Некалькі дзесяткаў гадоў свайго незвычайнага жыцця Мікола Ермаловіч, Мікола Іванавіч, як называлі яго ў адраджэнцкіх колах, аддаў гістарычнай працы. Гістарычнай як у сэнсе аб’екта даследавання, так і па ўплыву на сучаснае беларускае грамадства.
У беларускім аддзеле Нацыянальнай бібліятэкі толькі новыя чытачы напачатку дзівіліся на нізка пахіленага над кнігамі чалавека ў акулярах-біноклях, а потым хутка прывыкалі да яго амаль штодзённай прысутнасці на сваім сталым месцы за сталом чытальнай залы.
Доўгія гады маўчання, перарываныя рэдкімі невялікімі публікацыямі, рукапіс кнігі ў хаджэнні па руках нешматлікай нацыянальнай інтэлігенцыі і, урэшце, прарыў напярэдадні вяртання Беларусcю незалежнасці. Гарбачоўская “адліга” паспрыяла выданню ў 1989 г. кнігі жыцця “Па слядах аднаго міфа” даволі вялікім накладам у 6 тыс. асобнікаў. Потым выданне другой працы “Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды” (1990 г.), перавыданне першай у 1991 г. (11 тыс. асобнікаў) па прычыне вялікага попыту, Дзяржаўная прэмія ўжо незалежнай Рэспублікі Беларусь (1992 г.), выданне наступнай кнігі: “Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд” (1994 г.). Далей зноў праца без перапынку, без паслабленняў і падрыхтоўка кнігі, якая аказалася апошняй і пабачыла свет ужо пасля трагічнай гібелі Міколы Іванавіча (Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. Мінск: “Беллітфонд, 2000 – 448 с.).
Гэтая кніга храналагічна ахоплівае ўвесь перыяд існавання ВКЛ ад 13 да канца 18 ст., але цалкам новыя ў ёй толькі два апошнія раздзелы: “Крэўскі перыяд (1385 - 1569)” і “Перыяд Рэчы Паспалітай (1569 - 1795)”. Першыя два, роўныя па аб’ёму двум астатнім, складаюцца з пералічаных вышэй кнігаў, цалкам ці часткова уключаных у новую працу. Першы раздзел “Новагародскі перыяд (1246 - 1316)” уяўляе сабой тэкст кнігі “Па слядах аднаго міфа” (перанесены цалкам з нязначнымі зменамі і ўстаўкамі) і апошнія два параграфы з кнігі “Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды”, менавіта, “Час Трайдзеня”, “Заняпад Новагародка і новае ўзвышэнне Полацка”. Другі раздзел новай працы “Віленскі перыяд (1316 - 1385)” складзены з кнігі “Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд”.
Новыя раздзелы гэтай кнігі стылёва дапасаваныя да ранейшых і праца атрымалася структурна цэласнай, вытрыманай у адзіным асаблівым аўтарскім стылі. Можна адзначыць адну кампазіцыйную, менавіта, храналагічную нераўнамернасць. Аднолькавыя па аб’ёму тэксты прысвечаны моцна адрозным па велічыні перыядам - першыя два разделы (агулам 209 с.) апавядаюць пра адрэзак часу ў 140 гадоў, астатнія два (216 с.) характарызуюць перыяд працягласцю ў чатыры стагоддзі.
У тэксце кнігі сустракаюцца фактычныя недакладнасці, стылёвыя пагрэшнасці, якія часткова можна вытлумачыць незавершанасцю ягонай апрацоўкі аўтарам. Выдаўцы занадта беражліва аднесліся да тэкста, пастараўшыся перадаць яго як мага дакладней і тым самым месцамі зашкодзілі якасці выдання. Так, Прусія не была “ў канцы 12 ст. канчаткова заваяваная немцамі...”, бо гэта адбылося на стагоддзе пазней (с. 63; на с. 430 сказана яшчэ больш недакладна: “Балцкае насельніцтва прусаў было асімілявана крыжакамі ў 11 – 12 стст.”). На с. 130-131 недакладна інтэрпрэтуецца інфармацыя з артыкула Ул. і Ал. Галубовічаў пра заснаванне Вільні. Гэтыя даследчыкі не пісалі пра знішчэнне крывічамі балцкага паселішча, а прыйшлі да высновы, што крывічы заснавалі сваё паселішча на месцы балцкага, існаваўшага тут раней, магчыма, на некалькі стагоддзяў1 .
Войшалк заваёўваў Літву не ў 1268 г. (с. 140), а ў 1265 г. Нельга называць лівонцамі толькі рыцараў лівонскай філіі Тэўтонскага ордэна (с. 159-161), бо насельнікаў Лівоніі было значна больш. Даўно вядома, што на Грунвальдскім полі войска ВКЛ не ўцякала ад крыжакоў (с. 251), а выканала манеўр “уяўнае адступленне”. Пётр І не стаў расейскім імператарам у 1700 ці 1701 г., як гэта сцвярджаецца на с. 403, імператарскі тытул цар прыняў у 1721 г., пасля перамогі ў Паўночнай вайне.
Пасля аналізу аўтарскіх зменаў і ўставак у тэксты першых раздзелаў становіцца зразумелым, што за дзесяцігоддзе, мінулае пасля выдання першай кнігі, Мікола Іванавіч ні на ёту не змяніў сваіх ранейшых поглядаў на генезу ВКЛ, ні на крок не адступіў у акрэсленні межаў старажытнай Літвы. Без зменаў паўтараюцца ранейшыя тэзы пра Літву як балцкі востраў сярод беларускіх земляў; пра літоўскага князя-ізгоя Міндоўга, які, атрымаўшы ад Наваградка грошы і войска, заваяваў для гэтага горада-дзяржавы сваю радзіму Літву; пра паходжанне Міндоўга з роду полацкіх князёў і г.д.
У адказ на крытыку ягонай лакалізацыі Літвы, аўтар толькі паўтарыў ранейшыя аргументы і адверг усе крытычныя заўвагі (гл. с. 27, 32-33). Таму ў яго па-ранейшаму засталося невытлумачаным, адкуль узялася тая моц і якім чынам такі выразны след у гісторыі некалькіх народаў мог быць пакінуты адносна невялікай забалочанай тэрыторыяй, на якой да таго ж не было ніводнага горада2 .
У адной з дыскусыйных уставак, прысвечаных гэтай праблеме, адбылося пагаршэнне ранейшага тэксту, менавіта, інтэрпрэтацыі летапіснага паведамлення пра паход галіцка-валынскага войска супраць Міндоўга ў 1251/52 г. (а не 1253 г. - А.К.). У першым варыянце (з кнігі “Па слядах аднаго міфа”, Мінск, 1991. С. 22) цытуецца летапісны тэкст: “И послаша сторожу Литва на озеро Зьяте и гнаше через болото до реки Щарье” і ўдакладняецца, што “старожа” звычайна высылалася для аховы межаў краіны. Новая пашыраная інтэрпрэтацыя сцвярджае, што не валыняне пагналіся за ліцвінамі (“старожа” імчала на Панямонне, каб папярэдзіць яго жыхароў пра надыход ворага), а наадварот, ліцвінскі вартавы пагранічны атрад - “старожа”... гнаў галіцка-валынскае войска (узмоцненае яшчэ атрадамі полаўцаў і пінчукоў) у сваю зямлю да ракі Шчары, дзе чакала галоўнае літоўскае войска3 (с. 27). Не слабая ж была варта! Але ж не, як сцвярджаецца далей, галіцка-валынскія войскі, перамогшы Літву, назаўтра паланілі ўсю Наваградскую зямлю (с. 27-28). Такая інтэрпрэтацыя супярэчыць не толькі здароваму сэнсу, але не згаджаецца з далейшымі сведчаннямі крыніцы. Летапісец паведамляе, што не дагнаўшы старожу, галіцка-валынскія воіны не хацелі ісці далей, бо быў страчаны фактар нечаканасці: “весть уже есть на нас”4 .
На с. 68 ёсць і добрая фактычная папраўка старога тэксту, менавіта, удакладняецца памылковая дата з летапісу (замест недакладнага 1252 г. – 1248 г.). Па ўсёй верагоднасці, Мікола Іванавіч прыняў да ведама інфармацыю аўтара гэтых радкоў пра выпраўленні датаў Галіцка-Валынскага летапісу, зробленыя Міхайлам Грушэўскім яшчэ ў пачатку стагоддзя5 . Аднак выпраўленні Грушэўскага тычацца літаральна ўсіх датаў, пададзеных у названым летапісе, а ў тэксце рэцэнзуемай кнігі папраўленая толькі гэтая адна. Магчыма, Мікола Іванавіч проста не паспеў выправіць іншыя, але да чаго ж тады былі рэдактары і рэцэнзенты-прафесары? Як можна было дапусціць змяшчэнне на с. 416 пад выглядам выявы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага партрэту зусім іншай асобы? Чаму на с. 397 апавядаецца пра вайну Рэчы Паспалітай з Турцыяй, а заключаная мірная дамова аказваецца замірэннем з Масквой? Чаму не выправіць такую фразу: “Магчыма, што Андрэй ужо тады прыняў мірскі чын і ў выніку гэтага атрымаў імя Ануфрый”? (с. 243). Чаму ў адным месцы напісана, што ў Гедыміна было тры дачкі, а ў другім - пяць (с. 156 і 164) і г.д.
Адной з важнейшых прыкметаў прафесійнага навуковага тэксту ёсць адсутнасць супярэчнасцяў у высновах ягонага аўтара. Такая прыкмета далёка не заўжды прысутнічае ў рэцэнзуемым тэксце. Напрыклад, шмат сілаў і імпэту патрачана аўтарам на доказ размяшчэння летапіснай Літвы 12-13 стст. між Наваградкам, Менскам і Слонімам (с. 25-42) , а ў іншым месцы кнігі (с. 134) той жа аўтар залічвае да Літвы 12 ст. Вільню, размешчаную ў добрых паўтары сотні кіламетраў далей на поўнач.
Наконт віленскага перыяду гісторыі ВКЛ (1316 - 1385 гг.) у адным месцы сцвярджаецца, што пры Гедыміне дзяржава апынулася ў трохкутніку варожых сілаў, і гэта стала прычынай далейшага заняпаду, а на с. 210 - нешта іншае: “Як бачна з разгледжанага, віленскі перыяд быў асабліва спрыяльны і плённы ў нашай гісторыі”.
Першыя два раздзелы атрымалі свае назвы ад тагачасных сталічных гарадоў. Трэці, выдзелены аўтарам перыяд, называецца “Крэўскім”. Тлумачэнне такой назве прыводзіцца дзіўнаватае: “Аднак у нашай гісторыі склаліся такія абставіны, калі ў яе далейшым развіцці сталі мець рашаючае значэнне не паасобныя гарады і іх землі, як было раней, а асабліва важныя падзеі” (с. 219). Сэнс гэтага выразу (па ўсёй бачнасці, канцэптуальнага) для мяне так і застаўся незразумелым. Не змог зразумець таксама высновы, якая датычыць агульнай характарыстыкі дзяржавы: “Менавіта галоўнай асаблівасцю ВКЛ і з’яўляецца перавага ў ім знешніх абставін над унутранымі, што і зразумела” (с. 303).
Па ўсяму тэксту трапляюцца абагульняючыя меркаванні і высновы, якія ўражваюць сваёй арыгінальнасцю і багаццем уяўлення іх аўтара. Напрыклад, на стар. 135-136 абгрунтоўваецца паходжанне вялікіх князёў літоўскіх ад полацкай княскай лініі, менавіта ад Давіла і Маўкольда Расціславічаў. Нетрадыцыйнасць і нетыповасць для полацкай дынастыі іх імёнаў “трохі здзіўляюць” аўтара, але толькі трохі, бо адразу знаходзіцца тлумачэнне: “Аднак не выключана, што сапраўдныя іх імёны былі зменены з мэтаю скрыць іх полацкае паходжанне”. Далей сцвярджаецца: “Такім чынам, Міндоўг і Войшалк таксама паходзілі ад полацкай дынастыі”, але ўжо не тлумачыцца, чаму і ад каго хавалі свае сапраўдныя полацкія імёны гэтыя вялікія князі, гэтаксама як, напрыклад, Віцень, Трайдзень, Гедымін.
На с. 150-151 даводзіцца, што Гедымін быў праваслаўным хрысціянінам, а праз дзве старонкі цытуецца ягонае выказванне: “Няхай хрысціяне шануюць бога свайго па-свойму, рускія - па-свойму, палякі - па-свойму, а мы шануем бога па нашаму звычаю” (с. 153). Аказваецца, што праваслаўны Гедымін ў “тактычных мэтах” перад язычнікамі называў сябе іхнім адзінаверцам (с. 172), і хоць летапіс апісвае пахаванне вялікага князя па язычніцкаму абраду (спаленне на высокай гары), апісанне гэтае “найверагодней, ... трэба лічыць адным са шматлікіх домыслаў М.Стрыйкоўскага” (с. 163). Гэтаксама і сын Гедыміна Кейстут, напэўна, генетычна пераняўшы ад бацькі рысы ягонага характару: ”Найверагодней, ... вымушаны быў выступаць у двух абліччах: перад праваслаўнымі – як праваслаўны, перад язычнікамі – як язычнік” (с. 209). Цікава, а як ён выкручваўся падчас сумеснага збору хрысціянаў і язычнікаў, што мела месца, напрыклад, у ваенным паходзе?
Удзел Кейстута і Вітаўта ва ўсходніх паходах Альгерда, аказваецца: “... паказвае, наколькі дамінавалі ў дзяржаве яе беларускія інтарэсы, калі дзеля іх адцягваліся сілы з захаду, дзе была найбольшая знешняя пагроза” (с. 187). Узнікае пытанне, ці паходы на захад (у якіх, дарэчы, удзельнічаў Альгерд) ужо былі не ў беларускіх інтарэсах і Гародня, размешчаная на заходняй мяжы, то ўжо не Беларусь?
Падобных нечаканых высноваў, якія сведчаць пра багацце аўтарскай фантазіі, у кнізе шмат. Напрыклад, што Крэўская унія была “найперш на карысць Маскве” (с. 254 і 275). Ці на с. 259, даводзіцца, што праваслаўны Свідрыгайла хоць перайшоў у каталіцтва, “аднак, па-ранейшаму быў адданы сваёй народнасці і веры”. Або яшчэ: “З заключэннем Люблінскай уніі ў 1569 г. закончыўся ў нашай гісторыі перыяд уній...” (с. 331). Здаецца, наадварот, толькі пачаўся перыяд рэальнай уніі.
Нечакана тлумачацца абставіны заняцця вялікакняскага пасаду сынам Гедыміна Яўнутам. Аказваецца, Яўнут стаў вялікім князем выпадкова, бо быў малы і жыў пры бацьку. Калі той нечакана загінуў, не змогшы прызначыць свайго пераемніка, “... ім з прычыны такой выпадковасці стаў Яўнут” (с. 166). Гэта хіба самае арыгінальнае з усіх вядомых тлумачэнне спосабу пераемнасці становішча гаспадара адной з буйнейшых еўрапейскіх дзяржаваў.
Даследчыкам гісторыі Пскова, напэўна, будзе цікава даведацца, што ў гэтым горадзе “... князь – незалежна ад таго быў хрышчоным ці не – узыходзячы на пасад, павінен быў усенародна хрысціцца” (с. 170).
Выклікае пярэчанне выразна негатыўная ацэнка ролі палякаў у нашай гісторыі, што часам выглядае як палонафобія. На с. 324 сцвярджаецца, што пасля Люблінскай вуніі “польскія ўлады ... галоўны ўдар скіравалі супроць усяго беларускага”, “пануючыя вярхі” Польшчы праводзілі палітыку “...прыніжэння нашага народа, ахайвання яго культуры ...” (с. 360). Каталіцызм у ВКЛ – гэта польская экспансія (стар. 351, 354-355, 399-400). Напэўна, саюз з Польшчай прынёс Беларусі не толькі страты, але і немалыя выгоды. Сам аўтар у іншым месцы выказаўся пра Люблінскую вунію як меньшае зло ў параўнанні з аб’яднаннем з Масквой (с. 335).
Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што побач з вышэй названымі, мягка кажучы, спрэчнымі высновамі сустракаюцца і такія, з якімі нельга не пагадзіцца, напрыклад, пра мірнае суіснаванне хрысціянства і язычніцтва, пра уніяцкую веру як нацыянальную рэлігію беларусаў і інш.
Калі казаць пра цэласнае ўражанне ад кнігі, то яно аказалася падобным да рэакцыі маіх равеснікаў – гісторыкаў у веку каля сарака гадоў. Яе надзвычай складана рэцэнзаваць. Амаль на кожную старонку трэба пісаць столькі ці нават болей тэксту – выпраўленняў, удакладненняў, дапаўненняў. Пры гэтым даводзіцца прызнаць, што кніга не ўкладаецца ў рэчышча традыцыйнай навукі па той простай прычыне, што яна там не прысутнічае.
Адметнасцю кнігі з’яўляецца харызма яе аўтара, сіла пераканання ў сваёй рацыі, якой прасякнутая кожная старонка і якой дыхае амаль кожны радок. Можна сабе ўявіць, як гэта дзейнічае на чытача, свядомасць якога не абцяжарана грузам прачытанай спецыяльнай літаратуры па гісторыі беларуска-літоўскага гаспадарства. А літаратуры такой так мала ў Беларусі і, адпаведна, так шмат не абцяжараных ёй галоваў! Ужо ўбачыўшы на вокладцы прозвішча Міколы Іванавіча, чытач ведае, што кніга будзе не проста беларускапатрыятычнай, а беларусацэнтрысцкай. Асаблівы чытач Міколы Іванавіча лёгка даруе яму тыя недакладнасці і супярэчнасці, якія заўважаны ў гэтай рэцэнзіі.
Даведачны апарат, пададзены ў выглядзе спасылак на іншыя працы, мне здаецца не толькі лішнім, а нават шкодным для гэтай кнігі, бо з прычыны ягонай надзвычайнай беднасці становіцца зразумелым, што аўтар проста не ў курсе навуковай гістарыяграфіі ВКЛ.
Прафесійнаму гісторыку не прыйдзе нават у галаву думка пра магчымасць напісання гісторыі ВКЛ без вывучэння ў першую чаргу спецыяльнай польскай гістарыяграфіі. Можна не прымаць тамтэйшыя ацэнкі гістарычных падзеяў і фактаў, але ігнараваць польскую гістарыяграфію зусім – гэта ўжо не навука. Немагчыма стварыць тэкст пра ВКЛ хоць трохі падобны да навуковага, не ведаючы працаў, напрыклад, Юліуша Ляткоўскага, Аскара Халецкага, Станіслава Кутжэбы, Генрыка Пашкевіча, Генрыка Лаўмяньскага, Станіслава Заянчкоўскага, Людвіка Калянкоўскага, Юліуша Бардаха, Станіслава Александровіча, Гжэгажа Блашчыка, Кшыштафа Пяткевіча і многіх іншых. Нельга пісаць навуковыя працы па гісторыі ВКЛ, ігнаруючы таксама летувіскую і нямецкую гістарыяграфію. А ў нашай кнізе для стварэння апошняга раздзелу (пра Рэч Паспалітую), мяркуючы па спасылках, не спатрэбілася ніводная праца, напісаная лацінскім алфавітам.
Гэтаксама цяжка абыйсціся і без навейшай расейскай і беларускай гістарыяграфіі. Напрыклад, аналізуючы паняцце “гістарычная Літва” (напомню, што гэты аналіз – важнейшая частка канцэпцыі Міколы Іванавіча), нельга абмінуць спецыяльных артыкулаў Міхала Спірыдонава, якіх, у адрозненне ад прац польскіх аўтараў, не трэба шукаць за мяжой. Спасылак на гэтыя артыкулы няма ў даведачным апараце рэцэнзуемай кнігі.
Усе выказаныя заўвагі не азначаюць поўнага адмаўлення ці непрыймання рэцэнзуемай кнігі. Галоўнай мэтай рэцэнзіі было акрэсленне сапраўднага жанру апошняй працы беларускага Карамзіна. Лічу, што яна мае права на існаванне гэтаксама, як і іншыя падобныя творы. Хоць бы з той прычыны, што кнігі Міколы Ермаловіча знаходзяць свайго чытача. Напэўна, гэта сведчыць пра запатрабаванне на літаратуру такога кшталту ў Беларусі, прынамсі ў пэўны перыяд і на пэўным этапе фармавання нацыянальнай сістэмы гістарычнай асветы.
1 Голубович В., Голубович Е. Кривой город - Вильно // Краткие сообщения Института истории материальной культуры АН СССР, Москва-Ленинград, 1945. Вып. ХІ. С. 124.
2 Крытыка лакалізацыі старажытнай Літвы Ермаловічам і ягонай канцэпцыі генезы ВКЛ змешчана ў маіх спецыяльных працах, таму не буду тут паўтарацца. Гл.: Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Мн., 1998; ён жа. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы // Віaloruskie Zeszyty Historyczne. Białystok, 1997. ? 8. S. 5-30.
3 Тое, што гэтая інтэрпрэтацыя не вынік нейкай памылкі ці непаразумення сведчыць яе паўтор на стар. 73.
4 Полное собрание русских летописей. Санкт-Петербург, 1843. Т. 2. С. 188.
5 Грушевський М. Хронольогія подїй Галіцько-Волинської лїтописи // Записки Наукового Товариства імени Шевченка. Львів, 1901. Т. 41. С. 1-72.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"