М.В.Доўнар-Запольскі
прызнаны адным з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, але
аналіз яго навуковай спадчыны ў кантэксце станаўлення і сучаснага стану
беларускай гістарычнай навукі пакуль не пачаты. Парадаксальна, але сумнавядомая
рэцэнзія В.Сербенты так і засталася адзіным водгукам на “Гісторыю Беларусі”, а
выданне гэтага твора пасля амаль 70 гадоў захавання ў спецхране так і не стала
прадметам абмеркавання айчыннымі гісторыкамі.
Таму на сённяшні дзень і гісторыя
стварэння, і гістарыяграфічны аналіз “Гісторыі Беларусі” застаюцца актуальнай
і, відавочна, даволі складанай задачай. Магчыма, першым крокам у гэтым
накірунку стане перавыданне твора ў аўтэнтычным варыянце. Такая падрыхтоўка
здзейснена ў рамках міжнароднага беларуска-украінска-расійскага праекта
вывучэння жыцця і навуковай спадчыны М.В.Доўнар-Запольскага, які выконваецца пры Гомельскім дзяржуніверсітэце.
Першым
этапам гэтай працы сталі пошукі ў фондах Нацыянальнага архіва РБ адсутных VIII, IX i X раздзелаў,
якія не ўвайшлі ў першае выданне. Яны не мелі поспеху, але быў знойдзены яшчэ
адзін варыянт рукапісу (Ф. 60, воп. 1,
ад.з. 127), які мае некаторыя тэкстуальныя адрозненні ад раней вядомага (Ф. 60, воп. 1, ад.з. 126). Абодва варыянты
не з’яўляюцца чыставымі аўтарскімі тэкстамі, а толькі машынапіснымі копіямі. На
аснове іх супастаўлення праведзена археаграфічная апрацоўка тэкста, у выніку
якой адноўленыя страчаныя словы і фрагменты, прапушчаныя імёны і назвы, выпраўленыя памылкі, уніфікаваныя
скарачэнні.
Цікавыя
вынікі даў лексічны аналіз тэксту:
напісаны па-расейску, ён утрымлівае значную колькасць беларускіх і
старабеларускіх словаў, не улічваючы цытат з беларускамоўных тэкстаў. Гэты лексічны комплекс разам з тэрмінамі і
рэдкімі словамі вынесены ў тлумачальны слоўнік, які складаецца з 344 пазіцый.
Часткай навуковай апрацоўкі тэксту стала складанне анатаванага імяннога
паказчыка больш чым тысячы імёнаў і прозвішчаў.
Найбольш
складанай часткай работы з’яўляецца крыніцазнаўчы і гістарыяграфічны аналіз
рукапісу. Вядома, што пры шматлікасці фактаў, статыстычнага матэрыялу, цытатаў
і г.д. у “Гісторыі Беларусі”
адсутнічаюць спасылкі на дакументальныя і літаратурныя крыніцы, што,
здаецца, было традыцыяй напісання такога роду працаў у 20-я гады. Пры рабоце над тэкстам удалося часткова
аднавіць і праверыць крыніцы, але найперш гэта датычыць апошніх раздзелаў кнігі,
прысвечаных другой палове 19 – 20-м гадам 20 ст.
Крыніцазнаўчы
агляд, таксама як і характар тэксту, даюць падставы для некаторых высноваў пра
гісторыю і час з’яўлення рукапісу. Відавочна, што ён быў створаны за кароткі
час, пачынаўся хутчэй за ўсё ў Кіеве ў 1918-1919 гг., а быў закончаны ў год
знаходжання М.В.Доўнар-Запольскага ў Менску, г.зн. з восені 1925 па лета 1926
г. На карысць гэтага сведчыць, напрыклад, апошняя па часу работа, цытуемая аўтарам – артыкул З.Жылуновіча “Ад
кастрычніка 1917 да лютага 1918 (Да гісторыі Савецкай Беларусі)” у
“Полымі” № 1 за 1924 г.
Структура і
змест рукапісу даюць падставы меркаваць, што пры напісанні іншых раздзелаў
М.В.Доўнар-Запольскі абапіраўся на свае ранейшыя працы, у прыватнасці “Очерк
истории Кривичской и Дреговичской земель”, “Государственное хозяйство Великого
княжества Литовского при Ягеллонах”, “Гапон”,
інш. Акрамя гэтага, пры апісанні
падзеяў барацьбы за дзяржаўна-нацыянальнае вызначэнне пачатку 20 ст. аўтар
абапіраецца на ўласныя ўспаміны і ўражанні. Такім чынам, раздзелы ХХ і ХХІІІ
маюць не толькі гістарыяграфічнае, але і крыніцазнаўчае значэнне.
Для
структуры работы характэрныя таксама несуразмернасць раздзелаў, спалучэнне
храналагічнага прынцыпу падачы матэрыялу з праблемна-тэматычным, нават паўторы
ў падачы матэрыялу, як, напрыклад, у раздзеле
ХІХ, дзе нарыс народнай гаспадаркі другой паловы 19 ст. пачынаецца з
рэтраспектыўнага агляду аж ад племяннога перыяду. Паказальна, што ў асобныя
раздзелы выдзелены праблемы, якія распрацоўваліся ў ранейшых работах
М.В.Доўнар-Запольскага: фармаванне сацыяльнай структуры і палітычнага ладу ВКЛ, яго эканамічнае развіццё ў 16 – 18 ст.,
навуковае вывучэнне Беларусі ў 19 ст.,
літаратура эпохі нацыянальнага адраджэння.
Улічваючы вышэйзгаданае, можна падтрымаць
думку А.С.Ліса пра тое, што адсутныя раздзелы ІХ-ХІ, відавочна,
прысвечаныя “залатому веку беларускай
культуры” (14 – 15 ст.), не страчаныя, а на момант рэцэнзавання рукапісу яшчэ
не былі напісаныя.
Такім чынам, у тым выглядзе, у якім “Гісторыя Беларусі” дайшла да
нас ад 1926 г., яна зусім не ўяўляе сабой акадэмічна закончаны твор. Тым не
менш, яна заклала асновы канцэпцыі, за сцвярджэнне якой нацыянальная
гістарыяграфія змагалася на працягу ўсяго 20 ст.
Пачатковы пункт гэтай канцэпцыі – пераадоленне вялікадзяржаўных поглядаў на гістарычнае месца Беларусі, якія
панавалі як ў расійскай, так і ў польскай гістарыяграфіі. Метадалагічны сэнс
мела вызначэнне ім у якасці аб’екта гістарычнага даследавання гісторыі народа,
а не дзяржавы, што было асновай падыходу расійскай гістарычнай навукі.
Навуковую цікавасць мае таксама прапанаваная М.В.Доўнар-Запольскім
перыядызацыя гісторыі Беларусі, пры вызначэнні якой ён зыходзіў з агульнасці і
асінхроннасці гістарычнага працэсу беларускага этнасу ў параўнанні з Заходняй
Еўропай і Расіяй. Ён яскрава паказаў, што хоць са спазненнем, часам у
перыферыйна-паслабленным выглядзе, але развіццё Беларусі ішло ў
агульнаеўрапейскім рэчышчы, што ў эканоміка-культурных працэсах яно часта
апярэджвала Расію. Адметна, што аўтар адзначыў істотны інтэлектуальна-творчы
ўнёсак Беларусі ў польскую культуру ў канцы 18 – 19 ст.
Структура рукапісу дазваляе вызначыць наступныя перыяды гісторыі Беларусі:
1. Старажытны (7-9
ст.), асноўным зместам якога сталі складаныя этнічныя
працэсы, якія адбываліся ў рэгіёне, уключаючы
славянскую каланізацыю тэрыторыі Беларусі. Асобна адзначана чысціня
славянскага тыпу беларусаў у параўнанні з бліжэйшымі ўсходнеславянскімі
суседзямі.
2. Княскі. (10-13 ст.) як перыяд
фармавання ранняй дзяржаўнасці, у тым ліку і ва ўмовах феадальнай
раздробленасці, а таксама ўласцівых ёй эканамічных і сацыяльных структураў.
3. Перыяд Вялікага Княства Літоўскага. (13-першая палова 16
ст.). Гэты перыяд характарызуецца як эпоха найбольш поўнага
развіцця феадальных працэсаў,
дасягненняў палітыка-прававой
культуры, сярэднявечнай аграрнай вытворчасці і гарадскога рамяства. Гэты ж перыяд ацэньваецца як вышэйшая форма сярэднявечнай дзяржаўнасці
Беларусі. Заўважым, што ў адным з выказванняў 1918 г. М.В.Доўнар-Запольскі
кваліфікаваў ВКЛ як “самастойную дзяржаву пад главенствам Гасудара Літоўскай
дынастыі”.
4. “Эпоха уніі з Польшчай” (другая палова 16-канец 18 ст.)
характарызуецца як супярэчлівы перыяд нараджэння буржуазных адносінаў і спробаў
сацыяльна-эканамічных рэформаў, якія аднак не ўтрымалі Рэч Паспалітую, а разам
з ёй і Беларусь, ад эканамічнай і палітычнай дэградацыі.
5. ”Перыяд падзелаў” (канец 18-першая трэць 19 ст.). Невялікі па часе, гэты перыяд цывілізацыйнай
пераарыентацыі Беларусі, вызначаны М.В.Доўнар-Запольскім асобна ў сілу яго надзвычайнай гістарычнай
важнасці.
6. “Эпоха рускага панавання”. (Другая трэць - канец 19 ст.).
Зместам гэтага перыяду з’яўляюцца
складаныя працэсы эканамічнай і
палітычнай інтэграцыі Беларусі ў новыя для яе гістарычныя рэаліі Расійскай Імперыі, эвалюцыю метадаў
расійскай палітыкі, яе супярэчлівыя вынікі.
7. “Эпоха нацыянальнага Адраджэння” (рубеж 19-20 ст.), зместам якога стала
нараджэнне беларускага руху і яго эвалюцыя ад культурніцкага да палітычнага.
8. Перыяд барацьбы
за дзяржаўнасць. (1915-1919 гг.). Раздзел
раскрывае працэс
дзяржаўна-нацыянальнага вызначэння Беларусі ў дэмакратычнай і савецкай формах.
Ён трактуецца М.В.Доўнар-Запольскім як гістарычна заканамерны, але інспіраваны
і адначасова ўскладнёны ўмовамі
рэвалюцыі, святовай вайны і нямецкай акупацыі.
Пры
дыстанцыяванні ад дзяржаўніцкіх канцэпцый гістарычнага даследавання
М.В.Доўнар-Запольскі тым не менш вылучае праблему дзяржаўнасці ў гістарычным
лёсе Беларусі ў якасці адной з цэнтральных.
Мяркуем, што гэта была не толькі даніна навуковай школе расійскай
гістарыяграфіі, да якой належыў вучоны, але і
палітычная актуалія.
Як вядома,
яшчэ ў кіеўскі перыяд, калі М.В.Доўнар-Запольскі прымаў актыўны ўдзел у
беларускім руху, гістарычныя падставы дзяржаўнасці былі абгрунтаваныя ім у мемарыяле
“Асновы дзяржаўнасці Беларусі” . Але яшчэ перад гэтым, увесну 1918 г. у шэрагу
артыкулаў у кіеўскіх “Беларускім слове” і “Беларускім эху”, а таксама пры
вядзенні беларуска-украінскіх перамоваў аб мяжы, ім было зроблена некалькі
прынцыповых высноваў адносна праблемаў дзяржаўнага вызначэння Беларусі як у
гістарычнай рэтраспектыве, так і ў перспектыве 20 ст. У вельмі лаканічных
фармулёўках, часам проста ў заўвагах ён змог ахапіць цэлы комплекс
дзяржаўнатворчых аспектаў: гісторыю, эканоміку, палітыку і геапалітыку,
дыпламатыю, мову і адукацыю.
Магчыма,
першым праграмным тэзісным выкладам гістарычнай абгрунтаванасці памкненняў да
нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў стаў артыкул “Жребий брошен”, своеасаблівая
рэакцыя М.В.Доўнар-Запольскага на абвяшчэнне БНР. “[…] Едва ли нужно доказывать, -
пісаў ён, - что белорусский народ имеет право на самоопределение и
самостоятельное существование. Мы составляем нацию, отличающуюся от других
русских народностей своим языком, этнографич[ескими] особенностями и общим культурным
укладом жизни, сложившейся исторически. Уже это одно обстоятельство дает нам
право на самостоятельное государственное существование. В историческом
отношении мы представляем собой нацию, которая только около 150 лет составляла
провинцию Российской Империи. До присоединения к России Беларусь пережила три
периода исторической жизни. До 14 столетия она состояла из нескольких княжений,
имеющих каждое значение самостоятельного государства. В 14 столетии Беларусь добровольно объединилась с Литвой и до 1569
года представляла собой самостоятельное государственное тело. И после 1569
года, соединившись актом унии с
Польшей, Белоруссия не потеряла своих
суверенных прав, оставаясь несколько столетий федеративной частью
Польско-Литовско-Русского государства. Она не была провинцией Польши, сохраняя
свою государственность. Мы исторически привыкли к свободным учреждениям,
отнятым у нас Россией”.
Можна
заўважыць, што прынцып дзяржаваўтварэння ўлічаны М.В.Доўнар-Запольскім ужо пры вызначэнні перыядызацыі гісторыі Беларусі,
а эвалюцыя формаў дзяржаўнага жыцця стала адным з важнейшых прадметаў аналізу.
Генезіс
дзяржаўнасці разглядаецца ім з пазіцый
“каланізацыйнай тэорыі”, зыходзячы з якой, адметнасць палітычнага развіцця
беларускіх земляў са старажытнасці была вызначана іх геаграфічным становішчам
перыферыі Кіеўскай Русі і аддаленасцю ад яе “агульных справаў”. Акцэнт на
самастойнасць дзяржаўнага жыцця Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў
складае характэрную рысу гістарычнай схемы аўтара “Гісторыі Беларусі”.
Наступным
перыядам дзяржаўнасці, як вынікае з перыядызацыі і вышэйзгаданага выказвання,
М.В.Доўнар-Запольскі лічыў статус беларускага этнасу і беларускіх земляў у
складзе Вялікага Княства Літоўскага. Працэс і механізмы “збірання ў ім”
славянскіх земляў ён разглядае з пазіцый аб’яднання і прымірэння поглядаў сваіх
папярэднікаў Ул.Антановіча і М.Любаўскага. Першы прытрымліваўся версіі
гвалтоўнага захопу славянскіх абшараў літоўскімі князямі, другі -
супрацьлеглага сцвярджэння пра іх дабраахвотнае ўваходжанне ў склад ВКЛ.
М.В.Доўнар-Запольскі прыйшоў да высновы пра дыферынцыяванасць шляхоў аб’яднання
беларускіх земляў. Некаторыя з іх увайшлі ў ВКЛ мірна і добраахвотна, другія
абумовілі сваё падпарадкаванне новаму дзяржаўнаму ўтварэнню строга вызначанымі
дагаворнымі пачаткамі, і толькі невялікая частка стала “несумненнай здабычай”
вялікіх князёў літоўскіх.
Сацыяльна-палітычную
структуру Вялікага Княства Літоўскага следам за М.Любаўскім
М.В.Доўнар-Запольскі ацэньвае як “кангламерат” земляў і народаў, не адмаўляючы
федэратыўнага характару дзяржавы. У захаванні такой мадэлі, на яго думку,
істотную ролю адыгралі палітычныя
традыцыі перыяду Старажытнай Русі, у прыватнасці захаванне прынцыпу “старыны не
рушыці” і ранейшых формаў мясцовай улады. Пры стварэнні ВКЛ вотчыннае права
Старажытнай Русі вяло да падпарадкавання ўдзельных князёў вялікаму князю
літоўскаму. Сярод фактараў, якія ўплывалі на эвалюцыю дзяржаўнага ладу ВКЛ
аўтар “Гісторыі Беларусі” выдзяляе: пастаянную знешнюю небяспеку і неабходнасць
абароны дзяржавы, развіццё дэмакратычных пачаткаў, складаную саслоўную іерархію
і асобную не толькі сацыяльна-палітычную, але і эканамічную ролю вышэйшага
саслоўя, якое захоўвала манаполію ўлады.
Прычыны
страты незалежнасці Вялікім Княствам Літоўскім М.В.Доўнар-Запольскі бачыў у
даўніх дынастыйных сувязях з Польшчай і наступствах Лівонскай вайны. Люблінская
унія, аслабіўшы суверэнітэт ВКЛ, прынесла
рэлігійную барацьбу, збядненне сялянства ў выніку ўзмацнення прыгону і заняпад гарадскога саслоўя. Аслабленне
цэнтральнай улады і шляхецка-магнацкая анархія, яскравыя прыклады якой малююцца
ў “Гісторыі Беларусі“, пазбаўлялі сэнсу рэфармісцкія намаганні як двара, так і
такіх рупліўцаў як Антоні Тызенгаўз альбо Яўхім Храптовіч.
Менавіта ў гэтым становішчы пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь
апынулася ў складзе Расійскай імперыі. М.В.Доўнар-Запольскі яскрава выявіў супярэчлівасць і непаслядоўнасць
палітыкі самаўладдзя на далучаных землях, што ў першую чаргу было абумоўлена
неадпаведнасцю мясцовых культурна-цывілізацыйных рэаліяў расійскім. Гэта
прывяло да ваганняў паміж паланізатарскім і русіфікатарскім курсамі, да змены ў
гэтым рэгіёне традыцыйна-дваранскай сацыяльнай арыентацыі на карысць сялянскай.
Галоўным адмоўным для Беларусі вынікам гэтага перыяду аўтар
лічыць страту нацыянальнага культурна-інтэлектуальнага патэнцыялу: спачатку
“усё культурнае і ліберальнае пацягнулася да Польшчы”, затым актыўна ўлівалася
ў расійскую культуру. Тым не менш, нягледзячы на досыць эфектыўную русіфікацыю,
па меркаванню М.В.Доўнар-Запольскага, Беларусь захавала сваю этнічную,
культурную і эканамічную самабытнасць і самастойнасць, дастатковую для
дзяржаўнага самавызначэння ва ўмовах падзення самаўладнага рэжыму і перамогі
дэмакратыі ў 20 ст.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"