ў сям’і і грамадстве. Агульныя звесткі, якія падаваліся амаль у кожным шляхецкім тэстаменце, былі наступныя: зямельная маёмасць, рэзідэнцыя або месца пастаяннага жыхарства, веравызнанне, месца пахавання, парадак цырымоніі пахавання, прыкладная дата смерці, колькаць шлюбаў (зрэдку дата шлюба), імя мужа ці жонкі, адносіны да мужа ці жонкі, колькаць дзяцей, іх выхаванне, адукацыя, шлюбы, сваякі і ўзаемаадносіны з імі, кола сяброў і пратэктараў, сувязь з дзяржаўнымі дзеячамі, месца стварэння дакумента. Апроч таго, з дакумента можна было даведацца пра пасады шляхціца і род, з якога паходзіла шляхцянка. Большасць прагледжаных дакументаў утрымлівала ўсе гэтыя звесткі.
Тэстамент паказваў рэлігійны свет асобы. Акрамя пераліку цэркваў, кляштараў, шпіталяў, якім ахвяравалі грошы, на старонках тэстаментаў змяшчаліся рэлігійныя разважанні пра смяротнасць, нетрываласць жыцця. У іх адчуваўся страх перад невядомым “іншым светам”. Адзінае, што на думку аўтараў, дапамагала, так гэта імша за ўпакой душы.
З рознага роду прыватных дакументаў тэстаменты найбольш поўна раскрываюць шляхецкі менталітэт, рэлігійныя прыхільнасці, сямейную гісторыю шляхты, атмасферу і рытм тагачаснага жыцця і яго каштоўнасці. Завяшчанні разам з панегірыкамі, надмагільнымі помнікамі, тэматычнымі гравюрамі адносяцца да шэрагу крыніц, якія паказваюць стаўленне чалавека да смерці. Гэты аспект ужо даўно даследуецца заходнімі навукоўцамі. Закранулі гэтую тэму таксама польскія гісторыкі Ян Быстрань і Збігнеў Куховіч у сваіх абагульняючых працах па шляхецкай гісторыі і культуры 16-18 стст.
Аналіз тэстаментаў паказаў, што гэтыя дакументы карысныя для вывучэння гісторыі эканомікі, справаводства, заканадаўства, сацыяльнага і сямейнага жыцця, рэлігіі, гісторыі паўсядзённага жыцця, мовазнаўства, крыніцазнаўства, таму іх неабходна ўводзіць у шырокі гістарычны зварот.
1 Rok B. Człowiek wobec śmierci w kułturze staropolskiej. Wrocław, 1995. S 38.
2 Описание документов и бумаг хранящихся в Московском архиве министерства юстиции. Кн. 21. Москва, 1915.
3 Описание рукописного отдела Виленской публичной библиотеки. Вып.3. Вильна, 1898. С. 34, 44.
4 НГАБ у Гародні. Ф. 1663, воп.1, ад.з.779, арк.1; ад.з.836, арк.3.
5 Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года. Мінск, 1960. С.32.
6 Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911. С.104.
7 Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. С.248.
8 Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею (АВАК). Т.12. Акты Главного Литовского трибунала. Вильна, 1898. С. 609, 612.
9 Статут 1529. Р. 5. Арт.[16] 15; Статут 1588. Р. 8. Арт. 2.
10 Статут 1529. Р. 5. Арт.[15] 14; Статут 1588. Р. 8. Арт. 1
11 Статут 1529. Р. 5. Арт.[17] 16; Статут 1588. Р. 8. Арт. 3, 5.
12 Статут 1588. Р. 8. Арт. 6. (Норма запазычаная з Статутаў 1529 і 1566 гг.)
13 Статут 1588. Р. 8. Арт. 8.
14 Статут 1588. Р. 8. Арт. 9.
15 Каментарыі...// Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. С. 555.
16 АВАК. Т. 12. С. 548.
17 Augustyniak U. Testamenty ewangelików reformowanych w Wielkim Księstwie Litewskim. Warszawa, 1992. S. 81.
18 НГАБ у Менску. Ф. 1823, воп. 1, спр. 1, арк. 481-482.
19 АВАК. Т. 12. С. ХХІХ.
20 Augustyniak U. Testamenty ewangelokuw...
21 Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. Минск, 1959. С. 252; Т.ІІ. Минск, 1960. С. 191.
22 Aleksandrowicz-Szmułikowska M. Radziwiłłówny w świetle swoich testamentów. Warszawa, 1995.
23 Borkowska M. Dekret w nebeskim ferowany parlamence. Kraków, 1984.
24 Hedemann O. Testamenty Brasławsko-dziśnenskie XVII-XVIII wieku jako żródło historyczne. Wilno, 1935.
25 Гордеев М.Ю. Формуляр записей-тестаментов в полоцких магистратских книгах 2-й пол. ХVІІ в. // Межславянские взаимоотношения и связи. Средние века - раннее Новое время. Москва, 1999. С. 38-41; Яго ж. Запісы-тэстаменты полацкіх мяшчан часоў вайны 1654-1667 гг. як пісьмовыя гістарычныя крыніцы // Гісторыя Беларусі: новае ў даследаванні і выкладанні: Матэрыялы Рэсп. навук.-практ. канф., Мінск, 27 сакавіка 1999 г. У 2 ч. Мінск, 1999. Ч. 2. С. 39-42.
26 АВАК. Т. 12. С. 610. (Пераклад з польскай Н.Сліж).
27 АВАК. Т. 12. С. 613. (Пераклад з польскай Н.Сліж).
28 НГАБ у Менску. Ф. 1823, воп. 1, ад.з. 1, арк. 481.
29 НГАБ у Гародні. Ф. 1663, воп.1. ад.з. 464, арк. 1.(Пераклад з польскай Н.Сліж).
30 Тэкст адаптаваны Археаграфічнаю камісіяй. АВАК. Т.8. Акты Виленского гродского суда. Вильна, 1875. С. 471.
31 Augustyniak U. Testamenty ewangelików… S. 169. (Пераклад з польскай Н.Сліж).
32 Aleksandrоwicz-Szmułikowska M. Radziwiłłówny… S. 7.
33 Историко-юридические материалы извлечённые из актовых книг губернии Витебской и Могилёвской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске. (ИЮМ) Вып.28. Витебск, 1900. С. 126, 139; НГАБ у Менску.Ф.694, воп. 1, ад.з. 201.,арк. 1.
34 Archiwum domu Radziwiłłów. T.VIII. Kraków, 1885. S. 47.
35 Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. КП. 9217; НГАБ у Гародні. Ф. 1663, воп. 1, ад.з. 4, арк. 1 адв.; АВАК. Т. 12. С. 572, 587-589; Wasilewski T. Walka o spadek po księznej Marii Wołoszce, wdowie po Januszu Radziwiłłu w latach 1660-1690// Miscellanea historico-archiwista. T.III; Radziwiłłówie XVI-XVIII wieku w kręgu polityki i kultury. Warszawa-Łódź, 1989. S. 297-308.
36 НГАБ у Менску. Ф. 1823, воп. 1, ад.з. 1, арк. 177, 481; НГАБ у Гародні. Ф. 525, воп. 1, ад.з. 1_ aрк. 19 адв.; Ф. 1663, воп. 1, ад.з. 811, арк. 1адв., ад.з. 932, арк. 1; Archiwum Główny Akt Dawnych. Archiwum Prozorów i Jelskich, sign.7, k.1, Archiwum Radziwiłłów X, sign. 69; АВАК. Т. 8. С. 460; АВАК. Т. 12. С. 563; Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предместьям. Минск, 1848. С. 200.
37 НГАБ у Гародні. Ф. 1663, воп. 1, ад.з. 4, арк. 1; АВАК. Т. 4. Акты Брестского гродского суда. Вильна, 1870. С.195; АВАК. Т. 12. С. 572, 594, 606
38 Aleksandrоwicz-Szmułikowska M. Radziwiłłówny… S. 38-39. БЭФ. Т. 1. С. 252.
39 АВАК. Т. 2. Акты Брестского земского суда. Вильна, 1867. С. 43. АВАК. Т. 12. С. 579.
40 НГАБ у Гародні. Ф. 525, воп. 1, ад.з. 1. арк. 21; Собрание государственных и часных актов, касающихся истории Литвы и соединённых с нею владений (от 1387 до 1710 года). Вильна, 1858. С. 120; Augustyniak U. Testamenty ewangelikуw… S. 27-30, 50-56, 108, 149, 171; Вorkowska M. Dekret… S. 33-34, 42.
41 НГАБ у Менску. Ф. 694, воп. 1, ад.з. 18, арк. 127 адв.-128; НГАБ у Гародні. Ф. 1663, воп. 1, ад.з. 3, арк. 1; ад.з. 4, арк. 1, ад.з. 872, арк. 1 адв.; Augustyniak U. Testamenty ewangelików… S.194.
42 Aleksandrоwicz-Szmułіkowska M. Radziwiłłówny... S. 194.
43 Собрание древних грамот и актов… С. 137-138.
44 НГАБ у Гародні. Ф. 1663, воп. 1, ад.з. 811, арк. 1адв.-2.
45 Собрание древних грамот и актов… С. 137-138.
46 НГАБ у Менску. Ф. 1741, воп. 1, ад.з. 1, арк. 88 адв.; Ф. 1823, воп. 1, ад.з. 1, арк. 481 адв.; АВАК. Т. 12. С. 542-545, 551, 564-566; Собрание древних актов и грамот... С. 203-206; Augustyniak U. Testamenty ewangelików… S. 31-33, 200-204; Borkowska M. Dekret... S. 61-64.
47 НГАБ у Менску. КМФ 18, спр. 260, арк. 705-707 (дакумент выяўлены Германам Брэгерам), 745.
48 Archiwum domu Radziwiііуw. T.VIII. Krakуw, 1885. S. ХV.
49 AGAD. Archiwum Radziwiłłów X, sign. 22. НГАБ у Гародні. Ф. 1663, воп. 1, ад.з. 662, арк. 1 адв.; АВАК. Т. 4. С. 474. Archiwum domu Radziwiłłów. T.VIII. Kraków, 1885. S. 58; Augustyniak U. Testamenty ewangelików… S. 91-92.
50 AGAD. Archiwum Radziwiłłów X, sign. 69; НГАБ у Гародні. Ф. 1663, воп. 1, ад.з. 310, арк. 4; ад.з. 661, арк. 2; Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. С. 253; Augustyniak U. Testamenty ewangelików… S. 202-203.
51 НГАБ у Менску. Ф. 1741, воп. 1, ад.з. 1, арк. 94.
52 НГАБ у Менску. КМФ 18, спр. 260, арк. 705-707.
53 АВАК. Т. 12. С. 613-615.
54 НГАБ у Менску. Ф. 1732, воп. 1, ад.з. 1, арк. 5-6. Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. КП. 9217.
55 НГАБ у Менску. Ф. 694, воп. 1, ад.з. 18, арк. 129.
56 НГАБ у Гародні. Ф. 1663, воп. 1, ад.з. 662, арк. 3; АВАК. Т. 12. С. 607.
57 АВАК. Т. 12. С. 590-591.
58 AGAD. Archiwum Prozorów i Jelskich, sign. 7, k. 5.
59 НГАБ у Менску. Ф. 1732, воп. 1, ад.з. 1, арк. 6, 19-10, 192-195; ИЮМ. Вып. 28. С. 128, 139-140., ад.з. 1, арк. 177, 481; НГАБ у Гародні. Ф. 525, воп. 1, ад.з. 1_ aрк. 19 адв.; Ф. 1663, воп. 1, ад.з. 811, арк. 1адв., ад.з. 932, арк. 1; Archiwum Główny Akt Dawnych. Archiwum Prozorów i Jelskich, sign.7, k.1, Archiwum Radziwiłłów X, sign. 69; АВАК. Т. 8. С. 460; АВАК. Т. 12. С. 563; Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предместьям. Минск, 1848. С. 200.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|