Традыцыйная навука гісторыя (гістарыяграфія) – гэта, перш за ўсё,
эмпірычная гісторыя, цэнтрам увагі якой з’яўляецца дакладнае веданне фактаў.
Гэты фактар абумовіў пэўнае адчужэнне гісторыкаў ад тэорыі. Сваю ролю ва
ўзнікненні падазронасці да ўсякага роду тэарэтызавання адыграла і тое, што
айчынная гістарычная навука доўгі час развівалася ва ўмовах рэпрэсіўнага
навязвання адзінага падыходу. Але ж гісторыкі і зараз абапіраюцца на пэўныя
тэарэтычныя падыходы, нягледзячы на тое, усведамляюць яны гэта ці не. Між тым
неабходнасць такога ўсведамлення дыктуецца сучасным станам навукі, які можна
ахарактэрызаваць як сітуацыю суіснавання канкурэнтных парадыгмаў гістарычных
ведаў.
Як вядома, у кнізе “Структура навуковых рэвалюцый” Т.Кун (1962) прапанаваў
тэзіс пра тое, што прагрэс у навуцы адбываецца не ў выглядзе накаплення фактаў
і новых ведаў, а пры дапамозе рэвалюцыйных пераваротаў, якія ўяўляюць сабой
змену “нармальнай навукі” новымі “парадыгмамі”. Існуе шмат азначэнняў
парадыгмы, але часцей за ўсе яна разумеецца, як тое, што ўключае базавыя
перадумовы, важнейшыя пытанні, якія павінны быць вырашаны, даследчыцкія тэхнікі
і прыклады таго, якім павінна быць навуковае даследванне. Агульнавядома
таксама, што парадыгматычныя змены ў навуцы носяць больш сацыяльны, чым
навуковы характар і пачынаюцца з пашырэння спіску праблемаў, якія падлягаюць
вырашэнню. Менавіта такім чынам пачынаецца змена фундаментальных паняццяў у
навуцы.
З гэтага пункту гледжання факт змены парадагмы ў гістарыяграфіі здаецца
бясспрэчным. Пры гэтым дысцыплінарныя матрыцы (тэарэтычныя і метадалагічныя
падыходы) не змяняюць адна адну, а накладваюцца, суіснуюць. Такое
функцыянаванне канкурэнтных набораў у гістарычнай навуцы з’яўляецца хутчэй
правілам, чым выключэннем.
Парадыгма выяўляецца ў тэорыі і метадзе.
У кожнай навуцы змена парадыгмаў ці іх суіснаванне робіць неабходным
распрацоўку агульных і прыватных праблемаў эпістэмалогіі. Пільная неабходнасць
такой распрацоўкі дыктуецца і тым, што эпістэмалогія гісторыі, як і
гуманітарных навук наогул, знаходзіцца ў пачатковым стане. Каб пазбыцца
метадалагічнай і тэарэтычнай непаўнавартасці, па меркаванню расійскага
лінгвіста Р.Фрумкінай, кожная з гуманітарных навук павінна адказаць на
наступныя пытанні.
1. Як
вылучаюцца (трэба вылучаць), канструіруюцца (трэба канструіраваць) аб’екты,
якімі дадзеная навука аперыруе?
2. Якія
метады пазнання вылучаных такім чынам аб’ектаў лічацца (трэба лічыць)
дапушчальнымі, а якія – не?
3. Якія
метады праверкі правільнасці вынікаў выкарыстоўваюць (павінны выкарыстоўваць)
вучоныя?
4. Як
сістэматызаваць паняцці дадзенай навукі, каб забяспечыць магчымасці
ўзаемаразумення ў рамках пэўнай навуковай парадыгмы?
5. Якія
задачы у рамках навукі лічацца (трэба лічыць) задачамі, якія падлягаюць
вырашэнню?
6. Як трансліраваць вынікі ў навуковы соцыум?
Адказы на гэтыя пытанні дапамагаюць вызначыць, з аднаго боку, як на самой
справе працуюць гісторыкі, а з другога – даюць магчымасць усвядоміць
навукоўцам, у рамках якога падыходу яны працуюць. Пакуль што, як адзначыў
амерыканскі сацыёлаг Л.Ньюман, “даследчыкі нярэдка не ўсведамляюць, на які з
падыходаў яны ў канкрэтным выпадку абапіраюцца. Часцей навукоўцы адчуваюць, што
розныя тэхнікі, якія яны выкарыстоўваюць, нясуць на сабе пячатку розных
падыходаў”.
Каб нейкім чынам змяніць
сітуацыю, у якой апынуліся навукоўцы- гуманітарыі, Л.Ньюман у кнізе “Метады
сацыяльных даследаванняў: якасны і колькасны падыходы”
сфармуляваў пытанні, на якіх, па яго меркаванню, грунтуецца вылучэнне асноўных
падыходаў у гуманітарных навуках[6].
Трэба адзначыць, што вылучаныя Л.Ньюманам на гэтай аснове падыходы могуць
лічыцца спрэчнымі, але іх метадалагічная і эўрыстычная каштоўнасць відавочная.
Амерыканскі даследчык дае падрабязную і вельмі карысную для гісторыкаў
характарыстыку трох вылучаных ім падыходаў: пазітывізму (лагічны эмпірызм,
канвенцыяналізм, натуралізм, біхевіярызм і г.д.); падыходу, заснаванага на
“разуменні” (“Verstehen”) (герменэўтыка, фенаменалогія, этнаметадалогія і г.д);
структуралізму. Асобна, вельмі коратка і крытычна ён ахарактарызаваў
постмадэрнізм як новы падыход, які “зруйнаваў сістэматычнае эмпірычнае даследаванне”.
З пунктам гледжання вядомага сацыёлага можна пазнаёміцца ў вышэйназваным і ўжо
цытаваным артыкуле, і няма сэнсу спыняцца на гэтым больш падрабязна. Адзначу
толькі, што Л.Ньюман не зусім абгрунтавана разводзіць постмадэрнізм і
постструктуралізм, уключаючы апошні ў рамкі структуралісцкага падыходу.
Як ужо адзначалася, у сучаснай гістарычнай навуцы няма адзінага абсалютна
карэктнага падыходу да даследуемай рэальнасці. Трэба разам з тым адзначыць,
што, нягледзячы на наяўнасць розных тэхнікаў і падыходаў, разнавіднасцю
прафесійнай ідэалогіі гісторыкаў і ў нашыя дні застаецца гістарызм.
Некаторыя даследчыкі нават разглядаюць яго ў якасці дысцыплінарнай матрыцы[9].
Але ў апошнія дзесяцігоддзі прынцыповыя змены адбываюцца і ў рамках гэтай
ідэалогіі. У гістарычнай навуцы набывае вядомасць г.зв “новы гістарыцызм” (у
літаразнаўстве – “новы літаратурны крытыцызм”), звязаны з пашырэннем
постмадэрнісцкай ідэалогіі[10].
Новы гістарыцызм, як
адзначыў Дж.Ігерс, прыняў постмадэрнісцкую літаратурную тэорыю (пра цэнтральную
ролю мовы і яе “непразрыстасці”) і антрапалагічныя канцэпцыі культуры, як
сімвалічнай сеткі значэнняў.
Важнае значэнне для “новага гістарыцызму” мела таксама выдзяленне Х.Уайтам
літаратурных умоўнасцяў, якія закладзены ў гістарычным творы.
З пункту гледжання новай ідэалогіі цэнтр увагі гісторыкаў перамяшчаецца з
самога мінулага на неадпаведнасць паміж мінулым і сучасным, паміж мовай, якой
мы карыстаемся, калі гаворым пра мінулае і самім мінулым.
Такім чынам, завастраецца прынцыповае палажэнне традыцыйнага гістарыцызму пра
розніцу паміж мінулым і сучасным. Разам з тым характэрнае для гістарыцызму
паняцце кантэксту замяняецца паняццем інтэртэкстуальнасці. Кожны тэкст
з’яўляецца часткай дыскурсу ці масіва моўнай практыкі, а ўяўленне пра
гістарычны працэс замяняецца ўсведамленнем гістарычнага мінулага як набору
фрагментаў.
У дачыненні да “новага гістарыцызму” і постмадэрнізму, якія дыктуюць новыя
ўзоры і формы даследаванняў, гісторыкі павінны ставіць пытанні:
1.
Якія мадэлі гістарычных
аб’ектаў, іх пабудовы і функцыянавання адпавядаюць дадзенаму падыходу?
2.
Які набор пытанняў адпавядае
дадзенаму падыходу?
3.
Якім спосабам атрымліваюцца
адказы на гэтыя пытанні?
4.
Ці існуе рэальная метадалогія
“новага гістарыцызму”?
5.
Калі існуе, то як з ёй
пазнаёміцца?
6.
Ці магчыма “навучыцца”
працэдурам, напрыклад, дыскурсійнага аналізу
і дэканструкцыі?
Самым важным тут з’яўляецца
ўсведамленне таго, якія канкрэтныя навуковыя працэдуры вынікаюць з новага
падыходу. Толькі ў гэтым выпадку новы падыход будзе не проста дэкларацыяй, а
сапраўднай метадалагічнай асновай даследавання.
Такая спекулятыўная метадалогія
павінна дапаўняцца крытычнай - аналізам рэальнай сукупнасці гістарычных працаў,
г.зн. трэба вылучаць перадумовы, якімі неяўна карыстаюцца ў эмпірычным
даследаванні і выяўляць, ці няма ў гэтых перадумовах унутраных супярэчнасцяў,
наяўнасць якіх абясцэньвае вынікі даследавання[15].
Толькі тады, калі адпаведны
перагляд крытэрыяў і сацыяльна-прафесійных умоваў адбудзецца ў нашай
гістарычнай навуцы, можна будзе спадзявацца, што айчынныя гісторыкі ўсвядомяць
наступную простую ісціну. Тэарэтызаванне ў гісторыі зусім не азначае пакланенне
марксісцкім або якім-небудзь іншым дагматам праз гвалт над фактамі, не азначае
таксама безадказнага ”лунання” над фактамі ў спекулятыўным духу ці ў камбінаванні
дыскурсаў. Наадварот, тэарэтызаванне можа стаць узыходжаннем да новага бачання
так любімых гісторыкамі фактаў, якое, аднак, фактамі, можа быць і абвергнута,
што, у сваю чаргу, адкрывае шлях да больш дакладнага ўяўлення пра мінулую
рэчаіснасць.
Гэтыя прынцыповыя пытанні наступныя: 1. Чаму наогул трэба праводзіць даследаванне? 2. Якая
прырода сацыяльнай рэчаіснасці? 3. Якая прырода чалавечай істоты? 4. Што
ўяўляюць сабой адносіны паміж навукай і цвярозым розумам (здаровым сэнсам)? 5.
З чаго ў навуцы складаецца тлумачэнне і тэорыя? 6. Як вызначыць ісціннасць ці
памылковасць таго ці іншага тлумачэння? 7. Што трэба разумець пад відавочнасцю,
а што - пад інфармацыяй фактычнага характару? 8. Як уваходзяць у навуку
сацыяльныя і палітычныя каштоўнасці? (Ньюман
Л. Значение методологии: три основных
подхода // Социологические исследования. 1998. № 3. С.
122-134.)
Тэарэтычнай асновай гэтай ідэалогіі паслужылі галоўным чынам
працы французскіх постструктуралістаў. Сучасныя заходнія класіфікатары
фіаласофскіх накірункаў адносяць постструктуралізм да агульнага накірунку
“крытыкі мовы”. Калі класічная філасофія займалася ў асноўным праблемай
пазнання, г.зн. адносінамі паміж мысленнем і рэчаіснасцю, то практычна ўся
заходняя навейшая філасофія перажывае своеасаблівы “паварот да мовы” (the linguistic turn). У цэнтр
увагі ставіцца праблема мовы, а пытанні пазнання і сэнсу набываюць чыста моўны
характар. Пад уплывам гэтай тэарэтычнай арыентацыі ва ўсе сферы гуманітарнай
думкі стаў пранікаць мастацкі спосаб мыслення, калі навуковы аналіз пачынае
афармляцца па законах мастацкай творчасці, як наратыў, г.зн. апавяданне з усімі
ўласцівасцямі і прыкметамі белетрыстычнага твору. Разам з гэтым умацоўваецца
прынцып метадалагічнага сумнення у адносінах да ўсіх пазітыўных ісцінаў,
рэлятывізм і скептыцызм. (Падрабязней пра гэта гл., напр.: Ильин И.П.
Постмодернизм от истоков до конца столетия: эволюция научного мифа. Москва, 1998; Яго ж. Постструктурализм.
Деконструктивизм. Постмодернизм. Москва, 1996).
Iggers G.G. Historiography in the Twentieth Century.
From Scientific Objectivity to the Postmodern Challenge.
Hanover, 1997. Р.11, 15
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"