Горизонтов Л.Е. Парадоксы имперской политики: поляки в России и русские в Польше (ХIX – начало XX в.). Москва: “Индрик”, 1999. – 272 с.
Пасля пэўнага спаду ў 1970-80-я г. сярод расійскіх даследчыкаў апошнім часам ізноў адрадзілася цікавасць да польскай праблематыкі. Бібліяграфічны даведнік па расійскай паланістыцы за перыяд з 1992 па 1995 г. у раздзеле “Гісторыя” ўключае 478 пазіцый1 . Аднак даследаванне Леаніда Гарызонтава выходзіць паза межы звычайнай “пазіцыі” бібліяграфічнага даведніка. Разглядаючы “польскае пытанне”, аўтар закранае праблему палітыкі Расійскай імперыі ў нацыянальнай і канфесійнай галінах. Яе аналіз дапамагае больш глыбока зразумець сутнасць расійскай дзяржаўнасці 19 – пачатку 20 ст. Ён жа дае магчымасць адказаць на такія важныя пытанні, як, напрыклад, ці з’яўлялася Расія 19 ст. нацыянальнай дзяржавай, ці можна характарызаваць яе тагачасную нацыянальную палітыку ў навуковых катэгорыях 20 ст., ці можна лічыць т.зв. “Прывісленскі край” і “Заходні край” унутранымі калоніямі імперыі і г.д.
Актуальнасць даследавання нацыянальнай палітыкі Расійскай імперыі абумоўлена не толькі выключна навуковымі аспектамі развіцця гістарыяграфіі. Прыкметную ролю ў гэтай актуалізацыі адыгрывае таксама сучасная палітычная сітуацыя. Сёння навідоку імкненне расійскай палітычнай эліты ў пошуках шляхоў развіцця расійскай дзяржаўнасці абаперціся на некаторыя імперскія традыцыі. Гісторыкі не могуць не рэагаваць на гэты своеасаблівы палітычны выклік. У самой Расіі спробе досыць крытычнага асэнсавання вопыту імперскай палітыкі ў дачыненні да нерускіх народаў супрацьстаіць яе выразная апалогія2 . Гэтая праблематыка прысутнічае ў кнізе Леаніда Гарызонтава ў якасці “другога плана”. Па свайму зместу манаграфія ўяўляе сабой канкрэтна-гістарычнае даследаванне “польскага пытання” ў расійскай палітыцы.
Галоўным аб’ектам аўтарскага аналізу сталі тыя з накірункаў урадавай палітыкі 30-х г. 19 ст. – пачатку 20 ст., што закраналі жыццёва важныя для палякаў Расіі пытанні і якія раней не былі прадметам спецыяльных даследаванняў у расійскай і польскай гістарыяграфіі. Гэта праекты і спробы рассялення палякаў па тэрыторыі імперыі, праблема рознаканфесійных (праваслаўна-каталіцкіх) шлюбаў, доступ палякаў да вышэйшай адукацыі, набыццё імі маёмасці, працэдура нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў адміністрацыйнай практыцы, каланізацыя ускраін імперыі, руская прысутнасць сярод студэнтаў Варшаўскага універстітэта і некаторыя іншыя. Раней не даследаваныя сюжэты ўносяць элемент навізны ў даволі распрацаваную (асабліва ў польскай гістарыграфіі) праблему. Яны дазваляюць убачыць новыя аспекты расійска-польскіх адносінаў і ўрадавай палітыкі ў “вырашэнні польскага пытання”. Характэрнай рысай даследавання таксама з’яўляецца канцэнтрацыя аўтарскай увагі на асобных субрэгіёнах і падперыядах.
Манаграфія складаецца з Прадмовы (“О сути проблемы и смысле её изучения”), двух частак (“Поляки в России или “счастье насильно” i “Русские в Польше или “система этнографического воздействия”) і Заключэння. Пасля Заключэння ў выглядзе дадаткаў змешчаны дакументы: запіска Фёдара Савіча “Меры к отстранению вредного влияния поляков на русское общество. 1867”; “Росписание войск, военных управлений, заведений и учреждений с показанием допускаемого в составе их числа офицеров, классных медицинских и немедицинских чиновников и вольноопределяющихся, принадлежащих к иноверному населению” (1888); “Описание аудиенции у Государя императара Николая I римско-католического митрополита и 5 епископов” (1849); “Из “Записок о происшествиях полиции Варшавской” (рубрика “Распространение недозволеных изданий и преступных верований”)” (1911) і інш. Выданне мае імянны паказальнік.
Аўтар не абмяжоўваецца этнічнай польскай тэрыторыяй. Ён трымае ў поле зроку, “па магчымасці, усе тыя землі Рэчы Паспалітай, што адыйшлі да Расіі і палітычны курс у адносінах да якіх вызначаўся ў першую чаргу польскім пытаннем” (с.6). Праўда, аўтарская цікавасць да Беларусі, Літвы і Украіны носіць хутчэй маргінальны характар. Але яна дазваляе правесці пэўныя параўнанні, вылучыць агульнае і своеасаблівае ў спробах вырашэння польскага пытання ў розных частках імперыі.
Леанід Гарызонтаў, выкарыстаўшы працы амерыканскага даследчыка Тэда Вікса, даў вызначэнне паняцця “польскае пытанне”. На яго думку, у кантэксце ўнутранай палітыкі польскае пытанне ўяўляла сабой “усеабдымную інтэграцыю былых зямель Рэчы Паспалітай у імперскі арганізм, пераўтварэнне палякаў у верных падданых правячай дынастыі. Менавіта гэтыя ўстаноўкі былі цэнтральнымі ва ўрадавым бачанні польска-расійскага суіснавання. Іх ажыццяўленне прымала розныя формы – ад сур’ёзных уступак дзеля забеспячэння палітычнай лаяльнасці палякаў да не менш сур’ёзнага імкнення асіміліляваць мільёны людзей” (с. 81).
Даследаванню праблемы папярэднічае кароткі, але даволі ёмісты і грунтоўны аналіз расійскай гістарычнай паланістыкі 19-20 ст. Характарызуючы перыяд 90-х г. 20 ст., аўтар адзначыў відавочнае ажыўленне цікавасці да польскай праблематыкі і пашырэнне геаграфіі даследаванняў, якія раней канцэнтраваліся пераважна ў Маскве. Па прагнозу Л.Гарызонтава, у бліжэйшай будучыні даследаванне польскай праблематыкі ў Расіі будзе адбывацца “пераважна ў рэчышчы расіезнаўства, а таксама ўкраіністыкі і беларусістыкі – па меры станаўлення апошніх як асобных галінаў гуманітарных ведаў” (с.14).
Аналіз польскай гістарыяграфіі дазволіў Л.Гарызонтаву заўважыць, што многія працы 80-90-х г. 20 ст. нясуць на сябе пячатку стэрэатыпаў стогадовай даўніны. У гэтых працах Польшча 19 ст. выступае або як “абарончы вал Еўропы”, або як старажытная Грэцыя, якая загінула, але сваёй культурай прасвяціла рымскіх заваёўнікаў (с.16). “Няма сэнсу спрачацца пра тое, - заўважыў аўтар, - ці з’яўляецца вышэйшай мэтай і каштоўнасцю захаванне нацыянальнай самабытнасці ўсімі сродкамі. Ёсць, аднак, падставы меркаваць, што на працягу стагоддзя, якое карэнным чынам змяніла духоўны і матэрыяльны свет чалавека, некалькі пакаленняў шматмільённага народу не маглі знаходзіцца ў стане бесперапыннай барацьбы”. Гісторык адзначыў, што ў польскай гістарыяграфіі руская прысутнасць у Польшчы пазначана толькі схематычна і трактуецца звычайна ў духу нацыянальнай канфрантацыі (с. 17). Ён таксама звярнуў увагу на адсутнасць даследаванняў, прысвечаных палякам, якія дасягнулі высокага становішча ў дарэвалюцыйнай Расіі.
Трэба аднак заўважыць, што польская гістарыяграфія апошняга дзесяцігоддзя пачала выпраўляць гэтую асіметрыю. Можна згадаць кнігу Збігнева Апацкага, прысвечаную асобе навукоўца і грамадскага дзеяча Мар’яна Здзяхоўскага3 , шэраг артыкулаў, якія вяртаюць з небыцця асобу вядомага маскоўскага адваката, аднаго з заснавальнікаў партыі канстытуцыйных дэмакратаў Аляксандра Лядніцкага4 і інш. Вартымі ўвагі з’яўляюцца таксама публікацыі часопіса “Zeszyty Historyczne”, які выдаецца ў Парыжы на працягу амаль 40 гадоў. Польска-расійскія адносіны двух апошніх стагоддзяў з’яўляюцца адным з прыярытэтаў гэтага выдання. Нельга таксама абмінуць прaцаў, прысвечаных удзелу палякаў у рэвалюцыйным руху ў Расіі5 . Гэты ўдзел моцна ўплываў на характар “вырашэння польскага пытання”.
Аўтар ахарактарызаваў уласную працу як “канкрэтна-гістарычнае даследаванне, якое ўводзіць у навуковы зварот значнае кола крыніц” (с. 20). Па яго ж сцвярджэнню, “ядром даследавання сталі недрукаваныя дакументы афіцыйнага справаводства” (с. 20). Гісторык сапраўды шырока выкарыстоўваў дакументы архіваў Расіі, Польшчы і Беларусі. Гэта – службовая перапіска, царскія маргіналіі, стэнаграмы паседжанняў калегіяльных органаў і інш. Аднак асобныя раздзелы даследавання ў большай ступені з’яўляюцца абагульненнем гістарычнай літаратуры з шырокім выкарыстаннем апублікаваных эпісталярных матэрыялаў, мемуараў і публіцыстыкі.
Для працы характэрна грунтоўнае веданне аўтарам літаратуры прадмета, што дазволіла ўлічыць і асэнсаваць шырокі спектр розных падыходаў да праблемы; сур’ёзная апрацоўка базы крыніц, спалучаная з падкрэсленай павагай да гістарычнага факта, з асцярожнасцю і абачлівасцю ў ацэнках; маргінальны характар разгляду польскай праблемы ў т.зв. “Заходнім крае” і г.д. Дзякуючы выкарыстанню пэўных публіцыстычных і мастацкіх прыёмаў (эпіграфы, цытаты з мастацкай літаратуры і інш.), чытаць кнігу цікава і прыемна. Аднак, бліжэйшае знаёмства з тэкстам парадзіла шэраг крытычных заўвагаў.
Сюжэты, якія аўтар выбраў для раскрыцця праблемы, безумоўна, вельмі цікавыя, але чытач хутка пачынае адчуваць неабходнасць пэўных абагульненняў, якія б “звязвалі” сюжэты (раздзелы) у адно цэлае.
Магчыма, што сюжэт (раздзел) трэці “Как найти поляка…” варта было б паставіць на пачатку і не абмяжоўвацца толькі праблемай нацыянальнай ідэнтыфікацыі паляка расійскай адміністрацыяй. Па меньшай меры, перад беларускім чытачом з першых старонак працы ўзнікаюць пытанні: Каго расійскія ўлады лічылі палякамі? Супраць палякаў ці супраць каталікоў была накіравана палітыка дыскрымінацыі? Безумоўна, больш востра гэтая праблема стаіць для Беларусі, Літвы і Украіны. Канцэнтрацыя ўвагі на этнічнай Польшчы і цэнтральнай Расііі робіць гэтую тэму менш актуальнай. Аднак? спроба адказу на пастаўленыя пытанні дазволіла б выйсці на больш глыбокі ўзровень асэнсавання “польскай праблемы”.
Працэдуру нацыянальнай ідэнтыфікацыі паляка аўтар раскрывае, аналізуючы нарматыўныя акты, іх тлумачэнні ў афіцыйным справаводстве і публіцыстыцы, выкарыстоўваючы звесткі пра функцыянаванне права ў рэальным жыцці. Ён падкрэсліў складанасць гэтай задачы, звязаную як з незавершанасцю этнічных працэсаў на расійска-польскiм памежжы, так і з асіміліючым уплывам шматнацыянальнай краіны. (с. 100-101). Калі ў эпоху Мікалая І, па меркаванню Л.Гарызонтава, заканадаўства па “Заходняму краю” ставіла знак роўнасці паміж паняццем польскасці і неправаслаўным веравызнаннем, то ў заканадаўстве часоў Аляксандра ІІ з’явіўся тэрмін “лица польского происхождения”.
Пасля паўстання 1863 г. пры распрацоўцы антыпольскага заканадаўства, на думку аўтара, была зроблена спроба аддзяліць прыналежнасць да каталіцкага веравызнання і польскасць. Так, у вядомым указе Аляксандра ІІ ад 10 снежня 1865 г. каталіцызм як прыкмета польскай нацыянальнасці не згадваўся. Аднак, “асобам польскага паходжання” ў тэксце ўказа супрацьставіліся асобы рускага паходжання праваслаўнага і пратэстанцкага веравызнання. Падказка была досыць відавочнай. Хутчэй за ўсё спроба развесці каталіцызм і польскасць рабілася ў межах больш шырокай кампаніі па “распалячванню касцёла”. Часткай гэтай кампаніі стаўся “казус” Фердынанда Сенчыкоўскага, які быў адным з галоўных ініцыятараў і праваднікоў пераводу каталіцкага набажэнства на рускую мову. З дапамогай пагроз і прымусу Ф.Сенчыкоўскі дамогся пэўнага поспеху, але ён насіў часовы характар. У Беларусі спробам “распалячвання” супрацьстаялі не толькі традыцыі каталіцызма ў Беларусі, але і незадавальненне праваслаўнай царквы, якая баялася з’яўлення моцнага канкурэнта.
Ад выпрацоўкі кіруючых указанняў адносна “пошука палякаў” цэнтральныя ўлады адмовіліся. Яны фактычна перадалі гэтую справу на водкуп мясцовай адміністрацыі. Апошняя, маючы недавер да такога суб’ектыўнага крытэрыя як самасвядомасць, адразу згадала пра каталіцызм, што значна палягчала працэдуру “пошуку”. Апроч таго існавалі пэўныя меркантыльныя інтарэсы мясцовага чыноўніцтва, зацікаўленага ў пераўтварэнні антыпольскага заканадаўства ў заканадаўства антыкаталіцкае.
На пачатку 20 ст. у сістэму каардынатаў “нацыянальнае-канфесійнае” быў, па меркаванню аўтара, уведзены яшчэ і сацыяльны кампанент. Урадавае Палажэнне ад 27 студзеня 1901 г. устанаўлівала для сялян-каталікоў абмежаванні ў набыцці зямлі. На селяніна-каталіка, які валодаў 60 дзес. зямлі і болей, распаўсюджвалася антыпольскае заканадаўства. (Магчыма, улады заўважылі пэўныя змяненні нацыянальнай свядомасці беларускіх і літоўскіх сялянаў.) Да таго ж у рэальнай практыцы, як пераканаўча паказаў Л.Гарызонтаў, вялікую ролю адыгрывала гучанне прозвішчаў і імёнаў. Прысутнасць у прозвішчы суфіксаў –скі або –цкі магло значна ўскладніць жыццё чалавека* .
Па меры знаёмства з працай абачлівасць і асцярожнасць аўтарскіх ацэнак успрымаецца як празмерная. Ствараецца ўражанне, што той самы “другі план”, пра які ўжо ішла гаворка (ацэнка палітыкі царызма ў нацыянальнай і канфесійнай галінах) пачынае перашкаджаць аўтару зрабіць высновы, якія выцякаюць непасрэдна з тэксту. Факты выразна сведчаць пра імкненне расійскіх уладаў вырашыць польскае пытанне шляхам асіміляцыі. Дзеянні больш-менш цывілізаванымі сродкамі не маглі даць пажаданага выніку па прычыне адсутнасці неабходнага культурнага патэнцыялу. Паўстанні 1830-1831 гг., 1863-1864 гг. (дакладней, іх разгром) дазволілі ўраду перайсці да адкрытага палітычнага тэрору і паліцыйнага гвалту. Аднак, і гэтыя сродкі прынеслі толькі частковы эффект. Дарэчы, аўтару варта было б адзначыць, што пэўнымі рубяжамі асіміляцыйнай палітыкі былі названыя паўстанні а таксама рэвалюцыя 1905-1907 гг.
Пасля разгрому паўстання 1863 г. распачалася палітыка ліквідацыі польскасці як грамадскага, культурнага, рэлігійнага і эканамічнага фактара жыцця Расійскай імперыі. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. прымусіла царызм ступіць на шлях пэўнай лібералізацыі. Аднак стратэгічны курс у дачыненні да палякаў застаўся нязменным. Толькі што прыходзілася ўжо дзейнічаць у новых умовах, бо Расія ступіла на шлях фармавання грамадзянскай супольнасці.
Па меркаванню аўтара, урадавая палітыка ў галіне расійска-польскіх адносінаў напоўнена парадоксамі: “Лакалізацыя ў своеасаблівай “рысе аседласці” або размеркаванне палякаў па ўсёй Расіі. Прымусовае паступленне на дзяржаўную службу або жорсткае абмежаванне паступлення на яе. Ліквідацыя нябачнай, але ўсё яшчэ небяспечнай, мяжы 1772 г. і мерапрыемствы супраць яе перамяшчэння ў выніку “польскай экспансіі”. Распрацоўка дэталёвага антыпольскага заканадаўства і адсутнасць умення дамагчыся яго мэтанакіраванага выкарыстання… Падтрымка рускай каланізацыі і боязь палітычнай нелаяльнасці перасяленцаў і іх недастатковай адпорнасці асіміляцыі з польскага боку”… (с. 218-219). Фактычна, усе гэтыя “парадоксы” можна ацаніць як вынік урадавай імпатэнцыі ў справе асіміляцыі палякаў.
На самой справе, тое, што аўтар лічыць неадпаведнасцю практыкі стратэгічным мэтам палітыкі (с. 212), дыктавалася немагчымасцю вырашыць пастаўленую задачу. Факты, прыведзеныя маскоўскім гісторыкам, сведчаць толькі пра гэта. Але аўтар зноў і зноў падкрэслівае неадназначнасць матываў многіх антыпольскіх рашэнняў урада. Напрыклад, карані перасяленчай палітыкі (польскую шляхту – у Расію, а рускіх сялян – у Польшчу) і працэс дэкласацыі шляхты (перавод шляхты ў катэгорыю сялян-аднадворцаў і інш.) ён звязвае не толькі з карай за паўстанне, але і з сацыяльнай дактрынай самаўладдзя, з імкненнем упарадкаваць размеркаванне падданых па саслоўям. Падставай для гэтага сцвярджэння служыць факт абмеркавання ўрадам праблемы перасялення шляхты з цэнтральных расійскіх губерняў (с. 40). Але ў гэтым выпадку перасяленне толькі абмяркоўвалася.
Звяртае на сябе ўвагу колькасць паняццяў, якія ўжывае аўтар для вызначэння нацыянальнай палітыкі: “инородческая политика самодержавия” (с. 9), “политика национальной дискриминации” (с. 63,100), “законодательство антисепаратистское по замыслу” (с. 105), “систематическая русификация” (с. 192), “имперская интеграционная политика” (с. 199), “комплексная модель колонизации” (с. 217) і інш. Магчыма, што аўтарская абачлівасць у тэрміналогіі і высновах абумоўлена пэўнымі пазанавуковымі фактарамі.
Варта прывесці і такі аўтарскі тэзіс: “Інтэграцыйны эффект, значэнне якого не трэба змяншаць або ацэньваць выключна ў паняццях нацыянальнай канфрантацыі, дасягаўся не столькі дзякуючы, колькі насуперак намаганням урада”. (c. 219). З ідэяй, што імперыя існавала насуперак дзеянням Цэнтру, рэцэнзенту ўжо прыходзілася сустракацца. Гэтае сцвярджэнне падводзіць да высновы пра існаванне нейкіх цэнтраімклівых сілаў, якія насуперак намаганням расійскіх палітыкаў (“Цэнтр”) і імкненням дзеячоў польскага руху, а пазней беларускага, літоўскага, украінскага і інш., захоўвалі цэласнасць імперыі. Фактычна ставіцца пад сумненне велікарускі характар расійскай дзяржаўнасці ў 19 - пачатку 20 ст.**
Ствараецца ўражанне, што на канцэптуальным і паняційным узроўні ў кнізе робіцца пэўная спроба рэабілітацыі нацыянальнай і канфесійнай палітыкі царызму ў адносінах да палякаў. Аднак факталагічны матэрыял не дазваляе гэта зрабіць. Факты сведчаць, што пасля разгрому паўстання 1830-1831 гг. урадавы курс быў вызначаны канчаткова – асіміляцыя палякаў і ліквідацыя польскага пытання як палітычнага, культурнага, рэлігійнага і эканамічнага фактара ўнутранага жыцця імперыі.
У Заключэнні Леанід Гарызонтаў прапануе адмовіцца ад “безумоўнага асуджэння прадстаўнікоў улады на той падставе, што яны кіраваліся нацыянальна-дзяржаўнымі інтарэсамі ў разуменні свайго часу” (с. 219). Канешне, гісторык не павінен браць на сябе функцыі суддзі. Яшчэ менш яму адпавядае роля пракурора або адваката. Але як адмежавацца ад маральнага аспекту наступстваў чалавечых і дзяржаўных дзеянняў? Застаецца фактам, што палітыка Расійскай імперыі ў нацыянальнай і канфесійнай галінах у 19 – пачатку 20 ст. змарнавала жыццёвы лёс некалькім пакаленням палякаў, затрымала развіццё польскай, украінскай, беларускай, літоўскай і інш. культураў нярускіх народаў, спрыяла абвастрэнню міжнацыянальных канфліктаў і г.д.
Нягледзячы на выказаныя заўвагі і выкліканыя тэкстам кнігі разважанні, даследаванне маскоўскага гісторыка значна ўзбагаціла паланістыку асабліва ў галіне вывучэння ўрадавай стратэгіі па польскаму пытанню і яе рэалізацыі на практыцы. Л.Гарызонтаў пераканаўча паказаў значнасць “польскага пытання” для даследавання гісторыі Расійскай імперыі. Манаграфія дазволіла ўбачыць ступень уплыву практыкі вырашэння гэтага пытання на нацыянальную, канфесійную, саслоўную, дэмаграфічную і аграрную палітыку.
Смалянчук Алесь (Гародня)
1 Bibliografia Europy Wschodniej. Tom V. Bibliografia Rosyjska. 1992-1995. Warszawa – Wilno – Mińsk – Lwów – Moskwa, 1998. Аднак трэба заўважыць, што частка тых публікацый належыць беларускім і ўкраінскім даследчыкам, якія друкаваліся ў расійскіх выданнях.
2 Досыць характэрнымі з’яўляюцца наступныя думкі: напр., Сяргей Куляшоў (Навуковы цэнтр “Русіка”): “…Начиная с 19 в. имперская политика, осуществляемая самодержавием, противоречила подлинным национальным интересам России… Конечно, у любого большого государства всегда имеются геостратегические интересы. Но, кто сказал, что таковые нельзя было реализовать через иные механизмы взаимодействия… а не идти на инкорпорацию ряда территорий, чья модель развития часто была иной. … Затраты на освоение этих территорий, содержание огромной армии истощали реформаторский потенциал власти, переводя стрелки социально-экономической политики на колею экстенсивного развития”. (Национальные интересы России и реальные приоритеты государственной политики за полтора века. Круглый стол // Отечественная история. Москва, 1996. № 6. С. 134-135). Параўнай, напр.:“Российская империя в 18 – начале 20 в. – это континентальное многонациональное государство, сумевшее обеспечить своему населению безопасность, стабильность и развитие, обладающее для этого необходимым экономическим потенциалом и военной мощью для поддержания баланса сил на мировой арене. Россия вобрала в себя беспримерное экономическое, социальное, национальное, духовное, географическое многообразие, создала особый исторический мир и стала своеобразным союзом народов, огромной естественно сложившейся общностью людей, в которой различные народы и культуры научились жить вместе”. (Национальная политика России: история и современность. Москва, 1997. С. 46).
3 Opacki Z. W kręgu Polski, Rosji i Słowiańszczyzny. Myśl i działalność społeczno-polityczna Mariana Zdziechowskiego do 1914 roku. Gdańsk, 1996.
4 Smoleń M. Aleksander Lednicki (1866-1934). Pierwsze kroki na niwie społecznej i politycznej // Zeszyty naukowe UJ. Prace historyczne. Z. 92. Warszawa-Kraków, 1990.
5 Łukawski Z. Polacy w rosyjskim ruchu rewolucyjnym. 1894-1907. Warszawa, 1989.
* Цікава, што гэты прынцып дажыў да нашых дзён. Польскі гісторык Збігнеў Лукаўскі ў даследаванні, прысвечаным удзелу палякаў у рэвалюцыйным руху, для “пошуку” палякаў ужываў два паказчыкі: польскае гучанне прозвішча і каталіцызм (1989).
** Раней гэтае сумненне выказаў амерыканскі гісторык Тэд Вікс у кнізе “Nation and State in late imperial Russia. Nationalism and Russification on the Western Frontier, 1863-1914” (Northern Illinois University Press: DeKalb, 1996).
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"