Dorota Michaluk. Z dziejów Narwi i okolic. W 480 rocznicę nadania prawa chełmińskiego. Białystok – Narew, 1996.
Dorota Michaluk. Mielnik Stolica Ziemi mielnickiej na Podlasiu (do konca XVIII wieku). Mielnik, 1999.
Манаграфічныя даследаванні гісторыка з Торуня Дароты Міхалюк уяўляюць вялікую цікавасць для беларускіх даследчыкаў і аматараў гісторыі, паколькі яны прысвечаныя вывучэнню беларуска-польскага этнічнага памежжа. Мельнік і Нарэў з’яўляюцца на сённяшні дзень адміністрацыйнымі цэнтрамі гмінаў Беласточчыны, якія непасрэдна мяжуюць з Беларуссю, а больш за палову іх насельніцтва складаюць беларусы. Гістарычнае вывучэнне невялікіх гарадоў і мястэчак з іх ваколіцамі стала ў апошнія гады адным з папулярнейшых кірункаў еўрапейскай гістарыяграфіі, у тым ліку польскай. Такія даследаванні дазваляюць па-іншаму, як бы пад павелічальным шклом, разгледзець глабальныя гістарычныя працэсы, іх развіццё на мікраўзроўні, лепш убачыць і зразумець штодзённае жыццё людзей. Варта адзначыць, што ў беларускай гістарыяграфіі гэтая дзядзіна гістарычных ведаў з’яўляецца значна меней распрацаванай, асабліва ў дачыненні да гісторыі невялікіх населеных пунктаў на працягу значнага храналагічнага перыяду. Тым больш карысным і цікавым уяўляецца знаёмства з падобным даследаваннем, зробленым на вельмі блізкім для нас гістарычным матэрыяле.
Кнігі Дароты Міхалюк з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі гістарычнага мікрадаследавання. У рабоце, прысвечанай Нарэву, аўтарка пачынае разгляд яго гісторыі з асадніцтва ваколіц мястэчка ў 12 – 14 стст. Другі раздзел прысвечаны аналізу прасторавага і гаспадарчага развіцця Нарэва ў 15 – 16 стст. Гэты перыяд Дарота Міхалюк называе “залатым векам Нарэва”. У трэцім раздзеле разглядаецца гісторыя мястэчка ў 17 – 18 стст. Асобныя раздзелы прысвечаныя мясцовым царкве і касцёлу, а таксама могілкам. У дадатках змешчаны важнейшыя дакументы з гісторыі самакіравання, спіс старастаў, геаграфічна-гістарычны слоўнік, а таксама карта мясцовасці і фотаздымкі помнікаў культуры.
У даследаванні Мельніка першы раздзел прысвечаны гісторыі Пабужжа да Люблінскай вуніі 1569 г. У другім раздзеле разглядаецца ўзнікненне і развіццё Мельніка ў 15 – другой палове 17 ст. Трэцяя частка ахоплівае перыяд ад паловы 17 ст. да канца 18 ст. Асобныя раздзелы прысвечаны кшталтаванню межаў Мельніка і развіццю асадніцтва ў яго ваколіцах. Як і ў першай рабоце, на вельмі добрым узроўні выканана тэхнічнае і мастацкае афaрмленне кнігі.
Такім чынам, у работах Дароты Міхалюк прадметам даследавання з’яўляецца гісторыя Мельніка і Нарэва і іх ваколіц ад старажытнасці і, фактычна, да канца 18 ст., хаця, разглядаючы храмы Нарэва, аўтарка асвятляе таксама падзеі 19 ст. Д.Міхалюк адзначае, што бліжэйшая гісторыя (маецца на ўвазе 19 – 20 стст. – С.Т.) павінна стаць прадметам асобнага даследавання. Варта заўважыць, што большасць архіўных матэрыялаў па гісторыі Беласточчыны 19 – пач. 20 ст. захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гaродні, матэрыялы якога аўтарка па зразумелых прычынах здолела выкарыстаць толькі часткова.
Асобныя раздзелы ў абедзвюх кнігах прысвечаны старажытнай гісторыі Падляшша (10 – 14 стст.). Менавіта яны выклікаюць найбольш пытанняў з пункту гледжання беларускага гісторыка. Складаныя працэсы каланізацыі Пабужжа ў гэты перыяд Дарота Міхалюк акрэслівае наступным чынам: “Jak wskazują zabytki archeologiczne Rusini i Mazowszanie od X w. osiedlali się obok siebie” (Z dziejów Narwi i okolic. S. 9). Хацелася б адзначыць, што ўжыванне тэрміну “русіны” адносна ўсходнеславянскага насельніцтва Пабужжа 10 ст. з’яўляецца, на нашу думку, не зусім правільным. Можна гаварыць пра бужан, валынян, дрыгавічоў, а “русь” на той час азначала хутчэй славянізаваных нашчадкаў скандынаўскіх вікінгаў, вайсковую эліту велізарнай, але слаба кансалідаванай імперыі Рурыкавічаў. Толькі ў наступныя стагоддзі гэты этнонім паступова пашыраецца на ўсё насельніцтва старажытнарускіх княстваў.
Даволі фрагментарна Дарота Міхалюк узгадвае археалагічныя даследаванні. Вядучы гаворку пра старажытныя гарадзішчы каля Нарэва, аўтарка нават не ўздымае пытання пра этнічную прыналежнасць іх насельніцтва. Пахаванні таго часу з абкладзенымі каменямі магіламі Д.Міхалюк адназначна адносіць да мазавецкіх. Аднак шэраг вядомых беларускіх і расійскіх даследчыкаў, у прыватнасці Валянцін Сядоў, лічылі, што падобныя пахаванні належалі яцвягам. Балцкае пытанне ўвогуле не ўзгадваецца аўтаркай у дачыненні дапісьменнай гісторыі Пабужжа.
Для многіх беларускіх чытачоў даволі нечаканым будзе сцвярджэнне, што Пабужжа, у тым ліку і горад Берасце, належалі напачатку да польскай дзяржавы, а толькі потым былі далучаныz да супольнасці старажытнарускіх княстваў. Пры гэтым Д.Міхалюк спасылаецца на гіпотэзу Януша Беняка і падзяляючых яго погляды на гэты конт Ежы Вісьнеўскага і Станіслава Александровіча, але не прыводзіць у сваіх кнігах ніводнай спасылкі на летапісы ці хронікі, якія б пацвердзілі гэтую версію.
Вельмі грунтоўна разгледжана Даротай Міхалюк гісторыя Нарэва і Мельніка ў 16 – 18 стст. Даследчыца падрабязна асвятліла гаспадарчае развіццё гэтых мікрарэгіёнаў, працэсы асадніцтва, фармавання населеных пунктаў. Разгляд культурнага жыцця абмяжоўваецца гісторыяй цэркваў і касцёлаў. Пры гэтым Д.Міхалюк абмінае складаную праблему міжрэлігійных стасункаў. Літаральна некалькі сказаў прысвечана Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г., між тым, як рэлігійныя супярэчнасці і канфлікты з’яўляліся важнымі асаблівасцямі сацыяльна-палітычнага і культурнага жыцця беларускіх гарадоў і мястэчак у перыяд канца 16 – 17 ст., у тым ліку і абшару беларуска-польскага памежжа, да якога належала Падляшша. Магчыма, што адносна Мельніка і Нарэва па гэтай праблеме не захавалася архіўных крыніцаў, але аўтарка пра гэта не гаворыць.
Не зусім зразумела чытачу, на якой мове вялося справаводства самаўрадавых установаў Мельніка і Нарэва, хаця Д.Міхалюк прысвячае пытанням самакіравання шмат увагі. Беларускага даследчыка тут, натуральна, найперш цікавіць праблема “рускай” ці “старабеларускай” мовы, асабліва працэс яе пaступовага выцяснення пальшчызнай.
Увогуле, складваецца уражанне, што аўтарка свядома не акцэнтуе ўвагі на міжэтнічных і міжканфесійных праблемах, проста канстатуючы факт полікультурнасці даследуемых мікрарэгіёнаў. Гэта, на нашу думку, часам прыводзіць да дамінацыі апісальнага метаду і пэўнага збяднення выкарыстанага матэрыялу.
Варта адзначыць, што дадзеныя работы прызначаны не толькі і не столькі для спецыялістаў гісторыкаў, але і для шырокага кола звычайных аматараў гісторыі, асабліва ўраджэнцаў разгледжаных у кнігах мясцін, а таксама маюць вялікае ўжытковае значэнне ў школах, як дапаможнікі па вывучэнні гісторыі роднага краю.
На заканчэнне хацелася б яшчэ раз падкрэсліць вялікую навуковую вартасць рэцэнзуемых кніг і выказаць надзею, што прыклад Д.Міхалюк натхніць даследчыкаў з Беларусі на напісанне навуковых работ, прысвечаных гісторыі невялікіх гарадоў, мястэчак і вёсак.
Сяргей Токць (Гародня)
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"