БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 4 / 2001

АГУЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ГІСТАРЫЧНАЙ НАВУКІ Ў БЕЛАРУСІ

Праблемы гістарычнай навукі на Беларусі

Аляксандар Краўцэвіч
(Гародня)

Не чакайце ад мяне пераліку тэмаў, манаграфій, артыкулаў, выпрадукаваных гісторыкамі на Беларусі, гэтаксама як пераліку асабовых даных гісторыкаў і ўстановаў, у якіх тыя асобы працуюць. Гэта ўсё дэталёва і падрабязна апісана нашымі гісторыкамі гістарычнай навукі. Гаворка пой-дзе пра іншыя важнейшыя праблемы, аб якіх нашыя прафесыйныя гістарыёграфы чамусьці маўчаць.

У наш пераходны і няпросты ва ўсіх адносінах час гістарычная навука ў асобах яе працаўнікоў і творцаў – прафесыйных гісторыкаў не можа абыйсціся без аналізу свайго актуальнага стану і вызначэння кірунку далейшага руху. Аналіз, а ў нашым выпадку можна казаць пра дыягназ, становішча беларускай гістарычнай навукі не можа абмежавацца толькі яе ўнутранымі праблемамі (як выдавецкая дзейнасць, выбар тэматыкі, падрыхтоўка кадраў ды інш.).

Сённяшняя сітуацыя патрабуе, каб мы дакладна і цвяроза, без ружовых акуляраў і ілюзіяў ацанілі становішча і вартасць гістарычнай навукі ў грамадскім жыцці Беларусі. Мы павінны гэта зрабіць, калі хочам каб гісторыя засталася навукай на службе краіны і яе народу, а не ідэалагічнай прастытуткай, якая з гатоўнасцю абслугоўвае кожны новы рэжым; калі хочам падняць сацыяльны статус гісторыка-навукоўца і выкладчыка, каб нас паважалі, з намі лічыліся, каб не ацэньвалі нашую працу на ўзроўні сённяшніх жабрацкіх заробкаў; і, нарэшце, каб умацаваць грамадскі статус гістарычнай навукі як важнейшага чынніка фармавання грамадскай свядомасці і дзяржаўнай ідэалогіі.

Сёння беларуская гістарычная навука знаходзіцца ў надзвычай цяжкім, крытычным становішчы і фактычна не здольная эфектыўна выконваць ніводную з дзвюх сваіх асноўных грамадскіх функцый: пазнавання мінулага і гістарычнай асветы грамадства. Гэтая выснова можа падацца занадта крытычнай і песымістычнай, бо знешне сітуацыя выглядае нават добра, асабліва ў дачыненні кадраў, ад якіх, як вядома, залежыць усё. З іх і пачну.

У краіне актыўна функцыянуе сістэма падрыхтоўкі кадраў. Універсітэты штогод выпускаюць сотні асобаў з дыпломамі гісторыкаў і магістраў гісторыі, павялічваецца колькасць аспірантаў і дактарантаў, рэгулярна абараняюцца кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. На сённяшні дзень Беларусь мае каля дзвюх тысячаў кандыдатаў і дактароў гістарычных навук. Гэта неблагі паказчык для краіны з дзесяцімільённым насельніцтвам.

Аднак каля 90% з гэтых дзвюх тысячаў прафесіяналаў абаранілі дысертацыі па гісторыі КПСС і савецкага перыяду, што аўтаматычна перакваліфікавала іх працы з навуковых у прапагандысцкія. Мы ведаем, што такая анамальная дыспрапорцыя ўтварылася штучна пад уздзеяннем таталітарнай камуністычнай дзяржавы. Гэтая дзяржава пакінула нам у спадчыну вялікую колькасць гісторыкаў-прапагандыстаў, якія яе абслугоўвалі. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ўсе яны атрымалі магчымасць павярнуцца да навуковай дзейнасці. Трэба адзначыць, што многія гэты шанс выкарысталі. Толькі адзінкі, галоўным чынам людзі старэйшага веку, захавалі вернасць савецкай ідэалогіі. Да гонару нашых калегаў- даследчыкаў найноўшай гісторыі трэба адзначыць, што многія з іх не адмовіліся ад удзелу ў стварэнні нацыянальнай гістарыяграфіі пасля перавароту 1995-96 гг., калі ў краіне пачалося вяртанне да камуністычнай дзяржаўна-палітычнай сістэмы.

З гэтай спробай рэанімацыі, а, па сутнасці, імітацыі, савецкай мадэлі грамадства напрамую звязаны ціск уладаў на гісторыкаў з мэтай прымусіць іх да ідэалагічнай абслугі сённяшняга антыбеларускага па сваёй сутнасці рэжыму. У такой сітуацыі несумненнай павагі заслугоўвае пазіцыя калектыву нашай вядучай навуковай установы Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. Ціхая, але па-беларуску ўпартая апазіцыя, маўклівае нежаданне прыслужваць, удзел у стварэнні нацыянальнай гістарыяграфіі выклікаюць моцнае раздражненне ўладаў, што выразна праявілася, напрыклад, падчас святкавання 70-годдзя Інстытуту ў 1999 г., у змене кіраўніцтва і г.д. Падобныя дзеянні ўладаў і асабіста прэзідэнта Лукашэнкі (які, як вядома, мае дыплом гісторыка) выглядаюць не толькі непрыстойна, але і проста нахабна. Можна толькі парадавацца, што на акадэмічных даследчыкаў, якія здолелі захаваць свой твар, раўняюцца іншыя гісторыкі па ўсёй краіне.

Ненармальная дыспрапорцыя, калі храналагічна нязначным савецкім эпізодам нашай гісторыі займаецца каля 90 ці болей працэнтаў ад агульнай колькасці гісторыкаў, працягвае існаваць і сёння. Адпаведна, амаль у кожнай абагульняючай працы па гісторыі краіны ці па гісторыі канкрэтнага горада або мясцовасці прысутнічае тая самая дыспрапорцыя: каля 10% тэксту прысвечана некалькім стагоддзям дасавецкай гісторыі і каля 90% менш чым стагоддзю ад 1917 г.

Пасля 1995 г. частка гісторыкаў пайшла на службу да рэжыму, прывычна прыняўшы на шыю стары прыцёрты ідэалагічны хамут. Гэта ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, хоць пра гэта мы мала гаворым і яшчэ менш пішам. Класічны прыклад – брашурка-апалогія лукашэнкаўскай дзяржаўнай сімволікі, напісаная двума супрацоўнікамі гістфаку вядучага універсітэту краіны, альбо апошнія падручнікі, уведзеныя ў сістэму адукацыі, нягледзячы на негатыўную рэакцыю з боку навуковай грамадскасці. А вось бліжэйшы прыклад з Гарадзенскага універсітэту. Дэкан гістарычнага факультэту, г.зн. афіцыйны гісторык нумар адзін на Гарадзеншчыне, І.П.Крэнь на пачатку 90-х гадоў праявіўся як дэкляраваны гісторык-патрыёт, ствараў адпаведныя тэксты і актыўна працаваў у Камісіі па выкананню Закону аб мовах. Цяпер, пасля змены палітычнай сітуацыі ён ужо кіруе агульнаўніверсітэцкім сходам па аб’яднанню Беларусі з Расеяй і пераследуе студэнтаў, якія патрабуюць навучання па-беларуску. Трывожыць тое, што гэты атрад прыстасаванцаў здольны да размнажэння. Ізноў прымаюцца і распрацоўваюцца дысертацыі, якія на самой справе з’яўляюцца прапагандысцкімі творамі. Гісторыкі-прапагандысты працуюць у ВНУ і актыўна ўздзейнічаюць на студэнцкую моладзь. Вось ужо на дзяржэкзаменах у Гарадзенскім універсітэце можна пачуць ад выпускнікоў гістфака, што Беларусі ніколі не было, існавала толькі тэрыторыя змагання між Расеяй і Польшчай.

Пералічаныя выпадкі – гэта прыклады адкрытага прыстасаванства. Добра, што яно адкрылася, бо адразу выяўляецца, хто ёсць хто. Аднак сярод нас існуе яшчэ група гісторыкаў, якія церпяць на старую савецкую хваробу пад назвай “падвоеная свядомасць”. Гэтыя людзі быццам бы за Беларусь, за незалежніцкую гістарыяграфію, быццам бы знаходзяцца ў апазіцыі да рэжыму, прынамсі такімі прадстаўляюцца ў прыватных кантактах. Аднак, калі справа датычыць публічнага выступу, то пішуць і гавораць зусім іншае. Даволі выразна гэта праявілася ў 1999 г. падчас святкавання юбілею ўз’яднання Заходняй Беларусі. На старонках газет і часопісаў, з радыёмікрафонаў і тэлеэкранаў гісторыкі з высокімі навуковымі ступенямі і званнямі агучвалі тое, што хацелі б пачуць Замяталін і Лукашэнка. У гэтым выпадку не патрабавалася і не чакалася ад нашых калегаў публічнага геройства, дастаткова было проста прамаўчаць, ухіліцца ад выступу. Часам маўчанне бывае вельмі моцнай маральнай пазіцыяй. Якімі б тлумачэннямі ці апраўданнямі не карысталіся такія выступоўцы, несумненна адно, яны аб’ектыўна спрацавалі на паніжэнне аўтарытэту і так невысокага даверу грамадства да нас і нашай навукі.

Сёння даводзіцца канстатаваць, што ў асяроддзі беларускіх гісторыкаў абазначыўся ідэалагічны раскол, не заўсёды прыкметны знешне, але ад таго не менш глыбокі. Шматлікі атрад дыпламаваных спецыялістаў падзелены на два процілеглыя лагеры: гісторыкаў, якія працуюць у кантэксце нацыянальнай гістарыяграфіі і гісторыкаў-прапагандыстаў, якія на замову ўлады рэанімуюць каланіяльную прарасейскую гісторыю Беларусі. Дакладна адрозніць гэтыя дзве групы бывае цяжка, бо ўсе іх прадстаўнікі пазначаныя тымі самымі навуковымі ступенямі і званнямі. Ды яшчэ некаторыя, як быццам навукоўцы, часам падпрацоўваюць афіцыйнымі прапагандыстамі і наадварот, здараецца, што прапагандыст возьме ды і напіша нешта навуковае (у выпадку, калі гэта не пярэчыць бягучаму палітычнаму моманту).

Пры ўсёй бясспрэчнасці гэтага расколу ў нас часта робіцца выгляд быццам яго не існуе. Вось самы новы прыклад, артыкул двух шаноўных гістарыёграфаў прафесараў Дзмітрыя Карава і Аляксандра Нечухрына, надрукаваны ў “Весніку Гродзенскага дзяржуніверсітэту” (Гродна, 2000. Серыя 1. № 3) пад назвай “Развитие исторических исследований в Республике Беларусь: общие тенденции”. У гэтым салідным прафесарскім артыкуле, спецыяльна прысвечаным аналізу сучаснай беларускай гістарыяграфіі, справядліва адзначаецца, што: “Белорусская историография 90-х г. оказалась предельно политизированной. Реанимированы как матрица “западнорусизма”, так и версии белорусской народнической историографии начала XX века.”(с. 19). Аднак да беларускай гістарыяграфіі аўтары адносяць ўсё, што напісана і надрукавана на тэрыторыі краіны. У адзін шэраг ставяцца Міхаіл Каяловіч і Аляксандр Цвікевіч. Да беларускай гістарыяграфіі разам з працамі Георгія Штыхава, Генадзя Сагановіча ці Алеся Смаленчука аказаліся залічаныя творы расейскага вялікадзяржаўніка Валерыя Чарапіцы і гісторыка-прапагандыста без нацыянальнасці Івана Крэня. Такая фармальна-тэрытарыяльная пазіцыя, без сумневу, з’яўляецца спакойнай і зручнай. Але відавочна і тое, што яна вельмі нагадвае пазіцыю страўса, які схаваў галаву ў пясок перад пагрозай.

Згодніцтва, як характэрная рыса беларускіх гісторыкаў, папсавала рэпутацыю нашай гістарычнай навукі не толькі ў самой краіне. Нашая блытаніна выклікае, мягка кажучы, неразуменне за межамі краіны. Калега з універсітэту ў Торуні неяк наіўна запытаўся: “Чаму не ўсе вашыя гісторыкі пішуць пра гісторыю Беларусі з пункту гледжання рацыі стану беларускага народу?”.

Нарэшце мусім прыйсці да наступнай высновы: пры актыўна дзеючай сістэме падрыхтоўкі спецыялістаў-гісторыкаў у нас існуе сур’ёзная кадравая праблема. На Беларусі шмат гісторыкаў, але мала навукі гісторыі.

Кадравай праблемай абумоўлена слабасць усёй сістэмы гістарычнай асветы грамадства. Магчыма, больш правільна будзе канстатаваць адсутнасць падобнай сістэмы. Якія падставы для падобнай высновы, ці дыягназу?

Па-першае, фрагментарнасць, уласцівая прафесыйнай гістарыяграфіі Беларусі, як у адносінах да аб’екту даследавання, так і ў развіцці асобных яе галінаў. Цэлыя стагоддзі і эпохі нацыянальнай гісторыі намі практычна не даследаваныя. Напрыклад, не вывучана эпоха ВКЛ, у першую чаргу палітычная гісторыя гэтай краіны, якая адыграла рашаючую ролю ў фармаванні беларускага народу. Слаба прадстаўлена сацыяльная і рэгіянальная гісторыя (не блытаць з краязнаўствам). Шматлікі атрад даследчыкаў найноўшай гісторыі да сённяшняга дня не здолеў напісаць навуковую гісторыю Беларусі 20 ст., што стала асабліва выразна відаць пасля з’яўлення кнігі беластоцкага гісторыка Яўгена Мірановіча “Навейшая гісторыя Беларусі”.

Вельмі слаба развіваецца археаграфія і крыніцазнаўства айчыннай гісторыі. Дзе нашыя археаграфічныя перыёдыкі, дзе археаграфічны інстытут, археаграфічная камісія ці хоць бы археаграфічная група? Літоўскую Метрыку (за выключэннем аднаго тому) публікуе маленькая Летува, а не мы.

Па-другое, мы абцяжараныя праблемай суб’ектнасці гістарычнага даследавання, што асабліва заўважна пры параўнанні з суседзямі. Раскол сярод гісторыкаў прывёў да таго, што на Беларусі існуюць дзве гістарыяграфіі: нацыянальная, якая стварае суб’ектную гісторыю краіны, г.зн. бачыць беларускі народ суб’ектам уласнай гісторыі, ацэньвае мінулае з пазіцыі беларускай “рацыі стану”, і каланіяльна-расейская гістарыяграфія, якая піша гісторыю Беларусі, зыходзячы з інтарэсаў іншай краіны. У апошнія гады яна стала афіцыёзнай і значна ўмацавала свае пазіцыі. Гэтая гістарыяграфія замоўчвае і нават свядома фальсіфікуе беларускую гісто-рыю. За яе плячыма вопыт і інерцыя расейскай і яшчэ больш страшнай савецка-расейскай ідэалагічнай апрацоўкі беларусаў, у выніку якой наш народ аказаўся адлучаным ад сваёй гісторыі.

З усіх былых савецкіх рэспублік гэтая праблема засталася актуальнай хіба толькі на адной Беларусі. Напрыклад, наш геаграфічна і гістарычна самы блізкі сусед Украіна яе даўно пазбыўся. Сёння ў кіеўскіх кнігарнях ўсюды бачныя партрэты і кнігі, прысвечаныя Міхайлу Грушэўскаму, славутаму гісторыку і першаму прэзідэнту Украінскай Народнай Рэспублікі. У менскіх кнігарнях у той жа час на відных месцах выстаўляюцца працы з апалагетыкай Міхаіла Каяловіча, тэарэтыка “западнорусизма”.

Праблема суб’ектнасці праяўляецца таксама ў адсутнасці еўрапейскага кантэксту нашай гістарыяграфіі. Дзе беларускія сінтэзныя працы па гісторыі Еўропы, падручнікі па гісторыі Польшчы, Расіі, Украіны, Летувы? Напрыклад, пры ўсім жаданні нельга аднесці да беларускіх слоўнік-даведнік “Средневековый мир в терминах, именах и названиях” (Мінск: Беларусь, 1999) створаны гісторыкамі-медыявістамі з БДУ Фядосікам В.А., Смірновай А.Д., Сушкевіч Л.П. Гэтае выданне ў такім жа выглядзе магло быць зроблена дзе-небудзь у Варонежы. У ім шмат інфармацыі пра еўрапейскае сярэднявечча і шмат біяграфіяй яго расейскіх даследчыкаў. Нашай краіны там няма, як быццам яе не існавала і не існуе, як быццам яна заўсёды была расейскай губерняй.

Па-трэцяе, навідавоку парушэнне сістэмнасці гістарычнай асветы грамадства. Прычынай яе слабой дзеяздольнасці з’яўляецца названая раней фрагментарнасць акадэмічнай навукі. Сувязь паміж звёнамі сістэмы, да якіх належаць акадэмічная навука, папулярызацыйная дзейнасць, гістарычная адукацыя, вельмі слабая. Акадэмічная навука, якая пакідае некранутымі вялізныя “белыя плямы” ў нашай гісторыі, не можа служыць добрай глебай для росквіту прафесыйнай папулярызатарскай дзейнасці і не мае аўтарытэту, каб устрымаць дзейнасць непрафесыйную. Навуковая гістарыяграфія па той жа прычыне не можа служыць добрым матэрыялам для абагульняючых працаў, найперш падручнікаў. Адсюль сістэма працуе дрэнна або не працуе зусім.

Вось некалькі характэрных прыкладаў. У сталіцы на праспекце Скарыны знаходзіцца кавярня “Бульбяная”. Пры ўваходзе на сцяне вывешана керамічная пліта-карта Беларусі і побач змешчаны надпісінфармацыя пра час з’яўлення ў нас бульбы. Ён сцвярджае, што гэтая культура на Беларусі ўведзена ўказам расейскага цара Пятра І.

У 1998 г. на беларускім радыё гучала перадача пра гісторыю кавы. Дыктарка распавяла пра першыя кавярні ў Венецыі і Парыжы 16 ст., задала рытарычнае пытанне: “А ў нас?” і сама ж адказала, што, маўляў, цар Аляксей Міхайлавіч любіў “побаловаться кофейком”. У праграме беларускага тэлебачання “Добрай раніцы, Беларусь” 15 ліпеня 1999 г. вядучая апавядала пра гісторыю беларускай пошты і між іншым паведаміла, што “паштальён па зямлі Беларусі крочыць з 1647 г., бо менавіта тады была створана ямская служба”. (Для даведкі: першая рэгулярная паштовая сувязь на нашых землях пачалася амаль на стагоддзе раней і без усялякай сувязі з расейскай ямской службай). Гэта ўсё пішуць і кажуць людзі з вышэйшай адукацыяй, а што казаць пра большую частку грамадства ?!

Мы, прафесыйныя гісторыкі, не ў стане пераламіць і выдаліць з грамадскай свядомасці нават такія відавочныя і бессаромна фальшывыя стэрэатыпы. Можам толькі канстатаваць, што ўплыў каланіяльнай гістарыграфіі на масавую свядомасць беларусаў пакуль непараўнальна мацнейшы, чым гістарыяграфіі нацыянальнай. Адсюль ў значнай ступені вынікае палітычная сітуацыя ў краіне. Хто ведае, калі б, напрыклад, выкладчыкі з гістфаку Магілёўскага педінстытуту выкладалі студэнту Лукашэнку трохі праўдзівай гісторыі Беларусі, то можа зараз усёй краіне, у тым ліку, і яе гісторыкам жылося б лягчэй.

Самае небяспечнае, трывожнае і прыкрае тое, што мы не маем рэальнага аўтарытэту і ўплыву нават сярод нацыянальна свядомай часткі грамадства, нашай галоўнай сацыяльнай апоры, без узаемасувязі з якой мы не зможам існаваць. Там нашая аўдыторыя, нашыя чытачы, пакупнікі нашых кнігаў, там вырастае нашая змена. Аднак беларускія грамадзяне-патрыёты часцей давяраюць не нам, а, напрыклад, працам Міколы Іванавіча Ермаловіча, якога пры ўсёй павазе нельга залічыць да прафесыяналаў. Газета “Наша Ніва” ў апошнія месяцы мінулага году надрукавала спіс 100 лепшых беларускіх кнігаў 20 ст., сярод якіх нямала твораў на гістарычную тэматыку. Але паглядзіце, ці шмат там працаў прафесыйных гісторыкаў? Не, літаральна адзінкі. Затое прысутнічаюць кнігі Ермаловіча, Мялешкі (пра Армію Краёву), Чаропкі і т.п.

Фрагментарнасць, праблема суб’ектнасці беларускай гістарыяграфіі і, як вынік, парушэнне сістэмнасці гістарычнай асветы грамадства прыводзяць да сумнай канстатацыі - беларускай гістарычнай навукі як самастойнай з’явы не існуе. Пакуль што мы маем толькі яе фрагменты.

Ці стануць фрагменты сістэмай залежыць у першую чаргу ад нас саміх. Лічу, што самыя сур’ёзныя нашыя праблемы выкліканыя не знешнімі абставінамі, а палягаюць у вобласці псіхалогіі. Надалей застаецца актуальным сіндром падвоенай свядомасці як цяжкая спадчына савецкіх часоў, калі думалі адно, гаварылі другое, а рабілі трэцяе. Таму нам і не вераць.

Другі комплекс – спадчына камуністычнай сістэмы – гэта прызвычаенасць і цярпімасць да заніжанага ўласнага грамадска-сацыяльнага статусу, да амаль поўнай залежнасці гісторыка ад дзяржапарату. Урэшце мы павінны ўсвядоміць і пераканаць спачатку самых сябе, а потым ужо іншых, што мы - інтэлектуальная эліта грамадства, што ніхто лепш за гісторыкаў-прафесіяналаў не вызначыць, як пісаць гісторыю гэтай краіны. Ніхто акрамя нас самых не зможа акрэсліць прыярытэты нашай дзейнасці і галоўныя накірункі развіцця гістарычнай навукі.

Дзяржаўныя органы кіравання гістарычнай навукай, як, напрыклад, ВАК, у якія таксама ўваходзяць гісторыкі, сёння не могуць намі кіраваць. З аднаго боку, яны зноў становяцца ідэалагічнымі прыдаткамі дзяржапарату, мабілізаванымі да рэалізацыі бягучых задачаў палітыкі. З другога – аказаліся няздольнымі не толькі да абароны нашых інтарэсаў ды выпра-цоўкі стратэгіі развіцця гістарычнай навукі, але нават да элементарнай каардынацыі навуковай дзейнасці.

Не адмаўляючыся ад кантактаў з гэтымі органамі, нам неабходна арганізавацца самім. Відавочна, патрэбна арганізацыя, але не такая як існуючая толькі на паперы Асацыяцыя беларускіх гісторыкаў.

Патрэбна:

- арганізацыя, здольная рэальна дапамагчы гісторыку ў навуковай працы і даць яму абарону, у тым ліку і абарону сацыяльную;

- арганізацыя са сваім выразным тварам, па якому нас будуць пазнаваць і аддзяляць ад гісторыкаў-прапагандыстаў;

- арганізацыя, якая будзе ў стане ўплываць на выпрацоўку і рэалізацыю стратэгіі развіцця гістарычнай навукі ў краіне, захоўваць і бараніць незалежнасць навукі ад дзяржаўных органаў пры самых розных палітычных сітуацыях і ўладах. Кіруючыя эліты амаль у кожнай краіне з таталітарным мінулым імкнуцца выкарыстаць гісторыкаў для рэалізацыі сваіх актуальных палітычных задачаў, якія не заўсёды адпавядаюць стратэгічным інтарэсам краіны.

Спробай стварэння такой арганізацыі з’яўляецца Беларускае Гістарычнае Таварыства, на з’езд якога 20 студзеня запрашаюцца ўсе прысутныя.

Ад нас саміх у першую чаргу залежыць, ці здолеем мы ацаліць і напоўніць жыццёвай сілай беларускую гістарычную навуку, ці стануць фрагменты сістэмай. Ад нас залежыць, ці будуць у нас чытачы, без якіх, як вядома, праца гісторыка не мае сэнсу. У значнай меры ад нас залежыць, ці будзе існаваць гэтая краіна і, нарэшце, ці будзем мы мець у ёй сваё годнае месца.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія